Калі, захоплены каханнем і пяшчотай,
Укленчыўшы, я на цябе употай
Глядзеў і спадзяваўся: ты мая, —
Ты знаеш, мілая, ці прагнуў славы я:
Ты ведаеш, выгнаннік з ветранага свету,
Самотны, я залічаны ў паэты,
Стамлёны бурамі, заўсёды адзінокі,
Прымаў аднолькава хвалу і ўсе папрокі
І не зважаў на свецкія прысуды,
Калі твой вобраз адкрываў мне цуды,
І дотык твой да галавы імклівы,
І ціхі шэпт: кахаеш, ты шчаслівы?
Другую, як мяне, кахаць не будзеш?
Ты, друг, мяне ніколі не забудзеш?
А я, разгублены, маўчаў ад хвалявання,
Я асалодай жыў і светлым спадзяваннем,
Што ў будучым жахлівы дзень разлукі
Нас абміне. А ўрэшце? Слёзы, мукі,
Паклёп і здрада па душу маю
Абрынуліся... Што ж я, дзе? Стаю,
Як падарожны ў пекле навальніцы, —
Пустыня, змрок, няма дзе прытуліцца.
Цяпер жаданнем новым повен я,
Я славы прагну, каб маё імя
Гучала з кожных вуснаў несупынна,
Каб чула ты яго штодзённа, штохвілінна,
Каб чуткі пра мяне гучалі дзень пры дні
У тлуме свету і у цішыні,
Каб ты прыпомніла маленне да світання
І сад начны ў хвіліну развітання.