epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Казка пра цара Салтана, пра яго сына славутага асілка князя Гвідона Салтанавіча і пра цудоўную прыгажуню царэўну Лебедзь

Тры сястрыцы пад акном

Пралі позна вечарком.

«Эх, каб я была царыца, —

Кажа большая сястрыца, —

Дык на ўвесь на белы свет

Згатавала б я абед». —

«А каб я была царыца, —

Кажа так яе сястрыца, —

Дык на цэлы свет адна

Я наткала б палатна». —

«А каб я была царыца,

Дык асілка б я, сястрыцы,

Нарадзіла для цара», —

Кажа меншая сястра.

 

Толькі вымавіць паспелі,

Дзверы ціха заскрыпелі,

І да іх заходзіць цар,

Той краіны уладар.

Ён у гэтую хвіліну

Моўчкі слухаў іх ля тыну;

І малодшая сястра

Дужа ўзрадвала цара.

Кажа меншай ён сястрыцы:

«Добра, будзь сабе царыца,

Ды, глядзі, не падвядзі —

Мне асілка нарадзі.

Вы ж, галубачкі-сястрыцы,

Выбірайцеся з святліцы,

Едзьце следам за сястрой

У палац у царскі мой:

Будзе з вас адна ткачыха,

А другая паварыха».

 

І, пакінуўшы свой дом,

Едуць сёстры за царом.

Цар не доўгі час збіраўся:

Ў той жа вечар павянчаўся.

Клікнуў кліч, гасцей сабраў

І вясёлы баль пачаў;

А пасля банкету госці

Ў ложак са слановай косці

Палажылі маладых

І пакінулі адных.

Плача ў кухні паварыха,

А над кроснамі ткачыха:

Поўна зайздрасці у іх

Да шчаслівых маладых.

А сястра і не гадае,

Скуль бяда яе чакае:

З мужам цешыцца яна.

 

У той час была вайна.

На каня Салтан садзіцца

І наказ дае царыцы —

Шанаваць сябе, глядзець,

Каб бяды якой не мець.

Паміж тым як ён далёкі

Свой паход вядзе нялёгкі,

Надыходзіць час радзін;

Сына бог ім даў з аршын,

І шчаслівая царыца

На сынка не наглядзіцца;

Шле яна ганца з двара,

Каб парадаваць цара.

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Слугам свой даюць загад:

Пасланца вярнуць назад.

Самі шлюць пісьмо другое,

Не вясёлае — благое:

У царыцы, цар-айцец,

Нарадзіўся не хлапец,

Не пацук і не мышынка, —

Невядомая звярынка».

 

Як пачуў цар навіну —

Злых сясцёр хлусню-ману, —

Плюнуў злосна разоў з дзесяць

І ганца хацеў павесіць;

Ды змякчэў на гэты раз,

Даў ганцу такі наказ:

«Не рабіць нічога ўроду,

Пачакаць майго звароту».

 

І ў сталіцу ў той жа час

Пасланец павёз наказ.

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Затрымалі пасланца;

Падалі яму вінца,

Накармілі, напаілі

І наказ перамянілі, —

І прывёз ён да двара

Вось такі загад цара:

«Слугі верныя! Вы часу

Не губляйце, а адразу

Кіньце тайна ў нетры вод

І царыцу і прыплод».

Што ж рабіць? І вось баяры,

Пацямнелыя, як хмары,

Падаліся ўсе гурбой

Да царыцы маладой.

Абвясцілі царску волю —

Ёй і сыну злую долю,

Прачыталі ёй наказ,

І у бочку тут жа ўраз

Іх абоіх пасадзілі,

Засмалілі, пакацілі

І пусцілі ў Акіян —

Загадаў бо так Салтан.

 

Ярка ў небе ззяюць зоры,

Плешчуць хвалі ў сінім моры;

Хмары-воблакі плывуць,

Бочку ў моры хвалі б’юць.

Як гаротная ўдавіца,

Стогне, плача ў ёй царыца;

Сын расце, як на дражджах, —

Па гадзінах, не па днях.

Маці голасам галосіць...

Сын жа хвалю шчыра просіць:

«Хваля, хвалечка мая,

Доля шчасная твая!

Ты гуляеш, дзе захочаш,

Ты каменні ў моры точыш,

Топіш бераг ты зямлі,

Падымаеш караблі —

Дай нам, хваля, волю-долю:

Выкінь нас на сухадолле!»

Што ж, ці цяжка гэта ёй

Памагчы ў бядзе такой?

Хваля бочку падхапіла

І на бераг пакаціла.

Чуюць маці і сынок,

Што пад бочкаю — пясок!

Хто ж з цямніцы іх дастане?

Бог няўжо на іх не гляне?

Тут на ножкі сын устаў,

Лёгка бочку пахістаў,

Дно націснуў галавою:

«Вось каб, мама, нам з табою

Прарабіць сабе акно?» —

Ён сказаў — і выбіў дно.

 

Сын і маці ўжо на волі;

Бачаць горку ў чыстым полі,

Мора сіняе шуміць,

Дуб на ўзгорку шапаціць.

Сын даўно прагаладаўся,

На узгорак ён падаўся;

Ломіць там дубовы сук

І ў тугі згінае лук.

З крыжа ўраз шнурок шаўковы

Нацягнуў на лук дубовы,

Роўны дубчык адламаў,

Стрэлкай лёгкай застругаў

І пайшоў на край даліны

Пашукаць якой дзічыны.

 

Ён да мора падышоў,

Чуе енк... вось зноў і зноў...

Што ж, відаць, не так тут ціха;

Бачыць ён — і праўда ліха:

Лебедзь б’ецца ў буруна́х,

А над ёй драпежны птах.

Тая крыламі плюскоча,

Паміраць, відаць, не хоча...

Той жа падае з гары,

Распусціўшы кіпцюры...

Тут страла як заспявала

І ў драпежніка папала —

Ён у мора кроў праліў,

Лук царэвіч апусціў.

Злы каршун у хвалях гіне,

Кроў драпежніка ўжо стыне,

Лебедзь ворага клюе,

Перадыху не дае,

Распраўляе грозна крылы

І, ўтапіўшы злую сілу,

Рускай мовай кажа так:

«Шчыра дзякую, юнак!

Ты мяне ад смерці збавіў,

Храбрасць ты сваю праславіў.

Не бядуй, што не здабыў

Ты спажывы ды згубіў

Тут стралу сваю у моры;

Не такое гэта й гора.

Не забуду я цябе,

Адплачу дабром табе:

Збавіў, слаўны малайчына,

Ты не лебедзь, а дзяўчыну;

Не драпежніка забіў,

Чарадзея загубіў.

Век цябе я помніць буду:

Знойдзеш ты мяне усюды.

Ну, ідзі адпачывай

І мяне не забывай».

 

Паляцела лебядзіца,

А царэвіч і царыца

Дзень да ночы правялі

І не еўшы спаць ляглі.

Вось адкрыў царэвіч вочы,

Адагнаў прывіды ночы —

Ява гэта, а ці сон,—

Цэлы горад бачыць ён:

Сцены з вострымі зубцамі,

А за імі цэрквы-храмы,

Многа розных церамоў

І святых манастыроў.

Ён хутчэй царыцу будзіць.

Тая: «Ах!..» — «Ці гэта будзе! —

Сын гаворыць, — Бачу я:

Лебедзь цешыцца мая».

Маці й сын ідуць абое

Паглядзець на дзіва тое.

Ледзь ступілі крок яны —

Зазванілі ўсе званы,

Ім народ насустрач валіць,

Хор царкоўны бога хваліць;

У карэтах залатых

Пышны двор страчае іх;

Гучна ўсе іх велічаюць

І царэвіча вянчаюць

Шапкай княжацкаю з тым,

Каб стаў князем маладым.

І сярод сваёй сталіцы,

З добрай згодаю царыцы,

Ў той жа дзень стаў княжыць ён

І назваўся: князь Гвідон.

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе;

Ён бяжыць па бурунах

На раздзьмутых парусах.

Карабельшчыкі гурбою

Разважаюць між сабою:

«Што за дзіва? Астравок

Быў пусты — адзін пясок!

А цяпер тут — сон ці ява? —

Горад, прыстань і застава».

Вартавыя з пушак б’юць,

Ім спыніцца знак даюць.

Прыпыняюцца тут госці*;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць ён усіх

І пытаецца у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі

І куды вы шлях трымалі?» —

«Мы былі ў чужых краях,

У заморскіх гарадах,

Гандлявалі сабалямі,

Чарнабурымі ліса́мі;

Плыць назад нам час прыйшоў —

Едзем мы на ўсход, дамоў,

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана…»

Кажа князь Гвідон купцам:

«Ну, шчасліва, госці, вам

Плыць па моры, акіяну!

Слаўнаму цару Салтану

Перадайце мой паклон».

Госці ўдаль плывуць, а ён

Доўга сумнымі вачамі

Пільна сочыць за гасцямі;

Раптам зірк — па сіняве

Лебедзь белая плыве.

Падплыла да князя й кажа:

«Добры дзень, мой слаўны княжа!

Бачу, з нейкай ты журбой.

Што з табою, княжа мой?»

Князь засмучана ўздыхае:

«Сум-туга мяне з’ядае:

Бачыць бацьку я б хацеў,

Так туды б і паляцеў!» —

«Вось якое маеш гора!

Ну, дык зараз жа у мора

Паляціш за караблём.

Будзь жа, князь, ты камаром!» —

Лебедзь белая сказала,

Потым крыллем замахала

І апырскала ўсяго

З галавы да ног яго.

Тут ён зменшыўся, стуліўся,

Ў камара ператварыўся,

Паляцеў і запішчаў,

Карабель як бач дагнаў,

Там паціху апусціўся

І у шчылінку зашыўся.

 

Вецер весела шуміць,

Карабель на ўсход бяжыць

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана,

І наперадзе ўдалі

Паказаўся край зямлі.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці,

І за імі на абед

Паляцеў камар услед.

Бачыць ён: увесь у злаце**

На прастоле у палаце

Цар Салтан сядзіць цішком

З сумна-жаласным чалом;

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Паварыхай

Ля яго усе сядзяць

І у твар яму глядзяць.

Цар Салтан гасцей вітае,

Іх частуе і пытае:

«Скуль вы, госці, прыплылі?

У якіх краях былі?

Ці ўсё добра там, шчасліва?

І якое ў свеце дзіва?»

Кажуць госці: «Шмат зямель

Абышоў наш карабель;

За марамі ўсё шчасліва,

Ёсць на свеце, цар, і дзіва:

Быў на моры астравок,

Вецер дзьмуў з яго пясок;

Ён здаўна ляжаў пустынны,

Рос на ім дубок адзіны;

А цяпер, на дзіва нам,

Цэлы горад вырас там,

З златаверхімі царквамі,

З церамамі і садамі.

Князь Гвідон там княжыць. Ён

Перадаў табе паклон».

Кажа цар: «Вось гэта цуда!

Калі жыў я толькі буду,

Дзіўны востраў пагляджу,

У Гвідона пагашчу».

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Адгаварваць пачалі,

Пра другое завялі.

«Ну, знайшлі якое дзіва! —

Усміхнулася зласліва

Паварыха. — Нас такой

Не прывабіш навіной!

Вось, скажу я вам, навінка:

Лес, а ў ім расце ялінка,

Там вавёрачка пяе

Песні розныя свае

Ды арэшкі разгрызае,

Ў іх шкарлупка залатая.

Зерні — чысты ізумруд!

Іх пад елкай цэлы груд».

Дзіву цар Салтан даецца,

А камар як узлуецца —

Ўраз да цёткі шугануў,

Вока правае кальнуў...

Цётку ліха напаткала —

Бачыць вокам перастала.

Слугі, свацця і сястра

З крыкам ловяць камара:

«Пачакай жа ты, пракляты!

Мы ж табе!..» А ён з палаты —

У акенца, зазвінеў

І дадому паляцеў.

 

Князь ізноў ля мора ходзіць

І вачэй з яго не зводзіць;

Бачыць ён — па сіняве

Лебедзь белая плыве.

Падплыла да князя й кажа:

«Добры дзень, мой слаўны княжа

Зноў ты з нейкаю журбой.

Што з табою, княжа мой?»

Князь засмучана ўздыхае:

«Сум-туга мяне з’ядае;

Дзіва дзіўнае набыць

Я хацеў бы... Што рабіць?

Недзе ў лесе ёсць ялінка,

Пад ялінкай, на галінках

Там вавёрачка пяе

Песні розныя свае

Ды арэшкі разгрызае,

Ў іх шкарлупка залатая,

Зерні — чысты ізумруд! —

Рассыпае там і тут...»

Лебедзь кажа: «Ўсё праўдзіва,

Ёсць такое ў свеце дзіва.

Гэта дзіва знаю я;

Годзе, князь, душа мая,

Не сумуй; я рада службу

Саслужыць табе за дружбу».

Князь падзякваў і дамоў

Дужа ўзрадваны пайшоў;

Толькі ён на двор ступае,

Бачыць — елка, ды густая,

І вавёрачка пад ёй

Там занята не гульнёй,

А арэшкі разгрызае,

Ізумрудзік з іх вымае,

Ў кучкі роўныя кладзе,

Не мыляецца нідзе,

І пяе пры ўсім народзе:

Ой у садзе, ў агародзе.

Задзівіўся князь Гвідон.

«Ай ды лебедзь!» — кажа ён.

І жадае птушцы шчасця,

Жыць вясёлай, без напасці.

Для вавёркі ж пад галлём

Збудаваў крыштальны дом,

Варту строгую паставіў

І дзяка*** свайго прыставіў,

Каб арэшкі рахаваў,

У казну дабро здаваў.

 

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе;

Ён бяжыць па бурунах

На узнятых парусах,

Міма вострава імчыцца,

Ля Гвідонавай сталіцы;

Вартавыя з пушак б’юць,

Прыпыніцца знак даюць.

Прыпыняюцца тут госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць ён усіх

І пытаецца у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі

І куды вы шлях трымалі?» —

«Мы былі ў чужых краях,

У заморскіх гарадах,

Гандлявалі табунамі,

Ўсё данскімі жарабцамі;

Плыць назад нам час прыйшоў

Едзем мы цяпер дамоў,

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана...»

Кажа князь Гвідон купцам:

«Ну, шчасліва, госці, вам

Плыць па моры, акіяну!

Слаўнаму цару Салтану

Перадайце: князь Гвідон

Шчыры шле яму паклон».

 

З-за стала купцы ўзняліся

І ў дарогу падаліся.

Князь да мора падышоў,

Бачыць — лебедзь там ізноў.

Ён засмучана ўздыхае:

«Сум-тута мяне з’ядае...»

Лебедзь белая яго

Зноў апырскала ўсяго:

Абярнуўся князь у муху,

І над морам што ёсць духу

Паляцеў вясёлы ён

За гасцямі наўздагон.

 

Вецер весела шуміць,

Карабель на ўсход бяжыць

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана,

І наперадзе ўдалі

Паказаўся край зямлі.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці,

А за імі на абед

Паляцеў Гвідон услед.

Бачыць ён: увесь у злаце

На прастоле у палаце

У вянцы сядзіць цішком

Цар з засмучаным чалом.

А ткачыха з Бабарыхай,

З аднавокай паварыхай

Ля яго усе сядзяць,

Злымі жабамі глядзяць.

Цар Салтан гасцей вітае,

Іх частуе і пытае:

«Скуль вы, госці, прыплылі?

У якіх краях былі?

Ці ўсё добра там, шчасліва?

І якое ў свеце дзіва?»

Кажуць госці: «Шмат зямель

Абышоў наш карабель;

За марамі ўсё шчасліва;

Ёсць на свеце, цар, і дзіва:

Астравок між хваль ляжыць,

Новы горад там стаіць

З златаверхімі царквамі,

З церамамі і садамі;

Елка там шуміць галлём,

А пад ёй крыштальны дом,

І вавёрка ў ім ручная

Песні розныя спявае

І арэшкі, па чарзе,

Дзень у дзень сабе грызе,

Ды не простыя якія —

Ў іх шкарлупкі залатыя,

Зерні — чысты ізумруд! —

Рассыпае там і тут;

Дом той варта даглядае,

Дзяк прыказны скарб збірае:

Каб арэшак дзе не знік —

Ён вядзе ім строгі лік;

Са шкарлупак льюць манету

А манета йдзе па свету;

Сыплюць зернеткі дзяўкі

У каморы, пад замкі.

Там усе жывуць багата,

Хат няма, адны палаты;

Князь Гвідон там княжыць. Ён

Перадаў табе паклон».

Кажа цар: «Вось гэта цуда!

Калі жыў я толькі буду,

Дзіўны востраў пагляджу,

У Гвідона пагашчу».

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Адгаварваць пачалі,

Пра другое завялі.

Пасміхаючыся ціха,

Кажа так цару ткачыха:

«Ну і дзіва! проста смех!

Што вавёрка там арэх

Разгрызае і у груды

Сыпле зерні-ізумруды, —

Гэта ўсё не навіна,

Калі толькі не мана.

Знаю я другое дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Зараве і закіпіць

І на бераг набяжыць,

Разліецца ў хвалях пенных,

І у панцырах адменных

Трыццаць тры асілкі ў рад

Стануць, нібы з братам брат,

Ды прыгожыя якія —

Веліканы маладыя,

І усе, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

Кожны скажа справядліва:

Гэта дзіва, то ўжо дзіва!»

Госці спрэчак не вядуць,

Моўчкі мёд і піва п’юць.

Дзіву цар Салтан даецца,

А Гвідон як узлуецца

Ды да цёткі як шугне,

Ды адразу як кусне

Вока левае... Ткачыха

Памярцвела: «Ай! Вось ліха!»

Ўсе крычаць: «Лаві, хапай

Ліхадзейку! Не пускай

Да дзвярэй яе, праклятай!

Мы ж табе!..» А князь з палаты —

У акенца, загудзеў

І дадому паляцеў.

 

Князь ля мора сумны ходзіць

І вачэй з яго не зводзіць;

Бачыць ён — па сіняве

Лебедзь белая плыве.

Падплыла да князя й кажа:

«Добры дзень, мой слаўны княжа!

Зноў у нейкай ты журбе,

Што хвалюе так цябе?»

Князь засмучана ўздыхае:

«Сум-туга мяне з’ядае,

Бо набыць хацеў бы я

Дзіва з дзіў, душа мая». —

«А якое ж гэта дзіва?» —

«Дзесьці ўспеніцца бурліва

Мора, грозна закіпіць

Ды на бераг набяжыць,

Разліецца ў хвалях пенных,

І у панцырах адменных

Трыццаць тры асілкі ў рад

Стануць, нібы з братам брат,

Ды прыгожыя якія —

Веліканы маладыя,

І усе, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор». —

«Ах, дык вось бяда якая! —

Лебедзь князя суцяшае. —

Не сумуй, душа мая,

Гэта дзіва знаю я.

Мне ж браты яны — ўсе тыя

Веліканы маладыя.

А цяпер ідзі дамоў

І чакай маіх братоў».

 

Князь пайшоў, забыўшы гора,

Сеў на вежу, і на мора

Ён з надзеяю глядзіць.

Мора ўраз як закіпіць...

Разлілося ў хвалях пенных,

І у панцырах адменных

Трыццаць тры асілкі ў рад

Сталі тут як з братам брат.

Вось ідуць яны па двое,

Сівы дзядзька з барадою

Сам наперадзе ідзе,

Іх да горада вядзе.

З вежы князь Гвідон збягае,

Дарагіх гасцей вітае

Хлебам-соллю ля варот;

Адусюль бяжыць народ.

«Лебедзь нас сюды паслала, —

Кажа дзядзька. — Загадала

Нам дазор тут свой трымаць,

Слаўны горад вартаваць.

Будзем, князь, цяпер заўсёды

У пагоду і ў нягоду —

Мы выходзіць з хваль марскіх

Ля высокіх сцен тваіх

І стаяць тут у дазоры.

А цяпер нам час у мора,

Бо цяжкі нам дух зямлі».

І дамоў усе пайшлі.

 

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе;

Ён бяжыць па бурунах

На узнятых парусах,

Міма вострава імчыцца,

Ля Гвідонавай сталіцы;

Вартавыя з пушак б’юць,

Прыпыніцца знак даюць.

Прыпыняюцца тут госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць ён усіх

І пытаецца у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі

І куды вы шлях трымалі?» —

«Мы былі ў чужых краях,

У заморскіх гарадах,

Гандлявалі мы булатам****,

Серабром усё і златам;

Плыць назад нам час прыйшоў

Едзем мы цяпер дамоў,

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана...»

Кажа князь Гвідон купцам:

«Ну, шчасліва, госці, вам

Плыць па моры, акіяну!

Слаўнаму цару Салтану

Перадайце: князь Гвідон

Шчыры шле яму паклон».

 

З-за стала купцы ўзняліся

І ў дарогу падаліся.

Князь да мора падышоў,

Бачыць — лебедзь там ізноў.

Ён засмучана ўздыхае:

«Сум-туга мяне з’ядае...»

Лебедзь белая яго

Зноў апырскала ўсяго.

Тут ён зменшыўся, стуліўся,

У чмяля ператварыўся,

Шпарка крыллем замахаў,

Карабель як бач дагнаў;

Там паціху апусціўся

І у шчыліну зашыўся.

 

Вецер весела шуміць,

Карабель сабе бяжыць

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана,

І наперадзе ўдалі

Паказаўся край зямлі.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці,

А за імі на абед

Паляцеў і чмель услед.

Бачыць ён: увесь у злаце

На прастоле у палаце

У вянцы сядзіць цішком

Цар з засмучаным чалом.

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Ля цара ўсе тры сядзяць —

Чатырма ўсе тры глядзяць.

Цар Салтан гасцей вітае,

Іх частуе і пытае:

«Скуль вы, госці, прыплылі?

У якіх краях былі?

Ці ўсё добра там, шчасліва?

І якое ў свеце дзіва?»

Кажуць госці: «Шмат зямель

Абышоў наш карабель;

За марамі ўсё шчасліва;

Ёсць на свеце, цар, і дзіва:

Астравок між хваль ляжыць,

Новы горад там стаіць,

Кожны дзень ідзе там дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Зараве і закіпіць

І на бераг набяжыць,

Разліецца ў хвалях пенных,

І у панцырах адменных

Трыццаць тры асілкі ў рад

Стануць, нібы з братам брат,

Ды прыгожыя якія —

Веліканы маладыя,

І усе, як на падбор.

Сівы дзядзька Чарнамор

Разам з імі з хваль выходзіць,

Ён іх парамі выводзіць

Дзіўны востраў вартаваць,

Свой дазор на ім трымаць, —

І няма храбрэй дазора,

Чым асілкі Чарнамора.

А сядзіць там князь Гвідон;

Ён прыслаў табе паклон».

Кажа цар: «Вось гэта цуда!

Калі жыў я толькі буду,

Дзіўны востраў пагляджу

І у князя пагашчу».

Паварыха і ткачыха

Ні мур-мур, а Бабарыха

Усміхнулася: «Такой

Нас не здзівіш навіной!

З мора людзі выплываюць

І дазор там свой трымаюць!

Праўда гэта ці хлусня —

Дзіва тут не бачу я.

Вось вам дзіва — гэта пэўна:

За марамі ёсць царэўна,

І яна усіх сваёй

Заварожвае красой:

Днём свет божы зацямняе,

А уночы сонцам ззяе,

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на чале гарыць.

А ідзе, дык быццам пава,

І на ўсіх глядзіць ласкава;

А гаворку завядзе —

Як галубачка гудзе.

Кожны скажа справядліва:

«Гэта дзіва, то ўжо дзіва».

Госці спрэчак не вядуць.

Моўчкі мёд і піва п’юць.

Дзіву цар Салтан даецца,

А царэвіч хоць злуецца,

Ды не хоча зло ўчыніць —

Бабку родную сляпіць;

Ён над ёю пакружыўся

І на носе прымасціўся,

Нос уджаліў бабе злой;

Баба — ў крык, і ўсе гурбой

Узнялі ізноў трывогу:

«Ой, сюды, на дапамогу!

Гвалт! Лаві яго, хапай!

Уцячы яму не дай...

Пачакай жа ты, пракляты!

Мы ж табе!..» А чмель з палаты —

У акенца, загудзеў

І дадому паляцеў.

 

Князь ізноў ля мора ходзіць

І вачэй з яго не зводзіць;

Бачыць ён — па сіняве

Лебедзь белая плыве.

Падплыла да князя й кажа:

«Добры дзень, мой слаўны княжа!»

І пытаецца ў яго:

«Зажурыўся ты чаго?»

