epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Конь

«Што іржэш ты, конь гуллівы,

І чаму ты шыю гнеш,

Не трасеш сваёю грывай,

Звонкіх цугляў не грызеш?

Ці ж цябе я не шкадую?

Ці нядобрую даў збрую?

Ці аўса скуплюся даць?

Ці не срэбныя падковы,

А паводдзі не шаўковы,

І страмёны не блішчаць?»

Я прыціх, — табе скажу я, —

Конь гаворыць: — ад журбы,

Бо далёка тупат чую,

Спевы стрэл і гук трубы.

Я таму іржу, што ў полі

Мне нядоўга траўку рваць

І дагледжаным на волі

Светлай збруяю зіяць.

Вораг злосны і суровы

Хутка збрую забярэ,

І бліскучыя падковы

З лёгкіх ног маіх здзярэ.

Вось чаму мой дух і ные,

Бо загінуць чапракі, —

Скурай ён тваёй накрые

Мне успацелыя бакі.



Пераклад: Рыгор Крушына