epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Паэт

Пакуль паэта не пакліча

Да зор ахвярных Апалон,

У клопатах будзённых звычна

І маладушна грузне ён;

І ліра песняй не сагрэта,

І ў сне халодным думы спяць,

І між людзей нікчэмных свету

Ён найнікчэмнейшы, відаць.

 

Ды слова з боскай цішыні

Да слыху толькі дакранецца,

Душа паэта страпянецца,

Нібы арол у вышыні.

Сумуе ў забаўках няшчырых,

Не ловіць гаманы людской,

Да ног народнага куміра

Не прыпадае галавой;

Бяжыць ён, дзікі і суровы,

Сугуччаў збуджаны палёт,

На берагі пустэльных вод,

У вольнашумныя дубровы...

 

1827



Пераклад: Васіль Зуёнак