epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандр Сержпутоўскі

Цесля

Сабраўся адзін стары чалавек будаваць сабе хату.

«Я ўжо нядоўга пажыву, - думае ён, - але збудую добрую хатку. Няхай мяне памінаюць унукі да праўнукі».

Наняў ён цеслю да й пачаў з ім выбіраць месца. Аблюбавалі яны харошае месца на ўзгорачку, дзе з даўніх часоў ляжаў вялікі камень. Цесля аснаваў хату так, што камень якраз застаўся на покуці пад вуглом. От ужо чуць не саўсім гатова хата, як вось прыйшоў к таму старому другі малады цесля. Пачалі яны аглядаць хату. Пазайздросціў той новы цесля свайму таварышу, што ён вельмі добра збудаваў хату, да й пачаў дурыць старому галаву: пачаў яму гаварыць, што тое нядобра, тое нягожа, камень не на месцы, да так падбухторыў старога, што той і сам пачаў думаць, а мо й сапраўды хата кепска пабудавана.

«Што тут рабіць? - думае ён. - Малады цесля гожа меле языком, але нічога яшчэ не будаваў да, мабыць, і не ўмее будаваць. А калі ён такі гостры да такі здатны, як сам сябе хваліць, дак няхай памагае старому цеслю, няхай вучыцца да робіць, як лепш».

І наняў ён маладога цеслю, каб ён памагаў старому. І пачаў тут малады цесля перарабляць да псаваць то тое, то іншае да ўжо такога нарабіў, што брыдка і людзям паказаць. Бачыць ён, што кепска, да й кінуў тую будову.

Тым часам стары чалавек памёр. Гаспадаром застаўся яго малодшы сын. З гэтым сынам ужо даўно таварышаваў той малады цесля. От ён і давай падбухторваць маладога гаспадара, што трэ хутчэй дабудаваць хату, але што яна так кепска пабудавана, не мае ніякага хараства, то яе трэба зусім перарабіць. Слухаў той, слухаў, няма як плюнуць таварышу ў вочы, але каб адчапіцца, наняў яго разам з старым цеслю дабудаваць тую хату. От малады цесля перш звярнуў дах да зрабіў новую стрэху з цацкамі да з пеўнікамі. Але пачалі людзі смяяцца да казаць, што гэта не хата, а якаясь будка. От і пачаў ён з року ў рок перарабляць у той хаце то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы, нарэшце вывернуў з-пад вугла той вялікі камень. Пахілілася хата на адзін бок да так і стаіць на смех добрым людзям.

- Тут мала добрага матэрыялу, - кажа вельмі разумны малады цесля, - трэба навазіць лепшага.

От і пачаў ён выбіраць да вазіць лепшы матэрыял. Навазіў ён лесу цэлую гурбу, роўную з хатаю. От выкіне з сцяны бервяно, паложыць туды новае, паглядзіць - не гожа, зноў вымае да закладвае новае. Так і не дабудаваў ён хаты.

 

Запісана А.Сержпутоўскім у в. Чудзін Слуцкага павета ад Данілы Куляша.


1890-1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая