epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Казка пра папа і Доўбню-мужыка

Жыў-быў поп,

Талаконны лоб.

Пайшоў поп на кірмаш: прагуляцца

Ды таннейшага тавару папытацца.

А насустрач яму Доўбня шыбуе.

Шпацыруе, куды ногі кіруюць..

"Што, бацька, так рана падняўся?

Чаго абшукаўся? "

Кажа поп: "Трэба мне працаўнік:

Кухар, конюх і будаўнік.

А дзе знайсці мне такога

Майстру не занадта дарагога?"

Доўбня кажа: "Паслужу табе слаўна,

Працаўнік я старанны і спраўны.

Адпрацую год – табе тры пстрычкі,

А кармі мяне, бацька, кашай пшанічнай. "

 

Прызадумаўся поп,

Пацірае лоб.

Невядома яшчэ, які ў Доўбні пстрык!.

Ды поп на авось спадзявацца звык.

Вось і кажа поп Доўбню: "Ладна.

Не будзе нам абодвум накладна.

На маім падворку пажыві-ка,

Свой імпэт ды спрыт мне пакажы-ка! "

 

Жыве Доўбня ў паповым доме,

Спіць сабе на саломе,

Есць ад пуза - за чатырох,

А працуе – дык за сямёх.

Да святла працы ў яго даволі:

Каня зацугляе, узарэ поле,

Печ затопіць, усё нарыхтуе, закупіць,

Яечка спячэ ды сам і аблупіць.

Пападдзя на Доўбню не нахваліцца,

І папоўна на яго заглядаецца,

Стаў папёнак яго зваці таткам -

Кашу заварыць, няньчыцца з дзiцяткам.

 

Толькі поп адзін Доўбню не любіць,

Аніколі не прыгалубіць,

Пра адплату штодня прыгадае;

Час бяжыць, і тэрмін выбягае.

Поп не есць, не п'е, па начох не спіць,

Бо папоўскі лоб загадзя трашчыць.

Вось ён пападдзі прызнаецца:

"Так і так: і што мне застаецца?"

Баба кемлівая ад прыроды.

Кажа мужу: “Ёсць верны сродак!”

Закажы Доўбню службу звыш яго сіл,

А патрабуй, каб дакладна зрабіў.

З Доўбні ты пасмяешся на славу,

Так і выбавіш лоб ад расправы."

 

Стала на сэрцы папа весялей,

Стаў ён на Доўбню пакрыкваць смялей.

Вось ён крычыць: "Дзе ты ўжо знік,

Доўбня! Гультай ты, а не працаўнік!

Слухай: плаціць абяцаліся чэрці

Мне падаткі да самай маёй смерці;

Лепшага прыбытку не жадаў бы,

Ды за тры гады ні гроша не спагнаў з іх.

Сваю кашу як даскрабеш ты,

Забяры-ка ты ў чарцей мой чынш дарэшты".

 

Доўбня з папом дарма не спрачаўся,

Проста да сіняга мора падаўся;

Там ён стаў вяроўку круціць

Ды канец яе ў мора мачыць.

Паказаўся з мора стары бес.

"Доўбня, ты чаго да нас залез?"

“Матузом хачу мора муціць,

Вас, праклятае племя, круціць!”

 

Беса старога ўзяла тут маркота.

"Скажы, за што? Якая нагода?"

- Як за што? Вы падаткаў не плацілі,

Тры гады таму свой тэрмін прапусцілі;

Час адказ трымаць! Вось будзе нам пацеха,

Ну, а вам, нячыстым, стане не да смеху!

"Доўбнюшка, ты мо’ хоць крышку пачакаеш?

Вер, спаўна ты ўсе падаткі атрымаеш.

Пасядзі, пакуль прышлю да цябе ўнука."

Сам мяркуе: "Доўбню падмануць не штука!"

 

Паказаўся з вады бесянятка.

Яўкае, бы дробны кацянятка.

"Добры дзень вам, Доўбня-мужычок;

І які спагнаць хацелі вы аброк?

Пра падаткі не было ў нас нават чуткі!

Век жылі мы тут, не ведаючы смутку.

Добра ўжо, бярыце ўсё па дамаўленню,

Непарушнаму між намі пагадненню.

Каб надалей не было нікому гора,

Хто хутчэй з нас абярнецца вакол мора -

Падчыстую забярэ сабе аброк.

Там, унізе, завязалі ўжо й мяшок."

