epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Дудараў

Парог

Драма ў дзвюх дзеях

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Андрэй Буслай.

Маці.

Бацька.

Аліна.

Драгун.

Мікола.

Ніна.

Рыгорка.

Шаргаёў.

Красоўскі.

Міліцыянер.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Невялікі пакой у гарадской кватэры. Простыя, васільковага колеру шпалеры. Мэбля вельмі старая, якая ўжо даўно выйшла з моды. Усё самае неабходнае: стол, два крэслы, канапа. На сцяне ў драўлянай рамцы сямейныя фотаздымкі. Побач на цвіку вісіць вышываны ручнік. Увесь пакой нечым нагадвае вясковую хату. У куце тэлевізар старой маркі, над ім гадзіннік з зязюляй.

Раніца. На канапе спіць Буслай. Звоніць тэлефон. Раз, другі, трэці... Буслай ляжыць нерухома. Тэлефон супакойваецца на хвіліну і зноўку звоніць. Буслай паварушыўся, з неймаверным намаганнем падняў галаву з заплюшчанымі вачыма і зноўку чмякнуўся на падушку. Зноў тэлефон.

Буслай (хрыпата). Бэра! Выключы будзільнік, я ўсё адно не падымуся...

Тэлефон.

Выключы будзільнік, паразіт!

Тэлефон.

Ну й паскуда ж ты, Бэра... (Падымаецца з ложка і ўрэшце расплюшчвае вочы. Азіраецца, не разумеючы, дзе ён.)

Цяпер яго можна разгледзець. Гадоў пад пяцьдзесят з першага погляду, але толькі з першага. На самай справе і сарака няма. Няголены апухлы твар, брудная кашуля, ускудлачаныя валасы. (Уважліва-ўважліва аглядае ложак, стол, падлогу. Мабыць, думае, што прачнуўся ў вёсцы.) Мама!

Цішыня.

(Ідзе да акна, адхінуў фіранку, зірнуў на вуліцу Раптам спалохана адскоквае ўбок. Цяжка дыхаючы, зноў падыходзіць, з перасцярогай пазірае некуды ўніз.)

Зразумела, што кватэра знаходзіцца ў высотным доме.

(Трэ рукамі твар, трасе галавой.) Нічога сабе жартачкі... Ашалець можна. (Уважліва аглядае кватэру. Нічога не разумее. Падыходзіць да фотаздымкаў, мацае рукой ручнік.) Ды што ж гэта такое, ёлкіна маць?! Сплю я, ці што?

Звоніць тэлефон.

(Доўга яго шукае, знаходзіць на падаконніку, падымае трубку.) Алё... Не ведаю... Нічога не ведаю... (Кладзе трубку’, здымае, набірае два нумары.) Алё... Якая сорак восьмая?.. Я ў справачную званю... А-а-а, справачная! Скажыце, калі ласка, які гэта горад?.. Ды не ганяю я вальтоў, я сапраўды...

Зразумела, што на другім канцы кінулі трубку.

Цьфу! (Зноў набірае два нумары.) Алё!! А-а-а, ты ўжо дзевятая?.. А дзе ваша сорак восьмая?.. Я ёй у каханні прызнаюся! Ага, Гарык я, Гарык... Давай сорак восьмую!

Паўза.

Сорак восьмая? Слухай, ты, лічба, табе што, цяжка сказаць, які гэта горад?.. З Марса зваліўся, мяне туды запускалі... А спусціць забыліся... Ды ведаю я, які год! І месяц ведаю! Што-а-а?! А чаго гэта я ў Дубровенску?.. Не ведаеш? І я не ведаю... А колькі цяпер часу?.. Колькі? А-а-а, ужо даюць... Ну, дзякуй, лічба! Прывітанне Гарыку... (Паклаў трубку, хвіліну сядзеў з тупым выглядам, потым махнуў рукой.) А-а-а, адзін чорт! Павінен жа хто-небудзь сюды прыйсці калі-небудзь... (Ідзе па пакоі.) Ты глянь! Не ведаю гаспадара, але што ў яго клёпак не хапае — гэта факт... Ручнік, ходзікі з птушачкай... Ку-ку, ку-ку... А дзе ж тут гэта самае месца?.. Вой, божухна! Калі як у вёсцы — будзе дзялоў! (Бегае па кватэры, зазіраючы ў пакоі, знаходзіць тое, што шукаў, знікае.)

Нейкі час кватэра пустая. Потым ляпнулі дзверы, у пакой уваходзіць Аліна. Ёй гадоў дваццаць восем. Стройная, прыгожая, усміхаецца рэдка. Апранута модна і сучасна, але з густам. Аліна праходзіць, сядае на зэдлік, дастае з сумачкі цыгарэту, закурвае. З’яўляецца Буслай. Вочы заплюшчаныя, стогне. Аліна азірнулася.

Аліна (спалохана). А-а-а!

Буслай (таксама спалохана). Чаго ты?!

Аліна. Адкуль вы?

Буслай. З туалета...

Аліна. Вельмі падобна... Стойце і не варушыцеся... Іначай я буду крычаць!

Буслай. Не трэба. У мяне галава баліць... Я толькі прылягу ціхусенька, і ўсё...

Аліна. Не падыходзьце!

Буслай. Я табе сказаў — не крычы!

Аліна. Вы дарэмна... дарэмна залезлі сюды... Тут няма чаго браць... Ён грошы дома не трымае... Дарэмна...

Буслай. Во завялася, во завялася... Што мне да тваіх грошай? У мяне чэрці ў галаве мак таўкуць... Не магу разабрацца, дзе я і хто я...

Аліна. Зараз разбяромся разам... (Падыходзіць да тэлефона.)

Буслай (кінуўся да яе). Ну, дарагуша, званіць у міліцыю ты не будзеш!

Аліна. Не падыходзьце!

Буслай. Ды я не злодзей, я просты алкаголік... Жыву ў пасёлку Светлым без прапіскі, так што з міліцыяй у мяне адносіны сапсаваныя... Пакладзі трубку, я табе сказаў!

Аліна. Добра... Тады кажыце, што вы тут рабілі?

Буслай. На унітазе сядзеў. А да гэтага спаў... А да гэтага не ведаю. Я ледзь з глузду не з’ехаў у гэтай кватэрцы! Прачнуўся — хата вясковая, ходзікі на сцяне... У нас уся вёска такімі шпалерамі абклеена... З акна зірнуў — ёлкіна маць! Зямля ўнізе! Людзі, як мурашкі, бегаюць... Ад страху ледзь сэрца ў жывот не заскочыла... Ну, думаю, дапіўся — хата ў паветра паднялася... І які гэта псіх тут жыве?

Аліна (рэзка). Як вы сюды трапілі?

Буслай. Чаго ты вішчыш як недарэзаная? Ты гаспадыня, ці што? Сама, мабыць, зацягнула мяне ў ложак, а цяпер крычыць...

Аліна. Што-о? Цябе ў ложак? Зірні ў люстэрка, лапаць... Цябе ў труну час класці, а не ў ложак...

Буслай. Чаму гэта?

Аліна. Ты ж сіні...

Буслай. Гэта сіндром...

Аліна. Які сіндром?

Буслай. Пахмельны, цемната...

Аліна. Та-ак... Алкаголік, значыцца?

Буслай. Прафесіянальны алкаголік. З чатырохгадовым стажам лячэння...

Аліна. Вельмі прыемна...

Буслай. А мне не вельмі... На душы як у грэшніка ў пекле... Дай што-небудзь глынуць...

Аліна. Хто цябе прывёў сюды? Гарухін? Дык вось, вымятайся і скажы яму, што за гэты мілы жарт я наб’ю яму морду!

Буслай. А хоць горла перагрызі, што мне да таго! Я табе, авечка джынсавая, казаў, што нічога не памятаю. Ні бум-бум! Я ўжо другі год толькі да абеду сваё жыццё бачу і пра яго думаю, а пасля як у торбе сяджу паўдня і ноч... Правал... Сплюшчылася маё жыццё. Я нават не ведаў, што ў вашым Дубровенску апынуўся, а ты мяне дапытваеш пра гэту кватэру, хто прывёў, як апынуўся...

Аліна. Адкуль жа ты зараз ведаеш, што гэта Дубровенск?

Буслай. Званіў у справачную.

Аліна. Вобмацкам? Не, герой... Дык ты, можа, сам і прыпоўз сюды?

Буслай. Які гэта паверх?

Аліна. Дзевяты.

Буслай. Наўрад. Чаго б гэта я шкробся аж да дзевятага... І хто б мяне сюды пусціў?

Аліна. Гэта не праблема. Кватэра не замыкаецца...

Буслай. Як гэта? Без замка гарадская кватэра?

Аліна. Любы можа зайсці... І ў любы час...

Буслай. Ну я ж казаў, што гаспадар чокнуты...

Аліна. Замаўчы! Ты хоць ведаеш, чыя гэта кватэра?

Буслай. Ну?

Аліна. Максіма Пакутовіча...

Буслай. А чаго ты шэптам пра гэта сказала? Ён што, пракурор? Ці мо начальнік міліцыі?

Аліна. Ты не ведаеш Пакутовіча?

Буслай. А ты Бэру ведаеш?

Аліна. Якую яшчэ Бэру?

Буслай. Не якую, а якога... А, не ведаеш... У кожнага свая кампанія.

Аліна. Гэта вядомы пісьменнік... Яго ўжо ў школе вывучаюць. Няўжо не чытаў ніколі?

Буслай. Ага, мне толькі яшчэ чытаць кніжкі засталося, і ўсё ў парадку... Што ты кажаш? Самы сапраўдны пісьменнік? А дзе крышталь? У пісьменніка павінен быць крышталь.

Аліна. Вось што, даражэнькі, адпачыў, выспаўся, схадзіў куды трэба, а цяпер збірай манаткі і шуруй адсюль...

Буслай. Куды ж я пайду? Мне крыху ачуняць трэба пасля ўчарашняга...

Аліна. Не хочаш ісці, дык паедзеш...

Буслай. На чым гэта?

Аліна. На машыне з палосачкай...

Буслай. Елкіна маць! А чаго гэта ты тут раскамандавалася? Ты што, жонка гэтага пісьменніка?

Аліна. Не...

Буслай. Сваячніца?

Аліна. Не твая справа!

Буслай. А-а-а...

Аліна. І не «а-а-а»! Я яго пацыентка...

Буслай. Хто-о? Пацыентка? А чым жа ён цябе лечыць? Аўтаручкай?

Аліна. Уяві сабе! Менавіта аўтаручкай...

Буслай. Ну дык вось што, пацыентка... Станавіся ў чаргу і чакай доктара... Псіхбальніца, а не дом! Кватэры як пры прыгонным праве, дзверы не замыкаюцца, лечацца ў пісьменнікаў... Што вы за людзі?

Аліна. Я — звычайная, а ён святы...

Буслай. Ну, канечне... Пісьменнік! Грошы куры не клююць, хочаш не хочаш, а ў святыя запішуць... Я аднойчы па латарэі матацыкл выйграў. Таксама ўся вёска святым лічыла пакуль не прапіў...

Аліна. Дурань! Гэта незвычайны, дзівосны чалавек... Самы сапраўдны інжынер чалавечых душ...

Буслай. Для маёй душы не інжынер, а сантэхнік трэба... Слухай, авечка...

Аліна. Якая я табе авечка?

Буслай. Джынсавая. Ты не крыўдуй. Ты ўся такая мяккая, далікатная, як... каўнер у кажуха...

Аліна. Прыдурак!

Буслай. Ну дык скажы, як цябе завуць, калі не хочаш у авечках хадзіць...

Аліна. Аліна.

Буслай. Імя ж нейкае... французскае...

Аліна. Я яго не выбірала... У дзетдоме далі...

Буслай. Ты сіротка?

Аліна. Падкідыш я. Усё жыццё як падкідыш жыву.

Буслай. А я выкідыш... Жыццё мяне выкінула некуды, і лётаю, лётаю, лётаю... І прызямліцца не магу... Слухай, авечка...

Аліна. Яшчэ раз так мяне назавеш — па фізіяноміі атрымаеш!

Буслай. У-ю-юй, як страшна! Ладна, ладна, не пыхці... А гэта не ён сюды мяне зацягнуў? У пацыенты, на даследаванне, як падвопытнага кроліка...

Аліна. Не падобна. Нічога цікавага, апроч сіняга носа, у цябе няма.

Буслай. А што, яму толькі цікавае падавай? А я, можа, цікавы тым, што зусім-зусім нецікавы. Ува мне нічога няма, і мне нічога не трэба. А кажуць, чым чалавеку меней трэба — тым ён лепшы і цікавейшы...

Аліна. Філосаф...

Буслай. Дай мне апахмяліцца, я яшчэ не такое загну... Я іншым разам такім разумным бываю, аж страх бярэ... Твой пісьменнік, мабыць, з-за гэтага і прыцягнуў мяне да сябе на хату... Як жывы персанаж. З мяне нашарашыць раман раз плюнуць... Паднясі толькі чарку ды салёненькі гурочак, я такое магу ўляляшчыць — ніводзін вучоны не разбярэ. Во ўчора, мабыць, калі з ім паддавалі...

Аліна. Ды не мог ён з табой піць...

Буслай. Адкуль ты ведаеш?

Аліна. Ён не п’е...

Буслай. Саўсім?

Аліна. Зусім. Гарэлка супраць прыроды.

Буслай. Не зразумеў...

Аліна. Гэта зелле вынайшла чалавецтва... У натуральным стане спірт не сустракаецца... Гэта вынік распаду, гніення... Ніводная жывёліна спірт ужываць не будзе.

Буслай. Чалавек не жывёла, дарагуша... У яго ў гэтым кацялку (паляпаў па галаве) думкі розныя. Калі сабаку навучыць думаць, і сабака піць пачне... І не курыць?

Аліна. Не. Гэта таксама супраць прыроды...

Буслай. Ну, а астатняе па прыродзе... Добра ён цябе тут лечыць?

Аліна падыходзіць і з усяго размаху б’е Буслая па шчацэ.

Аліна (вельмі спакойна). Я табе сказала, хамула, ён святы чалавек! А калі ты яшчэ раз якую-небудзь пашляціну ляпнеш пра яго, я магу цябе забіць. Ты чуеш?

Буслай. Дзе там чую?! У мяне ад тваёй аплявухі ў вушах звініць. Ну й ручка! Адбойны малаток... Дай што-небудзь выпіць! Мне жыць не хочацца.

Аліна. Ідзі ў ванну і пі з-пад крана...

Буслай. Ваду не выпіваюць, а п’юць... А мне выпіць трэба...

Аліна. Прыйдзе гаспадар, у яго і папросіш...

Буслай. Ну, пашкадуй ты мяне! Чарачку, маленькую... Га?

Аліна. Адчапіся!

Буслай. Ты не жанчына, ты баба-яга...

Аліна. Яна таксама жанчына...

Буслай. Жанчына, але ведзьма... Тады так... Я ніцма кладуся на ложак і не варушуся, а ты сядзі і маўчы як рыба. У мяне сіндром. Колькі цяпер?

Аліна. Палова дванаццатай...

Буслай. У дванаццаць буду скрыгатаць зубамі... Не палохайся...

Аліна. Зараз кавы звару, вып’еш, палягчэе...

Буслай. Што мне твая кава? Знайдзі хоць адэкалону глыток... Мяне ж ужо ліхаманка біць пачынае... Ты што, думаеш, я дурня строю? Я ж кончаны... Гэта ж хвароба...

Аліна. Жудасць! (Знікае на кухні.)

Буслай (корчыцца на ложку). Божухна, як цяжка... Душа пад каменнем... І страшна... І дзіка... (Уроспачы б 'е кулаком па сцяне...)

І раптам невялікі чатырохкутнік сцяны паварочваецца, і адчыняецца адмыслова зроблены бар з цёмнымі бутэлькамі і зіхоткімі чарачкамі. Буслай як у сне падымаецца, дрыжачымі рукамі хапае бутэльку, з неймаверным намаганнем спрабуе рукой выцягнуць корак. Нічога не атрымліваецца. Выцягнуў корак зубамі, прыліп ротам да рыльца. Зубы стукаюць аб шкло.

Жудаснае відовішча! Уваходзіць Аліна.

Буслай, не адрываючыся ад бутэлькі, мычыць нешта ў адказ.

(Падбягае і вырывае з яго рук бутэльку.) Ты ведаеш, што ты выжлукціў?

Буслай. Адзін чорт! Гарэлкай пахне, і добра... Я перапіў ужо ўсё на свеце: дэнатурат, бээфы, ласьёны, зубныя пасты... (З палёгкай.) Фу-у, Бог у тапачках па душы прайшоўся... Што гэта такое?

Аліна. «Напалеон»...

Буслай. Які? Банапарт?

Аліна. Ён самы.

Буслай. Што, сродак супраць молі?

Аліна. Каньяк. З гэтай бутэлькі пазаўчора італьянская дэлегацыя піла...

Буслай. Глядзі ты! А на смак як палітура... (Смяецца.) Ніколі не думаў, што буду з праклятымі капіталістамі з адной бутэлькі піць... Во лёс! Дай сюды, я не разабраўся як след...

Аліна (хавае бутэльку ў бар). Пераб’ешся... Пі каву!

Буслай. Ладна! Я ўжо ў норме... Заскакалі чорцікі па жылах... (Падымаецца з ложка, робіць некалькі гімнастычных практыкаванняў. Твар пасвятлеў, ажывіўся, набыў натуральны для здаровага чалавека выраз і колер.) Ведаеш, Аліна, гарэлка — вялікае дзела! Мне Бэра казаў, што Ісус Хрыстос як толькі навучыўся цуды рабіць — першае, што ўчудзіў, — ператварыў ваду ў віно... Во! Хто-хто, а ўжо Хрыстос ведаў, што чалавеку патрэбна... Чаго ты вылупілася? Гэта па Бібліі так... Ух, каб я гэтыя цуды мог рабіць! Я б яе, родненькую, у водаправод пусціў бы... Піце, людцы!

Аліна. Ты нават і Біблію чытаў? Бэра такі, як і ты, канечне?

Буслай. Ты што-о? Ён на службе... Кацельную ў райспажыўсаюзе паліць... На сваім хлебе.

Аліна. А ты?

Буслай. А я ў яго прыжывала... З восені ўжо. Не бяруць нікуды. Ды і самому не надта хочацца... Я ўжо кончаны.

Аліна. Ты з вёскі?

Буслай. Ага...

Аліна. Сям’я ёсць?

Буслай. Ёсць. І жонка ёсць. Замуж нядаўна выйшла... Усё ёсць, аднаго мяне няма...

Аліна. Як цябе горад сапсаваў, беднага...

Буслай. Я, Аліна, у горад прыехаў ужо сапсаваны ушчэнт. Пры чым тут горад? Як што якое, дык адразу на горад валяць: ах, такі-разгэтакі, жыццё мне загубіў! А на які чорт ехаў тады? Ну, чаго ты так глядзіш на мяне?

Аліна. А ў нас у дзетдоме на двары калодзеж быў... Зазірнеш у яго, і страшна робіцца... Вось я зараз зірнула на твае вочы і гэты калодзеж успомніла...

Буслай. Што, пустыя?

Аліна. У калодзежы была вада... Блішчыць, але далёка-далёка... Глыбокія ў цябе вочы...

Буслай. Глядзі, не закахайся.

Аліна. І мёртвыя...

Буслай. У цябе жывыя?

Аліна. І ў мяне мёртвыя... Вось ён хутка прыйдзе — убачым жывыя... Глядзіць, а табе хочацца сэрца сваё адкрыць...

Буслай. І кофтачку расшпіліць...

Аліна. Я цябе папярэджвала, падонак... (Моўчкі ідзе на Буслая.)

Буслай. Ну-ну-ну! Ты што, ненармальная?!

Аліна. Я цябе папярэджвала.

Буслай. Я пажартаваў... Выпі вады, на цябе ж глядзець страшна...

Адчыняюцца дзверы. На парозе Драгун. Танклявы юнак гадоў дваццаці. У яго абліччы ёсць нейкая зацятасць і сканцэнтраваны спакой. Апрануты проста, што не адпавядае яго ўзросту.

Драгун. Добры дзень...

Буслай. Здароў, братка! Ты гаспадар ці таксама пацыент? Калі гаспадар, сунімі ты гэту кошку, яна мне вочы збіраецца выдраць...

Драгун (да Аліны) Супакойся, Аліна...

Аліна (да Буслая). Пайшоў вон адсюль!

Драгун. Аліна! Ён прыйшоў не да цябе... (Падае часопіс.) Вось пачытай і супакойся... Гэта пра цябе... Толькі што купіў у кіёску...

Аліна бярэ часопіс, адыходзіць убок, чытае.

Буслай (з нахабнай усмешкай да Драгуна). Значыць, так... завуць мяне Андрэй Буслай...

Драгун. Ну, што ж, зараз будзем снедаць, Андрэй... Як спалася на новым месцы?

Буслай. Як у Бога за пазухай... Дзякую. Калі ты з гэтай (кіўнуў на Аліну) нешта напісаў — з мяне пяць камедый накрэмзаеш. Увесь свет смяяцца будзе... Ты малайчына, так і трэба... З жыцця чэрпаць, з народу! А народ дзе? У забягалаўках...

Драгун. Прабач, я нешта нічога не разумею...

Буслай. Як я зразумеў, нешта такое ты пра яе напісаў... Пра яе можна напісаць, яна з выгляду трохі чокнутая, а я яшчэ лепей... Я ўжо да донца дакаціўся. Не падвяду! Усё, усю душу табе выверну, як памыйнае вядро... Пішы! Праслаўляйся! А мне гэта толькі зранку і вечарам па кроплі «Банапарта». Згода?

Драгун. Не.

Буслай. Няўжо табе не цікава пачуць, як я дажыўся да такога?

Драгун. Не.

Буслай. Вы ж, пісакі, толькі пра ненармальных і пішаце, а я ненармальны са знакам якасці... Я ўжо і не чалавек, лічы што...

Драгун. Я не пісьменнік, я тут толькі жыву...

Буслай. А-а, таксама пацыент... Тады я гаспадара пачакаю... Будзе ён пра мяне пісаць, я ведаю...

Драгун. Не будзе.

Буслай. Чаму?

Драгун. Ён піша казкі... І потым, ты ж сябе за чалавека не лічыш, а ён піша пра людзей.

Буслай. Дык на які ж чорт ён мяне зацягнуў сюды?

Драгун. Ніхто цябе нікуды не цягаў... Ён вяртаўся ўчора са Светлага і знайшоў цябе за горадам. Ты ляжаў у гурбе снегу, накрыўшыся «Советским спортам».

Буслай. А дзе ён цяпер?

Драгун. У паліклініцы. Калі ён цябе грузіў у сваю машыну, ты разбіў яму акуляры і шклом парэзаў твар...

Буслай (паспешліва). А-а, дык я гэта... пайду тады... Раз пісаць пра мяне ён не будзе, я магу зараз пайсці?

Драгун. Канечне...

Буслай. Толькі дай руб, раз вы тут такія добрыя... Я ж са Светлага. Даехаць мне трэба?

Драгун. Аліна, колькі каштуе білет да Светлага на электрычцы?

Аліна. Дваццаць капеек...

Драгун. Дай, калі ласка...

Аліна (дастае з сумачкі манетку). Бярыце...

Драгун. Бяры...

Буслай. Ты што? На піва нават не хопіць.

Драгун. Табе на білет ці на піва?

Буслай. На «чарніла».

Драгун. Гуляй...

Буслай. Ну й скнары ж вы! Жывуць, разумееш, як паны, каньяк французскі глушаць, хату пад селяніна згаблявалі, а простаму селяніну рубля шкада... Перадайце вашаму пісьменніку, што я на яго плюю. Вось так, вось: цьфу, і ўсё. Развесіў ручнікі. Хай у вёску едзе, а тут камедыю не ламае... Селянін на дзевятым паверсе, ёлкіна маць!

Аліна. Замаўчы ты!

Буслай. Сама маўчы, авечка джынсавая. (Выходзіць.)

Аліна. Хамула няўдзячны!

Драгун. Аліна! Ён жа цябе прасіў: ніколі і ні пра кога, апроч сябе, не думаць і не гаварыць блага...

Аліна. Але ж ты чуў, што ён тут...

Драгун. Яму можна. Табе — не.

Аліна. Прабач...

Адчыняюцца дзверы. Гэта вярнуўся Буслай.

Буслай. Я на хвілінку... Навошта ён мяне падабраў учора за горадам п’янага?

Драгун. А хіба ты не падабраў бы яго? Калі б ён ляжаў у снезе.

Буслай. Я — іншая справа... У мяне машыны няма. А яму навошта гэта было?

Драгун. Не ведаю... Мабыць, не хацеў, каб ты акалеў там да раніцы ў адной кашулі... У цябе што, паліто няма?

Буслай. Сябру даў панасіць... А чаму ён не здаў мяне ў міліцыю? Завёз бы, выгрузіў, і ніякіх клопатаў...

Драгун. Не па дарозе было...

Буслай. Дай руб.

Драгун. Паліто магу даць...

Буслай. Давай паліто!

Драгун падыходзіць да шафы, дастае паліто.

Драгун. Апранай.

Буслай. Стараватае, канечне.

Драгун. Можа, дублёнку даць?

Буслай. Жартую. Ну і выпіць на дарожку, а то мяне блажыць пачынае.

Драгун. Той, хто п’е ці дае піць іншаму, робіць злачынства супраць прыроды...

Буслай. Ну-у, тады ўсе чатыры мільярды трэба ў каталажку заканапаціць... (Шэптам.) Слухайце, а можа, вы якія-небудзь сектанты? Га? Дык я магу і памаліцца за кампанію, толькі дайце кроплю...

Драгун. Так, дружа, дажыўся ты... У сне такога не ўбачыш... Бывай здароў...

Буслай. Дык вы б хоць паагітавалі мяне, ці што? Усе ж агітуюць...

Драгун. Ідзі...

Буслай. Во, чудзікі... (Выходзіць.)

Паўза. Аліна паклала часопіс на калені, уздыхнула.

Драгун. Прачытала?

Аліна. Казка... Добрая казка...

Зацямненне

 

Дэкарацыі амаль тыя ж, толькі гэта ўжо самая сапраўдная вясковая хата. Тэлевізар, радыё, канапа. Над ёй дыван з мядзведзькамі. Печ. На печы старая Маці Андрэя Буслая. На канапе спіць Бацька. Ціха шчоўкаюць ходзікі. Ноч.

Маці (трызнячы). Андрэй... Андрэйка... Дзе ж твае валёнкі, сукін сын? Чаму ж ты кашулю скінуў, халадзіна гэткая...

Бацька (падымае галаву). Маруся! Чаго й та ты?

Маці. Міцік... гэта ты?

Бацька. Хто ж яшчэ? Чаго ты маркочаш сярод ночы?

Маці. Вой, саснілася мне нешта нядобрае пра Андрэя... Як быццам поле снегавое як вокам кінуць... Ані дрэўца, ані кусціка... І ён стаіць сярод гэтага поля босы, без кашулі, у адных ісподніках... Бягу да яго, а ён стаіць, не варухнецца, і толькі слёзы па шчоках, па шчоках ды на снег... Капнуць ды чырвонай плямай разыходзяцца, кроў — як слова... Сэрца як з грудзей не выскачыць... Вой, нядобра нешта з ім.

Бацька. Гэта ад хваробы ўсялякая лухта прымроіцца... Спі.

Маці. Гэтулькі год анізвання. Хоць бы пісьмо даслаў, сукін сын... І чым жа гэта мы так саграшылі, Міцік, што Бог нас так неўзлюбіў? Дзетак нарадзілі, збераглі ад бяды-ліха, і во... Памятаю, у партызанах, калі вёскі ўсе ў акрузе папалілі, галадуха была, Божухна ты мой мілы! Настулька маленькая грудзей насмокчацца дый спіць, ёй і гора мала. А Андрэйку ўжо шосты гадок ішоў... Кару бярозавую грызлі... Я гэтай кары нажву, нажву ў кансерку нямецкую, потым употай ад яго ў ельніку ў гэту кару малака з грудзей націсну колькі змагу дый даю яму есці... Есць дый пытаецца: матулечка, а чаму гэта кара такая салодкая, белая ды смачная? Праўду скажы, дык есці не будзе, вялікі ж ужо... Так, кажу, дзетухна, гатаваць я яе ўмею... Колькі выцерпелі ўсяго, і во... Настульку зямля забрала, і Андрэйка па свеце, як па цёмным лесе, бадзяецца... А нам паміраць, бы пустазеллю якому, трэба будзе...

Бацька. Ну во, завялася сярод ночы...

Маці. Гэта ж я чую, што памру неўзабаве...

Бацька. От бабы... Колькі разоў хварэюць — столькі паміраюць.

Маці. Грэх сказаць, паплакаць на хаўтурах не будзе каму...

Бацька. За гэта не перажывай. Суседкі пагалосяць... Хаця нашто?

Маці. Яно-то праўда. А ўсё ж неяк бы там весялей было, каб свой, родны, слязой на магілку капнуў...

Бацька. До табе ўжо! Вось пеўні закукарэкаюць, тады і пра смерць можна...

Паўза.

Маці. Слухай, Міцік, учора да мяне Васіліна заходзіла. Вы, кажа, яго, Андрэя, значыцца, праз міліцыю знайдзіце...

Бацька. Што-о?

Маці. Скажыце, кажа, там, што ён Канстытуцыю парушае, самы галоўны закон. А там, як слова, запісана, што дзеці пра сваіх бацькоў клапаціцца павінны... Га, Міцік? Мо яго па Канстытуцыі дадому прыцягнуць?

Бацька. Старая дурніца твая Васіліна! Клапаціцца — значыць грашыма дапамагаць... Карміць, як раней казалі. А што, нам есці няма чаго? Дзве пенсіі, гарод, малако сваё, сала, паўтары тысячы на кніжцы. Смяяцца ж будуць...

Маці. А калі б нічога не было?

Бацька. Тады б яго знайшлі, аліменты прысудзілі.

Маці. Ты што? Аліменты — гэта ж на бязбацькавічаў...

Бацька. На ўсіх. Хто, значыцца, здзяцініцца — таму і аліменты. Ай! Лепш ужо, як ты кажаш, бярозавую кару грызці, чым з роднага сына па Канстытуцыі аліменты драць... Забыўся — Бог яму суддзя! Ён пра сына свайго забыўся, а што ўжо мы...

Маці. Ды не забыўся, Міцік! Не мог ён пра нас забыцца... У яго ж сэрца жаласлівае... З гора, з сораму ён сюды вачэй не кажа... Каб гэта цытра вучоная не кінула яго тады, не збегла да Міколы, жыў бы ён тут...

Бацька. А піць з якога гора-сораму ён пачаў?

Маці. Кажуць, што Мікола Рыгорку на сваё прозвішча хоча запісаць... Мо нам бы, Міцік, высудзіць свайго ўнучка як? Га?

Бацька. Ды што гэта ты пад старасць судзіцца з усімі задумала? Век не судзілася, а цяпер...

Маці. У яго ж ёсць бацька родны, і прозвішча яго павінна быць — Буслай... Рыгор Буслай... Наша сям’я, наш род, наша кроў... Хіба ж можна яго сціраць з жыцця?

Бацька. З кім судзіцца? З роднай маці? З чалавекам, які корміць яго? З Міколам? Сам ён, сынок наш, сцёр з жыцця і сябе і сям’ю сваю. Колькі жыву, ніводнага разу не бачыў, каб чалавек піў так заўзята... Як хвароба нейкая на яго навалілася, як насланнё... Гарэлкай, нібы паводкай, усё і затапіў: і хату сваю і сябе, і жонку, і сына...

Маці. Не кажы пра яго так! Ён жа сын табе. Ну, што ж рабіць, калі на яго такое няшчасце звалілася...

Бацька. Якое няшчасце? Ён што, аднарукі, сляпы, кульгавы? Няшчасце... Мо яго няшчасце ў тым, што ты малаком са сваіх грудзей усё жыццё яго карміла! Мо няшчасце ў тым, што шчасця занадта тоўстую лусту лёс адмераў...

Маці. Кроў дурная гэта ў яго. Спадчына трухлявая. Кажуць жа, што ад бацькоў усё чыста да дзяцей пераходзіць... А Андрэй увесь па табе.

Бацька. Дык калі ж гэта я піў? Ты што?

Маці. Не ты... Дзед твой, кажуць, жлукціў яе, брыдоту гэту, як конь з цэбра... Во яна, кроў гэта п’яная, і вылезла ў ім...

Бацька (трохі зазлаваў). Ёрш тваю ў лапці! Чаго ж ты яго нарадзіла гэткім? Трэба было сваёй крыві больш дабаўляць!

Маці. Дык твая ж гарачая, упартая... Яна заўсёды верх возьме...

Маўчаць.

Не сярдуй, Міцік... Я ж не за сябе перажываю... Мне ўжо што? Я дасмылела на гэтым свеце, а табе яшчэ аднаму жыць дый жыць...

Бацька. Ага! У сваты яшчэ збегаю...

Маці. А што ты думаеш? І жаніся.

Бацька. Цьфу!

Маці. Трэба ж, каб нехта каля печы тупаў. Во Васіліну і бяры. Яна баба добрая, руплівая... Разам і дажывяце.

Бацька. З глузду з’ехала? Спі ты ўжо! (Паўза.) Я, Маруся, калі з табой што якое і здарыцца, таксама тут не затрымаюся. Зрасліся мы з табой адно з адным за ўсё жыццё... Як лісце з каранямі. Корані памруць — лісце пажухне. Як жа мне без цябе жыць, валёнка ты мая старая? У нас жа, лічылі сэрца ўжо адно: палавіна твая, а палавіна мая... А з палавінкай ці многа нажывеш?

Маўчаць.

Маці. Ты, Міцік, глядзі! Даганяць мяне там і не думай... Гэта нягожа туды за сабой цягнуць... Жыві, колькі Бог адважыў, а то я не прыму цябе там...

Бацька. Дзе ты дзенешся?

Маці. Адвярнуся ў труне да цябе гэтым самым месцам ды так і буду ляжаць...

Бацька. Ёрш тваю ў лапці! А чаго гэта ужо ты са мной як нябожчыца размаўляеш? Бач ты яе! Навастрыла лыжы! Сабралася! Хто табе сказаў, што ты першая туды застрыгікаеш.

Маці. Чую я. Сны дрэнныя сняцца. Не на дабро... І сэрца ные...

Бацька. Давай спаць класціся... Што б там ні было, да світанку трэба дажыць...

Паўза. Потым нехта трывожна пастукаў у акно.

І каго ж гэта нясе ў такую рань? (Падышоў да акна, узіраецца ў цемру) Хто там?

Голас (трывожна). Я, дзядзька Міцік, я... Мікола... Не пужайся...

Бацька. Чаго ж мне пужацца? Зараз адчыню, ідзі на ганак... (Старой.) Мікола нечага прыпёрся...

Маці. Што яму трэба?

Бацька. А ці ж я ведаю? (Падымаецца з ложка, уключае святло, ідзе ў сенцы. Вяртаецца ў хату разам з Міколам.)

Гэта каржакаваты, моцны мужчына. Светлавалосы, з цяжкімі рукамі.

Мікола нечым узрушаны.

Мікола. Добры дзень...

Бацька. Здароў...

Маці. Які ж дзень? Пеўні яшчэ не галасілі. Чаго ты белы як палатно? Ці не з Рыгоркам што?!

Мікола. Спіць Рыгорка, спіць... Як здароўе, цётка Маруся?

Маці. Ці ты на ноч гледзячы пра маё здароўе прыйшоў пытацца? Кажы!

Мікола (няшчыра ўсміхнуўся). Я да дзядзькі... Мужчынская размова... Хадзі сюды, дзядзька... Грошай мне трэба... Калі ёсць... трохі...

Бацька. Ці ў цябе сваіх нямашака?

Мікола не адказвае, адводзіць старога ўбок.

Мікола (шэптам). З Цыбулек мне толькі-толькі званілі... Участковы...

Бацька. Ну...

Мікола. Тэлефон у вёсцы толькі ў мяне і ў дырэктара школы... Кантора зачынена, заўтра выхадны...

Бацька. Ды кажы ты нарэшце!

Мікола. Ну мне, значыцца, і званілі... Прасілі, каб перадаў...

Бацька. Што?..

Мікола. У Дубровенск трэба з’ездзіць вам... Нешта там з Андрэем...

Бацька. Што з ім?

Мікола. Не ведаю... Не сказаў участковы...

Бацька. Брэшаш! Па вачах бачу! Кажы...

Мікола. Ну... здаецца, знайшлі яго... у Дубровенску...

Бацька. Хто знайшоў? Міліцыя?

Мікола. Як быццам...

Бацька. А што ён такое адмачыў, што яго міліцыя загрыбчыла?..

Мікола. Не тое, дзядзька, не тое... Пад снегам яго знайшлі...

