epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Бацюкоў

Кароль блазнаў

Блазнаў уводзілі ў залю незаўважна й нячутна адно ад аднога, папярэдне яшчэ завязаўшы вочы. Дагэтуль кожны зь іх зрабіў гэткі ж таямнічы й няўцямны шлях да палацу, як той, ад брамы да залі, пад канвоем узброеных лёкаяў. Спачатку кожны блазан мусіў прыехаць у зацемненым экіпажы да галоўных варотаў, там яго сустракалі найперш брамнікі, якія правяралі кожнага, а затым папраўлялі ім шырокія чорныя стужкі на вачох. Прытрымліваючы блазнаў пад локці, брамнікі выводзілі іх з экіпажаў і перадавалі ў рукі лёкаяў і вартавых, а тыя, у сваю чаргу, не адказваючы таксама ні на якія пытаньні, адно накіроўваючы, куды трэба ісьці, вялі праз розныя, усё роўна якія дзьверы, ледзьве асьветленымі калідорамі ў цэнтральную залю. Вельмі важна было, каб за ўвесь гэты час ніводзін блазан не пачуў адказаў на свае пытаньні і сьмеху на свае жарты.

У залі пакінулі нібыта роўна столькі сьвятла, каб яно ня надта раздражняла вочы і ня надта весела грала на пазалоце, а толькі ледзь-ледзь разьлівалася ў паветры да сярэдзіны залі ад ніжніх сьцен, пакідаючы зрынутымі ў змрок галерэі і балькон над галоўным уваходам. Гэтае частковае зацямненьне аказалася вельмі ўдалым, стоячы ўнізе ніхто з блазнаў не здолеў бы сказаць, ці глядзіць на яго хтосьці зьверху і ці мятляецца там над парэнчамі хоць які цень. Да таго ж кіпеньне паходняў, а заля асьвятлялася менавіта паходнямі, нібыта закрывала ўсе лішнія гукі звонку.

Блазнаў паставілі колам, праз тры крокі адно ад аднога, амаль па цёмнае рысе мармуровай падлогі - ад цэнтру залі да сьцен разыходзіліся, чаргуючыся, белыя, шэрыя і матава-барвовыя кольцы. Калі апошні блазан дакульгаў да свайго месца і застыў, адчуўшы цяжкі дотык рукі вартавога на сваім плячы, з балькону пачуўся нейкі ціхі знак, лёкаі ўсе разам пакінулі залю і закрылі звонку апошнія дзьверы, не прытойваючы жалезнага ляскату замкоў. Блазны разгублена ўслухоўваліся на аддаленьне іх крокаў і на гэты рэзкі гук і вярцелі галовамі, усё не наважваючыся зьняць павязкі. Нехта заскрыгатаў зубамі, разьвесяліўшы тым толькі сябе, і засьмяяўся.

- І вось, вы ўсе тут, - гучны, крыху ўзбуджаны голас сыходзіў з балькону. Блазны ўсе павярнуліся на гэтыя словы, некаторыя паднялі рукі да павязак. - Не! - голас спыніў іх - Не здымайце пакуль нічога з вачэй, так вам будзе лягчэй мяне слухаць, а мне так будзе зручней з вамі гаварыць. Я заўважыў, што блазны вельмі паслухмяныя, калі нічога ня бачаць, яны ня могуць жартаваць і не ўзірацца адначасова. Мяркую, што самы час распавесьці вам, як вы тут апынуліся, і хто вы. Я не імкнуся пазнаёміць вас і тым больш пазнаёміцца з вамі, і для таго і для гэтага і ў мяне і ў вас будзе дастаткова часу. Я раскажу толькі як вы сюды патрапілі і што з вамі будзе надалей, і з вас дастаткова!

Пачну я з курдупеля, што прыйшоў апошнім і крыху змусіў усіх чакаць, не са свае віны, безумоўна, а хутчэй зь віны сваіх аб'едзеных у свой час сабакамі ног. Я кажу пра блазна Ірму, пра мужчыну з жаночым імем. Ён пражыў ужо гадоў сорак, меў дастатковы посьпех пры апошнім Аўгусьце, але ня здолеў замацавацца пры двары і вось ужо некалькі год бавіць публіку, пераяжджаючы ад аднаго заможнага шляхціца да другога, затрымліваючыся надоўга, альбо ненадоўга, у залежнасьці ад магчымасьцяў гэтых людзей задавальняць старога сквапнага нявеку. Насамрэч, аднак жа, ён толькі думаў, што карыстаецца правінцыйнымі арыстакратамі. Набыць яго за пару ня самых прыгожых коней у апошняга гаспадара аказалася самай лёгкай справай, прынамсі, лягчэйшай, чым знайсьці. Два дні таму Ірму зачынілі ў адным з верхніх пакояў палацу, не асабліва турбуючыся за ўцёкі, і выпусьцілі толькі сёньня ўдзень, выключна каб запхнуць у прыхаваны чорнымі фіранкамі экіпаж і каб прывезьці сюды, на самы пачатак ночы. Зрэшты, апошнія словы прыдатныя да кожнага з вас, мілыя блазны. Па сваёй волі, альбо пад прымусам, але ўсе вы зрабілі аднолькавы шлях, у цішы й цемры, каб патрапіць сюды.

Наш наступны госьць - Вялікая Боўдзіла, чалавек з надзвычайным ростам і зь неверагоднымі рукамі. Яна так часта пераапранаецца з мужчыны ў жанчыну, а з жанчыны ў мужчыну, размаўляючы, незалежна ад таго якім хочаш голасам, хоць ты дзіцячым, што ані мінулы гаспадар, шаноўны Міхал Пац, ані ягоны сын і сёньняшні, дакладней, заўчорашні гаспадар, не маглі б сказаць, мужчына, Боўдзіла ўсёж-такі, ці жанчына. Калі б ня сьведчаньні некаторых каханкаў, таямніца заставалася б таямніцай і да сёньня.

Малодшы набожны Пац, ня вельмі схільны да вычварэнскіх густаў свайго бацькі, прадаваў Боўдзілу нават з палёгкай.

Побач з Боўдзілай я пазнаю Васільку, ці не адзінага з вас блазна, чый твар можна назваць прыгожым і чый розум можна назваць чыстым. Яго любілі за радасьць, якая сьвяцілася ў вачах, за дурасьць, за бязглуздую тупую ўсьмешку, за сьціпласьць і здольнасьць чырванець. Паглядзіце потым усе на яго ўважліва, праўда цікавасьць вашая адразу пройдзе, ледзь толькі вы зразумееце, што такіх блазнаў сколькі хочаш сярод дурняў на паперцях, хоць і ня ўсе з шляхецкай сям'і. А Васілька шляхцюк, як ніхто з вас, чаму сьведкай тая ж похва ад шаблі, няхай пустая, але настолькі пагардліва ўзьведзеная амаль пад самае плячо! Вось вам Васілька, яго можна апранаць і размалёўваць, круціць і вярцець, любіць і абражаць, купляць і прадаваць. Аднак будзьце асьцярожныя, аднойчы ён сказаў вельмі простыя словы: «Ты маніш» - так, што пачэсная публіка гатовая была прасіць у яго прабачэньня ці не на каленях.

Тут голас замілавана памаўчаў.

- Ёрык, - працягваў ён потым - блазан ня столькі разумны й ня столькі паэтычны, колькі банальны, як і ягоны шаноўны гаспадар, што на імгненьне палічыў сябе дацкім каралём, і, наглядзеўшыся аднаго спэктаклю дзе-нібудзь у Кракаве, сьпехам выбраў сабе зь вясковых лайдакоў самага нахабнага і навучыў яго рагатаць ды скокаць. Новенькі Ёрык так ніколі й не зразумеў усіх чаканьняў безгустоўнага шляхцюка, а быць блазнам упадабаў, асабліва на панскай кухні й у панскай спачывальні, як толькі сам пан ад'яжджаў. Паціху Ёрык звык да сьмеху, і з задавальненьнем навучыўся радавацца ўласнаму жывату ці свайму ўменьню скрыгатаць зубамі. Я тут прашу прабачэньня ў папярэдніх, дастаткова паважаных мной асоб, за наяўнасьць у вашай кампаніі такога чалавека, гэта ўсё цалкам мая віна, а вашае, між іншым, шчасьце, таму што на падобным фоне вылучыцца крыху лацьвей. Праўда, аднойчы я чуў, што Ёрык вельмі з ахвотай катаецца па падлозе, часам выклікаючы ўсьмешку дзіўнымі выбрыкамі ног.

Ён стаіць леваруч наступнае нашае ахвяры, блазна зь вялікім мінулым і вострым языком. Такіх блазнаў трымалі нашыя славутыя продкі, каб было з кім пагаварыць пра дзяржаўныя справы. І безумоўна, ён умее закотваць вочы і размаўляць з прадметамі. Яго вы пазнаеце па сівых валасох і назавеце, як і ўсе апошнім часам, Дзедам. Купіць старога аказалася складанай справай, некалькі месяцаў таму яго паабяцалі ў багадзельню, але тамтэйшыя манахі, не без сьцярожкіх падказак маіх людзей, нарэшце вырашылі не прымаць д'яблавага паслужніка ў свае сьцены і ўсё з той жа палёгкай саступілі Дзеда мне пад абяцаньне забясьпечыць старому дастойны канец.

Наступны блазан стаіць сьпіной да цэнтру круга, якім вас разьмясьцілі. Гэта ён сам, ледзьве яго прывялі, а быў ён адным зь першых, стаў так, і з таго часу паспрабаваў не варушыцца, хіба што часам пачэсваў свой горб, але ня столькі з таго, што той часаўся, сколькі з жаданьня падкрэсьліць ягоную наяўнасьць. Гарбаты любіць усё рабіць наадварот, аднак у адрозьненьне ад таго ж Ёрыка ён робіць гэта не нахабна, а сьмешна, вось і цяпер, калі астатнія сквапна ўслухоўваюцца ў кожнае слова, Гарбаты прыклаў руку да перавязаных стужкай вачэй, нібыта ўзіраючыся ў неймаверную далеч і нібыта яго сьлепіць яркае сонца. Магчыма, ён здагадваецца, што ваш турнір ужо пачаўся і ў чым ягоны сэнс, а можа проста ня можа не жартаваць.

Я бачу, шаноўныя блазны, наколькі вы стаміліся стаяць і слухаць, тым ня меньш я завершу сваю прамову ня хутка. Цяпер я ўзгадаю двох апошніх. Прыбылі сюды яны паасобку, хоць набытыя былі разам і ў аднаго гаспадара, а дакладней, у пана Неміроўскага. Гэты чалавек не вялікі аматар вычварэнства й зьнявечаных лёсам постацяў, ён таксама не вылучаецца асаблівай ахвотай удумвацца ў тонкі гумар якога-небудзь зласьлівага дурня. Пан Неміроўскі стары воін і нястомны паляўнічы, выхаваны на кніжках з выявамі антычных атлетаў, ягоны час заўсёды бавілі блазны з прыгожымі целамі. Яны ходзяць на руках, ладзяць неймаверныя фігуры, пераплятаюцца адно з адным, а як што, здатныя і на шалёнае зімняе паляваньне і на тое, каб дарыць сваё цела кожнаму, хто жадае любіць. Асабліва зьдзіўляла гасьцей пана, як маглі ягоныя блазны лёгка зьмяняць гімнастычныя эцюды на валкі грэх. Неміроўскаму бывае сьмешна, але часам млосна, так што ён хутка пагадзіўся даць для нашага турніру двох сваіх улюбёнцаў. Хлопца Стаўры і дзяўчыну Гаўры. Ну, вось, я дайшоў да галоўнага. Я сабраў вас каб выбраць караля блазнаў.

Нейкі час затым чалавек на бальконе маўчаў, быццам зьнясілены доўгай прамовай, але затым гучна ўдыхнуў і працягваў. Блазны ўвесь гэты час амаль не варушыліся, усе восемь цяпер слухалі даволі ўважліва, наколькі ўважлівасьць магла стасавацца з іхнымі постацямі. Чалавек казаў далей:

- Я сам, шчыра кажучы, ня ведаю, чым буду кіравацца падчас турніру, але вам хопіць ведаць таго, што выбіраць урэшце рэшт буду я і выбіраць так, як захачу. Вам справа толькі сьмяшыць і праз гадзіну вы даведаецеся пра першы вынік маіх назіраньняў. Толькі што да ўваходу Ірмы гадзіньнік біў дзесяць разоў. З адзінаццатым ударам вы мусіця ўсё зразумець. То наперад жа блазны, чорт вас дзяры, здымайце свае стужкі й весяліце мяне, што яшчэ вам застаецца! Здоўж далёкае сьцяны для вас падрыхтаваныя віно, ягады і начныя гаршчкі, таксама ў адным з куткоў я загадаў пакінуць крыху яркіх ці падраных апратак, крэйду, сажу і памаду. Я спадзяюся, такога хопіць на ўсіх. - на пэўны час голас з балькону зноўку сьціх, нібыта даючы блазнам магчымасьць рухацца, і выдаў - Ну?!

 

Лёгкую разгубленасьць можна было прачытаць у вачох любога блазна, асабліва разгубіўся Ірма, некалькі хвілін ён неяк дзіўна вадзіў галавой з боку ў бок, часам ускідваючы вызвалены позірк наверх, за парэнчы, чакаючы, што голас будзе працягваць.

Першым зь месца крочыў Гарбаты. У адрозьненьне ад іншых, ён не стаў здымаць павязку з вачэй і цяпер асьцярожна йшоў некуды па крузе, выставіўшы наперад рукі і высока задраўшы твар, хутчэй за ўсё, каб мець магчымасьць глядзець пад ногі празь якую шчыліну. Але, мусіць, каб не даваць нікому повад думаць, што ён падглядае, Гарбаты ўжо празь некалькі крокаў спатыкнуўся й упаў, гучна пляснуўшы далоньмі па падлозе.

Астатнія блазны зьнялі павязкі і нетаропка агледзеліся. Боўдзіла адразу крочыла да балькону, папраўляючы вялікімі і доўгімі рукамі вопратку на клубах:

- Якая дзіўная і незразумелая гульня, мне нічога ня ясна, я гатовы слухаць і слухаць, - яна казала гэта высокім жаночым голасам неўзіраючы на тое, што была апранутая нібы пражскі студэнт, у чырвоную вузкаплечую куртку. - Гэй, там, - яна падняла руку і ўхапілася за самы акраек балькону - Я хачу з вамі гаварыць і гаварыць.

З-за парэнчаў нетаропка высунулася пыса чорнага скуранога сапагу. Нага сьцёрла пальцы Боўдзілы з акрайку і зьнікла.

- Ах, вы так. - Боўдзіла павяла плечмі, адыходзячы.

 

Стаўры зьняў павязку амаль першым. Пасьля прамовы чалавека з балькону кожнага блазна было лёгка пазнаць, тым больш пра некаторых юнак чуў раней. Спачатку апроч Гарбатага не сьмяяўся больш ніхто, амаль на ўсіх тварах адбівалася разгубленасьць, і толькі Дзед закрыўся далоньмі, нібыта даючы хворым вачам звыкнуць да сьвятла.

- Што ён ведае, што ён пра сябе думае? - ледзьве чутна зашаптаў побач Ірма - Я бываю на ўсіх балях, я ведаю ўсіх па голасе. - гэта ён сказаў гучней, утыркнуўшы скрыўлены палец у кропку перад сабой, паказваючы на балькон - Ты блазен сам. Тут ёсьць, дзе сесьці? Дзе я магу сесьці? - Ірма пайшоў здоўж сьценаў, пагардліва скрывіўся на паходні - Тут сьмярдзіць, спадарства!

- Тут сьмярдзіць як у пекле! - выгукнуў чалавек з балькону і засьмяяўся.

Ірма зрабіў рэверанс:

- Мушу пакланіцца вашаму пачуцьцю гумару, незнаёмы гаспадар. Але з дарогі я хацеў бы яшчэ адпачыць, апроч як выслухоўваць такія жарты. Я тут і сяду. Ніхто ня супраць?

Ён абаперся рукой проста на падлогу, затым павольна апусьціў зад і ўрэшце падабраў пад сябе ногі. Гэтым ён не зьбіраўся выклікаць ані сьмеху, ані жалю, але на бальконе ўсё ж пачціва засьмяяліся. Ірма зусім ніяк на гэта не адрэагаваў і ўсю далейшую гадзіну лічыў патрэбным толькі час ад часу пакручвацца на месцы, каб было зручней сядзець. Аднойчы яму нехта прапаноўваў віно, але блазан адмовіўся.

Нейкі час блазны ўсё стаялі, прыглядаючыся адзін да аднога і спрабуючы адрозьніць цёмную постаць на бальконе. Ёрык звыкла расьцягваў вусны, гэты рух падаўся хутчэй задумлівым, чымся вычварным і ўсё ж гэтая першая ўсьмешка не сыходзіла з твару Ёрыка ажно да наступнага бою гадзіньніку. Крыху паскрыгатаўшы зубамі, ён выбухнуў зь сябе сухое, быццам кашаль, «ха-ха-ха!» і, наўмысна спатыкаючыся, пайшоў наўскос залі да тога кутка, дзе заўважыў бутэлькі зь віном.

 

Стаўры падцягнуў вопратку і стаў, шырока разьвёўшы рукі.

- Давай! - шапнула Гаўры, нахіляючыся ўбок.

Стаўры выдахнуў, мякка падаючы на далоні. Пакуль гімнастка, нібыта вялікае гнуткае кола, ахінала залю, ён падскокваў на руках і нагах, часам застываючы і выгінаючыся ў паветры, затым яны памяняліся. Далоні спатнелі надзіва хутка і цяпер кожнае імгненьне Стаўры рызыкаваў пасклізнуцца на падлозе, але шлях да партнэршы прайшоў неяк удала, нягледзячы на доўгі пераезд у экіпажы цела здавалася лёгкім і спрытным.

Калі Гаўры пайшла на наступны круг, Ёрык выліў ёй віна проста пад рукі і дзяўчына ўпала, пабіўшы плячо. Блазны засьмяяліся, і на Гаўры нечакана абрынуўся гэты сьмех, нібыта яшчэ больш моцны і балючы ўдар. Яна азірнулася, прыўзьняўшы голаў. Расчырванелыя ўроды быццам плявалі ёй у твар свае ашчэраныя раты. Стаўры дапамог ёй узьняцца і дакрануў пляча:

- Балюча?

- Не.

- Станеш на мяне.

- Я яшчэ магу хадзіць на руках.

- Помніш, як мы рабілі човен?

- Помню.

 

Першая гадзіна аказалася самай спакойнай за ўвесь турнір. Выпіўшы віна, разьняволеныя блазны зь ледзьве заўважнай пагардай ускідвалі зьнявечаныя твары, каб выпусьціць уверх напружаны рогат, некаторыя наважваліся наўмысна падаць і валяцца, паказваючы мужчыну і жанчыну. Ёрык ад самага пачатку паспрабаваў задзірацца зь Вялікай Боўдзілай, махаючы пустой бутэлькай быццам рапірай, і амаль усю гадзіну гэтыя абодва правялі ўцякаючы адно ад аднога. Падчас такіх уцёкаў Боўдзіла прыдумала сходу пераскокваць кагось з курдупеляў, найперш Ірму. Той шторазу лаяўся і нават паспрабаваў схапіць Боўдзілу за нагу, але не ўтрымаўся сам, паваліўся, і потым больш не рэагаваў.

