epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Вёска

Вітаю я цябе, пустэльны мой куток,

Прытулак ціхі працы і натхнення,

Дзе льецца дзён маіх нябачаны паток

       На ўлонні шчасця й суцяшэння.

Я твой — я прамяняў Цырцэй заганны двор,

Раскошныя забавы, балі, захапленні

На мірны шум дуброў, на ніў тваіх прастор,

На вольнасць ціхую — сяброўку задумення.

 

       Люблю красу тваіх садоў

       З іх квеценню і з іх пладамі,

Твой луг, застаўлены духмянымі стагамі,

Дзе ручаі гамоняць звонка між кустоў.

Перада мною скрозь прывабныя малюнкі:

Тут бачу двух азёр блакітныя карункі,

Дзе часам праплываюць рыбакоў чаўны,

За імі ўзгоркі, ніў дыван стракаты,

       Уводдалі рассыпаныя хаты,

На нізкіх берагах зялёных табуны,

Дымок над восеццю і млын крылаты;

       Сляды руплівай працы скрозь відны...

 

Я тут, пазбыўшыся ад мітусні людской,

Вучуся ісціну спазнаць у разважанні,

Законы блаславіць свабоднаю душой,

Натоўпу цёмнага не слухаць нараканні,

А просьбе шчырай спачуваць

       І зайздрасці не адчуваць

За дурня ці злачынца ў славе незаконнай.

Аракулы вякоў, я клічу вас сюды!

       У адзіноце блаславёнай

       Наймілы голас ваш заўжды.

       Ён гоніць хмуры сон ляноты,

       Вядзе сюды натхнення дні,

       І вашы творчыя узлёты

       Ў душэўнай спеюць глыбіні.

Ды думка страшная душу тут засмучае:

       Там, дзе квітнеюць нівы і сады,

З тугою сябар чалавецтва заўважае

Усюды невуцтва ганебнага сляды.

       Глухое да пакут і галашэння, —

Злы лёс абраў яго для гібелі людской, —

Тут панства дзікае, без права, без сумлення,

Прысвоіла сабе гвалтоўнаю лазой

І час, і працу сейбіта, і скарб ягоны.

Пад посвіст бізуноў, з пахілай галавой,

Тут рабства беднае пляцецца баразной

І шле няўмольнаму валадару праклёны.

Тут цяжкае ярмо да смерці ўсе нясуць,

Не смеючы ў душы ніякай мець надзеі,

       Дзяўчаты маладыя тут цвітуць

       Для здзекаў і распусты ліхадзея;

Апора мілая на старасці бацькоў,

Сыны іх юныя, працаўнікі палёў,

З хаціны роднае ідуць сабой памножыць

Дваровыя натоўпы змучаных рабоў.

О, калі б сэрцы голас мой умеў трывожыць!

Нашто ў грудзях маіх гарыць бясплодны жар

І доляй мне не дадзены віційства грозны дар?

Ці ўбачу, о сябры! я вольнымі народы

І рабства, што загіне з міласці цара,

І над радзімаю асвечанай свабоды

Ці ўзыдзе ўрэшце цудадзейная зара?

 

1819



Пераклад: Уладзімір Шахавец