Бацька. А чаго ён пад снегам? Пад якім снегам?..

Мікола. Вясна... Сонца прыгрэла, адтаяў...

Бацька. Дык як гэта? Забіў яго хто, ці як?..

Мікола. Не ведаю... Адным словам, участковы сказаў: трэба ехаць на апазнанне... Можа, і не ён гэта яшчэ... Трэба ехаць вам ці каму з родных... Я да Цыбулек давязу на матацыкле... Да першага рэйса паспеем... А там на вакзале ў міліцыю зойдзеце, скажуць. Ну я пайду... Дайце мне пяцёрку якую, я на вуліцы аддам...

Бацька. Якую пяцёрку?

Мікола. Грошы...

Бацька. Нашто?

Мікола. Ну, каб цётка падумала, што я сапраўды па грошы прыходзіў. Яна ж і так чуць ліпіць, а тут гэткае гора... Мо не казаць пакуль?

Бацька. А дзе ты дзенешся? Не скажаш сёння — заўтра трэба будзе...

Мікола. Ну, як ведаеце... Пайду па матацыкл... (Выходзіць.)

Стары нейкі момант стаіць сярод хаты. Потым ідзе да печы, шукае анучы, сядае на зэдлік, пачынае абувацца.

Маці. Куды гэта ты?

Бацька. У Дубровенск...

Маці. Чаго?

Стары абуваецца.

(Ужо з трывогай.) Што ён табе тут нашаптаў ? Якія грошы?

Бацька (абуваецца). Во як яно выходзіць, Маруся... Мы з табой тут спрачаемся, каму ў зямлю раней легчы, а паміраць нам акурат і нявыкрутка... (Усхліпнуў.) Сына... апошняга... на могілкі... адвезці... трэба... Так што хопіць хварэць, потым ужо як-небудзь памрэш, падымайся, прыбірай хату да хаўтур...

Маці. Што ты пляцеш, пустабрэх стары!

Бацька. Званілі Міколу... У Дубровенску знайшлі яго мёртвага пад снегам...

Маці (з жахам). Каго?

Бацька. Андрэя... Адпіўся, сынок... Сам адмучыўся і ўсіх адмучыў...

Маці (спачатку ціха, а потым усё грамчэй і грамчэй). Ай-а-а-ай! А мой жа ты маленькі Андрэйка... А чула ж маё сэрцайка! А няшчаснае ж ты маё дзіцятка! За што ж табе такі злы лёс?! Сыно-о-очак!

Зацямненне

 

Кватэра Пакутовіча. Вечар. Аліна прыбірае. Больш нікога няма.

Званок у дзверы.

Аліна. Урывайцеся, не зачынена...

Дзверы асцярожна адчыняюцца, зазірае Буслай. Без паліто. Спыняецца каля парога.

З’явіўся, філосаф...

Буслай (ніякавата). А ты яшчэ не пайшла? Так увесь месяц і сядзіш тут?

Аліна. Дзе паліто? Прапіў?..

Буслай. Дык думаў, што цёпла будзе... Скінуў, а тут такая халадзіна, хоць сам да сябе ў кішэню залезь. Падла, а не вясна! Спадарожнікамі ўсё перамяшалі: зіму, лета, восень... Вінегрэт з надвор’я зрабілі... І што гэта такое? Чым далей жывём, тым усё халадней і халадней...

Аліна. Чаго прыйшоў? Ні чаркі, ні грошай ты тут не атрымаеш...

Буслай. Мне б хлебца кавалачак... Я ўжо забыўся, калі еў... Бэра вудачкі зматаў некуды. Я трэці месяц за яго кацельную палю, а грошы гэтай сектантцы пасылаюць... Некалькі разоў бегаў на вакзал, цэмент разгружаў, а апошні тыдзень хварэў, дык кішкі падцягнула, да хрыбта прыраслі... Дай што-небудзь пакусаць, я і пайду...

Аліна. Зараз... (Выходзіць на кухню.)

Буслай. А дзе гаспадар?

Аліна. Навошта ён табе?

Буслай. Я яго кніжку чытаў...

Аліна. Што ты кажаш? Няўжо ў бібліятэку хадзіў?

Буслай. Купіў, у кіёску...

Аліна. Подзвіг...

Буслай. Для мяне — подзвіг... На адну бутэльку «чарніла» меней узяў, а кніжку купіў.

Аліна. Па аўтограф прыйшоў?

Буслай. Паесці... Пайшоў на заробкі... На вакзале пад мехам мукі ўпаў, алкашы прагналі з брыгады... У галаве туман, калені дрыжаць... Думаў ужо ў міліцыю ісці здавацца а тут успомніў, зайшоў...

З кухні выходзіць Аліна. У руках талерка з супам.

Аліна. Бяры крэсла і сядай да стала...

Буслай. Я і без крэсла магу...

Аліна. Еш...

Буслай. А хлеба?

Аліна. Колькі ты не еўшы?

Буслай. Ну, адразу як захварэў... На падаконніку знайшоў скарынку, згрыз, а болей, здаецца, нічога не еў. Тыдзень... Дай хлеба.

Аліна. Дурань! З галадухі скруціць абаранкам. З’еш супу спачатку... Потым хлеба дам.

Буслай сядае да стала, прагна сёрбае суп.

жалем і пагардай назірае за ім). Госпадзі, Божа мой! Дваццаты век, людзі ў космас лётаюць, а ты як жабрак ходзіш, пабіраешся... І не сорамна?

Буслай. Не! Каб жа сорамна, Аліна! Каб жа сорамна было... Ці я б тут сядзеў... Спіць мая душа. Закалыхаў я яе... Закалыхаў, каб не мучылася, бедная... (Есць.)

Аліна. А чаму ты дадому не едзеш?

Буслай. Каб мець дом, трэба чалавекам быць... Мяне там не чакаюць... Мне не патрэбны ніхто, і я нікому... (Есць.)

Аліна. Слухай, а чаму цябе не забяруць?

Буслай. Куды?

Аліна. Ну, у спецлячэбніцу, ці што? Лечаць жа вас такіх пад прымусам.

Буслай. А ў мяне калектыву няма... Туды калектыў пуцёўку дае. Я ж не працую нідзе і без прапіскі жыву ў Бэры... Цішком туняядца ганяю... А так ніхто не здае. Во ён жа не завёз мяне ў міліцыю. А калі б завёз, я ўжо за жалезнай брамай сядзеў бы... Ды я і сам чатыры разы лячыўся... Добраахвотна... Бывала, што паху гэтай брыдоты не пераносіў...

Аліна. Якой брыдоты?

Буслай. Гарэлкі...

Аліна. Гм...

Буслай. Вось табе і «гм»... Ад аднаго паху ўсяго навыварат перакручвала... А ўсё адно пачынаў піць. Гвалтаваў сябе, давіўся, вочы ад агіды на лоб лезлі, а піў... На сэрцы, калі доўга не п’ю, такая пустэча, такі страх, боль нейкі... Не, не боль, а нуда цягучая, якая смокча, смокча яе, душу маю расхрыстаную...

Аліна. А сёння ты цвярозы?

Буслай. Калі б я быў пад мухай, хіба мне б хацелася есці? Калі вып’еш — нічога не хочацца... Гэта я з-за хваробы так доўга не прыкладваўся да рыльца... А здаровы я б не вытрымаў... У мяне нерваў не хапае цвярозым доўга быць. Вельмі шмат пра што думаць пачынаю. Ты ведаеш, прыйшоў я аднойчы да гэтага... ну, што дурняў лечыць... Як іх называюць?

Аліна. Псіхіятр.

Буслай. Ага! Ён самы. Прыйшоў і кажу: прабіце вы мне чэрап і якую-небудзь жылку перацісніце, каб я меней думаў, каб дурнейшым трохі стаў, тады я піць кіну, не трэба ўжо будзе... Ты ж бачыла: вып’е чалавек чарачку, дурнее адразу, сядзіць, усміхаецца, вачаняткі блішчаць, жыццём задаволены, усіх любіць, усіх перацалаваць гатовы... Добры, спагадлівы... У яго душа спявае ад радасці... Чаму ж мы цвярозыя не такія?

Аліна. Гэта самападман. Так толькі здаецца...

Буслай. Калі верыш у тое, што здаецца,— гэта ўжо не здаецца, гэта ўжо ёсць. Ну й думаю... зрабіць бы што-небудзь у галаве, каб усяго, што ёсць, не бачыў, каб усяго, што лішняе, не разумеў. Каб менш думаў і больш адчуваў...

Аліна. Ну, і што псіхіятр?

Буслай. Выгнаў. Дэгенератам абазваў і выгнаў. Кажа, людзі з сябе жылы цягнуць, маладосць сваю за кніжкамі слепнуць, каб болей ведаць, каб болей пазнаць, каб хоць крышачку наблізіцца да ісціны, а ты добраахвотна прыйшоў у дурні запісвацца. А нашто мне гэта ісціна? Людзі за той час, які яны топчуць гэту зямлю, ужо столькі навыдумлялі, ужо столькі панавыходзілі — у самай разумнай галаве не змесціцца... А хіба яны сталі шчаслівейшыя, лепшыя, чысцейшыя? Ісціна...

Аліна. Ты ж вясковы... Адкуль у цябе гэта ў галаве?

Буслай. Не ведаю. Я з вывіхам нейкім нарадзіўся. Усе мае аднагодкі жывуць сабе спакойненька, а я не жыву, а думаю... А ад думак моташна робіцца. Вып’ю, усё робіцца зразумелым, радасным і ўсе праблемы прыемнымі робяцца, прасплюся — усё спачатку.

Аліна. Няўжо ва ўсіх, хто п’е, галава забіта гэткім тлумам?

Буслай. Ды не, мабыць, не ва ўсіх... Але ўсе адчуваюць, што дрэнна, не так жывуць, таму і...

Аліна. Зараз катлет прынясу...

Буслай. І хлеба! Ты за мой жывот не перажывай. Ён у мяне цвікі пераціраць можа. Прывучаны! А мо і кроплю дасі?

Аліна. У гэтым доме не п’юць.

Буслай. А каньячок?

Аліна. Для замежнай дэлегацыі. Італьянскія пісьменнікі прыходзілі. Давялося частаваць... А так ніхто ніколі не п’е...

Буслай. Музей, а не хата... Што ён хворы, твой пісьменнік?

Аліна. Чаму хворы?

Буслай. Таму што ўсе здаровыя глушаць яе дай божа...

Аліна. На катлеты, філосаф.... Еш....

Буслай есць катлеты.

Буслай (прагна жуючы). Дык дзе ж гаспадар?

Аліна. Ён хутка прыйдзе...

Буслай. Хачу яму сюжэцік загнаць... Рублі за тры... Было гэта ў Светлым. Ёсць у нас у новым мікрараёне прыпынак... «Безыменны» называецца... Дажылі! Ужо нечым прыпынак назваць... Ну, і насупраць гэтага прыпынку жыў кандыдат навук, лаўрэат нават... Па медыцыне... Сам вучоны, сам лаўрэат, сам доктар і сам жа хворы на гэту хваробу... Ну, калі цукру ўсюды поўна, і ў крыві, і ў унітазе... Хоць ты ім чай саладзі...

Аліна. Цукровы дыябет?

Буслай. Ага! І вось аднойчы мінулай восенню рабіў лаўрэат у сваёй кватэры рамонт... Апрануў нейкі задрыпаны пінжачок, чаравікі стаптаныя, старэнькія штаны... Твар у яго быў праставаты, выхадзец, як цяпер кажуць, і ў гэтым абліччы ханыга ханыгам... І не пераапрануўшыся выбег за нечым у магазін са сваім цукровым дыябетам... Толькі да прыпынку дайшоў — тут яго і схапіла: затрасло, ледзьве да лавачкі дабраўся... Прысеў, потым прылёг, і ку-ку! Паднялі яго з лавачкі праз сем гадзін ужо задубелага... За сем гадзін ніводзін чалавек не падышоў... Кажуць, потым у труну не маглі запіхнуць... Сам вінаваты, лаўрэат... Ідзеш у магазін — апрані гальштук, а то ці мала хто валяецца... Няўжо гэта гісторыя трох рублёў не каштуе?

Аліна. Даражэй, намнога даражэй...

Буслай. Я хадзіў на гэты «Безыменны»... Пасядзеў на лавачцы, дзе кандыдат медыцынскіх навук Богу душу аддаў... Сяджу, аўтобусы пад’язджаюць, ад’язджаюць, а я людзей лічу... Дзвесце чалавек налічыў! За адну гадзіну! Без старых, дзяцей, цяжарных жанчын... Дзвесце на сем... Падумаць страшна! І ўсе яго бачылі! Ну дай хоць рубель за расказ, а ён хай паспрабуе казку напісаць...

Аліна. Я ведаю, куды пойдзе гэты рубель...

Буслай. А табе якая справа?

Аліна. Я цябе шкадую...

Буслай. Ух ты! Месяц назад вочы хацела выдраць, а цяпер ужо шкадуе.

Аліна. Я за гэты месяц як у чыстай крыніцы памылася... Дзякуючы гэтаму чалавеку...

Буслай. Ды ёлкіна маць! Што ж ён ужо за чалавек такі, ваш казачнік?

Аліна. Хутка прыйдзе. Убачыш... Ад яго нібы промні цеплыні ідуць. Ты вось яго не бачыў, толькі пераначаваў у яго і ўжо не такі, які быў раней...

Буслай. Не-е, я такі...

Аліна. У тваіх вачах боль з’явіўся...

Буслай. А што ты хочаш?.. Цэлы тыдзень хварэў, не мог зарабіць... Не зарабіўшы — не вып’еш... Таму і боль... А твайму пісьменніку я не веру!

Аліна. Твая справа.

Буслай. Злосць мяне разбірае. Маеш ты машыну, жывеш утульна, ведаюць цябе ўсе... Едзеш і едзь! Ляжыць чалавек — не твая справа! Ёсць каму падымаць... Падымуць! Дык не... Спыняецца, цягне ў машыну, дадому вязе... Зірніце, які я добры! Ніхто не падняў п’янтоса няшчаснага, а я паспачуваў... Я ў ім чалавека бачу...

Аліна. Так і ёсць. Апошняе ты сказаў правільна...

Буслай. Паказуха ўсё гэта. Маральны капітал, які заўсёды можна абмяняць на звычайныя рублі і капеечкі...

Аліна. А навошта ты расказваў пра гэтага беднага лаўрэата на прыпынку? Навошта ездзіў туды, лічыў людзей...

Буслай. Каб ведаць, колькі чалавек і да мяне могуць не падысці...

Аліна. А ты сам бы падышоў да яго?

Буслай. Шчыра?

Аліна. Шчыра...

Буслай. Не! Цвярозы б не падышоў, а выпіўшы... Калі п’яны, мне ўсіх шкада, я ўсіх люблю... У мяне ў п’янага — слёзы з вачэй ад замілавання людзьмі, дрэвамі, зямлёй... Усім-усім! (Нечакана засмяяўся.) А ведаеш, ён бы сам... каб можна яго было жывой вадой паліць, падняць і прывесці на гэты прыпынак... Ён сам да сябе не падышоў бы... Лаўрэат гэты... Галаву даю адсекчы — не падышоў бы!

Аліна. Да самога сябе падышоў бы...

Буслай. Ну, а да іншага? Да мяне, напрыклад?..

Аліна. Калі ў чалавека баляць чужыя раны, ён падыдзе, спытае, дапаможа... Калі ён у іншых, як у люстэрку, сябе бачыць...

Буслай. Тысяча чалавек прайшлі, і ніводзін не ўбачыў... Аслеплі, аглухлі... Душу сваю закармілі так, што ўсе нармальныя чалавечыя пачуцці толькі ў п’яным выглядзе вонкі вырываюцца... А яшчэ галдзяць: чаму п’яце, чаму п’яце? Таму што вельмі ўжо цвярозыя сталі. Вельмі цвярозыя! А чалавеку хоць хвіліначку жаласлівым, добразычлівым пабыць хочацца...

Аліна. А ці не занадта ў цябе шмат прэтэнзій да людзей?

Буслай. Гэта і да сябе таксама... І ў мяне душа тлушчам заплыла... Во і п’ю з-за гэтага, і п’ю... Была ў мяне сястрычка, малодшая, Настулька... Купацца пайшла — утапілася, бедалага малая. Маці валасы на галаве рве, у бацькі скроні як снегам абсыпала за адзін дзень, а я стаю, хачу заплакаць, сястра ж родная, хачу і не магу! Здранцвенне нейкае найшло... Ды не, не! Не ад гора... Не шкада мне яе было! Разумееш? Ляжыць сястрычка, дзевяты клас скончыла, у труне, а ў мяне такія думкі: ну, яна шаснаццаць аджыла, мне ўжо дваццаць адзін, а ў шэсцьдзесят ці трохі пазней і я лягу ў гэты пенал... Ну якая розніца? Дык яна пражыла сваё кароценькае жыццё ўсхвалявана, толькі чысціню бачыла ва ўсім, а я ў брудзе вунь купаюся... Я ўжо і тады піў... І гэты самы бруд на той свет пацягну... Хто ж з нас болей выгадаў? Цвярозы быў, праўда... А на памінках выпіў, у галаву гарачы туман ударыў, заплакаў... Зірнуў на акно — сонейка чырвонае на лес садзіцца, а Настулька не ўбача ўжо гэтага... І плакаць праз сваё каханне не будзе! І першага пякучага пацалунка не будзе! І вяселля не будзе! І дзіцяці не будзе!.. Холад! Цішыня! Небыццё... Ёлкіна маць! Такі жаль сціснуў сэрца — спасу няма, ледзь адкачалі... Але гэта я п’яны быў... Прачнуўся — сорамна! Зноў тлустая душа пачуцці за горла схапіла... Сорамна... Чаму? Перад кім? Не ведаю... Бяда наша, Аліна, што мы слёз сваіх, шчырых слоў, чысціні сваёй саромецца сталі... І з чаго гэта пачалося? Калі?..

Аліна. Я забылася, як цябе завуць... Прабач.

Буслай. Буслай... Светлае ў мяне прозвішча. Ад буслоў... Птушак зямлі нашай... Птушак шчасця...

Аліна. Як завуць?

Буслай. Андрэем...

Аліна. Ты хворы, Андрэйка...

Буслай. А то як жа... Алкаш...

Аліна. У цябе душа хворая...

Буслай. Няма ў мяне душы... Мне яе гарэлка замяняе...

Аліна. Ён хутка прыйдзе... Раскажы яму ўсё... Усё ад пачатку да канца... Не саромся, не думай ні пра што... Раскажы. Ён здольны прывесці тваю душу ў раўнавагу...

