epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Дудараў

КІМ

 

Дзейныя асобы

 

Кім

Юля

Каралёў

Лена

Xадзееў

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

Столік дзяжурнай сястры ў клініцы. Гарыць лямпа. Позні вечар.

Кім і Юля.

Кім. Гэты рэцэпт вынайшлі лекары фараонаў у Старажытным Егіпце. Бярэцца 273 чорныя разынкі.

Юля. Чаму менавіта 273?

Кім. Пра гэта трэба спытаць фараонаў. Не перапыняйце мяне, мэм... Кожная разынка разразаецца крыж накрыж на чатыры роўныя паловы ў першую гадзіну першай квадры месяца... Дадаецца сем лыжак веснавога, менавіта веснавога, мёду. Усё старанна перамешваецца.

Юля. А як перамешваць?

Кім. У сэнсе?

Юля. Па стрэлцы гадзінніка ці супраць?

Кім. Супраць. Не менш сямі разоў.

Юля. Белая магія.

Кім. Пасля гэтага прыгатаваная маса апраменьваецца на падаконніку месячным святлом.

Юля. Колькі?

Кім. Не менш гадзіны. Затым выціскаецца сок з трох лімонаў, зноў перамешваецца.

Юля. І зноў сем разоў? І супраць стрэлкі гадзінніка?

Кім. Дзевяць і па стрэлцы! Ужываць па маленькай лыжцы тры разы на дзень да, у час ці пасля яды. Кроў абнаўляецца на самую поўню пры ўмове, што ніводнага разу... ніводнага! Не будзе перапынку ў прыёме лекаў...

Юля. І ў час прыёму пацыент не будзе думаць пра белага мядзведзя.

Кім. Вы цынічны, мэм... Менавіта ён вашу кроў і псуе першы... Цыкл пачнём з заўтрашняга ранку.

Юля. Няўжо ты сядзеў ноччу і рэзаў на чатыры часткі разынкі... Пад месяцам.

Кім. Яшчэ чаго! Я стамляюся за дзень і мне трэба выспацца, каб усю гэтую араву зранку пабудзіць, памыць, прычасаць, прымусіць заслаць ложкі, накарміць і развесці каго куды... Разынкі крышыў ваш любімчык Піня.

Юля. Божа! Ты даў дзіцёнку нож у рукі.

Кім. Я не даваў дзіцёнку ў рукі нож! Ён рэзаў разынкі брытвай. Гэты дзіцёнак — дзіцёнак толькі тады, калі з ім сюскаюцца, як гэта робіце вы, мэм... А са мной, як шоўкавы... Усё робіць! І заўважце, мэм, усё есць... нават пярловую кашу. Варта толькі было вам апынуцца ў клініцы, у яго на наступны ж дзень з’явіўся апетыт і перастаў балець жывоцік... Як бачыце, іншым разам і хвароба на нешта вартая.

Юля. А што Баранеса?

Кім. У-у-у! Трагедыя... Учора вярнулася са школы, залітая слязьмі, як дажджом...

Юля. Што здарылася?

Кім. Тройка па літаратуры!

Юля. І што?

Кім (дражніць). Мой тата — паэт, а ў мяне тройка па літаратуры!

Юля. Што ты ёй сказаў?

Кім. А я сказаў, што ў мяне тата — дэсантнік, парашутыст, а я з другога паверху вышыні баюся... Галава кружыцца...

Юля. І што?

Кім. Зарагатала. Усё, мэм! Позна, мне рана ўставаць...

Заўтра зранку адну лыжачку...

Юля. За што ты купіў разынкі і мёд?

Кім. Эканомія...

Юля. Кім!

Кім. Што Кім? Што Кім? Мы зарабілі! Мы з Пінем працавалі...

Юля. Дзе?!

Кім. Упрыгожвалі парк...

Юля. Зноў?!

Кім. Мэм! Мы прыбіралі парк!

Юля. Зноў?

Кім. Мэм! У вас «предрассудки»... Дарэчы, «предрассудки» з двума «с».

Юля. Не!

Кім. Няўжо з адным?

Юля. Не! Забабоны пішуцца без «с»!

Кім. Не можа быць...

Юля. Я ж цябе прасіла...

Кім. Што я зрабіў дрэннага? З Пінем. Мы прыбіралі парк пасля свята, там было шмат бутэлек. Я хацеў іх выкідваць, але ваш Піня, мэм, хадзіў за мной як хвост і талдычыў: «Сто ты! Сто ты? Зацэм? Зацэм? Здадзім, здадзім!» Я б не дадумаўся! Ну такі расце прашчалыга, такі круцель... Уяўляеш, стаміліся, селі адпачываць, я адвярнуўся на хвілінку, прыходжу. Сядзіць на лавачцы, ну, такі няшчасны, такі бедны, такі галодны... Між іншым, ідучы ў парк, ён з’еў банку тушонкі і во такую талерку пярлоўкі, а тут... Зрабіў такі выгляд, быццам яго ад дня нараджэння ніхто ніколі нічым не карміў. І шапачка побач. І ў шапачку ўжо накідаць паспелі... Я яго ледзь не забіў! (Дражніць.) А сто я зрабіў? Сто я зрабіў? Я стаміўся! Я заснуў! Сапацка звалілася. А цаго яны туды гросы кідалі? Я не прасіў! І сапраўды ж не прасіў, паразіт!

Юля. Кі-ім...

Кім. Калі ў Баранесы бацька паэт, то ў гэтага... Я не ведаю... Банкір, мабыць.

Юля. І ты не выкінуў іх?

Кім. Каго?

Юля. Грошы...

Кім. Мэм, мне здаецца, што вы лечыцеся не ў той клініцы... Грошы выкідваў толькі герой Дастаеўскага... У якім гэта рамане?

Юля. «Ідыёт»...

Кім. Правільна, раман «Ідыёт»! Дарэчы, вы зноў дзяжурыце, а Джульета ў садзе на спатканні?!

Юля. Я ўсё адно не сплю... Якая розніца, дзе не спаць?

Кім. Я пайшоў. Баранеса без мяне не засынае.

Юля. А Піня?

Кім. Фу-у, гэты прачынаецца толькі затым, каб паесці, а есці толькі затым, каб адразу заснуць. Значыць, заўтра адну лыжачку ў час сняданку. Халадзільнік тут ёсць?

Юля. Ёсць.

Кім. Трымаць у халадзільніку.

Зумер сігналізацыі.

Юля. Пабудзь ля тэлефона. Пятая палата выклікае. Я хутка!

Выходзіць. З’яўляецца Лена.

Лена. Салют, Кім!

Кім. Сястра, вас у даўнія часы называлі сёстрамі міласэрнасці... А што робіце вы?

Лена. Што я раблю?

Кім. Нават дыктатарскія рэжымы забараняюць выкарыстоўваць працу непаўналетніх. А вы выкарыстоўваеце працу хворых.

Лена. Не дуры галавы!

Кім. І дзеля чаго?! Каб бегаць у парк і цалавацца пад плакатам «Осторожно — СПИД!»

Лена. Адкуль ты ведаеш?

Кім. Гэта ведаю не я. Гэта ведаюць усе, хто праходзіў па тратуары каля клінікі. А ці ведаеце вы, сястра, што па апошніх даследаваннях вучоных Занзібара пацалункі на рабочым месцы аказваюць неспрыяльны ўплыў на нервовую сістэму, а ў Амерыцы...

Лена. Ой, дэмагог!

Кім. А ў Амерыцы за пацалунак у офісе пагражае турэмнае зняволенне...

Лена. Пайшоў к чорту! Дзе Юля?

Кім. Мэм адпрацоўвае вашу разбэшчанасць. Мяняе заместа вас хвораму судна.

Лена. У якой палаце?

Кім. У пятай...

Лена. Будзь здароў, акселерацік!

Кім. Лена!

Лена. Што?

Кім. Як яна?

Лена. Складана, Кім, складана...

Кім. Аналізы не палепшыліся?

Лена. Горшымі сталі... Толькі ёй не кажы. Яна не ведае...

Кім. Яна адчувае...

Лена. Патрэбна аперацыя.

Кім. І колькі яна каштуе?..

Лена. Чорт яе ведае... Дорага, канечне...

Кім. Даведайся, калі ласка.

Лена. Добра. Пайду яе падмяню...

Кім. Скажы, што я пайшоў. І прасачы, каб яна заўтра абавязкова прыняла маю сумесь. Чао!

Лена. Будзь здароў.

Разыходзяцца. Праз нейкі момант з’яўляецца Каралёў, прыціскаючы адну руку да сэрца, а ў другой трымаючы пісталет. Левае крысо пінжака запэцкана крывёй. Уваходзіць Юля.

Юля. Божа!

Каралёў. Памажы мне...

Юля. Я паклічу доктара!

Каралёў. Назад! (Наводзіць на Юлю пісталет.) Нікога не клікаць! Ты зразумела?

Юля. Зразумела.

Каралёў. Крыві баішся?

Юля. Не.

Каралёў. Хадзі сюды! Вазьмі пінцэт... не той, большы! Там тырчыць куля...

Юля. Дзе?

Каралёў. У грудзях. Насупраць сэрца. Дастань яе.

Юля. А... бачу!

Каралёў. Зачапі пінцэтам і цягні!

Юля. Вам жа будзе балець!

Каралёў. Цягні, дура!

Юля (спрабуе нешта зрабіць). Не атрымліваецца! Яна паміж рэбраў засела.

Каралёў. Цягні!

Юля. Пінцэт зламаўся!

Каралёў. Пашукай пласкагубцы...

Юля. Гэта клініка! Адкуль тут пласкагубцы? Я паспрабую зубамі...

Каралёў. Ты што?!

Юля. Рукі!

Каралёў адводзіць рукі, Юля схіляецца над ім і зубамі выцягвае з грудзей кулю. Каралёў стогне.

Каралёў. Дай сюды...

Юля. Я зараз кроў спыню...

Каралёў. Дай сюды кулю! Прапалашчы рот вадой. Яна атручаная... А кроў спыняць не трэба. Хай атруту вымывае... Прапалашчы рот вадой! Куля атручаная! Ты што не баішся?

Юля. Не.

Каралёў. Ну і чорт з табой! Каб не партманет у левай кішэні — каюк! Партманет уратаваў...

Юля (дастае з пінжака маленькую кніжачку). Гэта не партманет...

Каралёў. А што?

Юля. Біблія...

Каралёў. Уроды...

 

Офіс Хадзеева. Уваходзіць Каралёў.

Хадзееў. Ты?!

Каралёў. Я пригласил вас, господа, с тем, чтобы сообщить пренеприятное известие: Бог, оказывается, есть.

Хадзееў (пасля паўзы ). Гэта... ты?

Каралёў. Я... Толькі давай так... галаварэза свайго не мачы... Ён зрабіў усё як мае быць. Маэстра! Два сантыметры ніжэй левага саска пацэліў. Зірні.

Хадзееў. Адкуль ты?

Каралёў. Я спадзяюся, ты здагадаўся, што не з морга. Але і не з пракуратуры. Як у цябе справа з атэізмам? Мае светапогляды пахіснуліся... Паўгода таму, каб адчапіцца ад надакучлівых манашак, я купіў ім машыну цэглы, а яны мне падаравалі (дастае з кішэні кніжачку, чытае) «Новы запавет» Госпада нашага Ісуса Хрыста. Новы пераклад з грэчаскага арыгінала. Твой абармот яго прастрэліў... Наскрозь. Я панёс матэрыяльныя страты, Халдзей!

Хадзееў. Я — Хадзееў...

