epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Зімовая раніца

Мароз і сонца; дзень цудоўны!

Яшчэ ты дрэмліш, друг чароўны -

Красуня, уставай, пара:

Даруй пяшчотнаму дакору -

Сустрэць паўночную Аўрору

Прыйдзі, як поўначы зара!

 

Учора, помніш, завіруха

Імгліла неба, выла глуха;

Пабляклай плямай з вышыні

Праз хмары поўня ледзь жаўцела,

І ты журботная сядзела

А сёння ... у акно зірні:

 

Пад сінізной нябёсаў сцішна

Кілімамі велікапышна

Зіхотна стылы снег ляжыць;

Празрысты лес адзін чарнее,

Праз іней елка зелянее,

І рэчка пад ільдом блішчыць.

 

Бурштынным водсветам наўкола

Пакой асветлены. Вясёла

Трашчыць запаленая печ.

І цепліць думкі жар ляжанкі.

А ведаеш: кабылу ў санкі

Ты мне запрэгчы не пярэч.

 

Па роўні ранішняга снегу,

Друг любы, аддамося бегу

Каня, што нецярпліва мкне,

Праведаем палі пустыя,

Лясы, нядаўна скрозь густыя,

І бераг той, што любы мне.

 

1829



Пераклад: Рыгор Барадулін