Князь засмучана ўздыхае:

«Сум-туга мяне з’ядае:

Людзі жэняцца, а я

Не жанат, душа мая». —

«А каго ж ты на прыкмеце

Маеш, княжа?» — «Ды на свеце,

Чутка йдзе, царэўна ёсць,

Не дзяўчына — прыгажосць:

Днём свет божы зацямняе,

А уночы сонцам ззяе,

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на чале гарыць.

А ідзе, дык быццам пава,

І на ўсіх глядзіць ласкава;

А гаворку завядзе, —

Як галубачка гудзе.

Ды ці ж праўда —- чутка тая?» —

Князь узрушана пытае.

«Есць такая! — у адказ

Чуе ён, — Ды вось мой сказ:

Перш падумай, чым жаніцца,

Жонка ж, князь, не рукавіца:

З белай ручкі не змахнеш

Ды за пояс не заткнеш.

Вось табе мая парада:

Пахадзі шчэ нежанаты.

Абмяркуй як след, тады

Зноў прыходзь сабе сюды».

Князь Гвідон пачаў бажыцца,

Што пара яму жаніцца,

Што пра гэтае не раз

Думаў ён апошні час,

Што гатоў усёй душою

За царэўнай маладою

Хоць на край зямлі ісці;

Толькі ж дзе яе знайсці?

Уздыхнула лебедзь лёгка,

Кажа: «А нашто далёка?

Бо абранніца твая

Ля цябе тут — гэта я».

Тут яна ўзнялася ўгору,

Праляцела па-над морам

І над берагам якраз

З вышыні упала ўраз,

Белым крыллем памахала

І царэўнай раптам стала:

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на чале гарыць;

Пазірае так ласкава,

А ідзе, дык быццам пава;

Як гаворку завядзе,

Што галубачка гудзе.

Князь царэўну абнімае

І да сэрца прытуляе,

Ды ідзе адразу з ёй

Ён да маткі да сваёй.

І з паклонам стаў прасіцца:

«Матухна мая, царыца,

Выбраў я дачку табе,

Жонку верную сабе.

Шчыра просім дазвалення

І твайго благаславення,

Каб у згодзе мы жылі,

Каб шчаслівымі былі».

І з іконаю над імі

Ды з малітвамі святымі

Маці шчыра слёзы лье:

«Хай вам шчасця бог дае».

Князь тут доўга не збіраўся

І з царэўнай павянчаўся;

Перастаўшы сумаваць,

Сталі жыць ды пажываць.

 

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе;

Ён бяжыць па бурунах

На узнятых парусах,

Міма вострава імчыцца,

Ля Гвідонавай сталіцы;

Вартавыя з пушак б’юць,

Прыпыніцца знак даюць.

Прыпыняюцца тут госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць ён усіх

І пытаецца у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі

І куды вы шлях трымалі?» —

«Мы былі ў чужых краях,

У заморскіх гарадах,

І нядрэнна гандлявалі —

Ўсё з прыбыткам прадавалі;

Плыць назад нам час прыйшоў,

Едзем мы цяпер дамоў:

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана».

Кажа князь Гвідон купцам:

«Ну, шчасліва, госці, вам

Плыць па моры, акіяну

Да славутага Салтана;

Ды напомніце яму,

Уладарніку свайму:

Быць у нас ён абяцаўся,

А дагэтуль не сабраўся.

Шлю яму я свой паклон».

Госці далей, а Гвідон

Больш за імі не пагнаўся,

З любай жонкай не расстаўся.

 

Вецер весела шуміць,

Карабель на ўсход бяжыць

Міма вострава Буяна,

Ў царства слаўнага Салтана,

І наперадзе ўдалі

Паказаўся край зямлі.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці.

Госці бачаць: за сталом

Сумны цар сядзіць цішком,

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Ля цара усе сядзяць,

Чатырма ўсе тры глядзяць.

Цар Салтан гасцей вітае,

Іх частуе і пытае:

«Скуль вы, госці, прыплылі?

У якіх краях былі?

Ці ўсё добра там, шчасліва?

І якое ў свеце дзіва?»

Кажуць госці: «Шмат зямель

Абышоў наш карабель;

За марамі ўсё шчасліва,

Ёсць на свеце, цар, і дзіва:

Астравок між хваль ляжыць;

Новы горад там стаіць

З златаверхімі царквамі,

З церамамі і садамі;

Елка там шуміць галлём,

А пад ёй крыштальны дом,

І вавёрка ў ім ручная

Песні розныя спявае

І арэшкі, па чарзе,

Дзень у дзень усё грызе,

Ды не простыя якія —

У іх шкарлупкі залатыя,

Зерні — чысты ізумруд! —

Рассыпае там і тут.

Там яшчэ другое дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Зараве і закіпіць

Ды на бераг набяжыць,

Разліецца ў хвалях пенных,

І у панцырах адменных

Трыццаць тры асілкі ў рад

Стануць, нібы з братам брат,

Ды прыгожыя якія —

Веліканы маладыя,

І усе, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

І няма храбрэй дазора,

Чым асілкі Чарнамора.

А у князя жонка ёсць,

Ды такая прыгажосць:

Днём свет божы зацямняе,

А уночы сонцам ззяе;

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на чале гарыць.

Князь Гвідон усім там правіць,

І яго там кожны славіць,

Ён прыслаў табе паклон;

На цябе ж крыўдуе ён,

Кажа: ў госці абяцаўся,

А дагэтуль не сабраўся».

 

Цар не мог сябе стрымаць:

«Флот хутчэй мне рыхтаваць!»

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Адгаварваюць цара,

Не пускаюць са двара.

Цар жа ўвагі не звяртае,

Іх адразу сунімае:

«Што я, цар вам ці хлапчук?

Досыць вашых мне навук!

Зараз еду!» — Тут ён тупнуў

І дзвярыма моцна грукнуў.

 

Пад акном Гвідон сядзіць

І на мора ўсё глядзіць.

А на ім спакой і ціша,

Ветрык хвалі чуць калыша,

Раптам бачыць — караблі

Паказаліся ўдалі:

Па прасторах акіяна

Едзе флот цара Салтана.

Князь Гвідон адразу ўстаў,

На ўвесь голас закрычаў:

«Матухна мая, царыца!

Ты, княгіня-маладзіца!

Паглядзіце вы туды:

Едзе бацюхна сюды».

Флот Салтанаў падыходзіць,

Князь Гвідон трубу наводзіць:

Цар на палубе стаіць,

У трубу на іх глядзіць;

І ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Паглядаюць: дзіва ім —

Незнаёмы край зусім!

Раптам з пушак запалілі,

На званіцах зазванілі;

Князь да мора йдзе з двара,

Сустракае там цара

З паварыхай і ткачыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай;

І у горад свой хутчэй

Князь вядзе сваіх гасцей.

 

Вось ідуць яны ў палаты:

Каля брамы ззяюць латы,

Бачыць цар: стаяць ва фрунт*****

Трыццаць тры асілкі тут,

Ды прыгожыя якія —

Веліканы маладыя,

І усе, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

Цар ступіў на двор шырокі:

Пад ялінаю высокай

Там вавёрачка пяе

Песні розныя свае

І арэшкі разгрызае,

Ізумрудзік з іх вымае;

І ўвесь двор усыпан той

Залатою шкарлупой.

Госці йдуць далей імкліва,

Бачаць — што ж? княгіня — дзіва:

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на чале гарыць;

Пазірае так ласкава,

Выступае, быццам пава,

І свякроў каля яе.

Глянуў цар — і пазнае...

Прыгадалася былое.

«Што я бачу? Што такое?

Ява гэта, а ці сон? —

І слязьмі заліўся ён...

Абнімае цар царыцу,

І сынка, і маладзіцу.

Да стала усё пайшлі

І банкет распачалі.

А ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай

Пахаваліся ў кутках, —

Ахапіў іх люты жах;

Ледзьве там іх адшукалі.

Ўсю віну яны прызналі;

Цар на радасцях такіх

Адпусціў дадому іх.

Дзень мінуў — цара Салтана

Спаць уклалі напаўп’яна.

Я там быў, мёд, піва піў, —

Толькі вусы абмачыў.

* Госці — Некалі так называлі купцоў, што прыязджалі з іншых гарадоў і краін

** Злата — золата

*** Дзяк. — Некалі так называлі пісьмаводаў, кіраўнікоў прыказаў — ўпраўленняў.

**** Булат – сталь адменнага вырабу: цвёрдая, пругкая.

***** Ва фрунт — у рад: некалі так вымаўлялі слова фронт.



Пераклад: Алесь Якімовіч