Буслай. Яна ў мяне ў раўнавазе... Як вада у балоце... Ды і што ён можа зрабіць? Кніжку фельетонаў напіша хіба.

Асцярожны стук у дзверы.

Аліна. Калі ласка...

З’яўляецца Красоўскі. Гадоў сорак пяць, лысаваты, спартыўнага тыпу мужчына, які сочыць за сваім здароўем і знешнім выглядам. Трымаецца трошкі нахабна, але толькі трошкі. Пра такіх кажуць: упэўнены ў сабе, але не самаўпэўнены. Вельмі часта і абаяльна ўсміхаецца.

Красоўскі (з усмешкай, Аліне). Вітаю вас...

Аліна (трохі разгублена). Добры дзень...

Буслай. Здароў...

Красоўскі (да Аліны). Вось так стой і не варушыся... Я павінен запомніць цябе з анучай у руках у кватэры чужога мужчыны... (Аглядае з усіх бакоў.) Непараўнальна! Я ў захапленні! Карціна, вартая вялікага Пікаса... Колькі самабытнасці, першародства, пратэсту... Якое гарманічнае спалучэнне! Фірменная джынсавая спадніца і брудная ануча! Якая замілаваная поза! Плакаць хочацца! (Зірнуў на Буслая.) Та-ак... А гэта, мабыць, новы круг сяброў... (Падае руку.) Красоўскі. Кандыдат навук...

Буслай. Буслай... Алкаголік.

Красоўскі. Вельмі прыемна. Вы сябар гэтага дома?

Буслай. Не. Пад’есці зайшоў. Галодны я...

Красоўскі. А-а, так сказаць, пажалавалі на званы абед?

Буслай. А чаго ты?

Красоўскі. Што?

Буслай. Прыдурка з сябе строіш?

Красоўскі. Я адчуваю, што ў вас было цяжкае дзяцінства...

Буслай. У мяне ўсё жыццё цяжкае.

Аліна (ужо зусім спакойна). Хопіць блазнаваць, Красоўскі. Істэрыкі не будзе.

Красоўскі. Ба! Ты падлячыла нервы?

Аліна. Душу. Душу я падлячыла...

Красоўскі. Ну, гэта амаль адно і тое ж...

Аліна. Чаго табе трэба?

Красоўскі. Не па тэорыі, дзяўчынка. Спачатку пытаюцца, як ты мяне знайшоў, а ўжо потым...

Аліна. Не блазнуй... Мне сумна і брыдка. Чаго прыйшоў?

Красоўскі. Пры нашых з табою юрыдычных і фактычных адносінах гэтае пытанне гучыць дзіўна...

Аліна. У нас ніякіх адносін ужо няма. Ды і не было. Калі не лічыць пасцелі.

Красоўскі (да Буслая). Будзьце так ласкавы, шаноўны... Я муж гэтай легкадумнай жанчыны і хацеў бы пагутарыць з ёй канфідэнцыяльна...

Буслай. Што?

Аліна. Ён нікуды не пойдзе. Не забывайся — гэта чужая кватэра, і ён прыйшоў не да мяне...

Красоўскі. Але, мяркуючы па анучы, ты ў нейкай ступені таксама гаспадыня... Ці толькі прыбіральшчыца?

Аліна. Ты здагадаўся. Толькі прыбіральшчыца. Бруд знішчаю.

Буслай (да Аліны). Калі трэба, дык я...

Аліна. Не трэба...

Красоўскі (падыходзіць да Буслая, дастае з кішэні пяцёрку). Вось, калі ласка, схадзіце ў кіно і пакаштуйце марожанага...

Аліна (нервова). Красоўскі, не будзь быдлам!

Красоўскі (усміхнуўшыся). Пазнаю ранейшую экспрэсію...

Аліна (нечакана). Прабач...

Красоўскі (здзіўлена). Што?

Аліна. Прабач...

Буслай (глядзіць на пяцёрку, глытае сліну). Ад кіно ўдзень спаць хочацца... А марожанае... Гланды ў мяне! Зразумеў? Гланды!

Красоўскі. Значыць, шкодна крычаць... (Хавае пяцёрку.) Ну, добра... Пры сведках наша размова не набудзе экстрэмальнага характару...

Аліна (мые падлогу). Слухаю...

Красоўскі. Я спадзяюся, ты не думаеш, што я з’явіўся сюды з-за бяссільнай рэўнасці ці духоўнай раны, якую ты нанесла мне сваім нечаканым знікненнем...

Аліна (працягваючы прыбіраць). Я так не думаю... Далей...

Красоўскі. У мяне шмат сяброў, даражэнькая... І мне абрыдла для кожнага выдумляць легенду, дзе ты і што з табой. Драздоўскім я, к прыкладу, сказаў, што ты ў Саратаве, ля ложка паміраючай цёткі... Нібы той поп з «Дванаццаці крэслаў», Антону Кірылавічу тлумачыў, што ты паехала ў Ялту лячыць нервы... Але ты ў горадзе, я чуў, што нават ужо працуеш...

Аліна. Так, працую...

Красоўскі. Цікава ж, на якой ніве?

Аліна. У дзіцячым садку...

Красоўскі. Выхавацелькай?

Аліна. Нянькай...

Красоўскі. З глузду з’ехаць! Гэта ў цябе, мабыць, генная спадчына... Тут ануча, там гаршкі... Цікава, кім быў твой бацька?

Аліна. Гэткай жа сволаччу, як і ты...

Буслай. У нас у вёсцы адна цётка кожны дзень вокны мыла...

Красоўскі. А маўчаць у вашай вёсцы могуць?

Буслай. Могуць. Каровы, калі іх за цыцкі цягаюць...

Красоўскі. А быкі?

Буслай. Быкі рогі аб зямлю чэшуць...

Красоўскі (да Аліны). Дык вось, цябе ў любы момант могуць сустрэць, і мне шмат чаго давядзецца тлумачыць. Я не хачу апынуцца ў цікавым становішчы. Улічы, я ніводнага разу за жыццё не трапляў у недарэчнае становішча.

Буслай. Пражыў, як у бубен адбарабаніў...

Красоўскі. Адным словам, вось што: досыць шызаваць, сядай у машыну, паедзем дадому. Вечарам паедзем на дачу да Гарухіна. Ён абараніў доктарскую...

Аліна. Я з ім спала...

Красоўскі (не адразу). З кім канкрэтна? З гэтым (кіўнуў на Буслая) расстрыгам ці з дзеячам літаратуры, што прыгрэў цябе?

Аліна. З Гарухіным. З тваім сябрам. Толькі не трэба, не трэба рабіць выгляд, што цябе гэта хвалюе ці табе гэта не было вядома...

Красоўскі. Я ад цябе споведзі ніколі не патрабаваў...

Аліна. Дрэнна! Вельмі дрэнна. Кожнаму чалавеку патрэбна споведзь. Як святло, як вада, як хлеб...

Красоўскі. Ба! Які натхнёны выгляд. Сара Бернар! Плакаць хочацца!

Аліна. Паплач.

Красоўскі. Саромеюся старонніх...

Буслай. А хто такая Бернар?

Красоўскі. Вялікая актрыса.

Буслай. А чаму Сара?

Красоўскі. Таму што не Фрося. Ну, досыць, Аліна. Я дарую табе гэты літаратурна-драматычны ваяж, збірайся. Нам яшчэ трэба расстарацца мяса на шашлыкі. Ну? Прыгоды заўсёды тым і цікавыя, што яны калі-нікалі канчаюцца...

Аліна. Скажы, Красоўскі, у цябе калі-небудзь балела душа?

Буслай. Навошта яму душа, у яго гемарой ёсць...

Красоўскі. Як ты здагадаўся?

Буслай. Па вачах. Яны ў цябе задуменныя...

Красоўскі (дастаў ключы ад машыны). Усё! Паехалі... Ты ў гэтага казачніка грошы брала? Колькі? Мы пакінем іх тут на стале...

Аліна. Я нікуды не паеду...

Красоўскі. Тады адкажы, псіхапатка, чаго табе не хапала?

Аліна. Цяпла. Чалавечнасці. Веры.

Красоўскі (іранічна). Надзеі і любві...

Аліна (сур 'ёзна). Надзеі і любві... Ты, Красоўскі, злачынца...

Красоўскі. Цікава-цікава...

Аліна. Ты з мяне, жывога чалавека, зрабіў рэч. Прыгожую, зручную рэч, якая зрэдку была табе патрэбна. Зрэдку. А калі надакучвала, ты яе не зміргнуўшы вокам сплаўляў сваім сябрам... Госпадзі! Як я вытрымала ўсе гэтыя гады сярод бруду, шчырага, бессаромнага цынізму... Вы ведаеце... Вы — нежывыя людзі... Вы — мерцвякі...

Красоўскі. Што-што?

Аліна. Так... Мерцвякі... І ты, і Гарухін, і Драздоўскі... Дзеячы навукі! Вы ж нічога не робіце і ці рабілі калі-небудзь? Пляваць вам на навуку, на людзей, на саміх сябе... Зразумелі, што сэнс жыцця ў асалодзе! Вышэйшая мэта — асалода! Заплылі сэрцы, азызлі душы... Небыццё! Жывяце, як статак жывёл! Прынцыпы, прыстойнасць толькі знешне, на словах, а ўнутры...

Красоўскі. Досыць! Калі Гарухін здолеў зацягнуць цябе ў ложак, не трэба свой грэх перакладаць на іншых...

Аліна. Ён гэта зрабіў з тваёй маўклівай згоды, мой мілы... Гэтак жа, як і ты з яго Лялькай...

Красоўскі. Адкуль ты пра гэта ведаеш?

Аліна. А ён падзяліўся... Сказаў, што свабода — прыкмета нашага часу.

Буслай. Ну, браткі, вы і жывяце... Ёлкіна маць!

Красоўскі. Заткніся ты!

Буслай. А ты мне шпунт дай!

Красоўскі. Зараз...

Аліна. Пакінь яго ў спакоі. Ён не горшы за цябе і мяне... Можа, нават лепей. Проста няшчасны чалавек...

Красоўскі (не адразу). Ну, добра... Мы благія, амаральныя, цынічныя... А ты сама? Калі ж ты чыстая такая, як жа гэта ў цябе атрымалася з Гарухіным?

Аліна. Проста... Хацела стаць такой, як і вы... Замуж жа я за цябе здолела выйсці, гэтулькі гадоў здолела жыць, як пакаёвая балонка з блакітным банцікам на шыі... Захацела эмансіпіравацца да канца! Цьфу! Слова ж якое паганае! Ну, а Гарухін заўсёды быў гатовы дапамагчы... Я думала, што доўга пакутаваць не буду. Душа прымае бруд гэтак жа, як і святасць... Анямее, і ўсё. Памрэ, іначай кажучы... Я і старалася ўсё зрабіць для гэтага. Вельмі ўжо цяжка жыць з жывой душой...

Красоўскі. Паслухай, ці не замнога? Раскажаш іншым разам... Пойдзем, прашу цябе...

Аліна. Я піла гарэлку, старалася напівацца, не звяртаць ні на што ўвагі, з Гарухіным звязалася... Але... Нічога не атрымлівалася... І вось месяц назад ехала я ад гэтага тлустага вепра, сябра сям’і, ад Гарухіна... З любоўнага спаткання ехала... Цьфу! Ехала ў электрычцы і плакала... Пусты вагон... Ліхтары мільгаюць і слёзы... І тут падыхозіць ён... Зірнуў на мяне, нават не сказаў нічога, толькі зірнуў, а мяне нібы гарачай хваляй дабрыні, спагады, жаласці абдало... Дзетдом успомніўся... Была ў нас выхавацелька Лізавета Андрэеўна... Кожную нядзелю па чарзе вадзіла нас да сябе на кватэру... Малочным супам карміла... Тых, хто дрэнна вучыўся, часцей вадзіла... Я з-за гэтага двойкі старалася атрымліваць... Толькі яна так глядзела... Я ад гэтага позірку паднялася і ўсё расказала яму. Усё! І пра цябе, Красоўскі, і пра Гарухіна, пра сябе... Доўга расказвала, да самага горада... Ён выслухаў і кажа: ты ж прастытутка! Проста так, як быццам сказаў, што ў мяне прыгожыя валасы... Сказаў — і ў вочы глядзіць... Мне адразу лягчэй стала... Менавіта гэта слова мне павінен быў нехта сказаць... Ён сышоў... Я пайшла ўслед.

Красоўскі. Бяздомныя сучкі заўсёды гаспадара шукаюць...

Аліна. Красоўскі! Так, як ты мяне абражаў раней, мяне ўжо ніхто ніколі не зможа абразіць...

Красоўскі. Ну, далей, далей...

Аліна. Далей нічога не было... Ён прывёў мяне дадому, напаіў чаем, супакоіў, паклаў спаць...

Красоўскі. Побач?

Аліна. Тут не тыя меркі, Красоўскі. Для гэтага чалавека жыццё і ўсё лепшае, што павінна ў ім быць,— святасць...

Красоўскі. Чытаў я прымітыўныя казачкі гэтага святога пісакі. Бяздарнасць! Усе кнігарні забітыя яго шэранькімі шэдэўрамі... Ніхто не купляе, і ніхто не чытае...

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Драгун.

Драгун. А вы, здаецца, прачыталі?

Красоўскі (не разгубіўся). Давялося. Павінен жа я ведаць, што крэмзае чалавек, які спіць з маёй жонкай.

Драгун. Раней, наколькі мне вядома, гэта вас не цікавіла...

Красоўскі. І раней і цяпер я ніколі не дараваў абразы. Нікому. (Б’е Драгуна па шчацэ.)

Драгун збялеў, увесь напружыўся. Аліна падбегла, схапіла яго за рукі.

Аліна. Саша, мілы, я прашу цябе, не трэба... Не чапай яго! Чуеш? Не чапай... Даруй яму... Табе нельга яму адказаць тут. Нельга! Хочаш... Хочаш, я стану перад табой на калені? Даруй яму...

Буслай. Яму, можа, і нельга, а я паспрабую...

Красоўскі. Ну, ну... Паспрабуй, лішэнец...

Буслай. Зараз як гваздану па разумнай лысіне — вушы адклеюцца.

Аліна. Супакойся! Ідзі, Красоўскі. Чуеш? Прэч адсюль!

Драгун (ужо спакойна). Ідзіце... Я не кажу «вон», таму што гэта не мая кватэра... Ідзіце. Тое, што вы згубілі, немагчыма вярнуць ні аплявухай, ні прыгожымі словамі, ні пагрозамі... Ідзіце.

Красоўскі. Та-а-ак... Значыць, ты не пісьменнік? Памылачка атрымалася... Прыношу свае прабачэнні...

Драгун. Прабачце спачатку самому сабе. Астатнія вам даруюць...

Красоўскі (раптам закрычаў). Што гэта ў вас тут?! Што?! Чаму вы так гледзіце?! Я гэту вашу секту разганю! Я вам пакажу споведзі, душэўныя размовы! (Да Аліны.) Ану, збірайся зараз жа і паедзем! Папярэджваю: калі ты тут застанешся, у твайго казачніка будуць зямныя непрыемнасці... Не сумнявайся, я ведаю, куды звярнуцца...

Драгун. Ніхто не сумняваецца...

Буслай. Ананімку нашрайбай... Пракурору. Маўляў, так і так... Людзі хочуць быць людзьмі. Непарадак.

Красоўскі (да Аліны). Паедзеш?

Аліна разгублена маўчыць.

Драгун. Не смей, Аліна... Чуеш, не смей!

Красоўскі. Апошні раз пытаюся... Паедзеш?

Аліна. Не!

Красоўскі. Ну, добра, хрыстосікі прыпадачныя... Я вас завалаку на галгофу! (Выходзіць.)

Паўза.

Буслай. Дык дзе ж ваш гаспадар?..

Драгун. Ён хутка прыйдзе...

Зацямненне

 

Хата старых Буслаёў. Маці стаіць на каленях перад пустым кутом.

Маці. Ды каб цябе чэрві не елі на тым свеце, ды каб на тваёй магілцы трава не расла, каб цябе ні неба, ні зямля не прынялі ніколі... Даруй, Божухна... Ніколі нікога не праклінала... Не магу... Як жа гэта ты дазволіў, каб нейкі ірад, нячысцік паганы прыдумаў гэту поскудзь, гэта зелле праклятае на згубу, на здзек людзям?.. Усё ж на зямлі на радасць створана... Сонца свеціць — радуйцеся, дожджык зямельку мые — радуйцеся, людцы! Хто ж гэта пітво прыдумаў, каб яму сваёй крывёй апрэгчыся... Сыночак мой! Ці ж дзеля таго я цябе радзіла, малаком са сваіх грудзей выкарміла, ад бяды-ліха зберагла, каб ты такую нялюдскую смерць прыняў праз гэту атруту пякучую...

Уваходзіць Ніна. Ёй гадоў трыццаць пяць. Прыгожая. Вясковае жыццё не паклала адбітак на яе знешнасць. Стройная, добра апранутая, прычэсаная. Гаворыць знешне спакойна, аднак бачна, колькі душэўных намаганняў каштуе гэты спакой.

Ніна (не адразу). Добры дзень, цётка Маруся...

Маці. Для цябе, можа, і добры... Чаго прыперлася? Што табе трэба?

Ніна. Дзядзька не прыехаў яшчэ?

Маці. Ну што, дачакалася? Вольная, як птушка, цяпер... Радуйся.

Ніна. Так, мне толькі радавацца... Прыдумаць не магу, дзе, у чым і перад кім так саграшыла, што пяты год гэткі цяжар, гэткую пакуту нясу на сваіх плячах...

Маці. Гэта ў цябе цяжар? Гэта ў цябе пакута? Як толькі твой язык паварочваецца такія словы гаварыць, сучка ты... Ты ж яго на той свет папіхнула! Ты! Адраклася ад яго, да Міколы збегла... Яго сам-насам з бядой пакінула, сына, крывінку яго, адабрала...

Ніна. Вы ўсё што заўгодна кажыце, мне цяжэй не будзе... Хоць у твар плюньце... Я ледзьве не памерла гэтай ноччу, калі пазваніў участковы з Цыбулек... Здранцвенне нейкае найшло, холад па ўсім целе... Бы замерзла там, у Дубровенску, разам з ім... А можа, гэта і не ён там?

Маці. Каб жа... каб жа не ён...

Ніна. Цётачка, мілая, я ж кахаю яго...

Маці. Мёртвых заўсёды любяць... А яму жывому твая любоў патрэбна была... Ды што там любоў! Хоць бы дапамога! А ты...

Ніна. А што? Што я магла зрабіць? Чым дапамагчы?

Маці. Не кідаць аднаго! Волі вам багата далі. Я б вас, круцёлак гэткіх, што ад жывых мужыкоў бегаюць, пад суд бы, пад суд... Спакон веку такога бязладдзя не было. Чацвёра сходзяцца, васьмёра разыходзяцца! А каб і мы так! А каб і дзяды вашы так?! Што тады? Перавёўся б род людскі...

Ніна. Я з ім пяць гадоў мучылася...

Маці. А я са сваім пяцьдзесят мучаюся! Ты што ж думаеш, у нас толькі купальскія кветкі ў жыцці былі? Усё было. Цярпела! Я цярпела, і ён цярпеў... Жыццё — гэта не цукерчына... Гэта жыццё! А вы ад яго толькі салодкага хочаце! А хто горкае есці будзе?

Ніна. І я б цярпела. Калі б яго гора якое напаткала. Цярпела б... Я яго з лыжачкі карміла б, як дзіця малое, сваімі слязьмі кожную раніцу яго абмывала, гаршкі з-пад яго выносіла і была б шчаслівай... А такога... Ён жа і на чалавека стаў не падобны! Азызлы, вочы пустыя, начамі зубамі скрыгатаў, а днём хадзіў, як пабіты сабака... І я ж вінаватая? І мяне ж праклінаць трэба?! Эх, цётухна...

Маці. Біцца за яго трэба было! Біцца!

Ніна. З кім?

Маці. Хоць з д’яблам, хоць з Богам...

Ніна. Усё я рабіла... Усё, што толькі можна было... Ласкі жаночай пазбаўляла...

Маці. Знайшла выйсце...

Ніна. Апошні год не спалі разам. А яму на ўсё гэта напляваць! Піў, піў, піў! Гэта пахучая поскудзь усё можа замяніць: жонку, сына, маці, радасць, сэнс жыцця, будучыню... Усё! І з цвярозым размаўляла. І ўпрошвала, і пагражала, і зразумець старалася... А ён толькі адно: страшна мне, Ніна... Не ведаю, ад чаго, але страшна... Не разумела! Ну як жа было жыць далей? Цярпець, пакутаваць, як вы раіце? У мяне адно жыццё, цётка, адно! Мне хочацца жыць, радавацца, абдымаць цвярозага здаровага мужчыну... А за мае пакуты і слёзы мне ніхто не заплоціць...

Маці. Во! Вам плата за ўсё трэба... Вы за кожнае добрае слоўца хочаце па ведамасці атрымаць. Як пенсію... А вось я сваё жыццё бясплатна пражыла... І гэтулькі працавала бясплатна... І ў вайну з голаду і холаду ў партызанах бясплатна гібела... Хто ведае, ці не заплоціць мне хто-небузь дзе-небудзь за ўсё... Ці не аддасі гэтую самую плату, якую я не чакаю і на якую не спадзяюся...

Ніна. Мы маладыя, нам пра гэта думаць нельга...

Маці. Пра ўсё трэба думаць, дзеўка, пра ўсё...

Уваходзіць Фядос Шаргаёў. Аднагодак Андрэя. Высокі, сухі, заўсёды нейкі ўрачыста-ўсхваляваны. Стан яго зразумець цяжка: нешта сярэдняе паміж лёгкай апахмелкай і хранічным пахмеллем.

Шаргаёў (з парога). Вось... прыйшоў. Сэрца прывяло, такскаць... Прыйшоў, значыцца, засведчыць... І паспачуваць. Мы з Андрэем сябры былі неразлучныя, мы з ім у лапту рэзаліся... і з урокаў разам уцякалі... Мне цяпер цяжка. Гора маё сэрца грызе, як свіння рэпу... Калі б галава не балела — заплакаў бы...

Маці. Што ты пляцеш тут, боўдзіла драўлянае?

Шаргаёў. Спачуваю. Мне ля магазіна ўсё расказалі... Так што, калі трэба магілку выкапаць,— я тут... Дзела, праўда, невясёлае, але для Андрэя Шаргай што хочаш зробіць! Я для Андрэя сам у труну залезу, таму што чалавек ён быў з шарыкамі ў галаве і з болем у сэрцы...

Маці. Глядзі ты! Прыляцеў крумкач на здабычу... Магілку ўжо сыну майму капаць сабраўся, каб цябе ў мурашнік закапалі! А мо гэта і не Андрэй там саўсім? А ты яму магілку?

Шаргаёў. Калі не Андрэй, я яе зноўку закапаю... А выкапаць, цётка, трэба... Прымха такая... Выкапаеш, як быццам смерці кукіш пакажаш... А не трэба, дай Бог здароўя, я яе закапаю з радасцю... Для Андрэя я што хочаш зраблю...

Маці. На памінкі захацелася, паганая твая душа! Сябру свайму магілку гатоў выкапаць, абы толькі бельмы заліць свае...

Шаргаёў. Не з-за гэтага, цётка... Ты мне ў сэрца стрэмку не заганяй. Шаргай, можа, розум свой прапіў, здароўе прапіў, але сумленне... Я навогул на памінкі магу не прыйсці, а магілку выкапаю... Скажы толькі дзе: побач з Настулькай ці каля дзеда з бабай?

Маці. Пайшоў вон, ірад! А то во вазьму чапялу ды па мазгаўні тваёй дурной! Я табе выкапаю!

Шаргаёў. Не крыўдую. Таму што разумею — гора. Зямля цяперака мёрзлая, работы шмат, ломам дзяўбці трэба, а ў мяне рукі трасуцца... Адну толькі грамульку трэба... Ці рублік. І ўсё зраблю як мае быць... Ямачку акуратна і снег ад яе адкіну, каб, такскаць, утульна было і вада не замачыла...

Маці. Во-он!

Шаргаёў. Я не за грошы, вядома, а засведчыць... І таму, што рукі трасуцца... А там ломам трэба...

Ніна (не вытрымала, дастала з кішэні грошы). На, нягоднік, на табе траячку, толькі ідзі адсюль... Марадзёр!

Шаргаёў. Я мо і марадзёр, але за Андрэевага сябра замуж не выходзіў... (Грошы бярэ.) Толькі рублік, на чырвонае... Рэшту прынясу.

Маці (ускочыла). Ну, ідзі, капай! Ты ж яму ўжо пры жыцці магілку выкапаў, калі спайваў яго ў сталоўцы штодня...

Шаргаёў. Памылачка! Частаваў ён мяне, не я... З маімі заробкамі і вераб’я не пачастуеш...

Маці. Ты ж яму яшчэ два гады таму і труну падрыхтаваў, і кашулю на смерць, і магілку... Ідзі, каб ты з галавы выйшаў, дарабляй сваё чорнае дзела! І вось яе забяры... Яна дапаможа! А прыйдзе яе кабель, я і яго выпраўлю на кладзішча сябруку яміну капаць... Ідзіце! Пахавайце чалавека, які ад сваёй маці адарваўся, а сярод вас прытулку не знайшоў... Ідзіце!

Шаргаёў. Не крыўдую. Таму што — гора. (Выходзіць.)

Ніна (праз слёзы). За што вы мяне гэтак? Вой, як цяжка... (Хапаецца рукой за сэрца.) Вой, што гэта? Я ж за ім услед магу пайсці... А Рыгорка, сыночак наш?.. Не трэба са мной так... Нават калі я і вінаватая... Усё адно не трэба... Мне не лягчэй, чым вам, цётка... Я за гэтыя гады такое перажыла — ворагу грэх пажадаць... Думала, з Міколам мне добра будзе, са школы ж кахае мяне... А мне яго каханне горай за пакаранне... Я і цяпер Андрэя вашага люблю... І Мікола гэта бачыць... Ён за гэтыя гады нацярпеўся са мной... Усё бачыць, усё разумее. Ніколі не кахала я яго, не кахаю і пакахаць не змагу... Да Андрэя маё сэрца прывязана... Не трэба так са мной...

Старая кідаецца да Ніны.

Маці. Заплач, чуеш, заплач... А то ў тваё сэрца зараз слёзы ўліваюцца, а гэтага не дай Бог... Заплач...

Ніна. Нельга мне плакаць. Зараз Мікола вярнуцца павінен... Не хачу, каб на яго сэрца слёзы капалі... Хай ужо на маё...

Гул матацыкла. Маці скамянела.

Маці. Прыехалі... Госпадзі, твая воля, пранясі... Зрабі так, каб гэта не ён быў... Каб толькі не ён... Забяры ж ты ўжо лепей мяне, а яго пакінь жыць... Дзеля чаго ж я тады жыла, за жыццё чаплялася, аддавала ўсё, што толькі магла аддаць? Мне ж цяжка паміраць будзе... Коласам пустым у зямлю лажыцца...

Ніна. Толькі б не ён, толькі б не ён...

Уваходзяць Бацька і Мікола. Бацька моўчкі пачынае распранацца.

Маці. Ну?

Бацька. Што?

Маці. Ён ці не? Ну не маўчы ж ты, пень стары! Рэж ужо адразу...

Бацька. Ён...

Маці. Ты яго сам бачыў?

Бацька. Бачыў. У трупярню міліцыя вадзіла. Ляжыць голы, зморшчаны, счарнелы, правае вока не закрыта... Сказалі, што з Новага года пад сугробам каля дарогі... Маразы тады былі лютыя, ды яшчэ з завірухай... Адпачыць лёг... Во і адпачывае... І бутэлька ў кішэні нявыпітая размерзлася... Не папіў усю... (Дастае струхлелы пашпарт.) А во і пашпарт... У сельсавет трэба занесці...

Маці (раптам вельмі спакойна). Не-е, Божухна, няма цябе на свеце... Што хочаш са мной рабі, але няма цябе... (Да Бацькі.)Ці дужа ж страшны?

Бацька. Гэтулькі ляжаць пад снегам... Толькі па вопратцы і пазнаў... Тут жа, у сельмагу, паліто куплялі... Ніна во яшчэ купляла... Дый пашпарт у кішэні... Па пашпарту і нас знайшлі... Пайду да старшыні машыну прасіць... Дай грошай якіх-небудзь... Труну ў горадзе абяцалі дастаць па дзяшоўцы... Ай, сынок, сынок... Грэх які раней за бацькоў смерць прымаць...

Мікола (да Ніны). Ідзі дадому, Ніна...

Ніна. Я тут пабуду... Мо дапамагчы што трэба будзе...

Мікола. Як хочаш. А дзе Рыгорка?

Ніна. Да маці занесла...

Бацька. З’ездзіш са мной, Мікола?

Мікола. Навошта?

Бацька. Дапаможаш... Не з міліцыяй жа мне яго грузіць...

Мікола. Добра...

Бацька (да Маці). Маруся, схадзі да каго, каб магілку выкапалі... Злева ад Настачкі... А ўжо з дзядамі мы ляжам... Ай, сынок...

Маці. Шаргай ужо наняўся... І аванс узяў.

Бацька. Ну, Шаргай дык Шаргай... Дзела такое... Пойдзем, Мікола...

Выходзяць. Старая ўздыхнула, выцерла слёзы, спакойна і ўрачыста пачала рыхтаваць хату да хаўтур. Ніна як анямелая стаіць пасярэдзіне і не зварухнецца. Маці выключае радыё, якое недарэчна гучна гаворыць у хаце, падышла да ходзікаў, спыніла маятнік, пакорпалася ў куфры, дастала дзве чорныя хусцінкі, завесіла люстэрка, тэлевізар. Ніна здранцвела назірае за ёй. І раптам крычыць, апускаецца на падлогу, плача. Старая робіць сваё.

Заслона

 

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Хата Буслаёў. Усё па-ранейшаму. Радыё маўчыць, ходзікі стаяць, на люстэрку і тэлевізары чорныя хусцінкі. На сцяне з чорнай стужкай партрэт Андрэя Буслая. Пасярэдзіне стол, на ім хлеб, салёныя агуркі, сала, малако, шклянкі. З могілак вяртаюцца Маці і Бацька, Ніна і Мікола.

Марудна-марудна распранаюцца, маўчаць. А пра што гаварыць?

Бацька. Ну што, будзем сядаць, га?

Маці. Пачакаем крыху... Бульбу пастаўлю, пакуль зварыцца — Шаргай магілку закапае... Божухна ты мой літасцівы, за што ж ты на нас так угнявіўся?

Бацька. Ціха! На кладзішчы адплакала-адгаласіла, а тут нечага... Тут памінаць трэба... (Да Ніны.) А Рыгорка дзе?

Ніна. Да маці завяла... Змёрз на кладзішчы... «Мама, мароз за вушкі кусае, апрані шапачку...» Што яму тут рабіць?

Маці. Як гэта што? Як гэта што? Гэта ж яго бацька!

Бацька. Ціха, я сказаў!

Маці. І каб на чужое прозвішча яго і не думалі запісваць! Чуеце? А то ў суд завалачэм...

Мікола. Не запішам. Толькі яму ўсё адно: Андрэевічам расці ці Мікалаевічам...

Маці. Нам не ўсё адно.

Мікола. Ён не запомніць нічога... Запамінаць не было чаго... Хіба што кладзішча... Калі мароз за вушкі кусаў...

Ніна (да Маці). Можа, вам дапамагчы што, цётка Маруся?

Маці. Ты ўжо дапамагла... Сядзі.

Ніна (ледзь не плачучы). Цётачка...

Бацька. Сціхніце! Каб ні гу-гу! Ніхто! Моўчкі памінаць будзем. Без слоў.

Мікола. Сапраўды. Што гаварыць?

Бацька. І ты маўчы.

Мікола. Буду. Што ж мне яшчэ рабіць?

Ніна. Коля...

Мікола. Што, Ніна...

Маўчаць. Толькі капёж чуваць на вуліцы. Там вясна.

Уваходзіць Шаргаёў.

Шаргаёў (узрушана). Усё! Няхай ён нам і дзіцятку свайму сніцца... Сябар наш, такскаць, муж і бацька... Чэсць, такскаць, ад усіх добрых людзей і ад бацькоўскіх... Не, не! Ад дзядоўскіх касцей... Я ў аборку вербалозіну ссек, каля ног пасадзіў... Сонейка прыгрэе, коцікі пойдуць... Хай у цяньку ляжыць Андрэйка наш дарагі...

Бацька. Сядаем...

Маці. Бульба ж не зварылася.

Бацька. Потым падасі... Ніна, Мікола... Чаго вы адно на аднаго надзьмуліся, як мышы на крупы?

Мікола. У гонар памяці...

Ніна. Коля...

Бацька. Сядайце... Ды не, побач сядайце... Нічога. Ён не пакрыўдзіцца... Няма за што... Нясі, Маруся...

Маці. Не зварылася яшчэ...

Бацька. Гарэлку нясі...

Маці. А яе няма!

Бацька. Я ж купляў...

Маці. А я за хлеў выліла! Не дазволю! Атрута гэта яго ў зямлю звяла і яе ж на памінках піць? З таго свету душу ягоную заклікаць да чаркі? Не дазволю!

Бацька. Ладна, до табе галаву дурыць... Нясі!

Маці. Няма! Выліла! І бутэлькі пабіла аб вугал...

Шаргаёў. Ёлкі-маталкі! Ужо ж магазін зачынілі! Што ж гэта будзе? Памінкі без гарэлкі... Грэх...

Маці. Перад д’яблам грэх! Перад д’яблам! Гэта ён прычапіў да роду чалавечага гэта зелле... Ён зрабіў так, што яно ідзе за ім ад першага крыку да апошняга стогну... Вось малачко, малачком памінайце! Яно з маіх грудзей, яго ў партызанах ад смерці ўратавала... Малачко святое... Яно пасля вайны галадаць яму не давала... Налівайце! (Падышла да стала, наліла з банкі малака ў шклянку.) Хадзі, сыночак мой, малачко піці, кашу есці... Хадзі, дзетка... (П’е.)

Усе глядзяць.

Шаргаёў. Што ж гэта атрымліваецца? Магілку капаў, на холадзе адубеў, вярбу пасадзіў — і на табе...

Маці. А-а-а, нячыстая твая душа! Прызнаўся! З-за гэтай поскудзі прыйшоў сюды... Не памянуць сябрука, не слязой па ім капнуць, а назюзюкацца да ікаўкі!

Шаргаёў. І не з-за гэтага! Я магу саўсім не... Зусім. Калі захачу! Але я не кітаец, ёлкі-маталкі, не ёг індыйскі, каб сябра, з якім на адной парце сядзеў, сырадоем памінаць... (Да Бацькі.) Дзядзька Міцік, пазыч пяцёрку... Я ў Цыбулькі злётаю, пляшку куплю...

Маці. Я яе табе на галаве разаб’ю, п’янтос няшчасны! Ты ж ужо сам з чортам пад ручкі ходзіш, табе ж самому смерць у вочы глядзіць! Дапіўся...

Шаргаёў. Не крыўдую — таму што гора. (Рашуча падымаецца.) Пайду ў маці траячку выпрашу... І на магілцы яго памяну... Пад крыжам.

Бацька. Сядзь...

Шаргаёў. Калі так — няхай так...

Бацька. Сядзь, я табе сказаў! (Да жонкі.) І ты сядай, Маруся... Сядай... Не ў гэтым справа... Не ў гэтым...

Маці сядае.

(Выходзіць у сенцы, прыносіць дзве бутэлькі гарэлкі. Ставіць на стол.) Налівай, Мікола... Нічога, налівай... Не ў гэтым справа... Вяроўка не вінаватая, калі чалавек з яе пятлю для свае шыі зробіць... І гарэлка не вінаватая... Па мне, яна хоць рэчкай цячэ, хоць з неба дажджом льецца —нічога не прап’ю... Не было калі мне за сваё жыццё напівацца... Часцей ад гора-злыбяды п’яны хадзіў, аж хістаўся. З чатырнаццаці гадоў за гаспадара... З чатырнаццаці гадоў сям’ю кармлю... І ці толькі сям’ю?.. Калі ж тут піць? Вады з калодзежа не заўсёды быў час напіцца... А цяпер людзі перасталі сябе карміць... Толькі грошы зарабляюць, пра грошы думаюць... А пра хлеб свой святы і думаць забыліся... Пустэча ў душы, во яны яе і заліваюць... Налівай, Мікола...

Шаргаёў. Як то перасталі? Ты мяне корміш, ці што?

Бацька. Кожны павінен ад зямлі ўсё браць... Сам... Хлеб, ваду, соль... А вы ж на сталоўкі перайшлі, забыліся пра ўсё... Вы ж у гэтых сталоўках толькі закусваеце... Во, Ніна, давалі ж вам з Андрэем кавалак зямлі... Калгас даваў... Чаму не ўзялі?

Ніна. А навошта? Мы ж даволі зараблялі, калгас кватэру даў... Навошта?

Бацька. Вось... Не патрэбна ўжо людзям зямля... І сын мой, нябожчык, ад яе адрокся... Ці ж мужчынская гэта справа бібліятэкарам быць, у клубе з бабамі песні развучваць? Сілу ж сваю аддаць трэба! Але хай сабе на трактар не сеў, хай сабе і ў клубе рабіў... Дык хаця б кавалачак гэтай зямлі лашчыў... Не захацеў... Грошы былі... А тое, што зямелька наша чалавеку дае, ні за якія грошы не купіш... Налівай, Мікола...

Мікола. Ну гэта вы, дзядзька, дарэмна на нас... Ці толькі ж з-за таго п’юць, што на зямлі не робяць?! І ў гарадах п’юць...

Бацька. А я, Мікола, не вучоны, што ведаю, як думаю, тое і кажу.... Пра горад кажаш? А хто ў ім жыве? Тыя ж, хто ўчора босымі вось па гэтай зямлі бегалі... Продкі іх спрадвеку, як ад малпаў род свой узялі, так і жылі на зямлі... Свае сілы, любоў, пот і здароўе ёй аддавалі, а яна іх карміла... Яны зямлі — зямля ім... Мір і згода былі... Хлеба ўдосталь не елі, а песні спявалі... Рукі былі мазолістыя, а сэрцы чыстыя... А цяпер рукі чыстыя, а сэрцы ў мазалях. З машынамі лягчэй жыць стала... Сам чалавек ужо нічога амаль не аддае, а толькі забірае... А гэта дрэнна! Гэта ўсё адно што глытаць паветра і не выдыхаць... Што ж будзе? Лопнеш! Ды я гэта і не пра цябе, Мікола... Ты піць не будзеш... Гора шмат бачыў у жыцці... А ад гора не п’юць, ад гора плачуць... А слёзы душу чысцейшай робяць...

Мікола. Дык няўжо ж ад добрага жыцця, ад радасці гэта бяда ў людзей?

Бацька. Ад радасці і так хораша... П'юць, калі ні гора, ні радасці...

Маці. Ды што гэта вы завяліся, як на сходзе?

Бацька. І то праўда... Чаго гэта мы? Налівай, Мікола...

Мікола налівае гарэлкі. Шаргаёў хапае шклянку, падымаецца.

Шаргаёў. Хачу тост сказаць.

Ніна. Ашалеў...

Шаргаёў. Мы сабраліся, такскаць, тут, за гэтым жалобным сталом... Родныя і блізкія... сябры, каб памянуць нашага дарагога... нашага...

Мікола. Замаўчы! Дзядзька, скажыце, хай ён моўчкі п’е!

Шаргаёў (разгублена). Я каб па форме...

Маці. Сядай ты ўжо... Не словамі добрымі памінаць трэба, думкамі. Шмат сталі людзі гаварыць... Шмат...

Шаргаёў сядае.

Бацька. Давайце...

Усе, акрамя Міколы, выпіваюць.

А ты, Мікола?..

Мікола. Не магу, дзядзька... Ні слоў, ні думак няма. Не крыўдуйце...

Маці. Ён жа тваім дружбаком быў... Ты ж з ім усё дзяцінства на вось гэтай печы праседзеў... З жонкай яго цяперака спіш, і думкі добрае пра яго не знойдзецца... Каб табе...

Бацька (грукнуў кулаком па стапе). Ціха, ёрш тваю ў лапці! Кажы, Мікола, кажы...

Мікола. Жыві доўга, дзядзька Міцік... Але вось калі мне давядзецца цябе памінаць...

Бацька. Давядзецца, дзе ты дзенешся... Не хапала яшчэ, каб я цябе памінаў...

Мікола. Дык вось... Калі давядзецца — плакаць буду... Як па родным бацьку не плакаў... Таму што ты дзеля мяне, чужога чалавека, некалі на злачынства пайшоў...

Бацька. Кінь ты...

Мікола. Памятаеш?

Бацька. Не...

Мікола. Гарод у нас адразу пасля вайны вымак, а карову пярун забіў... Бацька хворы ляжыць, а я з голаду пухну, маці вешацца ад гора хацела... І вось тады ты паўмеха зерня з калгаснага свірна прынёс нам... На хлеб!

Бацька. Не памятаю...

Мікола. Ты дадому зерне ніколі ў жыцці не насіў, Андрэй таксама недаядаў, а нам прынёс... Ты ж ведаў, што ў тыя часы за гэтае горкае зерне табе магло быць! Маці хлеба напякла... Тры боханы з блішчастай карычневай скарынкай... Толькі з печы дастала — мне лусту адрэзала... Я яго гарачым еў, губы апякаючы. З таго часу кожны кавалачак хлеба мне іх апякае... Я не толькі памяну цябе словам-думкай, я дзецям сваім, калі яны і ў мяне будуць, загадаю маліцца за цябе... За той гарачы хлеб...

Бацька. Я не абразок, маліцца не трэба... Дый не памятаю я...

Мікола. Я памятаю... Ну, а пра Андрэя... Ведаю, што так нельга, ды яшчэ мне, але... Няма ў мяне добрай думкі. Няма. Што мне, добрым словам успомніць за тое, што вось яе (кіўнуў на Ніну) адабраў у мяне?

Ніна. Коля, апамятайся! Успомні, дзе ты!

Мікола. Адабраў проста так, яна ж не патрэбна яму была... Прыгожае — значыць, маё! Успамінаць за тое, што мучыў яе гэтулькі год?! За тое, што я цяпер яго сына кармлю-рашчу і сэрца сваё любіць прымушаю? За тое, што шчасціла яму без меры ва ўсім? І за тое, што гэтым шчасцем ён ні з кім не падзяліўся?.. За тое, што і вам толькі гора прынёс?.. Не магу.

Шаргаёў (усхапіўся). Выйдзі, анархіст! Здурэў?! Так пра нябожчыка...

Мікола. А як яшчэ?

Шаргаёў. Толькі добрае...

Бацька. Чаму?

Шаргаёў. Завядзёнка такая... Па форме...

Бацька. Памерці — гэта ўсе паміраюць... Медалёў за гэта не даюць. Памерці — гэта не ў космас злётаць...

Маці (плача). Пень стары! Пра твайго роднага сына ды яшчэ на памінках такое, а ты... Вой, вылюдкі! (Да Міколы.) Дык а чаго ж ты прыпёрся тады, калі ў цябе гэткае ў сэрцы? Чаго прыйшоў?!

Мікола. Гора ваша разам з вамі выпіць... (П’е гарэлку.)

Зацямненне

 

 

Кватэра Максіма Пакутовіча. Вечар. Драгун адзін сядзіць каля акна.

Звоніць тэлефон. Драгун здымае трубку.

Драгун. Слухаю... Не, вы памыліліся, гэта не ён... Няма... Не ведаю, хутка прыйдзе... Я — ніхто... Што раблю тут?.. На зоркі гляджу... Не, без тэлескопа... А вы паспрабуйце, вельмі цікава... Добра, перадам... (Кладзе трубку.)

Дзверы асцярожна адчыняюцца. Уваходзіць Буслай.

Буслай (пахмурна). Хто ў церамочку жыве?

Драгун (запальвае святло). Заходзь...

Буслай. Здароў!

Драгун. Прывітанне... Як жыццё?

Буслай. Як у казцы. Гадзіну таму вешаўся...

Драгун (ашалела). Што-о?

Буслай. Сто! Вяроўку ў кацельнай за крук, другі канец на шыю і з катла ўніз!

Драгун. З глузду з’ехаў!

Буслай. Крук разам з цаглінай са сцяны выскачыў і я-ак гваздане па патыліцы! Ну і будуюць, ёлкіна маць! Павесіцца немагчыма!

Драгун (не адразу). Ну, што сказаць? Ідыёт... І ўсё... Сядай... Есці хочаш?

Буслай. Дай выпіць!

Драгун. Есці хочаш?

Буслай. Ідзіце вы к чортавай матары са сваёй спагадай! Праведнікі! Што вы са мной зрабілі? Чаму мне так мутарна? Мяне ўжо і гарэлка не бярэ!

Драгун. Не крычы!

Буслай. Дзе гаспадар?

Драгун. Хутка прыйдзе...

Буслай. Хто ён такі? Я ж пасля той праклятай ночы як і пад гіпнозам хаджу! У мяне сэрца баліць! Я галіцца пачаў!

Драгун. Падараваць электрабрытву?

Буслай. Пайшоў ты! Ты мне адкажы: адкуль ён усё ведае? Ты тады спаў, а ён маю душу ўсю ноч на кавалачкі рэзаў, як каўбасу... Ведаеш, што ён сказаў? Чалавечая душа — крыніца! З яе павінны чэрпаць! Калі не чэрпаюць — хоць малюсенькая ручаінка павінна вылівацца... А з маёй нічога не вычэрпвалася і не вылівалася! Ані кропелькі! Яна і пачала пакутаваць! Зацвіла, памутнела... Лужынай стала, а не крыніцай! Бруднай лужынай! Сорак гадоў хутка! Ніводнаму чалавеку дабра не зрабіў, нікога не сагрэў, ніводнага разу над чужым горам не паплакаў, дрэўца не пасадзіў! Толькі браў, грэўся сам каля іншых, з чужых дрэў галінкі ламіў... Во й дажыўся! Выйсці толькі на плошчу Свабоды, задраць галаву да месяца і завыць, як галоднаму ваўку. Чаго? Чаго ты лыбішся?

Драгун. Дай руку...

Буслай. Ідзі ты!

Драгун. Дай руку!

Буслай. Я табе па мордзе гэтай рукой дам... Табе і твайму гаспадару...

Драгун. За што?

Буслай. За праўду.

Драгун. Правільна зробіш...

Буслай. І скажы ж ты, паразіт, як усё хітра робіць! Дзевяць гадоў адно толькі і чуў: кінь піць! Не губі сябе! У цябе ж сям’я! Ты ж на чалавека не падобны! Кінь піць! А ён за ўсю ноч, што мы з ім гаварылі, ніводнага разу і не сказаў, каб я кінуў піць... За душу маю ўчапіўся, як кот кіпцюрамі... Ёлкіна маць! Я думаў, што гэтай душы ў мяне ўжо і не засталося... І ў вочы глядзіць, глядзіць... Ну, казачнік! Ну, дзед Міхед! Ты не ведаеш, чаму ён казкі піша? Чаму менавіта казкі?

Драгун. Мабыць, таму, што людзі цяпер сталі вельмі адукаваныя, разумныя, разважлівыя... І па старадаўняй звычцы з невуцтвам змагаюцца. Казкі разбураюць... Таму што казка — гэта ўвогуле няпраўда, а чалавеку ісціна патрэбна... Канечне, патрэбна... Але і казка таксама... Казка, песня...

Буслай. А я свайму сыну іх не расказваў, з жонкай ніводнай песні не спеў цвярозы... Саромеўся! Ведаеш, чым займаўся ўсё сваё пакручастае жыццё? Заробкамі! Каб дом быў, каб гарнітур быў, халадзільнік, водаправод, катлеты тры разы на дзень... І вось дом ёсць, гарнітур купіў, водаправод правялі, катлеты жрэм... Што далей? Машыну? Можна было і машыну... А далей? Дачу? У вёсцы жывём — дача не патрэбна... Усё!!! Прыехалі, хлопчыкі... Выпрагайце коней, налівайце чаркі... Вось я яе і наліваў штодня. І дакаціўся... Каб ён згарэў, твой казачнік!

Драгун. Чаму мой? І твой ужо таксама...

Буслай. Ну, на які д’ябал ён падабраў мяне тады на дарозе? Навошта душу мне развярэдзіў? Што мне рабіць?

Драгун. Пачынаць усё спачатку...

Буслай. Дык ужо ж сорак гадоў!!

Драгун. Што зробіш, калі раней не атрымалася... Вінаваціць няма каго.

Буслай. Значыць, я ва ўсім вінаваты? Адзін я?

Драгун. А ты гэтага яшчэ не зразумеў?

Буслай. Брэшаш! І я табе дакажу... Выхоўваюць нас, рыхтуюць да жыцця, да жыццёвых цяжкасцяў і перашкод! Ці не так? Так... А дзе яны цяпер, гэтыя цяжкасці? Дзе? Пузаты дзядзя ў магазіне абураецца, што мяса не хапае? Ніколі не скажа, паразіт, што яму веры, мэты, чысціні не хапае... Мяса!!! Гэта цяжкасці? Абжорства! Нас не да гэтага трэба рыхтаваць! Жыццё дасць па зубах раз-другі, сам навучышся, дзе галаву трэба прыгнуць, а дзе зубы сціснуць. Не здохнеш! А вось да лёгкага жыцця, да таго, калі ўсё само плыве ў рукі,— ніхто не рыхтуе... Думаюць, што лёгкае лёгка перажыць можна! Чорта лысага! Блакаду мы перажывём, а вось ад сытасці перадохнем! Ты ведаеш, што мае бацькі перажылі на сваім вяку? Ворагу пажадаеш — Бог не даруе! Але ж жылі! А я... Падумаў аднойчы: дзеля чаго ж ты, Андрэйка, жывеш? Каб нашчадкаў пусціць на свет белы? Дык гэта і жабы робяць... Каб мае дзеці жылі лепей за мяне? А што значыць лепей? Лепей елі, лепей апраналіся, утульней спалі... І ўсё? Якая ж гэта мэта? Я ж жыву лепей за сваіх бацькоў, спакойней, утульней... Чаму ж мне гэтак мутарна? Чаму ў мяне душа баліць? Ці варта ўвогуле жыць, калі шчасце чалавечае толькі ў тым, каб смачней з’есці, мець прыгожую бабу, нічога не рабіць і атрымліваць кучу грошай?.. Ці варта?

Драгун. Ведаеш што? Каціся ты са сваімі адвечнымі пытаннямі далёка-далёка! Людзі жывуць не дзеля таго, каб лепей жыць, а каб лепей быць...

Буслай. Ага! Толькі іншым разам блытаюць адно з другім...

Драгун. Можа. Можа, і блытаюць. Але прыйдзе час, ён хутка прыйдзе, і яны зразумеюць, што толькі любоў, давер, спагада, глыбокая сумленнасць уратуюць іх ад пакут, сумненняў і душэўнага разладу... Што ўсе лозунгі, якія мы пішам і да якіх адносімся скептычна,— трэба прыняць! Душой прыняць! Прыйдзе час — прымем...

Буслай (паказвае кукіш). Во! Во з адной рукі, а во з другой... Во гэта во зразумеем, а во гэта прымем... Твой пісьменнік чудзік! І цябе зрабіў гэткім жа! Вы — чудзікі!

Драгун. Чудзік... Што ён такога асаблівага, дзіўнага зрабіў ці сказаў табе?

Буслай. Падабраў на вуліцы!

Драгун. Але ж...

Буслай. Маўчы! Нармальны чалавек праедзе міма, ну, а калі і спыніцца, дык здасць потым у міліцыю... А ён не здаў! І з табой няньчыцца, і з гэтай Алінай...

Драгун. Дык што ж тут дзіўнага, растлумач тым мне?! Звычайная чалавечнасць, звычайная спагада! Чудзік... Дафіласофстваваліся! На людзей, якія жывуць па законах сумлення, ашчаджаюць чысціню душы, не хлусяць, не прыстасоўваюцца, кажам — чудзікі... Ён перажыў некалі тое, што і ты... Лёгка жыў, але зразумеў, што лёгка жыць — цяжкі грэх... І цяпер амаль усё аддае іншым. Так трэба! Аддаваць, аддаваць, аддаваць. Больш аддасі — спакайней спаць будзеш, радасней жыць, нават смерць сустрэнеш з усмешкай... Што, ён чудзік таму, што лічыць цябе за чалавека?

Буслай. Я сябе за чалавека не лічу, а ён ліча! Навошта яму гэта? Што, яму больш займацца няма чым? Хай казачкі свае піша, а ў душу да мяне не лезе!

Драгун. Чаго ты прыйшоў?

Буслай. Сказаць гэтаму святому маразмаціку, што я яго ненавіджу!

Драгун (не адразу). Та-ак... Такім, як ты, мабыць, нельга пераступаць гэты парог... З табой толькі ў міліцыі і размаўляць... Ідзі! Чуеш? Зараз жа ідзі адсюль!

Буслай (злосна). Не, я яго пачакаю... Я і яму ўсё скажу!

Стук у дзверы.

А, вось і гаспадар! Заходзь, апостал цара нябеснага!

Уваходзіць міліцыянер. Трохі ўжо сівы, стомлены неспакойнай службай чалавек. Буслай аслупянеў.

Міліцыянер. Дазвольце?

Драгун. Добры вечар...

Міліцыянер (зірнуў на Буслая, потым на Драгуна). Пакутовіч Максім Данілавіч?

Драгун. Драгун Аляксандр Пятровіч...

Міліцыянер. Гэта дваццаць шостая?

Драгун. Так...

Міліцыянер. Але ж тут, здаецца, жыве...

Драгун. Максім Пакутовіч...

Міліцыянер. Дзе ён?

Драгун. Хутка прыйдзе.

Міліцыянер. А вы хто? Яго сябар?

Драгун. Не... Пацыент...

Міліцыянер. Што-што?

Драгун. Па-цы-ент...

Міліцыянер. Вы што, хворы?

Драгун. Выздараўліваю...

Міліцыянер. Так, так... Значыцца, усё ж правільна напісалі...

Драгун. Што напісалі?

Міліцыянер. А тое, што ў гэтай кватэры розныя дзіўныя рэчы вырабляюцца...

Драгун. Правільна напісалі...

Міліцыянер. Што сходкі розныя бываюць, размовы, людзі без прапіскі жывуць... (Да Буслая.) Вы таксама пацыент ці ардынатар?

Буслай (пахмурна). Медбрат...

Драгун. Ён ніякіх адносін да Пакутовіча не мае...

Міліцыянер. Але ж жыве тут?

Драгун. Не. Ён... Ён да мяне зайшоў... Проста так...

Міліцыянер. А вы тут жывяце?

Драгун. Як бачыце.

Міліцыянер. А дзе прапісаны?

Драгун. Паказаць пашпарт?

Міліцыянер. Дзе прапісаны?

Драгун. Вуліца Міру, сто пяць...

Міліцыянер. Чакайце, чакайце... Дык Драгун...

Драгун. Мой бацька.

