epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Руслан і Людміла

Прысвячэнне
Песня першая
Песня другая
Песня трэцяя
Песня чацвёртая
Песня пятая
Песня шостая
Эпілог


Прысвячэнне

 

Для вас, душы маёй царыцы,

Для вас, кpacyні, для адных

Часоў мінулых небыліцы,

Парой спачынкаў залатых,

Пад шэпт даўніны гаварлівай,

Пісаў я вернаю рукой;

Прыміце-ж працы плён гуллівы!

Хвальбы не трэ’ мне нічыёй,

Я шчасны ўжо надзеяй гожай,

Што дзеўчына, калі яе

Любоў звіе, зірне, быць можа,

Нa песні грэшныя мае.

 

Над сінім морам дуб зялёны;

На дубе залаты ланцуг:

І днём і ноччу кот вучоны

Па ланцугу вядзе свой круг;

Ідзе направа – спеў заводзіць,

Налева – казку ён бубніць.

 

Там цуда скрозь: лясун там бродзіць,

Русалка на галлі сядзіць:

Там на няведамых дарожках

Сляды нябачаных звярэй;

Хацінка на курыных ножках

Стаіць без вокан, без дзвярэй;

Праяў там повен лес, даліны;

Там на світанні хвалі хлынуць

На бераг мёртвы, дзе пяскі,

І трыццаць віцязяў плячыстых

Чаргой выходзяць з хваль празрыстых,

А з імі дзядзька іx марскі;

Там каралевіч мімаходам

Чаруе грознага цара;

Там чараўнік перад народам

І цераз лес, і цераз воды

Нясе ў высі багатыра;

Ў цямніцы там царэўна тужыць,

Ёй шэры воўк аддана служыць;

Там ступа з Бабаю Ягой

Ідзе, брыдзе сама сабой;

Там цар Кашчэй над скарбам чахне;

Там рускі дух... Там Руссю пахне!

І там я быў, і мёд я піў;

Ля мора бачыў дуб зялёны:

Пад ім сядзеў, і кот вучоны

Свае мне казкі гаварыў.

Адну я помню: казку гэту

Цяпер расказваю я свету...

 

Песня першая

 

Падзеі дзён даўно былых,

Паданні старыны глыбокай.

 

У грамадзе сыноў сваіх,

З сябрамі, ў цераме высокім

Владзімір-сонца баляваў;

Дачку сваю ён выдаваў

За князя храбрага Руслана,

І мёд ён з кованага збана

За іx здароўе выпіваў.

Марудна елі продкі нашы,

І не спяшаліся кругом

Абходзіць срэбраныя чашы

З кіпучым півам і віном.

І весялосць яны дарылі,

Шыпела пена па краям,

Іх важна чашнікі насілі

І ў пояс гнуліся гасцям.

 

Бяжыць размовы шум няроўны:

Бурліць гасцей вясёлы круг;

Пачуўся раптам спеў цудоўны

І звонкіх гусляў беглы гук;

Сцішэла. Слухаюць Баяна:

Ён услаўляў, пясняр-мудрэц,

Людмілу-сонца і Руслана

І Лелем звіты ім вянец.

 

Пачуццем палкім змардаваны

Руслан сумуе, закаханы;

На друга мілага глядзіць,

Не есць, не п’е, дрыжыць, гарыць,

Злуецца, вусы шчыпле, хныча,

Не церпіць, кожны момант ліча,

І тут за шлюбным іх сталом

Тры князі з хмурчатым чалом,

Сядзяць, сумуюць маладыя;

Маўчаць перад збанком пустым,

Не ўпамяць кубкі кругавыя.

І ежа непрыемна ім;

Не чуюць вешчага Баяна,

Спусцілі долу свой пагляд:

То тры сапернікі Руслана;

У сэрцы тояць страшны яд ­

Кахання ненавісці чад.

Адзін – Рагдай, ваяка смелы,

Мячом рассунуў ён надзелы

Багатых кіеўскіх палёў;

Другі – Фарлаф, крыкун парожны,

На балях быў непераможны,

Але чураўся ён баёў;

Апошні, повен думы бурнай,

Ратмір – хазарскі хан. На жаль ­

Утрох сядзець тужліва, хмурна,

Вясёлы баль для іx не баль.

 

Вось і канец; усталі госці,

Бязладна, ў шумнай весялосці

Ідуць; глядзяць на маладых:

Нявеста вочы апусціла,

Як быццам сэрцам затужыла,

А ззяе радасны жаніх.

Ды цень абняў усю прыроду,

Глухі час поўначы прышоў;

Баяры, дрэмлючы ад мёду,

З паклонам рушылі дамоў.

Жаніх гарыць, і ў захапленні

Галубіць ён сабе ўяўленнем

Дзяўчыны слаўнай прыгажосць;

З таемным сумным заміленнем

Вялікі князь з задавальненнем

Благаслаўляе маладосць.

 

І вось нявесту маладую

Вядуць на шлюбную пасцель;

Агні патухлі... і начную

Лампаду запаляе Лель.

Збылося мілае імкненне,

Кахання блізяцца дары;

Спадзе рэўнівае адзенне

На цараградскія каўры...

Ці чутны шэпты закаханых

І пацалункаў палкі гук

І сэрца стук усхваляваны

Апошняй боязні?.. Супруг

Шчаслівы момантам жаданым;

Вось ён настаў. І тут – наўкруг

Гром грымнуў, свет бліснуў ў тумане,

Лампада тухне, дым бяжыць,

Вакол цямнее, ўсё дрыжыць,

Душа замёрла у Руслана...

Ўсё змоўкла. Ў грознай цішыні

Пачуўся двойчы кліч нязнаны,

І хтось у дымнай глыбіні

Ўзляцеў чарней імглы туманнай…

І зноў палац пусты, заціх,

Падняўся спуджаны жаніх,

З аблічча льецца пот застылы;

Дрыжыць, халоднаю рукой

Гукае ў змрочнасць, сам не свой…

Бяда; няма сяброўкі мілай!

Паветра ловіць прад сабой;

Няма Людмілы ў цьме густой,

Украдзена нязнанай сілай.

 

Хоць дні пакутуеш свае

Ты, повен страсці нецярплівай,

Хоць цяжка жыць, сябры мае,

А жыць, аднак, яшчэ мажліва.

Пасля гаротных, доўгіx год

Абняць любімую дзяўчыну

Сваіх жаданняў, слёз, журбот

І так раптоўнасцю ў хвіліну

Навек згубіць... які дакор,

Бясспрэчна, лепш-бы я памёр!

 

Ды ўсё-ж жыве Руслан няшчасны.

А што вялікі князь сказаў?

Бядою ўражаны дачаснай,

На зяця гнеў свой скіраваў,

Яго і двор свой заклікае:

“Дзе, дзе Людміла?” – Ён пытае

З чалом жахлівым, агнявым.

Руслан не чуе... “Дзеці, дзеці!

Не жыць ужо мне больш на свеце,

О, зжальцеся вы над старым!

Скажыце, хто з вас будзе згодзен

Скакаць за дочкаю маёй?

Хто мне дачку маю знаходзе,

Таму – хвалюйся злодзей, стой!

Ты не ўсцярог жаны сваёй! –

Таму – аддам яе я ў цвеце,

З поўцарствам прадзедаў маіх.

Хто-ж адгукнецца, дзеці, дзеці!..”

– Я! – сумна вымавіў жаніх.

Я! я! – гукнулі тут з Рагдаем

Фарлаф і радасны Ратмір: –

Мы зараз коней асядлаем;

Мы рады ўсю аб’ездзіць шыр.

Кароткім будзе час разлукі;

Не бойся: едзем за княжной”.

Стары з удзячнасцю сваёй

У слёзах прасцірае рукі,

Увесь замучаны тугой.

 

Учацвярых выходзяць чынна;

Руслан, бы хто яго прыбіў;

За лёс утрачанай дзяўчыны

Дакор і мучыў і мярцвіў.

Садзяцца на коней імклівых,

Ля берагоў Дняпра шчаслівых

Лятуць, аж хмарай віўся пыл;

Схаваліся за небасхіл,

І не відаць ужо іx болей...

А доўга ўсё яшчэ глядзіць

Вялікі князь у далеч-поле

І думкай ім услед ляціць.

 

Руслан таміўся, быў маўклівы,

Ён сэнс і памяць пагубляў.

А ехаў поруч ганарліва

Фарлаф, з дакорам паглядаў

На невясёлага Руслана.

І ён казаў: “Прыждаў пары,

На волю вырваўся, сябры!

Ці хутка з волатам паганым

Спаткаюся? Пальецца кроў.

Каханне знае ўзлёт і згубы!

Павесяліся, меч мой, зноў,

Павесяліся, конь мой любы!”

 

Хазарскі хан, ён пачуццём

Ужо Людмілу абымае,

Ледзь не танцуе над сядлом:

Ў ім кроў гуляе маладая.

Агнём надзеі повен зрок:

То скокне ён, то зробіць крок

І гоніць зноў каня ліхога,

То ставіць на дыбкі каня,

То хутка мчыцца па дарогах.

 

Рагдай маўчыць. Ён лёсу злога

Баіцца больш таго агня.

Ён стомлен рэўнасцю дарэмнай,

І неспакойны штосьці ён,

І часта зрок яго страшэнны

За князем слаўся наўздагон.

 

Сапернікі адной дарогай

Сумесна едуць цэлы дзень.

Цямнее бераг, як трывогай

З усходу льецца начны цень;

Туманы над Дняпром глыбокім;

Ужо спачыць каням пара.

Скалістай сцежкаю шырокай

Перасякае шлях гара.

“Раз’едземся, пара! – сказалі, –

Нязнаны лёс спаткае нас”.

І кожны конь памчаўся далей,

Не чуўшы стомы ў гэты час.

 

Што робіш ты, Руслан тужлівы,

Адзін, дзе векавая ціш?

Людмілу, шлюбны дзень жахлівы

Здаецца ты нібыта сніш.

Насунуў медны шлем на бровы,

З рукі магутнай кінуў повад,

Ты шагам едзеш між палёў,

Ў душы тваёй павольна зноў

Надзея, вера згаснуць скора.

 

Ды тут прад віцязем пячора;

Ў пячоры светла. Ён зайшоў.

Скляпенне даўняе пароды, –

Равеснікі самой прыроды.

Што-ж бачыць віцязь наш у ёй?

Там старца ўбачыў прад сабой.

З густою белай барадой;

Лампада перад ім гарыць;

За кнігай дзён былых сядзіць,

Яе уважліва чытае.

“Заходзь, будзь ласкавы, мой сын! –

Сказаў з усмешкай ён Руслану: –

Ўжо дваццаць год я тут адзін

У змроку дзён сваіх я вяну;

А ўрэшце дзень той надышоў,

Што я калісь яшчэ прадбачыў.

Злучыла доля нас, няйначай,

І нашы сэрцы ўзварухне,

Сядай і выслухай мяне.

Руслане, страціў ты Людмілу;

Твой цвёрды дух губляе сілы;

Ды хутка ліха прабяжыць:

Да часу зло з табой бяжыць.

З надзеяй, вераю, разважна

Ідзі на ўсё, смялей ступай.

Наперад! Ты мячом адважна

Свой шлях на поўнач прабівай.

 

Ты знай, Руслан, зняважыў вораг

Цябе – страшэнны Чарнамор,

Крадзе красунь, хавае ў горах,

Ён уладар паўночных гор.

Яшчэ ў яго палацы дальнім

Ніхто не быў да гэтых пор,

А ты зласлівых спраў знішчальнік,

Ты будзеш там – ліхадзей

Загіне ад рукі тваёй.

І гаварыць не трэба болей:

Твой лёс і поспех тваіх дзей

Залежыць ад уласнай волі”.

 

Наш віцязь перад ім упаў,

Руку ад радасці цалуе.

Перад вачыма свет заззяў,

Мучэнні сэрцам не пануюць.

Ён ажывіўся: раптам зноў

Прыбегла сумная хвіліна...

“Пазнаў тваёй журбы прычыну;

Сум хутка пройдзе, як прышоў –

Сказаў стары: – цябе пужае

Каханне ведзьмара; дый не,

Яно дарэмнае і знаеш

Зусім не страшнае княжне.

Ён зоры зводзіць з высі яснай,

Ён свісне – месяц задрыжыць;

Але супроць законаў часу

Яго навука не ўстаіць.

Рэўнівы, злосны ён ахоўнік

Замкоў бязлітасных дзвярэй,

Ён толькі мучыць безумоўна

Душу нявольніцы сваей.

Наўкол яе маўкліва бродзіць,

Клчне ён лёс суровы свой…

Ды, віцязь добры, дзень праходзе,

А трэба ўсё-ж табе спакой!”

 

Руслан на мяккі мох кладзецца

Прад заміраючым агнём;

Заснуць жадае моцным сном,

Але не можа, сэрца б’ецца,

Раскрые вочы, уздыхне:

“Не спіцца, бацька, штосьці мне!

Што мне рабіць: я хвор душою,

І сон не ў сон, як нудна жыць.

Дазволь мне сэрца асвяжыць

Тваёй гаворкаю святою.

Пытанне я задам табе,

Прызнайся: хто ты, дабрадзейны,

Майго жыцця айцец надзейны?

Ў пустыню хто загнаў цябе?”

 

Стары, з усмешкаю маркотнай,

Свой даў адказ: “Любімы сын,

Не помню я свой край гаротны

Айчызны дальняй. Кроўны фін

У полі нам адным вядомым,

Ганяў я статак сёл знаёмых,

І з дзён юнацтва толькі знаў

Лясы дрымучыя, палянкі,

Пячоры, раўчакі між траў

Ды дзікай беднасці гулянкі.

Але там жыць, нібыта ў сне,

Нядоўга давялося мне.

Тады ад хаты недалёка,

Як быццам кветка адзінока;

Жыла Наіна. Між дзяўчат

Яна грымела пекнатою.

Аднойчы ранняю парою

Ганю свой статак, ля прысад,

Я на дудзе сваёй іграю;

Перада мной шумеў паток.

Адна красуня маладая

На беразе пляла вянок.

Была – шчаслівая хвіліна...

Ах, віцязь – то была Наіна!

Я да яе ўраз падышоў,

Адным ахоплены жаданнем,

Душой тады пазнаў любоў

З яе нябесным красаваннем,

З яе тугой, што паліць кроў.

 

Мінула года палавіна;

Сказаў, хвалюючыся, ёй:

Люблю, люблю цябе, Наіна.

Але журботны голас мой

Яна ў душы не адчувала,

Любіла больш за ўсё сябе;

І раўнадушна адказала:

“Пастух, я не люблю цябе!”

 

І ўсё мне дзіка, змрочна стала:

І родны лес, і цень дуброў,

І гульні жвавых пастухоў –

Нішто тугі не сунімала.

Ў самоце сэрца сохла, вяла.

Тады і думкі падышлі

Пакінуць фінскія палі;

Сабраць адважную дружыну,

Марамі ў далеч плыць і плыць.

І славай бітвы заслужыць

Увагу гордае Наіны.

Я клікнуў смелых рыбакоў

Шукаць і золата і сховаў.

І ціхі край маіх бацькоў

Пачуў змагання гул суровы

І шум узброеных чаўноў.

Надзеяй повен плыў я ў далеч

З гурбой бясстрашных землякоў;

Мы дзесяць год на снег і хвалі

Лілі людзей варожых кроў.

Слух прабягаў: цары чужбіны

Mаіx палохаліся дзей;

Іx гордых воінаў дружыны

Ўцякалі ад маіх мячэй.

Мы ваявалі ўсе адразу,

Дзялілі дань, ішлі у даль,

Мы ўсе, з нявольнікамі разам,

Спраўлялі свой вясёлы баль.

Ды сэрца, поўнае Наінай,

Ці то ў банкет, ці ў гул баёў,

Мяне цягнула да дзяўчыны,

Шукала фінскіх берагоў.

“Пара дамоў, сказаў я, другі!

Мы скінем жорсткія кальчугі,

Павесім іx пад родны дах.

Сказаў – і вёслы зашумелі;

І, пакідаўшы ў моры страх,

Дадому, з радасцю ў вачах,

Мы горда й весела ляцелі.

 

Збыліся мары пекнаты,

Збыліся палкія жаданні!

Хвіліна мілага спаткання,

І для мяне бліснула ты!

Прынёс да ног сваёй Наіны

Каралі, золата, тканіны;

Меч акрываўлены паклаў;

І перад ёю зачарован,

Сярод зайздрослівых сябровак,

Авіты страсцю я стаяў;

Стаяў нявольнікам паслушным,

Яна ўцякла, перада мной

Сказаўшы гэтак раўнадушна:

“Я не люблю цябе, герой!”

 

Руслан, ты не адчуў хвіліны

Зневажанага пачуцця.

Не знаў пагарды ты дзяўчыны.

Чаго-ж ты хочаш ад жыцця!

Шчаслівец, смуткам сэрца губіш,

А ты любімы так, як любіш.

 

Пашто расказваць, добры сын,

Ды расказаць не хопіць сілы.

Ах, і цяпер адзін, адзін.

Душой заснуўшы, ля магілы,

Я помню горасць, і парой,

Як пра былое прыгадаю,

Па барадзе маёй сівой

Сляза цяжкая працякае.

 

Паслухай: на зямлі бацькоў

Спакон вякоў між рыбакоў

Адна навука працвітае.

Сярод лясоў, ці ля ракі,

Сівыя, ў глушыні далёкай

Жывуць здаўна чараўнікі;

Валодаць мудрасцю высокай

Імкнуцца, каб пазнаць вякі;

Ўсё чуе голас іx суладны,

І што было, што будзе зноў,

Іх волі грознай падуладны

І дамавіна і любоў.

 

І я, так прагнучы кахання,

Рашыў у смутку й нараканнях

Наіну чарамі схіліць,

І ў сэрцы любай чараваннем

Агні кахання запаліць.

Спяшаўся я на шлях свабоды,

У адзінотны змрок лясоў;

Там я ў навуцы ведзьмароў,

Правёў нябачаныя годы.

Настаў даўно жаданы міг,

І тайну страшную прыроды

Я светлай думкаю пасціг:

Пазнаў я сілу заклінанняў,

Вянок кахання і жаданняў!

Цяпер, Наіна, ты мая!

Я перамог! Так думаў я.

Але другая злая воля

Перамагла мяне, эх, доля.

 

З надзеяй шчасця і спагад,

З жаданнем палкага спаткання,

Раблю паспешна заклінанні,

Склікаю духаў – сам не рад! –

Шалёны, лётаю няспынна,

Дастойны Чарнамора брат,

Краду любімую Наіну.

Заваражыў – і ў цьме лясной

Страла прабегла грамавая,

Віxор чароўны ўзняў развой,

Зямля ўздрыгнула пад нагой...

І раптам бачу прада мной

Сядзіць бабулька, ледзь жывая,

Блішчыць вачыма, ўся сівая,

З гарбом, з трасучай галавой,

Журботнай старасці часіна.

Ах, віцязь, то была Наіна!..

І я жахнуўся і маўчаў,

Вачыма здань страшную мерыў.

Я сумняваўся і не верыў,

І тут заплакаў, закрычаў:

Наіна, ты?! Ах, немажліва!

Скажы, дзе ўзлёт красы тваёй?

Няўжо нябёсы так жахліва

Цябе змянілі, дружа мой?

Скажы, як вышаў я ў паход,

Расстаўшыся з душой і мілай,

Ці даўна?.. “Роўна сорак год”,

Адказ быў повен зла й журбот: –

“Сягоння семдзесят мне біла.

І што рабіць? – пішчыць яна, –

Гады гурбою праляцелі,

Прайшла мая, твая вясна,

Абодва пастарэць паспелі.

Ды слухай, дружа: не бяда

Юнацтва здрадлівага ўтрата.

Сівая ўся цяпер, нуда,

Здаецца, стала і гарбатай;

Не тое, што калісь была;

Як кветка дзіўная цвіла;

Цяпер (прыбавіла пляткарка)

Адкрыю тайну: я вядзьмарка!”

 

Было на самай справе так.

Нямы, застыглы перад ёю,

Я дурань быў, а не мастак,

З усёй прамудрасцю маёю.

 

Ды вось жахліва: як на злосць

Якраз збылося чараванне.

Мая сівая прыгажосць

Аж палымнее ад кахання.

Скрывіўшы ўхмылкай страшны твар,

Магільным голасам пачвар

Бармоча мне сваё прызнанне.

Ад страху я збялеў дазвання!

Спусціўшы вочы я дрыжэў;

Яна праз кашаль не ўнімала

Сваёй гаворкі нараспеў:

“Так, сэрца я цяпер пазнала;

Яна, мой верны друг, у нас

Для нежнай страсці ў нежны час;

Гараць пачуцці, я палаю,

Жаданні здзейсні ўсе свае...

Прыдзі ў абдымкі ты мае...

О мілы, мілы! паміраю…”

 

А паміж тым яна, Руслан,

Мігала цёмнымі вачамі;

А паміж тым за мой кафтан

Што сіл трымалася рукамі;

А паміж тым – я заміраў,

Жахлівасць зрок мой засцілала;

Цярпець знянацку сіл не стала;

Я з крыкам вырваўся, ўцякаў.

Яна-ж услед! “О, недастойны!

Ты ўсхваляваў мой век спакойны,

Парваў нявіннай дзевы сны!

Здабыў каханне ты Наіны

І зневажаеш – вось мужчыны!

Заўсёды здраднікі яны!

Але тут больш маёй віны:

Прывабіў ён мяне няшчасный!

Я гіну ад парываў страсных...

Дзявочы злодзей! Ганьба! Знай!

Дрыжы, нягоднік, пачакай!”

 

Так разышліся. Ў гэты край

Прышоў, з тых пор у беспрасвецці

Жыву з разбітаю душой;

Уцехай мне адно на свеце –

Прырода, мудрасць і спакой.

Магіла ўжо мяне гукае;

А пра пачуцці а ні-ні

Не забываецца старая,

Кахання позняга агні

З дасады ў злосць ператварае.

Душою чорнай у кляцьбе

Старая ведзьма ўжо бясспрэчна

Узненавідзіць і цябе;

Ды гора на зямлі не вечна”.

 

Наш віцязь з смагаю прымаў

Апавяданні старца; вочы

Дрымотай ён не закрываў,

І ціхага палёта ночы

У думках ён не адчуваў.

Але праменны дзень зіяе...

Ўздыхнуўшы, віцязь абымае

З падзякай старца-ведзьмара;

Багата мар, надзей, дабра.

Выходзіць ён. Нагамі сціснуў

Руслан каня. І ў далячынь

Сабраўся рушыцца, прысвіснуў.

“Мяне, гэй, бацька, не пакінь!”

І скача ён пустой далінай.

Сівы мудрэц, як быццам сыну,

Крычыць услед “Шчаслівы пуць!

Даруй, любі сваю дзяўчыну,

Парадаў старца не забудзь!”

 

Песня другая

 

Сапернікі ў майстэрстве бою,

Не знайце міру між сабой;

Насіце горда вашу зброю

У захапленнях барацьбой!

Хай перад вамі свет смуткуе,

Дзівіцеся ўрачыстым дням:

Бо вас ніхто не пашкадуе,

Ніхто не перашкодзіць вам.

Сапернікі другога роду,

Вы, рыцары парнаскіх гор,

Вы не смяшыце лепш народу,

Суцішце свой сварлівы хор;

У спрэчках – будзьце асцярожны.

А вы, сапернікі яе,

Жывіце дружна, калі можна!

Паверце мне, сябры мае:

Каму дзявочае каханне

Належыць лёсам да сканання,

На зло той будзе між уцех;

І тут злавацца смех і грэх.

Няўжо бог даў для нас адно –

Пад сонцам шчасце асалоды?

Вам застаюцца нагародай

Вайна і Музы і віно.

 

Калі Рагдай неўгамаваны,

Глухой трывогай змардаваны,

Пакінуўшы сяброў сваіх,

Пусціўся ў край ён адзінотны

І ехаў між пустынь лясных,

Спавіты думаю журботнай, –

Злы дух трывожыў, уладаў

Яго душою засмучонай,

І невясёлы князь шаптаў:

“Заб’ю!.. Зніштожу ўсе прапоны…

Мяне пазнаеш ты, Руслан!

Цяпер-жа, дзеўчына, паплача…”

Крануў каня і, між палян,

Ужо назад, што сілы скача.

 

А ў гэты час салодкі сон

Апанаваў Фарлафа, ён

Схаваўся ў цень, каб не смаліцца

На яркім сонечным агні,

І адзінотна, ля крыніцы,

Абедаць стаў у цішыні.

І раптам бачыць: нехта ў полі,

Як бура, мчыцца на кані;

Не марнаваўшы часу болей,

Фарлаф, пакінуўшы абед,

Кап’ё, кальчугу, шлём, пальчаткі,

Сеў у сядло і без аглядкі

Ляціць – а той за ім услед.

“Бягляк, спыніся, вераломны! –

Крычыць Фарлафу незнаёмы. –

Нягоднік, дай сябе нагнаць!

Дай галаву з цябе сарваць!”

Фарлаф, пазнаўшы крык Рагдая,

Ад страху тросся, заміpаў,

Сам смерць сваю ён насцігае,

Каня яшчэ хутчэй пагнаў.

Так толькі заяц баязлівы,

Што cіл, напуджаны, імкліва

Бяжыць праз поле, праз лясы,

Калі за ім імчацца псы.

На месцы слаўнага пабегу

Вясной, ад рыхлага ўжо снегу,

Шумліва раўчукі цяклі

Па векавых грудзях зямлі.

Да рову конь прыбег імклівы,

Махнуў хвастом і белай грывай,

Свае сцяў цуглі між зубоў

І пераскочыў цераз роў;

А коннік кволы ўверх нагамі

Зляцеў нязграбна ў гразкі роў,

І свет цямнеў перад вачамі,

Быў смерць сваю прыняць гатоў,

Рагдай да яру падлятае,

Мячом махае наўздагон;

“Загінь-жа, трус! памры!” вяшчае...

Тут пазнае Фарлафа ён;

Гдядзіць, і рукі абамлелі;

Здзіўленне, прыкрасць, крыўда, гнеў

На твары раптам заблішчэлі;

Герой сцяў зубы, анямеў,

І ўжо з панурай галавою

Хутчэй ад яру скіраваў,

Нібы шалеў… Ледзь, ледзь не стаў

Ён сам смяяцца над сабою.

 

Тады спаткаў ён пад гарой

Бабулечку чуць-чуць жывую,

Гарбатую, зусім сівую.

Яна дарожнаю клюкой

Яму на поўнач паказала.

“Ты знойдзеш там яго”, сказала.

Рагдай вясёласцю ўскіпеў

І к вернай смерці паляцеў.

 

А наш Фарлаф? Ляжыць, бядуе,

Дыхнуць баіцца; сам не свой.

І толькі ў думках: ці жыву я?

Куды-ж уцёк сапернік мой?

І раптам чуе над сабой,

Нібы з магілы, кліч старой:

“Устань, малойчык; ціха ў полі;

Нікога ты не стрэнеш болей;

Каня табе даю, прымай;

Мяне паслухайся, ўставай.”

 

Фарлаф збянтэжана міжволі

Паўзком пакінуў брудны роў;

Мясцовасць ціха аглядае,

Ўздыхнуў, і ў радасці гукае:

“Ну, дзякуй богу, я здароў!”

 

“Павер! – бабулька зноў сказала: –

Людмілу цяжка адшукаць;

Яна далёка дзесь прапала;

Не вам з табой яе дастаць.

Па свету ездзіць небяспечна;

Ты, мілы, будзеш сам не рад.

Параду я даю сардэчна:

Ідзі паціханьку назад.

 

Пад Кіевам, у аддаленні,

Ў сваім уласным пасяленні

Застанься жыць, у добры час:

Людміла не ўцячэ ад нас.”

 

Сказаўшы, знікла. Неўцярпенні

Герой не доўга разважаў,

“Дадому!” – шлях свой скіраваў,

Забыўся сэрцам ён пра славу

І пра княжну не ўспамінаў;

І ледзьве чутны шэпт дубравы,

Палёт сініцы, рокат вод

Яго кідалі ў жар і пот.

 

Між тым Руслан ляціць стралою;

Ў глушы лясоў, сярод палёў

Прывычнай думаю сваёю

Ён да Людмілы прагнуў зноў,

І кажа ён: “Ці адшукаю?

Дзе ты, каго я так кахаю?

Ці ўбачу ясны твой пагляд?

Ці ўчую слоў твой нежны лад?

Ці можа лёс, каб чарадзея

Ты век нявольніцай была,

Каб вечнай дзевай ліхадзея

Ў цямніцы змрочнай адцвіла?

Альбо сапернік прыдзе хціўны?

Ніколі, не, мой дружа дзіўны:

Яшчэ пры мне мой верны меч,

І галава не ўпала з плеч.”

 

Аднойчы, цёмнаю парою,

Каменным берагам крутым

Наш віцязь ехаў над ракою.

Заціхла ўсё. І ўраз за ім

Стралы імклівае трымчанне,

Кальчугі звон, выццё, іржанне

Ды тупат па траве густой.

І раптам грымнуў голас: “Стой!”

Ён азірнуўся: ў полі чыстым,

Кап’ё падняўшы, мчыцца з cвіcтам

Шалёны коннік, і стралой

Князь паляцеў яму настрэчу.

“Ага! дагнаў цябе! пастой! –

Гукае коннік, сам не свой: –

Рыхтуйся на ліхую сечу;

Цяпер кладзіся, не ўцякай;

А там дзяўчат сваіх шукай.”

Руслан дрыжэў, кіпеў ад гнева;

Пазнаў ён злыдня спраў ліхіх.

 

Сябры мае! А наша дзева?

Пакінем віцязяў на міг;

Аб іx я зноў успомню скора,

А то даўно пара ўжо мне

Падумаць крышку аб княжне

І аб жахлівым Чарнаморы.

 

О мар маіх жаданы госць,

Няхай часамі і не скромны,

Я расказаў, як ноччу цёмнай

Людмілы нежнай прыгажосць

Ад ап’янелага Руслана

Схавалася сярод тумана.

Княжна! Як толькі ліхадзей

Рукой магутнаю сваей

Цябе сарваў з пасцелі шлюбнай,

Нібы віхор, да хмар густых

Узняўся з смагай душагубнай

І хутка ўцёк да гор cваіx –

Ты ў страху страціла прытомнасць.

Праз змрок паветра, цяжкі дым

У замку ведзьмара страшным

Ты апынулася умомант.

 

Я летняй наглядаў парой,

На прызбе седзячы сваёй,

Калі за курыцай труслівай

Султан куратніка пышлівы,

Мой певень на дварэ скакаў

І страснымі сваймі крыламі

Ужо сяброўку абымаў;

Над імі хітрымі кругамі

Курыны злодзей з даўніх пор,

Каршун насіўся, плаваў шэры,

Прыняўшы здрадлівыя меры,

Ён, як маланка, ўпаў на двор.

Узняўся. Ў кіпцюрах страшэнных

Ў край небяспечны і таемны

Зладзюга бедную імчаў,

Дарэмна певень скрозь гукаў,

Халодным страхам апантаны,

Сваю каханку, ён наўкруг

Дзівіўся на лятучы пух,

Лягучым ветрыкам нагнаны.

 

Да самай раніцы княжна

У цяжкім забыцці ляжала,

Як быццам ёю жудасць сна

Цяпер навек запанавала.

Аднак прачнулася, устала

Ўся ўсхваляваная яна;

Душой ляціць бы ў лятуценні,

Кагось шукае ў захапленні;

“Дзе муж, дзе мілы?” – шэпча ўслух,

Ў вачах яе агонь патух.

Глядзіць з пужлівасцю наўкруг,

Людміла, дзе твая святліца?

Дзе ложак радасці тваёй?

Адна, з жахлівай цішынёй

Ляжыць, сумуе маладзіца,

Сярод падушак пухавых,

Пад гордым ценем балдахіна;

Заслоны, пышная пярына

Блішчыць ва ўзорах агнявых;

Тканіны ўсюды дарагія;

Іскрацца яханты, як жар;

Кругом курыльні залатыя

Ўздымаюць араматы чар;

Даволі... Што мне за прынада

Апісваць замак чар, яно

Ужо мяне Шахеразада

Ў тым папярэдзіла даўно.

Ды светлы церам нам не радасць

Калі там друга не відно.

Вы знаеце, што наша дзева

Была адзета ў гэты час,

Па акалічнасці якраз,

Як наша прабабулька Ева.

Убор нявінны ў маладой!

Убор Амура і прыроды!

Шкада, што ўжо ён вышаў з моды!

І перад здзіўленай княжной

Тры дзевы, пекнаты чароўнай,

Ў адзенні лёгкім, сцежкай роўнай

З’явіліся і падышлі,

Паклон аддаўшы да зямлі.

Так прывітаўшы маладую,

Адна бліжэй з іx падышла;

Касу Людмілы залатую

Рукою лёгкай запляла

З мастацтвам, нам цяпер не новым,

І абвіла вянком пярловым

Навокал бледнага чала.

Тут падыходзе ўжо другая,

Свой погляд скромна апускае;

Блакітны, пышны сарафан

Убраў Людмілы стройны стан;

Пакрыты кудры залатыя,

І плечы й грудзі маладыя

Фатой, празрыстай, як туман.

Убранне зайздрасна хавае

Людмілы полымны парыў,

Абутак лёгка прыціскае

Дзве ножкі, дзіва дзіўных дзіў.

Яшчэ дзяўчына – ў захапленні

Жамчужны пояс падае.

Між тым спявачка ў аддаленні

Ёй песню радасці пяе.

Але, не прыгажосць каралаў,

Hі сарафан, ні пэрлаў рад,

Ні спеў, ліслівасці, пахвалаў,

Яе не цешыць гэты лад;

Дарэмна люстра ёй малюе

Яе красу, убор і строй

Спусціўшы долу погляд свой,

Яна маўчыць, яна сумуе.

 

Хто праўду любіць, мусіць знаць,

У сэрцы цёмным хай чытаюць;

Ды знаюць добра, хоць маўчаць,

Што раз жанчына забывае

Як-небудзь, у самотны час,

На злосць прывычцы і звычаю,

У люстра глянуць хоць-бы раз –

Дык сумна ёй ужо без краю.

 

Ну вось Людміла зноў адна.

Не знаўшы, што пачаць, яна

Да вокан з кратамі падходзіць,

І зрок яе журботна бродзіць

Па ёй няведамай зямлі.

Ўcё мёртва. Снежныя раўніны

Кругом, як дываны, ляглі;

Стаяць панурых гор вяршыны,

І аднастайна ў ночы ў дні

У вечнай дрэмлюць цішыні;

Нідзе тут не відно ні сёлаў,

Ні спадарожніка ў снягах,

І паляўнічы рог вясёлы

Не трубіць у пустых гарах;

Парою з невясёлым свістам

Віхор бунтуе у полі чыстым

І, дзе віднее небакрай,

Хістае саматлівы гай.

 

У слёзах роспачы Людміла

Свой твар, ад сполаху, закрыла.

Што ёй рабіць, як ёй тут быць!

У дзверы срэбныя бяжыць;

Яны пад музыку і спевы

Раскрыліся, і наша дзева

Заходзе ў сад; а сад тут ззяў –

Цудоўней чым сады Арміды

І тых, якімі уладаў

Цар Саламон, ці князь Таўрыды.

Шумяць, гушкаючыся ў лад

Прад ёй цудоўныя дубровы,

Прысады пальмаў, лес лаўровы,

Пахучых міртаў стройны рад,

І кедраў гордыя вяршыны,

І залатыя апельсіны,

Люстэркам вод блішчаць яны.

Ляскі, прыгоркі і даліны

Ажыўлены агнём вясны.

Лагодны ўецца ветрык майскі,

Між зачарованых далін,

І свішча салавей кітайскі

У змроку трапяткіх галін;

Увысь алмазныя фантаны

Лятуць шумліва; тут і там

Пад імі ззяюць істуканы,

Нібы жывыя; Фідзій сам,

Пітомец Феба і Паллады,

У захапленні, наканец,

Свой зачарованы разец

Ён з рук-бы выпусціў з дасады.

І крышучыся аб аграды

Да долу ззяючай дугой

Лятуць, плюскочуць вадаспады;

І ручаі з цішы лясной

Чуць льюцца хваляй залатой.

Прытулак цішы і прахлады,

Скрозь зараслі густых кустоў

Альтанкі светлыя мільгаюць;

Галінкі руж усюды ззяюць,

Цвітуць і дышуць між шляхоў.

Але няўцешная Людміла

Ідзе, ідзе і не глядзіць;

Ёй роскаш чараў апастыла,

Хоць светлы край, а сумна жыць;

Куды, сама не знае, бродзіць,

Чароўны сад кругом абходзіць,

Каб там праліць нямала слёз,

І сумны погляд свой наводзіць

Да неразгаданых нябёс.

Знянацку погляд ажывіўся;

Ўся ўсхвалёвана яна,

Здалося, жудкі нарадзіўся

Учынак... Тут яна адна:

Масток высокі над патокам

Вісіць на скалах, як гарбах;

Яна ў самотнасці глыбокай

Бліжэй падходзіць — і ў слязах

На воды шумныя зірнула,

І, каб пакут цяжкіх не ўчуць,

Рашыла ў хвалях патануць —

Аднак-жа ў воду не нырнула.

Далей працягвала свой пуць.

 

О людзі, дзіўныя стварэнні!

Між тым, як цяжкія цярпенні

Трывожаць, прыгнятаюць вас,

Абедаць толькі прыдзе час —

Уміг вам жаласна даносіць

Парожны страўнік і да слёз

Заняцца ім таемна просіць.

Што вам сказаць пра гэткі лёс?

 

І ты, прыгожая Людміла,

Па сонцу бегаўшы ўвесь час,

Прыстала, слёзы асушыла,

Ў душы падумала: якраз!

На траўку села і раптоўна —

Шацёр перад вачыма ўраз

З’явіўся, з халадком цудоўным;

Абед багаты перад ёй;

Прыбор з бліскучага крыштала;

Тут з-за галінак пекнатой

Нябачна арфа заіграла.

Глядзіць нявольніца княжна,

Ды ўпотай думае яна:

„Адной, без мілага, ў няволі,

На што мне жыць на свеце болей?

О ты, запал чый у грудзях

Мяне галубіць, шчасцем вее,

Улада ведзьмара не страх,

Людміла ўмерці яшчэ ўмее!

Не трэба мне тваіх шатроў,

Ні нудных песень, ні піроў —

За ежу не прымусіш сесці,

Памру сярод тваіх садоў!”

  Падумала — і стала есці.

 

Княжна ўстае, і ўміг шацёр

І ў бляску золата прыбор,

І гукі арфы... ўсё прапала;

І як было ўсё ціха стала;

Галіны вецер глуха трос,

Ніхто не чуў тугі дзявочай;

Між тым у вышыні нябёс

Плыў маладзік, царэвіч ночы.

Імжыць імгла з усіх старон,

Пуцінкі змрочнасцю закрыла;

Княжну нявольна хіліць сон,

І ўраз няведамая сіла,

І ласкавей, чым ветрык той,

Яе ў паветра падымае,

Нясе ў палац чароўны свой

І асцярожна апускае

Скрозь фіміям вячэрніх роз

На ложак смутку, ложак слёз.

Тры дзевы мігам падляцелі,

Вакол княжны ціхутка селі,

Здымаюць нанач пышны строй;

Хаваюць хмуры погляд свой.

А прымусовае маўчанне

Будзілі ўпотай спачуванне,

Дакор бяссільны долі злой.

Ды паспяшым: рукой іх нежнай

Раздзета сонная княжна;

Уся ў прыгожасці бязмежнай,

Ў адной сарочцы беласнежнай

Кладзецца адпачыць яна.

І, развітаўшыся з палоннай,

Тры дзевы выбеглі з паклонам,

Паспеўшы дзверы зачыніць.

Але нявольніца не спіць!

Дрыжыць, як ліст, дыхнуць баіцца;

Імгненны сок з вачэй бяжыць.

Увагу сіліць маладзіца

І нерухома ў цьму глядзіць...

Скрозь глуха, змрочнасць наплывае!

Ды толькі сэрца не сціхае...

Здаецца... ціша шапаціць;

Ідуць... да ложка падступаюць;

Ў падушках скрылася, дрыжыць —

І раптам... страх!.. Сапраўды тут

Раздаўся шум; як цудаў цуд —

Цьма ночы бліснула агнямі;

Ўміг, ля дзвярэй ужо, радамі

Маўклівымі, нібы нямымі,

Арапы з шаблямі сваімі

Да ложка дзеўчыны ідуць,

Папарна, чынна, як мажліва,

І на падушках беражліва

Сівую бараду нясуць.

Ўваходзе важна ў гэту пору,

Падняўшы горда шыю ўгору,

З дзвярэй гарбаты чарадзей:

Ягонай галаве пабрытай,

Высокім калпаком пакрытай,

Якраз належыць барада.

Ужо ён блізіцца... бяда!

Княжна ўсхвалёвана, што сілы

Сівога карла за калпак

Рукою жваваю схапіла,

Ўзняла дрыжачы свой кулак,

І ў страху запішчэла так,

Што ўсіх арапаў аглушыла.

Дрыжыць і корчыцца бядак,

Больш чым княжна перапужаўся,

Заткнуўшы вушы, ён збіраўся

Ўцячы хутчэй, ды ў барадзе

Заблытаўся, упаў і б’ецца;

Ўстае, упаў; ў такой бядзе

Арапаў чорны рой снуецца;

Шумяць, піхаюцца, бягуць,

Хапаюць ведзьмара ў ахапку

І прэч разблытываць нясуць,

Пакінуўшы ў Людмілы шапку.

 

Ды як наш віцязь, наш яздок?

Ці-ж вы не помніце сустрэчу?

Бяры свой хуткі алавок,

Малюй, Арлоўскі, ноч і сечу!

Пры свеце месяца ўначы

Два князя люта біцца сталі;

З іх кожны праг перамагчы,

Далёка коп’і пакідалі.

Ужо разломаны мячы,

Крывёй кальчугі іх пакрыты,

Шчыты трашчаць, ушчэнт разбіты...

Яны схапіліся, што сіл,

Узняўшы ў неба чорны пыл;

Пад імі ў шале коні б’юцца;

Барцы, прыпаўшы да сядла,

Друг друга збіць з сядла імкнуцца,

Іх злосць абодвух спавіла;

Перапляліся і дрантвеюць;

Агонь па жылах іх бяжыць;

І сэрца ў кожнага дрыжыць —

І вось хістаюцца, слабеюць —

Хтось упадзе... Ўміг віцязь мой

Ўскіпеў, жалезнаю рукой

З сядла ён конніка зрывае,

Узняў, трымае над сабой

І ў хвалі з берага кідае.

„Загінь! — пагрозліва гукае: —

Памры, нягоднік люты мой!"

 

О ты, чытач, у чым тут справа?

З кім біўся смелы наш Руслан?

То быў шукальнік дзей крывавых,

Рагдай, надзея кіяўлян,

Людміле змрочны ён адданы,

Уздоўж дняпроўскіх берагоў

Шукаў саперніка слядоў;

Знайшоў, нагнаў, ды сіл пагана,

Не мог перамагчы Руслана,

І Русі ўслаўлены баец

Ў пустыні свой знайшоў канец.

І было чутна, што Рагдая

Тых вод русалка маладая

Рукой халоднай абвіла,

Пацалавала, заманіла,

На дно са смехам павяла,

Затым у ноч, як над магілай

Навокал ціхіх берагоў,

Багатырова здань хадзіла,

Пужала смелых рыбакоў.

 

Песня трэцяя

 

Дарэмна ў старане таіўся

Для мірных блізкіх мне людзей,

Мой верш! О ты не засланіўся

Ад гнеўных зайздрасці вачэй.

Ёй, бледны крытык, у паслугу,

Мяне дакорліва спытаў:

Пашто Русланаву падругу,

Як-бы на смех яе супругу,

Княжной і дзеваю назваў?

Чытач, ты бачыш, нарачыта

Тут злосці чорную пячаць!

Скажы, Зоіл, прадажны крытык,

Ну як і што мне адказаць?

Зачырванейся, бог з табою!

Цяпер спрачацца не хачу;

Я не крывіў сваёй душою,

І я пакорліва маўчу.

Ды зразумееш ты, Клімена,

Апусціш томна погляд свой,

Афяра сумнага Гімена...

Я бачу: след слязы тваёй

На маім вершы, сэрцу чулым;

Пачырванела, зрок пагас;

І моўчкі глыбака ўздыхнула!

Раўнівец: бойся, блізка час;

Амур з Дасадаю нядаўна

Ўступілі ў смелы загавор,

Для галавы тваёй бясслаўнай

Падрыхтаваны мсцівы ўбор.

 

Ўжо рань халодная заззяла

На цемені паўночных гор;

А ў дзіўным замку ўсё маўчала.

Ў дасадзе скрытай Чарнамор

Без шапкі лёг, адпачывае,

На ложку злосна пазяхае.

Ля барады яго аддана

Рабы снаваліся, яны

Маўкліва грэбнем касцяным

Яе расчэсвалі старанна;

Між тым, на вусы, для карысці

І для красы яго, ліліся

Усходніх чараў араматы,

І кудры хітрыя віліся;

Як раптам, скуль тут не вазьміся

Ў акно улятае змей крылаты:

Грыміць жалезнаю луской,

У кольцы быстрыя сагнуўся

І тут Наінай абярнуўся

Ён перад здзіўленай гурбой.

“Цябе вітаю я, — сказала, —

Сабрат, здаўна шаноўны мой!

Дасюль я Чарнамора знала

Адною гутаркай людской;

Цябе таемны лёс злучае

Цяпер з варожасцю маёй;

Табе няшчасце пагражае,

Навісла хмара над табой;

Мой кліч зняважаны ўстае,

Заве да помсты нецярпліва.”

 

Руку ёй карла падае,

А хітра так, а так лісліва,

І кажа: “Дзіўная Наіна!

Тваё сяброўства берагу.

Зняславім мы каварства фіна;

Але падкоп яго змагу;

Слабы наш вораг, пераможам;

Пазнай ты лёс цудоўны мой:

Сваёй выдатнай барадой

Глядзі, я нездарма ўпрыгожан.

Пакуль мне валасоў сівых

Не пасякуць мячом варожым,

Ніхто мне з віцязяў ліхіх,

Ніхто з смяротных не зніштожыць

Найменшых замыслаў маіх;

Маёю будзе век Людміла,

Руслан асуджаны на скон!”

І змрочна ведзьма паўтарыла:

“Загіне ён! Загіне ён!”

І потым тройчы прашыпела,

І тройчы тупнула нагой,

І чорным змеем паляцела.

 

Убраны рызай залатой,

Вядзьмар, натхненны чараўніцай,

Павесялеў, рашыўся зноў

Да ног панесці маладзіцы

Пакорнасць, вусы і любоў.

Адзеты карлік барадаты,

Ён зноў ідзе ў яе палаты;

Мінуў даўгі пакояў рад;

Княжны няма. Шагае ў сад,

У лес лаўровы, к кратам сада.

Ўздоўж возера і вадапада,

Пад мосцікі глядзіць, як след,

Княжны няма, прапаў і след!

Хто выкажа яго здзіўленне,

І рык, і плач, і абурэнне?

З дасады дня не ўбачыў ён.

Раздаўся карлы дзікі стон:

«Сюды, нявольнікі, бяжыце!

Вы носьбіты маіх надзей!

Людмілу зараз прывядзіце!

Шукайце, чуеце? Хутчэй!

А не — жартуеце са мною —

Ўсіх задаўлю вас барадою”!

 

Чытач, ці расказаць табе,

Куды красуня запрапала?

Ўсю ноч яна кляла ў журбе

Свой горкі лёс і — рагатала.

Было ёй страшна барады,

Ды карлу знала дасканальна,

Ён смешны быў, а ўжо заўжды

І смех і жах несумяшчальны.

Насустрач золаку — уміг

Пасцель пакінула Людміла,

І змрок міжвольна свой спыніла

На люстрах ясных, дарагіх;

Міжвольна кудры залатыя

З лілейных плеч яна ўзняла,

І валасы свае густыя

Рукой нядбайнай запляла;

Сваё ўчарайшае убранне

Выпадкам у кутку знайшла;

Яна адзелася і зрання

З дасады плакаць пачала;

Аднак-жа з люстранога шкла

Свой зрок не зводзіла і скора

На розум дзеўчыне прышло

Паспрабаваць і на чало

Прымерыць шапку Чарнамора.

Скрозь ціха, спіць яшчэ народ;

Ніхто на дзеўчыну не гляне...

А дзеўчыне ў семнаццаць год

Якая шапка не прыстане!

Прыхарашыцца самы час!

Людміла шапкаю вярцела;

Круціла так і сяк, якраз

Наадварот яна надзела.

І што-ж? О цуда дзён старых!

У люстры дзеўчына прапала;

Перавярнула шапку — ўміг

Людміла зноў у люстры ззяла;

Назад надзела — зноў няма;

Зняла — і ў люстры! “О, як дзіўна!

Дабро, вядзьмар, цяпер дарма,

Цяпер не страшна твая хціўнасць;

Я выйду, выйду з тваіх крат!“

Княжна ад шчасця чырванее,

І шапку злога ліхадзея

Адзела перадам назад.

 

Давайце ўспомнім, дзе-ж герой?

Бо ці-ж не сорам нам займацца

Так доўга шапкай, барадой,

Пра лёс Руслана забывацца?

Бой люты скончыўшы з Рагдаем,

Праехаў вечныя бары;

Прад ім прасторы выплываюць

У бляску ранішняй зары.

Дрыжыць наш віцязь мімаволі:

Даўнейшай бітвы бачыць поле.

Пустая далеч; у кустах

Жаўцеюць косці; па буграх

Раскінуты калчаны, латы;

Дзе збруя, дзе іржавы шчыт;

Ў руцэ кастлявай меч ляжыць;

Травой аброс там шлем касматы,

І чэрап парахнее ў ім;

Багатыра касцяк там цэлы

Ляжыць у полі тым нямым

З яго канём; кап’ё і стрэлы

Ляжаць у чорнай глыбіні.

І мірны плюш іх абвівае...

Нішто маўклівай цішыні

Ў пустыні тут не абурае,

І сонца з яснай вышыні

Даліну смерці асвятляе.

 

Ўздыхнуўшы, князь наўкол сябе

Дзівіцца сумнымі вачамі.

“О поле, поле, хто цябе

Усеяў мёртвымі касцямі?

Чый быстры конь цябе таптаў

Ў апошні час крывавай бітвы?

Хто тут са славаю сканаў?

Чые тут чуліся малітвы?

Навошта поле змоўкла ты

І парасло палын-травою?

Часоў ад вечнай цемнаты

Быць можа й мне няма спакою!

А мо’ на ўзгорку тым нямым

Паставяць ціхі гроб Русланаў,

І струны зычныя Баянаў

Не будуць гаварыць аб ім!”

 

Ды хутка ўспомніў віцязь мой,

Што меч спатрэбіцца герою

І нават панцыр; а герой

Ў апошняй бітве абяззброен.

Абходзіць поле ён наўкруг;

Сярод касцей параскіданых

У кучах тлеючых кальчуг,

Мячэй і шлемаў паламаных

Сабе шукае зброю ён.

Прачнуўся гул і шыр нямая,

Узняўся ў полі трэск і звон;

Ён шчыт іржавы падымае;

Знайшоў і шлем, і звонкі рог;

Адно мяча знайсці не мог.

Даліну бітвы аб’язджае,

Мячэй знаходзіць многа ён,

Ды кожны лёгкі, нетрывалы,

А князь прыгожы быў, не вялы,

Ні то, што віцязь нашых дзён.

Каб чым заняцца ад дакукі,

Кап’ё стальное ўзяў у рукі,

Надзеў кальчугу ён, як след,

І зноў далей падаўся ў свет.

 

Ужо знікаў закат румяны,

Над стэпам слаўся змрок густы;

Дымяцца сінія туманы,

Ўзыходзе месяц залаты;

Сцямнела. Сцежкаю выгарнай

Ў задуме едзе наш Руслан

І бачыць праз начны туман

Чарнее ўзгорак велізарны

І нешта страшнае хрыпіць.

Ён падбіраецца да ўзвышша,

Ён чуе: ўзвышша быццам дыша.

Руслан прыслухаўся, глядзіць,

Упэўнена, з спакойным духам;

А, пашавельваючы вухам,

Конь упіраецца, дрыжыць,

Трасе упартай галавою,

І грыва ўздыблена гарою.

Узгорак раптам яснатою

Ад света месяца заззяў,

Яснее; князь здзіўлены стаў,

Ён цуда бачыць прад сабою.

Знайду я словы хараства?

Прад ім жывая галава.

Вялізны вочы сном абняты;

Храпе, качае шлем пярнаты,

Высока пер’і ў цемнаце,

Як цені ўюцца, ходзяць жвава.

Ў сваёй жахлівай пекнаце

Над стэпам змрочным, як праява,

Яна ўздымаецца, маўчыць,

Пустыні вартаўнік адданы,

І перад віцязем стаіць

Гарою грознай і туманнай.

І задзіўлёны хоча ён

Каб таямнічы ўзрушыць сон.

Руслан, аглядваючы дзіва,

Аб’ехаў галаву кругом

І перад носам стаў маўкліва;

Ласкоча ноздры ён кап'ём,

І галава тут пазяхнула,

Адкрыла вочы і чыхнула...

Віхор падняўся, грозным гулам

Узвіўся пыл; з павек, з вусоў

З брывей зляцела стая соў;

Лес абудзіўся маўчалівы,

Чыхнула водгулле — імклівы

Конь заіржаў і адляцеў.

Аж ледзьве віцязь усядзеў,

І ўслед раздаўся голас шумны:

“Куды ты, віцязь неразумны?

Хутчэй назад, не жарты, ну!

Якраз нахала праглыну!”

Руслан з пагардай азірнуўся,

Стрымаў каня і ў старане

Ён з гордым відам усміхнуўся.

“Чаго ты хочаш ад мяне? —

Тут галава як закрычала. —

Вось госця доля надаслала!

Паслухай, прэч хутчэй ідзі!

Я спаць хачу, ўжо ноч, глядзі,

Бывай!” Ды віцязь наш славуты,

Пачуўшы грубасць, не стрываў,

Ускрыкнуў з важнасцю і люта:

“Маўчы, пустая галава!

Што-ж, чуў я ісціну бывала:

Хоць шырак лоб — мазгоў-жа мала!

Я еду, еду, не свішчу,

А як наеду, не спушчу!”

 

Тады, ад злосці анямеўшы

І ярасцю ўспалымнеўшы,

Ўспыліла галава; як жар,

Крывёю вочы заблішчэлі;

І зубы гнеўна задрыжэлі;

З вушэй і вуснаў хлынуў пар —

І тут яна, што сіл хапала,

Насустрач князю стала дуць;

Спужаўся конь, пачуў бяду,

Заплюшчыў вочы і пужліва

Праз цемень ночы, шквал бурлівы

У шлях няпэўны зноў бяжыць;

Нібы сляпы, авіты страхам,

Увесь знясілены ён жахам,

Імчыцца ў даль, каб адпачыць.

Ды зноў вярнуцца віцязь хоча —

Адбіты зноў, надзей няма!

А галава услед сама

Як звар’яцелая рагоча,

Грыміць: “Ай, віцязь! ай, герой!

Куды ты? Цішай, цішай, стой!

Эй, віцязь, шыю зломіш дарам;

Ці можа страх цябе праняў?

Парадуй хоць адным ударам,

Пакуль каня не змардаваў.”

А паміж тым яна героя

Дражніла страшным языком.

Руслан, дасаду ў сэрцы стоіў,

Маўкліва грозіць ёй кап’ём.

Трасе яго рукой свабоднай,

І, дрыжучы, булат халодны

Ткнуў у гарэзлівы язык.

І кроў з раз’юшанага зева

Ракою палілася ўміг.

Ад задзіўлення, болю, гнева,

Умомант шал згубіўшы свой,

На князя галава глядзела,

Жалеза грызла і бляднела.

Вось так здараецца парой.

Спыняючыся сярод сцэны,

Няўдалы вучань Мельпамены,

Раптоўным свістам збіты ўраз;

Людзей не бачыць доўгі час,

Бляднее, ролю забывае,

З апушчанаю галавой

Ён заікаецца, змаўкае

Перад насмешлівай гурбой.

Такой спрыяючай хвілінай

Да галавы ўжо безупынна,

Як ястраб, багатыр ляціць

З узнятай, грознаю рукою,

І рукавіцаю цяжкою

Стаў галаву з размаху біць,

І стэп ударам прагрымела;

Кругом расістая трава

Крывавай пенай заблішчэла,

І, задрыжэўшы, галава

Перавярнулася, зляцела,

І шлем чугунны загрымеў.

Тады на месцы апусцелым

Меч багатырскі заблішчэў.

Наш віцязь радасны, ён смела

Яго схапіў і к галаве

Па акрываўленай траве

Бяжыць з намерам паквітацца,

Каб ёй адсекчы вусы, нос;

Ужо гатоў Руслан змагацца,

Ужо мячом шырокім трос —

Знянацку, дзівячыся, ім

Пачуў яе самотны стогн...

І ціха меч ён апускае,

Ў ім гнеў суровы замірае,

І помста свой спыніла лёт

Ў душы, пакоранай маленнем.

Так на даліне тае лёд,

Сагрэты сонечным праменнем.

 

“Ты правучыў мяне, герой, —

Ўздыхнуўшы галава сказала: —

Твая рука мне паказала,

Што вінен я перад табой;

Цяпер вось я табе паслушны;

Ды, віцязь, будзь вялікадушным!

Мой лёс —ён варты спачування,

Героем быў і я ў змаганнях!

У грозных бітвах супастата

Сабе я роўнага не знаў;

Шчаслівым быў, каб не спаткаў

Сапернікам я злога брата!

Каварны Чарнамор, маіх

Ты ўсіх жахлівых бед віною!

Ты ганьба нашае сям’і,

Ад роду Карла, з барадою;

Мой дзіўны рост ад юных дзён

Не мог ён без дасады бачыць.

І стаў адносіцца ўжо ён

Заўжды з нянавісцю, няйначай.

Я быў заўсёды крышку простым,

Высокім, ён наадварот

Разумны быў, хоць куцы ростам,

І злосны, як жахлівы чорт.

Прытым-жа, знай, к маёй бядзе

Ў яго цудоўнай барадзе

Таіцца чарадзейства сіла,

Нішто, нідзе яму не міла —

Пакуль ён ходзіць з барадой —

Не будзе знацца ён з бядой.

Вось ён аднойчы з відам дружбы,

“Паслухай, — хітра мне сказаў, —

Не адмаўляй ад важнай службы:

Я ў чорных кнігах адшукаў,

Што за усходнімі гарамі,

На мора ціхіх берагах,

У склепе скрыта, пад замкамі

Захован меч — і што-ж? О страх!

Пазнаў я ў цемры чараўнічай,

Што воляй лёсаў таямнічых

Той меч вядомы будзе нам!

Абодвух ён пагубіць нас;

Мне бараду ссячэ, зараз

І галаву табе; глянь сам,

Як важна мець нам для збавення

Злых духаў дзіўнае стварэнне!”

“Ну, што-ж? Тут цяжкасцей няма, —

Сказаў я карле, — што-ж, дарма,

Хоць на край света йду з табою”.

І на плячо сасну ўзваліў,

А для парады на другое

Ліхога брата пасадзіў;

Пусціўся ў дальнюю дарогу,

Ішоў, ішоў і, дзякуй богу,

Як-бы прароцніцтву на зло,

Спачатку добра ўсё ішло.

За невядомымі гарамі

Знайшлі той склеп, як ён казаў,

Я разгарнуў яго рукамі

І таямнічы меч дастаў.

Дый не! Так доля захацела:

Між намі сварка закіпела —

Было аб чым, было чаму!

Мячом валодаць, бач, каму?

Я не ўступаў, ён хваляваўся;

Спрачаліся і пад канец

Прыманку выдумаў хітрэц,

Заціх, як быццам мне ён здаўся.

“Пакінем сварку, от прыстаў, —

Мне важна Чарнамор сказаў: —

Мы гэтым наш саюз зняважым.

Ці ў нас не будзе больш сустрэч?

Хай доля вырашыць і скажа:

Каму належыць гэты меч?

Прыложым вуха да зямліцы

(Што не прыдумае лісіца!),

І хто пачуе першы звон,

Таму і меч, таму скарыцца!

 

Сказаў і лёг на зямлю ён.

Я зману гэтаму паддаўся.

Ляжу, а звону не чуваць,

Я думаў карлу ашукаць!

Ды сам сурова ашукаўся.

А непрыкметна ліхадзей

Устаў, на цыпачках, хутчэй

Падкраўся ззаду, размахнуўся;

Як бура свіснуў востры меч,

Раней, чым я тут азірнуўся,

Ўжо галава зляцела з плеч —

І звышпрыродная ў ёй сіла,

Адразу дух жыцця спыніла.

Касцяк той цернямі аброс.

Ў краіне дальняй і нязнанай.

Сатлеў мой прах непахаваны;

Ды хцівы карла перанёс

Мяне у гэты край забраны,

Дзе вечна я аберагаў

Той меч, што ты сягоння ўзяў.

З табою, віцязь, лёс героя,

Вазьмі ты меч, і бог з табою!

Мажліва, на сваіх шляхах

Ты чарадзея напаткаеш,

Ах, калі яго пазнаеш, —

Адпомсці, знішчы зло і жах!

І я тады шчаслівым буду,

Спакойна век дакончу свой —

І знай, з удзячнасцю сваёй

Навекі твой удар забуду.”

 

Песня чацвёртая

 

Уранку ўстаўшы, кожны раз

Я дзякую сардэчна бога

За тое толькі, што ў наш час

Чараўнікоў не так і многа.

К таму-ж — і чэсць і слава ім! —

Бяспечныя жаніцьбы нашы...

Муж’ям, дзяўчатам маладым

Іх замыслы не так і страшны.

Не праў крыкун Фернейскі, йдзе

Ўсё к лепшаму, раз чарадзей

Ці магнетызмам лечыць бедных

І маладзіц худых і бледных,

Прарочыць, выдае журнал —

О, справы вартыя пахвал!

Ёсць чарадзеяў іншых шмат

Іх ненавіджу я ўсёй сілай:

Ухмылка, ветлы іх пагляд,

Сябры, і голас быццам мілы.

Не верце ім, не знайце лютых!

Мне наслядуйце, ў добры час.

Не знайце іхняе атруты,

Хай цішыня агорне вас...

 

Паэзіі цудоўны геній,

Пясняр таемнага натхнення,

Кахання, мараў і чарцей,

Магіл і рая жыхар даўні,

І музы ветранай маей

Пястун, ахоўнік і настаўнік!

Даруй паўночны мне, Орфей,

Што я ў аповесці ўзлятаю

І ўслед імкнуся за табой,

І міру музы маладой

Ў лганні прыгожым выкрываю.

 

Сябры, вы чулі, як з самоты

Вядзьмар у дні часоў былых

Сябе прадаў спачатку, потым

Прадаў чарцям дачок сваіх;

Як ён у шчодрых падаяннях,

Малітвай, верай, а затым

Пастом і шчырым пакаяннем

Знайшоў заступніка ў святым;

Як ён памёр, і як заснулі

Дванаццаць дочак маладых:

І нас прывабілі, жахнулі

Малюнкі вобразаў начных,

І гэтыя праявы-цені

І змрочны чорт, і божы гнеў,

Жывыя грэшніка мучэнні

І прыгажосць чароўных дзеў.

Мы з імі плакалі, хадзілі

Навокал замкавай сцяны,

І сэрцам кранутым любілі

Палон і ціхія іх сны;

Душой Вадзіма заклікалі,

Віталі абуджэнне іх,

І часта інакінь святых

Мы на магільніку хавалі.

І што-ж, ці праўда?.. Нам салгалі!

Ці ў сілах ісціну вяшчаць?

Ці ў сілах ясна апісаць

Не манастыр той адзіночны,

Не кволых інакінь куток,

Але... дрыжу! ў душы самотны,

Дзіўлюся — апушчаю зрок.

 

Ратмір на поўдзень безупынна

Гнаў нецярплівага каня,

І думаў ён да змроку дня

Нагнаць Русланаву дзяўчыну.

Ірдзяны дзень ужо знікаў;

Дарэмна князь перад сабою

У далеч пільна паглядаў:

Было ўсе пуста над ракою.

Зары апошні промень ззяў

Над яркай прозалаццю бора.

Ля чорных скал ён праязджаў,

І так павольна, у прасторах,

Між дрэў, начлег сабе шукаў.

Ён на даліну выязджае,

Убачыў: замак на гарах

Муры зубчастыя ўздымае;

Чарнеюць вежы па кутах,

І дзева па сцяне высокай,

Бы ў моры лебедзь адзінокі,

Ідзе, асветлена зарой;

І спеў яе над даліной

Ледзь чутны ў цішыні глыбокай.

 

“Ад хваль падулі халады;

Кладзецца ў полі змрочнасць ночы.

Заходзь, вандроўнік малады!

Схавайся ў церам наш дзявочы.

Тут ноччу цішыня заўжды,

А днём і шум і баляванне.

Прыдзі на дружнае спатканне,

Прыдзі, вандроўнік малады!

 

Дзяўчаты ў нас, прыходзь сюды,

Адчуеш ласку іх, каханне.

Прыдзі на тайнае спатканне,

Прыдзі, вандроўнік малады!

 

Зайграе рань на ўсе лады.

Напоўнім збан на развітанне.

Прыдзі на мірнае спатканне,

Прыдзі, вандроўнік малады!

 

Ад хваль падулі халады;

Кладзецца ў полі змрочнасць ночы.

Заходзь, вандроўнік малады!

Схавайся ў церам наш дзявочы”.

 

Яна гукае юнака:

І ўжо хан юны пад сцяною;

Спаткаць гасця-вандраўніка

Дзяўчаты выбеглі гурбою;

Пад гоман ветлівасці госць

Акружак быў; з яго не зводзяць

Сваіх вачэй яны; і вось

Дзве дзеўчыны каня выводзяць;

Ідзе ў святліцу хан, чаргой

За ім дзяўчаты — мілы рой;

Адна здымае шлем крылаты,

Другая кованыя латы,

Хто пыльны шчыт бярэ, хто меч;

Здымаюць зброю бітвы з плеч,

Пераадзецца раюць князю.

Але раней яго вядуць

У рускую памыцца лазню.

Ўжо хвалі дымныя цякуць

Ў яе сярэбраныя чаны,

Брызжаць халодныя фантаны;

Дыван багаты перад ім;

На ім стамлёны хан кладзецца,

Над ім празрыста пара ўецца;

З ласкавым поглядам нямым

Палуадзетыя дзяўчаты

З усёй руплівасцю сваёй

Навокал хана зухавата

Снуюцца жваваю гурбой.

Адна над рыцарам махае

Галінкамі жывых бяроз,

І жар ад іх душысты тае;

Другая сокам ранніх роз

Стамлёнасць князя праганяе,

І ў араматах патапляе

Яго густыя валасы.

І князь захоплены, паволі

Стаў забываць ён у няволі

Пра ўзлёт Людмілавай красы;

Увесь агорнуты жаданнем,

Блукае зрок яго, блішчыць

І, страсным ўзбуджаны чаканнем,

Ён тае сэрцам, ён гарыць.

 

Ды вось выходзіць з лазні чынна,

Адзеты ў пышныя тканіны,

Сярод прыгожых дзеў, Ратмір

Садзіцца за багаты Пір.

Я не Гамер, а ён высокім

Уславіць вершам мог адзін

Абеды грэчаскіх дружын

І звон і пену чаш глыбокіх.

Мне па слядах Парні мілей

Уславіць ліраю шматструннай

І нагату ў цяні начэй,

І нежны палкі пацалунак!

Над замкам месяц выплываў;

Я церам бачу ў аддаленні,

Дзе віцязь млосны, ў запаленні

Салодкім сном спакойна спаў;

Яго чало, яго ланіты

Імгненным полымем гараць;

І вусны тут напоўадкрыты

Пяшчотай тайнай шапацяць;

Ён страсна, глыбака ўздыхае,

Ён бачыць іх — і ў палкім сне

Да сэрца коўдру прыціскае.

Хтось дзверы ціха адчыняе,

Скрыпіць пад ножкай нецярплівай

Падлога ў цішыні раўнівай,

І ў бляску месяца гулліва

Мільгнула дзева. Сон крылаты,

Прэч адыходзь, не хочу зла!

Прачніся — ноч твая прышла!

Прачніся — дораг міг утраты!..

Яна падходзіць, ён ляжыць,

Ў салодкім сне адпачывае;

Павольна коўдра апаўзае,

Агнём чало яго гарыць.

Маўкліва дзева перад ім

Стаіць нязручна і аддана.

Нібы двудушная Дыяна

Прад мілым пастарам сваім.

І вось яна да ложку хана

Каленам клоніцца адным,

Ўздыхнула, твар к яму схіляе

З гарачым подыхам сваім

І сон шчасліўца абрывае

Цалункам палкім і нямым.

 

Сябры, саромлівая ліра

Замоўкла пад маёй рукой;

Слабее ціхі голас мой —

Пакінем юнага Ратміра;

Спяваць аб ім цяпер не час:

Руслан цяпер цікавіць нас,

Руслан, наш віцязь беззаганны,

Каханак верны і адданы.

Яго стаміў упарты бой.

Пад багатырскай галавою

Ён сон салодкі бачыць свой.

Але ўжо ранішняй зарою

Ззяў небасхіл над даліной;

Скрозь ясна; промень жартаўлівы

Касматы лоб стаў залаціць.

Руслан устаў, і конь імклівы

Ужо яго стралой імчыць.

 

І дні бягуць; жаўцеюць нівы;

Спадае з дрэў слабенькі ліст;

Ў лясах асенні ветра свіст,

Ён песні птушак заглушае.

Пахмуры і цяжкі туман

Узгор’і ў полі абвівае;

Зіма не за гарой — Руслан

Свой шлях адважна ён трымае

Далей на поўнач; з кожным днём

Ён перашкоды сустракае:

То б’ецца ён з багатыром,

То з ведзьмаю, то з веліканам,

То бачыць яснай ноччу ён,

Як быццам праз чароўны сон,

Акружаны сівым туманам,

Гушкаючыся на галлі,

Русалкі ўсмешкаю цвілі,

Яны, не кажучы нічога,

Чаруюць князя маладога...

Ды ў сэрцы сіл таемны рой

Збярог яго ў спакусе той;

Ў яго душы жаданні таюць,

Не бачыць іх, не адчувае,

Людміле верны ён адной.

 

Але між тым чароўнай сілай

Сябе ахоўвала яна,

Сябе ведзьмарскай шапкай скрыла.

Што думае мая княжна,

Мая цудоўная Людміла?

Яна маўклівая, гуляе

Сярод прысад, сярод садоў,

Пра друга думае, ўздыхае,

Ці, волю даўшы марам зноў,

Да родных кіеўскіх палёў

У летуценнях узлятае;

Братоў і бацьку абнімае.

Сябровак бачыць маладых

І мамак пазнае сваіх —

Палон забыўшы і разлуку!

Ды хутка бедная княжна

Зноў у палоне церпіць муку,

Зноў гаратлівая, адна.

А ведзьмара рабы няспынна

І ўдзень і ўноч па пуцявінах,

Па замку, ў садзе, поўны зла,

Княжну палонную шукалі,

Хадзілі, голасна гукалі,

Ды марнай праца іх была.

Людміла цешылася імі:

У садзе, ў зараслях алей

Без шапкі, стаўшы за плячыма,

Гукала іх: сюды, хутчэй!

На кліч кідаліся гурбой;

Убок — небачанай зноў стала —

Яна нячутнаю хадой

Ад рук драпежных уцякала.

Усюды часта заўважалі

Яе мінутныя сляды:

То залацістыя плады

На веццях шумных прападалі,

То кроплі чыстае вады

На луг патоптаны спадалі:

Тады напэўна ў замку зналі,

Што есць альбо што п’е княжна.

На веццях кедра ці бярозы

Ўсю ноч хавалася, яна

Шукала хоць на момант сна —

Ды толькі пралівала слёзы,

Гукала мужа і спакой,

І пазяхала й сумавала,

І рэдка, рэдка прад зарой,

Прынікшы к дрэву галавой,

Дрымотай кволаю дрымала;

Ледзь рассыпалася імгла,

Яна да вадапада йшла

Памыцца свежаю вадою:

Сам карла ранняю парою

Аднойчы бачыў ён з палат,

Як пад нябачанай рукою

Бурліў і плёскаў вадапад.

З сваёй звычайнаю журбою

Да новай ночы, зноў і зноў

Яна брадзіла між садоў;

І часта ў змроку пазнавалі

Яе прыемны галасок;

І часта ў лесе падымалі

Ці ёю кінуты вянок,

Ці шаль персідскую між роз,

Ці хустку, мокрую ад слёз.

 

Суровай палкасцю натхнённы,

Дасадай, злосцю засмучоны

Быў вырашыў ведзьмар сівы

Злавіць Людмілу, што-б ні стала.

Так Лемнаса каваль крывы,

Што шлюбны браў вянец бывала

З рукі прыгожай Цытэрэі,

Раскінуў сець яе красам.

Адкрыў насмешлівым багам

Кіпрыды нежныя зацеі!...

 

Журботна бедная княжна

Ў альтанцы з мармуру, ў няволі,

Сядзела ціха ля акна

І праз хістаючае голле

Глядзела на прыгожы луг.

Тут чуе — клічуць: “мілы друг!”

І бачыць вернага Руслана.

Яго хада, аблічча, стан;

Але бляды, ў вачах туман

І на бядры жывая рана —

Тут сэрца ўздрогнула. “Руслан!

Руслан!.. Ды ён-жа!” І стралою

Да мужа з радасцю бяжыць

У слёзах, кажа і дрыжыць:

“Ты тут... ты ранен... што з табою?”

Ужо дасягла, абняла:

О жах... быў прывід, і знікае.

Людміла ў сетцы; і з чала

Тут шапка ўміг на дол спадае.

І стыне, чуе грозны крык:

“Яна мая!” і ў той-жа міг

Ведзьмар прад ёю вырастае.

Раздаўся дзевы кволы стогн,

Ад страху падае — і сон

Над ёй свае крыло ўздымае.

 

Што будзе з беднаю княжной!

О страшны від: ведзьмар пахілы

Ласкае зморшчанай рукой

Прынаднасць юнае Людмілы;

Да вуснаў полымных яе

Прыпаў ён вуснамі сваімі,

Забыўся пра гады свае,

Хацеў ён сродкамі благімі

Сарваць таемны, нежны цвет.

Што Лель хавае для другога;

Цяжар пражытых зім і лет

Спыняе звабніка сівога —

Ды спарахнелы чарадзей

Ў бяссільнай хцівасці сваей

Прад дзевай падае знямогай;

Ў ім сэрца ные, плача ён,

І... раптам раздаецца звон

І хтосьці карлу выклікае.

Са страху бледны чарадзей

На дзеву шапку надзявае;

Ды зноў гудуць; гучней, гучней!

І ён на заклік выбягае,

За плечы бараду хавае.

 

Песня пятая

 

Якая мілая княжна!

І прыгажэй яе не знаеш:

Такая чулая яна,

І мужу верная жана,

Гуляе крышку... што-ж, бывае!

Тым цікавейшая яна.

Заўсёды прыгажосцю новай

Умее нас зачараваць;

Ці льга, скажыце, параўнаць

Яе з Дэльфіраю суровай?

Адной — паслала доля дар

І зрок і сэрца зачароўваць;

Яе усмешка, яе слова

Навеюць мне кахання жар.

Ў спадніцы тая, бы гусар,

Вусоў і шпор ёй не хапае!

Шчасліў, каго пад вечарок

У зачарованы куток

Людміла слаўная чакае,

Мой мілы друг — пакліча так:

Але шчаслівы й той юнак,

Хто ад Дэльфіры уцякае

І нават не знаёмы з ёй.

А ўсё-ж не ў гэтым справа. Стой!

Трубіў-жа хто? Хто чарадзея

На сечу грозную пазваў?

Хто ведзьмара перапужаў?

Руслан. Ён помстай палымнее,

Дасяг ён замка ліхадзея.

Ужо ён пад гарой стаіць,

Прызыўны рог, як бура, вые.

Нецерпялівы конь кіпіць

І снег капытам моцным рые.

Чакае карлу князь. Ды вось

Па шлему ўдарыў па стальному

Рукой небачанаю хтось;

І быў удар падобен грому;

Руслан зірнуў у высь-прастор

І ўбачыў ён — над галавою

З узнятай страшнай булавою

Круціўся карла Чарнамор.

Шчытом прыкрыўшыся, нагнуўся,

Мячом патрос і замахнуўся;

Ды той пад хмары ўзвіўся ўміг,

На момант знік — з вышынь сваіх

На князя зноў ляціць ён з жахам.

Праворны віцязь адляцеў.

І ў снег негадана з размаху

Вядзьмар упаў — ды там і сеў;

Руслан з каня далоў, без страху

Злавіў, за бараду хапае.

Вядзьмар-жа тужыцца, крахціць

І ўміг з Русланам узлятае...

Ў трывозе конь услед глядзіць;

Ужо вядзьмар па-над палямі;

На барадзе герой вісіць;

Лятуць над змрочнымі лясамі,

Лятуць над дзікімі гарамі,

Лятуць над прорваю марской;

Руслан нямее ад натугі,

Але-ж за бараду зладзюгі

Як след трымаецца рукой.

Між тым, аслабшы ад напругі,

Быў сілай рускай задзіўлён

Вядзьмар, магутнаму Руслану

„Паслухай, князь", — так кажа ён, —

Табе я шкодзіць перастану;

Тваю я мужнасць пазнаю,

Дарую крыўду ўсю сваю,

Спушчуся — толькі з угаворам..." —

“Маўчы, каварны чарадзей! —

Сказаў наш віцязь: — з Чарнаморам,

Хто кпіў над мілаю маёй,

Руслан не знае дагавора!

Мой грозны меч — адпомсціць скора.

Ляці, як знаеш, хоць куды,

А быць табе без барады!"

Страх забірае Чарнамора;

Ў дасадзе, ў горасці нямой

Дарэмна доўгай барадой

Стамлёны карла устрасае;

Руслан яе не выпушчае

І шчыпле валаса парой.

Два дні вядзьмар героя носіць,

На трэці літасці ён просіць:

“О рыцар, зжалься нада мной,

Я ледзь дышу, аслаб, даволі;

Пакінь жыццё, ў тваёй я волі;

Скажы — спушчуся, дзе захочаш...”

„Цяпер ты наш; ага, скрыгочаш!

Чакай, скарыся рускай сіле,

Нясі мяне к маёй Людміле."

 

Заціх, скарыўся Чарнамор;

Дамоў ён з віцязем крануўся;

Ляціць — і мігам апынуўся

Сярод сваіх жахлівых гор.

Тады Руслан адной рукою

Ўзяў меч славутай галавы.

Схапіўшы бараду другою,

Адсек, нібы сцябло травы.

“Знай нашых!” — выгукнуў сурова, —

Ну як, драпежнік, без красы?

Без сілы?” І на шлем сталёвы

Сівыя важыць валасы.

І кліча ён каня ліхога.

Вясёлы конь ляцеў, іржаў.

Наш віцязь карлу ледзь жывога

У торбу за сядло паклаў.

Каб нават міг не быў утратай,

Бяжыць наверх гары крутой,

Дасяг і з радаснай душой

Бег у чароўныя палаты.

Шлём запрыкмеціўшы кудлаты,

Знак пераможнасці страшной.

Прад ім арапаў дзіўны рой.

Нявольніц гурты баязлівых,

Як прывіды з усіх старон,

Бягуць — хаваюцца. А ён

Адзін княжну шукае мкліва,

Гукае голасна яе, —

А рэха склепаў маўчалівых

Руслану голас надае;

Усхваляваны, нецярпліва

Ён адчыняе дзверы ў сад —

Ідзе, ідзе — і не знаходзіць;

Навокал вокам ён абводзіць,

А ні душы сярод прысад,

Ў альтанках пуста; на вяршынах,

Каля крыніц, скрозь у далінах

Няма Людмілы — знік і след.

Нічога вуха не ўспрымае,

Ўміг князя холад абымае,

Ў вачах яго цямнее свет,

Трывогай думкі набягаюць:

„Палон... няволя... хто-ж там знае…

Быць можа... хвалі... міг...” І жах

Яго авіў, з нямой журбою

Панікнуў віцязь галавою;

Яго гняце нявольны страх;

Стаіць, нібы закамянелы;

Цямнее розум; ашалелы

Агонь, ды роспач і любоў

Цякуць, як яд, у яго кроў.

Здалося — цень княжны любімай

Даткнуўся вуснаў маладых...

І раптам, жудасны, нястрымна

Стаў бегаць па садах густых;

Людмілу з енкам заклікае,

І скалы з гор крутых скідае,

Знішчае ўсё сваім мячом —

Альтанкі, дрэвы вырывае

Масты у пене хваль ныраюць,

Стэп агаляецца кругом!

Далёка гулы адбіваюць

І рык, і трэск, і шум, і гром;

Меч люта свішча па абшарах,

Край апустошаным ляжыць —

Шукае люты князь афяры.

Мячом размахвае, дрыжыць

Паветра, што ён рассякае...

І раптам — нечаканы ўдар

З княжны нябачанай збівае

Апошні Чарнамора дар...

Умомант знікла чараў сіла:

Прад іхі адкрылася Людміла!

Не верыць сам сваім вачам,

Узняты шчасцем нечаканым,

Наш віцязь падае к нагам

Да жонкі любай і адданай,

Цалуе рукі, сеці рве,

Лье слёзы, мілую заве.

Але яна — спіць моцным сном.

Вачэй і губ не раскрывае,

І мары палкасным агнём

Ёй грудзі лёгка падымаюць.

З яе не зводзіць воч сваіх,

Ён ад тугі не знаў спачыну...

І раптам кліч у гэты міг

Пачуў ён дабрадзея фіна:

 

„Мужайся, князь! Ў зваротны пуць

Збірайся з спячаю Людмілай;

Напоўні сэрца новай сілай,

Каханню, чэсці верным будзь.

Нябесны гром на злосць праб'ецца,

І запануе ціш адна —

І ў светлым Кіеве княжна

Перад Владзімірам прачнецца

Ад зачарованага сна".

 

Руслан ажыўлен чулым сказам,

Ў абдымкі моцна ўзяў жану

І з гэтай ношай невыказнай

Ён з вышыні ідзе адразу,

Усхваляваны, ў даліну.

 

І моўчкі, з карлай за сядлом,

Паехаў ён сваім пуцём;

Ў яго руках ляжыць Людміла

Прыгожая, нібы зара,

І на плячо багатыра

Яна спакойны твар схіліла.

Пярсцёнкам звіты валасы,

Спакойна ветрык іх калыша;

Як часта грудзі яе дышуць!

Як часта ў водблісках красы,

Як розай, твар яе ўспыхае.

І лятуценні і любоў

Русланаў вобраз нараджаюць,

І вусны шапатліва зноў

Імя Руслана вымаўляюць.

Ў салодкіх марах ловіць ён

Яе чароўнае дыханне,

Усмешку, слёзы, нежны стогн

І юных грудак хваляванне...

 

Між тым, па долах, па гарах,

І ў белы дзень, і па начах

Наш віцязь едзе, змардаваны.

Яшчэ далёк рубеж жаданы,

А дзева спіць. Але аднак

Няўжо-ж стамлёны князь-юнак,

Пакутнік вечны, беззаганна

Жану ён толькі вартаваў,

Няўжо-ж стрымаўшы парыванне,

Узлёт няскромнага жадання,

Ён асалоду адчуваў?

Манах, каторы захаваў

Патомству вернае паданне

Аб слаўным віцязі маім,

Нас упэўняе смела ў тым:

І веру я! Няма без згоды

Прыемнай, любай асалоды:

Ўдваіх мы шчасныя заўсёды.

Пастушкі, сон княжны прыгожай

Не схожым быў на вашы сны,

Парой дакучлівай вясны,

Ў цяньку пад дрэвамі. Мурожны

Маленькі помню я лужок

Сярод бярозавага гаю,

Я помню цёмны вечарок,

І сон я Ліды памятаю...

Ах, першы пацалунак мой,

Пяшчотны, лёгкі, трапятлівы,

Не разагнаў, сябры, страшной

Яе дрымоты церпялівай.

Ды хопіць казак жартаўлівых!

Пашто ўспаміны пра каханне?

Яе уцеха, гараванне

Забыты мною з даўніх пор;

Цікавіць нас ў апавяданні

Княжна, Руслан і Чарнамор.

 

Прад імі сцелецца раўніна.

Дзе зрэдку стрэнецца сасна;

І грозны выгляд кургана

Чарнее круглаю вяршынай

У яркай неба сіняве.

Руслан глядзіць — і здагадаўся,

Што пад'язджае к галаве;

Хутчэй імклівы конь памчаўся;

Ён бачыць цуда, у прастор

Яно глядзіць застыглым вокам.

А валасы, як чорны бор,

Паросшы на чале высокім;

Жыцця ланітам не стае;

Свінцовай бледнасцю пакрыты,

І вусны страшныя адкрыты,

І зубы сціснуты ў яе...

Над амярцвелай галавою

Ужо апошні дзень наспеў.

Тут віцязь храбры прыляцеў

З Людмілай, з карлай за спіною.

Гукнуў: — „Дзень добры, галава!

Я тут! Твой здраднік пакараны!

Глядзі, вось ён, вядзьмар паганы!"

І князя словы хараства

Яе раптоўна ажывілі.

На міг пачуцці разбудзілі,

Ачнулася, нібы ад сна,

Зірнула, страшна застагнала...

Пазнала віцязя яна

І брата з жудасцю пазнала.

Падула ноздры; на шчаках

Агонь барвовы нарадзіўся.

І ў паміраючых вачах

Апошні гнеў яе адбіўся.

Шаленствам, лютасцю працята,

Яна зубамі скрыгатала,

І языком халодным брату

Дакор няясны барматала...

Ужо яе ў той самы час

Была пакута пакідала:

Агонь чала імгненна гас,

Слабела цяжкае дыханне,

І закаціўся зрок і знік,

І хутка князь і чараўнік

Страшное ўбачылі скананне.

Яна заснула вечным сном.

Маўкліва віцязь аддаліўся;

Дрыжачы карлік за сядлом

Не смеў дыхнуць, не варушыўся

І чорнакніжным языком

Старанна дземанам маліўся.

 

На схіле цёмных берагоў

Якойсьці рэчкі ціхацечнай,

Ў прахладнай змрочнасці лясоў

Стаяла хата між адвечных

Густых і сосен і дубоў.

Марудна лілася рака,

Непадалёку асака

І плот, іх хваля амывала,

Вакол іх ціха булькатала

Пры лёгкім шуме вецярка.

Ляжала цёмная даліна

У гэтых хмурыстых мясцінах;

Здавалася, там цішыня

З пачатку свету панавала.

Руслан спыніў свайго каня.

Было ўсё ціха, глуш маўчала;

Ад расцвітаючага дня

Даліна з саматлівым гаем

Зіяла праз світання дым.

Руслан на луг княжну здымае,

Садзіцца ля яе, ўздыхае

З салодкім смуткам і нямым

Тут човен бачыць прад сабою,

Ён плыў у веях вецярка,

І чуе песню рыбака

Над ціхабруйнаю ракою.

Па хвалях невад раскідаў

І веславаў рыбак няспынна,

Да берагоў ён падплываў,

Да ўласнай згорбленай хаціны.

І бачыць добры князь Руслан:

Спакойна човен прыплывае;

А з цёмнай хаты выбягае

Насустрач дзева; стройны стан,

Каса распушчана нядбала,

Усмешка, ціхі зрок вачэй,

І грудзі й плечы... чаравала,

Нібы няма яе мілей!

Рыбак абняў сваю дзяўчыну.

Садзяцца там, дзе хваля б'е,

І час шчаслівага спачыну

Для іх з любоўю настае.

Але ў здзіўленасці маўклівай

Каго-ж у рыбаку шчаслівым

Наш юны віцязь пазнае?

Хазарскі хан, абраны славай,

Ў каханні і ў вайне крывавай

Яго сапернік малады,

Ратмір, пра славу і Людмілу

Забыўся ў гушчары глухім.

І здрадзіў ён навекі ім

Ў абдымках жонкі сваёй мілай.

 

Герой прыблізіўся, і ўміг

Пустэльнік пазнае Руслана,

Ўстае, ляціць. Раздаўся крык...

І абымае віцязь хана.

“Што бачу я? — спытаў герой, —

Нашто ты тут, нашто пакінуў

Трывогі долі баявой,

І ты, што ты ўслаўляў няспынна?” —

“Мой друг, — так адказаў рыбак, —

Душы абрыдзеў рокат славы,

Пагібельных праяваў знак.

Дай веры: лёгкія забавы,

Каханне, мірныя дубравы

Мілей за ўсё — у сотню крат —

Цяпер згубіўшы смагу боя,

Не рызыкую галавою,

Здаволен верным шчасцем, брат.

Пра ўсё забыўся я, друг мілы,

І нават прыгажосць Людмілы”.

“Шаноўны хан, я вельмі рад! —

Сказаў Руслан: — яна са мною.”

“Ці праўда? Доляю якою?

Што чую? Руская княжна...

Яна з табою, дзе-ж яна?

Дазволь... ды не, баюся здрады, —

Яна мне сэрца ўскалыхне;

Дзяўчына-ж мілая ў мяне,

Я раздзяляю з ёю радасць.

Яна — жыццё мне, радасць, слава!

Яна вярнула мне ізноў

Юнацтва згубленае, нават

І мір, і чыстую любоў!

Дарэмна шчасце абяцалі

Чароўнасць вуснаў маладых;

Дванаццаць дзеў мяне кахалі:

Я для яе пакінуў іх;

Пакінуў церам іх вясёлы,

У пушчы з любаю зажыў;

Склаў шлём і меч цяжкі, дзябёлы,

І славу й ворагаў забыў.

Пустэльнік мірны і нязнаны,

Застаўся ў ветлівай глушы,

З табой, друг мілы, друг адданы,

З табою, свет маёй душы!”

 

Пастушка мілая стаяла,

Лавіла гук размовы іх,

Яна ўсміхалася, сваіх

Вачэй-жа з хана не спускала.

 

Рыбак і князь на берагах

Да цёмнай ночы прасядзелі

З сяброўскай шчырасцю ў вачах —

Хвіліны быстрыя ляцелі.

Чарнее лес, маўчыць гара;

Ўзыходзіць месяц — ціха стала;

Герою ўжо ісці пара.

Напяўшы ціха пакрывала

На дзеву спячую, Руслан

Ідзе і на каня садзіцца;

Задумліва маўклівы хан

Душой услед яму імчыцца,

Руслану шчасця, перамог,

Кахання, славы ён жадае...

І ўзлёты юных дум, трывог

Павольна смуткам ажыўляе...

 

Чаму нам доля не дала,

Каб ліра свой пяшчотны гоман

Геройству толькі аддала,

Яшчэ (што ў свеце невядома)

Любоў і дружбу даўніх лет?

Нудлівай ісціны паэт,

Чаму павінен для патомства

Парок і злоснасць агаляць,

І змрок падкопаў вераломства

Ў праўдзівых песнях выкрываць?

 

Княжны шукальнік недастойны,

Фарлаф, ён славы смак губляў,

Каго-б ніхто ўжо не пазнаў,

Ў пустыні дальняй і спакойнай

Сядзеў, Наіну ўсё чакаў.

І урачысты час настаў.

Прышла вядзьмарка і сказала:

“Ці знаеш ты мяне, герой?

Сядлай каня, ідзі за мной!”

І ведзьма кошкай раптам стала;

Конь пад сядлом, яна памчала;

Між змрочных дрэў па сцежках ён

Ідзе за ёю наўздагон.

 

Даліна дрэмле, заціхае

Ў начны адзетая туман,

І месячык перабягае

І з хмары ў хмару, і курган

Імгненным бляскам асвятляе.

А моўчкі перад ім Руслан

Сядзеў з звычайнаю журбою

Перад любімаю княжною,

Глыбоку думу думаў ён,

І мары віліся кругамі,

І непрыкметна веяў сон

Над ім халоднымі крыламі.

На дзеву смутнымі вачамі

Ў дрымоце томнай ён зірнуў

І, стомленаю галавою,

Схіліўся да яе, заснуў.

 

І сніцца вешчы сон герою:

Ён бачыць, быццам-бы княжна

Над прорвай, страшнай глыбінёю,

Стаіць у сполаху яна.

І ўміг Людміла прападае,

Адзін стаіць над прорвай ён...

Знаёмы кліч, прызыўны стогн

Тут з прорвы ціхай вылятае...

Руслан імчыцца ўслед за ёй;

Тарчма ляціць у цьме глыбокай...

І раптам бачыць прад сабой:

Владзімір, ў цераме высокім.

Між блізкіх ветлівых людзей,

І між дванаццаццю сынамі,

З гурбой запрошаных гасцей

Сядзіць за поўнымі сталамі.

Таксама гнеўны князь стары,

Як і ў хвіліны расставання,

І ўсе сядзяць багатыры,

Ніхто не абарве маўчання.

Заціх вясёлы шум гасцей,

Не ходзіць чаша кругавая...

І бачыць ён сярод гасцей

Ў баю забітага Рагдая:

Забіты, як жывы, сядзіць;

І бурна з пеністага збана

Вясёлы п’е і не глядзіць

На задзіўлёнага Руслана.

Князь бачыць маладога хана,

Сяброў і недругаў... З-пад рук

Раздаўся гусляў беглы гук

І голас вешчага Баяна,

Забаў, герояў песняра.

Фарлаф заходзе, і ледзь сілы

Вядзе ён за руку Людмілу;

Сум не кідаў гаспадара,

Маўчыць і галаву схіляе,

Маўчыць князёў бліскучы рад,

Чуццё сваё ў душы хаваюць.

І знікла ўсё — санлівы чад

І холад князя абдымаюць.

І цяжка задрымаўшы ён

Лье слёзы мукі і пакуты.

Ён адчувае: гэта сон!

Але праявай злой закуты

І абарваць не ў сілах ён.

 

Ледзь месяц свеціць над гарою,

Гаі авіты цемнатою,

Даліна ў мёртвай цішыні...

І здраднік едзе на кані.

 

Прад ім раскрылася паляна;

Ён бачыць хмурысты курган;

Ля ног Людмілы спіць Руслан,

І ходзіць конь вакол кургана.

Фарлаф баязліва глядзіць;

Ў тумане ведзьма прападае,

Замёрла сэрца ў ім, дрыжыць,

З рукі ён повад выпускае,

Паціху выняў меч, як звер,

Надвое віцязя без боя

Ён прагне рассячы цяпер...

К яму пад’ехаў. Конь героя

Пачуўшы ворага — ўскіпеў

І заіржаў. Але дарэмна,

Руслан не чуе, сон страшэнны

Заслонай па-над ім вісеў!..

Тут здраднік, ведзьмаю натхненны,

Уткнуў рукой сваёй прэзрэннай

Герою у грудзі тройчы сталь...

І мчыцца баязліва ў даль...

З сваёй здабычаю праменнай.

 

Ўсю ноч без памяці Руслан

Ляжаў у змроку пад гарою.

Гадзіны беглі. Кроў ракою

Цякла з яго глыбокіх ран.

А раніцою зрок туманны

Адкрыў, спусціўшы цяжкі стон,

Насіліўся, падняўся ён,

Зірнуў, схіліўшы галаву, —

Упаў без памяці ў траву.

 

Песня шостая

 

Ты мне загадваеш, друг шчыры,

На лёгкай і нядбалай ліры

Пра дні мінуўшчыны спяваць,

І музе вернай прысвячаць

Спачынкаў слаўныя часіны...

Ты знаеш, мілая дзяўчына;

Не ў лад з гаворкаю людской,

Твой друг, у шчасці і пяшчоце,

Забыў і працу ў адзіноце,

І гукі ліры дарагой.

Ад гарманічнае забавы

Я, зачарованы, адвык...

Табой дышу — і гордай славы

Няясны мне прызыўны крык!

Мяне пакінуў тайны геній

Салодкіх думак і натхнення;

Любоў і смага асалоды

Займалі розум мой заўсёды.

Але загадваеш, любіла,

Мае апавяданні ты,

Паданні славы, пекнаты;

Мой багатыр, мая Людміла,

Владзімір, ведзьма, карла мой,

І старца Фіна засмучэнні

Твае займалі лятуценні.

Ты, байкі слухаўшы, парой

З усмешкай ветлаю дрымала;

Але парой і погляд свой

На песняра мілей кідала...

Пачну: ўлюбёны гаварун,

Крануся зноў лянівых струн;

Я каля ног тваіх сядаю

І зноў пра віцязя спяваю.

 

Ды што сказаў я? Дзе Руслан?

Ляжыць ён мёртвы ў чыстым полі;

Ўжо кроў яго не льецца болей,

Над ім крыляе злы груган,

Замоўкнуў рог, застылі латы,

Шлем не шавеліцца касматы!

 

Наўкол Руслана ходзіць конь,

Схіліўся гордай галавою,

Ў яго вачах прапаў агонь!

Няўцешны, грывай залатою

Ён не трасе, не скача ён,

Чакае покуль князь устане...

Але Руслана моцны сон,

Не хутка рынецца ў змаганне.

 

А Чарнамор? Ён за сядлом,

У торбе, ведзьмаю забыты,

Не знаў, што робіцца кругом;

Стамлёны, сонны і сярдзіты

Майго героя і княжну

З нудоты вылаяў маўкліва;

Не знаючы пра навіну,

Ён з торбы выглянуў — о дзіва!

Сном вечным, бачыць, віцязь спіць;

Ў крыві затоплены ляжыць;

Няма Людмілы, пуста ў полі;

Ад шчасця ліхадзей дрыжыць,

Збылося, думаў, я на волі!

Але дарма так разважаў.

 

Між тым, Наінаю натхнёны,

З Людмілай ціха усыплёнай,

Фарлаф пад Кіеў пад’язджаў:

Ляціць, надзея й страх абнялі,

Прад ім дняпроўскія ўжо хвалі

Сярод знаёмых ніў шумяць;

Ўжо стрэхі горада відаць;

Фарлаф па гораду ўжо едзе,

І шум на плошчах устае;

Усхваляваны люд снуе,

Ідзе, каб конніка угледзіць,

І князя бацьку ўзвесяліць:

А вось і здраднік сам стаіць.

 

Насіўшы ў сэрцы засмучонасць,

Владзімір-сонейка ў той момант

Ў высокім цераме сваім

Сядзеў, таміўся цяжкай думай.

Баяры, віцязі пры ім

Сядзелі з важнасцю і сумна.

І вось, ля ганку чуе ўздым:

Крык, хваляванне, гул і гоман;

Адкрылі дзверы: перад ім

Стаяў ваяка невядомы;

Ўсе ўсталі з шопатам глухім,

І раптам радасць акрыліла:

“Фарлаф... Няўжо?.. з табой Людміла!”

Змяніўся князеў сумны твар,

Падняўся з крэсла уладар,

Спяшаецца цяжкой хадою

Да дочкі роднае свае,

Падходзіць; бацькаўскай рукою

Стараецца абняць яе;

Але яна не адчувае,

Сваіх вачэй не раскрывае

Ў руках забойцы — ўсе глядзяць

На князя здзіўлена ў чаканні;

І неспакойна паглядаць

Стаў бацька на яго ў маўчанні.

Да вуснаў палец хітра ўзняў:

„Людміла спіць, Фарлаф сказаў: —

Я так знайшоў яе нядаўна

Ў пустынных Мурамскіх лясах

У злога лесуна ў руках;

Там скончылася справа слаўна;

Тры дні мы біліся; ўставаў

Над боем тройчы месяц ясны;

Мой вораг не ўстаяў і паў.

Княжна — прышлося мне няшчаснай;

І хто парушыць дзіўны сон?

Калі настане абуджэнне?

Не знаю — долі скрыт закон!

А нам надзея і цярпенне

Адно цяпер задаваленне.”

 

І хутка навіна кругом

Па гораду стралою праляцела;

Народ збіраецца гуртом,

Гаворкай плошча закіпела;

Адкрыты ўсім палац стаіць;

Натоўп хвалюецца, бяжыць

Туды, дзе на адры высокім

Ляжыць на коўдры залатой

Княжна-Людміла ў сне глыбокім;

Князі і віцязі пры ёй

Стаяць панурыя; гук трубны,

Цімпаны, рогі, гуслі, бубны

Грымяць над ёю; князь цяжкой

Знясілены і змучаны тугой,

Да ног Людмілы сівізною

Прыпаў з маўкліваю слязою;

Фарлаф збянтэжаны пры ім

Стаяў з раскаяннем нямым,

Дзе ж зніклі дзёрзкасці ліхія?

 

Настала ноч. Шумлівы Кіеў

Бяссонных воч не закрываў;

Народ вёў шумную гамонку,

Пра цуда кожны штось казаў;

Муж малады ён сваю жонку

Ў святліцы скромнай забываў.

Ледзь толькі месячык двурогі

Знік перад ранішняй зарой,

Ўвесь Кіеў новаю трывогай

Смуціўся. Крыкі, шум, развой

Узніклі ўсюды. Кіяўляне

На гарадской сцяне стаяць...

З сцяны у ранішнім тумане

Шатры за рэчкаю відаць.

Шчыты, як зарава, бліскаюць,

У полі коннікі мільгаюць,

Узняўшы ў далях чорны пыл;

Ідуць паходныя цялегі.

Гарыць агнямі небасхіл.

Бяда: паўсталі печанегі!

 

А ў гэты час Фін-уладар

Магутных духаў, тайных чар

У дзікім і пустынным полі

З душой спакойнаю чакаў,

Каб дзень, што вызначаны доляй,

Даўно прадбачаны, настаў.

 

У глушыні стэпоў спякотных,

За дальняй, дзікаю гарой

Жыллё вятроў і бур грымотных,

Куды і ведзьма погляд свой

У позні час баіцца кінуць,

Таіцца дзіўная даліна,

І ў той даліне дзве крыніцы:

Адна цячэ вадой жывой;

Другая між кустоў бруіцца

Па жвіру мёртваю вадой;

Наўкола ціха, ветры спяць,

Вясняны халадок не вее,

Сталеткі сосны не шумяць,

Не ўюцца птушкі, лань не смее

У спёку піць з таемных вод;

На ўлонні міра духаў пара

З пачатку света, у абшарах

Вартуюць бераг ад нягод.

З двума збанамі і пустымі

З’явіўся вешчы Фін прад імі;

Спынілі духі даўні сон

І, страху поўныя, прапалі.

Схіліўся, апускае ён

Збаны ў не кранутыя хвалі;

Напоўніў і ў паветры знік,

І апынуўся чараўнік

Ў даліне, дзе ляжаў Руслан

Ў крыві, без памяці, ад ран;

І стаў над рыцарам стары,

І пырснуў мёртваю вадою,

І раны зазіялі ўміг,

І труп цудоўнай пекнатою

Бліснуў; тады вадой жывою

Героя старац акрапіў.

Адчуў ён новых сіл прыліў,

Ажыла сэрца маладое,

Ўстае Руслан, на ясны дзень

Вачамі прагна паглядае,

Як недарэчны сон, як цень,

Прад ім мінуўшае мільгае.

А дзе-ж Людміла? Ён адзін!

Ў ім сэрца зноўку замірае.

Ўміг князь уздрогнуў; вешчы Фін

Яго заве і абымае:

“Збылася доля, о мой сын!

Цябе шчаслівы час чакае;

Цябе заве крывавы цір;

Твой грымне грозны меч бядою;

На Кіеў зойдзе ціхі мір,

І будзе там яна з табою.

Вазьмі пярсцёнак, тайны дар,

Крані ты ім чало Людмілы.

І чар вядзьмарскіх згінуць сілы,

Збянтэжыць ворагаў твой твар,

Мір прыдзе, згіне ліхалецце,

Хай шчасце абаім вам свеціць!

Бывай надоўга, віцязь мой!

Руку дай... толькі на тым свеце

Мы ўжо спаткаемся з табой!”

 

Сказаў і згінуў. Захапленнем

Агорнут палкім і нямым,

Руслан удзячна ў заміленні

Ўздымае рукі ўслед за ім...

Але ўсё ціха ў наваколлі!

Руслан адзін у дзікім полі;

Гарцуе, з карлам за сядлом,

Руслана конь нецерпялівы,

Бяжыць, іржэ, махае грывай;

Ўжо князь гатоў і ўжо вярхом

Ляціць жывы ён і здаровы

Цераз палі, цераз дубровы.

 

Тым насам Кіеў гаратлівы

Ў бядзе і ганьбе ў час аблогі.

Там, пазіраючы на нівы,

Народ з нудоты і знямогі

Стаіць на вежах, на гарах,

Чакае з неба страшнай кары;

І ціхі лямант у дамах,

Нібы страшныя звіслі хмары;

Адзін, каля дачкі сваёй

Владзімір з гораснай малітвай,

І смелы гурт багатыроў

З дружынай вернаю князёў

Рыхтуецца да лютай бітвы.

 

І днее. Рушыліся зноў

Натоўпы ворагаў з бугроў;

Неўгамаваныя дружыны

Навалай хлынулі з раўніны,

На кіяўлян пайшлі гарой;

На плошчах трубы загрымелі,

Байцы сышліся, паляцелі

Насустрач раці баявой,

Спаткаліся — пачаўся бой.

Пачуўшы смерць, кіпелі коні,

Пайшлі грымець мячы па броні;

Са свістам хмара стрэл ляціць,

Раўніна ад крыві гарыць;

Імчацца коннікі няспынна,

Перамяшаліся дружыны;

З'яднанай, дружнаю сцяной

Сячэцца там са строем строй;

Там пешы з конным люта б’ецца,

Там конь напужаны нясецца;

Там рускі ўпаў, там печанег;

Там заклік бітвы, там пабег;

Той пераможан булавою;

Той лёгкай ранены стралою;

Другі, прыціснуты шчытом,

Шалёным стоптаны канём...

Цягнуўся бой да цёмнай ночы;

Ні наш, ні вораг ні здалеў!

За грудамі крывавых цел

Байцы закрылі свае вочы,

І моцным быў іх цяжкі сон;

І зрэдку толькі ў полі бітвы

Быў чуцен паўшых ціхі стогн,

І рускіх віцязяў малітвы.

 

Знікаў трывожнай рані цень,

Ў патоках хваля срэбрам ходзіць,

Няпэўны нараджаўся дзень

На атуманеным усходзе.

Яснелі ўзгоркі і бары,

На небе водблескі зары.

Яшчэ ў бяздзейным супакоі

Прымала поле баявое.

Знік раптам сон: варожы стан

З трывогай шумнаю падняўся,

Знячэўку гул баёў падняўся;

Заныла сэрца кіяўлян;

Бягуць раскіданай гурбою,

Глядзяць: між ворагаў стралою

Ляціць, увесь нібы ў агні,

Цудоўны воін на кані.

Як бура мчыцца, б’е і коліць,

Гудзіць у рог зазыўны ў полі...

То быў Руслан. Як божы гром

Ён наляцеў на басурмана;

Ён скача з карлам за сядлом

Сярод напужанага стана.

Дзе ні засвішча грозны меч,

Дзе конь сярдзіты не прамчыцца,

Лятуць галовы ўсюды з плеч,

І рвецца строй са строем біцца;

І ўмомант быў зялёны луг

Гарой крывавых цел пакрыты,

Жывых, расціснутых, пабітых,

Грамадай коп’яў, стрэл, кальчуг.

На трубны гук, на голас боя

Дружыны конныя славян

Памчалі наўздагон герою,

Сышліся... гібні, басурман!

Жах ахапляе печанегаў;

Пітомцы бурныя набегаў

Завуць рассеяных каней.

Працівіцца не смеюць болей,

З выццём дзікунскім пыльным полем

Бягуць ад кіеўскіх мячэй.

Асуджаныя на скананне,

Ім рускі меч нёс пакаранне!

Святкуе Кіеў... Будзе пір!

Ляціць магутны багатыр;

Ў руцэ трымае меч пабедны;

Кап’ё зіяе, як звязда,

Бруіцца кроў з кальчугі меднай;

На шлеме ўецца барада;

Ляціць, акрылены надзеяй,

Па плошчах шумна ў княжы дом.

Народ, усцешаны падзеяй,

У гурт збіраецца кругом,

І князя радасць ажывіла.

Ўваходзе ў церам наш герой,

Дзе спіць цудоўным сном Людміла;

Владзімір, з думаю цяжкой,

Ля ног яе стаяў пахілы.

Ён быў адзін. Яго сяброў

Вайна пазвала ў бой крывавы.

Але Фарлаф пры ім. Ад славы

Ён бег, як бег і ад баёў.

Ён ненавідзеў сполах стана,

На варце ля дзвярэй стаяў.

Чуць ліхадзей пазнаў Руслана,

Ў ім кроў застыгла, раптам звяў,

І голас на губах прапаў,

І ўпаў са страху на калені...

Чакаў, што люты суд сустрэне!

Руслан ляціць, таемны дар

З яго чаруючаю сілай

Падносіць хутка да Людмілы, —

Крануў пярсцёнкам мілы твар

І цуда: юная княжна,

Ўздыхнуўшы, раскрывае вочы!

Здалося, быццам-бы яна

Дзівілася даўжэннай ночы;

Здавалася, што нейкі сон

Няяснай мараю трывожыў,

І ўміг пазнала — гэта ён!

І князь ў абдымках у прыгожай.

Ажыўшы полымнай душой,

Не бачыць ён і не зважае,

А бацька ў радасці нямой,

У слёзах, мілых абымае.

 

Чым скончу доўгі свой расказ?

Ты здагадаешся, друг мілы!

Старога князя гнеў пагас;

Фарлаф прад ім і прад Людмілай

Ля ног Руслана расказаў

Пра сорам свой і ліхадзейства;

Руслан Фарлафу дараваў;

Пазбаўлен сілы чарадзейства,

Ў палац прыняты карла быў;

Канец няшчасцяў наступіў,

Владзімір ў цераме высокім

Запіраваў сярод сваіх.

 

Падзеі дзён даўно былых,

Паданні старыны глыбокай.

 

Эпілог

 

Так, жыхар свету раўнадушны,

На ўлонні лёгкай цішыні;

Я славіў ліраю паслушнай

Паданні пра былыя дні.

Спяваў і забываў пра крыўды

І шчасця й ворагаў сваіх,

І здрады ветранай Дарыды,

І шэпты плеткароў дурных.

На крыллях вымысла мой розум

Ляцеў за край зямлі маёй;

Між тым нябачнаю пагрозай

Звісала хмара нада мной!..

Я прападаў... Святы ахоўнік

Бурлівых, пачатковых дзей,

О дружа, ўцешнік ты цудоўны,

Душы расслабленай маей!

Ты умаліла непагоду,

Ты сэрцу зноў вярнула мір;

Ты захавала мне свабоду,

Юнацтва палкага кумір!

Забыты светам і хлуснёю,

Пакінуў неўскіх хваляў плынь,

Цяпер я бачу прад сабою

Каўказскіх гораў высачынь.

Над іх вяршынямі крутымі,

На схіле хмурых верхавін,

Жыву пачуццямі аднымі

І дзіўнай пекнатой карцін

Прыроды дзікае і сумнай;

Як і раней, душа ўвесь час

Тамлівай апавіта думай —

Ды жар паэзіі пагас.

Дарма шукаю захапленняў:

Прайшла пара вясёлых сноў,

Кахання, вершаў, чулых слоў,

Пара сардэчнага гарэння!

Адплыў уцех кароткі дзень

І знікла ад мяне, як цень,

Багіня ціхага натхнення...



Пераклад: Андрэй Александровіч