epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Слова пра талент

 

 

Каб старонняму чалавеку зачытаць асобныя старонкі з гэтай кнігі, то ён хутчэй за ўсё сказаў бы, што напісаў іх Прышвін ці ранні Шолахаў. У Алеся Наварыча тэкст уражвае трапнасцю дэталяў, каларытам намаляваных вобразаў і самабытным апісаннем сітуацый, у якія трапляюць яго героі. Дзякуючы гэтаму майстэрству, дзякуючы ўменню весці сюжэт аўтар месцамі даводзіць чытача да таго, што ты ловіш сябе на думцы — няўжо напісаў гэта малады чалавек? Нельга ўтрымацца ад здзіўлення яго такой ранняй назіральнасці, такому адчуванню прыроды, людзей.

Талент у Алеся Наварыча прабіваецца ва ўсім, пра што б ён ні пісаў,— пра вайну і каханне, казуль і ваўкоў, навальніцы і дрэвы, травінкі і кветкі. Героі Наварыча думаюць, кахаюць, змагаюцца, некуды імкнуцца, а бурлівая і сакавітая прырода пададзена такімі фарбамі і ў такіх ракурсах, што, учытаўшыся ў тэкст, нават мукі няшчасных тых рыбін перад запрудай, дзікі разгул маланак і бліскавіц на балаціне адчуваеш сваімі клеткамі. Месцамі па сіле эмоцый і апісальнасці ў Алеся Наварыча так па-майстэрску пададзены матэрыял, што не можаш прыпомніць аналага ў беларускай літаратуры.

А якая ў Алеся Наварыча фантазія (напрыклад, у «Гепардавым леце»)! Якая тонкая проза пры вонкавай прыблізнасці падзей і малой колькасці сказаў, асабліва ў апавяданні «Пастрыжаны», калі дубаваты бацька праводзіць у войска сына. Апошняя сцэнка бярэ за душу! Чытаючы «Рабковую ноч», адчуваеш, што на табе шэрхне скура ад страху! Менавіта такімі ўсплескамі таленту насычана ўся кніжка, і ты, знаёмячыся з тэкстам, зноў і зноў ловіш сябе на думцы, што табе даўно-даўно нечага такога не траплялася ў рукі.

Проза Алеся Наварыча сталая і робіць уражанне, бытта аўтар надрукаваў не адну ўжо кніжку. Прыпамінаецца класіка. У вядомым творы Дэфо апісаны момант, калі герой назірае, як тоне чужы паруснік. Рабінзон раздзяваецца ды плыве да яго. На апусцелай палубе знаходзіць карысныя рэчы. Доўга не думаючы, напіхвае імі свае кішэні і плыве на бераг. Дэфо так нас зачароўвае, што і не заўважаем падвоху — адкуль жа ў голага героя маглі з’явіцца кішэні.

Падобнае не раз спатыкаеш і ў гэтай кнізе.

Ведаеш дасканала, што адзічэлы Грыцаў Леўка не можа гэтак бегаць за ваўкамі («Цкаванне вялікага звера»), бо магчымасці чалавечага арганізма абмежаваныя. Але матэрыял у аповесці так па-майстэрску пададзены, што алагізму і не заўважаеш.

Наконт мовы. Спатыкаюцца ў зборніку Алеся Наварыча паляшуцкія дыялектызмы. Але наогул зборнік напісаны самай звычайнай беларускаю моваю. Бо таленавіты аўтар і простымі словамі, прапусціўшы іх праз сваё багатае ды шчодрае сэрца, надае патрэбнае гучанне ды цалкам паланае сэрца нашае.

Калі ўлічыць, што аўтару напісанага ўсяго дваццаць з нечым гадоў (ён 1960 года нараджэння, але большасць твораў са зборніка напісана 4—5 гадоў назад!), нельга не парадавацца таму багажу, што паспеў ужо адкласціся ў яго душы, нельга не падзівіцца таму спазнанню прыроды ды псіхалогіі людзей. Цікава, што ў зборніку няма рэчаў слабых. Ёсць творы недапрацаваныя, няўклюдныя, але і яны носяць адзнаку таго самага таленту.

Адным словам, мы сябе можам павіншаваць — у нашую літаратуру ўваходзіць новы самародак. Мне асабліва прыемна прадстаўляць Алеся Наварыча (сапраўднае прозвішча — Трушко Аляксандр Іванавіч), бо ён працаваў на Гродзеншчыне настаўнікам. Пажадаем жа гэтаму юнаку шырокай творчай дарогі! Няхай талент яго раскрыецца ва ўсёй красе, каб і яго творчасцю ганарыўся народ!

Аляксей Карпюк


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан