epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Успамін

Як для смяротнага замоўкне тлумны дзень,

І на нямым працягу вуліц

Напоўпразрысты ляжа ночы цень,

І сон людзей спрацованых атуліць,

Тады ў цішы пацягнуцца ў мяне

Гадзіны цяжкіх мрый, турботаў:

Ў бяздзеянні начным ярчэй гараць ва мне

Змяі сардэчнае згрызоты;

Рой мараў; у вуме, прыдушаным тугой,

Чаўпецца важкіх думак скутак;

І успамін маўчком перада мной

Свой доўгі развінае скрутак;

І, з прыкрасцю чытаючы сваё жыццё,

Я і трымчу, і праклінаю,

І горка скарджуся, і слёзы лью руччом,

Але радкоў маркотных не змываю.



Пераклад: Рыгор Лынькоў