Зусім нечаканым у агульнае млявасьці было тое, як Дзед, старэнькі, сумны блазан, пачаў ігру. Спярша ён размаляваў сабе твар тонкімі чорнымі палосамі і, таемна, жывот пад вопраткай, затым папрасіў некаторых блазнаў крыху вызваліць цэнтар залі і сам стаў у гэтым цэнтры, падняўшы рукі. Нехта зьвярнуў на яго ўвагу і Дзед пачаў:

- Паглядзіце, што я вам пакажу. Размова паміж белай і пярэстай маскамі аб каханых мужчынах, якая скончыцца сьмерцю абедзьвюх. - за гэтым Дзед імкліва ўзмахнуў рукой, размазаўшы фарбу на твары так, што на ім нібыта насамрэч аказалася пярэстая маска, і абвесьціў - Пярэстая маска!

Пярэстая маска павяла вачмі вакол сябе, утаропелася ўніз, на ўласны жывот і загаварыла нечакана рэзкім і нахабным голасам:

- Каго я бачу! Прывітаньне, белая маска!

Цяпер Дзед задраў кашулю на сабе, адначасова закрыўшы ёй твар і агаліўшы жывот. На жываце была намаляваная белая маска, і калі блазен пагойдваў клубамі, маска нібыта раскрывала рот. Зараз яна як быццам адказвала пярэстай масцы, зусім ужо іншым голасам, хутчэй гідліва й раздражнёна:

- Прывітаньне, пярэстая маска! Што ты такая змучаная?

Кашуля рэзка апусьцілася ўніз, і пярэстая маска адказвала:

- А чаму ж мне ня быць змучанай, калі я ўсю гэтую ноч забаўлялася з гжэчным панам.

Затым белая маска ёй:

- Гэта ж трэба, якое супадзеньне, я таксама вельмі весела сустракала раніцу, сястрыца мая, так весела, што ажно цяпер чырванею.

Сёй-той з блазнаў спыніліся, зь цікавасьцю назіраючы за Дзедам. Ёрык зарагатаў.

Пярэстая маска:

- Ну, твой пан, мусіць жа, не такі цікавы мужчына, як мой высакародны Францішак, і пагэтаму, думаю, мне было нашмат весялей.

Кашуля ўзьляцела ўверх і белая маска адказвала:

- Якое зноў жа супадзеньне, таму што майго паніча таксама завуць Францішак і ён таксама зь вельмі высакароднай сям'і, з такой сям'і, што ого-го, у яго маёнтак пад самай Вільняй і тысяча залатых манет кожны дзень у кішэні.

- Сапраўды, вельмі дзіўна. - занепакоілася пярэстая маска так, што пачала шалёна вярцець вачмі - Мой Францішак мае гэта ўсё і ягонае прозьвішча Калпоцкі.

- Ах, ты, чортава баба! - завішчэла белая маска - Я табе зараз выцарапаю вочы за тое, што ты па начох забаўляешся з маім Францішкам Калпоцкім!

- А спачатку я табе ўсе зубы выб'ю і горла задаўлю!

Вохкаючы і выгінаючыся ўсім целам, Дзед схапіўся адной рукой за твар, другой за жывот і стаў як мог шчыпаць сябе і тоўзаць. Як яму гэта надакучыла, ён перастаў, пакланіўся блазнам і ацёр кашуляй фарбу.

- Вельмі цікава. - гучна абвесьціў Ёрык, сыходзячы.

Адзін толькі Васілька выглядаў насамрэч зацікаўленым, і яшчэ Стаўры з Гаўры спыніліся адпачыць і таму глядзелі на Дзеда. Васілька папрасіў:

- А што вы яшчэ можаце?

Дзед паціснуў плечмі, кінуўшы кароткі позірк на галерэі:

- Яшчэ я магу паказаць як гамоніць паны-рада.

- Свае хітрыкі паказвай дзецям - Ёрык зноўку паказаўся побач і адразу зьнік.

- Давайце, давайце! - ускрыкнуў Васілька.

Дзед раскрыў рот і захрыпеў, у нейкі момант падалося так, нібыта гэта насамрэч гамоніць паны-рада і нібыта ўвесь хрып сплаўлены з далёкіх заглушаных вокрыкаў, гвалту, бразгаценьня шабляў, скрыгату лавак, тупату ног, плясканьня далоняў па далонях і па шчоках.

- Ну, што гэта за жарт? Хіба гэта жарт? - сярод гледачоў тым часам аказаўся Гарбаты, ён ужо зьняў павязку і цяпер зьдзіўляў усіх вільготна-карычневым колерам прыгожых вачэй - Я лепей пакажу вам гісторыю. - ён выйшаў наперад і стаў побач зь Дзедам.

Ён так крыху пастаяў, нібыта ўзгадваючы, затым ягоныя вусны ўздрыгнулі і ён нетаропка пачаў:

- Гісторыя аб тым, як вольны й зухаваты шляхцюк Адам Ціхановіч адным махам згвалціў каталіцкі жаночы манастыр, прабраўшыся туды позна ўночы праз вароты, выбітыя ім самім у хвіліну надзвычайнае жарсьці. - Гарбаты стаяў, прыўзьняўшы рукі і не варушыўся. Па напружжы, ад якога твар пачырванеў і амаль павялічыўся, можна было зразумець, што гісторыя пачалася.

Нечакана ён зрабіў рэзкі няўцямны рух наперад жыватом і клубамі:

- Р-раз!

Затым ён зарагатаў. Стаўры і Гаўры пачціва папляскалі ў далоні і працягвалі сваё. Васілька чамусьці вырашыў абнімаць Дзеда.

Потым мінула гадзіна.

 

* * *

 

Не ўсе адразу зразумелі, што адбылося. Як толькі гадзіньнік недзе на бальконе адбіў адзінаццаць удараў, пачуўся страшны хлапок, крыху, праўда, разьняволены вялікай плошчай залі, і ў паветра ўдарыла белая хваля дыму. Адначасова Ірму, што ўсё сядзеў пасярэдзіне, куляй адкінула на сьпіну - стрэл прыйшоўся якраз у грудзі, у самае сэрца, так што блазен нічога не пасьпеў зразумець. Астатнія спыніліся і нейкі час няўцямна ўзіраліся ў цела, пакуль з-пад рукі і пляча не пацякла кроў.

Хіба ў позірку Васількі спалох выглядаў як чысты спалох, таму што той да нейкага часу разумеў толькі сам стрэл, у астатніх на тварах прачытваўся нічым не прыхаваны страх. Стаўры азірнуўся на Гаўры, нібыта шукаючы паратунку ў яе вачах, і зьбялеў, пабачыўшы, як зьбялела яна. Блазны здранцьвелі і потым збольшага адышлі ад цела да сьцен, ніхто пакуль не наважваўся гаварыць.

Было чуваць, як чалавек на бальконе пасьмейваецца, ці хутчэй уздыхае, але як толькі пачуўся ягоны голас, стала зразумела, што гэта насамрэч шархацеў пыж, якім чалавек чысьціў рулю. Ён сказаў:

- Я спадзяюся, цяпер усім зразумела, якім чынам я абяру караля. Штогадзіны будзе паміраць самы нецікавы блазан, я думаю, гэта справядліва. З Ірмай рабіце што хочаце, і наогул, не сумуйця.

- Я не хачу так, пане. - сказаў Васілька, гледзячы ўсё на цела Ірмы, нібыта зьвяртаючыся менавіта да яго.

 

На імгненьне падалося, што бунт пачне Боўдзіла, настолькі злым стаў яе твар, але гэтая злосьць хутка і бяскрыўдна выбухнула, Боўдзіла паказала, нібыта цэліцца зь вялікага пісталету і страляе ў сябе, а затым схапілася за жывот і, стогнучы, села. Па тым, як яна потым азіралася на блазнаў, можна было зразумець, што яна чакае ад іншых такога самага паміраньня.

Блазны ўсё стаялі нерухома.

- І што вы стаіця? - зароў чалавек з балькону - Вам нешта паўтарыць?

Нечакана Гарбаты пачаў танцаваць наваградскую вясельную, храмаючы на кожным развароце і пагражаючы паваліцца на падлогу. Блазны разгубіліся яшчэ больш - аказалася так, што спачатку яны пабачылі танец, і толькі потым усьвядомелі, што з бальконаў пакрысе пачала разьлівацца музыка. Ігралі струнныя, але самі інструманты немагчыма было пазнаць, гэта былі проста струнныя без далейшых удакладненьняў, так скрозь жах лягчэй было прыняць музыку.

Заўважыўшы, што ўсе цяпер узіраюцца ў ягоныя рухі, Гарбаты стаў вычварна выгінацца й вытыркаць няроўны азадак і часам спыняцца наогул, каб прасьпяваць тую ці іншую фразу зусім з выпадковае песьні.

- Брава! Брава! - голас з балькону падаваўся гэтым разам ня зьдзеклівым, а хутчэй шчырым.

Гарбаты нетаропка пакланіўся і, не разгібаючыся, працягваў танцаваць, цяпер ужо пазіраючы час ад часу на балькон з-пад рукі альбо цераз плячо. Гэтым танцам і сваім посьпехам у нябачнага гаспадара ён так захапіўся, што ўсю наступную гадзіну не спыняўся, і кружэў па залі спачатку павольна, а потым усё больш жвава, нават калі на шляху аказваліся іншыя блазны, ён спрытна адскокваў і працягваў у адваротны бок.

Музыка між тым гучала вельмі няроўна, нібыта выканаўцаў усіх разам душыў сьмех. Ігралі на галерэях, ня меньш за тры чалавекі, часам можна было зьнізу адрозьніць які водбліск на інструмантах, але блазны ня надта ўзіраліся. Каб не паўтараць за Гарбатым, некаторыя ніяк не адрэагавалі на музыку, найперш гэта Боўдзіла зь Ёрыкам, і працягвалі задзірацца міжсобку і часам яшчэ нібыта біцца. Дзед выдумаў сьпяваць белай маскай, прыкрыўшы галаву кашуляй. Васілька захапіўся целам Ірмы, малюючы на ашчэраным твары памадай знакі, падобныя на літары.

Неяк пакрысе блазны сталі ўсьведамляць, што са зьяўленьнем музыкаў у іх паболела гледачоў, прычым даволі важных гледачоў, такіх, што самі прымалі ўдзел ва ўсім, і, нават незгаворваючыся, блазны паставілі сабе сьмяшыць музыкаў, гэта было заўважна па тым, як яны пачалі перамяшчацца па залі выключна перад галерэяй, і як пастаянна паварочваліся туды сваімі самымі выгоднымі позамі. Даволі хутка яны дамагліся свайго, на адной з жартоўных боек Ёрыка з Боўдзілай, калі апошняя ўцякала, падскокваючы ад удараў нагой пад зад, скрыпка, якая дагэтуль вяла даволі роўную і шырокую мэлёдыю, заглынулася, быццам бы музыка схапіўся за жывот ад сьмеху, і потым ніяк не магла зноўку падхапіць астатнія інструманты, да таго ж і тыя пакрысе сталі заглынацца ці то хлусіць, альбо нават іграць нейкую лёгкую і спакойную мэлёдыю надзіву ярка і агрэсіўна. Гэта ўсё цалкам адпавядала дзеі ў залі, і нечаканыя выбрыкі музыкаў якраз упісваліся ў некаторыя жарты, але менавіта гэтая адпаведнасьць урэшце й не спадабалася чалавеку на бальконе. Даўшы музыкам якія поўгадзіны, ён потым спыніў іх, альбо нават, магчыма, выгнаў з галерэі, таму што болей нічога ад іх не было чуваць.

Са спыненьнем мэлёдыі блазны зьмянілі жарты, апроч, праўда Гарбатага, той падкрэсьлена танцаваў. Стаўры й Гаўры завялі ногі за галовы і хадзілі на рукох, часам пяючы, часам хістаючыся і круцячыся на месцы.

Зь першым ударам гадзіньніка ці ня ўсе застылі, толькі Гарбаты крыху пасоўваўся схавацца пад балькон, працягваючы танец і нават прымяркоўваючы рухі пад бой - другі ўдар, і ён падскочыў і прысеў, пачціва разводзячы рукі, трэці ўдар, і ён абярнуўся вакол сябе.

Адразу за дванаццатым ударам пачуўся голас, цяпер з галерэі:

- Надакучыў ты мне.

Гарбаты зноўку падскочыў і разьвярнуўся, так што чалавек з галерэі страляў у сьпіну.

- Цяпер хочаце музыкі? - крыкнуў чалавек затым блазнам, гучней і весялей, аднак нешта засталося і ў гэтым голасе ад самоты папярэдняе фразы, што паказвала, што і ён, як і блазны, узіраецца ў ападаньне Гарбатага, узіраецца ў ягоны глухі цень і немае здранцьвеньне, у раптоўную схаладнелую немач ног. Як блазен аціх, чалавек працягваў - Вам ёсьць тут адзінае і самае вытанчанае прадстаўленьне, гэта паміраньне іншых. - ён пасьмяяўся - Ну дык хочаце музыкі?

- Хочам! - крыкнула Боўдзіла.

- А я не! - чалавек сьмяяўся цяпер яшчэ дольш, і ягоны сьмех рушыў разам зь ім па галерэі і потым аціх за нябачнымі дзьвярмі, яго нібыта адсекла.

 

- Ух! - Гаўры абаперлася на плячо Стаўры.

Юнак адвёў яе рукі:

- Я не думаю, што ён надоўга сышоў.

- Я чамусьці не магу стаяць.

- Ня бойся.

- Не крычы! - Гаўры схапіла сябе за твар, потым апусьціла рукі - Ну, давай пакажам двох п'яніц.

Для гэтага былі неабходныя сажа і жоўць, каб намаляваць старэчыя азызлыя шчокі й лоб, і памада для носу й губ. Стаўры прынес усё. Яны хутка размалявалі адзін аднога і пачалі.

Целы Ірмы й Гарбатага тым часам адцягнулі да адной сьцяны, і там зь імі міжволі граў Васілька. У яго ўжо нібыта загадзя былі падрыхтаваныя пытаньні і нават адказы для іх.

 

У паветры пакрысе пачаў разьлівацца мяккі, ледзьве ўлоўны дым, гэта чалавек на бальконе запаліў люльку, аднак ніхто ўнізе ані пабачыў, ані пачуў удараў і ўспыршкі крэсіва, можна было думаць, люлька была запаленая дзесь таемна, так што і сам дым падаўся толькі няўцямнай згадкай пра паленьне, але блазны амаль усе разам адчулі, удыхнулі яго і на нейкі час спыніліся, глынаючы паветра. Гэтае імгненьне цішы падалося напамінам пра няўмольнае набліжэньне наступнай гадзіны. Блазны ўскінулі вочы за нябачную рысу, што аддзяляла сьвятло ад цемры. П'яная, хмяльная задуха ў пакоі дадалася прысмакам страху і цьверазеньня.

Спынены на палове аднаго з эцюдаў, Стаўры ацёр пот, прыслухоўваючыся да шуму ў скронях. Хутка гэты шум пакрысе рассыпаўся і Стаўры працягваў. Цела налівалася стомай, але праз чаканае здранцьвеньне прабіваліся таксама новыя адчуваньні, узбуджаны сьмехам і крыкамі ўродаў, юнак дапускаў усё больш разьняволенасьці ў рухах. Гэта дадавала ім лёгкасьці, незаўважна для самога сябе, Стаўры пачынаў сьмяяцца разам зь іншымі блазнамі, нават імкнуўся ўскрыкваць падчас эцюду, каб уліцца ў агульны гвалт, і тады яго ўсё зьдзіўляла далячынь уласнага голасу.

Гаўры тым часам чамусьці наадварот адчула сваю няўклюднасьць, магчыма, гэта ўсё была стома ад пераезду, але ў любым выпадку яна разумела, што лішняя тут.

 

* * *

 

- Чаму ён не забіў мяне першым стрэлам, я павалілася ўжо на самым пачатку і потым увесь час памылялася, ён мусіў застрэліць мяне.

- Калі ты будзеш гэта казаць гучней, ён цябе застрэліць зараз.

- Не. Наступнай будзе Боўдзіла. Мне ўжо млосна ад яе рук, яны паўсюль мільгацяць і ад гэтай дуры пахне так, нібыта яна нарабіла пад сябе.

- Хутка бой, што, калі гэты чалавек стане страляць ужо зараз - Стаўры павёў галавой у бок галерэі.

- Я не магу больш.

- Трэба нешта прыдумаць і зрабіць разам, каб ён ня здолеў нас спыніць.

- Я знаю.

Гаўры пацягнула хлопца на падлогу і лягла сама, пускаючы руку яму пад вопратку.

- Ты што? - Стаўры ўзбудзіўся нечакана хутка, пальцы дзяўчыны нават не пасьпелі яго дакрануць.

- Зараз будзе бой, і калі там стаіць мужчына, ён ня спыніць нас.

Яе рухі былі жорсткімі й таропкімі, Стаўры некалькі разоў скрывіўся ад болю.

- Ну, ты што? - дзяўчына падаткнула юнака за локці - Распранай мяне.

Стаўры падалося, што яны пачынаюць занадта сьпешна, каб выглядаць прыгожымі, да спатнелага лобу Гаўры ўвесь час прыліпалі валасы, да таго ж ад дзяўчыны стала горача сьмярдзець.

Яна абняла яго за твар і пацягнула ўніз:

- Пацалуй мой жывот.

Стрэл прагучаў адначасова зь першым і адзіным ударам і адначасова з дотыкам вуснаў Стаўры да склізкае скуры. Юнак не адразу заўважыў, як на імгненьне напяліся і аслаблі пальцы дзяўчыны, і нейкі час яшчэ вёў языком здоўж тонкага радочку валасоў. Крыху спозьненая ўзгадка пра хвалю паветра, што лягла на патыліцу, спыніла гэты рух, і Стаўры ўзьняў галаву. Куля прабіла грудзі дзяўчыны роўна пасярэдзіне, так што тая памёрла таксама адразу. Юнак пахіснуўся, сутарга нечакана зьвяла галёнку і Стаўры асеў на падлогу, схапіўшы ступак абедзьвюмя рукамі. Жарсьць зьнікла ў тое ж імгненьне, калі прыйшоў боль, і гэта адвяло ягоную ўвагу ад таго, што Гаўры толькі што была забітая.

- А дзеўка ж яшчэ цёплая. - прашаптаў, схіліўшыся над юнаком, Ёрык.

У раптоўным мільгаценьні твараў Стаўры згубіў раўнавагу і закрыў вочы рукамі, баючыся закрычаць. Сьмех быў немы, лямант быў бязьлітасны, чыесьці рукі сьціснулі яго галаву і Стаўры адчуў, як у вусны яму ўвапіліся склізкія вусны кагосьці з блазнаў. Ён адштурхнуў ад сябе цяжкае, камлюкаватае цела і адбег. Краем вока было бачна, як усьцягнулі па падлозе Гаўры, пакідаючы здоўж белае мармуровае паласы барвовую стужку.

Ёрык і Вялікая Боўдзіла тут жа прыдумалі ажаніць Гаўры з забітымі ўродамі і распраналі цяпер мяккія целы. Скрозь буяньне рук і апратак паказаўся распалены й склізкі твар Ёрыка, а за ім Васілька, ён сьмяяўся й пускаў сьліну, не ў моцы адарваць позірку ад скрываўленай дзяўчыны.

Стаўры дрыжэў, узіраючыся за абнятыя цемрай парэнчы.

- Паночку, вы стралялі па мне? Я думаю, вы стралялі па мне.

- Я вельмі рэдка памыляюся - голас здаваўся ўзбуджаным, нібыта ў ім таксама толькі-толькі заглынулася жарсьць.

- Але цяпер вы стралялі па мне? Я нахіліў галаву і ў гэты момант над ёй праляцела куля!

- Я страляў па Гаўры. - голас сыходзіў цяпер зь іншага месца.

- Вы стралялі па мне!

- Я магу стрэліць і па табе.

- А чаго, я ж жартую!

Вясельле мёртвых блазнаў прайшло даволі ўдала, Гаўры ажанілі па чарзе з кожным целам, прыгаворваючы пра яе дзявочую вабноту і пра неўтаймаваны пал жаніхоў. Гаўры ўсё яшчэ сьцякала крывёй і часам, здавалася, стагнала, хоць жа стагнаць за яе мог хто заўгодна. Сярод рызьзя ў кутку Ёрык знайшоў чорную фіранку, у якую закрыўся з ног да галавы, сьпяваючы псальмы і жагнаючы трупы. Васілька пляскаў у далоні, успрымаючы ўсё як тонкую і шчымлівую дзею. Каб дагадзіць яму, Вялікая Боўдзіла пачала разыгрываць бойку паміж Ірмай і Гарбатым за Гаўры. Васільку больш падабаўся Ірма, і ўрэшце ён адапхнуў Боўдзілу ад ягонага цела і ад цела Гаўры, а Гарбатага заваліў рызьзём.

Боўдзіла зь Ёрыкам цяпер проста стаялі й глядзелі, як Васілька ладкуе Ірму з дзяўчынай каля сьцяны.

 

Дзед увесь гэты час сядзеў побач са Стаўры. Калі вясельле скончылася, ён паднес да ног хлопца талерку зь вінаградам.

- Дапаможаш мне?

- Што? - Стаўры падняў галаву.

- Ты дапаможаш мне?

- Што я мушу рабіць?

- Проста сядзі, а я буду цябе карміць.

- Гэта сьмешна?

- Канешне, сьмешна. Дык я магу цябе карміць?

- Кармі.

Дзед перавярнуўся на галаву і рукі, насупраць юнака, уклаў лыжку паміж пальцамі адной з ног і пачаў частаваць Стаўры, асьцярожна падхопліваючы вінаград лыжкай і падводзячы яго да вуснаў хлопца.

- Бачыш, я ўмею нешта апроч размоваў з жыватом. - Дзед гаварыў лёгка, нягледзячы на напружаную дрыготу ўсяго цела.

Стаўры ўсьміхнуўся і схапіў губамі ягаду.

- Ты даўно з Гаўры?

- Не. Я мала раней працаваў зь ёй разам.

- Значыць, ты лёгка абыйдзешся без пары?

- Я не хачу болей нічога рабіць.

- І ты не будзеш нічога рабіць?

- Ня ведаю.

Яны разам засьмяяліся, калі вінаград не ўтрымаўся на лыжцы і Дзед таксама паваліўся на падлогу.

- Цяпер магу я. - Стаўры ўзяў лыжку ў блазна - Чаму ты не расказваў свае гісторыі?

- Каму?

- Раскажы мне.

- Я не магу расказваць і адначасова лавіць ротам вінаград.

- Я буду старацца.

- Добра, я раскажу табе гісторыю пра аднаго блазна. Калісьці гэта быў вельмі вядомы блазан, я нават не магу назваць ягонае імя, такі гэта быў чалавек. Але здаралася, што ягоныя гаспадары ўвесь час гінулі, альбо паміралі ад старасьці, урэшце блазан вельмі стаміўся і болей ня мог жартаваць, у нейкі момант ён заўважыў, што перастаў разумець, чаму людзі сьмяюцца, і гэтым ён як бы здрадзіў людзям, і тады гэтыя людзі вырашылі яго пакараць. Ён быў ужо зусім стары, і яны знайшлі спосаб, змовіўшыся ўсе разам. Яны раптам нібыта перасталі яго заўважаць і паводзілі сябе пры ім выключна так, нібыта яго зусім не існавала. Ён падыходзіў, прасіў выпіць, але ніхто не павяртаўся да яго нават тварам. Канешне, дзеці першым часам усё яшчэ вельмі збдзекваліся са старога блазна, але потым дарослыя падгаварылі й іх. Прычым гэтая змова разыйшлася па ўсім мястэчку, з блазнам цяпер не размаўляў ніхто. Калі ён хапаў кагосьці за руку, той чалавек зазвычай вырываў сваю руку са слабога поціску блазна, гледзячы некуды вышэй дамоў, і ішоў далей.

Дзед чамусьці змоўк. Стаўры спытаў:

- І што?

- І так стары блазан пражыў палову году, усю вясну і ўсё лета, а на самым пачатку восені ў мястэчка прыехаў экіпаж і блазну прапанавалі адправіцца ў госьці да аднаго пана. Блазан быў вельмі ўдзячаны й пагадзіўся.

Стаўры сказаў:

- Гэта ты пра сябе гаварыў?

- Пра сябе ці не пра сябе, а паслухай яшчэ лепшую гісторыю. Пры мінулым небараку Яне Вішнявецкім было некалькі блазнаў, але ніхто зь іх не быў дурнем, яны хутчэй зьдзіўлялі, чым сьмяшылі, ня тое, што зараз. Ян часта хварэў ад галавы і ў адзін такі дзень ён запрасіў да сябе самага маладога блазна, але не для таго, каб той весяліў яго, а каб спытаць на вернасьць. Ян сказаў яму, маўляў, ты малады а я стары, ты прыгожы і разумны, а маё цела хутка стане падобным на сухую яблыню. Ён спытаў, ці будзе потым блазан такі ж адданы наступнаму каралю. Блазан адказаў, што не разумее, пра што кажа Ян. Безумоўна, ён жартаваў, і гэта раззлавала караля, ён сказаў блазну, што той забудзе ўсё добрае, што бачыў ад караля, і надалей застанецца самым прыгожым і вясёлым блазнам у сталіцы, і што ніякі блазан ніколі не бывае верным. Ян часта заводзіў такія размовы і зь іншымі людзьмі, і не чакаў ніякага асаблівага адказу, і ўжо гатовы быў адпусьціць хлопца, калі блазан нечакана схапіў у рукі нож і сказаў - такім, якім я быў пры табе, я ўжо не буду ніколі, і ніхто з дакорам не назаве мой твар прыгожым. Затым ён двойчы наўскос расьсек свой твар лязом ад левага вока праз нос да сківіцы, і ад правага вока да левага вуха. Потым ён сядзеў і проста глядзеў на караля, пакуль з ран цякла кроў і наўкол мітусіліся лёкаі. Ян пазьней прызнаўся, што на імгненьне страціў прытомнасьць.

- Я чуў такую гісторыю. Блазна потым добра адорылі.

- Яшчэ паслухай, як адзін блазан стаў на некалькі дзён сьвятаром.

 

Тым часам Боўдзіла зь Ёрыкам падкінулі Васільку перавязаную рызьзём бутэльку і сказалі, што гэта сын Гаўры й Ірмы, і што гэты сын стане сапраўдным каралём і блазнаў і ўсіх людзей. Васілька не асабліва зьвярнуў увагі на бутэльку, яго стаміла гульня з маўклівымі целамі, ён пайшоў паклікаць чалавека з галерэі і папрасіў яго больш ніколі не страляць.

- Калі хочаш знаць, Васілька застанецца да самага канца - казаў Ёрык да Боўдзілы.

- Нас не забілі толькі таму, што мы не спыняемся і ўвесь час нешта выдумляем. А ён нічога ня робіць.

- А што, калі застанемся мы з табой?

- Я заб'ю цябе першы.

- Лепей я пачну цябе забіваць і ты зробіш выгляд, нібыта памёр.

- І ты станеш каралём?

- Я стану каралевай, а потым ты ажывеш і нічога не застанецца, як прызнаць цябе каралём.

Ёрык засьмяяўся і дакрануў грудзей Боўдзілы:

- Ты жанчына?

- Так, я жанчына. - Боўдзіла напяла на сабе вопратку, каб сталі бачныя два маленькія бугры.

- У цябе голас мужчыны.

- Я мужчына! - яна схапіла руку Ёрыка і прыклала да сябе.

Блазан адхіснуўся, нібыта далонь нешта апякло.

- Ён сапраўдны?

Боўдзіла засьмяялася так, што з вачэй пырснулі сьлёзы.

- А грудзі сапраўдныя?

Ёрык пацягнуўся зноў, але Боўдзіла адскочыла і пабегла пад балькон. Там яна спынілася каля сьцяны, чакаючы Ёрыка. Яны разам прыціснуліся да сьцяны, Ёрык яшчэ нейкі час прыглядаўся да твару Боўдзілы і спрабаваў распытваць, але Боўдзіла маўчала, адно толькі ўсьміхалася, і тады ён таксама змоўк.

- Ёрык, давай, так і будзем тут стаяць?

- Ён нас застрэліць.

- Куля толькі адна, а нас двое.

- Што, калі ў яго два пісталеты?

