epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Коршак

Расстрэл

Пад расою густою

Адубелі дубы.

Залатою жарствою

Неба ўслана нібы.

 

Па-над возерам вербы...

Іх мой шлях не міне.

Тры маўклівыя стрэльбы

Праважаюць мяне.

 

Ледзь калышацца сучча,

Лісце шэпча над ім.

Ныюць раны балюча

Ды на целе маім.

 

Ласкай іх не атуліш,

Не абмыеш расой:

Тры халодныя рулі

Строга сочаць за мной.

 

Зоры тонуць на ўзлессі,

Ноч ужо растае;

Неба, поўнае песняў,

Нада мной устае.

 

Мне ў яго не ўзірацца

Больш ні ў яве, ні ў сне:

Куляў цэлых пятнаццаць

Нарыхтована мне.

 

Ой вы, вербы й сасонкі,

Зораў спелых сям'я!..

З вамі сёння на золку

Развітаюся я.

 

Стрэлы раніцу раняць,

Пырсне кроўю зара,

І звалюся я ў яму,

Нібы дуб ці гара.

 

Над курганам, што ўстане

Нада мною тады,

Закрасуецца станам

Дужы дуб малады.

 

Прыйдзе днямі другімі

К яму сябраў сям'я.

Павітаюся з імі,

Гэты дуб - гэта я.

 

Хтосьці ў спеве чароўным

Успамяне мяне там...

Вось і жвір супакойны...

Дык страляйце! Ўсё роўна

Не забіць мяне вам!

 

1943

 


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая