epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Помнік

Exegi monumentum*

Узвысіў помнік я сабе нерукатворны,

Не зарасце к яму людская сцежка дзён,

Вышэй узнёсся галавою непакорны

          За стоўп Александрыйскі ён.

 

Не, ўвесь я не памру — душа ў жаданай ліры

Мой прах перажыве, тлен не збаіцца пліт, —

I ў славе буду я, пакуль пад небам шчыры

          Жыць будзе хоць адзін пііт.

 

Маё імя памкне ў прасцяг Русі вялікі,

I звыкне да яго, калі яшчэ не звык,

I горды ўнук славян, і фін, і покуль дзікі

          Тунгус, і стэпаў друг калмык.

 

I доўга буду тым прыязны я народу,

Што лірай добрыя пачуцці абуджаў,

Што ў мой няўмольны век уславіў я свабоду

          I літасць да нябог гукаў.

 

Пачуй, о муза, слова боскае з пашанай,

Не бойся крыўды ты і пра вянок не дбай;

Паклёп і пахвалу прымай з душой рахманай

          I ў спрэчку з дурнем не ўступай.

 

* Я ўзвысіў помнік



Пераклад: Рыгор Барадулін