- А затое я ведаю, дзе ён стаіць. Гэта вельмі цяжка пачуць, але я звыкла ўслухоўвацца ў самыя маленькія зрухі. Ты заўважыў, там, дзе выгінаецца балькон, парыпвала адна дошка. Толькі што яна зноў рыпнула, быццам нехта ступіў з нагі на нагу. І таксама я чую нешта такое ціхае, нібыта паветра з прысьвістам выходзіць з носу. Я думаю, ён стаіць там. Ціха! А цяпер ён сышоў, толькі я ня ведаю, куды. Чуў, толькі што тая дошка стала на месца. Ён дзесьці блізка.

- Можа, ён над намі?

- Не, я б пачула ягоны подых.

- У цябе такі добры слых, таму што ты высокая.

Боўдзіла кіўнула.

 

* * *

 

Гадзіньнік ударыў двойчы. На парэнчах зьявілася рука з пісталетам, уся ад локця ўжо праглынутая змрокам. Голас чалавека з балькону быў цёплы, ён сказаў:

- Вас цяпер пяць, і нікога я не назаву лішнім. Кожны з вас дастойны стаць лепшым і кожны з вас дастойны памерці. Пагадзіцеся са мной. Ну? - блазны маўчалі, утаропеўшыся ў адзінокую руку, і тады чалавек закрычаў - Ну?! Вы ня згодныя са мной? Можа са мной ня згодны ты, Дзед? За ўвесь час я не пачуў ад цябе нармальнага жарту, альбо цябе трэба прасіць?

- Мяне не трэба прасіць.

- Але ты хочаш жыць? - Дзед маўчаў, тады чалавек працягваў - Канешне, ты хочаш жыць, іначай навошта было табе вычварацца побач з гэтым юнаком і станавіцца на галаву. І вярэдзіць табе, і не можаш не чапляцца за жыцьцё сваімі зжоўклымі пальцамі. Колькі табе год? Семдзесят? Сто?

- Я вельмі даўно жыву.

- Тады што табе яшчэ трэба? Чаму ты не сядзеш спакойна, падставіўшы грудзі пад кулю, як Ірма? Гэта дасьць гадзіну жыцьця яшчэ хоць каму, хоць бы Стаўры. Чаму ты маўчыш?

- Што ты хочаш пачуць?

- А болей нічога! Ты зараз памрэш!

На твары блазна нічога не зьмянілася, толькі нібыта ён увесь счарнеў. Ушчыльную зьведзеныя вусны не выпусьцілі болей ніводнага гуку.

- Табе горка паміраць тут? - без спачуваньня спытаў чалавек і працягваў - Але хіба тут паміраць горш, чым сярод сырых бабулек у багадзельні?

Рука ўзьнялася.

- Ты маўчыш? Ты хочаш жыць?

Дзед нерухома глядзеў на пісталет.

- Які зь цябе блазан цяпер!

Іскры й дым пырснулі ўніз, агані паходняў задрыжэлі нібыта ад згукаў стрэлу, што пранесьліся па залі. Дзед схапіўся за разьбіты левы локаць, куляй яму ледзьве не адарвала палову рукі. Прымружаныя павейкі цяпер раскрыліся так шырока, нібыта гатовыя былі выпусьціць вочы сьледам за нетаропкай сьлязой, і цяжка было сказаць, ці то гэта была сьляза болю, ці то радасьці ад нечакана падоранай хвіліны жыцьця. Рука пахіснулася ў апошні момант - падумаў Дзед, піючы гэтыя імгненьні, покуль над парэнчамі таяла хваля дыму. Ён ня мог так стрэліць наўмысна, ніхто не можа так патрапіць з такое адлегласьці - падумаў Дзед далей, смакуючы свой боль як адзінае, чым вымяралася зараз ягонае жыцьцё.

Чалавек на бальконе засьмяяўся:

- Бог падарыў табе час памаліцца, стары! - і потым - Стой на месцы, нікуды не сыходзь!

Дзед заплюшчыў вочы і, не зважаючы на кроў на далоні, закрыў правай рукой твар. Вусны ягоныя сапраўды тым часам варушыліся, нібыта ён чытаў малітву.

- Дык ты чытаеш малітву, Дзед? - голас стаў больш гучны й мігатлівы, стала чуваць, як чалавек на бальконе выбірае кулю і запіхвае яе ў пісталет - Га? Пра што ты просіш бога? Аб раі ці аб тым, каб я не патрапіў і ў другі раз?

Новы стрэл вырваўся з тае глыбокае цемры, у якую адступіў тым часам чалавек, і гэтым стрэлам Дзеда зьбіла на падлогу, куля патрапіла ў закрыты рукой лоб.

 

Ёрык загаварыў сам з сабой, спачатку адным голасам, крыху нахіліўшыся ўправа, затым другім голасам, нахіліўшыся ўлева:

- Паглядзіце, гэта сьлепень.

- А чаму ён называецца сьлепень?

- Таму што ён так кусае карову, што яна сьлепне.

- А куды ён яе кусае так?

- У самае вока.

Боўдзіла з павагай усьміхнулася.

Зноў пачалася музыка.

- Ну што? - Ёрык прайшоўся па залі, азіраючы астатніх трох. Боўдзіла ўсё шчэрылася, Васілька іграў зь Дзедам, Стаўры кранаў сябе за плечы. Ёрык паўтарыў - Ну што?

- Што? - азваўся Стаўры.

- Чаму ніхто не танцуе?

- Я не буду танцаваць. - сказаў Васілька.

- Што так?

- Я ня ўмею.

- А ты рабі, як гэта Гарбаты рабіў. Можа, і цябе падстрэляць.

- Не, ты што! - Васілька ажно прымружыўся.

- А ты давай, давай! - Ёрык падышоў ушчыльную да Васількі - Альбо хочаш, я цябе навучу?

Стаўры ўздыхнуў і разьвёў рукі.

 

* * *

 

Чалавек на бальконе стрэліў зь пісталету і Вялікая Боўдзіла ўпала. Таксама спынілася музыка. Ёрык чамусьці адскочыў убок, утаропеўшыся ў доўгае мігатлівае цела на падлозе - у Боўдзілы яшчэ ўздрыгвалі рукі і ўся яна нібыта імкнулася павярнуць галаву. Ёрык заўважыў гэтыя намаганьні, прысеў побач і ціха абхапіў яе скроні, асьцярожна прыўзьняў і паклаў галаву на правую шчаку. Твар Боўдзілы быў цяпер увесь цалкам разьняволены, толькі пад павейкамі раз'юшана мітусіліся зрэнкі, так што нават самі павейкі прыадкрываліся і ў шчылінах паказваліся напружаныя бялкі вачэй.

Ёрык узьняў галаву і паглядзеў на балькон:

- Яшчэ далёка не біў гадзіньнік.

- Гэта цяпер неабавязкова. Боўдзіла была дакладна лішняя сярод вас.

 

Стаўры ўздыхаў зь нейкім шчымлівым пачуцьцём ледзьве ўсьвядомленай удзячнасьці. Чамусьці пасьля сьмерці Дзеда яму таксама захацелася жыць, ён быццам бы адчуў такое самае зьняменьне, што апанавала старым, калі выпала сьляза. Стаўры сеў на падлогу і абняў сябе рукамі - пакрысе ў здушаным, цяжкім паветры праз залю пракрадаўся начны холад. Цьвярозага юнака гэты холад п'яніў, Стаўры захацеў віна.

 

Васілька падышоў да Ёрыка і, крануўшы за плячо, паказаў на Боўдзілу:

- Мы можам ажаніць яе з Гарбатым.

Ёрык азірнуўся, слухаючы блазна, затым крыху зьдзіўлена павёў плячом, быццам пазбаўляючыся дотыка, і нечакана ўдарыў Васільку ў твар. Гойдаючыся, той адышоў. Некалькі імгненьняў ён глядзеў на Ёрыка, затым адвёў позірк некуды на паходні. Па дрыжэньні вуснаў было бачна, што Васілька ледзьве стрымлівае плач.

Ёрык адвярнуўся ў той бок, адкуль голас чалавека на бальконе даносіўся ў апошні раз.

- Ты застрэліш мяне цяпер?

Чалавек адказаў адразу:

- Застрэлю, але не цяпер.

- Чаму?

- Я хачу яшчэ глядзець на цябе.

- А Стаўры застрэліш?

- Магчыма.

- А Васільку?

- Васільку не буду. Я думаю, гэта не спатрэбіцца.

- А што, калі я яго задаўлю?

- Гэта ня сьмешна.

- Сьмешна! - Ёрык закрычаў - Ты ніколі ня чуў, як трышчыць у чалавека твар, калі яго давяць? Гэта самы сьмешны гук! Спусьціся сюды і паслухай яго! - Нейкі час Ёрык за нечым нібыта душыў сябе.

Лоб і шчокі ў яго расчырванелі, скрозь гэтую чырвань асабліва выдзяляліся вочы.

Васілька ўважліва слухаў іхную размову і, нешта зразумеўшы, рашыў адысьці ў другую частку залі. Магчыма, таксама, ён адышоў таму, што вельмі моцна баяўся цяпер Ёрыка, той перастаў яму здавацца вясёлым, а стаў дурным.

Тут, пад галерэяй, ляжалі целы блазнаў. Каля самай сьцяны - Гаўры зь Ірмай са злучанымі рукамі, вакол іх справа і зьлева Дзед і вызвалены з-пад рызьзя Гарбаты. Амаль ва ўсіх былі раскрытыя вочы, у няўстойлівым сьвятле магло здацца, што твары не згубілі сваіх густых колераў, але насамрэч гэта Васілька падправіў вусны і шчокі памадай. Некалькі разоў твар Гаўры прыходзілася замалёўваць наноў - час ад часу Васілька не стрымліваўся і цалаваў яе ў губы, пасьля звычайна вельмі саромеўся яе кранаць ці проста падыходзіць, але потым усё роўна цалаваў, вось і зараз ён нахінуўся, прытрымліваючыся рукой за сьцяну, да ўзьведзенага твару. Боўдзілу цалаваць не хацелася, збольшага яе хацелася падцягнуць да Гарбатага, той наўрацьці быў бы супраць, зрэшты, хто ён такі, каб яго слухаць. Вось Ірма быў і маладзейшы, і з гонарам, і ў яго былі шырокія карычневыя рукі. Апранаўся ён ня так багата, але затое больш ярка. Гарбаты ж раздражняў сваімі чэзлымі грудзьмі, на яго хацелася плюнуць.

 

Ёрык сеў каля Стаўры.

- Я ўмею сьвісьцець праз усе пальцы, хочаш, сьвісну?

Стаўры пахістаў чалавой, не падымаючы вачэй, узіраючыся празь цёмнае шкло бутэлькі ў водбліскі паходняў на самае паверхні віна. Ён тым часам ужо шмат выпіў і цяпер зьдзіўлена назіраў за сабой. У нейкі момант яму падалося, што ён стаў таўсьцейшым, затым так падалося, нібыта ён стаў худзейшым, чым яшчэ быў. Галава заставалася лёгкай, хіба што крыху здранцьвелай, аднак гэта апошняе хутчэй ад стомы, чымся ад віна.

Ёрык паварушыўся побач:

- Ты не хочаш, каб я пасьвісьцеў ва ўсе пальцы? - Стаўры гэтым разам ніяк не адрэагаваў, тады блазен вырваў з рук юнака бутэльку - Дай-ка, я вып'ю.

Віно палілося ў разьведзены рот, а потым з роту назад, на сківіцу і грудзі:

- Нехарошае віно. - Ёрык скрывіўся - Я не люблю такое. А ты пі, можа, табе спадабаецца.

Стаўры цяпер кіўнуў, прымаючы бутэльку. Ёрык трэсься насупраць, здавалася, няўцямна еньчыў, стома дадала яму жвавасьці й нецярпеньня.

- Я ўсё-такі засьвішчу. - ён уставіў пальцы ў рот, выдавіў зь сябе доўгае пранізьлівае шыпеньне і засьмяяўся - Паслухай яшчэ! - ён стаў зноўку дуць, усё больш распальваючы сябе і ўсё гучней сьмеючыся.

Затым ён даволі нечакана аціх і разам з гэтым у пакоі спыніліся ўсе гукі, заля нібыта здранцьвела, паходні роўна й нетаропка ўскідвалі языкі полымя, водбліскі ад якіх доўгімі шырокімі палосамі расьсякалі падлогу. Паветра, расхістанае адно толькі подыхам блазнаў, усё цяжэй прапускала сьвятло і запавольвала ня толькі рухі, якіх, дарэчы, амаль не было, але запавольвала і самое жаданьне рухацца. Уся гэтая цішыня раптам лягла на плечы Стаўры й прыціснула да падлогі так шчыльна, што юнак заплюшчыў вочы й на імгненьне забыўся. У гэтае імгненьне ён уявіў сябе маленькім хлопчыкам, якога ўзяў бацька паглядзець фрэскі. Такое сапраўды было аднойчы, але настолькі даўно, што Стаўры амаль спалохаўся, што наогул помніць такі выпадак. Тым разам бацька прывёў яго ў амаль пабудаваны касьцёл - некалькі калёнаў і сьцены блізу ўваходу яшчэ мутнелі старой тынкоўкай, але ўвесь верх быў ужо расфарбаваны цалкам і амаль сухі.

Рыштаваньняў, узьнятых да самае столі, тады яшчэ не пасьпелі прыбраць, і бацька павёў Стаўры наверх. Гэты шлях цяпер узгадваўся яму як узьнясеньне - падлога заставалася ўсё далей унізе, праз шчыліны паміж дошкамі можна было сачыць, як яна аддаляецца і тоне ў сонечным сьвятле.

На перадапошнім паверсе рыштаваньняў бацька спыніўся, разводзячы рукі:

- Паглядзі, сынок, паглядзі!

Адной суцэльнай паласой на сьценах, тых, што падпіраліся калёнамі, быў намаляваны горад, так, нібыта Стаўры стаяў на даху нейкага будынку ці нават званьніцы, і глядзеў на ўсё зьверху ўніз. Тут былі чырвоныя стрэхі шляхецкіх дамоў, усхілы крэпасьці, палацы, касьцёлы, цэрквы, кірмаш, лес, неба, людзі, дарога, старая й новая брамы з брамнікамі перад варотамі, лупалаўскі пасад, Дубравенка, плошча з ганебным слупом і з прывязаным да слупа цыганам, коні, човен на траве і зямля. Стаўры заплюшчваў вочы і раскрываў іх зноў, зьдзіўляючыся, як ціха і настойліва гэты горад прысутнічае тут і глядзіць увесь - на яго, на яго слабое маленькае цела. І чым далей ён глядзеў, тым большым быў горад, і тым меньшым быў сам Стаўры, тым цяжэй было ўсьведамляць неабходнасьць уласнага існаваньня. Цяпер Стаўры сьмяяўся са свайго страху ў той момант, але адчуваў сябе ён цяпер так сама, калі не больш дзіўна. Сьмех і жах давілі яго, разам з тым выкрэсьлівалі яго і замянялі яго сабой.

Гэтая ласкавая несапраўднасьць - такога не магло быць! Блюзьнерства ў Неміроўскага, старога гаспадара, было цяжкім але спакойным, трэба было выдумляць амаль штотыдня новыя фігуры, трэба было падскокваць вышэй за ўсіх, выгінацца й скручвацца спрытней за астатніх. Часам на Неміроўскага находзілі дрэнныя настроі, і тады ён мог зрабіць турнір, аднойчы стравіў гімнаста, узброенага драўлянымі мечам і шчытом, і двох сабак, але такое было аднойчы, да таго ж у той раз Неміроўскі спыніў турнір, ледзьве блазну разгрызьлі руку. Той пан, дарэчы, мог сьмяяцца і ад самых простых фігур. Неяк Стаўры зрабіў сабе такі касьцюм - нагавіцы ён апрануў на рукі й плечы, кашулю - на ногі й жывот. З каўняра кашулі ён вытыркнуў дыньку з намаляваным тварам, і стаў хадзіць на руках, патрэсваючы й пляскаючы нагамі. Неміроўскаму гэта вельмі спадабалася, асабліва ён палюбіў падскокваць да Стаўры, хапацца за сапраўдную галаву й пытацца: «А гэта што?» Тады Стаўры адтуль, зьнізу, яму так адказваў: «Гэта я, Стаўры.»

Цяпер юнак сьмяяўся, пазіраючы ўверх. За парэнчамі яму ўяўляліся людзі, трыста чалавек, у кожнага зь якіх у рукох пісталет, а то й па два пісталеты, і таксама некаторыя трымалі ружжы альбо доўгія тонкія пікі, накіраваныя ў самае сэрца блазну. Яны выклікалі яго на бой, але асьцярожна сачылі за ім, а ён мусіў падабацца ўсім.

- Ідзіця вы ў балота! - закрычаў Стаўры.

 

* * *

 

Не адрываючыся, Стаўры глядзеў на агонь.

Была якраз самая ноч, полымя хіба што не кіпела, ускідваючыся ўсім сваім целам уверх. Стаўры сачыў за гэтым танцам, штосілы сьцяўшы зубы, і раптам кінуў бутэлькай у паходню. Тая разьбілася крыху ніжэй на сьцяне, і тады блазан сам пайшоў на агонь, крыху хістаючыся й прыпадаючы на адну нагу. Паходня чамусьці нічым асаблівым не была замацаваная і Стаўры лёгка выняў яе з гнязда.

- Што ты там робіш? - голас прагучаў над самай яго галавой.

- Што я раблю? - Стаўры адышоў ад сьцяны, аднак асьцярожна, каб не патрапіць на вочы чалавеку зьверху - Зараз пабачыш!

Ён кінуў паходню за парэнчы і пабег да наступнай. Тая першая паходня ўжо ў паветры патрапіла ў нейкую тканіну, аднак адразу загасла, мусіць, таму што яе яшчэ ў палёце перахапілі й ахінулі вялікай шчыльнай анучай, толькі на адно імгненьне яе сьвятло выхапіла зь цемры чыесь руку, плячо й частку грудзей, але гэтага імгненьня хапіла, каб разьлічыць, што чалавек апрануты там у паляўнічы касьцюм, і з перавязі ў яго роўнай хваляй зьвісае шэраг пісталетных набояў.

Другую паходню Стаўры кідаў ужо не азіраючыся й не цэлячыся, а проста над сабой, і гэты кідок быў самы ўдалы, ад агня, пакуль яго не загасілі, аплавілася нейкая сарэбраная бляха на парэнчах і амаль заняліся самі парэнчы.

Васілька і Ёрык моўчкі назіралі за Стаўры, той сьмяяўся і бег усьцяж сьцяны, толькі перастаўшы кідаць паходні ўверх - сарваўшы, блазен біў імі па любой паверхні вакол сябе альбо затоптваў агонь нагамі. Стрэл прагучаў вельмі позна, калі палова справы ўжо была зробленая. Куля ўдарыла па сьцяне і ўжо ад яе ў Стаўры. Юнак ускрыкнуў, хапаючыся за бок і адразу засьмяяўся зноў - крыві аказалася вельмі мала. Другі стрэл прагучаў амаль адразу за першым, але за імгненьне да яго Стаўры скочыў уніз, нібыта прадчуваючы, і пракаціўся па падлозе. Чалавек на бальконе лаяўся, але не асабіста на юнака. Чуваць было, як ён ходзіць па рулі шомпалам, як закотвае і прыціскае кулю.

Стаўры нечакана, і асабліва нечакана для самога сябе, закрычаў і засьмяяўся ўверх і ў твары сьцішаным блазнам, схапіўшыся рукамі за сьцёгны ад напругі. Ёрыка гэты новы сьмех зьдзівіў і неяк падштурхнуў, яму раптам падалося, што Стаўры прыдумаў нешта неверагоднае, і таму яго трэба спыніць. Ёрык кінуўся напярэймы, і адразу атрымаў удар у твар, празь некалькі імгненьняў яму ўжо трэба было ўхіляцца ад паходні. «Чорт зь ім!» - падумаў Ёрык - «Чорт зь ім!»

Васілька тым часам зарагатаў так, быццам бы яго нешта іжгло знутры - сустракаючы цемру й адступаючы ўсё далей да сьцяны. Калі гэты рогат аціх, Васілька яшчэ нейкі час хрыпла дыхаў, так што знайсьці яго ў пакоі стала няцяжка.

Толькі калі апошняя паходня была зрынутая на падлогу, голас чалавека на бальконе загучаў зноўку. Хоць жа яго не слухалі - часам чуліся крокі й валтузьня сярод пустых бутэлек, аднойчы раздалося сутаргавае хрыпеньне і ўдары пяткамі аб падлогу.

- Чаго ты дамогся, Стаўры? - крычаў чалавек - Ты дамогся хвіліны адзіноты і спакою, ты нібыта той Дзед, які хіба не смактаў сваё паміраньне. Ты правільна хвалюешся, наступным памрэш ты. Не за бунт, а проста цяпер ты тут залішні. Я ўжо загадаў, каб прынесьлі ліхтары, дастаткова, каб заліць сьвятлом усю залю. Вось, я чую, як ідуць мае лёкаі, сустракайце іх.

Адбылася некаторая паўза, вельмі нязручная для ўсіх, настолькі яна адасобіла кожнага, і калі магло нешта скалануцца ў гэтае цішы, яно скаланулася ад ляскату дзьвярэй і ад таго, насколькі няўмольна ў залю ўварваўся агонь.

У два шэрагі лёкаі ўвайшлі ўнутар і нетаропка расьцягнуліся амаль здоўж сьцяны, трымаючы на руках агромністыя бронзавыя ліхтары, праз шырокія клеткі якіх сачылася жоўтае сьвятло. Цяпер было ня так бачна, як раней, да таго ж каго заўгодна маглі ўсхваляваць грувасткія цені саміх лёкаяў на падлозе, але блазны мусілі разумець, што яны выхапленыя са сваёй ратавальнай адсутнасьці назаўсёды.

Ёрык стаяў не тоячыся, цяжка забіраючы шырока разьведзеным ротам паветра. Стаўры трэсься, губляючыся каля процілеглай сьцяны, і выходзіў бліжэй да лёкаяў, хаваючы за сьпінай сутаргавыя рукі.

Гэтае новае асьвятленьне зрабіла бачнымі бальконы, там нічога асаблівага й нікога ўжо не было, хіба што за цяжкімі фіранкамі мог схавацца чалавек, але ніякі рух і ніякая зморшчына не выдавалі на тое, да таго ж туды ўверх ніхто ўжо не ўзіраўся, таму што чалавек увайшоў у залю, праз хвіліну, сьледам за лёкаямі. Гэта быў стары мужчына, сярэдняга росту, з надзіва лёгкімі рухамі. Апрануты ён быў у той паляўнічы гарнітур, акрайкі якога часам можна было заўважыць раней, у адной руцэ мужчына трымаў пісталет з нюрнбернскім замком, другой ён прытрымліваў ражок з кулямі на поясе.

Стаўры ўвапіўся вачыма ў твар мужчыны, затым паказаў на яго пальцам і закрычаў, зрываючы голас: «Ты сам блазан!» - нават у дрогкім сьвятле дзесяці ліхтароў было бачна, што праз увесь твар мужчыны накрыж праходзяць два шнары, наўскос ад акрайкаў вачэй да процілеглых акрайкаў вуснаў. Стаўры схапіўся за сябе, раскрыўшы рот, каб зарагатаць.

Чалавек замест адказу кіўнуў галавой і павёў вачыма па кутках залі і тады ўбачыў цела Васількі.

- Вы ўсёж задавілі яго - сказаў мужчына, прыглядаючыся да сьсінелага твару блазна - Чамусьці я думаў, што ён пражыве дольш за ўсіх. Я хацеў зь ім гаварыць. Хто гэта зрабіў? Ты, Ёрык? - Ёрык на гэтае пытаньне толькі ашчэрыўся - Альбо ты, Стаўры?

А Стаўры яму:

- Хто кароль, блазан, скажы нам цяпер, хто кароль?

Юнак падыходзіў бліжэй. Чалавек узьняў пісталет:

- Мусіць жа, табе нешта распавёў Дзед пра тую гісторыю, як я быў блазнам.

- Ты ня быў блазнам, ты ёсьць блазан.

- Магчыма, гэта праўда. Але цябе мусіць хваляваць іншае. Зараз я стрэлю і патраплю табе ў жывот, каб ты паміраў з пакутамі і смактаў сваё паміраньне.

- Увесь гэты час мы бавілі блазна. А дзе гаспадар?

- Гэта ты задушыў Васільку?

- Не, гэта зрабіў Ёрык, помніш, ён ужо яго біў.

- Я не душыў Васільку - Ёрык таксама падышоў.

- Як ты дакажаш? - Стаўры зірнуў на яго.

- Вельмі проста. Бачыця, на горле Васількі два сьляды ад вялікіх пальцаў. А ў мяне аднаго вялікага пальца няма. - ён паказаў левую руку - У мяне яго няма. Знаеце, як гэта выйшла? Аднойчы ў нас гасьцяваў выдатны сьпявак, і так ён хораша сьпяваў, што я палез да яго ў рот, праверыць, ці не сядзіць у яго ў горле салавей, і тады ён мне адкусіў палец.

Стаўры засьмяяўся й сеў.

Чалавек зрабіў знак лёкаям і тыя выйшлі, пакінуўшы ліхтары проста на падлозе. Сьвятло ад іх біла ў вочы, нават калі іх прымружваць, водбліскі ўсё роўна пранікалі пад павейкі і балюча казыталі, змушаючы хістаць галавой. Стаўры хістаў так галавой, пакуль мужчына ў паляўнічым гарнітуры не прастрэліў яму грудзі. Адразу пасьля гэтага блазен лёг на сьпіну і стаў падлічваць удары сэрца, пакуль яго не здавіў крывавы кашаль.

 

Чалавек прадуў рулю пісталета, прачысьціў яе, асьцярожна сунуў набой, кулю, ушчыльніў, завёў ключом спружыну колца, адвёў курок ад палічкі, каб падсыпаць на яе парахавую затраўку, закрыў палічку, насунуў на яе крышку і падвёў да яе курок. Цяпер зноўку можна было страляць.

Ёрык зь дзіўнай палёгкай сачыў за ўсімі гэтымі рухамі, яны вельмі занялі яго. Падчас усёй апэрацыі мужчына кідаў на блазна позіркі, нібыта каб праверыць тую адлегласьць, што падзяляла іх. Пад самае завяршэньне Ёрык спытаў:

- Навошта вам цяпер пісталет? Стаўры ўжо памёр, і ўсе астатнія таксама мёртвыя, я апошні.

- Ты не апошні. Я апошні.

- Што?

- Я апошні. Кожнае імгненьне, пакуль я рыхтаваў пісталет, я быў безабаронны перад табой. Бачыш, у залі нікога больш няма, і ў мяне больш няма зброі, я нават нож не ўзяў. Пісталетам я мог бы нанесьці табе некалькі ўдараў, але наўрацьці я здолеў бы імі цябе забіць. Ты значна мацнейшы за мяне, да таго ж ты малады, а я стары. Да самага канца ты мог стаць каралём, і маленькая магчымасьць у цябе яшчэ ёсьць, напрыклад, калі колца ня дасьць дастаткова іскраў для стрэлу, такое часам здараецца, альбо калі недастаткова захопіцца порах. Але жартуючы, ты ня здолеў зразумець, што жартуюць з табой, пагэтаму ты наўрацьці станеш каралём. Калі мы засталіся з табой тут адны, ты ведаў, што я блазан, пра гэта сказаў Стаўры а я не адмаўляў. І гэта сапраўды так, і ты ведаў, што з гэтае залі выйдзе толькі адзін, пра гэта я казаў раней. Ты не здагадаўся, што табе дастаткова забіць мяне, каб застацца жывым. Мне было вельмі весела з усімі вамі, і ты таксама мяне шмат павесяліў, асабліва цяпер. Бачыш, у мяне атрымаўся вельмі цікавы турнір. За тое, каб гэта перажыць я з захапленьнем рызыкнуў сваім жыцьцём.

Ёрык слухаў і не давяраў:

- Вы не жартуеце?

- Не.

- Як вас разумець?

Чалавек засьмяяўся і нібыта прамяні сонца, на ягоным твары напяліся шнары. Ёрык ускрыкнуў:

- А хто тады гаспадар?

- І гаспадар я! Твой гаспадар! Мой гаспадар даўно памёр, ён адорыў мяне як адорваюць кароль караля, і вось цяпер я насамрэч кароль.

Чалавек націснуў на спускавік, але колца ўпустую праехалася па крэменю.

Ёрык зароў, цягнучыся да пісталета, і гэтым разам колца спрацавала і чалавек стрэліў блазну ў горла.

Некалькі хвілін чалавек стаяў, абняты дымам, затым усьміхнуўся, кінуў пісталет на падлогу і крануўся зь месца.

Ён адзін за адным загасіў ліхтары і затым выйшаў, шчыльна прычыніўшы за сабой дзьверы.

У залі нарэшце стала цёмна і ціха.


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае