Аляксандар Пушкін

Медны коннік

Пецярбургская аповесць

ПРАДМОВА
Уступ
Частка першая
Частка другая


ПРАДМОВА

 

Здарэнне, апісанае ў гэтай аповесці, мае за аснову сапраўднасць. Падрабязнасці паводкі запазычаны з тагачасных часопісаў. Хто цікавіцца, можа зверыцца ў паведамленнях, якія падае В. Н. Берх.

 

Уступ

 

На беразе пустынных вод

Стаяў ён, буйных дум палёт

Лунаў у даль. Прад ім шырока

Плыла рака, па ёй — сярод -

Плыў бедны човен адзінока.

Па мшыстых, топкіх берагах

Чарнелі хаты ў хмызняках,

Прытул убогага чухонца;

І лес, які не знаў ў вяках,

Туманам схованага сонца,

Вакол шумеў.

    І думаў ён:

Адсюль гразіць мы будзем шведу,

Тут стане горад з бегам дзён

Назло пышліваму суседу.

Прыродай суджана даўно

Ў Еўропу высеч тут акно,

Нагою цвёрдай стаць пры моры.

Сюды праз новыя шляхі

Ўсе ў госці прыплывуць сцягі,

І забалюем на прасторы.

 

І горад после сотні год,

Краін паўночных цуд і дзіва,

З гушчынь лясоў, з дрыгвы балот

Узнёсся пышна, гардаліва.

Дзе ўперад фінскі рыбалоў,

Няшчасны пасынак прыроды,

Адзін ля нізкіх берагоў

Кідаў ў нязведаныя воды

Стары свой невад, там цяпер

Па берагах на ўвесь бязмер

Паўсталі ўместа ўбогіх хатаў

Палацы, вежы; караблі

Гурбой з усіх канцоў зямлі

Плывуць да прыстаняў багатых.

Граніт адзеў бакі Нявы;

Масты навіслі над вадамі,

Цёмна-зялёнымі садамі

Зазелянелі астравы.

І прад малодшаю сталіцай

Старая змеркнула Масква,

Як перад новаю царыцай

Парфіраносная ўдава.

 

Люблю цябе, Пятра тварэнне,

Люблю твой строгі, стройны від,

Нявы дзяржаўнае цячэнне,

Берагавы яе граніт,

Узор тваіх чыгунных кратаў,

Начэй задумлівых тваіх

Празрысты змрок, бліск цемнаваты,

Калі ў пакоі сярод кніг

Пішу, чытаю без лампады,

Гляджу на сонныя грамады

Пустынных вуліц, як блішчыць

Адміралцейскі ў высях шпіц,

Як не пускаючы начную

Надоўга цьму на небе жыць

Адна зара спяшыць другую

У час кароткі замяніць.

Люблю зімы тваёй суровай

Снягі, марозы, даляў глуш,

Бег санкаў ўздоўж Нявы лядовай,

Дзявочы твары ярчэй руж.

І блеск, і шум, і гоман балаў,

А ў вечар халастой гульні

Шыпенне пеністых бакалаў

І пуншу сінія агні.

Люблю рухавасць ваяўнічу

Пацешных Марсавых палёў,

Пяхотных войскаў і канёў

Так аднастайнае вялічча,

Ў іх зыбкім маршавым страі

Шматкі сцягоў, сцягоў пабедных,

Зіянне шапак гэтых медных,

Наскрозь прабітых у баі.

Люблю, ваенная сталіца,

Тваёй цвярдыні дым і гром,

Калі паўночная царыца

Падорыць сына ў царскі дом,

Ці перамогу над царом

Чужым святкуе зноў Расія,

Ці свой Нява, зламаўшы лёд,

Нясе яго да морскіх вод

І дні ўсхваляе веснавыя.

 

Красуй, Пятровы горад, стой,

А непахісна, як Расія.

