epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

«Забыта многае ў жыцці...»

Сцяпану Гаўрусёву

 

Забыта многае ў жыцці,

З дарогі змецена і змыта.

Мне ў жыта хочацца ўвайсці,

Мне вечнасцю здаецца жыта.

 

Вазьму шурпаты каласок

На чуйным провадзе саломы -

І адзавецца мне здалёк

Мой продак - сейбіт незнаёмы;

 

Жней невядомых галасы

Усплывуць над постаццю сухою.

Раскалыханы каласы

Густой паўдзённаю смугою.

 

Тут даспявае пад смугой

Зліццё надзей, жаданняў сумесь.

Гудзе жытнёвы провад мой -

Часоў былых і новых сувязь.

 

І даспявае далягляд

У трапяткім мембранным гуле.

Шукаюць рукі тых зярнят,

Каб нас таксама дзесь пачулі.

 

1965

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая