Мне экзотыка цяпер не міла,
Ды вярнуўся ў сне туды, назад.
Бухара. Цяністы сад эміра.
Хвост паўліна, як падвесны сад.
Быў бы я ў сваім дняпроўскім лесе, -
Гнуў бы дрэва, каб сарваць арэх.
Закрычаў паўлін: «Ты заглядзеўся
На красунь маіх. За гэткі грэх
Будзеш зараз пакараны люта!..»
Вежа. Паднябесны мінарэт.
І - лячу я ўніз без парашута,
Пакідаю добры белы свет.
Так ніколі не ляцеў, не падаў -
На вярсту зямную з той вярсты;
Сорак сем пражытых лістападаў,
Падсцяліце мне свае лісты!
1967