epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

Проня

Трымалі чужынцы яе у палоне:

— Ты наша навекі, прызнайся нам, Проня!

 

— Я вольная рэчка на вольнай зямлі,

I чыстымі хвалі заўсёды былі...

 

Прыгналі чужынцы і танкі, і коней,

Ваду ўсё муцілі ды кпілі над Проняй:

 

— Цяпер ты павінна згадзіцца сама,

Што чыстае плыні няма ўжо, няма!

 

— Няпраўда, ёсць многа крыніц пада мною

З празрыстай, чысцюткай, як слёзы, вадою.

 

Кідалі чужынцы на плёсы і тоні

I бомбы, і толу грымучага тоны;

 

Фантаны ўзляталі з пяском і жалезам

Над полем счарнелым, над лугам і лесам.

 

...Ішлі мы паходам на захад тады,

I Проня дала нам напіцца вады.

 

Была яна светлай да самага дна,

I сонца, і неба адбіла яна.

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Пысін, Аляксей Васільевіч.  Збор твораў :  У 2 т. /  Аляксей Пысін. -  Мн. :  Маст.літ.  Т.1. -  1989. -  399с.,1л.партр.
Крыніца: скан