epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Афіцыянтка

І
II
III
IV
V
VI


І

 

Было іх тры. Раніцой сталовая пуставала, таму, чакаючы кліентаў, дзяўчаты грэліся ля печы. Спіной да яе прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачыма прыгажуня Міра. Каля Міры шчакой да белай кафлі тулілася ўдава Надзя - паблеклая пажылая жанчына. Яна вадзіла далонямі па печы і ціха сыкала, бо кафля пяклася. Трэцяя афіцыянтка, дзяўчына гадоў васемнаццаці - Люся, - лятала па зале.

На Люсі была з ружовага шоўку кофтачка, лёгкая, як ветрык. Светлыя валасы дзяўчыны абхапляў абадок карункаў. На стале блішчаў крышталь пасуды. Скрозь шыбы падалі промні сонца, іх афіцыянтка перасякала лёгкай радаснай паходкай. Люся з прытворнай строгасцю, прыемным грудным голасам закрычала:

- Афіцыянтка, меню мне, бягом!

З-за буфета пазірала тоўстая цёця Глаша. Яна там заўсёды стаяла як укопаная, на адным месцы, і нагадвала піўную бочку. Толькі бочка цямнела вільготнымі плямамі, а ў Глашы нос, шчокі чырванелі, дыхалі здароўем і задавальненнем. На ёй самой заўсёды бялеў чысты халат з квадратамі ад прасавання і дзіркамі ад гузікаў. Гузікі ў цёці Глашы ніяк не трымаліся, зараз буфетчыца моўчкі цешылася Люсіным блазенствам. Баючыся, каб дзяўчына чаго-небудзь не разбіла, цёця Глаша дабрадушна прабурчала:

- Люська, абсядзь!

- Люська, абсядзь! - перадражніла буфетчыцу дзяўчына і пабегла да сябровак.

Калі мала было людзей, афіцыянткі абслугоўвалі кліентаў не па сваіх сталах, а па чарзе. Зараз была чарга Надзі, потым Міры. Удава не хацела ісці да кліента проста таму, што надта прыемна ёй было стаяць ля печы. А Міра не ішла, бо яна гаварыла, што паступіла на працу ў сталоўку толькі для таго, каб выйсці замуж, а кліент быў пажылы, скрыўлены і, на погляд Міры, нічога не варты. Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала:

- Вам што?

Кліент надзеў акуляры, пачаў прыглядацца да меню. Прыглядаўся ён доўга, быццам там былі не літары, а макавыя зерні. Потым стаў уголас чытаць. Прачытаўшы «біфштэкс», чалавек паморшчыўся яшчэ больш. Прамовіўшы «свініна», ён застагнаў і ўзяўся за жывот. Тады Люся спачувальна падказала:

- Вам, можа, блінчыкаў? Малочнага супу?

- О-о! - з палёгкай уздыхнуў грамадзянін і ўдзячна падняў вочы на афіцыянтку.

А тая ўжо імчалася на кухню, успамінаючы аднаго знаёмага, які з апетытам еў катлеты, баршчы, вінегрэты, ды яшчэ і не па адной порцыі.

Ужо з тыдзень, як у сталовую на абед пачаў хадзіць гэты хлопец. Браць заказ у яго першай прыйшлося Люсі. Яна звярнула на яго ўвагу і здзівілася.

Наогул дзяўчына дзівілася з усяго. Дзівілася, калі цёця Глаша прыносіла ў буфет вялікую рыбіну, дзівілася, калі ўвечары буфетчыца здавала ў касу кіпы грошай, дзівілася, калі на двары ішоў дождж, дзівілася, калі дождж пераставаў. Яна і зараз прыбегла да буфета і шапнула:

- Ой, ён жа раней катлету папрасіў, а потым боршч!

Сыны цёці Глашы, абедаючы, з'ядалі па кавалку мяса з тушанай бульбай ці капустай, а потым ужо, як яны казалі, запівалі супам або баршчом. Таму гэта буфетчыцы здалося зусім натуральным, і яна сказала:

- Ну дык і што? Няхай сабе і есць на здароўе!

З таго дня хлопец наведваў сталовую дзень у дзень у адну пару. Ён садзіўся ў кутку і заўсёды на адно і тое ж месца. Яму было гадоў дваццаць. Твар і нос ён меў абветраны, вочы шэрыя, упартыя і хітрыя. Калі ён нагінаўся над талеркай, цёмна-русыя валасы яго рассыпаліся на бакі, утвараючы белы прабор. На хлопцу быў рабочы камбінезон з засохлымі плямамі ад вапны. Еў хлопец заўсёды па-свойму - спачатку другое. Часамі разгортваў з паперы вясковы хлеб і варанае мяса. Рабіў ён гэта не спяшаючыся і акуратна. Аднаго разу ў яго не было двух капеек. Хлопец нясмела працягнуў ёй дзесяць. Люся не ўзяла. На другі дзень падаў ёй дзве капейкі. Падаючы, ён пачырванеў. Люся таксама разгубілася і выпусціла манету на падлогу. Абое нагнуліся яе падымаць і стукнуліся галовамі. Кліенты засмяяліся, а хлопец з дзяўчынай, засаромленыя, разышліся.

У сталоўцы ўстанавіўся такі звычай: карміць хлопца кожны дзень - Люсі. Дзяўчына прыкідвалася, што гэтым нездаволена, але ўсім было відочна, як яна старанна і з наіўным захапленнем выконвае свой абавязак. Калі хлопец заходзіў і садзіўся за стол, Міра або Надзя казалі сяброўцы:

- Ну, ідзі. Твой прыйшоў!

- Чаму заўсёды мне і мне? - нібы бурчала яна.

- Яшчэ будзеш тут ламацца? Марш! - гнала яе буфетчыца.

- Ну і пайду, падумаеш... - нібы абуралася яна і ішла толькі таму, што падпарадкоўвалася сіле.

Але хутка ёй апрыкрала так прыкідвацца. А яшчэ праз нейкі час Люся выказвала сваю сімпатыю да маладога кліента ў адкрытую. Калі ён заходзіў, узнімала на ногі ўсіх. Кухар, дзядзя Грыша, які правёў вайну на падножцы батальённага катла, наўмысна затрымліваў на кухні абед. Тады яна крычала на яго:

- Дзядзя Грыша, вы што, заснулі?

- Ага! - дражніўся той і яшчэ павольней наліваў у талеркі.

- Ну, хутчэй! Ён жа там чакае, а вам - смешачкі!

Нарэшце кухар аддаваў ёй талерку, паклаўшы туды больш мяса, чым у іншыя. Цёця Глаша паглядала з-за буфета ласкава. Надзіны вочы рабіліся адразу і шчаслівымі і сумнымі. Толькі адна Міра пагардліва выпінала губы ды, павёўшы плячыма, гаварыла:

- Таксама мне знайшла! Тынкоўшчык нейкі, фі!

- Ну, няхай сабе і тынкоўшчык! А што, ён не чалавек? - запальчыва заступалася Люся.

Аднойчы, пасля такой размовы паміж дзяўчатамі на кухні, Люся панесла ў залу талеркі, а Міра, падфарбаваўшыся, выйшла да буфета пазіраваць афіцэрам, якія нядаўна ўвайшлі з двара. Вайскоўцы стараліся зачапіць Люсю, але тая нібы не прыкмячала іх, а калі не магла стрымаць на твары ўсмешкі, выбягала з залы. Тады яны звярнулі ўвагу на Міру.

Вайскоўцы доўга заставаліся ў сталовай. Яны пачалі запрашаць да стала дзяўчат. А якраз загадчык сталовай, Сямён Макаравіч, быў у адпачынку, яго падмяняла буфетчыца. Цёця Глаша была не строгая. Аднак дзяўчаты за стол не селі, толькі адна Міра крадком выпіла крыху віна, а адзін пры гэтым сціснуў яе за локаць.

Назаўтра маёр прыйшоў адзін. Ён доўга сядзеў за сталом, курыў і пазіраў на Міру. Ад такіх залётаў той было няёмка перад сяброўкамі. Падмаляваўшыся больш ярка, узбіўшы валасы, Міра стаяла ля буфета ў афіцэра на вачах.

Разлічваючыся з маёрам, Міра наўмысля затрымала яго трыццаць капеек. Потым, калі ён пайшоў, быццам спахапіўшыся, яна пагналася за ім на вуліцу аддаваць грошы.

У гэты вечар Міра з маёрам была ўжо ў кіно.

