Аляксандар Пушкін

Казка пра рыбака і рыбку

Жыў стары са сваёю старою

Ля самага сіняга мора;

Жылі яны ў старэнькай зямлянцы

Роўна трыццаць год і яшчэ тры.

Стары лавіў невадам рыбу,

Старая прала сваю пражу.

Раз у мора закінуў ён невад.

Прыйшоў невад з адной тванню.

Ён другі раз закінуў невад,

Прыйшоў невад з травою марскою.

Трэці раз закінуў ён невад,

Прыйшоў невад з адною рыбкай,

З няпростаю рыбкай, залатою.

Як узмоліцца залатая рыбка,

Голасам кажа чалавечым:

«Адпусці ты, дзеду, мяне ў мора,

Дарагі за сябе дам выкуп:

Адкуплюся, чым сам пажадаеш».

Дзіву даўся стары, напужаўся:

Ён рыбачыў трыццаць год і яшчэ тры

І не чуў, каб рыба гаварыла.

Адпусціў ён рыбку залатую

І сказаў ёй ласкавае слова:

«Бог з табою, залатая рыбка!

Выкупу твайго мне не патрэбна;

Ідзі сабе ў сіняе мора,

Гуляй там сабе на прасторы».

Вярнуўся стары дахаты,

Расказаў старой вялікае дзіва:

«Я сягоння злавіў быў рыбку,

Ды не простую, а залатую;

Па-нашаму гаварыла рыбка,

Дамоў у мора сіняе прасілася,

Дарагою цаною адкуплялася:

Адкуплялася, чым толькі пажадаю.

Не пасмеў я ўзяць з яе выкуп,

Так пусціў яе ў сіняе мора».

На старога старая напала:

«Ах ты, дурань стары, недарэка!

Не ўмеў ты ўзяць выкупу з рыбкі!

Хоць бы ўзяў ты з яе карыта,

Наша вунь зусім раскалолася».

 

Вось пайшоў ён да сіняга мора.

Бачыць: мора злёгку разгулялася.

Стаў ён клікаць залатую рыбку.

Прыплыла к яму рыбка, спытала:

«Чаго табе трэба, дзядуля?»

Ёй з паклонам стары адказвае:

«Злітуйся, матухна рыбка,

Дужа лае мяне мая старая,

Не дае мне, старому, спакою:

Патрэбна ёй новае карыта;

Наша, бач, зусім раскалолася».

Кажа дзеду залатая рыбка:

«Не журыся, ідзі сабе з богам.

Будзе вам новае карыта».

Вярнуўся стары дахаты,

А ў бабы новае карыта.

Яшчэ горай злуецца старая:

«Ах ты, дурань стары, недарэка!

Выпрасіў, дурань, карыта!

Ці ж многа з карыта карысці?

Вярніся, дурніца, да рыбкі,

Пакланіся ёй, выпрасі хату».

 

Вось пайшоў ён да сіняга мора

(Памутнела сіняе мора),

Стаў ён клікаць залатую рыбку,

Прыплыла к яму рыбка, спытала:

«Чаго табе трэба, дзядуля?»

Ёй з паклонам стары адказвае:

«Злітуйся, матухна рыбка:

Яшчэ горай злуецца старая,

Не дае мне, старому, спакою;

Хату просіць сварлівая баба».

Кажа дзеду залатая рыбка:

«Не журыся, ідзі сабе з богам.

Так і быць: хата вам будзе».

 

Пайшоў ён да сваёй зямлянкі,

А зямлянкі няма ўжо і следу;

Перад ім хата са святліцай,

З цагляным комінам белым,

З дубовай дашчанаю брамай.

Старая сядзіць пад акенцам,

На чым свет стаіць мужа лае:

«Ах ты, дурань стары, недарэка!

Выпрасіў, недарэка, хату!

Вярніся, пакланіся рыбцы:

Не хачу быць чорнай сялянкай,

Хачу быць сталбавою дваранкай».

Пайшоў стары да сіняга мора

(Неспакойна сіняе мора);

Стаў ён клікаць залатую рыбку,

Прыплыла к яму рыбка, спытала:

«Чаго табе трэба, дзядуля?»

Ёй з паклонам стары адказвае:

«Злітуйся, матухна рыбка:

Яшчэ горш уздурэла старая,

Не дае мне, старому, спакою:

Ужо не хоча быць яна сялянкай,

Хоча быць сталбавою дваранкай».

Кажа дзеду залатая рыбка:

«Не журыся, ідзі сабе з богам».

