Аляксандар Пушкін

Вакхічная песня

      Што змоўк наш раскацісты бас?

      Грыміце, вакхальныя спевы!

      Хай вабяць пяшчотныя дзевы

І юныя жонкі каханыя нас!

            Гэй, шклянку паўней налівайце!

            На звонкае дно

      Ў густое віно

Таемны пярсцёнак кідайце!

Узнімем бакалы і зрушым іх разам!

      Няхай жывуць музы, няхай жыве розум!

      Ты, сонца святое, гары!

      Як гэта лампада бляднее

Прад золакам ясным ўгары,

Так мудрасць ілжывае гасне і тлее

      Прад мудрасцю сонца: ў ім фальшу няма.

Няхай жыве сонца, і згіне хай цьма!



Пераклад: Пятро Макарэвіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com