 

II

 

Неяк у сталоўцы панаваў прыўзняты настрой. Люся чакала «тынкоўшчыка», хвалявалася, і гэтае хваляванне перадавалася ўсім. Цёця Глаша каторы раз папраўляла каўнерык Люсі. Міры з рання не было. Надзя адна абслугоўвала ўсе сталы. Сама Люся бегала з люстэркам за шырмачку.

Нечакана ў сталовую ўвайшла Міра. Яна была апранута па-святочнаму і несла пад пахай пакунак. Пахвалілася адрэзам кітайскага шоўку - падарунак ад маёра. Афіцыянткі, калі прыйшлі ў сябе ад нечаканасці, прарвалі паперу і пачалі аглядаць матэрыял. Міра з гонарам паведаміла, што ў сталоўцы пабудзе толькі да вечара, што яна выходзіць замуж і што, наогул, сталовая ёй усе нервы выматала. Люся здзівілася. Надзя няўпэўнена ўсміхнулася, прамармытаўшы, што, «вядома, маёршы неяк і няёмка працаваць афіцыянткай». А буфетчыца паківала галавой і прабурчала:

- Ой, дзеўка, глядзі! У гэтага маёра недзе такіх, як ты, шмат! - І яшчэ раз паправіла складку ў Люсі на каўнерыку.

У Міры на момант з'явіўся неспакой у вачах. Але цёця Глаша пачала яе лаяць за тое, што кліенты з-за яе ўчора нарабілі поўную «кніжку скаргаў» запісаў.

Увайшоў «тынкоўшчык». Амаль разам з ім увайшла група лётчыкаў, яны заблішчалі сярэбранымі галунамі. Зайшло яшчэ некалькі наведвальнікаў. Люсі трэба было ісці да свайго хлопца, але ёй раптам стала страшна. Яна збянтэжылася і бездапаможна прыліпла да буфета. Цёця Глаша ўзялася за яе непакорны каўнерык, а затым лёгка падштурхнула Люсю.

Буфетчыца бачыла, як дзяўчына перад самым сталом, дзе сядзеў хлопец, разгубілася зусім і павярнула туды, дзе сядзелі лётчыкі. Цёця Глаша моцна бразнула нажом, якім збіралася рэзаць хлеб, і аж пераступіла з нагі на нагу. А хлопец спачатку здзівіўся, а потым скрывіўся, як асірацелае дзіця.

Калі да лётчыкаў падышла Люся, яны загаварылі адзін перад другім. У бок афіцыянткі пасыпаліся кампліменты. «Тынкоўшчык» пакрыўджана скасіў вочы і ўбачыў, як Люся агрызкам алоўка пачала пісаць у блакноце заказ. Ад нейчага трапнага слова кампанія рагатала на ўсю залу. Люся заразілася агульнай вясёласцю.

- Як вас зваць? - запытаўся адзін лётчык.

Усе прыціхлі, чакаючы адказу, але Люся прамаўчала.

- Я з сябрам паспрачаўся на шампанскае! Вы - Маша, праўда?

- Не, яна Валя!

- Ды што вы, яна - Фея!

- А от і не ўгадалі! Мяне зваць... афіцыянтка! - крыху з какецтвам сказала дзяўчына, паказаўшы пры гэтым два рады роўных белых зубоў.

- Яшчэ дзве бутэлькі гарэлкі запішы на нашу кампанію, Фея!

- А гарэлкі мы і не трымаем! - пераможна паведаміла Люся.

- Як не? Ух-ты-ы! Э-э-э... Ну, тады каньяку нясі...

- І гэтага няма, бо ў нас сталовая, а не рэстаран, а-га.

Тады яна крыху пастаяла над анямелымі лётчыкамі і здзекліва ды з пачуццём сваёй сілы паўзіралася ім у вочы. Затым панеслася да буфета з заказам.

Каля буфета на яе напала Міра:

- Цябе хто прасіў мой стол абслугоўваць? Лётчыкі былі мае!

Але Люся не звяртала на яе ўвагі, бо цёця Глаша вачыма паказвала на хлопца. Дзяўчына зусім ужо вольна паляцела да свайго «тынкоўшчыка». Каб яго лепей было чуваць, бо лётчыкі зноў голасна гаварылі, Люся нахілілася над хлопцам так, што ён убачыў, як у яе кудзёрках, бы ў крышталі, пераліваецца святло. Вочы дзяўчыны глянулі на яго проста, добразычліва, яна стала надта блізкай, і хлопец адразу акрыяў.

