epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Тапелец

Прыляцелі ў хату дзеці,

Клічуць бацьку-рыбака:

«Тата! Тата! Нашы сеці

Прыцягнулі мерцвяка».

«Не хлусіце, чарцяняты», —

Крыкнуў бацька у адказ.

«Ой жа гэтыя рабяты,

Пакажу вам мерцвяка!

Суд заварыць заваруху, —

Разбірацца з імі стань.

Гаспадыня, гэй, паслухай,

Паплятуся; дай каптан...

Дзе ж мярцвяк?» — Ды вунь, налева».

Так і ёсць, — каля ракі,

Дзе ляжыць халодны невад,

Мёртвы выплыў на пяскі.

Труп агідны і жахлівы

Пасінеў і ўвесь распух.

Мо' бядак тут нешчаслівы

Загубіў свой грэшны дух.

Мо' рыбак тут пахаваны,

Можа хмельны маладзец,

Мо' злачынцам абабраны

Нездагадлівы купец.

Мужыку няважна гэта.

Палахліва ўдаль зірнуў

І за ногі труп раздзеты

Ён у рэчку уцягнуў.

І ад берага, нясмела

Адштурхнуў яго вялом...

І паплыў мерцвяк зсінелы

За магілай і крыжом.

Ноччу мёртвы ў чорных водах,

Як жывы, гайдаўся зноў,

А мужык вачмі праводзіў

І цішком пабрыў дамоў.

«Шчанюкі! За мной ідзіце —

Белы пернік будзе вам,

Ды глядзіце ж, мне, маўчыце,

Калі што — па карку дам!

Ноччу бура зашумела,

Ўсхвалявалася рака.

І лучына дагарэла

Ў курнай хаце мужыка.

Дзеці спяць і дрэмле маці,

Муж заснуў ужо даўно.

Бура вые. Чутна ў хаце —

Нехта грукае ў акно.

«Хто?» — «Прытулку я шукаю!»

«Не хапала мне бяды,

Што ты ноччу блудзіш, Каін?

Чорт прыгнаў цябе сюды.

Дзе тут дзенешся з табою?

Дома цесна, спяць даўно».

І ляніваю рукою

Падымае ён акно.

Месяц з хмары выплывае —

Раптам: голы перад ім,

З барады вада сцякае,

Скамянеў пагляд зусім.

Ўсё ў ім страшна анямела,

Рукі звіслі да зямлі —

Па скалечанаму целу

Ракі чорныя паўзлі.

Мужыка ажно затрэсла: —

Госця голага пазнаў.

Бразнуў шыбай: «Каб ты трэснуў!» —

Задрыжэўшы, прашаптаў.

І ад дум страшных, як здані,

Ноч ён тросся навылёт.

І ўсё стукалі да рання

Пад акном і ля варот.

 

Ёсць паданне у народзе,

Людзі кажуць: кожны год

У вядомы час прыходзіць

Госць жахлівы да варот;

З рання пыл дарогі сцеліць,

Ноччу б'е страшэнны гром

І ўсё стукае тапелец

Ля варот і пад акном.



Пераклад: Сяргей Грахоўскі, Алесь Розна