Аляксандар Пушкін

Вакхічная песня

      Што дух весялосці пагас?

      Гучыце, вакхальныя спевы!

      Хай будуць пяшчотныя дзевы

І юныя жонкі, што лашчылі нас!

            Паўней, да краёў налівайце!

            На звонкае дно

      Ў густое віно

Таемны пярсцёнак кідайце!

Падымем і схілім бакал да бакала!

      Каб муза натхняла, каб думка лунала!

      Ты, сонца святое, гары!

      Як гэта лампада бляднее

На ясным усходзе зары,

Так мудрасць ілжывая чэзне і тлее

      Прад розумам, поўным святла.

Дык хай жыве сонца, хай знікне імгла!

 

1825



Пераклад: Анатоль Вярцінскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com