Паабедаўшы, «тынкоўшчык» злажыў акуратна адна на адну, спачатку большыя, потым усе меншыя талеркі, на іх палажыў радком вілку, нож, лыжку, змёў са стала крошкі і доўга не выходзіў са сталовай.

Надзя з Мірай прыліплі да печы, пакінуўшы Люсі ўсю залу. А яна яшчэ ніколі не насілася так, як гэты раз. Лётаючы, Люся намагалася пранасіцца з талеркамі бліжэй да «тынкоўшчыка», абдаючы хлопца вецярком. Усе, хто ні быў тады ў зале, адчувалі нейкі радасны настрой. Кліенты, да гэтага зусім чужыя адзін аднаму людзі, размаўлялі паміж сабой, быццам даўно ўжо знаёмыя, і таксама доўга не пакідалі сталовай. А з-за буфета свяціліся добрыя вочы цёці Глашы.

 

III

 

Хлопец, які хадзіў у сталовую, называўся Андрэем і працаваў мулярам. Ён паходзіў з вёскі і быў сынам удавы Міроніхі.

Яшчэ хлопчыкам, адбудоўваючы ў вайну спаленую хату, Міронішын сын склаў печ. Тады суседзі сталі прасіць удаву, каб яна паслала сына скласці печы і ім. Гэтак з шаснаццаці гадоў Андрэй прылаўчыўся да муляркі. Потым ён пачаў працаваць у горадзе. Яму зараз даручылі будаваць заводскі комін, які даручаюць толькі спрактыкаваным майстрам. Вечарам хлопец ездзіў веласіпедам дахаты.

Заўважыўшы Люсіну ўвагу да сябе, Андрэй пасмялеў, і ў яго душы забурліла.

У той дзень, калі Люся «адшыла» лётчыкаў, хлопец прыйшоў да сябе на будоўлю ўзбуджаным. Дзяўчаты, якія яму падавалі раствор і цэглу, зараз адпачывалі, бо абедзенны перапынак не скончыўся. Міронішын сын асцярожна абышоў тое месца, дзе, прытуліўшыся адна да адной, ляжалі работніцы, і палез на комін. Муравалася ўжо верхняя частка коміна, і пляцоўка для працы была такая малая, што на ёй мог памясціцца толькі адзін чалавек. Забраўшыся на трыццаціметровую вышэнь, Андрэй сеў на свежы мур і глянуў навокал. Пад ім быў горад. Па вуліцы, як жукі, паўзлі машыны. Дыміліся коміны. Сярод іх дыміўся комін сталовай. Андрэй доўга не мог адарваць вачэй, быццам з-над сталовай яму жывы чалавек памахваў шалем. Горад быў невялікі. За сталовай яшчэ з дзесятак мураванак, якія нагадвалі сабой параскіданыя цагліны. За мураванкамі - палі, узгоркі, лес. Удалечыні ён разгледзеў сваю вёску. А над усім гэтым плылі хмары, адтуль даносіўся магутны подых ветру. Ён адчуў у сабе дзіўную адвагу і ўпэўненасць. Без цені страху Андрэй узняўся са сценкі коміна і стаў на яе краі ў повен рост. Уздыхнуў на поўныя грудзі. Яму захацелася крыкнуць гэтак, каб заклубіліся ў небе хмары, загойдаліся ўзгоркі, каб пачулі яго нават у вёсцы. Яму захацелася ўзняцца і паляцець.

- Ты толькі паглядзі, наш муляр зусім здурэў! - паціху, каб сваім крыкам не спалохаць Андрэя, бо ён тады мог бы разбіцца, праказала адна дзяўчына да сябровак.

Да коміна набліжалася варона. Канцы яе крылляў свяціліся, як канцы сцёртага веніка, і пры ўзмахах іх даносіўся сіплы свіст паветра. Муляр нагнуўся, схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Варона часта залопала крыллямі, быццам яна забілася на вадзе, і спалохана паляцела назад. Камяк разляцеўся ў паветры і градам пасыпаўся на дзяўчат. Унізе пачуўся крык, смех.