Міліцыянер. Вунь яно што! Дык а чаго ж вы тут? Без прапіскі нельга...

Драгун. З прапіскай таксама. Пакуль што...

Міліцыянер. Ведаеш што, я міліцыянер, гэтыя вашы кантэксты-падтэксты не разумею... (Да Буслая.) А вы дзе прапісаны?

Буслай. Я...

Драгун. Няма чаго разумець. Тры месяцы таму я быў вызвалены па амністыі і за добрыя паводзіны...

Міліцыянер. Адкуль вызвалены?

Драгун. Ну, вядома ж, не з дому адпачынку...

Міліцыянер. Сядзеў?

Драгун. Не, не сядзеў. Лес пілаваў...

Міліцыянер. Пакажы пашпарт...

Драгун падае пашпарт.

За што сядзеў?

Драгун. Ні за што...

Міліцыянер. Ну-ну!

Драгун. Вы не нукайце! Я ведаю, што ў нас ні за што не садзяць... Было. Ішоў з дня нараджэння. П’яным не быў, але цвярозым таксама... Ну, і ўбачыў, што адзін даўгавязы падонак б’е дзяўчыну... Падбег, даў па мордзе. Той няўдала ўпаў — сатрасенне! Міліцыя, пратакол... П’яная бойка. Бацьку пазванілі... А той сказаў: судзіце шчанюка! Закон у нас для ўсіх адзін! Дайшло да суда. І вось на судзе гэта дзяўчынка бітая заяўляе, што я хуліган, чапляўся да яе на вуліцы з цёмнымі намерамі, а калі жаніх — той хлопец жаніхом аказаўся — хацеў заступіцца, я яго прыбіў. Суддзя пытае: так было?.. А я гляджу ў вочы гэтай нявесце і сам не ведаю, чаму адказваю: так!

Міліцыянер. Ну й дурань!

Драгун. Канечне, дурань... Хто ж яшчэ?.. Год і прыпаялі за дурасць. А бацька і на суд не прыйшоў. Ён у мяне прынцыповы...

Міліцыянер. Ад крыўды да яго і не вяртаешся?

Драгун. Ад злосці... Пакуль я знаходзіўся там, яна штодня, кожную секунду ў маё сэрца ўлівалася... У душы ўсё спрахла, у небыццё пайшло... Толькі злосць, толькі злосць... Я стаў нейкім дынамітным. Іскарку адну, і ўзарвуся... Ну нічога... Вызвалілі датэрмінова... Прыехаў у горад і пачаў выношваць план помсты... Як граф Монтэ-Крыста... Па-першае, з гэтай нявестай вырашыў зрабіць усё менавіта так, як яна расказвала на судзе!

Міліцыянер. З глузду з’ехаў!

Драгун. Па-другое, бацьку на вочы трапляцца як мага часцей у выглядзе затурканага няшчасцем чалавека... Але не размаўляць! Прага помсты даводзіць чалавека да ідыятызму... Але мне пашчасціла... Сустрэўся зусім выпадкова з Пакутовічам... І расказаў яму ўсё... Ведаеце, яму чамусьці ўсё хочацца расказваць... Слухаць, мабыць, умее...

Міліцыянер. І ён адгаварыў?

Драгун. Не... Па вуху даў...

Міліцыянер. Як?

Драгун. Кулаком. Сволач, кажа, з чым ты жывеш? Ідзі ўтапіся лепей, не ганьбі зямлю, якая нарадзіла цябе... За добрую справу, за высакародства пакуту прыняў? Ну й што? Малады, здаровы, што табе гэтыя чатыры месяцы? Я ўсяго чатыры месяцы адбыў... Ну, пакрыўдзілі, кажа, не разабраліся, але ж душа твая чыстая! Навошта ж ты ў яе бруд піхаеш? Ты ж, кажа, і ў галаву не возьмеш, з якой пакутай жыве гэта няшчасная дзяўчына... Яна сама сябе пакарала на ўсё жыццё! Ты ж ёй да самай старасці сніцца будзеш... А ўжо ні кахання, ні шчасця, ні радасці з тым вылюдкам, які падбухторыў яе на хлусню, ніколі не будзе... А ты помсціць, дурань! Калі даруем — гэта страшней за помсту... Супакойся, кажа, дай сэрцу адпачыць... А покуль злосць не выйдзе — пажыві разам са мной... Во і жыву.

Міліцыянер. Гэта як жа разумець? На кватэры, ці што?

Драгун. Як быццам... Лёгка з ім. Як у маленстве з маці — прылашчыць і пасварыцца... Казкі піша...

Міліцыянер. І колькі ён з цябе бярэ?

Драгун. Што з мяне можна ўзяць? На стыпендыю жыву... Ён мяне нават корміць...

Міліцыянер. Проста так?

Драгун. Не, з лыжачкі...

Міліцыянер. А бацька ведае, што ты тут?

Драгун. Не.

Міліцыянер. Дрэнна...

Драгун. Ужо ведаю... Страшны не той, хто робіць дрэннае, а той, хто не можа дараваць гэта...

Міліцыянер. Занадта мудра...

Драгун. Гэта ён сказаў...

Міліцыянер. Чакай, чакай... А што дрэннага твой бацька зрабіў? Ты яму расказаў, як усё адбылося?

Драгун. А ён і не спытаўся. Ён паверыў пратаколу...

Міліцыянер. Та-ак... А праўда, што кватэра тут не замыкаецца?

Драгун. Праўда...

Міліцыянер. Ніколі?

Драгун. Замка зусім няма.

Міліцыянер падыходзіць да дзвярэй, адчыняе, глядзіць.

Міліцыянер. Трэба ж... Ну, а калі залезе хто?

Драгун. Злодзеі, ці што? А хіба тут ёсць чым пажывіцца? Старэнькая пішучая машынка? Вось гэта лямпа? Тэлевізар? Ён яго не ўключае ніколі. Я не ведаю, ці спраўны ён...

Міліцыянер. Ну, а навошта?

Драгун. Што?

Міліцыянер. Без замка жыць? Навошта выстаўляцца? Што, ён лепшы, больш сумленны за іншых?

Драгун. Не. Ён лічыць, што людзі дабрэйшыя, чым ёсць... І трымае дзверы адчыненымі... У сваю хату і ў душу. А раптам хто зойдзе?

Міліцыянер. А ён нармальны? Як ты лічыш?

Драгун. А мы з вамі нармальныя? Як вы лічыце?

Міліцыянер. Ладна, чорт з вамі! Я праверыў пісьмо, што на яго накрэмзалі, — лухта! Гарэлкі не п’яце?

Буслай. Пілі б... Не даюць.

Міліцыянер. Ого! Загаварыў. А я думаю, чаму гэта ён такі задуменны і маўклівы?

Буслай. Сказаць няма чаго.

Міліцыянер. А бабы сюды ходзяць?

Драгун. Жанчыны ходзяць...

Міліцыянер. Ім можна. Ну, а што без прапіскі... Лічы, што я ў цябе пашпарт не глядзеў... Толькі да бацькі ўсё ж схадзі... Ты і сам хлопчык, я бачу, не цукровы... Шмат ад людзей патрабуеш... Трэба ад сябе патрабаваць.

Драгун. Ну во... Дзесяць мінут пабылі ў кватэры і ўжо загаварылі, як пісьменнік Пакутовіч...

Міліцыянер. Як міліцыянер я гавару, як міліцыянер...

Драгун. Вас бацька прыслаў?

Міліцыянер. Служба мяне прыслала. Сігнал. Ты не ведаеш, чаму людзі не любяць адзін аднаго?

Драгун. Ведаю. Таму што сябе не любяць.

Міліцыянер. Та-ак... Чым там яшчэ абураўся сумленны грамадзянін? А-а... Дае прытулак алкаголікам і іншым цёмным асобам... (Усміхнуўся.) Вось навучыліся людзі пісаць! Ну, а гэта як?

Драгун. Праўда. Недзе месяц таму ноччу падабраў на вуліцы чалавека і прывёз дадому. Не даў змерзнуць, прасцей кажучы... А ў чым тут крамола? Нават калі і цёмная асоба, дык што: лепей пакінуць яе здыхаць у гурбе снегу?

Міліцыянер. Ну ладна, ладна... Вух, вожык! Я ж нічога не кажу... Правільна зрабіў, што падабраў. А то вунь аднаго мне ўчора давялося падымаць... Усю зіму праляжаў пад снегам. Бацька родны прыехаў — пазнаць не мог... Паліто яго, кажа, пакажыце, тут і глядзець няма на што! Зірнуў на паліто, на пашпарт, далётаўся, кажа, бацян... Зламаў крылы...

Драгун. Чаму бацян?

Міліцыянер. Прозвішча ў яго такое мудрагелістае было... Як гэта? Ну, бацян, толькі неяк інакш...

Буслай. Бусел...

Міліцыянер. Во-во! Буслай... Я яшчэ падумаў: як быццам і наша прозвішча, а быццам і не... Рэдкае...

Буслай (раптам нервова зарагатаў). Ха-ха-ха!

Міліцыянер. Чаго ты?

Буслай. А адкуль ён?

Міліцыянер. З Цыбулькаўскага раёна.

Буслай (дзіка смяецца). Бэра!!!

Міліцыянер. Ты ведаў яго, ці што?

Буслай. Не-а! (Смяецца.) Гэта я... так....

Міліцыянер. А чаго ты рагочаш?

Буслай. Ды бацька яго... смешна так... Далётаўся бусел... Зламаў крылы...

Міліцыянер. Што тут смешнага?

Драгун (сам сабе). Жах! (Міліцыянеру.) Ну, а пахаваць яго паспелі?

Міліцыянер. Наўрад! Учора вечарам толькі забралі...

Драгун. А як вы даведаліся, што ён з вёскі?

Міліцыянер. Дык я кажу, пашпарт у кішэні быў... Прапісаны ў вёсцы, а бадзяўся чамусьці тут...

Драгун. Зразумела...

Міліцыянер. Ну, ладна, будзь здароў. Перадай гаспадару, хай замок паставіць... І начаваць абы-каго не пускае... А то і вышэй напісаць змогуць. І каб да бацькі схадзіў, а то я выселю цябе адсюль... (Буслаю.) Да пабачэння...

Буслай у адказ нервова смяецца. Міліцыянер выходзіць.

Буслай. А гэта ж я... Мяне... хаваць будуць... Чуў? Ты ўсё чуў? Зламаў бусел крылцы! Нябожчык!

Драгун. Ды кінь ты! Мабыць, аднафамілец...

Буслай (дрыжачым голасам). Не! Не! Паліто ў нас было адно на двух... Сваё ён прапіў...

Драгун. Хто?

Буслай. Бэра! Я ў яго ў кацельнай жыў... Аднойчы з раніцы рубель нашкрэблі на бутэльку «чарніла»... Бяжы. кажу, Бэра... Ён паліто і апрануў... А ў паліто пашпарт... Я ўжо і забыўся пра яго... Пайшоў, і з канцамі... І дзень няма, і два... І ўсю зіму...

Драгун. А хто ж працаваў заместа яго?

Буслай. Я...

Драгун. Чакай, чакай... Але ж усю зіму... Ён жа ў ведамасці распісвацца павінен быў... Няўжо не спахапіліся?

Буслай. Я і распісваўся заместа яго... А ён заместа мяне пад гурбай снегу ляжаў... Нябожчык я!

Драгун. Ды не, не можа быць... Супадзенне, мабыць...

Буслай. Прозвішча! Пашпарт без прапіскі! Раён! І Бэра прапаў! Нябожчык я! Нябожчык! Госпадзі! Маці сястру пахавала, і зноў хаўтуры ў хаце! Што ж з ёй будзе? Ма-ма!!

Драгун. Ну, Федзя Пратасаў! Ну... Зараз жа едзь дадому! Неадкладна! Ён сказаў, што забралі толькі ўчора... Можа, і не паспелі яшчэ? (Кінуўся да тэлефона, набірае нумар.) Алё! Дзяўчына, мілая, прышліце тэрмінова таксі... Як праз гадзіну? Вы што? Чалавеку дрэнна! Я ведаю, што вы не «хуткая дапамога», але зразумейце... (Паклаў трубку, сумна.) Зразумела... (Зноўку набірае нумар.) Добры вечар... Паклічце, калі ласка, Аліну... Добра, пачакаю... (Буслаю.) У цябе грошы ёсць?

Буслай (разгублена). Дзве капейкі... Толькі пажарнікам пазваніць.

Драгун (дастае з кішэні дзесятку). На!

Буслай. Апошняя?!

Драгун. Бяры, ёлупень! Хопіць?

Буслай. Не ведаю...

Драгун. Колькі кіламетраў?

Буслай. Да Цыбулек сто... А там побач...

Драгун. Зразумела... (У трубку.) Аліна? Гэта я, Драгун. Слухай уважліва: каля вашага садзіка, здаецца, прыпынак таксі... Зірні, стаяць машыны ці не? Стаяць? Хапай машыну і неадкладна прыязджай да Пакутовіча... Не, з ім усё нармальна... Нашаму філосафу дрэнна... Я табе потым усё растлумачу... Што? Сама не зможаш прыехаць?.. Ну добра, добра... Збегай на прыпынак і назад... Грошы ў цябе ёсць? Колькі? Аддай шафёру ўсе, упрасі яго ў Цыбулькі злётаць... Потым, Аліна, потым... Чакаем машыну. (Паклаў трубку.) Зараз паедзеш... Тут побач... Ашалець! У кіно такога не бывае...

Буслай (раптам заплакаў). Не крыўдуй на мяне...

Драгун. За што? Чаго ты румзаеш?

Буслай. За тое, што я гаварыў тут пра нашага казачніка... Сволач я! Нябожчык!

Драгун. Ладна! Не да гэтага цяпер...

Буслай. Ён, мусіць, сапраўды святы... І вас зрабіў святымі...

Драгун. Усе людзі на зямлі святыя... Толькі забываюць пра гэта... Значыць, так: прыедзеш, глядзі, адразу дадому не заходзь... З глузду ўсе з’едуць... Зазірні спачатку да каго-небудзь з суседзяў...

Буслай. Добра... Грошы я вам прышлю... Зараблю і прышлю...

Драгун. Як ведаеш... (Падыходзіць да сцяны, адчыняе бар, налівае вялікую чарку каньяку.) На, выпі...

Буслай. Не буду!

Драгун. Пі, табе кажуць, а то чокнешся, пакуль даедзеш...

Буслай. Ён жа сказаў: грэх перад прыродай... Злачынства...

Драгун. Калі не трэба — грэх, а калі неабходна — грэх не выпіць... Давай!

Буслай п’е.

(Глядзіць на вуліцу праз акно.) Машына! Пайшлі!

Буслай. Дзякуй... Дзякуй вам...

Выходзяць. Праз некаторы час Драгун вяртаецца. Паўза. Сядае ў крэсла,

пра нешта думае. Потым здымае трубку тэлефона, набірае нумар.

Драгун. Добры вечар... Гэта кватэра Драгуна? Прабач, тата, я ўжо забыўся твой голас... Прабач мне... Недалёка... Так, у горадзе... Мне можна прыйсці? Ты, можа, не так зразумеў мяне? Я кажу — прыйсці зусім, дадому прыйсці... Не, машыну не трэба... Я пехатой... Ведаеш што: завары, калі ласка, чаю... Вялікі чайнік у васільках... Разбіўся? Ну, усё адно завары... Каб на ўсю ноч хапіла... Толькі чай... Піць мы не будзем... У мяне і так шмат туману ў галаве... Я — хутка... (Паклаў трубку, хуценька сабраў свае рэчы, прысеў на хвілінку, абвёў позіркам кватэру, выключыў святло, выйшаў.)

Звоніць тэлефон.

Зацямненне

 

Вёска. Шаргаёва хата. Амаль такая ж, як і хата Буслаёў. Нікога няма. За вокнамі шапоча дождж. Уваходзіць Буслай. Ён увесь мокры, без паліто і шапкі. Цвярозы.

Буслай (спыніўся каля парога). Добры дзень у хату...

Ніхто не адказаў.

(Падышоў да печы, рукамі і тварам прытуліўся да яе.) Ах ты, мая родненькая... Цёплая, ласкавая, белая... (Пастаяў, падышоў да стала, узяў акраец хлеба, есць.)

На вуліцы чуваць песню. Шаргаёў вяртаецца з памінак.

Шаргаёў (уваходзіць п 'яны-п 'яны).

 

А-а-а-аб ёй мне баюць казкі-сны

На лі-іпе бусел клёкатам

І крык вароніных грамад

На могілкавым кладбішчы...

 

Буслай (паклаў хлеб). Здароў, Фядос...

Шаргаёў. Здароў... Лье, падла, у трыццаць струменяў з пырскамі... Вясна... Зямля піць просіць... Туман снег з’есць і траўк... траўк... аў... аў... (Вочы палезлі на лоб. Аслупянеў. Хаўкае ротам, прабуючы нешта сказаць.)

Буслай. Фядос! Слухай, Фядос...

Шаргаёў. Каў... каў...

Буслай. Хопіць каўкаць, я зараз усё растлумачу.

Шаргаёў (глядзіць вар ’яцкімі вачыма). І не баюся! Таму што цябе няма... Няма цябе! (Замахаў рукамі.) Кыш! Кыш, нячысцік... Ну выпіў трохі залішне — во і мроіцца ўсялякі опіум для народа... Кыш!

Буслай. Ты пазнаў мяне? Гэта ж я...

Шаргаёў. І не баюся! Я ўжо і чарцей надоечы бачыў... Зялёненькіх! У місцы з агуркамі «Лявоніху» гоцалі... Гарэлка ўсё... Ідзі, адкуль прыйшоў...

Буслай. Куды ісці?

Шаргаёў. Дадому, на кладзішча... А мяне не чапай... Я табе магілку выкапаў як мае быць... Пастараўся... Крыж там, вярбу пасадзіў, каб цянёк... Спяшаўся, праўда, каб на памінкі не спазніцца... Грэх, ведаю...

Буслай. Жывы я, разумееш, жывы!

Шаргаёў заплюшчыў вочы і доўга трос галавой, расплюшчыў вочы.

Фядос...

Шаргаёў. Людзі-і-і!!!

Буслай. Цьфу!

Шаргаёў падбег да парога, дзе стаялі вёдры з вадой. Зачэрпнуў кружку, выліў на галаву. Зірнуў на Буслая. Той не знікае. Шаргаёў зачэрпнуў другую, зноў выліў.

Ну, ачуняў?

Шаргаёў. Хто ты?

Буслай. Андрэй я... Андрэй Буслай...

Шаргаёў. Хто цябе выкапаў?

Буслай. Як выкапаў? Адкуль?

Шаргаёў. З магілкі... Ты памерлы... Я цябе закапаў паўдня назад...

Буслай. Гэта памылка, Федзя! Во ж я стаю, размаўляю з табой...

Шаргаёў. І ўшчыпнуць мяне можаш?

Буслай. Магу.

Шаргаёў. Ушчыпні...

Буслай падыходзіць, шчыпае яго за руку

Гы! Баліць!.. А памацаць цябе можна?

Буслай. Мацай, прыдурак...

Шаргаёў мацае.

Шаргаёў (здзіўлена). Цёплы... Дык як жа гэта? Чакай! Як цябе завуць?

Буслай. Я ж табе казаў...

Шаргаёў. Кажы, як завуць, зараза!

Буслай. Андрэем...

Шаргаёў. А маці як завуць?

Буслай. Чыю?

Шаргаёў. Тваю...

Буслай. Ды чаго ты дапытваеш мяне?

Шаргаёў. Кажы, а то хрысціцца пачну! Я хрышчоны, мне можна!

Буслай. Марусяй — матку, бацьку — Міцікам, цябе, дурня, — Фядосам, старшыню сельсавета — Патапчуком!

Шаргаёў. Патапчука знялі...

Буслай. Што яшчэ?

Шаргаёў. Дай мне ў вуха.

Буслай. Ідзі ты!

Шаргаёў. Ну дай, я, можа, кеміць пачну... Я ж, такскаць, толькі-толькі з тваіх памінак прыйшоў... Усё як мае быць... Пасядзелі, памянулі, выпілі за ўпакой...

Буслай (ашалела). Вы чужога чалавека пахавалі, а не мяне!

Шаргаёў. Як гэта? Цябе ж тыдзень назад міліцыя мёртвага знайшла ў Дубровенску...

Буслай. Гэта яны не мяне знайшлі... толькі паліто маё. Вось жа я, вось!

Шаргаёў. Бачу... І не разумею... Калі ты здань, дык павінен быць халодным, а ты цёплы... А ўсё было як мае быць... Бацьку пасведчанне аб смерці ў сельсавеце выпісалі... У Дубровенску пісаць не згадзіліся, таму што пашпарт знайшлі, а ў пашпарце прапіска: нашы Калодзічы... Так што ты не залівай... Мы цябе правільна пахавалі... Па форме.

Буслай. Ну, а маці? Бацька? Ты?! Няўжо вы не разабраліся, што гэта не я?!

Шаргаёў. Дык ты ж сапсаваны быў ушчэнт... Усю зіму, пад снегам... І труну нават не адчынялі... Толькі партрэт паставілі зверху...

Буслай. Ды не я гэта!! Не я!!!

Шаргаёў. Можа, і не ты, можа, і ты... На пашпарце быў? Быў... Паліто тваё? Тваё...

Буслай. Госпадзі! Жывога пахавалі!.. На кладзішча адвезлі... У зямлю закапалі... Жывога...

Шаргаёў. А ты не перажывай... Усё як мае быць! Па форме... Касцюм табе купілі за сто пяцьдзесят рублёў, гальштук у крапінку, чаравікі мадняцкія... Мяне, такскаць, як сябра твайго, магілку папрасілі... Я пастараўся... Роўненька, глыбока... Там труна старая нечая трапілася, дык я яе акуратненька абышоў, дно лапнікам заслаў, каб табе, такскаць, утульна там было, ёмка, суха...

Буслай (істэрычна). Га-а-ад!! (Б’е Шаргаёва па твары.)

Той пакаціўся па падлозе. Так-сяк падняўся на калені.

Шаргаёў (заплакаў). Ну, за што ты мяне? За што? Сам ведаю... усё... пра сябе... Ведаю, што нельга сябруку свайму магілку капаць... Грэх. Але выпіць, Андрэйка, хацелася выпіць... Ведаў, што дадуць... Калі гора — людзі шчодрыя на ўсё... І на грошы і на сэрца... Ведаў, што і на памінкі паклічуць... Вось чаму і ўзяўся за рыдлёўку... І сорамна не было... Я нейкі парог пераступіў, а дзверы за мной хлоп — і зачыніліся. Я ж ужо не жыву, а так... смылею, як галавешка... Ад чаркі да чаркі... Маці пасівела, жаніцца не змагу ўжо, грошай мне не даюць, толькі распісваюся ў канторы. Шаргаём дзяцей пужаюць... За што ты мяне? Я, можа, нават табе і зайздрошчу, таму што ты ўжо адмучыўся... Ты ўжо там... Табе лёгка...

Буслай. Матухна, мілая мая! Што ж гэта?

Шаргаёў (плача). Смерць, Андрэйка... Сука ты касая... Твая матка праўду мне сказала: глядзіць яна мне ў вочы... Вой, глядзіць... Учора, калі табе магілку ўжо выкапаў, сеў на дне на лапнічак пакурыць... Зверху вецер сцюдзёны, макрэча, неба шэрае за зямлю чапляецца, а ў яміне ўтульненька, ціха, ціха... Гліна жоўценькая, лапнічак зялёны, зямлёй пахне... І думаю сабе: А мо тут і лепей?.. Га, Андрэй?.. Мо і лепей? (Кладзецца на падлогу і засынае.)

Буслай, скамянелы, стаіць сярод хаты.

Хата Міколы. Ужо ноч. Стол. На стале бутэлька. Буслай з атупелым выглядам сядзіць насупраць Міколы. Той не міргаючы глядзіць на яго.

Буслай (расказвае дрыжачым голасам). Паліто маё апрануў і пабег... Пайшоў, і з канцамі... Я яго ўсю зіму чакаў... А яно вунь як атрымалася...

Мікола. Ну, а сям'я? Сваякі? Няўжо яго ніхто не шукаў?

Буслай. Якая сям'я, Мікола? Якая ў такіх, як мы, сям’я? Бабка ў яго адна была... Сектантка нейкая... Заявіла ў кантору, што п’яніца ўнучак, грошы ёй пасылалі, а яна яму па пошце трыццатку ў месяц пасылала на хлеб... А мы заместа хлеба «чарніла» пілі... Як быццам калі грошай чалавеку не даваць, ён і піць не будзе... Яшчэ больш будзе... Я і думаў, што ён да гэтай бабкі задаў лататы і моліцца разам з ёй... А ён... Памяняліся мы з ім месцамі... Што я перажыў, Коля, за гэтыя гадзіны, не дай Бог... Чуць не чокнуўся...

Мікола. Дадому не заходзіў?

Буслай. Ты што? Да Шаргая зазірнуў толькі... Я яшчэ ў горадзе выпадкова пра ўсё даведаўся... Агародамі прабіраўся па вёсцы, каб ні з кім не сустрэцца... Хацеў Шаргая папрасіць, каб да нас схадзіў, растлумачыў... Але ў яго вочы зусім залітыя... Налізаўся на памінках.

Мікола. Ён табе магілку капаў...

Буслай. Ведаю... Як жа маці паказацца? У яе ж сэрца разарвецца... Ты вунь ні ў Бога, ні ў чорта не верыш, а да гэтага часу белы як палатно... Як жа гэта вы так?

Мікола. Мы? А ты?

Буслай. Што пра мяне казаць?

Мікола. Не крыўдуй, але я нават узрадаваўся тваёй смерці...

Буслай. Ды не маёй! Гэта Бэра...

Мікола. Прабач... Вось, думаю, і ўсё... Скончыліся мае пакуты, мой боль... Дзесяць гадоў сэрца балела... Дзесяць гадоў! Калі на вяселлі тваім з Нінай гуляў...

Буслай. Дзе яна?

Мікола. Да маці пайшла начаваць...

Буслай. І Рыгорка з ёй?

Мікола. З ёй... І калі Рыгорка ў вас нарадзіўся, і калі бачыў, што яна хадзіла заплаканая... І калі прыйшла да мяне таксама балела! Ну скажы, ці любіў ты яе калі-небудзь хоць кропельку? ‘

Буслай. Не. Каб любіў, я б да такога не дакаціўся. Любоў чалавека ад усяго ратуе. Нікога я не любіў...

Мікола. Ужо два гады разам жывём... Я ёй сэрца сваё на патэльні падсмажыць гатовы, а яна цябе кахае... Цалую, лашчу яе — вочы закрывае, каб цябе на маім месцы ўявіць... За што? Чым ты заслужыў гэта? Чым? Чым я не заслужыў? Ну хіба я горшы за цябе?

Буслай. Лепшы, Мікола, лепшы, таму і не заслужыў... Мяне ўсе шкадавалі і заўсёды... А любоў з жалю пачынаецца...

Мікола. А чаму мяне ніхто не пашкадуе?! Толькі таму, што не п’ю? Таму, што нармальны чалавек? Але ж і ў мяне жывое сэрца! І ў мяне душа баліць... Я ж яе са школы кахаю...

Буслай. І скажы дзякуй Богу, што кахаеш... Шчаслівы не той, каго, а той, хто кахае... Вось як ты... У цябе штодня душа працуе, дзейнічае... А дзеянне — жыццё, вечнае аднаўленне... Прасі лёс, каб не ўсё ў цябе гладка атрымлівалася... Каб зрэдку ён табе гора пасылаў... Гора робіць чалавека больш чыстым... Праз сваё гора зірнеш на людзей і пашкадуеш... А я вось нікога не пашкадаваў. Не разумеў! Хацеў, каб толькі мяне шкадавалі і разумелі... А душа, яна не дурніца! Яна свайго патрабавала... А я яе глушыў гарэлкай! Толькі хто я такі ў параўнанні з душой?! У ёй увесь наш сялянскі род сядзіць: справядлівы, чысты, мудры, цвярозы... Мае хаўтуры даўным-даўно адбыліся, а не сёння па памылцы... Заснула душа... Яна не можа, каб нікога не пашкадаваць, каб толькі цябе шкадавалі! Яна не можа гэтага вытрываць...

Мікола. А цябе і зноўку шкадаваць будуць. Ніна даведаецца, што ты жывы,— ратаваць пабяжыць... Змагацца за цябе. Яна ж вінаватай сябе лічыць, што не зберагла цябе...

Буслай. Чалавек сам сябе павінен зберагаць... Жывіце спакойна...

Мікола. А я зноў адзін застануся са сваім шчасцем-каханнем... Зноў!

Буслай (нахіліўся да Міколы). Міколка, прабач ты мне...

Мікола. Ці толькі ты ў гэтым вінаваты? Як усё несправядліва на свеце...

Буслай. Я не пра тое... Мне ва ўсяго свету прабачэння прасіць трэба... Я перад усім светам вінаваты... Дык пачну ўжо з цябе. А заўтра, калі ўсё ўтрасецца, пайду за вёску на поле... Памятаю з маленства адно: чырвоны камбайн плыве па збажыне, а мы за ім па ржышчы босыя бяжым... Сонца гарачае... І рабыя каровы каля жоўтых коп... Што ж гэта сталася з намі? Чаму ж я заблудзіўся? Прыйду на гэта поле, знайду праталіну, стану на калені, пацалую зямлю і буду ў яе прабачэння прасіць... А мо і даруе, а мо параду дасць... Няма іншага выйсця... Няма...

Ляпнула клямка, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Маці. Буслай здрыгануўся ад страху, закрыў твар далонямі.

Мікола (збялеў). Што? Што, цётка Маруся?

Маці. А дзе Нінка?

Мікола. Да маці пайшла начаваць... Кажа, пажыву дзень-другі ў маці... Цяжка ёй тут са мной... Я разумею...

Маці (кіўнула на бутэльку). Памінаеце?

Мікола (нервова). Ага, памінаем...

Маці. Мікола, не крыўдуй ты на мяне, дурніцу старую... Ад гора ў мяне галава і сэрца здранцвелі... Ад гора...

Мікола. Што вы, цётухна? За што крыўдаваць?

Маці. За тыя словы, што на цябе казала сёння... Даруй мне... Усё, што ты казаў,— чыстая праўдачка... Толькі хіба ж маці яе слухаць?..

Мікола. І вы мне даруйце... Не стрымаў я сёння свой боль... Вырваўся ён...

Маці. А пра яго не варта думаць блага... Добрым успомніць нямашака чым, дык хоць ужо саўсім не ўспамінай... Хай ён там ляжыць спакойна... Добра?

Мікола. Добра...

Маці. Ну, а паслязаўтра на тры дні прыходзьце... Разам з Нінай... І Рыгорку прывядзіце... Хоць за сталом пасядзіць. Мне лягчэй будзе...

Мікола. Добра, добра, цётка...

Маці (да Буслая). І ты, дзетухна, прыходзь... Ведаў жа, мабыць, Андрэя нашага?..

Буслай (запалым голасам, не адымаючы далоняў ад твару). Ага...

Маці. Прыходзьце, дзеткі... Хочацца ж, каб усё як у людзей было... (Выходзіць.)

Паўза. Буслай павольна-павольна адымае далоні. На яго твар страшна глядзець. Мікола кідаецца да яго.

Мікола. Андрэй! Ты што? Ты чуеш мяне? На, на выпі... (Дрыжачымі рукамі налівае гарэлкі, спрабуе выліць у рот Буслаю. Гарэлка разліваецца.) Нічога... Я зараз яе даганю, растлумачу... Тут я не мог! Яна б не вытрымала... Андрэй!!

Буслай. Вось... Вось яна, адплата... За ўсё!

Мікола (апранае паліто). Я зараз, зараз...

Буслай (раптам імпэтна кінуўся на яго, павіс на руках). Стой! Стой, Мікола... Не трэба нічога! Не трэба! Так павінна быць... Няхай усё так і будзе! Адплакала-адгаласіла, ёй жа цяпер лягчэй будзе... І табе, і Ніне, і бацьку... Усім! Досыць... Магілка мая ёсць на кладзішчы, пасведчанне аб смерці ёсць! Навошта ж вам зноў пакуту на плечы ўзвальваць? У мяне толькі адна дарога... Адна... Туды, у небыццё! Я свой парог пераступіў... Я жыў не па-людску, дык хоць памерці трэба, каб вам спакойней жылося... Хоць смерцю адплаціць вам за ўсё... Хоць апошні крок добра зрабіць...

Мікола. Што ты мелеш?

Буслай. Бэру шукаць ніхто не будзе, мяне не знойдуць... Я так усё зраблю, што ніколі не знойдуць...

Мікола. Пусці!

Буслай. Я толькі да Шаргая заходзіў... Ён п’яны, падумае, што прыснілася ўсё, а ты не кажы нікому... Га, Мікола? Я цвярозы сёння...

Мікола (злосна). Гад! Гад ты! Ты што мне прапаноўваеш? Я лепей здохну ад уласнага гора, бабылём памру, чым вазьму такое на душу! Пусці, свалата! (Адпіхнуў Буслая, выбег.)

Буслай сеў на падлогу, нейкі час нерухома сядзеў, потым падняўся, пачаў нешта шукаць на стале. Яго позірк спыніўся на ручніку, якім быў прыкрыты хлеб. Буслай цягне яго да сябе. Ручнік вузкі і доўгі. Буслай ліхаманкава скручвае яго і робіць пятлю. Потым падыходзіць да стала, налівае поўную шклянку гарэлкі, падносіць да твару, хоча выпіць, але раптам шпурляе шклянку з гарэлкай на падлогу. Шклянка разбіваецца. Буслай ідзе да дзвярэй. З другога пакоя выходзіць заспаны Рыгорка.

Рыгорка (у яго вочы яшчэ не расплюшчыліся). Татка...

Буслай здрыгануўся. Зірнуў на хлопчыка.

Буслай. Рыгорка... Сыночак мой...

Рыгорка. А дзе мой тата Коля?

Буслай. Я ж твой... (Схамянуўся.) Ён пайшоў... На вуліцу пайшоў...

Рыгорка. Ваўкоў праганяць?

Буслай. Ага... Ваўкоў...

Рыгорка. І мамка ваўкоў ганяе?..

Буслай. І мамка...

Рыгорка. А ты чаму не пайшоў ганяць?

Буслай. Не ўмею...

Рыгорка. А што ты ўмееш?

Буслай. Сабакам сена касіць.. Толькі сабакам сена касіць...

Рыгорка. А сабакі сена не ядуць...

Буслай. А я вось кашу...

Рыгорка. А я цябе ведаю... Ты сёння ў скрынцы ляжаў у бабы Марусінай хаце... І яшчэ на карцінцы з чорнай стужкай быў... Карцінка на скрынцы стаяла... Баба Маруся плакала, і мама плакала і цалавала мяне, а яшчэ цябе ў лес вазілі і ў ямку закапалі... А ў мяне шапку адабралі... мароз за вушы кусаўся... А ты ўцёк з ямкі?

Буслай. Уцёк... Толькі ты не бойся мяне...

Рыгорка. А я і не баюся... Холадна табе там было?

Буслай. Дзе?

Рыгорка. У ямцы...

Буслай. Холадна, сыночак, холадна...

Рыгорка. А ты схавайся, каб цябе не знайшлі і зноўку не закапалі. Лезь да нас на печ... Яна цёплая... Мы зімой заўсёды з мамкай там спім...

Буслай. Можна, я пацалую цябе, сыночак?

Рыгорка. Не, ты, мабыць, калючы, дзядзя...

Буслай падыходзіць да хлопчыка, становіцца перад ім на калені.

Буслай. Прабач, Рыгорка... Прабач, родненькі... прабач, маленькі... Буслік мой! Толькі ты прабач, а са светам я паміруся... Толькі ты адзін прабач... Прабач... Прабач... (Схіляецца да маленькіх ножак, цалуе іх, плача.)

Рыгорка. Дзядзя, дзядзечка, не трэба плакаць... Гэта толькі дрэнныя дзеці плачуць... Ты мне лепей казку раскажы... Тата Коля мне заўсёды расказвае...

Буслай (бярэ хлопчыка на рукі). Зараз, зараз, сыночак... (Прытуляе да сябе.) Жыў-быў... (Успамінае.) Жылі-былі... (Намагаецца ўспомніць.) Жылі-былі... жахам.) Не памятаю... (Апускаецца на падлогу.)

У хату амаль адначасова ўбягаюць Маці, заплаканая і расхрыстаная. Бацька, Ніна, Мікола. Усе спыняюцца каля дзвярэй. Глядзяць.

(Яшчэ мацней прытуляючы сына да сябе.) Не памятаю... Не памятаю... Не памятаю...

Заслона

 

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудараў, Аляксей Ануфрыевіч. Князь Вітаўт : п'есы / Аляксей Дудараў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. - 318с.
Крыніца: скан