Альбэр Камю

Адступнік, або Затлумлёны дух

«О, каша! Каша! Трэба навесці парадак у галаве. З той пары, як яны адрэзалі мне язык, не ведаю, напэўна, нейкі іншы язык ажыў у маім чэрапе, нешта гаворыць ува мне ці нехта, то знянацку змаўкае, то пачынае зноў, о, я чую, я шмат чаго чую з таго, што ён кажа, але ўвесь час маўчу, каша, і варта разявіць рот — нібыта грукоча каменне. Парадак, патрэбен парадак, кажа язык, але адначасна ён кажа пра іншае, праўда, мне заўжды хацелася парадку. Прынамсі, пэўна адно: я чакаю місіянера, што павінен мяне замяніць. І вось я тут, на сцяжыне, за гадзіну ад Тагазы, схаваўся ў патрушчаных скалах, сяджу на старой стрэльбе. Над пустэльняю днее, яшчэ вельмі халодна, але зараз пачнецца сквар, гэтая зямля даводзіць да вар'яцтва, і я, за столькі гадоў, якія няможна злічыць... Не! Яшчэ адно намаганне. Гэтым ранкам ці вечарам павінен прыйсці місіянер. Я чуў, яны казалі, што ён будзе з павадыром, можа быць, у іх будзе ўсяго адзін вярблюд на дваіх. Я буду чакаць, я чакаю, холад, холад — толькі ён прымушае мяне дрыжаць. Трывай яшчэ крыху, брудны раб!

О, як я ўжо доўга чакаю. Калі я быў там, у сваіх, на гэтым высокім узгор'і ў Цэнтральным Масіве, дзе былі гэтае быдла-бацькі, і віно, і штодня суп на сале, асабліва — віно, кіслае і халоднае, і гэтая доўгая зіма, і ледзяны сівер, сумёты, агідная папараць, о! як я хацеў з'ехаць, кінуць усё адразу і пачаць нарэшце жыць — па-сапраўднаму, сярод сонца і светлай вады. Я паверыў кюрэ, ён гаманіў са мной у семінарыі, ён цэлыя дні праводзіў са мной, яму не было куды спяшацца ў тым пратэстанцкім краі, дзе ён заўсёды ішоў уздоўж сцен, калі праходзіў па вёсцы. Ён гаманіў са мной пра нейкую будучыню і пра сонца, каталіцызм — гэта сонца, — казаў ён, і прымушаў мяне чытаць, ён увапхнуў лаціну ў маю таўсталобую мазгаўню: «Разумнік, гэты малы, але тугадум», — такую таўсталобую, што за ўсё жыццё, нягледзячы на ўсе падзенні, я ні разу не ўцяў яе так, каб пайшла кроў: «Тупагаловы крэцін», — казаў мой бацька, гэты парсюк. У семінарыі яны былі такія ганарлівыя, навічок з пратэстанцкага краю — гэта была перамога, калі я прыйшоў, яны глядзелі на мяне, як на сонца над Аўстэрліцам. Бледнаватае сонейка, трэба прызнаць, і ўсё праз гарэлку, яны пілі гаркавае віно, і цяпер у іх дзяцей гнілыя зубы, хр-хр, забіць свайго бацьку, вось што трэба было, але можна не апасацца, што ён выправіцца сюды з місіяй — ён даўно ўжо здох, кіслае віно нарэшце прадзіравіла яму чэрава, значыць, застаецца адно — забіць місіянера.

Я маю за што паквітацца з ім і з яго настаўнікамі, з маімі настаўнікамі, якія ашукалі мяне, з усёй гэтай гідкай Эўропай, мяне ўсе ашукалі. Місія! Ва ўсіх у іх было адно гэтае слова на вуснах, пайсці да дзікуноў і сказаць: «Вось мой бог, глядзіце на яго, ён ніколі не б'е і не забівае, ён загадвае мяккім голасам, ён падстаўляе другую шчаку, гэта сама вялікі з усіх багоў, абярыце яго, зірніце, якім добрым, якім лейшым за іншых зрабіў ён мяне, зняважце мяне, і ў вас будзе гэтаму доказ». Але, я даў веры, хр-хр, я адчуваў сябе лепшым, я памажнеў, быў амаль што прыгожы і прагнуў знявагі. Калі мы шчыльнымі і чорнымі шэрагамі ішлі пад летнім грэнобльскім сонцам і насустрач нам трапляліся дзяўчаты ў лёгкіх сукенках, я не адводзіў вачэй, я пагарджаў імі, я чакаў, каб яны мяне зняважылі, і часам яны смяяліся. Я думаў тады: «Няхай яны мяне ўдараць, няхай плюнуць у твар», — і іх смех, далібог, гэта было тое самае, ашчацінены зубамі і кпінамі, ён працінаў наскрозь, знявага і боль былі такія ласкавыя! Мой духоўнік не разумеў, калі я журыўся: «Ды што вы, у вас шмат дабрыні!» Дабрыні! Кіслага віна — вось чаго ўва мне было шмат, але тым было лепш, бо як зробішся лепшым, калі ты не благі, з усяго, чаму мяне навучалі, гэта я зразумеў выдатна. Я наогул зразумеў толькі гэта, адзіную думку, і вось, разумненькі тугадум, я вырашыў дайсці да канца, я ішоў насустрач пакаранню, я ўрэзваў сабе ў ежы, нарэшце, я таксама — я хацеў быць узорам, хацеў, каб мяне бачылі і каб, убачыўшы мяне, ушанавалі таго, хто зрабіў мяне лепшым, каб праз мяне ўславілі майго бога.

Дзікае сонца! Яно падымаецца і мяняе пустэльню, тут няма болей колеру горнага цыкламену, о мае горы, і снег, гэты мяккі, ласкавы снег, але не, тут усё брудна-жоўтае, няўдзячны час перад вялікім асляпленнем. Нічога, нічога на ўсім даляглядзе перада мной, там, дзе пляскатае ўзгор'е губляецца ў карагодзе пакуль яшчэ мяккіх фарбаў. А ззаду, за мной, сцяжына паўзе да дзюны, за якой хаваецца Тагаза, яе сталёвае імя б'ецца звонам у маёй галаве ўжо столькі гадоў. Першы, хто сказаў мне пра гэты горад, быў стары, падслепаваты свяшчэннік, які дажываў свой век у нашай плябаніі, але чаму першы, ён быў адзіны, а мяне, у яго апавяданні мяне здзівілі не гэты горад, вычасаны з солі, і не яго белыя сцены пад задушлівым сонцам, не, мяне здзівіла жорсткасць яго жыхароў, дзікуноў, што жылі ў гэтым горадзе, закрытым усякаму прышламу, толькі адзін, адзіны з усіх, хто спрабаваў трапіць сюды, адзін здолеў расказаць, што ён убачыў. Яны спісяжылі яго пугай і выгналі ў пустэльню, насыпаўшы солі на раны і ў рот, ён сустрэўся з качэўнікамі, якія, нечакана, паставіліся да яго спагадна, і гэта была ўдача, а я, з той пары, я мроіў яго расказам, я марыў пра гэта спякотнае неба і пякучую соль, я хацеў убачыць гэты дом фетыша і яго рабоў; што можна было знайсці болей варварскага, што магло яшчэ больш спакушаць? Але! Вось у чым была мая місія, вось да каго я мусіў пайсці, каб паказаць свайго бога.

Яны ўгаворвалі мяне ў семінарыі, яны хацелі мяне адахвоціць ад гэтай думкі — трэба пачакаць, гэта не тая краіна, куды трэба ісці з місіяй, я яшчэ не выспеў для гэтага, мне трэба прайсці адмысловую падрыхтоўку, зведаць, хто я ёсць сам, і апроч таго — мяне трэба спачатку выпрабаваць, ужо потым яны пабачаць. Але галоўнае, пакуль што — чакаць! О не! Калі ім так ужо рупіла, я быў гатовы прайсці адмысловую падрыхтоўку і іспыты, бо яны адбываліся ў Алжыры і адно набліжалі мяне да месца, але што да астатняга, я ўпарта круціў сваёй тупой галавой і паўтараў заўсёды адно — пайсці да сама бязлітасных дзікуноў, жыць іх жыццём, і там, у іх, у самым доме іх фетыша, паказаць ім на сваім прыкладзе, што праўда майго бога — наймагутнейшая. Вядома, яны будуць мяне зневажаць, але знявагі мяне не палохалі, яны былі неабходныя, каб паказаць ім, дзе праўда, і тым, як я іх знясу, я падпарадкую гэтых дзікуноў, я скару іх, як магутнае сонца. Магутнасць — вось было тое слова, што я безупынна круціў на сваім языку, я марыў пра абсалютную ўладу, тую ўладу, што прымушае ўкленчыць, упасці на зямлю, якая загадвае саперніку здацца і нарэшце прыняць тваю веру, і чым болей сапернік сляпы, бязлітасны, упэўнены ў сабе і непахісны ў сваім перакананні, тым болей яго прызнанне сведчыць пра магутнасць таго, хто змусіў яго скарыцца. Перавярнуць у сваю веру слаўных, але крыху заблудных людзей — вось што было мізэрненькім ідэалам нашых свяшчэннікаў, і я пагарджаў імі — за тое, што ў іх ёсць такая ўлада, і яны адважваюцца на такія драбніцы, у іх не было веры, а ў мяне — была, я хацеў быць прызнаны, нават самімі катамі, я хацеў кінуць іх на калені, прымусіць закрычаць: «Божа, вось твая перамога», — я хацеў адным сваім словам панаваць над цэлым войскам драпежных злыдняў. О, я быў упэўнены, што, думаючы так, маю рацыю, я ніколі ні ў чым не быў так упэўнены, але калі ў мяне ёсць думка, калі я маю ідэю, я не выпускаю яе, і гэта мая сіла, але, мая сіла, за якую яны ўсе мяне шкадавалі!

Сонца паднялося вышэй і пачынае пячы мне лоб. Каменне вакол глуха патрэсквае, адно руля ў стрэльбы па-ранейшаму свежая — свежая, як трава на лугах, як некалі вячэрні дождж, калі ціха варыўся суп, і яны чакалі мяне, мае бацька і маці, яны часам усміхаліся мне, і я іх любіў, напэўна. Але з гэтым кончана, спякотнае мроіва падымаецца над сцяжынай, хадзі ж, місіянер, хадзі, я чакаю цябе, я ведаю, чым адказаць на тваё пасланне, мае новыя настаўнікі навучылі мяне, і я знаю, яны маюць рацыю, трэба звесці рахункі з любоўю. Калі я ўцёк з семінарыі, у Алжыры, я ўяўляў іх іначай, гэтых варвараў, адно толькі было праўдаю ў маіх марах, яны злыя. Я ўкраў грошы ў манастырскага скарбніка, скінуў расу, перасек Атлас, высокія пляскатыя ўзгор'і і пустэльню, шафёр транссахарскага аўтобуса смяяўся з мяне: «Не хадзі туды», — ён таксама, ды што на ўсіх іх найшло, а потым былі пясчаныя хвалі, сотні кіламетраў, уздыбленыя, яны насоўваліся і адступалі пад подыхам ветру, і потым — зноў гара, уся ў чорных спічастых піках з завостраным, нібыта сталёвым грэбенем, а далей спатрэбіўся павадыр, трэба было прабіцца скрозь гэты бясконцы акіян з бурага камення, які выў ад спёкі, апаляў тысячамі вогненных люстраных асколкаў, трэба было выйсці да гэтага месца, гэтай мяжы паміж землямі чорных і белай краінай, дзе высіцца салявы горад. А грошы, тыя грошы ў мяне ўкраў павадыр, наіўны, як заўсёды наіўны, я яму іх тады паказаў, і ён збіў мяне і пакінуў на гэтай сцяжыне, вось тут, якраз непадалёк ад гэтага месца: «Псюк, вось тая дарога, у мяне ўсё-такі ёсць нейкі гонар, ідзі ж, ідзі туды, яны навучаць цябе», — і яны мяне навучылі, о, праўда, яны, як гэтае сонца, што паліць бясконца і не згасае ніколі, хіба што ўначы, яно паліць заўсёды, люта і пыхліва, яго пякучыя дзіды ляцяць адусюль, вылятаюць раптам з зямлі, о, схавацца, схавацца, хутчэй схавацца, пад гэтай высокай скалой, пакуль яшчэ ўсё не паплыло ў спякотным мроіве.

Тут хораша, засень. Як можна жыць у гэтым салявым горадзе, на дне гэтай лагчыны, поўнай белага сквару? На ўсіх яго роўных сценах, груба высечаных і абчасаных вострым кайлом, кожная выбоінка, пакінутая ўдарамі кіркі, тапырыцца сляпучай луской, густы бялявы пясок забіваецца ў іх бляклаю жоўтаю фарбай, але варта дзьмухнуць добраму ветру, як ён вымятае роўныя сцены і пляскатыя дахі, і ўсё зноў запаляецца вогненнай белатой, пад задушлівым небам, таксама надраеным аж да блакітнай сваёй шкарлупіны. Я слепнуў такімі днямі, калі нерухомае вогнішча нястомна шугала і трашчала над белымі дахамі, якія, здавалася, лезлі адзін на адзін, злітоўваліся, нібыта ў той дзень, калі, ужо вельмі даўно, яны ўсёй талакой накінуліся на салявую гару, спачатку зраўнялі яе, а потым, у суцэльным каменні, прарэзалі вуліцы, нутро дамоў і вокны ці нібыта — але, так будзе нават слушней, — нібыта яны выразалі сваё белае пякучае пекла струменем кіпеню, толькі каб паказаць, што здольныя жыць там, дзе ніхто ніколі не здолее, за трыццаць дзён да ўсяго жывога, у гэтай лагчыне сярод пяскоў, дзе паўдзённая спёка не дазваляе ніякага кантакту паміж людзьмі, будуе між імі краты з нябачнага полымя і вадкіх дымлівых крышталёў, а начны холад настае так знянацку, што адразу выстуджвае іх каменна-салявыя ракавіны і прымушае раптам застыць аднаго за адным гэтых чорных эскімосаў, начных жыхароў перасохлага лядовага берага, што трасуцца ў сваіх настылых скрынях-іглу. Яны чорныя, так, яны чорныя, бо заўсёды носяць доўгую чорную вопратку, і соль, якая праела іх да самых пазногцяў, якую яны горка комчаць доўгімі начамі падчас свайго палярнага сну, соль, якую яны п'юць разам з вадою з адзінай крынічкі, выскрабенай у бліскучай каменнай зямлі, пакідае на іх змрочных сутанах рагі, падобныя да слімаковых дарожак пасля дажджу.

Дождж, о ўсявышні, адзіны сапраўдны, доўгі і ўпарты дождж з твайго неба! І тады, нарэшце, гэты пачварны горад, неўпрыкмет падмыты вадой, паціху асядзе і, немінуча, растане ўвесь, цалкам, сплыве студзяністым патокам, знясе ў пясок сваіх бязлітасных жыхароў. Адзіны сапраўдны дождж, о ўсявышні! Ды дзе, які ўсявышні, усявышнія тут — яны! Яны пануюць над усім, над сваімі бясплоднымі хатамі, над чорнымі рабамі, якіх прымушаюць паміраць у сваіх шахтах, кожная салявая пласціна каштуе жыцця чалавеку ў гэтых паўдзённых краях, яны праходзяць, маўклівыя, завінутыя ў свае жалобныя тогі, у мінеральнай белі вуліц, і калі апускаецца ноч і ўвесь горад здаецца малочнаю зданню, з пахілаю галавой, яны ўваходзяць у сутонне сваіх дамоў, дзе соль квола зіхціць на сценах. Яны спяць, спяць бязважкім сном, а калі пачынае днець, яны прачынаюцца і адразу выносяць свой вырак, і б'юць, і кажуць, што толькі яны — той адзіны народ, што толькі іх бог — сапраўдны і падпарадкоўвацца трэба яму. Яны ўсявышнія нада мной, ім невядомая літасць, і як усякі ўсявышні, яны хочуць быць адзінымі — адзінымі, хто рушыць наперад, адзінымі, хто пануе, бо яны — адзіныя, у каго хапіла адвагі збудаваць у пяску і солі гэты спякотна-марозны горад. А я...

О, каша, якая каша, калі падымаецца сквар, я сплываю потам, яны — ніколі, цяпер ужо ўгрэўся і цень, я адчуваю сонца на камені, што навіс нада мной, яно б'е, малоціць бы молатам па ўсім каменні навокал, і гэта — музыка, неабсяжная музыка поўдня, на сотні кіламетраў вакол, вібруюць паветра і камень, хр-р-р, а я, як некалі вельмі даўно, я слухаю гэтую цішу. Але, гэта тая самая ціша, што сустрэла мяне колькі гадоў назад, калі іхняя варта прыцягнула мяне да іх, на самае сонца, на сярэдзіну пляца, з якога пляскатыя дахі ўздымаліся вірам угору, пад самую накрыўку блакітнага неба, што важка ляжала на беразе гэтай лагчыны. Мяне кінулі на калені, на дно гэтай белай патэльні, вочы мне выядалі балючыя соль і агонь, што джгалі адусюль, з усіх сцен, збялелы ад стомы, з вухам, акрываўленым пасля ўдару павадыра, я ляжаў перад імі, а яны, вялікія, чорныя, глядзелі на мяне і маўчалі. Дзень запёкся ў зеніце. Пад жалезнымі ўдарамі сонца неба, да белі распаленая бляха, доўга звінела ў паветры, і гэта была тая самая ціша, яны глядзелі на мяне, ішоў час, а яны ўсё глядзелі, глядзелі, і я ўжо не мог вытрымліваць іхніх позіркаў, і ўсё больш задыхаўся, і нарэшце заплакаў, і тады, раптам, яны павярнуліся да мяне спінамі і ўсе разам рушылі ў адным напрамку. А я ўсё стаяў, на каленях, і бачыў адно іх бліскучыя ад солі ногі ў чырвоных і чорных вятроўках, што вынырвалі з-пад доўгіх і змрочных халатаў, крыху задзіраючы падол, падымаючы насок, лёгка стукаючы абцасам аб глебу, і калі пляц апусцеў, мяне пацягнулі ў дом фетыша.

Як сёння пад гэтай скалой, калі сонца свідруе каменную глыбу над маёй галавой, я доўгімі днямі сядзеў на кукішках у доме фетыша, крыху вышэйшым за іншыя, абгароджаным плотам з солі, без вокнаў, ахінутым у іскрысты змрок. Доўгімі днямі мне прыносілі піць толькі місу гаркава-салёнай вады і кідалі, нібыта курыцы, жменю зерня, якое я збіраў па драбочку. Удзень дзверы былі заўсёды зачыненыя, але цемра ўсё роўна крыху святлела, нібы неадольнаму сонцу ўдавалася прасачыцца праз тоўстыя салявыя муры. Не было ніякай лямпы, ні каганца, але сунучыся навобмацак уздоўж сцен, я адчуваў пад пальцамі нізкі сухога пальмавага лісця, якое ўпрыгожвала пакой, і ўглыбіні — маленькія, груба абчасаныя дзверы з ледзь прыкметнаю ручкай. Доўгімі днямі пазней, калі я ўжо не мог злічыць ні начэй, ні гадзін, але зерне мне кідалі ўжо не менш за дзесяць разоў, і я ўжо паспеў сабе выскрабці яміну пад нечыстоты, якія марна прысыпаў, бо вакол усё роўна тхнула бярложным смуродам, але многа пазней дзверы раптам шырока расчыніліся, і яны ўвайшлі.

Адзін рушыў да мяне. Я сядзеў на кукішках у куце, адчуваючы, як шчокі мне паліць соль, і, дыхаючы пыльным пахам пальмавых лісцяў, глядзеў на яго. Ён спыніўся за метр ад мяне і доўга моўчкі ўзіраўся мне ў твар, знак — і я ўстаў, ён зноў глядзеў на мяне сваімі бліскуча-абыякавымі металічнымі вачыма на конскім смуглявым твары, потым падняў руку. Гэтаксама бясстрасна ён ухапіў мяне за ніжнюю губу, пацягнуў да сябе, пакуль не разадраў яе да самага мяса, і, не расціскаючы пальцаў, прымусіў перакруціцца вакол і адступіць на сярэдзіну пакоя, а потым пацягнуў за губу яшчэ, каб я ўпаў на калені, і, кінуўшы там, атупелага ад болю, з акрываўленым ротам, адышоў да другіх, што стаялі ўздоўж сцен. Яны глядзелі, як я курчуся ў нясцерпнай спякоце дня, што ўліваўся праз шырока расчыненыя дзверы, не пакідаючы ніякага ценю, і раптам у гэтым сляпучым святле ўзнік шаман — з пальмавым пакуллем замест валасоў, перлавым панцырам, што пакрываў усё цела, у кароткай саламянай спадніцы, з-пад якой тырчалі голыя ногі, і ў масцы, сплеценай з кугі і жалезнага дроту, з дзвюма краткамі дзірак на вочы. За ім ішлі музыкі і жанчыны ў цяжкіх пярэстых халатах, пад якімі нават не ўгадваліся іх целы. Яны скупіліся ля дзвярэй углыбіні пакоя і пачалі скакаць у нейкім дзікім, ледзь зрытмаваным танцы, яны варушыліся, вось і ўсё, і нарэшце шаман адчыніў маленькія дзверы ў мяне за спінай, настаўнікі не варухнуліся, яны глядзелі на мяне, а я павярнуўся і ўбачыў фетыш, яго двухтварую галаву, як у двухвострай сякеры, яго доўгі жалезны нос, закручаны, як змяя.

Мяне падцягнулі і кінулі перад ім, ля самага подыя, і прымусілі піць чорную і горкую ваду, і адразу ў галаве ў мяне запякло, і я засмяяўся, вось яна, абраза, мяне абразілі. Мяне раздзелі, пагалілі галаву і цела, абмылі алеем і пачалі сцябаць па твары вяроўкамі, умочанымі ў соль і ваду, а я смяяўся і адварочваў галаву, але кожны раз дзве жанчыны бралі мяне за вушы і падстаўлялі мой твар пад удары шамана, у якога я бачыў адно квадратныя вочы і ўвесь час смяяўся, захлынаючыся крывёй. Потым яны раптам спыніліся, ніхто не гаварыў, апроч мяне, у маёй галаве пачыналася каша, а яны паднялі мяне і прымусілі ўзняць вочы на фетыш, я больш не смяяўся. Я ведаў, што цяпер я адданы яму — каб яму слугаваць і каб ім захапляцца, я больш не смяяўся, о не, я задыхаўся ад страху і болю. І вось тады, там, у гэтай белай хаціне, за гэтымі сценамі, якія звонку старанна паліла сонца, са скажоным абліччам і знямоглаю памяццю, я паспрабаваў, але, паспрабаваў памаліцца фетышу, ва ўсім свеце быў толькі ён, і нават ягоны жахлівы твар быў меней жахлівы за ўсё астатняе ў свеце. І тады яны звязалі мне ногі па шчыкалатках вяроўкай, даўжынёй на звычайны крок, і зноў пачалі скакаць, але цяпер ужо перад фетышам, а настаўнікі выйшлі адзін за адным.

Калі ж дзверы за імі зачыніліся, музыка зайграла зноў, а шаман запаліў з кары вогнішча і пачаў скакаць і тупаць вакол, высока задзіраючы ногі, доўгі абрыс ягонага цела ламаўся ў кутах белых сцен, дрыжаў на іх роўных паверхнях, напаўняў увесь пакой трапяткімі ценямі. У адным куце ён накрэмзаў чатырохкутнік, і жанчыны зацягнулі мяне туды, і я адчуваў на сябе іх сухія і мяккія рукі, і яны паставілі перада мной місу з вадой і насыпалі кучку зерня, а потым паказалі на фетыш, і я зразумеў, што мушу ўвесь час глядзець на яго і не зводзіць вачэй. Тады шаман пачаў адну за адной выклікаць іх да вогнішча і некаторых біў, і яны енчылі, а потым ішлі і падалі ніцма перад фетышам, маім богам, шаман жа тым часам зноў пачынаў скакаць і пасля загадваў кожнай пакінуць пакой, пакуль не засталася ўсяго адна, зусім маладая дзяўчына, што сядзела побач з музыкамі і якую ён яшчэ не пабіў. Ён узяў яе за касу і пачаў цягнуць, мацней і мацней, накручваючы касу на кулак, дзяўчына закінулася назад, вырачыла вочы і выгіналася ўсё больш, пакуль нарэшце не ўпала на спіну. Тады шаман выпусціў яе і зароў, музыкі адвярнуліся да сцяны, а крык за маскай з квадратнымі адтулінамі для вачэй мацнеў і рос, здавалася, да немагчымага, і дзяўчына пачала курчыцца на зямлі нібыта ў прыпадку і нарэшце, стаўшы на карачкі, абхапіла і сціснула голаў рукамі і таксама закрычала, але ціха і глуха, і тады шаман, ні на хвіліну не прыпыняючы свайго крыку і ўвесь час пазіраючы на фетыш, узяў яе, порстка і люта, але твару ў дзяўчыны было не відаць, бо цяпер ён увесь быў схаваны пад цяжкімі складкамі задзертага на голаў халата. А я — праз самоту і праз разгубленасць — я, напэўна, таксама крычаў, але, я роў ад жаху, крычаў нешта фетышу, пакуль ударам нагі мяне не адкінулі да сцяны і я не ўпіўся зубамі ў соль, як цяпер грызу гэту скалу сваім без'языкім ротам, чакаючы таго, каго мушу забіць.

Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзіны неба. Скрозь расшчыліны ў камені я бачу дзірку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, — бы рот, балбатлівы, як мой, які ванітуе нястомна патокамі полымя над палінялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной — нічога, ніякай былінкі да самага небакраю, а ззаду, там — яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялі дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбіраў і абнаўляў ахвяраванні, а ўвечары пачыналася цырымонія, і часам мяне білі, іншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбілася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяці, а цяпер — і ў надзеі. Ніколі яшчэ, ніякі бог не апаноўваў мною настолькі і ніколі мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень і ноч, было прысвечана толькі яму, і боль, і адсутнасць болю, ці ж гэта не радасць, — усё залежала ад яго, і нават жаданне, так, нават жаданне — пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму і лютаму акту, які ўжо цяпер толькі чуў, але болей не бачыў, бо як і музыкі, павінен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калі я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымі ценямі, што мітусіліся на сцяне, слухаў гэты доўгі, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, і джгучае, бясполае жаданне сціскала мне скроні і працінала жывот. Так ішлі дні і дні, і я ўжо амаль не адрозніваў іх адзін ад аднаго, нібыта яны расплаўляліся ў сляпучай спякоце і ўяўным дрыжанні салёных сцен, цячэнне часу злілося ў адзін невыразны плёхкат, з якога выляталі, праз аднолькавыя інтэрвалы, крык авалодання і стогны ад болю, адзін доўгі бясчасы дзень, над якім панаваў уладарны фетыш, як дзікае сонца над маім домам, збудаваным са скал, і цяпер, як тады, я плачу ў няшчасці і ад жадання, мяне спапяляюць надзея і злосць, і я прагну здрадзіць, і ліжу рулю ў стрэльбы, і лашчу яе душу, недзе там, усярэдзіне, яе душу, толькі ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалі мне язык, я навучыўся любіць неўміручую душу нянавісці!

Якая каша, шаленства, хр-р-р, сп'янелы ад спёкі і гневу, я ляжу, распластаны, на стрэльбе. Хто яшчэ дыхае тут? Я не магу больш трываць гэтай спёкі, якая, здаецца, ніколі не скончыцца, о, гэтае чаканне, я мушу яго забіць. Ні птушкі, ні каліва кволай травінкі, камень і пустое высушлівае жаданне, цішыня, і іх крыкі, і гэты язык, што гаворыць ува мне, і з той пары, як яны мяне знявечылі, доўгая, панурая і спустошаная пакута, пазбаўленая нават росных ночаў, тых ночаў, пра якія я марыў, зачынены разам з фетышам у сваім салявым бярлогу. Толькі ноч, з яе свежымі зорамі і змрочнымі вадазграямі, магла ўратаваць мяне, выдраць нарэшце ў злых чалавечых багоў, але я быў заўсёды зачынены і не мог на яе паглядзець. Калі той яшчэ будзе пазніцца, я тады ўбачу яго сам, ён уздымецца над пустэльняй і захіне сабой небакрай, звісне з прадоння азмрочанага зеніту залатою халоднаю гронкай, з якой я ўдосталь змагу папіць, арашу сваю чорную, ссохлую пашчу, якую даўно ўжо не асвяжае жывая і мяккая плоць, я змагу нарэшце забыць пра той дзень, калі дурасць пацягнула мяне за язык.

О, як было горача, горача, раставала соль ці, прынамсі, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, і тады ўвайшоў шаман, без маскі. За ім, амаль зусім голая, у адной шаравай анучы, ішла жанчына, яе твар, пакрыты татуіроўкай, ад якой ён рабіўся падобны да маскі фетыша, не выяўляў нічога, апроч нейкага злога, ідальскага здранцвення. Жыло толькі тонкае і пляскатае цела, якое абрушылася да падножжа бога, як толькі шаман адчыніў маленькія дзверы ў фетышаў катушок. Потым ён выйшаў, не гледзячы на мяне, спякота мацнела, я не кратаўся з месца, фетыш пазіраў на мяне па-над целам нерухомай жанчыны, адно яе цягліцы неўпрыкмет варушыліся, і ідальскі твар амаль не змяніўся, калі я падышоў бліжэй. Толькі вочы выраслі раптам і ўтаропіліся на мяне, а мае ногі дакрануліся да яе ног, і спёка разам завыла, і ідал-жанчына без адзінага слова, па-ранейшаму гледзячы на мяне сваімі вырачанымі вачыма, пачала хіліцца назад, упала на спіну, падабрала пад сябе свае ногі, потым падняла і паволі, мякка рассунула калені ўбок. Але адразу ж, хр-р, шаман пільнаваў мяне, яны ўсе ўварваліся, адкінулі мяне ад жанчыны і пачалі біць, жудасна біць у месца граху, граху! Які грэх, я смяюся, дзе ён, дзе дабрачыннасць, яны прыгваздалі мяне да сцяны, сталёвыя пальцы сціснулі сківіцы, другія прымусілі разявіцца рот і выцягнулі мне язык, пакуль ён не заліўся крывёю, і нехта выў — ці не я? — крычаў дзікім, жывёльным крыкам, і тады па маім языку прайшлася вострая і ласкавая свежасць, сапраўды, то была, нарэшце ўжо, свежасць. Калі я апрытомнеў, я быў адзін, уначы, прытулены да сцяны, заліты загуслай крывёй, а ў роце была напханая жменя сухой травы, у якой быў нязвыклы і дзіўны водар, кроў больш не цякла, але ў роце нішто не жыло, і ў гэтай пустэчы торкаўся толькі пакутлівы боль. Я хацеў быў падняцца і ўпаў, шчаслівы, безнадзейна шчаслівы памерці нарэшце, смерць таксама прыносіць свежасць, і ў смяротным сутонні няма ўжо ніякіх багоў.

Але я не памёр. Маладая нянавісць аднойчы паднялася разам са мной, падышла да дзвярэй углыбіні, адчыніла іх і зачыніла ў мяне за спінай, я ненавідзеў сваіх, у глыбіні гэтай нары, дзе я апынуўся, перада мной стаяў фетыш, і цяпер я не толькі памаліўся яму, я паверыў у яго і адкінуў усё, у што верыў дагэтуль. Збавіцель, ён быў моц і магутнасць, яго можна было зруйнаваць, але абярнуць у сваю веру — ніколі, ён глядзеў паўз мяне, над маёй галавой, пустымі, праржаўленымі вачыма. Збавіцель, ён быў уладар, настаўнік, адзіны ўсявышні пан, неаспрэчным адметным знакам якога заўсёды была злосць, а добрых настаўнікаў, добрых уладароў — наогул няма. Першы раз, пасля столькіх зняваг, калі ўсё маё цела крычала ў адзінай пакуце, я аддаў сябе цалкам яму і ўхваліў яго люты парадак, у ягонай выяве я ўславіў злосць, на якой непахісна грунтуецца светабудова. Палонны ў ягоным царстве, у гэтым бясплодным горадзе, выразаным у салёнай гары, аддзеленым ад прыроды, пазбаўленым мімалётных і рэдкіх цвіценняў пустыні, адлучаным ад усякіх выпадкаў і ласкі, неспадзяванага воблака, кароткага і раз'юшанага дажджу, які ведаюць нават пяскі, нават сонца, у гэтым салёным горадзе, спарадкаваным уладарным загадам, з прамымі кутамі, квадратнымі пакоямі і нязломнымі жыхарамі, я сам па сваёй волі зрабіўся яго поўным нянавісці і пакутніцкім грамадзянінам, і закрэсліў стагоддзі гісторыі, якой мяне навучалі. Мяне заўсёды ашуквалі, адно панаванне злосці не мае заган, мяне ашуквалі, праўда заўсёды калючая, важкая, цвёрдая, яна не трывае нюансаў, а дабро, дабро — гэта летуценне, памысная мара, спраўдзіць якую заўжды адкладаюць, да якой увесь час імкнуцца да зняможання сілы, гэта ўяўная рыса, якой ніколі не дасягнуць, дабро панаваць не здольна. Толькі ліха можа дайсці да сваёй мяжы і запанаваць непадзельна, адно ліху трэба служыць дзеля ўсталявання яго бачнага царства, далоў Эўропу, рацыю і гонар, і крыж. Але, я мусіў прыняць рэлігію сваіх уладароў, але, але, я быў раб, аднак калі я таксама бязлітасны — я ўжо не раб, нягледзячы на звязаныя ногі, на нямы без'языкі рот. О, які сквар, ён даводзіць мяне да вар'яцтва, уся пустэльня крычыць пад невыносным святлом, а таго, Пана лагоды, адно імя якога прымушае мяне здрыгануцца, — я адмаўляю яго, бо цяпер ён мне добра вядомы. Ён летуценіў, ён мроіў, ён хацеў схлусіць, а яны выразалі яму язык, каб ягонае слова больш не ашуквала свет, прыбілі яго цвікамі, яго бедную галаву, як цяпер у мяне, о, каша, як я стаміўся і зямля не скаланулася, я ўпэўнены ў гэтым, бо забілі не праведніка, я адмаўляюся гэтаму верыць, праведнікаў няма, ёсць бязлітасныя настаўнікі, уладары, што нясуць з сабой панаванне няўмольнае праўды. Так, толькі ў фетыша ёсць моц і сіла, ён адзіны — бог у гэтым свеце, і яго запавет — нянавісць, што крыніца ўсяго жыцця, што выток свежай вады, свежай, як мята, што апякае рот і ледзяніць вантробу.

Я змяніўся тады, і яны зразумелі гэта, пры сустрэчы я цалаваў ім руку, я быў свой сярод іх і ўвесь час захапляўся імі, я ім давяраў і спадзяваўся, што яны скалечаць маіх, выдзеруць ім языкі, як некалі выдзерлі мне. І калі я даведаўся, што хутка прыйдзе місіянер, я зразумеў, што павінен рабіць. У той дзень, падобны да іншых, такі сама сляпучы дзень, які доўжыўся цэлую вечнасць, адвячоркам на грэбені лагчыны раптам узнік вартавы, ён бег, і колькі хвілін пазней мяне зацягнулі ў дом фетыша, зачынілі за мною дзверы. Са мною застаўся адзін, ён прымусіў мяне ляжаць, на зямлі, у сутонні, пагражаючы востраю шабляй, падобнай на крыж, доўга была цішыня, і потым, нарэшце, нейкі нязвыклы шум напоўніў заўсёды маўклівы горад, то былі галасы, якія я доўга не мог распазнаць, бо яны гаварылі маёю мовай, і як толькі яны прагучалі, лязо апусцілася мне да вачэй, і мой вартавы пільна зірнуў на мяне ў цішыні. Два галасы наблізіліся да нас, я іх чую дагэтуль, адзін запытаўся, чаму гэты дом вартуюць і ці не трэба выламаць дзверы, мой лейтэнант, другі адказаў: «Не», — адрывістым голасам, і праз хвіліну дадаў, што заключаны дагавор, горад згаджаецца прыняць гарнізон з дваццаці салдат — з умовай, што тыя паставяць свой лагер за гарадскімі мурамі і абавяжуцца паважаць мясцовыя звычаі. Салдат засмяяўся, яны падаюцца, але афіцэр не разумеў, ва ўсякім выпадку, яны ўпершыню пагадзіліся кагосьці прыняць, каб дагледзець дзяцей, і гэтым чалавекам мусіў стаць гарнізонны свяшчэннік. Голас зноў засмяяўся, каб не салдаты, яны б адрэзалі таму свяшчэнніку, ён сам разумее — што. «О! — адказаў афіцэр. — Што вы, не. І дарэчы, айцец Бэфор прыйдзе раней ад гарнізона, ён будзе тут праз два дні». Я болей нічога не чуў, я ляжаў на зямлі, нерухомы, прыціснуты вострым лязом, боль працінаў маё цела, нібыта ўва мне вар'явалася кола нажоў і шыпоў. Яны звар'яцелі, вар'яты, яны дазваляюць даткнуцца да гэтага горада, да іх непераможнай магутнасці, да сапраўднага бога, а той, ён хутка мусіць прыйсці, і яму не адрэжуць язык, ён нагла распушыць свой хвост, выставіць сваю добрасць, і нічога не сплаціць за гэта, не ўбачыць нават знявагі. Панаванне ліха зноў будзе аддалена, і зноў пачнуцца сумненні, зноў будзе страчаны час на пустыя мары аб немагчымым дабры, на бясплённыя намаганні, што нясуць з сабой толькі знямогу, замест таго каб паскорыць прыход адзіна-магчымага царства, я глядзеў на грозны клінок, што навіс нада мной, о магутнасць, ты адна пануеш над светам! О магутнасць... а горад патроху пусцеў, аціхаў ад нязвыклага шуму, і вось нарэшце адчыніліся дзверы, і я застаўся адзін, спапялёны, спалены горыччу, толькі фетыш быў побач са мной, і я прысягнуў яму ўратаваць маю новую веру, маіх ісцінных уладароў, майго дэспатычнага бога, здрадзіць, здрадзіць, што б там ні стала!

Хр-р, спёка крыху адпусаке, каменне больш не дрыжыць, я магу цяпер выйсці з нары і зірнуць на пустэльню, на тое, як, адна за адной, яе пакрываюць жоўтая, вохравая, а потым, хутка ўжо, шызая фарбы. Гэтай ноччу я пачакаў, пакуль яны ўсе заснуць, яшчэ загадзя я ўшчаміў у дзвярах замочную засаўку і потым выйшаў, сваёю звычайнай хадой, вымеранай вяроўкай, я ведаў усе вуліцы, знаў, дзе тая старая стрэльба, якую мне трэба ўзяць, і дзе такі выхад, які не вартуюць, і вось я прыйшоў сюды, я прыйшоў сюды ў той час, калі ноч выцвітае над жменькаю зорак, а колер пустэльні трошкі гусцее. І цяпер мне здаецца, што я доўгія дні сяджу тут, зашыўшыся ў скалы. Хутчэй, хутчэй, о, хутчэй бы ўжо ён прыйшоў! Праз хвіліну яны спахопяцца і кінуцца мяне шукаць, яны паляцяць па сцяжынах ва ўсе бакі, ім невядома, што я пайшоў дзеля іх, каб лепей ім слугаваць, о, гэтая млявасць у нагах, я п'янею ад голаду і нянавісці. О-о-о! Вунь! Там, хр-р, хр-р, у самым канцы сцяжыны, два вярблюды, растуць, бягуць інаходдзю, падвоеныя кароткімі ценямі, нясуцца сваёю звычайнай, шпаркаю і летуценнай хадой. Нарэшце, вось яны, вось!

Стрэльбу, хутчэй, зараджай. О фетыш, мой божа, ты тут, няхай жа ўмацуецца твая магутнасць, няхай расплодзіцца крыўда і над светам праклятых запануе нарэшце бязлітасная нянавісць, няхай назаўжды ўладаром і настаўнікам стане злыдзень і кат, няхай жа нарэшце ўсталюецца царства, дзе ў адзіным салёна-жалезным горадзе чорныя тыраны будуць акрутна ўладарыць і панаваць! А цяпер, хр-р, хр-р, агонь па лагоднасці, агонь па бяссільнасці і яе дабрадзейству, агонь па тых, хто замінае прыходу ліха, агонь, агонь, і вось, яны куляюцца, падаюць, а вярблюды бягуць да небакраю, узганяючы чорныя гейзеры птахаў у непарушнае неба. Я смяюся, смяюся, а той, вось ён — курчыцца ў сваёй пагарджанай сутане, ён крыху падняў галаву, ён глядзіць на мяне, на мяне, яго ўсемагутнага ўладара з перавязанымі нагамі, чаму ён яшчэ ўсміхаецца, я раструшчваю гэтую ўсмешку! О, як прыемна гучыць удар прыкладам у твар дабрыні, сёння, сёння нарэшце ўсё даведзена да завяршэння, і ў пустэльні, паўсюль, на гадзіны вакол, шакалы прынюхваюцца да нячутнага ветру, і бягуць цярплівым трушком, да банкету над падлай, які іх чакае. Перамога! Я працягваю рукі да неба, якое мякчэе, па дальнім краі разліваецца ледзь прыкметны фіялетавы цень, о ночы Эўропы, радзіма, дзяцінства, навошта ж я плачу ў такі трыумфальны час?

Ён варухнуўся, не-не, гэты гук прыйшоў не адсюль, ён ляціць зусім з іншага боку, вунь — то яны набягаюць, ляцяць, нібы змрочныя птахі, мае ўладары, яны мкнуць да мяне, і хапаюць, ах, ох, правільна, біце, яны баяцца свайго згвалтаванага, расшкуматанага горада, баяцца мсціўцаў-салдат, якіх я наклікаў на святую святых, вось што трэба было! Бараніцеся ж, біце, біце, спачатку мяне, бо праўда — за вамі! О мае ўладары, яны перамогуць салдат, перамогуць любоў і слова, і знікнуць у пустэльнях, а потым пяройдуць моры, захінуць сваім чорным крыллем святло над Эўропай, — біце ў вочы, правільна, біце ў жывот, — пасеюць соль над усім кантынетам, і ўсё, што расце, пачэзне, уся маладосць — пагасне, і нямыя натоўпы з вяроўкамі на нагах пацягнуцца побач са мной па сусветнай пустэльні пад бязлітасным сонцам правільнай веры, і я буду ўжо не адзін. Ах, які боль, як балюча яны мяне б'юць, іх раз'юшанасць вельмі прыемная, вось і воінскае сядло, на якім мяне распінаюць, літасці, я смяюся, як прыемна адчуць гэты ўдар, што мяне прыцінае да крыжа, як цвік.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

О, як ціха, пустэльня маўчыць. Ужо ноч, я адзін, паміраю ад смагі. Зноў чакаць, але што там за гукі, здалёк, можа быць, пераможцы-салдаты, не, не трэба, і нават калі перамогуць салдаты, яны не настолькі бязлітасныя, і не здолеюць панаваць, і зноў скажуць, што трэба стаць лепшым, і зноў мільёны людзей па-ранейшаму будуць вагацца, раздзірацца між злом і дабром, о мой фетыш, нашто ты пакінуў мяне? Усё кончана, хочацца піць, цела згарае ад смагі, і сама цёмная ноч пакрывае мне вочы.

Гэты доўгі, бясконцы сон, прачынаюся, не, я ўжо хутка мушу памерці, пачынае займацца на дзень, гэты першы прамень, гэты золак — дзеля іншых, для тых, каму жыць, для мяне ж — няўмольнае сонца і мухі. Хто тут гаворыць, нікога, неба не расчыняецца, не, і бог не гаворыць у пустэльні, адкуль жа гучыць гэты голас, што кажа: «Калі ты згодзішся памерці за моц і нянавісць, хто зможа прабачыць нам?» А можа, гэта гаворыць другі мой язык, ува мне, або той, што ніяк не хоча памерці, каля маіх ног, і ўвесь час паўтарае: «Мацуйся, мацуйся, мацуйся»? О! Раптам я зноў памыліўся! Былыя браты мае, людзі, адзіны ратунак, якая самота, не пакідайце мяне! Вось, вось я, тут, ты хто, увесь разадраны, з акрываўленым ротам, гэта ты, мой шамане, салдаты ўзялі верх над табой, і агонь пажырае ўжо соль, гэта ты, уладар мой, мой мілы. Скінь жа гэта аблічча нянавісці, будзь жа добры нарэшце, мы з табой памыліліся, і мы ўсё пачнём зноў, мы зноў адбудуем горад спагады і літасці, я хачу вярнуцца дамоў. Ага, дапамажы мне, вось так, працягні сваю руку, дай...»

Жменя солі забіла рот балбатліваму рабу.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com