 

Вярнуўся стары дахаты,

Што ж ён бачыць? Высокі церам.

На ганку стаіць яго старая

У дарагой сабалінай душагрэйцы,

На галаве парчовая хустка,

Жамчугі агрузілі шыю,

На руках залатыя пярсцёнкі,

На нагах чырвоныя боцікі.

Перад ёю старанныя слугі;

Яна б'е іх, за чуб цягае.

Кажа стары сваёй жонцы:

«Добры дзень, пані дваранка!

Ну, цяпер твая душачка здаволена».

На яго прытупнула старая

І на стайню служыць яго паслала.

 

Гэтак тыдзень, другі мінае,

Яшчэ горш уздурыла старая;

Зноў да рыбкі старога пасылае:

«Вярніся, пакланіся рыбцы:

Не хачу быць сталбавою дваранкай,

А хачу быць вольнаю царыцай».

Напужаўся стары, узмаліўся:

«Ці не з глузду ты з'ехала, баба?

Ні ступіць, ні сказаць што не ўмееш,

Насмешыш ты цэлае царства».

Узлавалася горш старая,

Па шчацэ ударыла мужа:

«Як ты смееш, мужык, спрачацца са мною,

Са мною, дваранкай сталбавою?

Ідзі да мора, дабром табе кажуць;

А не пойдзеш - павядуць паняволі».

 

Зноў падаўся стары да мора

(Пачарнела сіняе мора),

Стаў ён клікаць залатую рыбку,

Прыплыла к яму рыбка, спытала:

«Чаго табе трэба, дзядуля?»

Ёй з паклонам стары адказвае:

«Злітуйся, матухна рыбка!

Зноў бунтуе мая старая:

Ужо не хоча быць яна дваранкай,

Хоча быць вольнаю царыцай».

Адказала залатая рыбка:

«Не журыся, ідзі сабе з богам!

Добра! Будзе старая царыцай!»

Вярнуўся стары дахаты,

Што ж? Перад ім царскія палацы,

У палацах бачыць сваю старую,

За сталом сядзіць яна царыцай,

Служаць ёй баяры ды дваране,

Наліваюць ёй заморскія віны;

Заядае яна пернікам мядовым,

Ля яе стаіць грозная варта,

На плячах сякеркі трымаюць.

Як убачыў стары, напужаўся;

У ногі ён старой пакланіўся:

«Добры дзень, - кажа, - грозная царыца.

Ну цяпер твая душачка здаволена».

На яго старая не зірнула,

Толькі прэч з вачэй прагнаць загадала.

Тут падбеглі баяры і дваране

І старому ў каршэнь надавалі.

А ў дзвярах яшчэ стража падбегла,

Сякерамі чуць не пасекла;

А народ тут з яго насмяяўся:

«Так і трэба табе, стары дурань!

Надалей табе будзе навука:

Не садзіся не ў свае сані!»

 

Гэтак тыдзень, другі мінае,

Яшчэ горш уздурэла старая;

Царадворцаў па мужа пасылае,

Адшукалі старога, прывялі к ёй.

Кажа старому старая:

«Вярніся, пакланіся рыбцы,

Не хачу быць вольнаю царыцай,

Хачу быць уладарніцай морскай,

Каб мне жыць у акіяне-моры,

Каб служыла мне рыбка залатая

І была б у мяне на пасылках».

 

Стары не асмеліўся супярэчыць,

Не адважыўся супраць вымавіць слова.

Вось ідзе ён да сіняга мора,

Бачыць, чорная бура на моры:

Так і ўздуліся злосныя хвалі,

Так і ходзяць яны, так і выюць.

Стаў ён клікаць залатую рыбку,

Прыплыла к яму рыбка, спытала:

«Чаго табе трэба, дзядуля?»

Ёй з паклонам стары адказвае:

«Злітуйся, матухна рыбка!

Што рабіць мне з праклятаю бабай?

Ужо не хоча быць яна царыцай,

Хоча быць уладарніцай морскай;

Каб ёй жыць у акіяне-моры,

Каб ты сама служыла

І была б у яе на пасылках».

Не сказала нічога рыбка,

Хвастом па вадзе толькі пляснула

І сышла ў глыбокае мора.

Доўга-доўга чакаў ён адказу,

Не дачакаўся, назад вярнуўся.

Бачыць: зноў перад ім зямлянка;

На парозе сядзіць яго старая,

А перад ёю разбітае карыта.



Пераклад: Алесь Якімовіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com