Аляксандар Пушкін

«Патухла дзённае свяціла...»

       Патухла дзённае свяціла;

На мора сіняе вячэрні лёг туман.

       Шумі, шумі, пакорнае вятрыла,

Хвалюйся пада мной, пануры акіян.

       Мне бераг бачыцца адзіны,

Краёў паўдзённых чарадзейная зямля;

З надзеяй і тугой туды імкнуся я,

       Ва ўладзе ўласнага ўспаміну...

І чую: у вачах сляза набегла зноў;

       Душа кіпіць і замірае;

І мара даўняя вакол мяне лунае;

Я ўспомніў юных год шалёную любоў,

І ўсё, чым мучыўся, і ўсё, што сэрцу міла,

Жаданняў і надзей пакутлівы падман...

       Шумі, шумі, пакорнае вятрыла,

Хвалюйся пада мной, пануры акіян.

Ляці ж ты, карабель, да межаў неспазнаных

Па волі хвалі, што пагрозліва ўстае,

       Ды не да берагоў туманных

       Радзімы сумнае мае,

       Зямлі, дзе страсці мне свае

       Каханне ўпершыню адкрыла,

Дзе муза ўсмешкі мне таемныя дарыла,

       Дзе рана зведаў кошт атрут

       Нікчэмных звад, пустой напасці,

Дзе легкакрылае падступна знікла шчасце

І сэрца стылае зайшлося ад пакут.

       Шукальнік новае прыгоды,

Я кінуў край бацькоўскі на зары;

       Вас кінуў, гадаванцы насалоды,

Хвіліннай радасці хвілінныя сябры;

І вас, наперсніцы распуснай згоды,

Якім без пачуцця ахвяраваў сабой,

Спакоем, славаю, свабодай і душой,

Вас, здрадніцы, забыў я, маладыя,

Вясновых дзён маіх сяброўкі залатыя,

І вас забыў... Ды сэрца даўніх ран,

Кахання цяжкіх ран, нішто не загаіла...

       Шумі, шумі, пакорнае вятрыла,

Хвалюйся пада мной, пануры акіян...

 

1820



Пераклад: Артур Вольскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com