Чего в мой дремлющий тогда не входит ум?
Дзяржавін.
І
Кастрычнік надыйшоў — і гай ужо страсае
Апошнія лісты з пустых сваіх галін;
Дыхнулі халады — дарога падмярзае.
Булькочучы, бяжыць яшчэ ручай за млын,
Ды ўжо ставок застыў; на ранку выязджае
Сусед мой паляваць сярод лясоў, далін,
І топчуць рунь палёў яго ліхія коні,
І будзіць брэх сабак дубровы ў час пагоні.
ІІ
Цяпер мая пара: мне сумна жыць вясной;
Адлігі не люблю; слата — вясной я хворы;
Бунтуе кроў; пачуцці сціснуты тугой.
Больш даспадобы мне зімовыя прасторы.
Суровыя снягі; як хораша зімой
Імчаць з сяброўкаю, калі іскрацца зоры,
Калі пад собалем, сагрэтая ў вазку,
Яна гарыць, дрыжыць і цісне вам руку!
ІІІ
Як люба абуваць жалезам вострым ногі
І коўзацца зімой па люстры роўных рэк!
А свят, зімовых свят, бліскучыя трывогі!
Ды трэба й меру знаць; поўгода снег ды снег,
Нарэшце гэткае і жыхару бярлогі,
Мядзведзю, збрыдае. Няможна ж цэлы век
Нам ездзіць у вазках з Армідамі сваімі,
Альбо ў цяпле гібець за вокнамі двайнымі.
IV
Ох, лета краснае! сябе-б я зваў тваім
Каханкам, каб не пыл, не камары ды мухі,
Ты здольнасці душы знішчаеш назусім,
У спёку гінем мы, як поле ад засухі;
Мы марым аб рацэ, аб халадку лясным —
І згадваем зіму-бабульку не без скрухі.
Праводзячы зіму блінамі і віном,
Памінкі ладзім ёй марожаным з ільдом.
V
Дні позняй восені нам зневажаць не дзіва,
Ды я яе люблю, чытач ласкавы мой,
За ціхую красу, што ззяе скрозь маўкліва.
Так да нялюбага дзіцяці ўсёй душой
Цягнуся я. І вам прызнаюся праўдзіва,
Што рады больш за ўсё я восені адной,
У ёй шмат добрага; адданы ёй душою,
Знайшоў прывабнае ў ёй марай я сваёю.
VI
Мне падабаецца даўно яна адна,
Як часам, можа быць, сухотная дзяўчына
Вам падабаецца. Асуджана яна,
Штодзень бліжэй яе смяротная хвіліна.
Усмешка на губах на выцвіўшых відна;
Не ведае яна, што стацца з ёй павінна:
Як ружа твар яшчэ гарыць, але дарма,
Хоць сёння і жыве, ды заўтра ўжо няма.
VII
Маркотная пара! вачэй замілаванне!
Прыемны сэрцу бляск знікаючай красы —
Люблю прыроды я ўрачыстае згасанне,
У чырвань з золатам убраныя лясы,
Ў іх засені вятроў шумлівых парыванне,
І сонца рэдкае, і з ранку маразы,
І тонкаю смугой пакрытыя нябёсы,
І ледзь прыкметныя сівой зімы пагрозы.
VIII
І з кожнай восенню я расцвітаю зноў;
Карысны для мяне наш рускі холад ранні,
Да дробезяў быцця зноў чую я любоў,
Прыходзіць пасля сну зноў голад на світанні,
І лёгка, радасна віруе ў сэрцы кроў,
Юнацкія ў маёй душы кіпяць жаданні;
Я поўны зноў жыцця — такі мой арганізм
(Прабач мяне, чытач, за лішні празаізм).
ІХ
Падводзяць мне каня: у лёце нечуваным
Ён конніка імчыць да дальніх пушчаў, сёл,
Пад капытом яго надзейна падкаваным
Трашчыць бліскучы лёд, звініць замёрзлы дол.
Ды хутка гасне дзень — на камінку цагляным
Агонь ізноў гарыць — ліе святло вакол,
Ці тлее ледзь — а я перад агнём чытаю
ЦІ ў марах доўгі час, забыўшыся, лунаю.
Х
І забываю свет, і так прыемна мне
Аддацца ў цішыні прыемным адчуванням,
Пачуцці светлыя паэзія кране:
Душа сціскаецца лірычным хваляваннем,
Уся трымціць, гучыць, і прагне, як у сне,
Нарэшце выліцца натхнёным парываннем,
І да мяне ідзе гасцей нябачны рой,
Сяброў, што мараю народжаны маёй.
XI
І думак не стрымаць, адважны іх намеры,
І рыфмы лёгкія насустрач ім бягуць,
І пальцы просяцца к пяру, пяро к паперы,
Хвіліна — і радкі натхнёна паплывуць.
Так дрэмле карабель, ў туман схаваны шэры
Але прыслухайся! — спяшаюцца, паўзуць
Матросы ўгору, ўніз — вось ветразі паднялі;
Скрануўся карабель і рассякае хвалі.
ХII
Плыве. Куды-ж нам плыць?..