Аляксей Бацюкоў

Крыху пра колер вады і дыму

Сола-мініятура

На сцэне агромністая белая рама на тле абсалютна чорнага аздабленьня сцэны. Перад вакном, паўбокам да гледача стаіць жанчына ў простай чорнай сукенцы, каля яе чорнае крэсла, на ім шалік. Жанчына кранае сябе за плечы.

 

ЖАНЧЫНА. (Гледзячы ў вакно, пасьля доўгае паўзы). Халодна. Ветрык, маленькі мой сябар... Чуеце, як лёгка ён дзьме праз вакно, нават ахінае мае рукі (выцягвае рукі перад сабой, нейкі час маўчыць). Нібыта забіраючы ў іх цяпло, і вагу, і колер. Лёгкі, нібыта не ацяжараны ўсім тым сьветам, што прыносіць мне. Чуеце, як шапочуць дрэвы, а вось зараз вокрык жанчыны, яна просіць свайго сына слухацца яе. У хлопчыка чорныя-чорныя валасы, яны ці чутна шамацяць, калі ўкладаеш у іх свае пальцы. Скура пад гэтымі валасамі тонкая навобмацак, нібыта яе не йснуе наогул, а ўсё цела - суцэльная пругкая сьліва, толькі цёплая і нават вільготная (прыкладае рукі да жывату). У яго блакітныя вочы. Блакітныя? Мусіць жа, гэта вельмі сьмешны колер. Блакіт, кітбла. Чуеце, як нібыта падае неба, разадзёртае раптоўным ударам у сярэдзіну. Нібыта нейкая памылка вычварае ўсю яго прыроду, нечакана і дарэшты. Невядомае, няіснае неба - кітбла! (Сьмяецца, прыкрываючы рот). Цяпер восень, пагэтаму так ціха ўсюды, празь ветрык чуецца, як гарыць лісьце. Дым ахутвае вокрыкі дзетак з двара, нібыта мяккай павуцінай, нібыта праменьчыкамі слабога сонца, і нясе да мяне, прасклізвае праз гэтую шчыліну ў раме. Вось яна тут, дзе шкло крыху адыходзіць. Цётка Марыя аднойчы нядаўна ўчула ветрык і сказала, што залепіць дзірку. Я папрасіла, - не, але што я магла сказаць, што ветрык дае мне так шмат? Што ён злучае мяне з (паказвае ў бок вакна) тым? Што я нават уночы ўстаю часам, каб ён упаў мне на далоні, паклаў у іх звон, што толькі-толькі заехаў у двор, ці вільгаць дажджу? Яна скажа - мы гуляем, але на вуліцы гэта ўсё такое не такое. Цётку можна зразумець, цяпер халодна, калі я захварэю, ёй прыйдзецца сядзець са мной днямі. Зрэшты было такое, што я атрымала вельмі шмат ад яе пільнасьці. Я раскажу пра гэта пасьля, зараз хочацца проста стаяць так, дыхаючы дымам, дакладней, яго ценем, яго адбіткам. Рэштай. Зусім даўно я перастала цікавіцца, што дае рэчы колер, чым новым ён нагрувашчвае яе, але дым я ўяўляю жоўтым і сінім адначасова. Я ведаю, што жоўты колер сьветлы і вясёлы, аднак калі паслухаць, то гэта вельмі раптоўны колер, ён нібыта падае ў бездань. Чуеце - жоўты, жоўць. Так дым зьнянацку ўкручваецца ў маю шчыліну ў раме і плыве па пакоі - ... ты-ы-ы-ы. (Сьмяецца). А сіні таму, што дровы шыпяць вось так: сі-і і ні-і, калі гараць вільготныя, асабліва елкі. Я ведаю, цётка Марыя падводзіла мяне да кастру, каля парку, тут недалёка яго палілі дзеці. Нешта залопалася і зашыпела, а дзеці ўстрывожыліся, што я спалохаюся, і крычаць так: «Ня бойцеся! Ня бойцеся! Гэта мокрая елка гарыць!» А мне ня страшна, елка тым часам толькі сі-і і ні-і, зусім ужо ня лопалася. (Сьмяецца). Яшчэ вельмі дзіўна, што ніякага колеру ня мае вада, як кажа цётка Марыя. Чуеце, якое цяжкае і грувасткае слова, вада!, яно мусіць мець нейкі колер, адмысловы для вады. Водны! Цётка Марыя злуецца, калі я зь ёй пра гэта гавару, ня хоча слухаць. А калі яна ня хоча слухаць, дык і я не хачу гаварыць. Хоць, зрэшты, я дарэмна на яе так, яна добрая. Пасьля сьмерці матулі прыходзіць кожны дзень, а калі застаецца на ноч, перад тым, як мы кладземся, чытае мне Евангельле. І вось цяпер я раскажу пра яе пільнасьць. Аднаго разу яна ўвесь вечар раздражнялася, што ў кухні з крану ідзе вада, маленькім, ці чутным струменьчыкам, нават гарэзьлівым, як мне тады падалося. Назаўтра ад самае раніцы цётка Марыя зайшла ў домаўпраўленьне і выклікала сантэхнікаў. Перад гэтым папярэдзіла, каб я адкрыла ім дзьверы. Не магла са мной чакаць, не магла ўвечары прыйсьці, але паабяцала быць заўтра. Сантэхнік прыйшоў адзін. Калі ён мінаў мяне ў дзьвярах - нібыта хваля паветра абняла і панесла за ім. Такі высокі, што я спалохалася. Размаўляў, распытваў.

(Паўза).

Застаўся на тую ноч. У яго было віно. Такога кіслага я ніколі не каштавала! (Сьмяецца). Нараніцу я назвала яму, калі прыйсьці яшчэ. Ён прыйшоў, але не застаўся на ноч. Потым я доўга чакала. Мне здаецца, нават цётка Марыя заўважыла. А потым... (сьмяецца) я стала ўвесь дзень круціць кран у ваннай. Управа-ўлева, покуль яго не сарвала. Бум! - і ўся вада як пацякла мне на калені, на жывот! Я так спалохалася! Пабегла да суседкі тэлефанаваць, а яна мне набірае нумар, крычыць: «Што ў цябе здарылася? Што ў цябе здарылася?» А я ўжо ці не сьмяюся, радая, кажу тэлефануйце ў домаўпраўленьне, у мяне так сарвала ваду, што страх. А калі яна ўжо размаўляла, я ўзяла трубку і сказала: «Няхай прыйдзе Юра, Юрый». Там так ціха ўсьміхнуліся: «Які Юра? У нас два, Юрый Алегавіч і Юрый Пятровіч». Я разгубілася, спачатку думаю, мне што, трэба яго ўгадаць? Але потым кажу: «Высокі!» Засьмяяліся, а суседка маўчыць. І праводзіла мяне так ціха. Ён прыйшоў, крыху злы, знаеце, я адчула дакладна, але нічым не папракнуў мяне. Усё пачыніў. Быў са мной. А потым, знаеце, я працягваю яму грошы для сьмеху, а ён узяў. (Сьмяецца, паўза). Паабяцаў, што зойдзе. Зрэшты, я яго цяпер не чакаю.

(Паўза).

У мяне нічога не цячэ (сьмяецца).

(Паўза).

Я цяпер падумала - ясна, чаму вада ня мае колеру. Так яна была б для мяне не такой сама, як для іншых, яна б мела нешта, чаго ніколі не спазнаю я. І ветрык. Я б не змагла, калі б ён нешта хаваў ад мяне, падаючы ў далоні, каб ён быў няшчырым, нячыстым. Божухна, як халодна! Якое вільготнае паветра. Не люблю.

(Падыходзіць да крэсла, накідвае шалік на плечы і хавае ў ім далоні. Спакойна, без эмоцый працягвае).

Зараз прыйдзе цётка Марыя, захоча гарбаты. Я пайду. Яна вечна хоча маёй гарбаты.

(Сыходзіць, зацямненьне).




Беларуская Палічка: http://knihi.com