epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

У Сібір

У глыбіні сібірскіх руд

Хавайце гордую цярплівасць,

Не згіне праца вашых рук

І дум высокая імклівасць

 

Няшчасцю верная сястра,

Надзея ў змрочным сутарэнні,

Узбудзіць радасць і натхненне,

Настане светлая пара:

 

Да вас праз мур турмы глухой

Сяброўства й любасць прыдуць скора,

Як сёння ў катаржныя норы

Даходзіць голас вольны мой.

 

Цяжкія кайданы спадуць,

Астрогі рухнуць — і свабода

Вас прыме радасна ля ўхода,

І меч браты вам аддадуць.



Пераклад: Пятро Глебка