Хай супакоіцца з табой

І пакароная стыхія;

Варожасць, даўні палон свой

Хай хвалі фінскія забудуць

І марнай злобаю не будуць

Трывожыць вечны сон Пятра!

 

Была жахлівая пара...

Жыве аб ёй успамінанне...

А ёй, сябры мае, для вас

Пачну сваё апавяданне.

Журботны будзе мой расказ.

 

Частка першая

 

Над спахмурнелым Петраградам

Стаяла восень лістападам.

Бурліва хвалямі б’ючы

Ў краі сваіх гранітаў стройных,

Нява стагнала, бы ўначы

Ў пасцелі хворы неспакойна.

Было ўжо позна, змрок наплыў,

Сярдзіта ў шыбы дождж бубніў,

І вецер дзьмуў, і выў з жальбою.

З гасцей у гэты час дамоў

Яўгеній малады прыйшоў...

Мы будзем нашага героя

Зваць гэтым іменем. Яно

Гучыць прыемна; з ім даўно

Маё здружылася пісанне.

Не трэба нам яго празвання,

Хоць быў час, і калісь, здаўна

Яно, быць можа, і грымела,

І пад пяром Карамзіна

Ў паданнях родных прагучэла.

Цяпер жа свецкай чарадой

Яно забыта. Наш герой

Жыве ў Каломне, недзе служыць,

Дзічыцца знатных і не тужыць

Ні па сканаўшых сваяках,

Ні па даўно забытых днях.

 

І вось, вярнуўшыся, Яўгеній

Абтрос шынель, раздзеўся, лёг,

Заснуць жа доўга ён не мог

У бегу розных летуценняў.

А думаў ў час бяссонны той,

Што бедны ён і што цяжкой

Ён працай мусіў здабываць

Пашану, незалежны лёс,

Што мог бы Бог яму дадаці

І грошы, й розуму. Бо ёсць

Такія летуны-шчасліўцы,

Слабыя розумам, ляніўцы,

Якім ідзе жыццё злягка.

Што служыць два ўсяго ён годы;

Ён думаў так жа, што пагода

Не заціхала; што рака

Ўсё прыбывала; што, казалі,

З Нявы масты ўжо чуць не знялі

І што з Парашай будзе ён

Разлучаны на пару дзён.

Так марыў ён. Было маркотна

Яму той ночы, й ён жадаў,

Каб вецер выў не так нудотна,

І дождж каб у акно сцябаў

Не так сярдзіта...

    Сонна вочы

Нарэшце сплюшчыў ён свае...

І вось мінае змора ночы,

І ўжо дзень бледны настае...

Жахлівы дзень!

    Ўсю ноч Нява

Да мора рвалася проць буры,

Не змогшы моцы іх панурай...

І боль спрачацца не змагла...

На раніцу над берагамі

Яе стаяў гурмой народ,

Каб любавацца і гарамі,

І пенай азвярэлых вод.

Але моц ветраў ад заліва

Спыняла хваль напор Нявы,

Назад ішла ў гняву, бурліва,

І затапляла астравы,

Пагода йшчэ больш вар’яцела,

Нява ўздувалася, равела

Ў аковах берагоў сваіх,

І раптам, азвярэўшы, ўміг

На горад рынула. Прад ёю

Усё пабегла. Ўсё, як стой,

Было пустым, вада ракой

Пайшла ў падземныя падвалы,

Да кратаў хлынулі каналы,

І ўсплыў Пятропаль, як трытон,

Ў ваду залез па пояс ён...

Аблога! наступ! Хвалі-змеі

У вокны лезуць, як зладзеі.

З разгону ў шыбы б’юць чаўны.

Латкі шквал гоніць вадзяны,

Абломкі хат, страха, бярвенне,

Тавар купцоў, хлам сутарэнняў.

Манаткі бледнай беднаты.

Паводкай змытыя масты,

З магіл размытых дамавіны

Плывуць па вуліцах!

    Народ

Гнеў Божы бача й шчасця звод.

Во! гіне ўсё: харчы, хаціна!

Дзе будзе ўзяць?

    Ў той грозны год

Нябожчык цар яшчэ Расіяй

Са славай правіў. На балкон

Маркотны, смутны выйшаў ён

І мовіў: «З Боскаю стыхіяй

Царам не саўладаць». Ён сеў

І ў думах сумнымі вачамі

На гора цяжкае глядзеў.

Стаялі плошчы азярамі,

Шырокімі ў іх ручаямі

Сплывалі вуліцы. Палац

Здаваўся выспай адзінокай.

Цар мовіў - з пляцу і на пляц,

Па блізкіх вуліцах, далёкіх

У страшны пуць, між бурных вод

Яго памкнулі генералы

Збаўляць і страхам абуялы

І дома, што тануў народ.

    Тады на плошчы той Пятровай,

Дзе на рагу дом вырас новы,

Дзе па-над ганкам угары

З паднятай лапай, як жывыя,

Стаяць два львы старожавыя

Вярхом на мармурным звяры

Без шапкі, згорблен, бы стары,

Сядзеў нязрушна, страшна бледны

Яўгеній. Ён баяўся, бедны,

Не за сябе. Ён ані дбаў,

Як падымаўся хцівы вал

І падмываў яму падэшвы,

Як дождж, яму у твар хвастаў,

Як вецер выў, бы ашалеўшы,

З яго і шапку ў міг сарваў.

Яго зрок роспачы, з пакорай

Накіраваны ў пункт адзін,

Быў нерухомы. Быццам горы

З глухіх раз'юшаных глыбін

Там злосныя ўставалі хвалі,

Там выла бура, там гулялі

Абломкі... Божа, Божа! там -

Ягоным бачыцца вачам

Каля затокі ўсхваляванай

Вярба і плот немаляваны,

Дамок старэнькі: там яны,

Ўдава й дачка, яго Параша,

Яго каханне... Ці мо сны

Ён гэта сціць? Ці мо ўсё наша

Жыццё нішто, сон нібы той,

Насмешка неба над зямлёй?

 

І ён, як бы зачараваны,

Бы да мармуру прыкаваны,

Сысці не можа. Навакруг

Вада, вада, хваль жудкі рух!

І звернуты к яму спіною

У непарушнай вышыні,

Над узбунтованай Нявою,

Стаіць з працягнутай рукою

Кумір на бронзавым кані.

 

Частка другая

 

І вось насычана знішчэннем,

Прыстаўшы з жудкага жніва,

Назад папхнулася Нява,

Са свайго рада абурэння,

Кідаючы са зневажэннем

Сваю пажыву. Злодзей так

З вірутнай хеўрай забіяк

Ў сяло ўварвецца, - гвалт, пагрозы:

Рабуе, крыша; енкі, слёзы,

Трывога, крык дзяцей, бацькоў!..

І згорблены нарабаваным,

Пагоні баючыся, спраўна

Спяшаць разбойнікі дамоў,

Губляючы ў бягу здабытак.

 

Вада збыла, і брук размыты

Адкрыўся, і Яўгеній мой

Спяшыць хутчэй з надзеяй скрытай,

Змагаючы сум, страх глухі,

Да чуць прыціхшае ракі.

Але ў сваім пабедным шале

Яшчэ кіпелі злосна хвалі,

Як бы пад імі тлеў агонь,

Яшчэ іх пена пакрывала,

І цяжка йшчэ Нява ўздыхала,

Як з бітвы прыскакаўшы конь.

Глядзіць Яўгеній: бачыць лодку;

Бяжыць туды, як на знаходку;

Ён перавозніка заве -

І перавознік бесклапотны

Яго за грыўню тут ахвотна

Праз хвалі страшныя вязе.

І доўга з хвалямі грудзямі

Змагаўся вопытны грабец,

І патануць між іх радамі

Штохвіля з дзёрзкімі плаўцамі

Гатоў быў човен - наканец

Дасяг ён берага.