Каралёў. Мне ўсё адно. Святыя сёстры падарылі мне кніжку, а я не магу яе пачытаць, бо ты мне яе сапсаваў. Яна прабіта атручанай куляй і залітая маёй крывёй... Я не магу яе пачытаць!!! Дык вось, гэта... гэта мой тавар... вось гэтая кніжачка... Я яе мяняю на тое, што я табе вінен... Я так яе ацаніў! Яна столькі каштуе!

Хадзееў. Не псіхуй!

Каралёў. Ты згодны на абмен?

Хадзееў. Ты ж прыйшоў адзін...

Каралёў. Адзін! Ты згодны на такі абмен?

Хадзееў. Згодны.

Каралёў. Слова!

Хадзееў. Слова.

Каралёў. аддае яму пісталет ). На, я прыйшоў адзін, ён зараджаны. Ты можаш мяне застрэліць. Я асуджаны. Але перад смерцю прашу выканаць маё апошняе жаданне. Відак працуе?

Хадзееў. Працуе...

Каралёў. Хачу мульцікі перад смерцю паглядзець...

Дастае з кішэні відэакасету, устаўляе ў відэамагнітафон.

Уключы... (Хадзееў уключае.) Дзень першы, пасля таго, як ты мяне хацеў замачыць... Ды там дата стаіць, ты бачыш... Та-а-к... Вось тваю Зайку выводзіць з дома ахоўнік... Ты здымаеш для яе катэдж у Баравусе... Азёрная, 4... Глядзі, глядзі... Вось ён адчыняе машыну. Зараз на яе шапачцы чырвоненькая кропачка з’явіцца... Ведаеш, што гэта? Лазарны прыцэл! Та-а-ак... Элітарны ліцэй... тысяча баксаў у месяц. Урок па прадмеце «Чалавек і свет»... Зараз наезд будзе... Воось... Гэта праз акно здымалі... Вунь Зайка сядзіць на другой парце... Уй, які банцік! А на банціку бачыш чырвоненькую кропачку... О, о! Настаўніца занепакоілася... Заўважыла! Але падумала, што нехта з вучняў забаўляецца лазерным ліхтарыкам... І быў дзень, і быў вечар... Дзень другі... Глядзім...

Хадзееў кідаецца да Каралёва ). Ты... ты... скаціна... Калі з ёй што-небудзь... Калі хоць адна валасінка... Я... я цябе...

Каралёў. Што? Што ты мяне? Я ж табе пісталет аддаў! Ты думаеш, я гарбатага ляплю... Дай сюды! (Забірае пісталет.) Якая ў цябе тут самая каштоўная ваза... А, вунь! (Прыцэльваецца, страляе. Ваза разлятаецца на кавалкі.) Бачыў? На! Там яшчэ шэсць патронаў засталося. Стаць да сценкі? Ці мо ў ванную пройдзем? Га? Ні храна ты са мной не зробіш і нічым не дастанеш... Я — адзін... У мяне нікога. Нікога. Зразумеў, Халдзей?

Хадзееў. Я — Хадзееў...

Каралёў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш... Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны... Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! І нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку... Я не жартую... Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!

Хадзееў. Хопіць?

Каралёў. Хопіць. Хаця не! Я прыехаў сюды на таксі... Давай і за таксі. А сам чытай знявечанае пісанне і малі Бога, каб мне на галаву не звалілася цагліна, каб не збіла машына, каб не прыхапіў інфаркт, каб я не атруціўся ў рэстаране чым-небудзь... Таму што кветкі з маёй магілы можна будзе ўскласці на магілу тваёй Зайкі. Завянуць не паспеюць.

 

Бар. За столікам Юля. Перад ёй бакал. З’яўляецца Кім.

Кім. Тут холадна, мэм, я прынёс вам кофту.

Юля. Дзякую...

Кім. Вы сваёй сумнай постаццю нагадваеце нешта з імпрэсіяністаў. О! «Абсент» Ван Гога.

Юля. «Абсент» у Гагена. Двойка.

Кім. Дарэчы, што такое абсент?

Юля. Алкагольны напой на палыне. Яшчэ адна двойка.

Кім. Я непаўналетні і маю законнае права гэтага не ведаць.

Юля. Калі непаўналетні, няма чаго швэндацца вечарам па барах...

Кім. Я прынёс вам кофту, няўдзячная! І заадно паведаміць, што сям’я хвалюецца і хоча ведаць, ці хутка вы з’явіцеся дадому. Малым класціся спаць, ці вас яшчэ можна дачакацца?

Юля. Ідзі. Я хутка.

Кім. Праз паўгадзіны я вас чакаю каля пад’езда.

Юля. Добра.

Кім. Я пайшоў.

 

Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.

Каралёў. Што адзначаеш, прыгожая?

Юля. Свята...

Каралёў. Чаму адна?

Юля. Так.

Каралёў. А якое ў цябе свята?

Юля. Не ў мяне асабіста, ва ўсіх. Няўжо не чулі? Сёння дзень закаханых...

Каралёў. А-а-а, нешта чуў... Людзі ўсё, чым толькі ні займаюцца на зямлі, якой бы брыдотай ні займаліся, усё хочуць звязаць, знітаваць з нябёсамі... Са святымі. Як яго?

Юля. Дзень святога Валянціна...

Каралёў. Гэта яшчэ нічога... А ты ведаеш, што ў ракетчыкаў... ну ў тых, што з ядзернымі боегалоўкамі... таксама ёсць свая святая. Чэснае слова! Святая Варвара... Варррваррра... Смешна?

Юля. Не.

Каралёў. І мне не смешна. А ты што, закаханая?

Юля. Так.

Каралёў. І хто ён?

Юля. Мужчына.

Каралёў. Ты вельмі прыгожая...

Юля. Дзякую.

Каралёў. Плюнь на свайго п’яніцу... і паехалі да мяне.

Юля. Не магу.

Каралёў. Ты мне падабаешся... Ты мне некага нагадваеш нават...

Юля. Ну маці, вядома, так звычайна гавораць.

Каралёў. Паслухай, у мяне ніколі не было ні маці, ні бацькі, і я прашу на гэтую тэму не жартаваць!

Юля. Скуль жа я ведала? Даруйце...

Каралёў. Ну во... ты зноў мне падабаешся. Паедзем да мяне... У маёй спальні шкляная столь... Уяўляеш? Ты спіш, а над табой свецяць зоркі... Я аднаго разу метэарыт бачыў... Так жу-ух праляцеў справа налева... Ну што табе твой п яніца? Га? І чаму вы, жанчыны, любіце толькі прыпыленых, няўдачнікаў і альфонсаў, якія корчаць з сябе «непонятых гениев»...

Юля. Гэта да яго не падыходзіць.

Каралёў. Дык хто ён?

Юля. Бандзюга дурны...

Каралёў. Калі бандзюга ды яшчэ дурны, ты хутка ўдавою будзеш... Такія доўга не жывуць.

Юля. Мабыць.

Каралёў. Мяркуючы па тым, як ты апранута, ён не надта і клапоціцца пра цябе...

Юля. Зусім не клапоціцца...

Каралёў. Ну дык...

Юля. Я яго кахаю...

Каралёў. Паехалі!

Юля. Не.

Каралёў дастае з партманета некалькі зялёных банкнотаў, кладзе іх на бакал). Ладна, давай так... Я пайду за шампанскім, а ты за гэты час пе-ра-ду-ма-еш... О’кэй...

Юля (б’е Каралёва па шчацэ і выходзіць).

Каралёў (ашалела). Яна ўдарыла мяне... Яна мяне ўдарыла... (Машынальна бярэ бакал Юлі і выпівае.) Якая гадасць!

 

Дом Каралёва. Раніца. Каралёў у вопратцы спіць на падлозе. Валяюцца бутэлькі, паміж імі сотавы тэлефон. Ён і звініць. Доўга звініць.

Каралёў прачынаецца, бярэ тэлефон.

Каралёў. Слухаю... Які пацан? А колькі яму гадоў? Ну, прыкладна! Праверылі ўсё? Хай заходзіць...

Каралёў знаходзіць недапітую бутэльку, налівае ў бакал, п’е. Уваходзіць Кім, трымаючыся за нос.

Кім. Дзень добры...

Каралёў. Салют! Што скажаш?

Кім. У вас сурвэткі няма?

Каралёў (дастае насоўку). На... І што з табой?

Кім. Капіляры знаходзяцца блізка каля сценкі носа... Пры нязначным узрастанні напружання лопаюцца... Гэта ў мяне з дзяцінства... сястра кажа, што калі мне паказаць здалёк кукіш, у мяне з носу пальецца кроў.

Каралёў бярэ тэлефон, націскае кнопку). Навошта ты яго біў?

Кім. Ён мяне не біў!

Каралёў. Заткніся! (У трубку.) Я цябе пытаюся, урод, навошта ты яго біў? Ах, проста нос паміж пальцамі сціснуў... (Да Кіма.) Колькі табе гадоў?

Кім. Трынаццаць.

Каралёў (у трубку). Выйдзеш за вароты і па перыметру абыдзеш дом... (Да Кіма.) Колькі табе гадоў, ты казаў?

Кім. Трынаццаць.

Каралёў (у трубку). Абыдзеш дом трынаццаць разоў на кукішках! На кортачках, урод!

Кім. Прабачце, я пайду...

Каралёў. Табе шкада яго?

Кім. Шкада.

Каралёў (у трубку). Адбой: ён табе амністыю абвясціў... Не я, а ён! (Кідае тэлефон.)

Каралёў (налівае). З твайго дазволу... (П’е.) Цяпер кажы, хто ты...

Кім. Я ваш сын...

Каралёў. Яшчэ раз.

Кім. Я ваш сын...

Каралёў. Вельмі прыемна, сынуля...

Кім. Мне таксама.

Каралёў. За сустрэчу! (П’е.) Калі б ты ведаў, як я цябе доўга шукаў. Ты, канечне, сынок, бедны, няшчасны, адзінокі, табе няма чаго есці і табе трэба грошы... так?

Кім. Не зусім. Я не сірата, не бедны, не адзінокі, мне ёсць што есці і ёсць дзе жыць... А вось грошы мне патрэбны. Тут вы здагадаліся.

Каралёў. Колькі?

Кім. Пяцьдзясят тысяч.

Каралёў. Ну, мужык, ты сціплы...

Кім. Я пра долары...

Каралёў. Тады «ой»! Ты сапраўды мой сын. Па размаху. Цябе мамка паслала?

Кім. Мама памерла дзесяць гадоў таму.

Каралёў. А як яе звалі?

Кім. Эльвіра.

Каралёў. А дзе мы з ёй... сустракаліся?

Кім. На фестывалі моладзі і студэнтаў... Вы тады былі намеснікам старшыні Саюза моладзі.

Каралёў. Колькі табе гадоў?

Кім. Вы пыталіся ўжо два разы... Трынаццаць.

Каралёў. А-а-а... Так, так... І з кім ты жыў?

Кім. Жыў я ў дзетдоме, бо ў мамы таксама нікога з блізкіх не было... Дом знаходзіўся ў Расасенцы. Калі здарылася Зона, дзетдом рассялілі па ўсёй рэспубліцы... Я цяпер жыву тут, у сямейным дзіцячым доме.

Каралёў. І як ты пра мяне даведаўся?

Кім. Ваша інтэрв’ю было ў «Дзелавой газеце».

Каралёў. Ну ясна. А яна што расказвала табе пра мяне і ты ўсё запомніў... Калі яна памерла?

Кім. Я ж казаў... дзесяць гадоў таму.

Каралёў. І ты нешта запомніў з таго, што яна табе расказвала... пра мяне? У такім узросце?

Кім. Яна амаль нічога не расказвала... Толькі перад смерцю прашаптала: «Фестываль. Тваё імя — твой бацька...»

Каралёў. Чыё імя?

Кім. Маё.

Каралёў. А як цябе завуць?

Кім. Кім...

Каралёў. Пры чым тут я?

Кім. Вы знаёмы з абрэвіятурай? Назавіце сябе і зразумееце...

Каралёў. Называю: Каралёў... І што?

Кім. Поўнасцю...

Каралёў. Каралёў Ігар Міхайлавіч... І што? А-а-а... Крута... Кім атрымліваецца... Толькі няўвязачка з прозвішчам па бацьку. Справа ў тым, што мяне на вакзале некалі знайшоў сяржант міліцыі... Мая мамачка пакінула мяне на падаконніку... Прозвішча ў сяржанта было Міхайлаў... Так я стаў Міхайлавічам.

Кім. А чаму Каралёў?

Каралёў. Тады ўсе шызелі ад касманаўтыкі.... Акурат на тым тыдні памёр славуты генеральны канструктар...

Кім. А Ігар?

Каралёў. А вось гэтага не ведаю... Можа нянечка якая ахрысціла, а можа клапатлівая матуля запіску пакінула... Не ведаю.

Кім. Даруйце...

Каралёў. Усё пуцём, Кім! Дык ты кажаш мой сын? І прыйшоў па аліменты? Лады, Кім... Толькі давай так... Колькі ты заяўляў?

Кім. Пяцьдзясят тысяч.

Каралёў. Замётана. Тры нулі закрэсліваем і... Атрымай і распішыся!.. (Падае купюру.)

Кім. Мне столькі не трэба.

Каралёў. Маеш рацыю. За геніяльную прыдумку трэба дадаць яшчэ... (Дастае яшчэ купюру.)

Кім. Бывайце...

Каралёў. Чакай! Што ты сабе хочаш купіць? Велік? Камп’ютар?

Кім. Я нічога не хачу купіць. Мне патрэбна пяцьдзясят тысяч долараў.

Каралёў. На меншае ты не згодны?

Кім. Не.

Каралёў. Я балдзею ад цябе... Ну ты ж разумны, мужык... Табе не смешна? Я прачынаюся з пахмелу, заяўляешся ты і... здравствуйте, я ваша тётя! Не тётя, а сын! Сын! І за гэту хохму ты хочаш атрымаць пяцьдзясят тысяч баксаў... Навошта яны табе?

Кім. Асабіста мне непатрэбна ані цэнта. Такія грошы трэба маёй сястры... На лячэнне.

Каралёў. Гэта яна цябе паслала?

Кім. Не.

Каралёў. І колькі ёй?

Кім. Дваццаць два.

Каралёў. Клас! Значыць, у мяне і дачка зусім дарослая! Ну раз ты мой сын, а яна твая сястра... Колькі кажаш? Дваццаць два? А-а-а, помню, помню... Я тады ў пяты клас хадзіў, а яна нарадзілася перад самымі вясеннімі канікуламі... Мяне завуч з дырэктарам павіншавалі і адпусцілі з урокаў у раддом.

Кім. Бывайце.

Каралёў. Стаяць! Я цябе яшчэ не адпусціў. Кажы, хто і навошта цябе прыслаў да мяне?

Кім. Мяне ніхто не прысылаў... Мая сястра хворая. Мне патрэбны грошы, каб вылечыць яе...

Каралёў. Якая к чорту сястра, калі ты сцвярджаеш, што ты мой сын!

Кім. Канечне, яна не родная мне. Калі здарылася Зона і дзетдом рассялілі, яна ўзяла мяне, Піню і Баранесу на выхаванне... Мэрыя выдзеліла трохпакаёвую кватэру. Гэта называецца сямейны дзіцячы дом. Яна нас усынавіла і ўдачарыла.

Каралёў. А цяпер ты хочаш, каб я яе ўмацярыў, аж на пяцьдзясят тысяч баксаў?!

Кім. Яна захварэла! Гэта пасля Зоны!.. І калі не будзе грошай, яна памрэ! І нас расселяць па дзіцячых дамах! Я — нічога... Прывыкну... А вось Піня з Баранесай...

Каралёў. Хто такія Піня з Баранесай?

Кім. Дзеці. Хлопчыку пяць, дзяўчынцы тры...

Каралёў. Яны таксама ад мяне?

Кім. Пусціце!

Каралёў. Не, пачакай...

Кім. Я больш нічога не скажу!

Каралёў. Я скажу, сынуля... Мяне сентыментальнымі байкамі разжалабіць не атрымаецца... Па-першае, я сам хапануў за жыццё вось так і болей, але я ніколі не быў няшчасненькім. Ніколі! Галодным быў! Прыніжаным быў! Бітым быў! У адчаі да слёз гарачых быў! Але няшчасненькім ніколі! Ні-ко-лі!

Кім. Не ва ўсіх жа клыкі, як у ваўка.

Каралёў. Ты як з бацькам размаўляеш, гадзёныш!

Кім. Даруйце.

Каралёў. Гэта першае. А па-другое, сын мой, калі чалавек пакутуе, значыць, Гасподзь Бог яго за нешта пакараў! Ён адпрацоўвае свае грахі... І калі я буду аблягчаць яго долю, хоць самую горкую, значыць уступлю ў канфлікт з самім Богам! А з гэтым паханам лепш не спрачацца...

Кім. Вы падвялі пад сваё злое існаванне прымітыўную філасофскую базу і гэтым апраўдваеце свае абыякавыя адносіны да ўсяго і ўся... І ў першую чаргу да сябе самога...

Каралёў. Чаму ты раней да мяне не прыходзіў?!

Кім. Таму што маці, паміраючы, сказала: «Кім, дай мне слова, што звернешся да яго толькі тады, калі не будзе выйсця, калі будзе тупік. Я яго кахаю і не хачу, каб хоць нечым ён быў у жыцці засмучаны». У мяне цяпер тупік. Калі яна памрэ, я згублю сям’ю... І дзеці згубяць яе... А так я ніколі б да вас і не звярнуўся і не падышоў...

Каралёў. Чаму?

Кім. Ваўкоў баюся.

Каралёў. Ты зноў?!

Кім. Даруйце...

Каралёў. Ты разумееш, усё, што ты прыдумаў, абсалютна неверагодна...

Кім. Таму гэта і праўда! Хлусню вы па свайму вопыту павінны ведаць...

Каралёў. Зноў?!

Кім. Дык вось, хлусня неверагоднай не бывае! Яна заўсёды апранае былое адзенне праўды...

Каралёў. Слухай ты, Спіноза, я б цябе мог проста выгнаць...

Кім. Я б даўно сам пайшоў, вы ж не пускаеце мяне...

Каралёў. Мне раскалоць цябе — раз плюнуць...

Кім. Каліце...

Каралёў. У цябе фота маці ёсць?

Кім. Цяпер няма... Калі здарылася Зона і нас вывозілі, рэчы браць забаранілі...

Каралёў. Ну а ты памятаеш яе? Пазнаў бы на здымку?

Кім. Канечне.

Каралёў. Не пашчасціла табе, сынуля... Рэч у тым, што ў мяне захаваўся здымак усёй дэлегацыі, якая ездзіла на фестываль... Зараз... (Дастае з шуфляды стала здымак у рамачцы.) Вось, іншым разам зірну, каб збегаць на спатканне са сваім юнацтвам. На, зірні і ты... Падкрэсліваю, тут уся дэлегацыя. Уся! Гэта мы на Краснай плошчы пасля паходу ў Маўзалей. Мяне пазнаў... Вось я ў цэнтры абдымаю дзвюх прыгажунь... Якая з іх твая мама?

Кім. Ні тая, ні тая...

Каралёў. Правільна. Адна з іх цяпер жонка камандуючага пагранвойскамі, а гэта працуе дыктарам радыё... Жывыя, здаровыя... ну а дзе ж твая нябожчыца-маці?

Кім. Здымак вельмі дробны...

Каралёў. А я табе лупу дам. На! Шукай...

Кім (паводзіць лупай па здымку). Вось яна...

Каралёў. Дзе?

Кім. Пятая злева ў другім радзе...

Каралёў. Пакажы, пакажы... (Бярэ здымак, потым вырывае з рук у Кіма лупу, уважліва разглядае.) Дык як ты кажаш яе звалі? Эма?

Кім. Эльвіра... дайце, калі ласка, вады...

Каралёў. Ты так расхваляваўся?

Кім. Мне лякарства трэба запіць...

Каралёў. Не толькі сястра, і ты хворы?..

Кім. Прафілактыка. Пасля Зоны...

Каралёў. Можа мінералкі?

Кім. Проста вады. З-пад крана.

Каралёў. Зараз...

 

Каралёў выходзіць імкліва. Выходзіць і Кім. Вяртаецца са шклянкай Каралёў.

А ў якой школе ты вучышся? Гэй! Ты дзе? Кім!

Бярэ тэлефон, набірае нумар.

Зараз будзе выходзіць пацан, не выпускай яго... Як выпусціў?! І машыну даў?! Ты... А калі б ён сказаў, каб ты мне галаву адрэзаў, ты б і гэта зрабіў, уррод! Пазвані ў машыну і скажы... Лёня без мабільніка?! Усё! Не пападайся мне сёння на вочы, прыдурак!!!

Ходзіць па пакоі, трымаючы перад сабой здымак. Задуменна спыняецца. Бярэ са стала насоўку, што пакінуў Кім.

Ды не... Лухта ўсё гэта! Лух-та!

 

Клініка. За столікам Юля і Лена. Вечар.

Лена. Ты зноў сабралася ў бар?

Юля. Так...

Лена. І што ты там робіш?

Юля. Гляджу на яго.

Лена. Дзіўлюся...

Юля. Я сама дзіўлюся... Мне даўным-даўно нехта салодкага кіпеню ў душу лінуў... Плыву... Прыходжу ў бар і чакаю... Ён з’яўляецца і пачынае напівацца... Кожны дзень... Ты ўяўляеш? Кожны дзень!.. Потым сядзіць у кутку за столікам, смаліць. З выгляду круты-круты, а я бачу ў ім дзіцёнка, што выйшаў пагуляць на перон, а цягнік з бацькамі пайшоў... Ты разумееш, ён плача...

Лена. Не выдумляй. Такія не плачуць.

Юля. Плача! Ён плача нават тады, калі смяецца...

Лена. У цябе аналізы палепшыліся.

Юля. Яго ніхто ніколі не любіў...

Лена. Ты ведаеш, што нас, жанчын, у адносінах да мужыкоў падзяляюць на тры катэгорыі: сёстры, жонкі, маці...

Юля. Адкрыла Амерыку...

Лена. Ды не ў прамым сэнсе! Як характар, як від... Сёстры строгія, сухаватыя і прагматычныя. Не раўнуюць. Жонкі раўнівыя, больш чуллівыя, аднак таксама патрабавальныя і строгія... Ну і мамачкі... Чым болей сыночак гадасцей робіць, тым больш яго любяць. Чым больш падоністы, тым даражэйшы. Ты — тыповая мама...

Юля. А ты?

Лена. Я і па прафесіі і па натуры — сястра... Большага мужчыны не заслугоўваюць! Ты калі пазнаёмішся з ім...

Юля. Ужо пазнаёмілася...

Лена. І што?

Юля. Да сябе запрашаў. У яго спальня са шкляным дахам... Спіш, а на цябе зоркі свецяць...

Лена. Дык ты хадзіла?!

Юля. Ты з глузду з’ехала! Як гэта я пайду.

Лена. Ты ж казала, што кахаеш...

Юля. Кахаю.

Лена. Чаму ж не пайшла?

Юля. А ты б пайшла за трыста долараў?

Лена. Ён табе яшчэ і трыста долараў даваў?!

Юля. Прапаноўваў. Ну скажы, ты б пайшла?

Лена. Калі б кахала, якія пытанні!

Юля. Ой, не выпендрывайся ты... Як гэта называецца, ты ведаеш...

Лена. Ведаю! Але я як медык, мілая, яшчэ нешта ведаю... Быў у маёй практыцы выпадак, калі праблемы такія ж, як і ў цябе, у адной дзяўчынкі адышлі самі па сабе, без медыкаментаў.

Юля. І што з ёй здарылася?

Лена. Што з усімі намі рана ці позна здараецца. Зацяжарыла...

Юля. І што?

Лена. Арганізм складаны камп’ютар... Нешта ў ім шчоўкнула — праз тры месяцы з уліку знялі. А ўжо рукой на яе ўсе махнулі...

Юля. Значыць, яна кахала і ён кахаў...

Лена. У гэтыя дэталі я не ўнікала.

Юля. Іначай нічога б не адбылося...

Лена. Можа. Не затрымлівайся.

Юля. Добра... (Выходзіць.)

 

З’яўляецца Кім.

Кім. Яна зноў пайшла?

Лена. Вітацца трэба.

Кім. Хэлло!

Лена. Чао, бамбіна!

Кім. Па-французску трэба казаць «гутэн таг». Чаму ты яе зноў адпусціла швэндацца па начным горадзе?

Лена. А ты раўнуеш?

Кім. Яна мая сястра, і я за яе непакоюся. Рэўнасць жа, як вам, мабыць, вядома з сусветнай літаратуры, бывае толькі да маці... Вы Сафокла чыталі?

Лена. Слаўны з цябе мужчына атрымаецца, Кім...

Кім. Не падлізвайцеся...

Лена. Не, сур’ёзна. Быў бы ты гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б выйшла за цябе замуж.

Кім. Быў бы я гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б з’еў каля загсу свой пашпарт, а з табой не ажаніўся...

Лена. Паччаму?

Кім. Ты спазнялася калі-небудзь на цягнік?

Лена. На цягнік не... Затое я заўсёды спазняюся на спатканні.

Кім. Вы гэта робіце знарок, міс! І на спатканні вы не спазняецеся, я ведаю... Вы прыходзіце іншым разам раней за вашага амаранта і з-за вугла назіраеце, калі з явіцца ён, а потым цярпліва вытрымліваеце пяць-сем хвілін і...

Лена. Нахабнік!

Кім. ...і з лёгкадумным выглядам заяўляецеся. Ах, я зноў спазнілася!

Лена. Усё, надакучыў!

Кім. Вы гублялі калі-небудзь грошы?

Лена. Усё!

Кім. Ці праспалі вы хоць раз на экзамен?

Лена. Усё я сказала!

Кім. Вы плакалі хоць раз без прычыны, а проста ад замілавання?

Лена. Ты мяне давядзеш!

Кім. Узяць з вамі шлюб — тое ж самае, што пасадзіць сябе на жорсткую дыету на ўсё жыццё... Я жартую. Куды яна пайшла?

Лена. Куды і заўсёды.

Кім. І зноў без кофты... Толькі прастуды мне яшчэ не хапала... Я пайшоў.

Лена. Ты, можа, прабачэння папросіш?

Кім. Міс, даруйце мне і ў маёй асобе ўсім мужчынам, што крыўдзілі вас, крыўдзяць цяпер і будуць крыўдзіць ( выходзіць ).

Лена (глядзіць на сябе ў люстэрка). Ну, нягоднік малы! Трэба ж наплесці такога...

 

З’яўляецца Каралёў.

Каралёў. Добры вечар... я...

Лена. Добры. Вы да каго?

Каралёў. Не ведаю. Мабыць, да цябе.

Лена. Тады чым магу?

Каралёў. Ты даўно тут працуеш? Нічога, што я на ты?

Лена. Карона не зваліцца. Даўно працую.

Каралёў. Ты не можаш мне сказаць, хто тут дзяжурыў дваццатага.

Лена. А вы хто?

Каралёў. Ты не бойся, усё нармальна...

Лена. А я і не баюся...

Каралёў. Разумееш, дваццатага са мной непрыемнасць адна здарылася. У нейкай бальніцы мне дапамаглі. Выскачыў, схапіў таксі і... нават дзякуй не сказаў.

Лена. Падумаеш! У нас такая прафесія: ні грошай, ні дзякуй.

Каралёў. Разумееш, мне здорава дапамаглі... Я ў гарачцы быў... не памятаю, як дадому дабраўся... І не памятаю, у якой бальніцы быў...

Лена. Крутая гарачка была.

Каралёў. Ты нават не ўяўляеш.

Лена. Якога вы казалі?

Каралёў. Дваццатага.

Лена. А ў які час?

Каралёў. Вечарам.

Лена. Да дзесяці? Пасля?

Каралёў. Пасля.

Лена (глядзіць у графік). Я дзяжурыла 20-га. З 21-й да сямі раніцы.

Каралёў. Не-е, там медсястра прыгожай была...

Лена. Дзякую за камплімент.

Каралёў. Не-не-не! Я не тое хацеў сказаць! У сэнсе прыгожая, што падобная...

Лена. На каго? На Сафі Ларэн ці Пугачову?

Каралёў. На маці маю падобная! На маці! Ты таксама нішто сабе, але ты на яе не падобная...

Лена. Ты таксама да майго бацькі не дацягваеш...

Каралёў. Хіба я супраць?

Лена. Значыць, так... Дваццатага вечарам дзяжурыла я. Нічыіх гарачак тут не было. Усё?

Каралёў. Не ўсё. Па-першае, не крыўдуй. Калі я цябе пакрыўдзіў, прашу прабачэння.

Лена. За вас ужо папрасілі прабачэння.

Каралёў. Хто?

Лена. Тут адзін акселерат швэндаецца... Што па-другое ў вас?

Каралёў. А па-другое, хачу аказаць вашай клініцы дабрачынную дапамогу... (кладзе на столік канверт).

Лена. А па-трэцяе, ніякіх медыкаментаў, ні за якія грошы я вам даставаць не буду... Так што забярыце свой дабрачынны канверт і каціцеся к чортавай матары...

Каралёў. Ды якія к чорту медыкаменты! Калі мне спатрэбяцца наркотыкі, я іх воз дастану... І цябе магу пачаставаць...

Лена. Значыць проста так ахвяруеце...

Каралёў. Не, не зусім.

Лена. Забярыце канверт.

Каралёў. Спакойна! Ты будзеш чыстая, як херувім. (Дастае з кішэні насоўку.) Вось бачыш насоўку... На ёй кроў. Не баішся крыві?

Лена. Я медсястра і не баюся нават голых мужчын...

Каралёў. Гэта калі яны хворыя... Цяпер вось гэтая бутэлечка... Тут таксама кроў. Мне трэба ведаць: ці ёсць паміж імі розніца.

Лена. І ўсё?

Каралёў. І ўсё. Гэта (паказвае на канверт) раздасі лабаранткам за паслугі. А хочаш, купі для іх новы мікраскоп.

Лена. Там хопіць на мікраскоп?

Каралёў. Хопіць. Ну? І ў чым тут крымінал? Запэўніваю, што ўласнікі гэтых крывей жывыя і здаровыя.

Лена. Навошта гэта вам?

Каралёў. Я пісьменнік. Пішу дэтэктывы. Распрацоўваю адзін сюжэт. Хачу, каб усё ў ім было праўдападобным.

Лена. Ну добра, зайдзіце дні праз тры, ці лепш пакіньце тэлефон, я вам пазваню...

Зумер.

Даруйце, мне ў палату трэба... (Выходзіць.)

Каралёў накіроўваецца да выхаду і сутыкаецца з Юляй.

Юля. На вуліцы надзвычай холадна...

Каралёў. Так...

Юля. Затое на небе зорак багата...

Каралёў. Так...

Юля. І ўсе буйныя-буйныя... І мігцяць.

Каралёў. Так...

Юля. І яшчэ. Адзін мой выпадковы знаёмы ў бары, калі я сказала яму, што кахаю цябе дванаццаць гадоў... Прасіў перадаць табе, што ты ўрод... і

Каралёў. Я з ім згодны. (Абдымае яе.) Я сапраўды ўрод...

 

Дом Каралёва. Ноч. Ціхая музыка. Юля і Каралёў у павольным танцы.

Юля. Дзякую табе...

Каралёў. За што?

Юля. За тое, што я кахаю цябе...

Каралёў. Даруй, я не ведаю, што ў такіх выпадках гаварыць трэба...

Юля. І не гавары нічога...

Каралёў. Хочаш шампанскага?

Юля. Баюся.

Каралёў. Чаго?

Юля. У мяне і так усё кружыцца. Я абамлею...

Каралёў. Ну і на здароўе... У мяне нашатырны спірт ёсць...

Юля. Давай.

Каралёў. Нашатырны спірт?

Юля. Шампанскае.

Каралёў. Зараз...

Юля. Можна я прылягу?

Каралёў. Канечне, канечне... Што ж ты слабенькая такая? Можа есці хочаш?

Юля. Не, дзякуй... (Прылягла на край ложка.) Ой, сапраўды зоркі! А адна рухаецца нават...

Каралёў. Гэта самалёт...

Юля. А чаму не чутно?

Каралёў. Высока...

Юля. А можа спадарожнік?

Каралёў. Можа... Лёд пакласці?

Юля. Як хочаш... Якая я шчаслівая... Палову свайго жыцця не жыла, а ляцела... Што б ні здарылася, што б ні накаціла... варта было толькі ўспомніць пра цябе — усё! Усе праблемы радасцю рабіліся... (Смяецца.) Калі ў час путчу цябе арыштавалі, я хацела на плошчы абліць сябе бензінам і падпаліць.

Каралёў. Прыпадачная!

Юля. Калі ты недзе заявіў, што не прызнаеш Бога, цэлы дзень стаяла ў царкве на каленях і маліла, каб Ён дараваў табе... А калі цябе паклалі на аперацыю — ледзь з глузду не з’ехала...

Каралёў. Юля, мілая, у мяне ніколі нічога падобнага не было... Пашкадуй... Памаўчы... Мая псіхіка не вытрымлівае. Я заплакаць магу...

Юля. Такой бяды...

Каралёў. Колькі памятаю сябе — я быў адзін... У мяне адсутнічае, паталагічна адсутнічае пачуццё натоўпу... Мне ў ім млосна. Натоўп — гэта жывы і да нейкай ступені разумны арганізм... Ён адчувае гэта і ненавідзіць мяне. Я заўсёды хацеў любіць, а ад мяне шарахаліся, як ад заразнага... А калі спрабавалі любіць мяне, дык абавязкова за нешта. Тады я шарахаўся, бо адразу ж адчуваў гэта... Я праклінаў сябе за гэта, я люта зайздросціў тым, хто бачыць тое, што хоча бачыць, і не заўважае таго, чаго не трэба...

Юля. Мы шампанскае піць будзем?

Каралёў. А-а, даруй... Табе не цікава?

Юля. Я цябе кахаю, дурненькі...

Каралёў. За цябе...

Юля. А я за цябе...

Каралёў. У гэтым доме столькі перабывала людзей, а, здаецца, не было ніводнага чалавека і ніводнай жанчыны...

Юля. Ты проста з маленства заўсёды абараняўся. Гэта ўжо ўвайшло не толькі ў звычку, а і ў характар. На цябе ніхто і не думае нападаць, а ты ўсё адно абараняешся... Як ты яшчэ толькі трымаешся? Ты ўжо павінны быў усё сваё здароўе на гэта пакласці...

Каралёў. Нічога. Мяне не так проста скруціць.

Юля. Ну во! Зноў іголкі выпусціў... Ну, а цяпер на каго, вожык?

Каралёў. Даруй...

Юля. Запрасі мяне яшчэ танцаваць.

Каралёў. Ты так любіш танцаваць?

Юля. Абалдзенна!

Каралёў. А я ненавіджу...

Юля. Ну намагніся ўжо.

Каралёў (уключае музыку, галантна падыходзіць ). Мадам! Белы танец!

Юля. Па-першае, мадэмуазель, а па-другое — на белы танец жанчыны запрашаюць.

Каралёў. Ну ўсё адно, прашу вас...

Танцуюць. Б’е гадзіннік.

Юля. Колькі?

Каралёў. Тры гадзіны...

Юля. Позна. Час ехаць.

Каралёў. Можа застанешся? Заставайся...

Юля. Не, давай не сёння. Не сёння. Добра?

Каралёў. Як хочаш... (Засмяяўся.) Жах! Ціхі жах!

Юля. Што?

Каралёў. Нічога. Я адвязу цябе.

Юля. Не трэба і праводзіць! Не трэба. Добра?

Каралёў. Каралёў.} Як скажаш... Жах!

Юля. Вызаві таксі...

Каралёў. Ды якое таксі?! (Бярэ тэлефон, націскае кнопку.) Серж? Ну што, пакрыўдзіўся? У нас проста няўдалы дзень з табой быў учора... Даруй. Значыць, сядзеш на «Аўдзі» і адвязеш маю госцю, куды скажа... Я сам сябе ахоўваць буду... Стоп, стоп! Будзеш везці яе, як мяне самога. Малайчына, здагадлівы... Яна ўжо спускаецца.

Юля. Бывай...

Каралёў. Я хоць да машыны праводжу!

Юля. Не трэба. Я знайду дарогу.

Каралёў. Тады спакойнай ночы...

Юля. Добрай раніцы! Пацалуй мяне.

Цалуюцца. Юля выходзіць.

Каралёў смяецца ). Жах! Жах!

Тэлефон. Каралёў націскае кнопку.

Голас. Камандзір, гэта боцман...

Каралёў. Ну?

Голас. Калі разбудзіў — даруйце, але вы загадалі гэту {вы загадалі гэту

}інфармацыю дакладваць у любы час.

Каралёў. Слухаю.

Голас. Халдзей вывез дачку за мяжу. Яна ў Кёльне.

Мне вылятаць?

Каралёў. Не трэба, адбой. Праблема здымаецца.

Голас. Зусім?

Каралёў. Зусім. Дзякую.

Голас. Зразумела. Ну, а...

Каралёў. Усё, што атрымаў, — ваша... Усё, што ведаеш, — забудзьце.

Голас. Ужо забыліся. Дзякую. Пазваніце — буду рады.

Каралёў. Будзь здароў!

Голас. Бывайце...

Каралёў выключае тэлефон, ходзіць па пакоі, падыходзіць да акна.

Каралёў. А дзень павялічыўся. Ледзь прыкметна, але святлее... І спаць не хочацца.

 

Дом Юлі і Кіма. Кім сядзіць каля акна. З’яўляецца Юля.

Кім. Мэм, прыстойныя жанчыны заяўляюцца дадому да апоўначы.

Юля. А ты не спіш?

Кім. У мяне заўтра... якое заўтра? Сёння! Кантрольная. Мне трэба падрыхтавацца, а вы мала таго што подла адсутнічаеце дома і прымушаеце мяне хвалявацца, дык яшчэ прыязджаеце пад раніцу і на «мерседэсе».

Юля. Гэта не «мерседэс»! Гэта «аўдзі», а ты... ты бурчыш, як свёкар! Дзеці спяць?

Кім. А што могуць рабіць дзеці а чацвёртай гадзіне ночы? Ой-ё-ёй! Ой-ё-ёй! Мы сэканомім на энергаталонах... Вы, мэм, ззяеце, як ёлачная цацка...

Юля. Кі-ім!

Кім. Што пачварная?

Юля. Калі б ты ведаў... Калі б ты ведаў...

Кім. Я нічога не хачу ведаць, я хачу спаць. Лена тэлефанавала.

Юля. Якая Лена?

Кім. З клінікі.

Юля. Чаго?

Кім. Непакоілася за вас, мэм, і пыталася, куды вы падзеліся...

Юля. І што ты сказаў?

Кім. Я сказаў, што вы дома, стаміліся і спіце разам з дзецьмі. Бачыце, як вы нізка палі... Мала таго, што загульваеце начамі, дык яшчэ вымушаеце непаўналетняга прыстойнага падлетка хлусіць дарослым.

Юля. Навошта ж ты хлусіў?

Кім. А што мне было рабіць? Сказаць, што і мне невядома, дзе вы падзеліся? Каб і яна хвалявалася ўсю ноч... А так я зло ў свеце паменшыў роўна ў два разы, і твая сяброўка спакойна спала на начным дзяжурстве. І я таксама іду спаць... чаго і вам жадаю.

Юля. Я толькі чаю пап’ю...

Кім. Вас там не напаілі нават чаем? Які жах! Я зараз прыгатую.

Юля. Я сама... Ідзі спі.

Кім. Калі вас яшчэ і голадам марылі — магу прапанаваць аўсяную кашу.

Юля. Разбяруся. Ідзі спаць...

Кім. Сонца ўзыходзіць. Дабранач, мэм!

Юля. Не здзекуйся. Ідзі.

Кім. Пайшоў. (Пайшоў.)

Юля. Кім!

Кім. Што?

Юля. Я цябе люблю...

Кім. Гэта ў вас ад бяссонніцы...

Юля. Ну хопіць ёрнічаць, я сур’ёзна!

Кім. У чатыры раніцы толькі пеўні сур’ёзна кукарэкаюць, сур’ёзныя ж размовы людзі вядуць пасля дзевяці... Гуд бай!

Юля. Чакай.

Кім. Ну што яшчэ?

Юля. Я хачу, каб ты ведаў, што б ні здарылася, што б ні адбылося, я заўсёды буду з табой, з Пінем і з Баранесай...

Кім. Не веру...

Юля. Чаму?

Кім. Вы парушылі іерархію, якую ж самі і ўстанавілі...

Юля. Ну добра! З Пінем, з Баранесай і з табой! Ты задаволены?

Кім. Я незадаволены, але скараюся жорсткаму лёсу.

Юля. Ты балаболка!

Кім (пазяхаючы). Я таксама хачу зрабіць сур ёзную заяву: калі вы будзеце замест лячэння прападаць у барах, ездзіць на «мерседэсах», то...

Юля. Клянуся, гэта ў першы і апошні раз! (Абдымае яго.)

Кім. Дадуць мне сёння паспаць ці не! Гэта абуральна! (Выходзіць. )

Юля (глядзіць у акно). Сон... Раніца... Ранішні... Сон...

 

Офіс Хадзеева. З’яўляецца Каралёў.

Хадзееў. Што табе трэба?

Каралёў. Прыстойныя людзі вітаюцца і прапаноўваюць сесці (паўза). Можна мне сесці?

Хадзееў. Сядай.

Каралёў. Я прыйшоў табе сказаць, што ты дарма адправіў сваю Зайку ў Кёльн.

Хадзееў. (падхапіўся). Адкуль ты ведаеш?

Каралёў. Не кіпяціся! Гэта яшчэ не ўсё. Ёй ужо нічога не пагражае. Ні ў Кёльне, ні тут. Я прыйшоў разлічыцца з табой (пачынае выкладаць з сакваяжа пачкі грошай), папрасіць прабачэння і сказаць, што я быў свіннёй...

Хадзееў. Чаму быў?

Каралёў (горача). Таму што я ўжо даўно не свіння!

Хадзееў. І як даўно?

Каралёў. Сем гадзін. З паловай.

Хадзееў. Ну-у, так доўга не жывуць...

Каралёў. І тым не менш... Але і ты фрукт... З-за гэтай муры (ківае на грошы) сябру, хоць і былому, кулю пад сэрца... Ну менш іх, больш — якая розніца...

Хадзееў. Дык а чаго ж ты тады...

Каралёў. Я ж сказаў табе, кім я быў! Свіннёй.

Хадзееў. Вось я і хацеў замачыць цябе. На сала.

Каралёў. Бяры свае грошы, людаед... І яшчэ раз даруй... За дачку. Я разумею, што ты перажыў.

Хадзееў нервова набірае нумар.

Голас. Слухаю.

Хадзееў. Як вы?

Голас. Усё ў парадку.

Хадзееў. Дзе яна?

Голас. На занятках.

Хадзееў. А ты?

Голас. Тут. Каля дзвярэй класа. Не хвалюйцеся, усё ў парадку.

Каралёў. Усё ў парадку. Не мучай дзіцёнка. Туды ніхто не паехаў ад мяне... А сёння ноччу я і тут усё зняў...

Хадзееў. Што адбылося?

Каралёў. Пагібель адбылася... Катастрофа... Душэўны «Тытанік», Хадзееў...

Хадзееў. Ты ж мяне заўсёды Халдзеем клікаў...

Каралёў. Табе і ў трэці раз сказаць, кім я быў?! Што ты прыніжаеш мяне!

Хадзееў. Хто цябе прыніжае...

Каралёў. Я папрасіў у цябе прабачэння, з дачкой тваёй усё нармальна... Я вярнуў твае грошы...

Хадзееў. А ты мне нічога не вінен...

Каралёў. Што значыць не вінен? Канчай заліваць.

Хадзееў. У мяне на залівоны няма часу. Ты мне нічога не вінен.

Каралёў. Ды ты што?! Я зранку вышкрабаў адусюль апошнія грошы, машыну загнаў за палову цаны, прадаў за бясцэнак два прадпрыемствы!

Хадзееў. Я за чужую шызафрэнію не адказваю...

Каралёў. Паслухай, Хадзееў...

Хадзееў. А вось цяпер я — Халдзей... А ты забірай свае бабкі і каціся...

Каралёў. Я не жабрак! Мне твае падачкі не трэба!

Хадзееў. Якія падачкі, Каралёў? Успомні, калі я каму падаваў хоць адзін рубель... Тыдзень таму ты мне прадаў вось гэта (паказвае прастрэленую кніжачку), я купіў і ўсё. Мы квіты.

Каралёў. Я яе пакідаў у залог!

Хадзееў. У мяне не ламбард! І я не ліхвяр! Будзь здароў...

Каралёў (спрабуе вырваць з рук Хадзеева кніжачку ). Дай сюды!

Хадзееў. Я зараз паклічу ахову і цябе вышпурнуць адсюль к чортавай матары!

Каралёў. Дай сюды і забяры свае ванючыя грошы!

Хадзееў. Гэта не мае грошы.

Каралёў. На ёй мая кроў!

Хадзееў. Ты прадаў яе... Гэта мая ўласнасць.

Каралёў. Я не мог яе прадаць! Гэта падарунак. Дай сюды!

Хадзееў. Ды пайшоў ты!!! (Змагаюцца за кніжачку. Падаюць.)

 

Дом Каралёва. Уваходзіць злы, ускудлачаны і памяты Каралёў.

Яго, пэўна, сапраўды «вышпурнулі».

Каралёў. (выкідваючы з усіх кішэняў грошы ). Урроды! Пазабіваў бы ўсіх...

З’яўляецца Лена.

Лена. Можна, Ігар Міхайлавіч?

Каралёў. Можна. А ты хто?

Лена. Лена з клінікі...

Каралёў. З якой клінікі? Якая Лена?

Лена. Вы прасілі мяне зрабіць аналізы...

Каралёў. А-а-а... Ну й што?

Лена. Вы, мабыць, памыліліся. Справа ў тым, што і ў бутэлечцы і на насоўцы адна і тая ж кроў...

Каралёў. Гэтага не можа быць!!! Вашы лабаранткі пераблыталі нешта!

Лена. Наша лабараторыя рабіла аналіз толькі з прабіркі. У нас такой апаратуры няма, каб здымаць з тканіны. А з насоўкі рабіў мой знаёмы... Ён судмедэкспертам працуе... У міліцыі...

Каралёў. І што?

Лена. Усё аднолькава... Надзвычай рэдкая група. Перадайце вашаму знаёмаму, каб ён здаў у сваёй паліклініцы кроў...

Каралёў. Каму?

Лена. Сабе самому. Не давядзі Бог што-небудзь здарыцца і спатрэбіцца пераліванне — будуць праблемы... Надзвычай рэдкае спалучэнне...

Каралёў. Ды на насоўцы зусім іншая кроў!!! Ты разумееш?

Лена. Вось вынікі аналізу з нашай лабараторыі, а гэта рабіў мой сябар... З насоўкі, якую вы прынеслі... Нават лейкацыты аднолькавыя...

Каралёў. Дурдом...

Лена. Сяброўкі з лабараторыі дзякуюць за мікраскоп...

Каралёў. А міліцыянер?

Лена. Міліцыянеру за мікраскоп падзякую я...

Каралёў. Выпіць хочаш?

Лена. Не-е, мне яшчэ сёння цалавацца.

Каралёў. Ну, ідзі...

Лена. Дзякуй вы ўжо сказалі?

Каралёў. У старажытнасці ганцоў за такія навіны не дзякавалі... Ім галовы адсякалі.

Лена. Ну падумаеш, рэдкая група... Было б ад чаго расстройвацца...

Каралёў. Усё. Дзякуй. Ідзі.

Лена. Бывайце... (Выходзіць.)

Каралёў (сам сабе). Пашлякі маюць рацыю: сваякоў у нас намнога больш, чым мы думаем... «А поворотись-ка, сын! Экой ты смешной какой!» (Націскае кнопку.) Серж! Ты памятаеш, хлапчук да мяне прыходзіў? Ты яшчэ яму нос разбіў і на машыне ў горад адправіў.

Голас. Памятаю...

Каралёў. Чаго ты хмыкаеш? Падымі на ногі ўсіх, каго можна, і знайдзі яго. Клічуць — Кім. Сірата. Жыве ў нейкім сямейным доме. Язык падвешаны добра... Гадоў дванаццаць-трынаццаць. Апрануты... Чаго ты рагочаш?

Голас. Шэф, вы будзеце смяяцца, але ён сядзіць у мяне.

Каралёў. Затрымай яго!

Голас. Навошта яго затрымліваць? Ён да вас і прыйшоў...

Каралёў. Хай заходзіць...

Нервова прыбірае на стале пачкі з грашыма.

Дурдом... Дурдом...

Уваходзіць Кім.

Кім. Добры дзень...

Каралёў. Салют, салют... Што ж гэта такое, га? Кім-блінклінтан! Я для яго за вадой пабег, як афіцыянт таннага кафэ, а ён змыўся. Чаго ты збег?

Кім. Мне стала сорамна.

Каралёў. Што такое?

Кім. Даруйце.

Каралёў. За што?

Кім. Я падманваў вас...

Каралёў. Бывае...

Кім. І мне надзвычай пагана ад гэтага...

Каралёў. У жыцці, Кім, з малога трэба пачынаць, а ты адразу пяцьдзясят тысяч долараў.

Кім. Пра што гэта вы?

Каралёў. Я так разумею, што хворай сястры ў цябе няма, як няма і Моні з Графіняй.

Кім. Моні з Графіняй няма.

Каралёў. Ну во!

Кім. Піня з Баранесай ёсць. І сястра ў мяне сур’ёзна хворая... І на лячэнне за мяжой ёй патрэбна гэтая сума.

Каралёў. Дык у чым жа тады твой падман?

Кім. Я не ваш сын...

Каралёў. Чый жа ты, хлопчык?

Кім. Адкуль мне ведаць. У мяне ваша гісторыя... Толькі не з вакзалам звязаная, а... Ды якая розніца... Калі жыў у дзетдоме, вы ж ведаеце, кожны выдумляе сабе бацькоў... У кожнага або лётчык, або геолаг, або вадалаз...

Каралёў. Мой шпіёніў для роднай дзяржавы ў Лаосе... Аднойчы адзін паскуднік падлавіў: «Як за ён там моза спіёніць, калі там усе маленькія і з вузкімі вацыма. Там за ўсе кітайцы».

Кім. А сапраўды?

Каралёў. Што сапраўды? Што сапраўды... Гісторыю трэба ведаць, троечнік! Там тады былі амерыканцы і ён шпіёніў сярод амерыканцаў.

Кім. А-а-а...

Каралёў. Бэ-э-э...

Кім. Я пра бацьку нічога не выдумляў, няма і няма... А вось маці ў мяне была... Альпіністка... З прыгожым імем Эльвіра... І я быў зусім маленькі, калі яна загінула пры ўзыходжанні на Эльбрус...

Каралёў. Распранайся, зараз абедаць будзем.

Кім. Не, я спяшаюся.

Каралёў. Куды?

Кім. Піню з Баранесай трэба забраць з садзіка. Сёння скарочаны дзень.

Каралёў. Я пашлю машыну, іх забяруць.

Кім. Вы што, ні з кім яны нікуды не пойдуць. Бывайце. І. .. яшчэ раз даруйце...

Каралёў. Чакай. Яшчэ пару пытанняў назасыпку. Скажы (паказвае фотаздымак у рамачцы ), ты калі-небудзь бачыў гэты здымак?

Кім. Не. Адкуль жа?

Каралёў. На каго ты тады паказваў?

Кім. Вось. Другі рад. Пятая злева.

Каралёў. Чаму на яе? Менавіта на яе?

Кім. Ну-у... Можа таму, што ўсе глядзяць у аб’ектыў, а яна на вас... І позірк такі... Мне здаецца, яна вас кахала...

Каралёў. (нервова ). Яе завуць Эльвіра!!!

Кім. Абалдзець можна...

Каралёў. Не спяшайся! Гэта мелката! Далей не абалдзець, далей па ўсіх законах трэба чокнуцца.

Кім. Ну?

Каралёў. Яна сапраўды займалася альпінізмам! І іх групу накрыла лавінай пры ўзыходжанні на Эверэст...

Кім (разгублена). На Эльбрус...

Каралёў. Не, на Эверэст! Усе загінулі. Нікога не знайшлі... І гэта яшчэ не ўсё! Яна нарадзіла дзіця трынаццаць год таму, але малое памерла праз некалькі месяцаў!

Кім. Адкуль вы ўсё гэта ведаеце?

Каралёў. Пасля твайго першага візіту я хоць і быў на сто працэнтаў упэўнены, што ты вешаеш мне на вушы лапшу, усё ж такі вырашыў даведацца, што за краля стаіць у другім радзе пятая злева... Сябры мне гэту інфармацыю і выдалі!

Кім. А... адкуль яна? З якога горада?

Каралёў. Расанск... Ну? Чаго ты вачыма лыпаеш?

Кім. Першыя гады... я жыў у Расанскім Доме дзіцяці... Містыка...

Каралёў. Гэта не містыка!

Кім. А што?

Каралёў. Чартаўшчына! І гэта яшчэ не ўсё! Ты не ведаеш таго, што я не хачу, каб ты ведаў...

Кім. Даруйце... Я пайду...

Каралёў. Ну, а цяпер як на духу: сястра сапраўды хворая?

Кім. Хворая.

Каралёў. Нешта прыдумаем... Гэта яна цябе прыслала?

Кім. Яна.

Каралёў. І як яе завуць?

Кім. Юля...

Каралёў. Юля?!

 

Клініка. Юля і Лена.

Лена. Слухай, мілая, ты паводзіш сябе, як сямікласніца!

Юля. Паклёп! Я паводжу сябе, як пяцікласніца!

Лена. Чым ты займалася?

Юля. У класікі гуляла з унучкай акуліста.

Лена. А на працэдуры я за цябе павінна хадзіць?

Юля (абдымае сяброўку ). Ленка-а-а...

Лена. Што Ленка?

Юля. Не бубні...

Лена. Я не бубню!

Юля. А што ты робіш?

Лена. Зайздрошчу. Хто выйграў?

Юля. Я.

Лена. Дзіцёнка пакрыўдзіла. Марш у сёмы кабінет! Бегаць за табой яшчэ трэба! Хуценька! Апаратура перагрэлася!

Юля. Бягу, бягу!

Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.

Лена. Ігар Міхайлавіч! Якім ветрам?

Каралёў. У вашай клініцы гэтага... аддзялення няма?

Лена. Якога аддзялення?

Каралёў. Ну гэтага... дзе прыдуркаў лечаць.

Лена. Не-е, гэта ж за горадам... У нас толькі неўралогія. А што вы захварэлі?

Каралёў. Я нарадзіўся хворым.

Лена. Тады ўсё о’кэй. Вы ведаеце, калі чалавек пачынае выздараўліваць?

Каралёў. Ну?

Лена. З таго самага моманту, калі скажа сам сабе, што ён хворы.

Каралёў. А калі чалавек разумнець пачынае па тваёй логіцы? З таго самага моманту, калі прызнае сам сябе крэцінам?

Лена (смяецца). Мабыць, так.

Каралёў (смяецца ). Якрэцін.

Лена. З выздараўленнем вас, Ігар Міхайлавіч!

Каралёў. Называй мяне проста Кім...

Лена. Чаму Кім?

Каралёў. Ведаеш, што такое абрэвіятура?

Лена. Не.

Каралёў. Двоечніца. Загалоўныя літары, якімі нешта ці нехта называецца. СССР, КПСС, НКВД, ОПРЭСЭТЭ ЁКАЛЭМЭНЭ...

Лена. А гэта што такое?

Каралёў. Не ведаю. І ведаеш, усё, што называецца абрэвіятурай, надзвычай нетрывалае. Усё распадаецца... І я распадаюся...

Лена. А чаму вы Кім?

Каралёў. Маё прозвішча Каралёў, завуць Ігар Міхайлавіч.

Лена. А-а-а...

Каралёў. Што тут смешнага?

Лена. У мяне ёсць знаёмы Кім.

Каралёў. Гэта міліцыянер твой?

Лена. Не-е, у яго іншая абрэвіятура (і раптам пачынае істэрычна рагатаць). Ой, не магу!

Каралёў. Чаго гэта цябе разабрала?

Лена (рагоча). Не магу...

Каралёў (пахмурна). Хопіць рагатаць!

Лена. Чаго гэта вы?

Каралёў. Не магу без злосці глядзець на тых, хто {хто

}смяецца!

Лена. Я вас слухаю. Зноў аналіз крыві трэба зрабіць?

Каралёў. Я і без аналізу ведаю: кроў мая сапсаваная ўшчэнт...

Лена. Што за песімізм!

Каралёў. Значыць так: у вобмарак не падаць і ніякіх пытанняў не задаваць. О’кэй?

Лена. Ес, сэр!

Каралёў дастае з кішэні пачкі грошай... Адну, другую, трэцюю... Пяць.

Каралёў. Пяцьдзясят тысяч. Тут у вас лечыцца...

Лена. Божа...

Каралёў. Ты абяцала ў вобмарак не падаць!

Лена (заплакала). Ігар Міхайлавіч, мілы... Вы ведаеце...

Каралёў. Ведаю! Вось перадай ёй запіску... Толькі сама не чытай...

Лена. Ды за каго вы мяне...

Каралёў. Усё! Ніякіх пытанняў. Ты абяцала.

Лена. Можна я вас пацалую?

Каралёў. Не хачу.

Лена. Чаму?

Каралёў. Ты з міліцыянерамі цалуешся.

Выходзіць.

Лена (перакладае пачкі, потым закрывае іх газетай і шэпча, прыціскаючы запіску да грудзей). Госпадзі, Святы Божа! У першы раз звяртаюся да цябе... Дзякуй Табе, дзякуй Табе... дзякуй.

З’яўляецца Кім.

Кім. Ба-а! Грэшніца ўзносіць малітвы... Чароўная Алена, праз якую грэкі разбабахалі Трою, зрабілася Марыяй Магдалінай!

Лена (кідаецца да хлопчыка і пачынае яго цалаваць). Кім! Кім! Кім!

Кім (вырываецца). Вашы «деяния», сястра, падпадаюць пад крымінальны кодэкс! Гвалтоўная спроба, спакушэнне непаўналетняга. Стацця саракавая, пункт трэці, абзац другі. Ад двух да сямі з канфіскацыяй маёмасці.

Лена. А маёмасць за што?

Кім. Каб не было дзе спакушаць іншых. Што гэта з вамі? Міліцыянеру генерала далі?

Лена. Не-е, на канфіскацыю маёмасці за такое брыдкае качаня, як ты, я не згодная.

Кім. А што ў вас можна канфіскаваць? Уся маёмасць адзін халат.

Лена (гулліва ). Ты ўпэўнены?

Кім. Ды й халат казённы...

Лена. Значыць так: у вобмарак не падаць і з глузду не з’язджаць. Дамовіліся?

Кім. Зараз ты скажаш, што ў цябе закахаўся прынц Самшытавых астравоў...

Лена. Але-е оп! (Рэзка адхінае газету. ) Толькі спакойна.

Кім (глядзіць на грошы і пасля паўзы). Міліцыя нуль адзін ці нуль тры?

Лена. Нуль два.

Кім. Званю. Я тваім падзельнікам быць не збіраюся... Тут не ад двух да сямі... Гэта пажыццёвая катарга...

Лена. Грошы, Кім, абсалютна чыстыя. Іх перадалі на яе лячэнне. Прынёс адзін чалавек.

Кім. А ты не здагадалася папытацца ў яго даведкі?

Лена. Якой даведкі?

Кім. З псіхбальніцы.

Лена. А ў цябе хіба пыталіся даведку, калі ты хадзіў па багатых дамах і выдаваў сябе за сына, выпрошваючы грошы на яе лячэнне? Ды там і даведкі пытацца не трэба было, і так ясна, што... (Круціць каля скроні.)

Кім. Адкуль ты ведаеш?

Лена. Юля сказала... Толькі прасіла, каб я табе нічога не гаварыла... Я слова ёй дала.

Кім. Ты сваё слова стрымала.

Лена. Ладна, гэта я ад радасці... Можа менавіта ты і зрабіў гэта. Клянуся, я не верыла, што можна знайсці такія грошы. І Юля не верыла. Толькі ты верыў.

Кім. Ты пералічыла іх?

Лена. Што тут лічыць? У пачцы сто штук па сто. Дзесяць тысяч.

Кім. І колькі пачак?

Лена. Ты што да пяці лічыць не ўмееш?

Кім. Не трэба ёй пра гэта гаварыць.

Лена. Згодная.

Кім. Толькі на гэты раз дай слова і завяжы свой язык марскім вузлом.

Лена. Магіла, Кім...

Кім. Скажы яшчэ век свабоды не відаць... Што ў цябе за лексікон? Во што значыць з міліцыянерамі якшацца.

Лена. Заткніся, ты!!!

Кім. Ціха! Яна ідзе...

З’яўляецца Юля.

Юля. Хлопчыкі-дзевачкі, я як новенькая. Прывітанне, Кім! (Цалуе Кіма.) А што гэта з вамі?

Кім. А што?

Лена. Што?

Юля. Нейкія вы напружаныя...

Лена. Гэта табе здаецца.

Кім. Нічога не здаецца. Юля, я зрабіў Лене прапанову.

Юля. Якую?

Кім. Праз пятнаццаць гадоў выйсці за мяне замуж. Яна думае...

Лена. От, балда!

Юля. Няўжо не згодная?

Лена. Не!

Кім. Слава Богу! Ты ж праз пятнаццаць гадоў старая будзеш. Як гэта я пра гэта не падумаў.

Лена. Слухай, Юля, калі б я жыла, як ты, з такім балбесам пад адным дахам, клянуся, я б даўным даўно яго атруціла чым-небудзь...

Кім. І гэта кажа медык... Прадстаўнік самай гуманнай прафесіі. Бедныя хворыя!

Лена. Табе пошта. Танцуй.

Юля. Якая пошта?

Лена. Пісьмо.

Юля. Ад каго?

Лена. Спадзяюся, што ён падпісаўся.

Падае Юлі пісьмо. Юля расканвертоўвае і чытае. Выраз твару яе паступова мяняецца.

Юля (застагнала). Кі-і-ім...

І як падкошаная звалілася пад ногі да Кіма.

Лена і Кім (кідаюцца да яе). Юля!!! Юля!!!

 

Дом Каралёва. Каралёў п’яны сядзіць на падлозе сярод пустых бутэлек.

Каралёў (гучна дэкламуе). Я вас любил... В душе моей угасла не совсем... Но пусть она вас больше не тревожит... (Крычыць.) Я не хочу!!! Чаму не хачу? Хачу... (налівае, п'е).

Голас. Шэф, вы ў парадку?

Каралёў. У парадку.

Голас. Мне падалося, што вы крычалі.

Каралёў. Я займаюся мастацкай самадзейнасцю. Не перашкаджай.

Голас. Даруйце.

Каралёў. Стой! Серж, ты жанаты?

Голас. Не.

Каралёў. Пашчасціла табе. Калі б ты быў жанаты, я б цябе... звольніў зараз.

Голас. Сапраўды пашчасціла.

Каралёў. І ведай, як толькі жэнішся — ты без работы. Жанчыны нам напаскудзілі яшчэ ў біблейскія часы... Яблычка ёй захацелася, а цяпер мучайся!

Голас. Пра каго вы?

Каралёў. Пра Еву.

Голас. Гэта ваша знаёмая?

Каралёў. Знаёмая... І твая таксама.

Голас. У мяне Евы не было.

Каралёў. Ну і не трэба. Што гэта я хацеў табе сказаць. А! Калі я задумаю жаніцца, ты мяне павінен будзеш застрэліць. Усёк?

Голас. Як загадаеце, шэф... даруйце, да вас прыйшлі.

Каралёў. Хто?

Голас. Хадзееў...

Каралёў. Хай заходзіць.

Голас. У яго можа быць зброя.

Каралёў. Хоць атамная бомба. Прапусці. (Дэкламуе.) Но пусть она вас больше, не тревожит... Я! Не! Хо! Чу!

Уваходзіць Хадзееў. Аглядае пакой.

Хадзееў. Харо-о-ош!

Каралёў. Выпіць хочаш?

Хадзееў. Я за рулём.

Каралёў. З твайго дазволу!.. (П’е.)

Хадзееў. Слухай, Каралёў, ты псуеш маю рэпутацыю...

Каралёў. Што пс... псую?..

Хадзееў. Мой аўтарытэт.

Каралёў. А як гэта я яго... пс... ну, гэта...

Хадзееў. Ты Атаманава ведаеш? Учора ў клубе ён пытаецца ў мяне: «Што ж ты, Хадзееў, хоць і былога, але сябра і прыстойнага чалавека (гэта цябе!) давёў да адчаю?» Гэта я цябе давёў да адчаю! Дык вось, мне такія размовы не патрэбны.

Каралёў. Ну, блінклінтан! Ты ж хацеў мяне забіць, ледзь не забіў, а цяпер размоў баіцца...

Хадзееў. Мне такія размовы не патрэбны!

Каралёў. Ды што, я іх размаўляю?! Якое сёння чысло?

Хадзееў. Дваццаць першае.

Каралёў. А дзень?

Хадзееў. Хадзееў.} Аўторак. Месяц і год ведаеш?

Каралёў. Я два тыдні ні з кім не размаўляў! Я з дому не выходзіў! Я тэлефон разбіў! Якія і з кім размовы?

Хадзееў. Я яшчэ раз кажу: мне такія размовы не патрэбны! Чым я магу табе дапамагчы?

Каралёў. Аддай мне маю кніжачку.

Хадзееў. Гэта кніжачка не твая. Я яе купіў у цябе...

Каралёў. Тады прадай!

Хадзееў. Прадаваць яе я не хачу і не буду.

Каралёў. Добра. Тады зрабі для мяне адну важную паслугу.

Хадзееў. Якую?

Каралёў. Пайшоў вон!

Хадзееў. Значыць, сёння аўторак. Можаш яшчэ п’янстваваць да канца тыдня.

Каралёў. А ў мяне гарэлка скончылася.

Хадзееў. Забяспечу. (Націскае кнопку.) Серж, падыдзіце, калі ласка, да маёй машыны і вазьміце ў багажніку, ён адкрыты, скрынку «Абсалюта». Цытрон падыдзе?

Каралёў. Кла-ас!

Голас. Шэф, мне выконваць?

Каралёў. Ды ты ашалеў! Хто такое не выконвае?

Хадзееў. Значыць, у нядзелю ты павінен толькі лёгка пахмяліцца. Калі я застану цябе ў такім стане ў панядзелак, ты ў Навінках...

Каралёў. А што я там буду рабіць?

Хадзееў. Не ты будзеш рабіць, а з табой.

Каралёў. Што?

Хадзееў. Прыводзіць у чалавечае аблічча. Будзь здароў.

Каралёў (дэкламуе). Ну пусть она вас больше не!.. Тревожит!

Голас. Шэф, да вас жанчына.

Каралёў. Што ёй трэба?

Голас Лены. Мне трэба цябе!!!

Каралёў. Ну трэба дык трэба. Заходзь. (Спявае.) Я не хочу!.. Печалить вас ничем...

Уваходзіць Лена.

Каралёў. Чым магу?

Лена (кідае канверт). Вось. Забяры, што даваў мне на мікраскоп.

Каралёў. Калі гэта мы пілі з табой брудэршафт? Чаму гэта ты на ты?

Лена. Я са жлаб’ём размаўляю толькі на ты!

Каралёў. Я і пакрыўдзіцца магу...

Лена. Оё-ёй! Як я перажыву? Ён пакрыўдзіцца! Пляваць я на цябе хацела, Каралёў! Калі ты хоць пальцам мяне зачэпіш, сюды заявіцца мой Гэ-А-Дэ са ўзводам амонаўцаў і скруціць і цябе, і тваіх бандзюг у барані рог!

Каралёў. Ну, са ўзводам канечне. Гэ-А-Дэ — гэта ГАД.

Лена. Трымай жлоб! (Выкідвае з сумачкі пачак за пачкам.) Ёй ужо нічога ў гэтым мярзотным свеце не патрэбна і нічога не дапаможа. Тым больш ад цябе! Абрэвіятуру сваю не выкарыстоўвай. Які ты Кім? Вазьмі сабе лепш Гэ-А-Дэ... А лепш пакінь адно Гэ. З цябе хопіць... Пералічы свае грошы, а то яшчэ потым скажаш, што ў цябе купюру сцягнулі... Яна кахае цябе! Кахае большую частку свайго жыцця! Госпадзі! Было б каго! Хворая на галаву! А ты мог падумаць, што яна спецыяльна хадзіла за табой па барах, каб спакусіць і хапануць з цябе грошы на лячэнне. Што яна спецыяльна падаслала да цябе Кіма!

Каралёў. Ён мне так сказаў.

Лена. Ідыёт! Ён збіраў для яе грошы, а калі яна даведалася, то прымусіла яго ва ўсіх, каго ён спрабаваў падмануць, ва ўсіх папрасіць прабачэння... Яна паслала яго прасіць прабачэння! Паслала прасіць прабачэння!!!

Каралёў. Кім — мой сын...

Лена. Такія, як ты, не могуць і не павінны размнажацца. Ты яго больш ніколі не ўбачыш... Ён яе на цябе не прамяняе, нават калі ты яму Эйфелеву вежу купіш! Яна сабрала каля сябе гэтых няшчасных дзетак, яны жывуць з апошняга, калі вы абжыраецеся. Але яны шчаслівыя... шчаслівыя! А тваё шчасце толькі, каб напіцца і пажэрці! Пажэрці і напіцца. Яна зубамі выцягнула з тваіх грудзей атручаную кулю...

Каралёў. Гэта была яна?!

Лена. Яна! Дура! Трэба было ўзяць малаток і закалаціць яе далей... У самае тваё сабачае сэрца! Ты грошы свае паганыя пералічваць будзеш?

Каралёў. Ну буду. Чаму яна сама мне пра ўсё не расказала?

Лена. Што яна табе магла расказаць? (Блазнуе.) «Мілы! Каханы мой адзіны! Ты разумееш, я з клінікі, у мяне дрэнная кроў, рэгулярна калоцца трэба, бываюць прыпадкі, я ў любы момант затрэсціся магу. А цяпер пацалуй мяне і дай баксаў на лячэнне...» Гэта яна павінна была табе сказаць?! Жлоб... (Выходзіць.)

 

Каралёў нейкі час сядзіць нерухома. Потым націскае кнопку.

Голас. Слухаю, шэф...

Каралёў. Набяры нуль дзевяць...

Голас. Зараз.

Чуваць доўгія гудкі, потым адказвае жаночы голас.

Жаночы голас. Сорак сёмая.

Каралёў. Справачная?

Жаночы голас. Справачная.

Каралёў. Скажыце, калі ласка, чаго гэта мне апошнім часам гэтак не шанцуе?

Дом Юлі і Кіма. Юля ў ложку. Кім стаіць перад акном. Лена рыхтуе ін’екцыю.

Кім. Дзень павялічыўся на тры гадзіны дваццаць мінут.

Юля. І да Новага года засталося дзесяць месяцаў і адзін дзень...

Лена. Давай руку (робіць укол).

Юля. Дзе дзеці?

Кім. На вуліцы гуляюць.

Лена. Я пайду. Мне яшчэ па трох адрасах трэба быць.

Юля. Зайдзі пасля дзяжурства. Кім нешта смачнае гатуе.

Лена. Зайду. Кім, прасачы, каб гэта было выпіта да вечара.

Кім. Будзе выпіта.

Лена. Чао!

Лена накіроўваецца да выхаду і сутыкаецца з Каралёвым.

Лена (да Кіма.) Чаму ты ніколі не зачыняеш дзверы?

Кім. А хто апошнім заходзіў, я ці ты?

Лена. Я. Чаму ты за мной не зачыніў?

Каралёў. Юля, мне трэба з табой пагаварыць...

Юля. Выйдзіце...

Лена (да Каралёва). Ты чуў? Вый-дзі-це! Гэта яна цябе на вы называе... Выйдзіце!

Юля. Лена...

Лена. Што Лена? Што Лена? (Каралёву.) Тры хвіліны. Роўна тры хвіліны... Пайшлі на кухню, Кім.

Выходзяць. Каралёў павольна падыходзіць да Юлі.

Юля. Не плач...

Каралёў. Я не плачу...

Юля. Плачаш...

Каралёў раптам грымнуўся на калені перад ложкам і зарыдаў.

Ціха-ціха-ціха-ціха... Супакойся. Гэта не праз цябе, я б усё адно...

Каралёў (плача). Я не ведаю, я не ведаю, што на мяне найшло, што накаціла... Зацьменне нейкае, гіпноз... Я ж глядзеў у твае вочы... Скаціна... Я нават прабачэння не буду прасіць, бо не хачу, каб ты мне даравала... Не хачу...

Юля. Я не пакрыўдзілася... Я проста страшна спалохалася, што больш ніколі цябе не пабачу... А астатняе... Усё, што ёсць, тое і было. Ніякія грошы не дапамогуць.

Каралёў. Выходзь за мяне замуж...

Юля. Дурненькі... Мне засталося ад сілы паўтара месяца. ..

Каралёў. Вось і добра! Усё жыццё марыў стаць удаўцом... Хаця чорта лысага! Я цябе адаб’ю, выцарапаю, вырву з лапаў і Люцыфера, і Вельзевула і Лопэ дэ Вегі...

Юля. Ну, а яго ў гэтую кампанію за што?

Каралёў. І калі табе наканавана памерці — пры родах памрэш... Калі будзеш раджаць дзявятага дзіцёнка...

Юля. Я не супраць...

Каралёў. Тады паехалі...

Юля. Куды?

Каралёў. У манастыр! Да святых сясцёр... Я ім некалі машыну цэглы прывёз, яны мне кніжачку падаравалі... Кніжачка маё сэрца ўратавала... Калі ўжо такога, як я, нечыя малітвы ўратавалі, што пра цябе казаць. Паехалі! Я стану на калені, і яны павянчаюць нас.

Юля. Ты з глузду з’ехаў.

Каралёў. У нас мала часу... У нас зусім яго няма... Я цябе люблю... Я кахаю цябе!

Юля. Кі-ім...

Каралёў ахінае яе коўдрай, бярэ на рукі і выносіць з пакоя.

 

Праз нейкі час. Аэрапорт. Юля, Каралёў і Лена каля барнай стойкі п’юць каву.

Каралёў. Вось, каб не забыць... Вазьмі размоўнік. Тут па ўсіх тэмах асноўныя фразы і ў нашай транскрыпцыі... Я, калі ездзіў, карыстаўся.

Лена. Юля, табе адну адзіную фразу трэба запомніць: іх лібэ діх! Іх лібэ діх... Паўтарай яе ўсім без выключэння мужчынам, потым з тых, хто клюне, выберы якога-небудзь фрыца і настаў яму (паказвае на Каралёва) вось такія рогі...

Каралёў. Слухай, я цябе ведаю ўсяго пару месяцаў, а ты мне надакучыла так, быццам гадоў трыццаць была маёй цешчай.

Лена. Гэта не ўсё-ё... Я яшчэ гадоў пяцьдзясят кумой тваёй буду.

Каралёў. Якой кумой?

Лена. Ну, а хто ж тваіх дзяцей хрысціць будзе?

Каралёў. Не-е! Хто заўгодна, толькі не ты!

Юля. Лена! Ігар! Ну, Божа мой! Я ад вас стамілася. Колькі можна? (Паўза. ) Кім не прыедзе?

Каралёў. З дзецьмі застаўся... Заявіў, што доўгія провады — лішнія слёзы...

Лена. Перажывае момант адчурання.

Юля. Які момант?

Лена. Ты ж для яго была і сястрой і маці, а цяпер вунь каго песціш.

Каралёў. Зноў?

Лена. Камплексуе падлетак...

Паўза. Юля застагнала.

Каралёў. Што такое?

Юля. Мне дрэнна...

Заціскаючы рукой рот, выбягае.

Каралёў. Юля!!! (Да Лены.) Чаго ты сядзіш?!

Лена. А што мне рабіць?

Каралёў. Ёй дрэнна!

Лена. Ну й што?

Каралёў. Як што? Ёй жа моташна стала!

Ленае (абыякава ). На здароўе...

Каралёў. Ты... Памажы ёй!

Лена. Чыя гэта жонка? Мая ці твая? Сам дапамагай...

Каралёў. Чым я ёй дапамагу?!

Лена. Агуркоў салёных купі на дарогу!

Каралёў ( пасля паўзы ). Што... Што...

Лена. Сто! Я ж казала, што ты жлоб...

Каралёў (насоўваецца на яе і шэпча радасна). Лена... Лена-а-а...

Лена. Што такое? Не чапай мяне! Пусці! Пусці табе сказана!

Каралёў (абдымае яе ). Ленка!

З’яўляецца Хадзееў.

Хадзееў. Што тут адбываецца?

Лена. А вы не бачыце. Гвалт над чэснай дзяўчынай у міжнароднай зале аэрапорта.

Хадзееў. А дзе Юля?

Юля (з’яўляецца ). Я тут.

Каралёў. Як ты?

Юля. Нармальна.

Хадзееў. Дакладваю. Нас з табой сустракаюць. Я забіраю дачку і гэтым жа рэйсам вяртаюся. Ты будзеш жыць у яе пакоі. Гэта два крокі ад клінікі. Прафесар Шварц рэкамендуе дзённы стацыянар.

Каралёў. Гэта што?

Лена. Як што? Увесь дзень лечышся, а потым усю ноч здароўе гробіш.

Хадзееў. Ужо абвесцілі рэгістрацыю. Лена, пайшлі багаж афармляць. Мы каля пятай стойкі будзем.

Хадзееў і Лена выходзяць.

Юля. Што гэта з табой?

Каралёў. Нічога...

Юля. А чаго ты так глядзіш?

Каралёў. Та-ак... Я праз тыдзень у адведкі прыеду.

Юля. Навошта табе грошы траціць!

Каралёў. Грошы трэба не эканоміць! Грошы трэба зарабляць! У цябе ж свой пакой будзе. Ты днём у стацыянар, а я ў піўбар... А ноччу буду сачыць за тым, каб ты сваё здароўе не гробіла...

З’яўляецца Кім, ведучы за рукі хлопчыка і дзяўчынку. Канечне ж гэта Піня з Баранесай.

Кім. Яны дасталі мяне!

Юля. Кім!

Кім. Калі я сказаў, што ты паехала ў аэрапорт, яны такі вой паднялі... Увесь пад’езд на вушы паставілі! Суседка выклікала міліцыю, бо падумала, што я іх забіваю... Адразу дваіх...

Каралёў. І што?

Кім. Міліцыя нас і прывезла сюды. Вунь машына стаіць. (Да дзяцей.) Ну што? Вось ваша мэм... Цалуйцеся!

Юля падбягае і абдымае спачатку маленькіх дзяцей, а потым Кіма.

Так яны і стаяць абняўшыся.

Каралёў павольна-павольна падыходзіць да іх. На гэтым мы з імі і развітаемся. Дай вам Бог шчасця!

Канец


2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: Лазарук, М.А. Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.А.Лазарук, В.І.Русілка, І.М.Слесарава. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Крыніца: скан