Прагудзеў гудок. Да краю коміна быў прымацаваны блок з вяроўкай. Кола пачало круціцца, натужліва заскрыпела на ім вяроўка: гэта дзяўчаты знізу падавалі муляру вядро вапны. Андрэй адагнаў мары, паспрабаваў нагамі, ці моцна пад ім ляжаць дошкі, узяў вядро, кельму і прыступіў да працы.

Але як толькі паклаў першую цагліну, яго вочы пацягнула ў бок сталоўкі. Далей Андрэй клаў цэглу, ахоплены марамі. То яму здавалася, што ён з Люсяй ідзе ў сваёй вёсцы па лузе, дзе іскрыць на сонцы не то раса на травах, не то крышталь са сталоўкі. То яму здавалася, што яго комін знаходзіцца дзесьці сярод хмар, на ім стаіць ён і яна. Гэты малюнак ён так выразна бачыў, што нават адчуваў цяпло Люсінага подыху.

 

IV

 

Аднаго дня, яшчэ задоўга да абеду, Люся рыхтавалася да сустрэчы са сваім «тынкоўшчыкам».

У гэты дзень дзяўчыне з самага рання не шанцавала. Спачатку яна разбіла цэлы паднос пасуды і расплакалася. Потым, забегшы за цёціну шырмачку, Люся аб жалеза, якім былі акаваны скрыні, парвала панчоху. Стала шукаць іголку і, як на бяду, яе ні ў кога не было. Нарэшце кухар паклікаў дзяўчыну, зняў свой белы каўпак, дастаў з яго іголку і, даючы, сказаў:

- На. Яшчэ салдацкая. А другі раз каб сваю мела, глядзі. А то дзяўчына і без іголкі.

Уладзілася справа і з талеркамі, жанчыны яе запэўнілі, што пасуда б'ецца абавязкова на шчасце! А цёця Глаша ад сябе дадала, што заступіцца перад Сямёнам Макаравічам, каб ён гэтыя талеркі спісаў.

Ужо, здаецца, усё было добра. Надзя адна абслугоўвала залу. Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Люся пабегла да шафкі, у якой афіцыянткі клалі свё адзенне. У гэтай шафцы Міра пакінула аб сабе ўспамін - памаду. Люся ўзяла яе і пабегла за шырму.

Калі з падфарбаванымі вуснамі, шчокамі і брывамі Люся выйшла з-за шырмы, жанчыны ўспляснулі рукамі: так той было не да твару. Але дзяўчына спадабалася сама сабе і не хацела нікога слухаць.

Увайшоў Андрэй. Люся крыху пачакала, каб той усеўся, а потым выйшла ў залу. Хлопец узняў ад меню вочы, глянуў на дзяўчыну і сумеўся. Ён заморгаў вачыма, нават азірнуўся навокал, потым зноў накіраваў свой позірк на афіцыянтку.

Люся дагэтуль ніколі не фарбавала твару. Зараз ад фарбы яна не стуляла губ, і яны так і заставаліся ў яе адтапыранымі, нібы дзяўчына збіралася свістаць, нібы губы ў яе былі апухлыя. На шчоках віднеліся плямы пудры. Адчуўшы сябе няёмка, дзяўчына ўставілася ў меню. З нафарбаванымі вуснамі яна не магла гаварыць. У такім смешным выглядзе Люся і стаяла перад Андрэем.

У сталоўцы абедала яшчэ некалькі рабочых, якія працавалі разам з Міронішыным сынам. Адзін з іх, убачыўшы Люсю, пырснуў ад смеху. Хлопец падумаў, што ўсё гэта зроблена назнарок і цяпер з яго насміхаюцца. Ён грозна кашлянуў і, не паднімаючы вачэй, пачаў заказваць абед. Афіцыянтка стаяла і толькі ківала галавой.

Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына забегла за шырму і расплакалася. Зараз яна плакала так, што яе ніхто не мог суцешыць. А калі Надзя пачала дапытвацца, чаго яна плача, Люся пабегла да шафкі, схапіла сваё адзенне і ўцякла са сталоўкі.

У гэты дзень Люся не вярнулася, і Надзі зноў адной прыйшлося абслугоўваць усіх кліентаў.

