Аляксандар Пушкін

Спалены ліст

Бывай, кахання ліст! Яна мне загадала.

Марудзіў доўга я! Бо сілы не ставала

Аддаць агню ўсе радасці мае,

Але пара нарэшце настае.

Гатовы я; палае ліст кахання,

І я гляджу, стрымаўшы хваляванне,

Як ліжа полымя пажоўклыя старонкі.

Хвіліна!.. Запалалі! З дымам тонкім

Плыве, губляецца маё маленне,

Пярсцёнка вернага знікае уяўленне —

Кіпіць растоплены сургуч, густы.

Скруціліся сатлелыя лісты,

На попеле бялее след чарніла.

Палаюць грудзі болем. Попел мілы,

Будзь суцяшэннем, дай мне сілы,

Прыстань навек да змучаных грудзей...



Пераклад: Сяргей Грахоўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com