epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Ля берагоў айчыны дальняй...

Ля берагоў айчыны дальняй

Ўнікала ты зямлі чужой.

Ў час незабыўны, развітальны

Я доўга плакаў прад табой.

Мае знясіленыя рукі

Цябе стараліся стрымаць,

Журботы страшнае разлукі

Мой стогн маліў не супыняць.

Але на горач развітання

Не адказалі вусны мне:

З краіны змрочнага выгнання

Ты звала ў іншы край мяне.

Ты гаварыла — ў дзень спаткання

Пад неба дзіўнаю красой

Мы пацалункі і каханне

Паўторым зноўку, дружа мой...

Ды толькі там, дзе неба ззяе

У бляску вечнай пекнаты.

Ў цяні аліў, ў далёкім краю

Апошнім сном заснула ты.

Твая краса навек схавана

Магілы змрочнай цішынёй —

Ўсё ж пацалунку на спатканні

Чакаю я: ён за табой...



Пераклад: Алесь Звонак