    Няшчасны

Знаёмай вуліцай бяжыць

У кут знаёмы. Стаў. Глядзіць,

Пазнаць не можа. Выгляд страшны!

Усё ў руінах, што было;

Што скінута, а што сплыло;

Тырчацца домікі крывыя,

Альбо зусім ляжаць, а тыя

Сапхнуты хвалямі, прытым,

Як бы на полі баявым,

Навокал мерцвякі. Яўгеній

Віхром, не помнячы сябе,

Зняможаны ўвесь ад мучэнняў,

Бяжыць туды, дзе яго жджэ

З няведамаю доля весцю,

Як з запячатаным пісьмом.

І вось бяжыць ён па прадмесці,

І вось затока, блізка дом...

Што ж гэта?..

    Ён астанавіўся.

Пайшоў, вярнуўся, супыніўся,

Глядзіць... ідзе... яшчэ глядзіць.

Вось месца, дзе іх дом стаіць;

Вярба вось, тут былі вароты,

Відаць, знясло іх. А дзе ж дом?

І поўны хмурнае турботы,

Ўсё ходзіць, ходзіць ён кругом,

Гамоніць громка сам з сабою

І, стукнуўшы ў свой лоб рукою,

Зарагатаў.

    Начная мгла

На горад трэпетны сышла;

Ды доўга жыхары не спалі

І між сабою разважалі

Аб дні мінулым.

    З па-за хмар

Прыстаўшых золак, поўны чар,

Бліснуў над ціхаю сталіцай,

І не знайшоў ужо слядоў

Бяды ўчарашняй; баграніцай

Ужо было пакрыта зло.

У лад ранейшы ўсё ўвайшло.

Ужо на вуліцах свабодных

З сваёй нячуласцю халоднай

Хадзіў народ. Чыноўны люд,

Пакінуўшы начны свой кут,

На службу йшоў. Гандляр адважны,

Не журачыся, адкрываў

Нявой аграблены падвал.

На мэце меўшы страту важну

Спагнаці з бліжняга. З двароў

Звазілі чоўны.

    Граф Хвастоў,

Паэт нябёсамі любімы,

Ужо спяваў у вершах-гімнах

Няшчасце неўскіх берагоў.

А бедны, бедны мой Яўгеній...

Яго здушыў няшчасцяў глум,

Супроць жахлівых патрасенняў

Не ўстояў розум. Грозны шум

Нявы і ветраў раздаваўся

Ў яго вушах. Жахлівых дум

Маўчліва поўны, ён блукаўся.

Яго ўсё мучыў нейкі сон.

Мінуўся тыдзень, месяц - ён

Дамоў к сабе ўжо ня вяртаўся.

Яго кут, поўны колісь мар,

Як выйшаў тэрмін, гаспадар

Здаў ў наймы беднаму паэту.

Яўгеній па набытак свой

Ужо не йшоў. Ён скора свету

Чужым стаў. Бродзіў пехатой,

На прыстані спаў; харчаваўся

Ў акно пададзеным куском.

Старая вопратка на ём

Была ўся ў зрыўках. Злыя дзеці

Каменне кідалі ў яго.

Не раз фурман, калі прымеціў,

Яго сцябаў, дзеля таго,

Што ён не разбіраў дарогі

Ніколі ўжо; як быццам ён

Не заўважаў. Яго з тых дзён

Зглушыў шум нутраной трывогі.

І так ён свой няшчасны век

Валок, ні звер, ні чалавек,

Ні то ні сё, ні жыхар свету,

Ні прывід мёртвы...

    Раз ён спаў

Ля неўскай прыстані. Дні лета

Да восені йшлі. Не сціхаў

Празяблы вецер. Вал пляскаў

На прыстань глуха, з нецярпеннем

І біўся ў гладкія ступені,

Як чалабітнік ля дзвярэй

Нячулых да яго судзей.

Бядак прачнуўся. Было хмура:

Дождж капаў, вецер выў панура,

І воддаль з ім у змрок сівы

Пераклікаўся вартавы...

Яўгеній ўскочыў; ўспомніў жыва

Ён жах мінулы; паспяшліва

Ўстаў ён; пабрыў, напяўшы слух,

Астанавіўся і вакруг

Ціхенька стаў вадзіць вачамі

З баязню дзікай, сам не сам.

Ён апынуўся пад слупамі,

Дзе новы дом. На ганку там

З паднятай лапай, як жывыя,

Стаялі два львы вартавыя,

І проста ў цёмнай вышыні

Над агароджанай скалою

Кумір з працягнутай рукою

Сядзеў на бронзавым кані.

 

Яўгеній ўздрыгнуў. Праяснелі

Ў ім страшна мыслі. Ён пазнаў

І месца, дзе патоп гуляў,

Дзе хвалі хцівыя бурлелі,

Бунтуючы вакол яго,

І львоў, і плошчу, і таго,

Хто нерухома узвышаўся

У змроку меднай галавой,

Таго, па волі тут чыёй,

Над морам горад заснаваўся...

Жахлівы ён ў вакольнай мгле!

Якая дума на чале!

Якая сіла ў ім укрыта!

А во ў каня які агонь!

Куды ты скачаш, горды конь,

І дзе апусціш ты капыты?

О валадар судзьбін людскіх!

Ці ж ты не гэтак над бяздоннем

Вуздой жалезнай з беспрасоння

Падняў Расію на дыбкі?

Вакол куміра ля штахетаў

Бядак шалёны абышоў,

І вочы дзікія навёў

Ён на дзяржаўца палусвета.

І грудзі зжаліся. Чало

Да крат халодных прылягло,

А вочы заплылі туманам,

Па сэрцу перабег агонь,

Зайграла кроў. Стаў хмурны ён

Прад гардалівым істуканам,

Заціснуў зубы, пальцы сцяў,

Як спанаваны моцай чорнай.

«Ну, што ж, будоўнік цудатворны!»

Шапнуў са злобаю лютой.

«Папомніш ты!..» І ў міг стралой

Пусціўся бегчы. Бо здалося

Яму, што грознага цара

Твар гневам раптам загараў

І павяртаўся, як бы ў злосці…

І вось на плошчы ён пустой

Бяжыць і чуе за сабой —

Як быццам грому грукатанне —

Цяжкое, звонкае скаканне

Па бруку ў цішыні начной.

І месяцам асветлен бледным,

Рука прасцягшы ў вышыні,

За ім імчыцца Коннік Медны

На звонка скачучым кані;

І ўсю так ноч, вар’ят мой бедны,

Куды ён толькі ні ўцякаў, —

За ім усюды Коннік Медны

З грукотным топатам скакаў.

 

І з той пары, калі, бывала,

Ісці па плошчы мусіў тэй,

Баязнь яму твар засмучала.

Да змучаных сваіх грудзей

Ён прыціскаў паспешна рукі,

Як бы збаўляўся гэтак мукі.

Картуз паношаны знімаў,

Мутныя вочы патупляў,

І ўбок сыходзіў.

 

    На паўзмор’і

Ёсць астравок. Падчас туды

Прыстане з невадам худы

Рыбак у спозненую пору,

Каб падвячорак свой зварыць,

Або чыноўнік аглядзіць,

Гуляючы ў чаўне ў нядзелю,

Пустынны востраў. Не ўзрасло

Там ні былінкі. На прыселле

Туды паводкай занясло

Дамок старэнькі. Над вадою

Застаўся ён, як чорны куст,

Яго мінулаю вясною

Звязлі на лайбе. Быў ён пуст

І ўвесь разбуран. Ля парога

Знайшлі шалёнага майго,

І тут жа сіні труп яго

Ў дол закапалі дзеля Бога



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com