Аляксей Пысін

«Ёсць на свеце мой алень...»

Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды у аленя,

Цёмны мох і светлы дзень!

 

Вы, разумныя браты —

Я і сам страляць умею,—

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты.

 

Вось у цішыні лясоў

Ліст трапеча счырванелы.

Можа, гэта страх аленя

Тут асінкаю ўзышоў?

 

Я іду, іду між дрэў

Па асінавай алеі.

Мне пабачыць бы аленя...

Зноў я чую блізкі стрэл.

 




Крыніца: Пысін, Аляксей Васільевіч.  Збор твораў :  У 2 т. /  Аляксей Пысін. -  Мн. :  Маст.літ.  Т.1. -  1989. -  399с.,1л.партр.

Беларуская Палічка: http://knihi.com