epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Зімовая дарога

Скрозь бруістыя туманы

Маладзік ледзь-ледзь відзён,

На маркотныя паляны

Лье святло маркотна ён.

 

Па дарозе сумнай, саннай

Тройка шпаркая бяжыць.

Балабончык аднастайны

Надакучліва звініць.

 

Штосьці роднае да болю

Чую ў песнях вазака:

То зухлівае раздолле,

То маркоту мужыка...

 

Ні агню, ні чорнай хаты...

Снег і снег насустрач мне,

Толькі зрэдку паласаты

Слуп дарожны прамільгне.

 

Сумна, сцішна... Заўтра, Ніна,

Я вярнуся да цябе

І забуду ля каміна

Аб сягонняшняй журбе.

 

Будзе мерным мірным звонам

Адбіваць гадзіннік час.

Прэч дакучных мы прагонім,

Не разлучыць поўнач нас.

 

Сумны, Ніна, шлях мой санны,

Змоўк вазак мой і панік.

Балабончык аднастайны

І ў тумане маладзік.

 

1826



Пераклад: Хведар Жычка