epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Зімовы вечар

Бура мглою неба крые,

Снежным круціцца віхром;

То як звер яна завые,

То заплача дзіцянём,

То саломіну трывожна

Заварушыць на страсе,

То, як позні падарожны,

Акяніцай патрасе.

 

Наша хатка невяліка,

І маркота ў ёй і ціш.

Што, старэнькая, панікла,

Ля вакенечка сядзіш?

Ці стамілася, мой дружа,

Слухаць буру у начы,

Ці ўздрымнула ты, нядужа,

Белу нітку прадучы?

 

Вып'ем, верная галубка,

Шмат зазнаў з табою я,

Вып'ем з гора; дай жа кубка,

Пацяшальніца мая!

Заспявай мне, як сініца

Па-за морам дзесь жыла;

Як дзяўчына па вадзіцу

Рана раненька ішла.

 

Бура мглою неба крые,

Снежным круціцца віхром;

То як звер яна завые,

То заплача дзіцянём.

Вып'ем, верная галубка,

Шмат зазнаў з табою я,

Вып'ем з гора; дай жа кубка,

Пацяшальніца мая!



Пераклад: Юрка Гаўрук