Яе засохлай, не духмянай,
Забытай бачу ў кнізе я;
І тут жа мараю жаданай
Душа напоўнена мая:
Дзе і якой цвіла вясною?
Ці дацвіла? і хто сарваў,
Знаёмай ці чужой рукою?
Нашто яе сюды паклаў?
На памяць першага спаткання,
Альбо разлукі векавой,
Ці адзінокага гуляння
У полі, ці ў цішы лясной?
Дзе той ці тая, што кахалі?
Жывуць яшчэ і ў нашы дні?
Ці і яны ужо завялі,
Як гэта кветка ў цішыні?