 

Засмяяўся Доўбня хітра:”Вось дык маеш!

Гэтак сам ты мае грошы атрымаеш?

Але дзе табе са мною-та цягацца,

Не здарма жа стаў я Доўбням называцца.

Гэткага паслалі супастата!

Пачакай-ка ты майго малога брата."

Доўбня пайшоў у бліжэйшы лясок,

Злавіў двух зайцоў, пасадзіў у мяшок.

Да мора ён зноўку прыходзіць,

Ля мора чарцятка знаходзіць.

Выцягвае першага зайку:

"Ну-ка, станчы нам пад нашу балалайку!

Ты, чарцятка, яшчэ маладзенькі,

Са мною цягацца слабенькі;

Я не стану з табой часу марнаваць.

Паспрабуй спачатку брата абагнаць.

Раз, два, тры! Даганяй-ка! "

Пабеглі нячысцік і зайка:

Нячысцік па беразе марскім,

А зайка - у лясок напрасткі.

 

Так далёка і чорт бегаць не звык.

Засопся, небарака, высалапіў язык…

Прыбягае да Доўбні чарцятка,

Мокры бы мыш, абціраецца лапкай,

Думае: справу спаўна зладзіць.

Зірк - а Доўбня зайчыка гладзіць,

Прыгаворваючы: "Братка мой адзіны,

Стаміўся, родны! Адпачні хвіліну!"

Бесянятка аслупянеў.

Хвосцік падцяў, нібыта здрабнеў.

На браткоў пазірае бокам.

"Пачакай, схаджу па аброк…"

Пайшоў да дзеда, кажа: "Прапаў!

Меншы Доўбня мяне абагнаў!"

 

Чорт стары стаў тут думаць думу.

Доўбня ж нарабіў такога шуму,

Што ўсхадзілася сіняе мора.

Вось дык гора чарцям! Вось дык гора!

Вылез чарцятка: "До’ ўжо, мужычок,

Вышлем табе мы гэты мяшок,

Толькі слухай. Бачыш палку гэтую?

Выберы сабе любую мету.

Хто найдалей палку закіне,

Той і чынш панясе на спіне.

Што ж? Ці ручкі звіхнуць баішся?

Што чакаеш? "

“А ну, прыцішся!

Бачыш хмарку? Закіну палку,

Ды й пачну з вамі, бесамі, звалку!”

 

Пералякаўся чорцік дый даў нырца

Дзеду скардзіцца на Доўбню-малайца.

А Доўбня над морам шум падымае,

Чорту вяроўкаю зноў пагражае.

Вылез нячысцік: "Што сілы марнуеш?

Будзе табе чынш... "

“Не, до’ ўжо, не надурыш! -

Кажа Доўбня.- Умовы я сам прызначу,

Задам табе, чарцяку, задачу.

Паглядзім, якая ў цябе сіла.

Бачыш, там сівая кабыла?

Кабылу падымі-ка ты,

Ды нясі яе паўвярсты;

Пранясеш кабылу - чынш ужо твой,

А не адужаеш - будзе ён мой!”

Небарака-бес

Пад кабылу падлез,

Напінаўся ён,

Надзімаўся ён,

Прыўзняў кабылу, два крокі ступіў,

На трэцім зваліўся, прытомнасць згубіў.

А Доўбня яму: "Дурнаваты бес,

Куды ж ты са мною дужацца лез?

Ты і рукамі знесці не змог,

А я, паглядзі, панясу паміж ног ".

Доўбня ўраз на кабылу сеў

Ды вярсту праскакаў, ажно пыл курэў.

 

Зноў да дзеда падаўся нячысцік:

Перамог яго Доўбня чыста!

Што рабіць? Чэрці склалі аброк

Ды на Доўбню ўзвалілі мяшок.

Ідзе сабе Доўбня, прытопвае,

А поп на ложку падскоквае,

За пападдзю хаваецца,

Са страху перагінаецца.

Доўбня-мужык яго адшукаў,

Плату за службу запатрабаваў.

Няшчасны поп

Падставіў лоб…

З першага пстрыку скочыў поп да столі;

З другога пстрыку пазбавіўся волі;

А з трэцяга пстрыку такога

Выбіла і розум у старога.

А Доўбня ўздыхаў: “Жыў ды жыў бы,

Каб не гнаўся, поп, за таннаю пажывай!"



Пераклад: Алена Церашкова