epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Помнік

Exegi monumentum*

Я помнік збудаваў сабе нерукатворны,

Народны шлях к яму не зарасце ў вяках.

Вышэй паўстаў ён з думай непакорнай

          Александрыйскага сталпа.

 

Не, ўвесь я не памру, і ліры звон заветны

Мой прах перажыве над прахам чорных пліт,

І слаўны буду я, пакуль ва ўсёй сусветнай

          Жыць будзе хоць адзін пііт.

 

Слых пройдзе аба мне па ўсёй Русі вялікай

І назавуць мяне на кожнай з існых моў

І горды ўнук славян, і фін, і зараз дзікі

          Тунгус, і вечны друг стэпоў.

 

І доўга буду тым жаданы я народу,

Што думы добрыя я лірай абуджаў,

Што ў жорсткі век зямлі ўславіў я Свабоду,

          Да паўшых літасць заклікаў.

 

Загаду боскаму, о муза, будзь слухмянай,

Не бойся крыўды ты, вянкоў не патрабуй,

Намову і хвалу прыймай ты занядбайна

          Упэўніць дурня не спрабуй.

* Я збудаваў помнік



Пераклад: Валеры Маракоў