Аляксандар Пушкін

Восень

Чего в мой дремлющий тогда не входит ум?

Дзяржавін.

 

1

Кастрычнік надышоў — павольна атрасае

Апошняе лісцё з галін пахмурны гай,

Дыхнула холадам — дарога прамярзае —

Яшчэ бяжыць паўз млын, булькочучы, ручай,

Але ўжо стаў застыў; сусед мой выязджае

На поле паляваць. — Ату, ату, хапай! —

І пачынаецца шалёная пацеха:

І плача ў полі рунь, і плача ў лесе рэха.

 

2

Цяпер мая пара: я не люблю вясны —

Адліга, гразь, смурод — не адчуваю волі,

Узбунтавана кроў, узбунтаваны сны:

Суровую зіму я паважаю болей,

У ноч марозную на санках распісных

Люблю з дзяўчынаю імчацца у чыстым полі,

Калі пад собалем, зардзеўшыся, як мак,

Яна вам падае кахання шчыры знак.

 

3

Як весела абуць жалезам вострым ногі

І плаўна коўзацца па люстры роўных рэк!

Таксама зімніх свят бліскучыя трывогі...

Але ўсё да пары; паўгода снег ды снег,

Ды гэта ў рэшце рэшт і жыхару бярлогі,

Мядзведзю, спрыкрае, бо нельга ж цэлы век

Наладжваць санныя з Армідамі* гулянкі,

Ці за падвойным шклом туліцца да ляжанкі.

 

4

Ох, лета краснае! Я рад цябе любіць,

Але завошта? — пыл, ды заедзь, ды спякота;

Як поле сохлае, прасцёршыся, ляжыць

Душа знямелая; адна ўвесь час турбота,

Адно жаданне ў нас — каб гэта напаіць

Ды асвяжыць сябе: вярнуць зіму ахвота,

Але, справадзіўшы блінамі і віном,

Марожаным яе давайце памянём.

 

5

Дні позняй восені асуджваюць звычайна —

Я ж ёю цешуся, чытач мой дарагі:

Красой пакорнаю, халоднай, развітальнай

Яна і радуе і надае тугі.

Ў ёй шмат прыемнага; скажу вам безутайна:

Яе люблю найбольш сярод часін другіх, —

Як часам падчарка у мачыхі варожай,

Яна чаруе нас уродаю прыгожай.

 

6

Такое нешта ў ёй — як гэта перадаць?

Часамі любім мы сухотную дзяўчыну:

На звялых вуснах смех жывы яшчэ відаць,

Але ўжо злая смерць штурхае ў дамавіну;

І хіліцца яна, і нельга ўратаваць,

Стараецца забыць пра грозную хвіліну,

Румянец на шчацэ, а толькі ўсё дарма —

Сягоння ёсць яна, а заўтра ўжо няма.

 

7

Панурая пара! Вачэй замілаванне!

Бярэ мяне ў палон туга тваёй красы —

Люблю я пышнае прыроды адцвітанне,

У чырвань-золата убраныя лясы;

Люблю я ветру шум і свежае дыханне,

І далі мглістыя, сухія верасы,

Няяркі сонца бляск, і замаразак ранкам —

Бялявы след зімы на сцежцы перад ганкам.

 

8

І кожнай восенню я расцвітаю зноў:

Мяне узбуджвае здаровы рускі холад;

Да навычак быцця вяртаецца любоў —

Чаргой прыходзіць сон, чаргой турбуе голад,

Пульсуе правільна асвежаная кроў,

Жаданняў шмат — ізноў і вёсел я, і молад,

І жыццярадасны такі мой арганізм.

(Пражу мне дараваць за гэты празаізм.)

 

9

Прыводзяць мне каня, раўнінаю адкрытай

Са мною разам ён імклівіць вольны лёт.

Як шпарка ён бяжыць, з якім цудоўным спрытам! —

Звініць замдя пад ім і трэскаецца лёд.

Ала згасае дзень — і ў камінку забытым

Агонь ізноў гарыць — то зыблецца святлом,

То ценем зыблецца — тады я ці чытаю,

Ці думы доўгія ў душы перабіраю.

 

10

І забываю свет — і ў вечаровай мгле

Укалыханы я маім выабражэннем,

І абуджаецца Паэзія ва мае:

Душа сціскаецца лірычным узрушэннем —

Хвалюецца, гучыць, шукае нібы ў сне,

Каб выліцца нарэшце вольным выяўленнем;

І тут ка мне ідзе гасцей нябачны рой:

Снуюцца вобразы, сябры душы маёй.

 

11

І думкі ў галаве ўкладаюца ў памеры,

І рыфмы лёгкія насустрач ім ідуць,

І пальцы просяцца к пяру, пяро к паперы,

Хвіліна — і радкі нястрымна пацякуць.

Так дрэмле карабель у моры, хмуры, шэры —

Але пачуўся кліч — матросы набягуць,

Замітусіцца ўсё — і ветразі на ветры;

Рвануўся карабель і рассякае нетры.

 

12

Плыве... Куды ж нам плыць? Якія берагі

Наведаем мы зноў? — Егіпет старадаўні,

Шатландскую скалу ці вечныя снягі...

* Арміда — чараўніца з паэмы Тарквата Таса «Вызвалены Іерусалім».



Пераклад: Юрка Гаўрук

Беларуская Палічка: http://knihi.com