Аляксандар Пушкін

Помнік

Exegi monumentum*

Сабе я помнiк сам узвёў нерукатворны,

Людская сцежка да яго не зарасце,

Ён над стаўпом Александрыйскiм непакорна,

          Як поклiч неба, узляцеў.

 

Не, не памру я ўвесь — у запаветнай лiры

Душа перажыве мой прах, мой тленны свет, —

I слынны буду я, пакуль зямным кумiрам

          Жыць будзе хоць адзiн паэт.

 

I пройдзе розгалас па ўсёй Русi вялiкай,

I назаве мяне шматмоўны пераклiк —

I горды ўнук славян, i фiн, i зараз дзiкi

          Тунгус, i стэпаў друг калмык.

 

I любы доўга буду я свайму народу,

Што лiрай добрыя пачуццi абуджаў,

Што ў жорсткi, люты век уславiў я свабоду

          I грэшным лiтасцi жадаў.

 

Наказу боскаму, о муза, будзь слухмянай,

Не патрабуй вянка i крыўдзе не ўступай,

Паклёп i пахвалу прымай, як лёс нязваны,

          I з дурнем спрэчак не ўчыняй.

* Я ўзвёў помнік



Пераклад: Васіль Зуёнак

Беларуская Палічка: http://knihi.com