Дзяўчаты, якія ля коміна дапамагалі Андрэю, неяк даведаліся пра «таямніцу» свайго муляра. І калі ён прыйшоў са сталоўкі змрочны, як лес цёмнай ноччу, пачалі строіць з яго жарты. Але ён, нібы глухі, палез па жалезных скабах да сябе на комін, не адказаўшы ім ніводным словам. Дзяўчаты не пакінулі яго ў спакоі і там. Разуўшы сяброўку, якая моцна спала, у вядры ад вапны падалі яму наверх чаравікі з запіскай: «Падарунак ад афіцыянткі». Андрэй, праўда, адправіў чаравікі ўніз, натаптаўшы ў іх раствору. Аднак гэта яго не развесяліла. Назаўтра муляр абедаў у другой сталоўцы. Вяртаючыся з абеду, Андрэй спаткаў... Люсю. Яна была апранута ў старэнькае паліто і абвязана цёплай хусткай. Дзяўчына ішла са старой жанчынай, захутанай у такую ж, як і Люся, хустку. Ён здагадаўся, што гэта Люсіна маці. Бо старая ішла з дзяўчынай так, як звычайна хадзілі па горадзе з дочкамі старыя з яго вёскі: пусціўшы дачку ўперад, а самі тэпаючы ззаду і шчасліва заглядаючы сустрэчным людзям у вочы, намагаючыся разгадаць, ці падабаецца людзям іх дзіця.

Убачыўшы муляра, Люся скіравала ў завулак, пакінуўшы маці адну. Нічога не разумеючы, Андрэй спыніўся, пастаяў і пайшоў на працу, чамусьці ўжо ў лепшым настроі.

 

V

 

Без Люсі чагосьці не хапала ў сталоўцы. Часцей бурчала цёця Глаша. Жанчына, якая мыла пасуду, сварылася з Надзяй. Настрой жанчын перадаваўся нават кліентам, ад чаго і яны былі якіясьці іншыя.

Аднаго разу, калі ў зале сталы былі пустыя, праз акенца выглянуў кухар. Ён падпёр шчаку кулаком, уздыхнуў і сказаў да буфетчыцы:

- Эх, няма нашай Люські! «Дзядзя Гры-ыша, - дакладна да смешнага перадаваў ён інтанацыю голасу дзяўчыны, - я падлічыла гэтаму кліенту, што ля акна, а ў яго за абед атрымалася адзін рубель і адна капейка, гы?!.» Нічога такога, здаецца, і не скажа, а табе адразу весялей жыць на свеце... Хе, што мы вартыя без яе?

Але буфетчыца прамаўчала.

У цёці Глашы быў сёння цяжкі дзень. Яшчэ з самага рання прыходзіла пастарэлая, з сінякамі пад вачыма Міра. Яна папрасілася зноў на працу. Буфетчыцы прыйшлося доўга слухаць плач Міры, чытаць ёй мараль і патрабаваць абяцання, што надалей Міра будзе працаваць добра. Ды гэта яшчэ было паўбяды. Галоўнае, сапраўды ўсім ім не хапала Люсі. Толькі праз некалькі хвілін буфетчыца адазвалася на словы кухара.

- От, горкае дзіця! Каб так надаваў, надаваў венікам!.. Дзе ўжо той Сямён Макаравіч? Хутчэй бы вяртаўся з таго адпачынку ды камандаваў сам! - прабурчала яна за прылаўкам.

- А ты не можаш камандаваць? - дапікаў кухар. - А яшчэ і бралася! Эх, Глашка, Глашка, ці бабская гэта справа?

- А ты пільнуй сваіх катлоў, а то зноў у малочным супе кліенты знойдуць капусту! - абрынулася на яго жанчына.

Галава кухара знікла з акенца.

Буфетчыца паклікала да сябе Надзю, каб параіцца наконт таго, як вярнуць на працу Люсю. Але Надзя наогул яшчэ ніколі не дала дзельнай парады, і таму толькі паціскала плячыма. Цёця Глаша тады ні за што ні пра што аблаяла афіцыянтку, адпусціла яе і стала ламаць галаву адна.

Калі ў сталовую нясмела заглянуў муляр і пачаў асцярожна азірацца, цёця Глаша паклікала яго, бесцырымонна і сурова сказала:

- Ты што гэта надумаўся нашых дзяўчат крыўдзіць?

- Калі-і?.. - вырвалася ў яго недарэчнае слова. Хлопец аж уціснуў галаву ў плечы, быццам яго збіраліся біць.

- Яна ж, бедная, з-за цябе нават не прыходзіць у сталоўку каторы дзень! - яшчэ больш строга казала буфетчыца.

Андрэй нешта вінавата прамармытаў, хоць усё яшчэ нічога не разумеў. Цёця Глаша збавіла крыху строгасці і тонам, які не дапускаў ніякіх пярэчанняў, дадала:

- Заўтра на абед мы яе вернем. Толькі глядзі ж, прыйдзі! - і буфетчыца невядома завошта пагразіла хлопцу, а пасля спакойнымі рухамі пачала рэзаць хлеб, даючы зразумець, што размова скончана.

Хлопец адкрыў рот, хацеў пра нешта спытацца, потым перадумаў і выбег са сталоўкі.

- То хай бы паабедаў хоць! - пашкадавала Надзя, калі за ім зачыніліся дзверы.

- Нічога, не памрэ! А ты каб мне заўтра прывяла яе! - строга загадала буфетчыца.

- Але ж я не ведаю, дзе яна жыве!

- Даведаешся. У аддзеле кадраў скажуць, там напісана!

 

VI

 

У гэты вечар Надзя знайшла кватэру Люсі. Дзяўчына адмаўлялася прыйсці на працу.

Але назаўтра, перад самым абедзенным часам, яна ўсё ж такі заглянула ў сталовую. Люся ўвайшла нясмела і села на ражок крэсла. Буфетчыца на яе і вокам не павяла. Дзяўчына доўга на адным месцы не выседзела. Праз хвіліну бегала па зале і здзіўлялася:

- Ой, як за гэты час прыгожа расцвіў наш вазо-он! Ой, якія талеркі вы купілі! А чаму сталы гэтак стаяць? Ну, нічога, заўтра пастаўлю, як былі!..

- Хто цябе яшчэ прыме назад! - пужала дзяўчыну буфетчыца.

Люся цішэла, але ненадоўга.

Была якраз нядзеля. На муляру, калі ён, нарэшце, зайшоў, быў не камбінезон, а цёмны касцюм, які ляжаў на ім не надта ладна і рабіў хлопца непрыкметным сярод людзей. У сталоўку, як і ў мінулы раз, хлопец увайшоў нерашуча. Надзя хацела паклікаць Люсю, але буфетчыца сурова шапнула:

- Не лезь, не твая справа!

Люся крадком выглянула з кухні, апусціўшы вочы, выйшла да сталоў, быццам і сапраўды ёй была ў гэтым патрэба. Каля Андрэя яна разгубілася. Хацела ўцякаць, але перамагла сябе і, не падымаючы вачэй, прамовіла:

- Дзень добры!

- Дзень добры! - адказаў муляр.

Потым ён зняў шапку, пакамячыў, пакамячыў яе і зноў надзеў. Надзя, цёця Глаша, Міра былі цалкам заняты сустрэчай гэтай пары. Нават кліенты, якія ўваходзілі, здзіўлена спыняліся, не разумеючы, што тут адбываецца. Толькі хлопец з дзяўчынай не заўважалі гэтага. Яны разгубіліся, стаялі, не знаходзілі слоў і не глядзелі адзін аднаму ў вочы. Хлопец разглядаў свае рукі, дзяўчына - канец сваёй хусткі. І невядома, чым скончылася б гэтая сустрэча, калі б не падмога цёці Глашы. Яна ўзяла нож, рэзнула бохан хлеба і прабурчала:

- Ну, ідзіце сабе на вуліцу! Сёння нядзеля, там так хораша!

Люся з мулярам пакорна пайшлі.

У сталовай было акно, з якога віднелася вуліца. Надзя адхіліла фіранку, прыліпла да шыбы і пачала паведамляць усім, што там бачыла. «Няўдалай маёршы» Міры таксама хацелася паглядзець на вуліцу, але яна баялася буфетчыцы. Прытуліўшы да грудзей стос талерак, Міра засталася стаяць зводдаль, са слязамі на вачах, прагна прыслухоўваючыся да слоў Надзі.

А па вуліцы ішла маладая пара. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Хлопец крочыў побач і рукой кранаў сцяну, быццам хацеў упэўніцца, што яна моцная. Толькі па тым, як асцярожна яны ступалі адзін ля другога, можна было зразумець, што Люсю не цікавіць хустка, а Андрэя - сцяна...

 

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая