epub
 
падключыць
слоўнікі

Альбэр Камю

Чужаніца

Частка першая
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
Частка другая
  I
  II
  III
  IV
  V


Частка першая

 

I

 

Сёння памерла мама. Ці, можа, учора, не ведаю. Я атрымаў тэлеграму з прытулку: «Сканала маці. Пахаванне заўтра. Шчыра спачуваем». Тут ладу не дойдзеш. Мабыць, і ўчора.

Прытулак для састарэлых — у Марэнга, за восемдзесят кіламетраў ад Алжыра. А другой гадзіне сяду ў аўтобус і надвячоркам буду там. Значыць, змагу пасядзець ля труны і заўтра ўвечары ўжо вярнуся. Папрасіў у патрона два дні. Вядома, ён не мог мне адмовіць, калі ўжо такая прычына. Але выгляд у яго быў незадаволены. Я нават сказаў: «Гэта ж не мая віна». Ён прамаўчаў. І я падумаў, што не павінен быў казаць яму гэтага. Урэшце, мне не было за што перапрошваць. Бадай, гэта ён павінен быў мне паспачуваць. Але, відаць, ён зробіць гэта паслязаўтра, калі ўбачыць мяне ў жалобе. А цяпер яшчэ мама нібы і не памерла. Вось пасля пахавання — тады ўжо справа будзе ясная, і ўсё пойдзе так, як яно прынята афіцыйна.

А другой гадзіне сеў у аўтобус. Спёка была страшэнная. А паеў, як звычайна, у шынку ў Селеста. Яны там усе мяне шкадавалі, і Селест сказаў: «Маці ва ўсіх адна». Калі я сабраўся ісці, усе правялі мяне да дзвярэй. У галаве была нейкая затлума — яшчэ ж трэба было забегчы да Эмануэля пазычыць чорны гальштук і жалобную павязку на руку. У яго некалькі месяцаў назад памёр дзядзька.

Каб не спазніцца на аўтобус, увесь час бег. І, напэўна, ад гэтага спеху і беганіны, ды пасля яшчэ — ад трасення па калдобінах ды агіднага паху бензіну мяне размарыла, і амаль усю дарогу я праспаў. А калі прачнуўся, аказалася, што мая галава ляжыць на плячы ў нейкага вайскоўца. Той усміхнуўся і спытаў, ці здалёк я еду. Я адказаў: «Ну», — каб болей не размаўляць.

Прытулак быў за два кіламетры ад вёскі. Я пайшоў туды пешкі. Мне хацелася адразу пабачыць маму. Але брамнік сказаў, што спачатку трэба сустрэцца з дырэктарам. Той быў заняты, давялося трошкі пачакаць. Брамнік увесь час нешта балбатаў, але нарэшце з'явіўся дырэктар і запрасіў мяне ў кабінет. Гэта быў маленькі стары, са стужкай Ганаровага Легіёна ў пятліцы. Ён зірнуў на мяне светлымі вачыма. Потым паціснуў руку і так доўга яе трымаў, што я ўжо не ведаў, як яе вызваліць. Ён зірнуў у нейкія свае паперы і сказаў: «Пані Мёрсо прыйшла да нас тры гады таму. Вы былі яе адзіная падтрымка». Мне здалося, што ён мяне за штось папракае, і я пачаў быў тлумачыць. Але ён мяне спыніў: «Вам няма чаго апраўдвацца, мілае дзіця. Я прачытаў дасье вашай маці. Вы не маглі ўтрымліваць яе. Ёй быў патрэбны догляд. А заробак у вас сціплы. Урэшце, у нас яна была шчаслівейшая». Я сказаў: «Праўда, пане дырэктару». Ён дадаў: «Ведаеце, у яе тут былі сябры, яе веку. І ў іх былі агульныя інтарэсы, якія ядналі іх з мінулым. Вы малады, з вамі яна, мусіць, сумавала».

Ён меў рацыю. Калі мама была дома, яна ўвесь час маўчала і адно сачыла за мной вачыма. А калі апынулася ў прытулку, першыя дні часта плакала. Проста ў яе не было звычкі. Праз некалькі месяцаў яна б заплакала, каб яе з прытулку забралі. І зноў жа ад звычкі. Можа, якраз таму ўвесь апошні год я туды амаль і не ездзіў. Дый гэта пазбаўляла б мяне нядзелі — я ўжо не кажу пра пакуты з паездкай на аўтобусе: спачатку купі білеты, а пасля трасіся дзве гадзіны.

Дырэктар нешта яшчэ гаварыў. Але я ўжо яго амаль не слухаў. Нарэшце ён сказаў: «Я думаю, вы хочаце ўбачыць маці». Я моўчкі ўстаў, і ён прайшоў наперад да дзвярэй. На лесвіцы ён пачаў тлумачыць: «Мы перанеслі яе ў нашу маленькую трупярню. Каб не траўмаваць іншых. Кожны раз, як у прытулку нехта памірае, усе астатнія пачынаюць нервавацца, і потым два-тры дні іх не супакоіш. Нам гэта ўскладняе працу». Мы прайшлі праз двор, там было шмат старых, якія гаманілі, разбіўшыся на гурткі. Калі мы праходзілі побач, гамонка заціхала. А потым, у нас за спінай, узнікала зноў. Было падобна да прыглушанага сакатання чародкі папугайчыкаў. Каля дзвярэй невялікага будынка дырэктар развітаўся: «Пакідаю вас аднаго, пане Мёрсо. Калі я вам спатрэблюся, я ў сябе ў кабінеце. Ну а ўвогуле, пахаванне заўтра а дзесятай гадзіне раніцы. Мы падумалі, што такім чынам у вас будзе досыць часу пасядзець каля нябожчыцы. І апошняе: ваша маці, здаецца, часта казала сваім прыяцелям па прытулку, што хоча быць пахаванай згодна з рэлігійным абрадам. Я ўжо загадаў зрабіць усё, што трэба. Але лічу сваім абавязкам вам пра гэта паведаміць». Я падзякаваў. Праўда, мама, хоць і не была бязбожніца, пры жыцці ніколі не думала пра рэлігію.

Я ўвайшоў. Пакой быў вельмі светлы, пабелены глінкай, з зашклёнаю столлю. З мэблі стаялі адно некалькі крэслаў і козлы. Пасярод пакоя, на козлах, — труна з насунутым векам. На фоне цёмных, фарбаваных пад арэх дошак адразу кідаліся ў вочы бліскучыя, ледзь прыкручаныя шрубы. Каля труны сядзела арабка ў белым халаце і ў яркай хустцы.

Тут у мяне за спінай узнік брамнік. Ён, відаць, бег, бо вельмі задыхаўся. Крыху заікаючыся, ён сказаў:

— Мы накрылі, але я зараз здыму века, каб вы маглі на яе паглядзець.

Ён падышоў да труны, але я спыніў яго. Ён запытаўся:

— Вы не хочаце?

Я адказаў:

— Не.

Ён апусціў рукі, і мне зрабілася няёмка, бо я адчуў, што адмаўляцца было не трэба. Ён уважліва паглядзеў на мяне і спытаў:

— Чаму? — Але ў пытанні не было ніякага папроку, быццам ён проста хацеў даведацца.

Я адказаў:

— Не ведаю.

Тады ён пакруціў свой сівы вус і прамовіў, не гледзячы на мяне:

— Разумею.

У яго былі прыгожыя блакітныя вочы і крыху пачырванелы твар. Ён падсунуў мне крэсла і сам сеў трошкі ззаду. Арабка ўстала і пайшла да дзвярэй. Тады брамнік сказаў:

— Гэта ў яе ад шанкеру.

Я адразу не зразумеў, але, зірнуўшы на сядзелку, убачыў, што пад вачыма ў яе павязка. Там, дзе павінен быць нос, бінт ляжаў гладка. Замест твару была відаць адно белая марля.

Калі яна выйшла, брамнік сказаў:

— Я зараз пакіну вас аднаго.

Не ведаю, які я там зрабіў рух, але брамнік застаўся стаяць у мяне за спінай. Тое, што ён стаяў ззаду, мяне неяк бянтэжыла. Пакой быў заліты яркім надвячэрнім святлом. Тыцкаючыся ў шыбу, гулі два чмялі. І я адчуў, што мяне пачынае хіліць на сон. Не азіраючыся на брамніка, я запытаўся:

— Вы тут даўно?

Ён адказаў адразу:

— Пяць год, — нібы ўвесь час чакаў гэтага пытання.

І потым загаманіў. Каб яму нехта раней сказаў, што ён скончыць брамнікам у прытулку ў нейкім Марэнга, ён бы вельмі здзівіўся. Цяпер яму шэсцьдзесят чатыры, сам ён з Парыжа. Тут я яго перапыніў:

— Дык вы не тутэйшы?

Але потым я прыгадаў, што перад тым, як правесці мяне да дырэктара, ён гутарыў са мной пра маму. Ён сказаў, што яе трэба хутчэй пахаваць, бо на раўніне цяпер вялікая спёка, асабліва ў гэтых краях. Тады ён і паведаміў, што раней жыў у Парыжы і ўсё ніяк не можа забыцца пра гэта. У Парыжы каля нябожчыка можна пабыць і тры, а то часам і чатыры дні. А тут — дзе там, няма калі! Яшчэ як след не ўразумееш, што здарылася, а ўжо — вунь, трэба бегчы за катафалкам.

Яго жонка сказала яму тады:

— Ды сціхні ты! Што ты такое гаворыш пану!

Стары пачырванеў і папрасіў прабачэння. Але я ўмяшаўся:

— Ды не, не, што вы.

Я падумаў, што ўсё тое, што ён кажа, — праўда, і мне гэта здалося цікавым.

У трупярні ён расказаў, што быў прыняты ў прытулак як чалавек бедны. Але адчуваючы сябе яшчэ здольным працаваць, папрасіўся ў брамнікі. Я зазначыў, што ён, значыць, такі самы жыхар у гэтым прытулку, як і ўсе. Але ён запярэчыў — зусім не. І мяне ўразіў той тон, якім ён гаварыў: «яны», «гэтыя» ці, радзей, «старыя», хоць многія, пра каго ён казаў, былі не старэйшыя за яго. Але, вядома, ён і яны — не адно і тое ж. Ён жа брамнік і, у пэўнай ступені, мае над імі ўладу.

У гэтую хвіліну вярнулася сядзелка. Неяк адразу звечарэла. Над шкляным дахам хутка згусцілася цемра. Брамнік павярнуў выключальнік, і мяне асляпіла нечаканая хваля святла. Брамнік запрасіў мяне схадзіць у сталоўку паабедаць. Але есці мне не хацелася. Тады ён прапанаваў прынесці шклянку кавы з малаком. Я згадзіўся, бо каву з малаком вельмі люблю, і неўзабаве ён вярнуўся з падносам. Я пачаў піць. І тады ў мяне ўзнікла жаданне запаліць. Але я спачатку вагаўся, бо не ведаў, ці можна мне паліць каля мамы. Я падумаў і вырашыў, што гэта не мае ніякага значэння. Я пачаставаў цыгарэтай брамніка, і мы з ім запалілі.

Праз нейкі час ён сказаў:

— Ведаеце, сябры вашай маці зараз таксама прыйдуць пасядзець каля яе. Так прынята. Дык я схаджу па крэслы і прынясу чорнай кавы.

Я запытаўся, ці можна пагасіць адну якуюсь лямпу. Мяне стамляла яркае святло, якое адбівалася ад беленых сцен. Але ён сказаў, што гэта немагчыма. Так зроблена праводка: можна ўключыць ці ўсе адразу, ці наогул ніводнай. Ён выйшаў, потым вярнуўся і пачаў расстаўляць крэслы. На адным ён згрувасціў стос шклянак і кавярнік. Потым сеў насупраць мяне, па той бок мамы. Сядзелка таксама тулілася на крэсле ў дальнім куце, павярнуўшыся да мяне спінай. Мне было не відаць, што яна там робіць. Але па тым, як варушыліся яе рукі, можна было здагадацца, што яна вяжа. Было цёпла, кава сагрэла мяне. Праз адчыненыя дзверы ліўся водар летняй ночы і кветак. Я, напэўна, трошкі задрамаў.

Прачнуўся я ад нейкага шоргату. І калі расплюшчыў вочы, сцены ў пакоі здаліся яшчэ больш белымі і бліскучымі. Вакол не было ніякага ценю, і кожная рэч, кожны кут, усе выгіны вымалёўваліся да таго рэзка, што балюча было глядзець. Якраз у гэты момант прыйшлі маміны сябры. Усяго іх было чалавек дзесяць, яны бясшумна плылі ў гэтым сляпучым святле. Потым паселі, так ціха, што не рыпнула ніводнае крэсла. Я глядзеў на іх і бачыў так ясна, як ніколі яшчэ нікога не бачыў, я заўважаў кожную рыску на іх тварах, кожную складку на вопратцы. Але не чуў ні гуку, і мне нават не вельмі верылася, што яны сапраўдныя жывыя людзі. Амаль усе жанчыны былі ў фартухах, туга завязаных на поясе, ад чаго іх тоўстыя жываты здаваліся яшчэ большымі. Я раней ніколі не заўважаў, якія ў старых кабет бываюць вялізныя жываты. Мужчыны амаль усе былі худыя і трымалі ў руках кіёчкі. Больш за ўсё мяне ўразіла, што на іх тварах было не відаць вачэй — між глыбокіх маршчын прабівалася адно каламутнае, кволае святло. Калі яны парасселіся, большасць уперылася ў мяне і няёмка затрэсла галовамі, бязгучна варушачы пры гэтым праваленымі ў бяззубы рот вуснамі; але я так і не зразумеў, ці то яны віталіся са мною, ці то быў проста нервовы цік. Па-мойму, яны ўсё ж віталіся. І толькі тут я заўважыў, што ўсе яны сядзяць якраз насупраць мяне, справа і злева ад брамніка, і моўчкі ківаюць галовамі. У мяне на нейкую хвіліну ўзнікла дзіўнае ўражанне, быццам яны сабраліся мяне судзіць.

Трошкі пазней адна жанчына заплакала. Яна сядзела ў другім радзе, за спінаю ў сваёй прыяцелькі, і мне дрэнна было яе відаць.

Яна плакала доўга, моцна ўсхліпваючы праз аднолькавыя прамежкі часу, і мне здавалася, што яна ніколі не кончыць. Астатнія нібы не чулі яе. Яны сядзелі скурчаныя, пахмурныя і маўклівыя. Хто глядзеў на труну, хто на кіёк, хто яшчэ куды, кожны ўтаропіўся ў адну нейкую кропку і не зводзіў з яе вачэй. Жанчына яшчэ плакала. Мяне гэта вельмі здзіўляла, бо я зусім не ведаў яе. Мне вельмі хацелася, каб яна сціхла. Але я не адважваўся сказаць ёй гэтага. Брамнік нахіліўся і сказаў ёй некалькі слоў, але яна пакруціла галавой, нешта прамармытала і зноў пачала плакаць і ўсхліпваць з тымі ж прамежкамі. Тады брамнік абышоў труну і сеў побач са мной. Ён доўга маўчаў і нарэшце, не гледзячы на мяне, сказаў:

— Яна вельмі сябравала з вашай маці. Кажа, што яна была тут яе адзіная прыяцелька і цяпер у яе нікога няма.

Прайшло яшчэ шмат часу. Жанчына ўздыхала і ўсхліпвала ўсё радзей. Цяпер яна больш шморгала носам. І нарэшце сціхла. Спаць ужо не хацелася, але я вельмі стаміўся, балела спіна. Мяне прыгнятала, што ўсе вакол маўчаць. Толькі час ад часу чуўся нэйкі дзіўны гук, і я доўга не мог зразумець, адкуль ён. Урэшце я здагадаўся, што некаторыя старыя смокчуць шчокі, і таму ў іх часам вырываецца такое дзіўнае цмоканне. Яны яго не заўважалі, бо былі вельмі паглыбленыя ў свае думкі. У мяне нават узнікла ўражанне, што нябожчыца, якая ляжала перад імі ў труне, не мела для іх ніякага значэння. Але цяпер я думаю, што гэта ўражанне памылковае.

Усе мы выпілі кавы, якую наліў брамнік. Што было далей, не ведаю. Прайшла ноч. Памятаю толькі, што ў нейкі момант я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што ўсе старыя спяць, цяжка ссунуўшыся на крэслах, і толькі адзін абаперся на булавешку свайго кіёчка, паклаў падбародак на рукі і пільна глядзіць на мяне, нібы толькі і чакае, каб я прачнуўся. Потым я заснуў зноў. Прачнуўся я ад моцнага болю ў спіне. За шклёнаю столлю займалася на дзень. Неўзабаве прачнуўся адзін стары. Ён моцна закашляў і пачаў адхарквацца ў вялікую клятчатую насоўку. Здавалася, з кожным пляўком з сярэдзіны ў яго вылятае кавалак лёгкага. Сваім кашлем ён разбудзіў астатніх, і брамнік сказаў, што ім ужо час ісці. Яны падняліся. Ад доўгага сядзення ў няёмкіх позах яны мелі вельмі стомлены выгляд, твары былі шэрыя, нібы з попелу. На маё вялікае здзіўленне, выходзячы, яны ўсе паціснулі мне руку — быццам гэтая ноч, за якую мы не абмяняліся ніводным словам, павялічыла нашую блізкасць.

Я стаміўся. Брамнік завёў мяне ў свой пакойчык, і я змог трошкі прывесці сябе ў парадак. Я выпіў яшчэ кавы з малаком, яна была вельмі смачная. Калі я выйшаў, ужо зусім развіднела. Над пагоркамі, якія аддзяляюць Марэнга ад мора, у небе гулялі ружовыя промні сонца. І вецер, які прылятаў адтуль, прыносіў пах солі. Пачынаўся выдатны, пагодны дзень. Я ўжо даўно не быў за горадам і з вялікім задавальненнем пайшоў бы цяпер прагуляцца, каб не мама.

Я застаўся чакаць на двары, пад платанам. Стаяў і ўдыхаў свежы водар зямлі, спаць ўжо зусім не хацелася. Я падумаў пра сваіх прыяцеляў па службе. Цяпер яны, напэўна, устаюць, каб ісці на працу — для мяне гэта заўжды быў сама цяжкі час. У мяне былі яшчэ нейкія думкі наконт гэтага, але ўвагу адцягнула бразгатанне звону, што даносілася аднекуль з багадзельні. За вокнамі пачалася нейкая валтузня, потым усё сціхла. Сонца паднялося вышэй і пачынала ўжо саграваць ногі. Цераз двор прайшоў брамнік, ён сказаў, што мяне кліча дырэктар. Я пайшоў у кабінет. Дырэктар даў мне падпісаць даволі многа нейкіх папер. Я заўважыў, што ён апрануты ва ўсё чорнае, толькі нагавіцы паласатыя. Ён узяў у рукі тэлефон і запытаўся:

— Службоўцы з пахавальнага бюро ўжо тут. Я зараз паклічу іх зачыніць труну. Мабыць, вы хочаце апошні раз зірнуць на сваю маці?

Я адказаў:

— Не.

Тады ён загадаў у слухаўку прыцішаным голасам:

— Фіжак, скажыце сваім, каб пачыналі.

Потым ён паведаміў мне, што таксама будзе на пахаванні. Я падзякаваў. Ён сеў за стол, закінуў адну на адну караценькія ногі і папярэдзіў, што, апроч нас, на пахаванні нікога не будзе, пойдзе яшчэ толькі адна санітарка. Паводле правілаў прытулку яго жыхары на пахаванне не дапускаліся. Ім дазвалялася толькі пасядзець каля труны. «Я лічу, што так яно чалавечней», — сказаў ён. Але сёння дырэктар дазволіў аднаму з старых маміных сяброў правесці яе на могілкі. «Яго завуць Томас Перэс». Тут дырэктар усміхнуўся.

— Вы, вядома, разумееце. Гэта было нейкае такое дзіцячае дзівацтва. Але яны з вашаю маці былі неразлучныя. З іх у прытулку нават трошкі кпілі, казалі Перэсу: «Гэта твая нявеста». А ён смяяўся. Ім абодвум гэта было прыемна. І трэба сказаць, што смерць пані Мёрсо вельмі яго засмуціла. Я быў няздольны яму адмовіць. Але паводле парады лекара, які часта да нас прыходзіць, я ўчора забараніў яму сядзець каля труны.

Мы доўга сядзелі моўчкі. Дырэктар падняўся і зірнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў і сказаў:

— Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннік. Нешта ён рана.

Дырэктар папярэдзіў, што пешкі давядзецца ісці хвілін сорак пяць — тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлі на двор. Каля трупярні стаяў свяшчэннік і два хлопчыкі з хораў. Адзін з іх трымаў у руцэ кадзіла, а свяшчэннік, схіліўшыся над ім, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калі мы падышлі, свяшчэннік выпрастаўся. Ён назваў мяне «сын мой» і сказаў яшчэ некалькі слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за ім.

Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя і ў пакоі стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннік пачаў чытаць малітвы. З гэтай хвіліны ўсё пайшло вельмі хутка. Людзі падышлі да труны, захінулі яе покрывам. Свяшчэннік, служкі і я з дырэктарам — выйшлі. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: «Пан Мёрсо». Імя жанчыны я не пачуў і толькі зразумеў, што гэта і ёсць санітарка. Без ніякай усмешкі яна прыхіліла доўгі кашчавы твар. Потым мы расступіліся, каб даць вынесці цела, і рушылі следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгі, лакіраваны і бліскучы і нагадваў вучнёўскі пенал. Побач з катафалкам стаяў распараднік працэсіі — карантыш у дзівотным адзенні — і нейкі дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На ім быў фетравы капялюш з круглым верхам і шырокім брылём (ён зняў яго, калі труну вынеслі з брамы), гарнітур з закручанымі вакол ног калашынамі нагавіцаў, якія маршчыніліся над чаравікамі, і чорны, завязаны вузлом гальштук, які глядзеўся занадта маленькім пад шырокім каўнерам яго белай кашулі. Вусны старога дрыжалі пад навіслым, з чорнымі кропкамі носам. З-пад сівых, вельмі тонкіх валасоў тырчалі дзіўныя — вялыя і бясформенныя вушы, мяне ўразіў іх крывава-чырвоны колер, які ніяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднік паказаў, дзе хто павінен ісці. Спачатку свяшчэннік, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду — мы з дырэктарам, і ў канцы працэсіі — санітарка і Перэс.

Неба было ўжо ўсё залітае сонцам. Пачынала прыпякаць, і спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьці чакалі. У цёмным гарнітуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, відаць, перадумаў і зняў. Я трошкі павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама і Перэс часта гулялі тут увечары і часам даходзілі аж да самай вёскі. З імі хадзіла сядзелка. Я азірнуўся вакол. За шэрагамі гонкіх, высокіх кіпарысаў, якія ўзбягалі па ўзгорках пад самае неба, віднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымі парасткамі зямля, сям-там стаялі рэдкія, акуратныя хаткі. Я разумеў маму. Увечары гэты краявід, напэўна, выклікае ціхія, сумныя думкі. А цяпер, калі паветра дрыжыць пад спякотнымі промнямі сонца, ён выглядае занадта жорстка і нават прыгнятае.

Мы рушылі. Толькі цяпер я заўважыў, што Перэс трошкі накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, і стары пачаў адставаць. Адзін з мужчын, што ішлі абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён ішоў побач са мной. Мяне здзівіла, што сонца падымаецца так хутка. І раптам я пачуў, як у палях сакочуць і гудуць насякомыя, шапаціць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, і абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзін мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выціраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся:

— Што вы кажаце?

Ён паўтарыў, паказваючы на неба:

— Пячэ.

— Але, — сказаў я.

Трошкі пазней ён запытаўся:

— Хто ў вас памёр? Маці?

— Маці, — зноў сказаў я.

— Старая была?

Я адказаў:

— Не вельмі. — Я добра не ведаў, колькі маме год.

Тады ён змоўк. Я павярнуўся і ўбачыў, што стары Перэс ідзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас. Ён вельмі хацеў нас дагнаць і таропка чыкільгаў, шырока махаючы капелюшом. Я паглядзеў на дырэктара. Ён ішоў вельмі паважна, не робячы ніводнага лішняга руху. На лобе ў яго блішчалі кроплі поту, але ён іх не выціраў.

Мне здалося, што працэсія пачала рухацца яшчэ хутчэй. Вакол быў той самы, заліты сонечным святлом абшар. Неба невыносна зіхцела. Пэўны час мы ішлі па нядаўна адрамантаваным участку дарогі. Асфальт плавіўся пад сонцам. Ногі гразлі, па беразе разлівалася бліскучая мякаць. Над катафалкам калываўся цыратавы фурманаў капялюш, нібыта зроблены з гэтай чорнае масы. Ад безлічы манатонных адценняў мне рабілася ніякавата: сіняе неба, белыя аблокі, клейка-чорны асфальт, змрочна-чорнае адзенне, бліскуча-чорны катафалк. А тут яшчэ сонца, пах скуры, конскага гною, лаку, кадзіла, стома ад бяссоннай ночы — ад усяго гэтага ў вачах і ў думках у мяне ўсё паплыло. Я зноў азірнуўся, і мне здалося, што Перэс ужо недзе вельмі далёка, ён губляўся ў спякотнай смузе і нарэшце знік зусім. Я пашукаў яго вачыма і ўбачыў, што стары збочыў з дарогі і ідзе напрасткі, цераз поле. Наперадзе была паваротка. Я зразумеў, што Перэс, добра ведаючы тутэйшыя мясціны, пайшоў найкарацейшай дарогай, каб нас дагнаць. На паваротцы яму гэта ўдалося. Потым мы зноў згубілі яго. Але ён зноўку дагнаў нас полем — і так было шмат разоў. Я ўжо адчуваў, як у скронях у мяне тахкае кроў.

Потым усё пайшло так хутка, з такою ўпэўненасцю і настолькі натуральна, што я ўжо нічога не магу прыгадаць. Бадай, адно толькі ўбілася ў галаву: на ўездзе ў вёску санітарка сказала мне некалькі слоў. У яе быў дзіўны голас — меладычны і трапяткі, ён ніяк не клаўся да яе кашчавага твару. Яна сказала:

— Калі ідзеш павольна — рызыкуеш атрымаць сонечны ўдар, а як ідзеш хутка, дык увесь спацееш, і потым, у царкве, ад сырасці можна прастудзіцца.

Яна мела рацыю. І так, і гэтак — выйсця не было.

У памяці захаваліся яшчэ некалькі ўспамінаў пра гэты дзень: напрыклад, памятаю твар Перэса, калі ён апошні раз дагнаў нас перад вёскай. Па шчоках у яго каціліся буйныя слёзы — відаць, ён вельмі нерваваўся і быў, апроч таго, стомлены. Твар у яго быў такі маршчыністы, што слёзы са шчок не сцякалі, а адно расплываліся, хаваліся ў зморшчынках і залівалі змардаванае аблічча суцэльным бляскам. Памятаю яшчэ, потым была царква, вяскоўцы на ходніках, чырвоная герань на могілках, Перэс самлеў (паваліўся, нібы раскручаная лялька), на маміну труну сыпалася крывава-чырвоная зямля, дзе-нідзе ў ёй трапляліся белыя, нібы косткі, карэньчыкі раслін, потым зноў нейкі люд, галасы, вёска, чаканне каля кавярні, доўгае, безупыннае фырканне матора і нарэшце — радасць, калі аўтобус пакаціў між ліхтароў вячэрняга Алжыра, і я падумаў, што зараз лягу спаць і прасплю дванаццаць гадзін.

 

II

 

Прачнуўшыся, я зразумеў, чаму ў патрона быў такі незадаволены выгляд, калі я папрасіў два дні. Сёння ж субота! А я, што называецца, зусім пра гэта забыўся. І ўспомніў толькі цяпер, калі ўстаў. А патрон, відаць, яшчэ тады падлічыў, што мне выпадае чатыры вольныя дні (бо наперадзе ў нас нядзеля), і яму гэта, натуральна, не магло спадабацца. Але па-першае, у тым, што маму вырашылі хаваць учора, а не сёння, маёй віны няма, а па-другое — так ці інакш, субота і нядзеля ўсё роўна былі б мае. І ўсё ж патрона можна зразумець.

Устаць было вельмі цяжка: дужа стаміўся за ўчорашні дзень. Пакуль галіўся, думаў, чым бы заняцца. Вырашыў пайсці на пляж. Сеў у трамвай і даехаў да купальняў у партовым заліве. Там я паднырнуў у праход і выплыў у мора. Было шмат моладзі. У вадзе я натрапіў на Мары Кардону, былую машыністку з нашай канторы. Тады мяне вельмі вабіла да яе. І яе да мяне, здаецца, таксама. Але яна хутка звольнілася, і нам не хапіла часу... Я дапамог ёй залезці на бакен і ў гэты момант дакрануўся да яе грудзей. Я быў яшчэ ў вадзе, а яна легла на бакене на жывот і павярнулася да мяне. На вочы ёй спадалі валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен і лёг побач. Было вельмі хораша. Нібы жартам, я адкінуў галаву назад і палажыў яе Мары на жывот. Яна нічога не сказала, і я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакітнае і залачонае сонцам. Патыліцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалі на бакене, у салодкай дрымоце. Калі сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, і я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талію, і мы паплылі разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлі, яна сказала:

— Я загарэла болей за вас.

Я запытаўся, ці хоча яна ўвечары схадзіць у кіно. Яна зноў засмяялася і сказала, што было б няблага паглядзець які-небудзь фільм з Фернандэлем. Мы апрануліся. Яна вельмі здзівілася, калі ўбачыла на мне чорны гальштук, і спытала, ці ж то я не ў жалобе? Я сказаў, што ў мяне памерла мама. Яна пацікавілася — калі, і я адказаў:

— Учора пахавалі.

Яна крыху адхіснулася, але нічога не сказала. Мне захацелася сказаць ёй, што я не вінаваты, але я змаўчаў, бо ўспомніў, што ўжо казаў гэта аднойчы — патрону. Увогуле, гэта не мела ніякага сэнсу. Чалавек заўсёды ў нечым трошкі вінаваты.

Увечары Мары пра ўсё забыла. Фільм быў часам забаўны, часам зусім нейкі бязглузды. Мары падсунула сваю нагу да маёй. Я лашчыў яе грудзі і пад канец сеанса пацалаваў, але атрымалася неяк няўдала. Пасля кіно яна пайшла да мяне.

Калі я прачнуўся, Мары ўжо не было. Яна казала, што павінна ісці да цёткі. Я падумаў, што сёння нядзеля, і мне зрабілася сумна: нядзелю я не люблю. Тады я перавярнуўся на ложку і, уторкнуўшыся ў падушку носам, адчуў пах марской солі, пакінуты валасамі Мары. Я зноў заснуў і праспаў да дзесяці гадзін. Потым да паўдня валяўся ў ложку і паліў цыгарэты. Ісці снедаць да Селеста, як гэта я рабіў звычайна, не хацелася. Яны там, вядома, пачнуць прыставаць да мяне з роспытамі, а я гэтага не люблю. Падсмажыў сабе яечню і з'еў проста з патэльні, без хлеба, бо хлеб скончыўся, а ісці ў лаўку не хацелася.

Пасля снедання — проста бадзяўся па кватэры. Было трошкі нудна. Калі мы жылі з мамай, у нас было ўтульна. А пасля мне адному кватэра зрабілася занадта вялікая, і я мусіў перацягнуць абедзенны стол у спальню. Так цяпер і жыву ў адным гэтым пакоі. У мяне тут стаіць некалькі праседжаных плеценых крэслаў, шафа з пажоўклым люстрам, туалетны столік і ложак з мядзянымі булавешкамі. Рэшта ўся занядбаная.

Каб нечым заняцца, узяў старую газету, пачытаў, пагартаў. Дзеля забавы выразаў рэкламу слабіцельнай солі «Крушэн». Наклеіў яе ў старым сшытку — я ў ім збіраю розныя пацешныя рэчы з газет. Потым вымыў рукі і выйшаў на балкон.

Вокны ў маёй спальні выходзяць на галоўную вуліцу нашага прадмесця. Дзень быў пагодны. Але брук здаваўся чамусьці сырым. Мінакоў было мала, і ўсе яны некуды спяшаліся. Спачатку ішлі сем'і — на шпацыр. Наперадзе — два хлопчыкі ў марацкіх гарнітурчыках з кароткімі штонікамі крыху ніжэй каленяў (ім, відаць, было вельмі нязручна ў занадта накрухмаленай вопратцы) і дзяўчо з вялізным ружовым бантам і ў чорных лакіраваных пантофліках. Ззаду — дзябёлая, неабсяжная маці ў каштанавай ядвабнай сукенцы і маленькі недалужны мужычок — іх бацька, якога я, дарэчы, ведаў у твар. На ім быў пляскаты саламяны капялюш, на шыі — гальштук матыльком, у руцэ — кіёк. Калі я ўбачыў яго побач з жонкай, я адразу зразумеў, чаму ён, як кажуць у нашым квартале, такі далікатны і выхаваны.

Крыху пазней пайшла наша тутэйшая моладзь — валасы спырснутыя лакам, чырвоны гальштук, шчыгульны, па таліі пінжак, у кішэньцы — вышываная насоўка і модныя тупаносыя чаравікі на нагах. Я падумаў, што яны, пэўна, сабраліся ў кіно, куды-небудзь у цэнтр. Таму і выбраліся гэтак рана і цяпер бягуць з рогатам на трамвай.

Пасля іх вуліца патроху апусцела. Сеансы і відовішчы, значыць, ужо пачаліся. Акрамя катоў і крамнікаў, відаць больш нікога не было. Неба над фікусамі, што раслі абапал вуліцы, было чыстае, хоць і не яркае. Гандляр з тытунёвай лаўкі насупраць вынес крэсла, паставіў яго каля дзвярэй і сеў, абапершыся рукамі на білца. Нядаўна поўныя бітком трамваі ехалі цяпер амаль пустыя. У маленькай кавярні «У П'еро», побач з тытунёвай лаўкай, гарсон падмятаў у бязлюднай зале падлогу, пасыпаючы яе вільготным пілавіннем. Сапраўды — нядзеля.

Я перакруціў крэсла і паставіў яго так, як гандляр з тытунёвай лаўкі. Па-мойму, так сапраўды сядзець было зручней. Потым выпаліў дзве цыгарэты, вярнуўся ў пакой, узяў кавалачак шакаладу і, не спяшаючыся, пачаў яго есці каля акна. Хутка неба пахмурнела, здалося, што зараз пачнецца навальніца, як яно часта бывае ўлетку. Але патроху праяснела зноў, і толькі вуліца, нібы ад пагрозы хмар, яшчэ заставалася цёмная. Я доўга стаяў каля акна і глядзеў на неба.

А пятай гадзіне зноў загрукаталі трамваі. На прыступках, адбойных брусах гронкамі віселі футбольныя заўзятары. Яны вярталіся з прыгараднага стадыёна. Потым прыехалі і самі гульцы, я іх пазнаў па спартовых торбах. Яны спявалі, раўлі на ўсё горла, крычалі, што іх клуб не прайграе ніколі. Некаторыя махалі мне рукамі. Адзін нават крыкнуў: «Далі мы ім дыхту!» Я заківаў галавой, нібы кажучы: «Добра». Потым адзін за адным паплылі аўтамабілі.

Дзень усё не канчаўся. Неба над дахамі трошкі пачырванела, і за вячэрнім прыцемкам вуліцы ажывіліся. Людзі няспешна вяртался з пагулянак. Сярод іншых я заўважыў і таго далікатнага пана. Дзеці плакалі, бацькі цягнулі іх за рукі. Амаль адначасова з усіх кінатэатраў квартала на вуліцу выліўся натоўп гледачоў. Юнакі нешта ўзбуджана паказвалі рукамі, і я падумаў, што ў кіно, відаць, круцілі прыгодніцкі фільм. Трошкі пазней вярнуліся і тыя, хто ездзіў у горад. Гэтыя ішлі больш самавіта. Часам нехта смяяўся, але зрэдку, большасць ішлі задумлівыя і нібы стомленыя. Дадому ніхто не разыходзіўся, усе так і хадзілі па ходніках па той бок вуліцы. Дзяўчаты, з распушчанымі валасамі, гулялі парамі, трымаючы адна адну за ручку. Хлопцы нібы незнарок заступалі ім дарогу, кідалі нейкія жарты, і тыя смяяліся, адварочваючы галаву. Некаторых дзяўчат я ведаў, і яны на мігах прывіталіся са мною.

Раптам запаліліся вулічныя ліхтары, і першыя зоркі, якія пачыналі ўжо мігцець у начным небе, пабляклі. Я доўга глядзеў на ходнікі, мінакоў, зыркае святло ліхтароў і адчуў, што вочы ў мяне стаміліся. Пад ліхтарамі блішчаў вільготны брук, праз роўныя прамежкі часу праязджалі трамваі. Яны кідалі водбліскі святла на чыесьці валасы, усмешку ці срэбную бранзалетку. Пасля трамваі пачалі радзець, над дрэвамі і ліхтарамі навісла чорная ноч, і квартал непрыкметна апусцеў. Вунь ужо першая кошка павольна прабегла па зноўку бязлюднай вуліцы. Я ўспомніў, што трэба паесці. Доўга седзячы ў адной позе, абапершыся на біла крэсла, я трошкі навярэдзіў сабе шыю. Я спусціўся ў лаўку купіць хлеба і локшыны, потым згатаваў вячэру і з'еў яе стоячы. Мне захацелася папаліць каля акна, але паветра ўжо пахаладнела, і я трошкі празяб. Я зачыніў вокны і, вяртаючыся ў пакой, убачыў у люстры край стала, на якім стаяла спіртовая лямпа. Побач ляжалі кавалкі хлеба. Вось і праляцела яшчэ адна нядзеля, падумаў я, мама цяпер у магіле, а я заўтра зноў пайду на працу. Урэшце, нічога не змянілася.

 

III

 

У канторы сёння давялося добра папрацаваць. Патрон быў да мяне вельмі прыязны, запытаўся, ці не надта я стомлены, і пацікавіўся, колькі маме было год. Каб не памыліцца, я адказаў: «За шэсцьдзесят». Яму адразу чамусьці палегчала, ён, відаць, палічыў, што справа на гэтым скончана і гаварыць больш няма пра што.

Стол у мяне быў завалены цэлай кучай паперы, рознымі дакументамі, і ўсё гэта трэба было неяк разабраць. Перад снеданнем, як заўжды, пайшоў памыць рукі. Апоўдні рабіць гэта вельмі прыемна — не тое што ўвечары: ручнік тады ўжо зусім мокры — усе ж карыстаюцца ім цэлы дзень. Аднойчы я сказаў пра гэта патрону. Але ён толькі паспачуваў і заўважыў, што, увогуле, гэта дробязь, не вартая ўвагі. Сёння я выйшаў крыху пазней — а палове першай — з Эманюэлем, які працуе ў экспедыцыі. Кантора наша выходзіць на мора, і мы нейкі час яшчэ забавіліся каля дзвярэй, пазіраючы на гандлёвыя судны ў бліскучым ад сонца заліве. Тут з-за павароткі, бразгаючы ланцугамі і страляючы выхлапною трубой, выехаў грузавік. Эманюэль сказаў: «Давай мо падчэпімся?» І я пабег. Грузавік паспеў праехаць крыху наперад, і мы кінуліся даганяць. З усіх бакоў нас агарнуў грук, ляскат і пыл. Я ўжо нічога не бачыў, нічога не адчуваў і адно як апантаны нёсся сярод лябёдак і партовых кранаў, паўз судны каля прычалаў і мачты, што танцавалі на хвалях каля далягляду. Я першы ўхапіўся за борт і з лёту ўскочыў у кузаў. Потым дапамог Эманюэлю. Мы абодва задыхаліся. Грузавік тросся па няроўным бруку сярод пылу і сонца. Эманюэль заходзіўся ад смеху.

Мокрыя, потныя, мы ўваліліся да Селеста. Той, як заўжды, сядзеў на сваім месцы, у фартуху, з тоўстым пузам і сівымі вусамі. Калі мы ўвайшлі, ён запытаўся: «Ну што, жыццё ўсё ж ідзе?» Я адказаў: «Ідзе», — і сказаў, што вельмі хачу есці.

Я хутка паснедаў і выпіў кавы. Пасля пайшоў дадому і крыху задрамаў, бо за снеданнем, відаць, выпіў лішку віна. Калі я прачнуўся, мне захацелася запаліць. Але было позна, і каб не спазніцца, прыйшлося бегчы на трамвай. Усю другую палову дня працаваў. У канторы было дужа горача, і таму ўвечары, калі я вяртаўся дадому, было прыемна паволі брысці прыморскімі вулачкамі. Неба было зялёнае, на душы ляжаў ціхі спакой. Але я нікуды не заходзіў і пайшоў адразу дамоў, бо на вячэру хацеў згатаваць бульбы.

Падымаючыся па цёмнай лесвіцы, я натыкнуўся на свайго суседа, старога Саламано. Ён вёў гуляць свайго спаніэля. Вось ужо восем гадоў іх паўсюль бачаць разам. У сабакі нейкая скурная хвароба — шолудзі, па-мойму, ці што, — поўсць амаль уся аблезла і цела пакрылася балячкамі і бурай каростай. Стары Саламано жыве з ім у адным маленькім пакойчыку, і праз гэта ўрэшце сам зрабіўся да яго падобны. Акурат такая ж ружовая кароста на твары і валасы — бляклыя і рэдкія. А сабака пераняў звычкі гаспадара — ходзіць таксама згорблены, з выткнутаю наперад мызай і напятаю шыяй. Можна падумаць, што яны наогул адной пароды; але ўсё роўна — ненавідзяць адзін аднаго страшэнна. Два разы на дзень, у адзінаццаць і ў шэсць гадзін, стары выводзіць сабаку на шпацыр. І за ўсе восем год іх маршрут ніколі не мяняўся. Іх можна ўбачыць на Ліонскай вуліцы: сабака бяжыць наперадзе, цягнучы старога за сабой, і так напінае павадок, што Саламано нарэшце пачынае спатыкацца. Тады ён б'е сабаку і бэсціць яго на чым свет стаіць. Сабака баязліва прыціскаецца да зямлі і нехаця пляцецца за гаспадаром. Цяпер ужо старому даводзіцца яго цягнуць. Але хутка сабака на ўсё забываецца і зноў валачэ свайго гаспадара, пакуль зноў на яго не пачынаюць сыпацца грымакі і праклёны. Пасля яны доўга стаяць пасярод ходнікаў і моўчкі глядзяць адзін на аднаго — сабака з жахам, стары з нянавісцю. І так кожны дзень. Калі сабака хоча да слупа, стары не дае яму часу і цягне за сабой, а за спаніэлем па ўсіх ходніках застаецца дарожка з мокрых плям. Калі ж раптам сабака наробіць у пакоі, на яго зноў сыплюцца грымакі. Усё гэта — ужо восем год. Селест кажа, што «абодва яны няшчасныя», але хто ж яго ведае, як яно ёсць сапраўды. Калі я сустрэў іх на лесвіцы, стары бэсціў сабаку. «Свалата! — крычаў ён. — Падла!» — а сабака адно ціха скуголіў. Я сказаў: «Добры вечар», — але Саламано ўсё лаяўся. Тады я папытаўся, што яму сабака зрабіў. Стары зноў не адказаў і адно паўтараў сваё: «Свалата! Падла!» У прыцемку я ледзь разгледзеў яго. Стары схіліўся над сабакам і нешта папраўляў на аброжку. Я паўтарыў пытанне гучней. Тады, не азіраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымліваючы гнеў: «Калі ўжо ён здохне!» І пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, які скавытаў і ўпіраўся ўсімі чатырма лапамі.

Якраз у гэту хвіліну зайшоў другі мой сусед па лесвічнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калі ў яго пытаюцца пра прафесію, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць. Але са мной ён гутарыць даволі часта і нават калі-нікалі заходзіць пасядзець на хвілінку — бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цікава. Дый зрэшты, у мяне няма ніякіх прычын не размаўляць з ім. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокі, але плячысты і мае баксёрскі нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: «Ну ці ж не няшчасны тып!» І запытаўся, ці не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы падняліся па лесвіцы, і я ўжо хацеў развітацца, калі ён сказаў:

— У мяне ёсць крывянка і трошкі віна. Можа, раздзеліце вячэру са мной?..

Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нічога гатаваць, і згадзіўся. Кватэра ў яго таксама маленькая — адзін пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам — бела-ружовы гіпсавы анёл, фатаграфіі нейкіх чэмпіёнаў і дзве ці тры голыя жанчыны. У пакоі было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запаліў газніцу, потым выцягнуў з кішэні даволі падазронай чысціні бінт і пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабіўся з адным тыпам, які не дае яму праходу.

— Вы ж разумееце, пане Мёрсо, — сказаў ён, — я чалавек не зласлівы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: «Выходзь, маўляў, з трамвая, калі ты мужчына». Я кажу: «Супакойся». А ён кажа: «Ты, маўляў, не мужчына». Ну, выйшаў я і кажу: «Адчапіся лепш, бо зараз дам». А ён пытаецца: «Што гэта ты мне дасі?» Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён паваліўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамі мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму — раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка і паплыла. «Ну што, — кажу, — задаволены цяпер?» — «Ага», — кажа.

Расказваючы ўсё гэта, Сэнтэс перавязваў руку. Я сядзеў на ложку. Потым ён сказаў:

— Вы ж бачыце, я да яго не чапляўся. Ён першы да мяне палез.

Я згадзіўся і сказаў, што так яно ўсё і было. Тады ён заявіў, што хоча параіцца са мной наконт адной справы, — я, маўляў, сапраўдны мужчына, ведаю жыццё і мог бы яму дапамагчы, а ён затое пасля будзе мне сябрам. Я нічога не адказаў, і ён запытаўся, ці хачу я, каб ён быў маім сябрам. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна, і яго, відаць, такі адказ задаволіў. Ён дастаў кілбасу, падсмажыў яе на патэльні, потым расставіў шклянкі, талеркі, прынёс нажы з відэльцамі і дзве бутэлькі віна. Усё гэта ён рабіў моўчкі. Потым мы селі за стол, і ён пачаў расказваць мне сваю гісторыю. Спачатку, праўда, трошкі муляўся.

— Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць...

Чалавек, з якім ён пабіўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. І тады ён прызнаўся, што ведае, якія чуткі пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае — ён сапраўды працуе кладаўшчыком.

— Дык вось, пра гэту каханку, — сказаў ён. — Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе.

Ён даваў ёй акурат столькі грошай, каб іх ставала на жыццё. Сам плаціў за пакой, дзе яна жыла, і яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу.

— Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот — за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю — карацей, на месяц выходзіла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзілася — ёй гэтага, бач, у абрэз, за такія грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: «А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавіла б мяне ад усіх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе і гарнітур не так даўно купіў, і дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваімі сяброўкамі можаш піць. Кавай з цукрам яна іх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што — нічога? Але працаваць яна так і не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла — не можа яна жыць па-людску, і ўсё тут. Ну, тады я і ўцяміў, што нешта тут, відаць, не чыста, махлярства нейкае.

Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны білет, а яна так ладам і не здолела растлумачыць, за якія такія грошы яго купіла. Пасля зноў — знайшоў квіток з ламбарда, а там напісана, што яна залажыла дзве бранзалеткі. Ён дык і ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкія бранзалеткі!

— Ну, тут ужо я адразу ўбачыў — круціць. І кінуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. І сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карціць — каб у ложку бавіцца з кім папала, шлюха ты, вось і ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй і сказаў: «Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нічога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калі зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе».

Ён збіў яе да крыві. А раней ніколі не біў.

— Ну, лупцаваў, бывала, але так — любячы, як той казаў. Павішчыць трошкі. А я аканіцы зачыню, і на тым, як звычайна, усё і скончыцца. Але таго разу — сур'ёзна было. Па-мойму, я слаба яшчэ яе пакараў.

Ён сказаў, што менавіта таму і хоча са мною параіцца. Тут ён спыніўся і падкруціў кнот — газніца пачынала курэць. Я сядзеў, слухаў яго і піў віно. Я выпіў ужо амаль цэлы літр. У скронях моцна пякло. Мае цыгарэты скончыліся, і я паліў Раймонавы. Па вуліцы праязджалі апошнія трамваі, зносячы прыціхлы шум вячэрняга прадмесця. Больш за ўсё ён сумаваў праз тое, што «ніяк не можа забыцца, як з ёй было прыемна ў ложку». Але ён павінен яе правучыць. Спачатку ён думаў завесці яе ў нейкі гатэль і выклікаць паліцыю нораваў — хай бы пачаўся скандал і яе запісалі, як прастытутку. Але потым вырашыў звязацца са сваімі знаёмымі — у яго ў тых колах ёсць сябры. Яны, праўда, нічога не выдумалі. «Ці ж варта наогул было пэцкацца з гэтым брудам», — заўважыў Раймон. Ён так ім і сказаў. І тады яны параілі «размаляваць ёй пысу». Але гэта было зусім не тое, што ён хацеў. Трэба было прыдумаць што-небудзь іншае. Вось ён і надумаў папрасіць мяне, — можа, я чым дапамагу. Але спачатку ён хацеў ведаць, што я думаю пра ўсю гэту гісторыю. Я адказаў, што нічога пра яе не думаю, але, па-мойму, гэта цікава. Тады ён папытаўся, ці не бачу я тут якога ашуканства. На маю думку, ашуканства, відаць, сапраўды было. А як я думаю — слушна будзе яе правучыць? Вось што б я зрабіў на яго месцы? Я сказаў, што гэта цяжка сказаць — што б зрабіў я, але тое, што ён хоча яе правучыць, я разумею. Я выпіў яшчэ крыху віна. Ён запаліў цыгарэту і расказаў, што хоча зрабіць. Ён думаў напісаць ёй ліст, «каб задаць добрага дыхту, але каб там было і такое, што прымусіла б яе пашкадаваць». А пасля, калі яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак і «якраз у той самы момант» плюне ёй у твар і выганіць прэч. Я палічыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласці такога ліста, таму ён і падумаў — можа, я згаджуся напісаць. Я нічога не адказаў, і ён прапанаваў тады напісаць гэты ліст цяпер. Вядома, калі мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка. Тады ён выпіў шклянку віна, устаў, адсунуў талеркі і рэшткі астылай крывянкі, якую мы не даелі, і старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным століку лісток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку і кантовую бутэлечку з фіялетавым чарнілам. Ён назваў прозвішча жанчыны, і я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пісаць. Пісаў я трошкі наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася — у мяне ж не было ніякай прычыны пісаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напісанае ўголас. Ён уважліва слухаў, паліў і ківаў галавой, потым папрасіў прачытаць яшчэ раз. Ліст яму вельмі спадабаўся, і ён сказаў:

— Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны.

Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на «ты». І толькі калі ён заявіў: «Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар», — мяне гэта ўразіла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, і я адказаў: «Ага». Мне было ўсё роўна, сябар я яму ці не, але яму, відаць, вельмі гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, і мы дапілі віно. Потым яшчэ доўга сядзелі і палілі. На дварэ было ціха, пачуўся шолах аўтамабіля, які праехаў пад вокнамі. І я сказаў: «Позна». Раймон пагадзіўся. Ён адзначыў, што час бяжыць хутка, і, у пэўным сэнсе, меў рацыю. Мне хацелася спаць, але падняцца з крэсла было цяжка. Выгляд у мяне быў, відаць, змораны, бо Раймон сказаў, што не варта гэтак даваць волі нервам. Спачатку я не зразумеў. І тады ён растлумачыў, што ведае пра смерць мамы, але ўсё роўна — днём раней ці пазней — гэта павінна было здарыцца. І я таксама так думаў.

Я ўстаў, Раймон моцна паціснуў мне руку і сказаў, што мужчына мужчыну заўсёды разумее. Выходзячы ад яго, я зачыніў дзверы і пэўны час стаяў на лесвіцы ў поўнай цемры. У доме было ціха, з глыбіні лесвічнай клеткі павяваў змрочны, вільготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака.

 

IV

 

Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзіў Раймон, сказаў, што ліст ён ужо адаслаў. Два разы хадзілі з Эманюэлем у кіно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзіцца яму тлумачыць. Учора была субота, і да мяне, як мы і дамаўляліся, прыходзіла Мары. Я адразу вельмі захацеў яе, бо на ёй была прыгожая сукенка ў чырвоную і белую палоску і скураныя сандалі. Пад сукенкай угадваліся пругкія грудзі, і ад сонечнага загару твар быў прыгожы, як кветка. Мы селі ў аўтобус і паехалі за некалькі кіламетраў ад Алжыра на маленькі пляж, заціснуты паміж скал і з усіх бакоў зарослы чаротам. А чацвёртай гадзіне сонца пякло ўжо не так моцна, але вада была цёплая і плёскалася на бераг доўгімі ленаватымі хвалькамі. Мары навучыла мяне адной гульні. Калі плывеш, трэба з самага грэбеня хвалі ўхапіць глыток і набраць поўны рот шуму, а пасля — легчы на спіну і выпусціць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пеністым веерам у паветры і знікае ці спадае цёплай імжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы і на языку зрабілася горка ад марской солі. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсім целам і пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскаліся на хвалях.

Потым выйшлі на пляж і апрануліся. Мары глядзела на мяне бліскучымі вачыма. Я абняў і пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялі. Я прыціснуў яе да сябе, і мы заспяшаліся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсці да мяне і кінуцца ў ложак. Я пакінуў акно адчыненае, і было прыемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам целы.

Ранкам Мары засталася ў мяне, і я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзіў у лаўку па мяса і, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, які бэсціў сабаку, і мы пачулі, як па драўняных прыступках на лесвіцы прагрукаталі яго абцасы і сабачыя пазуры. Знізу зноў данеслася: «Свалата, падла», — і яны выйшлі на вуліцу. Я расказаў Мары пра старога, і яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй піжаме з падкасанымі рукавамі. І калі яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, ці кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае ніякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў. Але потым, калі я рабіў сняданак, яна зноў смяялася — проста так, без усялякай прычыны, і гэта было так прыгожа, што я зноў пацалаваў яе. У гэтую хвіліну ў Раймонавым пакоі ўзняўся гвалт.

Спачатку мы пачулі пранізлівы жаночы крык і потым голас Раймона:

— Ты мяне зняважыла, ты зняважыла мяне! Я цябе навучу, як мяне зневажаць!

Пачуліся глухія ўдары, і жанчына зараўла, ды так жахліва, што лесвічная пляцоўка адразу напоўнілася людам. Мы з Мары выйшлі таксама. Жанчына ўсё галасіла, а Раймон па-ранейшаму біў яе. Мары сказала, што гэта жахліва, але я нічога не адказаў. Яна папрасіла мяне схадзіць па паліцыянта, але я адказаў, што паліцэйскіх не люблю. Аднак урэшце адзін усё ж прыйшоў. Яго прывёў водаправоднік з трэцяга паверха. Паліцэйскі пастукаў у дзверы, але яму ніхто не адказаў. Тады ён пастукаў мацней, і праз некаторы час жанчына заплакала і Раймон адчыніў. У роце ён трымаў цыгарэту, і выгляд у яго быў вельмі лагодны. Дзяўчына кінулася да дзвярэй і заявіла паліцэйскаму, што Раймон яе набіў.

— Прозвішча? — запытаўся паліцэйскі.

Раймон адказаў.

— Вымі цыгарэту з рота, калі са мной размаўляеш, — сказаў паліцэйскі.

Раймон завагаўся, зірнуў на мяне і зрабіў зацяжку. Тут паліцэйскі з усяго размаху ўляпіў яму звонкую і важкую поўху. Цыгарэта адляцела на некалькі метраў убок. Раймон перамяніўся ў твары, але нічога не адказаў і толькі пасля сціплым голасам запытаўся, ці можна яму падняць недакурак. Паліцэйскі адказаў, што можна, і дадаў:

— Другі раз будзеш ведаць, што паліцэйскі не лялька, з якой сабе можна дазваляць невядома што.

Дзяўчына ўвесь гэты час плакала і паўтарала:

— Ён мяне набіў. Ён сутэнёр.

— Пане паліцэйскі, — папытаўся тады Раймон, — ці ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам?

Паліцэйскі загадаў яму «заткнуць зяпу». Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны і сказаў:

— Ну, чакай, дзіцятка, мы яшчэ стрэнемся.

Паліцэйскі зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, і сказаў, што дзяўчына можа ісці, а Раймон мусіць заставацца ў пакоі і чакаць, пакуль яго паклічуць у камісарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павінна быць сорамна — да таго напіўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў:

— Я не п'яны, пане паліцэйскі. Гэта проста перад вамі, ад нерваў, тут хочаш — не хочаш, задрыжыш.

Ён зачыніў дзверы, і ўсе разышліся. Мы з Мары кончылі гатаваць сняданак. Але яна есці не хацела, і я амаль усё з'еў адзін. А першай гадзіне яна пайшла, і я крыху паспаў.

Гадзіне а трэцяй у дзверы да мяне нехта пастукаўся. Увайшоў Раймон. Я яшчэ ляжаў, і ён падышоў і сеў на край ложка. Нейкі час ён сядзеў моўчкі, і я папытаўся, як у яго прайшло. Ён расказаў, што зрабіў усё так, як задумаў, але пад канец яна дала яму поўху, і ён за гэта яе пабіў. Рэшту ж усё я бачыў сам. Я сказаў, што цяпер, па-мойму, яна пакараная і ён можа быць спакойны. Раймон пагадзіўся. Ён заўважыў, што паліцэйскі цяпер дарма стараецца — дыхту яна дастала, і нічога ён ужо не зменіць. І дадаў, што паліцэйскіх ён добра вывучыў і ведае, як сябе з імі паводзіць. Потым ён запытаўся — мабыць, я чакаў, што ён адкажа паліцэйскаму на поўху. Я адказаў, што нічога такога не чакаў і наогул — паліцэйскіх не люблю. Раймон, відаць, быў гэтым вельмі задаволены. Ён прапанаваў куды-небудзь схадзіць. Я падняўся і пачаў прычэсвацца. Ён сказаў, што трэба, каб я быў яму сведкам. Мне было ўсё роўна, але я не ведаў, што павінен буду сказаць. На думку Раймона, досыць было пацвердзіць, што дзяўчына яго ашукала. Тады я згадзіўся.

Мы выйшлі, у кавярні Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкі. Потым яму захацелася згуляць партыю ў більярд, але я пудлаваў увесь час і прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсці ў бардэль, але я адмовіўся, бо не люблю такіх рэчаў. Мы паціху пайшлі назад, і ён увесь час расказваў, які ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставіўся да мяне вельмі прыязна, і я падумаў, што мы някепска прабавілі час.

Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаіць стары Саламано і выгляд у яго нейкі ўзрушаны. Калі мы падышлі бліжэй, я ўбачыў, што ён без сабакі. Ён азіраўся вакол, круціўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы і зноў пачынаў шнарыць па вуліцы пачырванелымі вочкамі. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нічога не адказаў. І я толькі цьмяна пачуў, як ён шапнуў: «Свалата, падла», — і зноў пачаў круціцца ва ўсе бакі. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў:

— Уцёк! — і раптам скорагаворкай забалбатаў: — Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кірмаш, балаганы з артыстамі прыехалі. Ну, спыніўся я — паглядзець «Караля-ўцекача». А як сабраўся пайсці, глянь, а яго ўжо і след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купіць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ.

Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзіўся і яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькі выпадкаў, калі сабакі прабягалі дзясяткі кіламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоіўся:

— Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там — каму ён са сваімі шолудзямі патрэбен, усе гідзіцца будуць. Сцапаюць гіцлі — вось і ўсё.

Тады я сказаў, што яму варта схадзіць на скуралупню — заплаціць там штраф за паслугі, і сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся — ці вялікі трэба плаціць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзіўся:

— Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее!

Ён зноў пачаў лаяцца. Раймон засмяяўся і пайшоў у дом. Я рушыў следам, і на лесвічнай пляцоўцы мы развіталіся. Праз хвіліну пачуліся крокі старога. Ён падышоў да маіх дзвярэй і пастукаўся. Я адчыніў. Стары крыху памуляўся каля парога і сказаў:

— Прабачце... прабачце, калі ласка...

Я запрасіў яго зайсці, але ён не захацеў. Ён стаяў у дзвярах і глядзеў на наскі сваіх чаравікаў, яго шалудзівыя рукі дрыжалі. Не падымаючы галавы, ён спытаў:

— Скажыце, пане Мёрсо, яны ж не забяруць яго ў мяне? Яны ж яго аддадуць? Бо як жа я, што ж мне без яго?

Я сказаў, што на скуралупні сабак трымаюць тры дні — на выпадак, калі знойдзецца гаспадар, а тады ўжо робяць з імі ўсё, што захочуць. Ён моўчкі паглядзеў на мяне. І потым сказаў:

— Дабранач.

Стары пайшоў да сябе, і я пачуў, як ён ходзіць сюды-туды па кватэры. Потым рыпнуў ложак. І па дзіўных, прыглушаных гуках, якія данесліся з-за сцяны, я зразумеў, што стары плача. Не ведаю чаму, я падумаў пра маму. Але заўтра трэба было рана ўставаць. Есці не хацелася, і я лёг спаць без вячэры.

 

V

 

У кантору да мяне затэлефанаваў Раймон. Ён сказаў, што гутарыў пра мяне з адным сваім прыяцелем і той запрашае нас на нядзелю паехаць за горад — у яго там свая хатка. Я адказаў, што ўвогуле не пярэчу, але паабяцаў ужо гэты дзень адной сяброўцы. Раймон адразу заявіў, што сяброўку таксама можна ўзяць з сабой. Прыяцелева жонка толькі парадуецца, што будзе ў мужчынскай кампаніі не адна.

Я ўжо хацеў павесіць слухаўку, бо ведаю, як патрон не любіць, калі нам тэлефануюць з горада. Але Раймон папрасіў не спяшацца, запрашэнне ён мог бы перадаць і ўвечары і звоніць цяпер таму, што хоча папрасіць у мяне нешта яшчэ. Увесь дзень за ім ходзяць некалькі арабаў, і сярод іх — брат той яго былой каханкі.

— Калі будзеш вяртацца з працы і ўбачыш яго каля дома, папярэдзь мяне.

Я сказаў: «Добра, дамовіліся».

Неўзабаве мяне паклікаў патрон, і на душы ў мяне зрабілася неяк нудна — я падумаў, што зараз ён пачне гаварыць, каб я меней размаўляў па тэлефоне і лепей працаваў. Але аказалася — зусім не. Патрон сказаў, што паклікаў мяне, каб пагутарыць наконт адной справы. Яна, праўда, вырашана яшчэ не канчаткова, але ён хоча ведаць маю думку. Справа вось якая — маецца намер адкрыць у Парыжы філіял канторы, які, непасрэдна на месцы, будзе кантактаваць з усімі тамтэйшымі буйнымі фірмамі. Дык вось — ці згодзен я туды паехаць? Жыць я буду ў Парыжы і, акрамя таго, — даволі часта змагу вандраваць.

— Вы малады, і вам, па-мойму, такое жыццё павінна спадабацца.

Я сказаў — так яно так, але, па сутнасці, мне ўсё роўна. Тады ён спытаўся — няўжо мне не цікава змяніць жыццё? І я адказаў, што адно жыццё на другое не зменіш, дый, урэшце, усе яны аднолькавыя, а мне і з маім тут зусім няблага. Выгляд у патрона быў незадаволены, ён сказаў, што я заўжды ўхіляюся ад адказу і што ў мяне няма ніякага імкнення да кар'еры, а гэта вельмі дрэнна, калі займаешся справай. Тады я вярнуўся ў кабінет і зноў сеў за працу. Вядома, я не хацеў злаваць патрона, але мяняць жыццё ў мяне ніякай прычыны не было. Калі падумаць, я быў зусім не няшчасны. Праўда, у студэнцкія гады ў мяне былі розныя такія імкненні. Але калі давялося кінуць вучобу, я вельмі хутка зразумеў, што, па сутнасці, ва ўсім гэтым няма ніякага значэння.

Увечары прыйшла Мары і спытала, ці хачу я з ёй ажаніцца. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна і што, калі яна так хоча, мы можам пажаніцца. Тады яна пацікавілася, ці кахаю я яе. Я адказаў, як ужо гаварыў аднойчы, што гэта не мае ніякага значэння, але, вядома, я яе не кахаю.

— Навошта тады ты збіраешся са мной ажаніцца? — спытала яна.

Я растлумачыў, што гэта не іграе ніякай ролі і, калі яна так хоча, мы можам пажаніцца. Дарэчы, яна сама мяне пра гэта просіць, а я толькі згаджаюся. Тады яна заўважыла, што шлюб — сур'ёзная справа. Я адказаў: «Не». Яна сціхла і нейкую хвіліну моўчкі глядзела на мяне. Потым загаварыла зноў. Ёй проста было цікава, ці згадзіўся б я ажаніцца, каб мне тое самае прапанавала другая жанчына, з якой бы ў мяне былі такія ж адносіны, як і з ёй. Я сказаў: «Натуральна». Тады яна заявіла, што і сама не ўцяміць — кахае яна мяне ці не, але гэтага я ўжо наогул ведаць не мог. Яна зноў змоўкла і потым прамовіла ціхім голасам, што я нейкі дзіўны і за гэта яна мяне, безумоўна, вельмі кахае — але, мабыць, некалі менавіта праз гэта я ёй і абрыдну. Я маўчаў, бо дадаць не было чаго, а яна, усміхаючыся, абняла мяне і заявіла, што хоча выйсці за мяне замуж. Я адказаў, што мы зробім гэта, як толькі яна захоча. І расказаў ёй пра прапанову патрона. Мары сказала, што ёй бы вельмі хацелася ўбачыць Парыж, і я паведаміў, што ўжо некалі жыў там. Яна спыталася, як ён выглядае. Я адказаў:

— Там брудна. Галубы паўсюль, двары змрочныя. І людзі нейкія бледныя.

Потым мы пайшлі гуляць у цэнтр і прайшлі праз увесь горад. Было шмат прыгожых жанчын, і я папытаўся ў Мары, ці бачыць яна гэта. Яна сказала, што бачыць і разумее мяне. Потым мы пэўны час ішлі моўчкі. Але мне хацелася, каб Мары засталася са мной яшчэ, і я сказаў, што мы можам паабедаць у Селеста. Увогуле, яна не адмаўлялася, але, на жаль, мела нейкія справы. Мы былі ўжо каля майго дома, і я развітаўся. Яна паглядзела на мяне:

— Няўжо табе не цікава, якія ў мяне справы?

Мне, вядома, было цікава, але запытацца я чамусьці не падумаў, і менавіта таму яна зірнула на мяне нібы з папрокам. Відаць, я крыху збянтэжыўся, бо яна раптам засмяялася, прыгарнулася да мяне ўсім целам і падсунула вусны.

Я пайшоў абедаць да Селеста. І пачынаў ужо есці, калі ў шынок увайшла нейкая дзівотная маленькая жанчына. Падбегла да майго століка і папыталася, ці можна сесці. Сесці, натуральна, было можна. Нейкая дзіўная, сапраўды: рухі парывістыя, аблічча маленькае і круглае, нібы яблык, вочы блішчаць. Скінула камізэльку, села і пачала ліхаманкава праглядаць меню. Потым паклікала Селеста і скорагаворкай, але вельмі выразна, заказала адразу ўсё, што выбрала. Пакуль неслі закуску, яна адчыніла сумку, выняла аркушык паперы і аловак, усё загадзя палічыла, потым дастала кашалёк, адлічыла дакладную суму, дадала гасцінца і паклала грошы на стол. Якраз прынеслі закуску. Яна праглынула яе ў адзін міг і, чакаючы наступнай стравы, зноў дастала сіні аловак, часопіс з праграмай радыёперадач на тыдзень і вельмі акуратна адну за адной пачала пазначаць крыжыкамі амаль усе перадачы. Часопіс быў вялікі, старонак на дванаццаць, і яна рупліва працавала ўвесь абед. Я даўно паеў, а яна ўсё ставіла крыжыкі з ранейшым дбаннем. Потым устала, дакладным рухам, як аўтамат, накінула камізэльку і пайшла. Рабіць мне не было чаго, я таксама выйшаў і нейкі час ішоў за ёй. Яна стала на броўку ходнікаў і надзіва хутка і ўпэўнена пайшла дакладна па прамой, прычым ні разу не азірнулася. Нарэшце я згубіў яе з вачэй і павярнуў назад. Дзіўная нейкая, падумаў я, але хутка забыўся на яе.

На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасіў яго зайсці, і ён сказаў, што яго сабака згубіўся, бо на скуралупні яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалі, што ён, відаць, трапіў пад машыну. Стары запытаўся, ці можна пра гэта даведацца ў камісарыяце, але яму адказалі, што такія звесткі не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная і здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе іншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, і, вядома, меў рацыю.

Я залез з нагамі на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, і паклаў рукі на калені. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якія вязлі ў яго пажоўклых вусах. З ім было трошкі нудна, але рабіць усё роўна не было чаго і спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерці. Жаніўся ён даволі позна. А ў маладосці марыў працаваць у тэатры: калі служыў у войску, прымаў удзел у вадэвілях, што ставіліся ў іх палку. Але нарэшце — пайшоў на чыгунку і не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялікая пенсія. З жонкай ён шчаслівы не быў, але ўрэшце вельмі прывык да яе. І калі яна памерла, адчуў сябе зусім самотным. Тады ён і папрасіў аднаго прыяцеля па працы прынесці яму сабаку. Той прынёс зусім малое шчаня, яго трэба было карміць з соскі. Але сабакі жывуць меней за чалавека, і яны састарэлі разам.

— Характар быў у яго кепскі, — сказаў Саламано. — Гыркаліся мы з ім часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.

Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, і старому, відаць, гэта спадабалася.

— Вы яшчэ не бачылі яго да хваробы, — падхапіў ён. — Якая ў яго была поўсць — любата!

Калі на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар і раніцу націраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш.

Тут я пазяхнуў, і стары аб'явіў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ — мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў і сказаў, што мама вельмі любіла гэтага спаніэля. Калі ён гаварыў пра маму, ён называў яе «ваша бедная матуля». Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамінай смерці, але я нічога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся і скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддаў маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае і знае, што маму я вельмі любіў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылі дрэнна, — калі я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку.

— Зрэшты, — дадаў я, — ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманіць, і яна проста сумавала.

— Ваша праўда, — сказаў Саламано. — А ў прытулку, прынамсі, можна знайсці сабе прыяцеляў.

Потым ён папрасіў прабачэння — яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянілася, і ён нават не ведае, што рабіць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нібы ўпотай працягнуў мне руку, і я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся і на развітанне сказаў:

— Спадзяюся, што сёння ноччу сабакі брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой.

 

VI

 

У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, і Мары давялося мяне тармасіць і крычаць у самае вуха. Есці мы не сталі — хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзіне ў мяне было абсалютна пуста, крыху балела галава. Цыгарэта здалася горкай. Мары пакпіла з мяне — выглядаю, маўляў, «нібы на хаўтурах». Яна была з распушчанымі валасамі, у белай палатнянай сукенцы. Я сказаў, што яна вельмі прыгожая, і яна засмяялася ад задавальнення.

Мы выйшлі і пастукаліся да Раймона. Ён адказаў, што зараз выходзіць. На вуліцы — відаць, ад стомы і ад таго, што аканіцы ўсю раніцу былі зачыненыя, — зыркае сонечнае святло балюча ўдарыла мяне ў вочы. Мары скакала ад радасці і ўвесь час хваліла надвор'е. Я пачуў сябе лепей і адразу заўважыў, што хачу есці. Я сказаў пра гэта Мары, але яна паказала мне сваю цыратовую торбу, у якой ляжалі толькі нашы купальныя гарнітуры і ручнік. Рабіць не было чаго, заставалася адно чакаць, і нарэшце мы пачулі, як Раймон зачыняе дзверы. Ён быў у сініх нагавіцах і белай кашулі з кароткімі рукавамі. На галаве ў яго быў саламяны брыль, і гэта рассмяшыла Мары. Рукі ў Раймона да локцяў аказаліся надзіва белыя, з чорнымі валасамі. Калі я гэта ўбачыў, мне зрабілася крыху брыдка. Спускаючыся па прыступках, ён свістаў, і выгляд у яго быў задаволены. Ён павітаўся: «Здароў, стары!» — і назваў Мары «паненкай».

Напярэдадні мы хадзілі ў камісарыят, і я засведчыў, што тая дзяўчына «ашукала» Раймона. Ён абышоўся папярэджаннем. Мае паказанні правяраць не сталі. Каля дзвярэй мы з Раймонам яшчэ крыху пагутарылі пра гэта і потым вырашылі пайсці на аўтобус. «Пляж не далёка, але так будзе хутчэй». Раймон сказаў, што яго сябар вельмі парадуецца, калі мы прыедзем рана. Мы ўжо хацелі ісці на прыпынак, калі Раймон зрабіў мне знак і паказаў на той бок вуліцы. Я ўбачыў гурток арабаў. Яны стаялі, абапершыся спінай на вітрыну тытунёвай лаўкі, і глядзелі на нас — але так, нібы мы былі ні больш ні менш як звычайныя камяні ці драўляныя цурбалкі. Раймон сказаў, што другі злева — той самы тып. Выгляд у яго зрабіўся заклапочаны. «Зрэшты, — дадаў ён, — цяпер з гэтым ужо кончана». Мары не надта разумела, пра што ідзе гутарка, і спытала, чаму мы стаім. Я растлумачыў, што тыя арабы маюць на Раймона зуб. Тады яна сказала, што адсюль трэба хутчэй ісці. Раймон ганарліва выпрастаўся, але потым засмяяўся і сказаў, што сапраўды трэба спяшацца.

Мы рушылі да аўтобуснага прыпынку, які быў побач, і Раймон сказаў, што арабы за намі не пайшлі. Я зірнуў цераз плячо. Арабы стаялі на ранейшым месцы і глядзелі туды, дзе толькі што стаялі мы. Мы селі ў аўтобус. Раймон, якому, відаць, адразу палегчала, пачаў жартаваць з Мары. Я адчуў, што яна яму падабаецца. Але на Раймонавы жарты яна не адказвала. Адно зрэдку пазірала на яго ды пасмейвалася.

За горадам мы выйшлі. Пляж быў непадалёк ад прыпынку. Трэба было перайсці невялікі пагорак, які ўзвышаўся над морам, і спусціцца да берага. Увесь схіл быў усыпаны жоўтым каменнем і белымі асфадэліямі. Колер кветак здаваўся вельмі яркім на фоне густа-сіняга неба. Дзеля забавы Мары збівала з іх пялёсткі, шырока махаючы цыратоваю торбай. Мы ішлі паўз маленькія вілы, агароджаныя белымі ці зялёнымі тынамі; у некаторых веранды патаналі ў кустах тамарыксу, другія стаялі голыя сярод маўклівых камянёў. Яшчэ не падыходзячы да краю пагорка, можна было ўбачыць нерухомае мора і крыху далей — вялікую грамаду мыса, які, здавалася, спаў у празрыстай вадзе. У ціхім паветры чуўся слабы рокат матора. І недзе вельмі далёка мы заўважылі маленькую рыбацкую віціну, якая непрыкметна плыла па зіхатлівым моры. Між камянямі Мары знайшла некалькі касачоў. З адхона, які спускаўся да мора, мы заўважылі, што некалькі чалавек ужо купаюцца.

Раймонаў сябар жыў у маленькай хаціне на самым ускрайку пляжа. Тыльнай сцяной домік туліўся да скалы, а спераду — палі, на якіх ён стаяў, абмываліся салёнай вадой. Раймон нас пазнаёміў. Сябра звалі Масон. Гэта быў высокі здаравяк з магутным торсам і шырокімі плячыма. Яго маленькая, мілая і пухленькая жонка гаварыла з парыжскім акцэнтам. Масон адразу сказаў, каб мы размяшчаліся, як нам выгодней, — хутка будзе гатова смажаная рыба, якую ён сам налавіў гэтым ранкам. Я сказаў, што хатка, па-мойму, вельмі ўтульная. І Масон паведаміў, што праводзіць тут кожную суботу і нядзелю, і апроч таго — увесь адпачынак.

— З жонкай, вядома, мы з ёю заўсёды ладзім, — дадаў ён.

Яго жонка, сапраўды, ужо смяялася і балбатала пра нешта з Мары. І мабыць, першы раз я ясна ўсвядоміў, што хутка ажанюся.

Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы і Раймону не захацелася. Мы пайшлі ўтраіх, і Мары адразу кінулася ў ваду. Мы з Масонам трошкі пачакалі. Ён гаварыў марудна, і я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: «і я нават болей скажу», — нават тады, калі нічога новага ён, па сутнасці, не дадае. Пра Мары ён сказаў:

— Яна вельмі прывабная, і я нават болей скажу — проста чароўная.

Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзівотную прыказку і ўсю ўвагу засяродзіў на сонечных прамянях, якія прыемна песцілі маё цела. Пясок пад нагамі пачынаў пячы. Мне вельмі хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў і нарэшце сказаў Масону:

— Ну што, пайшлі?

Я даў нырца, а ён паволі зайшоў у ваду і паплыў толькі тады, калі ногі ўжо не даставалі да дна. Плыў ён брасам, даволі кепска, і таму я пакінуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, і плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарваліся ад Масона, і нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў і рухаў.

Далёка ў моры мы леглі на спіну, я глядзеў на неба, і сонца хутка сушыла апошнія пырскі, якія збягалі мне ў рот. Мы ўбачылі, што Масон вярнуўся на пляж і лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялізным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзіўся ззаду, узяў яе за талію, і мы паплылі: яна рукамі рассоўвала хвалі, а я дапамагаў ёй нагамі. У ранішнім паветры вакол нас чуўся ціхі плёскат вады. Але я ўрэшце стаміўся, пакінуў Мары і паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамі і дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот і прыціснуўся шчакой да пяску. «Хораша», — сказаў я, і ён пагадзіўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся і глядзеў, як яна набліжаецца да нас. Яе цела блішчала ад салёнай марской вады, валасы былі адкінутыя назад. Яна легла побач са мной, і ад цеплыні яе цела і сонца я задрамаў.

Мары патрэсла мяне за плячо і сказала, што Масон ужо пайшоў і нам таксама трэба ісці: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмі галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ ні разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, і, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.

— Хадзі ў ваду, — сказала яна.

Мы пабеглі да берага і плёхнуліся ў першыя маленькія хвалі. Потым адплылі крыху яшчэ, і Мары прытулілася да мяне ўсім целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногі сваімі, і ўва мне запалілася жаданне.

Калі мы падыходзілі да хаты, Масон ужо выйшаў нас клікаць. Я сказаў, што вельмі хачу есці, і ён адразу заявіў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, і я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслі мяса са смажанай бульбай. Усе елі моўчкі. Масон раз-пораз адпіваў віно і безупынку падліваў мне. Калі прынеслі каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа паліў. Мы з Масонам і Раймонам дамовіліся ўвесь жнівень правесці тут — будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:

— А вы ведаеце, які час? Яшчэ толькі палова на дванаццатую.

Мы ўсе вельмі здзівіліся, але Масон сказаў, што нічога дзіўнага тут няма — снедаць трэба тады, калі хочацца есці. Мары гэта чамусьці рассмяшыла. Па-мойму, яна проста выпіла лішку. Тады Масон запытаўся, ці не хачу я крыху прайсціся па пляжы.

— Жонка ў мяне заўсёды любіць трошкі адпачыць пасля снедання. А я дык не магу — мне трэба хадзіць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце — ёй самой вырашаць.

Мары сказала, што застанецца дапамагчы пані Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявіла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставіць мужчын прэч. І мы ўтрох пайшлі.

Сонца было ў зеніце і бязлітасна паліла пясок, бліскі промняў на хвалях рэзалі вочы. На пляжы ўжо нікога не было. З хат, якія купіліся на краі пагорка, павісаючы над морам, даносіўся бразгат талерак, відэльцаў і нажоў. Ад спякотнага подыху камянёў, які падымаўся з зямлі, дыхаць было амаль немагчыма. Раймон з Масонам гутарылі пра нейкія справы, пра людзей, якіх я не ведаў, і я зразумеў, што яны даўно ўжо знаёмыя і нават жылі некалі разам. Мы рушылі да вады і потым пайшлі па беразе. Часам нейкая крыху мацнейшая хваля абдавала нашы палатняныя чаравікі пырскамі. Я ўжо ні пра што не думаў, спякотнае сонца паліла маю непакрытую галаву, і мяне хіліла на сон.

У гэты час Раймон нешта сказаў Масону. Я недачуў, але адначасна заўважыў, як вельмі далёка, на другім канцы пляжа, узніклі два арабы, абодва ў сінім. Яны набліжаліся. Я зірнуў на Раймона, і ён сказаў: «Гэта ён». Мы па-ранейшаму ішлі наперад. Масон здзівіўся — як гэта ім удалося дапільнаваць, што мы тут. Я падумаў, што яны, відаць, бачылі, як мы сядалі ў аўтобус з пляжнымі торбамі, але нічога не адказаў.

Арабы ішлі марудна, але былі ўжо намнога бліжэй. Мы не запавольвалі хады, і Раймон сказаў:

— Калі пачнецца бойка, ты, Масон, займіся другім. Пра свайго малойца я паклапачуся сам. А калі з'явіцца трэці — гэта ўжо твой, Мёрсо.

Я сказаў: «Добра». Масон сунуў рукі ў кішэні. Мне здалося, што распалены пясок стаў чырвоны. Роўнай хадою мы набліжаліся да арабаў. Адлегласць патроху скарачалася. Калі нас раздзялялі ўсяго некалькі крокаў, арабы спыніліся. Мы з Масонам замарудзілі крок. А Раймон пайшоў проста да свайго злосніка. Я не пачуў, што ён яму сказаў, але араб сагнуўся, нібы хацеў ударыць Раймона галавой. Тады Раймон ударыў першы і адразу клікнуў Масона. Масон падскочыў да другога і з усяе сілы ўдарыў яго два разы. Араб плазам упаў у ваду, уткнуўся тварам у дно і некалькі секунд ляжаў нерухома. Вакол галавы пузырыліся і лопаліся бурбалкі. Тым часам Раймон ударыў свайго ворага зноў, і па твары ў таго пацякла кроў. Раймон павярнуўся да мяне і сказаў: «Зараз ён у мяне ўбачыць!» Я крыкнуў: «Сцеражыся, у яго нож!» Але араб ужо разануў Раймона па руцэ і рассек губу.

Масон скочыў наперад. Але другі араб ужо падняўся і стаў за спіну таго, які быў з нажом. Мы не адважваліся варухнуцца. Яны паволі пачалі адступаць і ўвесь час пазіралі на нас, пагражаючы нажом. Калі адлегласць была ўжо даволі вялікая, яны павярнуліся і кінуліся наўцёкі. Мы па-ранейшаму нерухома стаялі пад сонцам, і Раймон заціскаў руку, з якой сачылася кроў.

Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар — ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсці да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялі яго пад рукі і як мага хутчэй павялі ў Масонаву хату. Там Раймон заявіў, што раны ў яго неглыбокія і ён сам можа ісці да лекара. Яны з Масонам пайшлі, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Пані Масон плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць ім усё гэта. І нарэшце я змоўк, запаліў цыгарэту і пачаў глядзець на мора.

А палове другой Раймон з Масонам вярнуліся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нічога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся і потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся — куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявілі, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускіпеў і пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць — няхай сабе ідзе. Але я ўсё ж пайшоў за ім.

Мы доўга ішлі па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промні секліся джгучымі стрэмкамі па пяску і па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды ідзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалі да маленькай крынічкі, якая выбівалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылі тых двух арабаў. Яны ляжалі на зямлі ў сваіх зашмальцаваных сініх робах. Выгляд у іх быў абсалютна спакойны і нават нібы задаволены. Калі мы падышлі, у паводзінах у іх нічога не змянілася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкі глядзеў на яго. Другі найграваў на былінцы трыснёгу і скоса пазіраў на нас, увесь час выцінаючы з дудкі адны і тыя ж ноты, на якія яна была здольная.

Пэўны час наўкол былі толькі сонца і цішыня, якая парушалася адно цурчаннем крынічкі і трыма ноткамі трысняговае дудкі. Потым Раймон сунуў руку ў кішэню і дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, і яны па-ранейшаму ўзіраліся адзін у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, які граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмі шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў:

— Што, уходаць яго?

Я падумаў, што калі скажу не, ён толькі яшчэ больш распаліцца і тады ўжо пэўна стрэліць. Я прамовіў:

— Ён яшчэ нічога не сказаў. Стрэліць проста так было б, па-мойму, подла.

Скрозь спёку і цішыню да мяне зноў даляцеў шолах вады і дудкі. Потым Раймон сказаў:

— Тады я зараз зняважу яго, а калі ён адкажа — прыб'ю.

Я адказаў:

— Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта.

Раймон пачаў патроху распаляцца. Другі араб усё найграваў, але абодва яны пільна сачылі за кожным Раймонавым рухам.

— Не, — сказаў я Раймону. — Лепш сыдзіся з ім сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калі другі сунецца ці гэты выцягне нож, я яго палажу.

Раймон перадаў рэвальвер мне, і сонечны промень бліснуў на яго гладкай паверхні. Мы па-ранейшаму стаялі нерухома, нібы ўвесь свет самкнуўся вакол нас. Не зводзячы вачэй з арабаў, мы пазіралі на іх, яны — на нас. І ўсё, здавалася, цяпер застыла — мора, сонца, пясок, падвойная цішыня дудкі і ручая. У гэтую хвіліну я падумаў, што, можа давядзецца стрэліць, а можа, і не давядзецца — якая розніца. Але арабы раптам падаліся назад і шмыгнулі за скалу. Тады мы з Раймонам павярнуліся і пайшлі дахаты. Яму нібыта палегчала, і ён сказаў, што трэба ісці на аўтобус і вяртацца ў горад.

Я правёў яго да Масонавага катушка, і ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнізе: у галаве ўжо гуло ад спёкі, і ў мяне не было ніякай сілы адолець тыя некалькі прыступак ды пасля яшчэ гаманіць з жанчынамі. Але сквар быў такі, што стаяць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, які шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы ці хадзіць — было ўсё роўна. Я пастаяў хвіліну, потым павярнуўся і пайшоў на пляж.

Гэтаксама блішчаў да чырвані распалены пясок. Нібы ў задышцы, мора лізала бераг языком сваіх шпаркіх кароткіх хвалек. Я паволі ішоў да скал і адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыціскала мяне да зямлі, не пускала далей. Яе задушлівы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцінаў зубы, сціскаў кулакі ў кішэнях, напружваўся ўсім целам, каб перамагчы бязлітаснае сонца і п'яную затлуму, што агортвала мяне з усіх бакоў, і ішоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавінка ці асколак шкла кідалі ў мяне балючыя дзіды святла, і мае сківіцы яшчэ больш сціскаліся. Я ішоў доўга.

Воддаль паказалася цёмная веліч скалы, вакол яе зіхцела зыркае кола святла і вадзянога пылу. Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынічка. І мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсці нарэшце цень і адпачынак. Аднак, калі я падышоў бліжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснік ізноў ляжыць там.

Ён быў адзін. Ён ляжаў на спіне, сунуўшы рукі пад голаў, тварам у ценю і ўсім целам на сонцы. Над сіняю робай ад спёкі ўздымалася пара. Я крыху здівіўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, і калі ішоў сюды, да крыніцы, зусім пра гэта не думаў.

Калі ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся і сунуў руку ў кішэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, які ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкінуўся на спіну, але рукі з кішэні не выняў. Я быў ад яго даволі далёка, метраў, мусіць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазірае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекі. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналі скакаць прад маімі вачыма ў гарачым паветры. Хвалі плёскаліся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўдні. Вакол былі ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены бліскучы пясок. Вось ужо дзве гадзіны, як дзень застыў, не маючы сілы зрушыць далей, дзве гадзіны, як ён кінуў якар у неабсяжным акіяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, і краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.

Я падумаў, што варта мне толькі павярнуцца і пайсці, і ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпіўся за мною, дрыжаў на сонцы і не пускаў назад. Я ступіў некалькі крокаў да крыніцы. Араб не варухнуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усміхаецца. Я счакаў. Сонца паліла шчокі, я адчуваў, як пот буйнымі кроплямі сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калі я хаваў маму, як і тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялі і шалёна пульсавалі. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкі і зрабіў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калі зраблю адзін крок. Але я зрабіў гэты крок, адзін толькі крок наперад. І тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож і выставіў яго перада мной на сонцы. Прамень бліснуў па сталі і ўеўся мне ў лоб доўгім іскрыстым лязом. У тое ж імгненне пот рынуў з броваў, заліў павекі, захінуў іх цёплай вільготнай смугой. Вочы аслеплі пад салёным покрывам слёз. Я нічога не адчуваў, адно сонца ў галаве біла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клінок рассякаў мае вейкі, працінаў спакутаваныя вочы. І тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкі, гарачы ўздых. І мне падалося, што неба расчынілася на ўсю шырыню і на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сціснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухі аглушальны ўдар, і ўсё пачалося. Я скінуў з сябе сонца і пот. І зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цішу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслівы. Тады я стрэліў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, і кулі ўваходзілі ў яго, не пакідаючы слядоў. І гэта былі нібы чатыры кароткія ўдары, якімі я пастукаўся ў дзверы бяды.

 

Частка другая

 

I

 

Адразу пасля арышту мяне некалькі разоў дапытвалі. Але допыты тычыліся выяўлення маёй асобы і цягнуліся нядоўга. Першы раз, у камісарыяце, мая справа, здаецца, нікога не захапіла. Але ўжо праз тыдзень следчы глядзеў на мяне з цікаўнасцю. Спачатку ён запытаўся, як мяне завуць, дзе я жыву, чым займаюся, дзе і калі нарадзіўся. Пасля захацеў даведацца, ці выбраў я сабе адваката. Я прызнаўся, што не, і папытаўся — няўжо яго трэба мець заўсёды.

— Чаму вы гэтак пытаецеся? — сказаў ён.

Я адказаў, што, па-мойму, справа мая вельмі простая. Тады ён усміхнуўся і сказаў:

— Можа, яно і так. Але ёсць закон. Калі вы не выбераце сабе адваката самі, яго вам прызначым мы.

Мне здалося вельмі зручным, што суд сам клапоціцца такімі дробязямі, і я гэта сказаў следчаму. Ён пагадзіўся са мной і заўважыў, што закон увогуле зроблены найвыдатнейшым чынам.

Спачатку я не прымаў яго ўсур'ёз. Наша размова праходзіла ў змрочным пакойчыку, з усіх бакоў абвешаным шторамі, з адзінаю лямпай, якая стаяла на стале і асвятляла фатэль. На гэты фатэль ён мяне і пасадзіў, а сам застаўся ў змроку. Я ўжо чытаў падобныя апісанні ў кніжках, і ўсё гэта мне здалося гульнёй. Аднак пасля размовы я прыгледзеўся да яго ўважлівей — гэта быў высокі мужчына, з тонкімі рысамі твару і глыбокімі блакітнымі вачыма, у яго былі доўгія сівыя вусы і пышная, амаль белая шавялюра. Мне здалося, што ён чалавек разважлівы і ўвогуле — нават прыязны, хоць і мае нейкі нервовы цік, ад якога ў яго час ад часу пацепваюцца вусны. Выходзячы, я нават ледзь не працягнуў яму рукі, але своечасова прыгадаў, што я забіў чалавека.

Назаўтра да мяне ў турму прыйшоў адвакат. Ён быў маленькі, кругленькі, даволі малады, з дбайна прылізанымі валасамі. Нягледзячы на спёку (я сядзеў у адной кашулі), на ім быў цёмны гарнітур, крухмальны каўнер і нейкі дзіўны гальштук у шырокую чорна-белую палоску. Ён паклаў на мой ложак партфель, які прынёс пад пахай, назваў сваё імя і сказаў, што пазнаёміўся ўжо з маёй справай. Выпадак даволі даліканты, але ён не сумняваецца ў поспеху, калі, вядома, я буду яму давяраць. Я падзякаваў, і ён сказаў:

— А цяпер пяройдзем непасрэдна да справы.

Ён сеў на ложак і паведаміў, што ўжо маюцца пэўныя звесткі пра маё прыватнае жыццё. Высветлілася, напрыклад, што нядаўна ў прытулку памерла мая маці. У Марэнга паслалі запытанне. І адтуль следчаму паведамілі, што ў дзень пахавання «я выявіў нячуласць».

— Самі разумееце, — сказаў адвакат, — мне няёмка ў вас дапытвацца. Але гэта вельмі важна. І для абвінавачвання гэта будзе важкі аргумент, калі я не сумею нічога адказаць.

Ён хацеў, каб я дапамог яму, і запытаўся, ці было мне цяжка ў той дзень. Гэта пытанне мяне вельмі здзівіла, і я падумаў, што мне было б вельмі няёмка, калі б я мусіў сам спытаць у каго-небудзь такое. Я адказаў, аднак, што ўжо крыху адвыкся займацца самакапаннем і што мне цяжка адказаць яму што-небудзь дакладна. Вядома, я любіў маму, але гэта яшчэ ні пра што не гаворыць. Усе здаровыя людзі рана ці позна жадаюць смерці тым, каго яны любяць. Тут адвакат перапыніў мяне і быў, здаецца, нечым вельмі ўсхваляваны. Ён прымусіў мяне паабяцаць, што я не скажу гэтага ні на судовым паседжанні, ні ў следчага. Аднак я вырашыў растлумачыць: ад натуры я створаны так, што мае фізічныя патрэбы часта ўплываюць на мае пачуцці. А ў той дзень, калі я хаваў маму, я быў вельмі стомлены і хацеў спаць. І таму я не мог ясна ўсвядоміць, што адбываецца. Адзінае, што я магу сказаць пэўна, дык гэта тое, што я палічыў бы за лепшае, каб мама не памірала. Адвакат, відаць, застаўся незадаволены. Ён сказаў:

— Гэтага недастаткова.

Ён задумаўся. І потым спытаў у мяне, ці можна яму будзе сказаць на судзе, што ў той дзень я намагаўся стрымаць свае сапраўдныя пачуцці. Я сказаў:

— Не, бо гэта няпраўда.

Ён зірнуў на мяне неяк здзіўлена, нібы я выклікаў у яго агіду. І амаль са злосцю сказаў, што, ва ўсякім выпадку, дырэктар і службоўцы з прытулку будуць выкліканы на працэс як сведкі, а «гэта можа зрабіць мне вельмі благую паслугу». Я заўважыў, што гэта гісторыя не мае ніякага дачынення да маёй справы. Але ён адказаў, што я ніколі не сутыкаўся з правасуддзем і гэта відаць адразу.

Ён пайшоў раззлаваны. Я хацеў быў яго затрымаць, растлумачыць яму, што хачу ад яго спагады — не дзеля таго, каб ён абараняў мяне лепш, а проста так, як звычайна хочуць спагады ад кожнага чалавека. Тым больш што я бачыў, як ён хвалюецца праз мяне. Бачыў, што ён не можа мяне зразумець і толькі злуецца. Я хацеў давесці яму, што я такі самы, як і ўсе, абсалютна такі самы. Але я паленаваўся, бо падумаў, што, па сутнасці, гэта не так ужо важна.

Праз некалькі дзён мяне зноў вадзілі на допыт. Была другая гадзіна дня, і кабінет гэтым разам быў заліты святлом, якое прабівалася скрозь празрыстыя фіранкі. Было дужа горача. Следчы прапанаваў сесці і вельмі абыходліва паведаміў, што «ў сувязі з адной непрадугледжанай акалічнасцю» мой адвакат прыйсці сёння не можа. Але я маю права не адказваць на пытанні і чакаць адваката. Я сказаў, што магу адказваць і адзін. Тады следчы націснуў пальцам на кнопку на стале, і ў пакой увайшоў малады пісар. Ён сеў у мяне амаль за самаю спінай.

Мы ямчэй умасціліся ў фатэлях, і допыт пачаўся. Спачатку следчы сказаў, што ўсе, у каго ён ні пытаўся, апісваюць мяне, як чалавека змрочнага і замкнёнага. Ён хацеў ведаць, што я сам думаю на гэты конт. Я адказаў:

— У мяне проста няма нічога цікавага расказаць. І таму я звычайна маўчу.

Як і на першым допыце, ён усміхнуўся і пагадзіўся, што гэта сама лепшая прычына. І потым дадаў:

— Зрэшты, гэта абсалютна няважна.

Ён змоўк і зірнуў на мяне, але раптам даволі рэзка выпрастаўся і скорагаворкай сказаў:

— Мяне цікавіце вы, вы самі.

Я не вельмі зразумеў, што ён мае гэтым на ўвазе, і таму не адказаў.

— Сёе-тое ў вашых учынках мне застаецца яшчэ няясным, — дадаў ён. — Але я ўпэўнены, што вы дапаможаце мне зразумець гэта.

Я адказаў, што ўсё вельмі проста. Ён папрасіў мяне яшчэ раз з усімі падрабязнасцямі апісаць той дзень. І я зноў пералічыў усё, што ўжо казаў яму мінулы раз: Раймон, пляж, купанне, свара, зноў пляж, крынічка, сонца і пяць стрэлаў з рэвальвера. Пасля кожнай фразы ён казаў: «Так, так». І калі я дайшоў да нерухомага цела на пяску, ён, нібы ўхваляючы, сказаў: «Добра». Ужо каторы раз мне даводзілася вось так паўтараць адну і тую ж гісторыю, і, бадай, ніколі яшчэ я гэтак доўга не гаварыў.

Пасля некаторага маўчання ён падняўся і сказаў, што хоча мне дапамагчы — я яго зацікавіў, і з Боскаю дапамогай ён што-небудзь зробіць дзеля мяне. Але раней ён хоча задаць мне некалькі пытанняў. І без усялякага пераходу ён раптам спытаў, ці любіў я маму. Я сказаў: «Але, як і ўсе». Пісар, які дагэтуль роўна стукаў на машынцы, чамусьці зблытаўся — відаць, націснуў не на тую літару, і апошнія словы яму давялося перадрукаваць. Зноў без усялякай відавочнай сувязі следчы запытаўся, ці страляў я з рэвальвера ўсе пяць разоў запар. Я трошкі падумаў і сказаў, што спачатку стрэліў толькі адзін раз, а праз некалькі секунд — яшчэ чатыры разы.

— Чаму паміж першым і другім стрэламі вы зрабілі паўзу? — запытаўся ён.

Я зноў убачыў перад сабой чырвоны пляж і адчуў, як сонца пячэ мне чало. Але нічога не адказаў. Маё маўчанне, відаць, занепакоіла следчага. Ён сеў, раскудлачыў валасы і, абапершыся локцямі на стол, схіліўся да мяне з нейкім дзіўным выглядам:

— Чаму, чаму вы стралялі ў нерухомае цела?

Я зноў не здолеў яму адказаць. Следчы пацёр лоб рукамі і паўтарыў пытанне нейкім крыху разгубленым голасам:

— Чаму? Вы павінны сказаць мне. Чаму?

Я па-ранейшаму маўчаў.

Тады ён раптам устаў, шырокай хадой падышоў да краю стала, выцягнуў з тумбы шуфляду і дастаў з яе срэбны крыж з распяццем. Трасучы ім, ён вярнуўся да мяне і абсалютна непазнавальным, амаль дрыготкім голасам закрычаў:

— Ці ведаеце вы, хто гэта?

Я сказаў:

— Натуральна, што ведаю.

Тады ён, захлынаючыся, палка прызнаўся мне, што ён верыць у Бога, і ён упэўнены, што ніводзін чалавек на зямлі не вінаваты настолькі, каб Бог не дараваў яму гэтага, але трэба, каб сваім раскаяннем чалавек ператварыўся ў дзіця, у немаўлятка, чыя душа — чыстая і адкрытая, і здольная ўспрыняць усё. Следчы ўсім целам наваліўся на стол. Ён махаў распяццем амаль над самай маёй галавой. Шчыра кажучы, я вельмі дрэнна сачыў за яго думкай — мне было горача, у кабінеце лёталі мухі і часам садзіліся мне на твар. Апроч таго, следчы выклікаў у мяне страх. Я разумеў, што гэта смешна, бо сапраўдны злачынца тут — я. Але ён не сунімаўся. Увогуле я зразумеў, што ў маіх паказаннях, на яго думку, ёсць толькі адна цьмяная рэч — чаму я счакаў, раней чым стрэліць другі раз. З рэштай — усё выдатна, а вось тут ён не разумее.

Я хацеў быў сказаць, што ён не мае рацыі, на гэтую рэч не варта звяртаць такой увагі: яна наогул не мае вялікага значэння. Але ён перапыніў мяне. Ён выпрастаўся і з апошняю надзеяй вылечыць маю душу папытаўся, ці веру я ў Бога. Я адказаў, што не. Ад такой знявагі ён сеў у фатэль. Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ўсе людзі вераць у Бога — нават тыя, хто адвярнуў ад яго свой твар. І ён упэўнены ў гэтым, упэўнены, і калі хоць раз яму давядзецца ў гэтым засумнявацца, яго жыццё страціць усялякі сэнс.

— Няўжо, — закрычаў ён, — няўжо вы хочаце, каб маё жыццё не мела сэнсу?

На маю думку, гэта мяне не датычылася, і я так яму і сказаў. Але ён ужо перагнуўся цераз стол, падсунуў Хрыста пад самыя мае вочы і крычаў, як апантаны:

— Я хрысціянін! Я малю яго дараваць табе грахі твае! Як жа ты можаш не верыць, што ён пакутаваў дзеля цябе?

Я, вядома, заўважыў, што ён звяртаецца да мяне на «ты», але мне ўжо абрыдла яго слухаць. Гарачыня душыла ўсё мацней. І я зрабіў выгляд, нібы згаджаюся, як раблю заўсёды, калі хачу пазбавіцца ад надакучлівай размовы. На маё здзіўленне следчы шалёна ўзрадаваўся.

— Вось бачыш! Бачыш! — закрычаў ён. — Ты верыш у Бога! І цяпер ты адкрыеш перад ім сваю душу.

Зразумела, я яшчэ раз сказаў, што не. І ён зноў паваліўся ў фатэль.

Выгляд у яго быў змораны. Нейкі час ён сядзеў моўчкі, і толькі машынка дастуквала апошнія словы з нашага дыялога. Потым следчы ўважліва і крыху тужліва зірнуў на мяне. І прамармытаў:

— Ніколі яшчэ я не бачыў настолькі счарсцвелай душы, як ваша. Ніхто са злачынцаў, якія прыходзілі да мяне, не здолеў стрымаць сваіх слёз перад гэтым пакутным абліччам.

Я хацеў адказаць, што можа яно і так, але ж тое былі злачынцы. Але адразу падумаў, што і я — такі самы. Я ўсё ніяк не мог прызвычаіцца да гэтае думкі. Тут следчы ўстаў, паказваючы, што допыт закончаны. І напаследак, з гэткім жа стомленым выглядам, запытаўся, ці шкадую я таго, што ўчыніў. Я падумаў і адказаў, што не тое, каб шкадую, але, хутчэй, — проста мне непрыемна. Па-мойму, ён не зразумеў. Але ў той дзень на гэтым усё і скончылася.

Пасля мяне часта яшчэ вадзілі да следчага. Але кожны раз са мною цяпер быў адвакат. Яны патрабавалі ад мяне хіба што ўдакладніць сёе-тое ў маіх ранейшых паказаннях. Ці наогул — увесь час гаманілі паміж сабой наконт розных абвінаваўчых пунктаў. Але сам я ў такія хвіліны ніколі па-сапраўднаму іх не цікавіў. Ва ўсякім выпадку, тон допытаў патроху змяніўся. Следчы, відаць, ужо адшукаў маёй справе нейкае тлумачэнне і страціў да маёй асобы ўсякую цікаўнасць. Ён болей не гутарыў са мною пра Бога, і я ўжо ніколі не бачыў яго такім узбуджаным, як у той першы дзень. Некалькі пытанняў, кароткая размова з адвакатам — і допыт канчаўся. Справа мая, як любіў казаць следчы, пасоўвалася сваім парадкам. Часам, калі размова ішла на нейкую агульную тэму, мяне падключалі таксама. І тады мне дыхалася вальней. Усё было так натуральна, ішло так гладка і гаварылася так разумна, што ў мяне нават пачало складвацца ўражанне, што я тут — «свой чалавек». Следства цягнулася адзінаццаць месяцаў, і пад канец я амаль не мог даць сабе веры, што некалі ў мяне былі нейкія іншыя ўцехі, акрамя тых хвілін, калі следчы праводзіў мяне да дзвярэй і, лопаючы па плячы, па-сяброўску казаў: «Ну, на сёння досыць, пане Антыхрысце». І мяне перадавалі ў рукі жандарам.

 

II

 

Ёсць рэчы, пра якія мне ніколі не падабалася гаварыць. І калі я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькі дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна.

Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агіды. Але першыя дні я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я — у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца і ўсё пойдзе інакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькі пасля першага і адзінага наведвання Мары. З таго дня, калі я атрымаў яе ліст (а яна пісала, што прыходзіць ёй больш не дазваляюць, бо яна мне не жонка), з таго самага дня я адчуў, што камера і ёсць мой дом і ўсё маё жыццё канчаецца тут. Спачатку, адразу пасля арышту, мяне пасадзілі ў памяшканне, дзе ўжо было некалькі вязняў, больш — арабаў. Яны сустрэлі мяне рогатам. І пасля папыталіся, што я зрабіў. Я адказаў, што забіў араба, тады яны сціхлі. Але хутка настаў вечар, і яны растлумачылі, як лепей складаць цыноўку, на якой тут даводзілася спаць. Адзін край трэба было скруціць, і тады атрымлівалася нешта накшталт падушкі. Усю ноч па маім твары поўзалі клапы. Але праз некалькі дзён мяне перавялі ў адзіночку, і тут я спаў на драўняным ложку. У мяне была параша і бляшаная міса. Турма ўзвышалася над горадам, і праз маленькае акенца ў камеры можна было ўбачыць мора. Аднойчы, калі я, ухапіўшыся за краты, лавіў тварам сонечныя прамяні, увайшоў наглядчык. Ён сказаў, што да мяне прыйшлі. Я падумаў, што гэта, відаць, Мары. І гэта сапраўды была яна.

У пакой для спатканняў мяне вялі па доўгім калідоры, пасля па лесвіцы і, нарэшце, зноў па калідоры. Я ўвайшоў у вельмі шырокую залу з вялізным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкі ў краты рассякалі пакой на тры часткі. Пустая прастора, шырынёй метраў восем ці дзесяць, аддзяляла наведнікаў ад арыштантаў. Насупраць узнікла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар і паласатую сукенку. Побач са мной у пакоі стаялі яшчэ некалькі вязняў, чалавек дзесяць, большасць былі арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былі арабкі: з аднаго — сціснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсім чорным, з другога — тоўстая кабета з распушчанымі валасамі, яна ўвесь час нешта моцна крычала і размахвала рукамі. З-за вялікай адлегласці паміж адгародкамі ўсім, хто быў у зале, даводзілася размаўляць вельмі гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працінала шыбы, і гуд галасоў адбіваліся ад голых сцен і мацнелі яшчэ больш. Калі я зайшоў, у мяне нават закруцілася ў галаве. У камеры было намнога цямней і спакайней. І каб асвойтацца, мне спатрэбіўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калідора паміж адгародкамі на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў і іх крэўныя масціліся на кукішках адзін насупраць аднаго. Гэтыя не крычалі. Нягледзячы на страшэнны гармідар, ім неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Іх ціхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавітага фону для хору тых гучных поклічаў, што гучалі над іх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль ішоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў і з усяе сілы намагалася ўсміхнуцца. Яна мне здалася вельмі прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага.

— Ну што? — голасна крыкнула яна.

— Як бачыш, вось так.

— Табе нічога не трэба, у цябе ўсё добра?

— Так, усё.

Мы змоўклі. Мары ўсё ўсміхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымі вачыма. Відаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалі яшчэ да майго прыходу.

— Жана не захацела яго ўзяць, — на ўсё горла крычала кабета.

— Ну, ну, — адказваў муж.

— Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела.

Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывітанне, і я адказаў: «Дзякуй». Але мяне перабіў сусед, які пытаўся, «як у яго са здароўем». Яго жонка засмяялася і адказала, што «лепей ён сябе ніколі не адчуваў». Сусед справа, невысокі юнак з тонкімі рукамі, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пільна ўзіраліся адно ў аднаго. Але паназіраць за імі яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула:

— Трэба не траціць надзеі.

І я адказаў:

— Ага.

Я глядзеў на яе, і мне хацелася сціснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую і лёгкую тканіну, і я не ведаў, ці можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усміхалася. І я ўжо не бачыў нічога, апроч бляску яе беласнежных зубоў і вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула:

— Ты выйдзеш, і мы пажэнімся!

— Ты так думаеш? — адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць.

І тады, вельмі хутка і па-ранейшаму голасна, яна залапатала — але, але, мяне апраўдаюць, і мы зноў будзем плаваць у моры. Але кабета побач з ёю раўла безупынку. Яна казала, што пакінула ў канцылярыі кошык з перадачай, і пералічвала ўсё, што там ляжыць. Трэба абавязкова праверыць — гэта каштуе немалых грошай. Другі сусед і яго маці па-ранейшаму маўчалі і ўзіраліся адно ў аднаго. На кукішках гэтак жа перашэптваліся арабы. Святло на дварэ нібы напіналася і ціснула ў шыбы.

Я адчуваў нейкую кволасць, немач і быў бы рады пайсці. Ад шуму мне рабілася млосна. Але з другога боку, хацелася пабыць яшчэ, паглядзець на Мары. Не ведаю, колькі мінула часу. Мары расказвала пра сваю працу і ўсміхалася бесперастанку. Шэпт, крык, гамонка гучалі з усіх бакоў. Адзіны астравок цішыні заставаўся там, дзе, побач са мной, шчуплы юнак і яго маці моўчкі глядзелі адно на аднаго. Патроху арабаў пачалі выводзіць. Калі вывелі першага, амаль усе адразу аціхлі. Маленькая бабуля прыгарнулася да кратаў, і ў тую ж хвіліну наглядчык зрабіў знак яе сыну. Той сказаў:

— Да пабачэння, мама.

Яна прасунула паміж кратаў руку і павольна, мякка махнула яму наўздагон.

Бабуля пайшла, і на яе месцы адразу ўзнік мужчына з капелюшом у руцэ. Прывялі новага вязня, і яны ажыўлена загаманілі, але не крычалі, бо ў пакоі было ўжо ціха. Прыйшлі па майго суседа справа. Яго жонка, нібы не заўважаючы, што ўжо няма патрэбы крычаць, гучна сказала яму:

— Беражы сябе і будзь уважлівы!

Потым настала мая чарга. Мары рукою паслала мне пацалунак. Ад дзвярэй я яшчэ раз зірнуў на яе. Яна стаяла нерухома, прыціснуўшыся тварам да кратаў, і па-ранейшаму неяк напята, сутаргава ўсміхалася.

Неўзабаве пасля гэтага яна мне напісала. Тады і пачалося тое сапраўднае турэмнае жыццё, пра якое я ніколі не любіў гаварыць. Праўда, тут не трэба перабольшваць — жыць у турме мне ўдавалася лягчэй, чым іншым. Цяжка было хіба што першы час, бо трапіўшы ў турму, я захоўваў яшчэ думкі вольнага чалавека. Хацелася, напрыклад, на пляж, прагуляцца да мора. Я ўяўляў, як першыя хвалі пляскочуць каля маіх ног, як вада прымае маё цела, і мне адразу робіцца лёгка і вольна. І раптам зноў бачыў турэмныя муры, і мне здавалася, што яны яшчэ шчыльней абступаюць мяне. Але праз некалькі месяцаў гэта прайшло. І пасля ў мяне былі толькі арыштанцкія думкі. Я чакаў, калі мяне павядуць на прагулку на двор або калі прыйдзе мой адвакат. Я няблага навучыўся прабаўляць і рэшту вольнага часу. Я часта думаў тады, што калі б мяне змусілі жыць у камлі старадрэвіны і адзіным заняткам маім было назіраць за барвамі неба над галавой, дык і тады б я патроху прызвычаіўся да гэтага. Я чакаў бы, калі прыляцяць птушкі або з'явяцца хмары, як чакаю цяпер дзіўных гальштукаў майго адваката, а раней, на волі, чакаў суботы, калі можна было абняць цела Мары. Аднак, калі добра разважыць, — я не ў камлі старадрэвіны. Былі і болей няшчасныя за мяне. Зрэшты, гэта не мае — гэта маміны думкі. Гэта яна часта гаварыла, што ўрэшце чалавек да ўсяго прызвычайваецца. А я ў сваіх думках рэдка заходзіў гэтак далёка.

Першыя месяцы было цяжка. Але намаганне, якое трэба было рабіць над сабой, якраз і дапамагала таму, каб час бег хутчэй. Напрыклад, мне пакутліва хацелася жанчыны. Гэта натуральна, бо я быў малады. Я ніколі не думаў менавіта пра Мары. Я проста думаў пра жанчыну, наогул — пра жанчын, перабіраў у памяці ўсіх, каго ведаў, усе тыя абставіны, у якіх кахаўся з імі, і тады камера напаўнялася тварамі, і ў ёй рабілася цесна ад маіх жаданняў. З аднаго боку, гэта парушала маю душэўную раўнавагу. Але з другога — дапамагала прабавіць час. Патроху мне ўдалося заваяваць спагаду старэйшага наглядчыка, які разам з раздатчыкам з кухні хадзіў па камерах, калі разносілі ежу. Ён і пачаў са мною гаворку пра жанчын. Ён сказаў, што гэта сама першае, на што ўсе пачынаюць скардзіцца. Я адказаў, што я тут не выключэнне, але, па-мойму, такое становішча — несправядлівае.

— Але ж дзеля гэтага вас і садзяць у турму, — сказаў ён.

— Як гэта дзеля гэтага?

— Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым і ёсць.

Я ніколі не думаў пра гэта. І словы наглядчыка здаліся мне слушнымі.

— Ваша праўда, — сказаў я. — Іначай што б гэта было за пакаранне?

— Вядома! Вось вы разумееце. А іншыя — не. Праўда, яны ўрэшце самі сабе робяць палёгку.

Пасля гэтага наглядчык пайшоў.

Была яшчэ праблема — цыгарэты. Калі я трапіў у турму, у мяне забралі пас, матузкі з чаравікаў, гальштук і ўсё, што ляжала ў кішэнях, у прыватнасці — цыгарэты. Апынуўшыся ў адзіночцы, я папрасіў, каб мне іх аддалі. Але мне сказалі, што гэта забаронена. Першыя дні было вельмі цяжка. Тое, што не было тытуню, прыгнятала мяне, мусіць, больш за ўсё. Я смактаў трэскі ад дашчанага ложка. Увесь дзень мяне нудзіла. Я не разумеў, чаму мяне пазбаўляюць таго, што нікому не прыносіць ніякай шкоды. Але пазней я ўцяміў, што гэта таксама ўваходзіць у пакаранне. Праўда, паліць на той час я ўжо адвык, і пакараннем мне гэта больш не было.

Калі ж не лічыць гэтых невыгод, я быў не такі ўжо няшчасны. Уся праблема зноў жа ўпіралася ў тое, якім чынам прабавіць час. І калі я навучыўся ўспамінаць сваё мінулае, мне нарэшце ўдалося пазбавіцца ад нуды. Часцей за ўсё я думаў пра свой пакой, я ўяўляў, што стаю ў адным куце, і пачынаў рухацца ўздоўж сцен. Я перабіраў у думках усё, што мне траплялася, пакуль не вяртаўся ў той самы кут. Спачатку ў мяне гэта выходзіла неяк хутка. Але кожны раз, як я пачынаў зноў, займала ўсё болей часу. Я перабіраў усю мэблю, дзе што стаіць, дзе што ляжыць — кожную рэч, кожную дробязь, дзе якая інкрустацыя, дзе расколінка, дзе край вышчарблены, што якога колеру, якое навобмацак. У той жа час я стараўся не зблытаць чарговасці і ні пра што не забыцца. Праз некалькі тыдняў я ўжо цэлымі гадзінамі мог займацца толькі тым, што пералічваў рэчы ў сваім пакоі. Чым больш я думаў і прыгадваў, тым больш у маёй памяці ўзнікала новых дробязяў, на якія раней я зусім не зважаў. І я зразумеў тады, што нават той, хто пражыў усяго адзін дзень, мог бы сто год спакойна правесці ў турме. Яму б хапіла ўспамінаў, каб не знудзіцца. У пэўным сэнсе, успаміны — вялікая выгода.

Ну, і пасля яшчэ — сон. Спачатку ўначы я спаў дрэнна, а ўдзень — наогул не мог заснуць. Але патроху з ноччу справа наладзілася, дый удзень спаць я таксама навучыўся. Апошнія месяцы я спаў шаснаццаць — васемнаццаць гадзін на суткі. Заставалася прабавіць толькі шэсць гадзін, на што ішлі ежа, натуральныя патрэбы, успаміны і гісторыя пра чэха.

Справа ў тым, што аднойчы я знайшоў на ложку прыліплы знізу да сенніка жоўты і амаль празрысты кавалак газеты. Гэта быў урывак з крымінальнай кронікі, пачатку не ставала, але дзея, відаць, адбывалася ў Чэхаславакіі. Нейкі чалавек пакінуў родную вёску, каб пашукаць шчасця ў іншых краях. Праз дваццаць пяць гадоў, ужо багаты, з жонкаю і дзіцём ён вярнуўся дадому. У роднай вёсцы яго сястра і маці трымалі невялічкі заезны двор. Каб здзівіць крэўных, ён пакінуў жонку з дзіцём у іншым месцы, а сам пайшоў да маці — і тая яго не пазнала. Тады, дзеля жарту, яму захацелася зняць пакой. Ён пахваліўся сваімі грашыма. А ўначы маці з сястрой забілі яго малатком, абрабавалі і выкінулі труп у раку. Раніцай прыйшла яго жонка і, нічога не ведаючы, паведаміла, хто быў гэты падарожнік. Маці павесілася. Сястра кінулася ў студню. Я перачытваў гэту гісторыю, мусіць, тысячу разоў. З аднаго боку, яна была неверагодная. Але з другога — абсалютна натуральная. Ва ўсякім выпадку, я думаю, што гэты чалавек атрымаў у пэўнай ступені тое, чаго заслужыў — ніколі не трэба прыкідвацца.

Вось так я гадзінамі спаў, успамінаў, чытаў урывак сваёй кронікі, святло пераходзіла ў цень, і час ішоў. Я, вядома, чытаў некалі, што ў турме паняцце часу знікае. Але тады я не бачыў у гэтым вялікага сэнсу. Я не разумеў, якім гэта чынам дзень можа быць адначасна кароткі і доўгі. Зразумела, ён быў доўгі — бо доўга было яго перажыць, але нарэшце ўсе яны расцягваліся настолькі, што пачыналі наплываць адзін на адзін, зблытваліся і гублялі сваё імя і твой твар. Толькі словы «ўчора» і «заўтра» не страцілі яшчэ свайго сэнсу.

Аднойчы наглядчык сказаў, што я сяджу тут ужо пяць месяцаў, і я паверыў, але ўцяміць не змог. Для мяне ўсё гэта быў адзін дзень, ён хваляю набягаў у маю камеру і адыходзіў, нібыта прыбой, і мэта ўвесь час у мяне была адна. Калі наглядчык пайшоў, я ўзяў бляшаную місу і зірнуў на свой твар. Мне падалося, што ён застаецца сур'ёзны нават тады, калі я стараюся яму ўсміхнуцца. Я пачаў круціць місу ў розныя бакі, я трос яе. Я ўсміхаўся, але адбітак глядзеў на мяне па-ранейшаму змрочна і сумна. Дзень канчаўся, і гэта быў той час, пра які я не хачу гаварыць, час без імя, калі астатнія вячэрнія гукі ўздымаюцца з усіх паверхаў турмы, каб хутка аціхнуць, пакінуўшы ўладу цішыні. Я падышоў да акенца і ў апошніх водблісках шэрага святла зноў зірнуў на адбітак. Ён быў гэткі ж сур'ёзны, і што тут дзівіцца, калі цяпер і я быў такі? Але раптам, першы раз за доўгія месяцы, я выразна пачуў свой голас. Ну але, гэта ён гучаў у маіх вушах усе гэтыя дні, і я зразумеў, што ўвесь гэты час я гутарыў сам з сабою. Тады я прыгадаў, што сказала сядзелка на маміным пахаванні. Праўда, выйсця не было, і ніхто не здольны ўявіць, што такое вечар у турме.

 

III

 

Можна сказаць, што, увогуле, адно лета вельмі хутка змянілася новым. Я ведаў, што з прыходам спёкі ў маім жыцці нешта пераменіцца. Мая справа была вынесена на апошнюю сесію суда, якая мелася скончыцца ў чэрвені. Калі працэс адкрыўся, на двары ўсё зіхцела ад сонца. Адвакат запэўніў мяне, што ўсё зойме не больш як два ці тры дні.

— Суд не будзе марудзіць з вашаю справай, — сказаў ён, — яна не сама важная ў сесіі. Адразу пасля вас будзе хлопец, які забіў свайго бацьку.

А палове восьмай раніцы па мяне прыйшлі, пасадзілі ў турэмную машыну і завезлі ў Палац правасуддзя. Два жандары правялі мяне ў невялічкі пакой, дзе пахла вільготнай цемрай. Мы селі і пачалі чакаць, з-за дзвярэй даносіліся галасы, крыкі, соўганне крэслаў, нейкая валтузня, і мне адразу падумалася пра вясковае свята, калі ў зале пасля канцэрта ўсё прыбіраюць, каб наладзіць скокі. Жандары сказалі, што трэба чакаць, калі пачнецца паседжанне, і адзін прапанаваў мне цыгарэту, але я адмовіўся. Крыху пасля той спытаў:

— Дрэйфіш?

Я адказаў — не. Мне, у пэўным сэнсе, нават цікава зірнуць на працэс. Такой магчымасці ў мяне яшчэ не было.

— Праўда, — азваўся другі жандар, — але з часам гэта пачынае абрыдаць.

Праз некаторы час у пакоі пачуўся кароткі званок. З мяне знялі кайданкі. Дзверы адчыніліся, і мяне правялі за перагародку для падсудных. Зала была набіта бітком. Скрозь захінутыя шторы сям-там прабівалася сонца, паветра было задушлівае. Шыбаў не адчынялі. Я сеў, з абодвух бакоў мяне абступілі жандары. У гэту хвіліну я заўважыў насупраць шэраг твараў. Усе яны глядзелі на мяне, і я зразумеў, што гэта прысяжныя. Па-мойму, яны нічым не адрозніваліся адзін ад аднаго. У мяне тады ўзнікла ўражанне, быццам я зайшоў у трамвай, і тыя, хто ў ім ужо ехаў, утаропіліся на новага пасажыра, нібы хацелі знайсці ў ім нешта пацешнае. Я разумею, што гэта бязглуздая думка, — яны тут шукалі не пацешнага, яны прыйшлі дзеля злачынства. Але ўсё роўна — невялікая розніца; прынамсі, мне так падумалася тады.

Мяне прыгнятала гэтае скопішча людзей у зачыненай з усіх бакоў задушлівай зале. Я паўзіраўся вакол, але не здолеў разгледзець ніводнага твару. Спачатку, відаць, да мяне яшчэ не даходзіла, што ўвесь гэты люд прыйшоў, каб убачыць мяне. Звычайна ніхто не цікавіўся маёю асобай. І мне давялося зрабіць намаганне, раней чым я ўсвядоміў, што ўся гэтая ажытацыя — праз мяне. Тады я сказаў жандару:

— Ну і народу!

Ён адказаў, што ўсё гэта з-за газет, і паказаў на гурт людзей, якія тоўпіліся вакол стала побач з лавай прысяжных.

— Вунь яны.

Я запытаўся:

— Хто?

Тады ён паўтарыў:

— Газетчыкі.

Ён ведаў аднаго журналіста, і той якраз заўважыў яго і накіраваўся да нас. Гэта быў пажылы сімпатычны чалавек з крыху маршчыністым тварам. Ён горача павітаўся з жандарам за руку. І тады я заўважыў, што ўсе вакол таксама паціскаюць адзін аднаму рукі, аклікаюць знаёмых, гутараць, — нібы ў нейкім клубе, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго і рады сустрэчы з людзьмі свайго кола. Тады я зразумеў, адкуль у мяне такое дзіўнае пачуццё, нібы я тут лішні, як чужаніца. Але журналіст усміхнуўся, павярнуўся да мяне і сказаў:

— Спадзяюся, усё для вас скончыцца добра.

Я падзякаваў, і ён сказаў зноў:

— Вы, напэўна, ведаеце — мы крыху асвяцілі вашую справу ў прэсе. Для газет лета — пусты сезон. Апроч вас ды гэтага бацьказабойцы, нічога вартага не было.

Ён паказаў на гурт людзей, ад якіх толькі што адышоў, і кіўнуў на маленькага таўстуна ў вялікіх чорных акулярах, які быў падобны да добра адкормленай ласкі.

— Гэта спецыяльны карэспандэнт адной парыжскай газеты, — паведаміў ён. — Праўда, ён прыехаў не дзеля вас. Але ўсё роўна яму рабіць справаздачу на працэс бацьказабойцы, дык яго папрасілі напісаць і пра вашу справу.

Я зноў ледзь не падзякаваў яму. Але своечасова падумаў, што гэта выглядала б смешна. Журналіст сардэчна махнуў мне рукой і адышоўся. Мы чакалі яшчэ колькі хвілін.

Увайшоў мой адвакат, ён быў у мантыі, з усіх бакоў яго абступалі калегі. Спачатку ён рушыў да журналістаў і пачаў паціскаць ім рукі. Яны жартавалі, смяяліся і мелі ўвогуле даволі вясёлы і задаволены выгляд, пакуль у судовай зале не пачуўся званок. Тады ўсе разышліся на свае месцы. Адвакат падышоў да мяне, паціснуў руку і параіў на ўсе пытанні адказваць сцісла, самому ніякай ініцыятывы не выяўляць і ў астатнім пакласціся на яго.

Я пачуў, як злева рыпнула крэсла, і, павярнуўшыся, убачыў высокага, стройнага чалавека ў чырвоным, з прышчэпленым на носе пенснэ. Ён дбайна расправіў мантыю і сеў. Гэта быў пракурор. Судовы выканаўца абвясціў:

— Суд ідзе.

І адначасова пад столлю загулі два вялізныя вентылятары, а ў дзвярах узніклі тры суддзі — два ў чорным, трэці ў чырвоным. Пад пахай у кожнага тырчала папка. Яны вельмі хутка прайшлі да трыбуны, якая ўзвышалася над усёй залай, і селі. Той, што быў у чырвонай мантыі, сеў пасярэдзіне. Ён зняў сваю квадратную шапачку і, абцершы насоўкаю вузкі голы чэрап, абвясціў, што слуханне справы адкрыта.

Журналісты ўжо трымалі ручкі напагатоў. Ва ўсіх быў аднолькавы — абыякавы і крыху кплівы выгляд. Праўда, адзін, многа маладзейшы за астатніх, у шэрым фланелевым гарнітуры і сінім гальштуку, паклаў сваю ручку на стол і пазіраў на мяне. На яго трошкі перакошаным твары я не ўбачыў нічога, апроч двух вялікіх і вельмі светлых вачэй, якія ўтаропіліся на мяне без усялякага пэўнага пачуцця. У мяне ўзнікла ўражанне, нібыта я сам гляджу на сябе. Напэўна, ад гэтага дзіўнага ўражання і ад таго, што я проста не ведаў тутэйшых звычаяў, я не зусім добра зразумеў, што адбылося пасля: лёсаваннем выбралі прысяжных, старшыня задаў некалькі пытанняў адвакату, пракурор — засядацелям (кожны раз галовы прысяжных усе разам паварочваліся да суддзяў), потым хутка прачыталі абвінаваўчы акт, у якім я пачуў знаёмыя мне назвы мясцін і імёны людзей, і задалі яшчэ некалькі пытанняў адвакату.

Нарэшце старшыня сказаў, што суд пераходзіць да допыту сведак. Судовы выканаўца пачаў называць прозвішчы, якія прыцягнулі маю ўвагу. Я ўбачыў, як з дагэтуль яшчэ безаблічнага натоўпу адзін за адным уставалі і знікалі за бакавымі дзвярыма дырэктар прытулку, брамнік, стары Томас Перэс, Раймон, Масон, Саламано, Мары. Раней як выйсці, Мары ўсхвалявана махнула мне рукой. Мяне здзіўляла, чаму я не заўважыў іх раней. І тут назвалі апошняе прозвішча, гэта быў Селест. Ён устаў, і я ўбачыў побач з ім тую маленькую жанчыну, якую сустрэў у рэстаране. Яна была ў той самай камізэльцы і, як і тады, мела падцягнуты і рашучы выгляд. Яна пільна глядзела на мяне. Але я не паспеў нічога падумаць, бо слова зноў узяў старшыня. Ён сказаў, што цяпер пачнуцца сапраўдныя спрэчкі бакоў, і таму ён лічыць залішнім прасіць публіку захоўваць спакой. Ён тут, маўляў, дзеля таго каб бесстаронна кіраваць слуханнем справы і садзейнічаць яе аб'ектыўнаму разгляду. Прысуд, вынесены прысяжнымі засядацелямі, мае быць прыняты згодна з духам правасуддзя, і таму пры сама малым інцыдэнце ён, старшыня, вымушаны будзе ачысціць залу.

Спёка павялічвалася, я бачыў, як прысутныя ў зале абмахваюцца газетамі. З усіх бакоў чуўся няспынны шолах пакамечанай паперы. Старшыня зрабіў знак судоваму выканаўцу, і той прынёс тры вееры з плеценай саломкі, якія суддзі адразу пусцілі ў ход.

Неўзабаве пачаўся мой допыт. Старшыня дапытваў мяне спакойна і нават, як мне здалося, з пэўнай сардэчнасцю. Мяне зноў папрасілі засведчыць маю асобу, і я, нягледзячы на некаторую прыкрасць, падумаў, што, урэшце, пытанне гэта даволі натуральнае, бо судзіць аднаго чалавека замест другога было б недаравальнай памылкай. Потым старшыня пачаў апавядаць пра тое, што я зрабіў, і праз кожныя тры фразы пытаўся ў мяне:

— Ці так гэта было?

Як таго раіў мне адвакат, я коратка адказваў:

— Так, пане старшыня.

Расказ цягнуўся доўга, старшыня імкнуўся не прапусціць ніякай дробязі. Журналісты ўвесь час пісалі. Я адчуваў на сабе толькі позіркі сама маладога і маленькай жанчыны, што сядзела нерухома, як аўтамат. Прысяжныя на трамвайнай лаўцы ўсе да аднаго глядзелі на старшыню. Нарэшце той кашлянуў, прагартаў яшчэ раз дасье і, абмахваючыся веерам, павярнуўся да мяне.

Ён аб'явіў, што мае задаць мне некалькі пытанняў, якія на першы погляд не тычацца дадзенай справы, але, відаць, звязаны з ёю сама непасрэдным чынам. Я зразумеў, што зараз ён зноў будзе пытацца пра маму, і мне зрабілася нудна. Ён спытаў, чаму я аддаў маму ў прытулак. Я адказаў, што ў мяне не ставала грошай, каб даглядаць яе дома. Тады ён запытаўся, ці цяжка мне асабіста было перажыць нашую ростань, і я адказаў, што апошнім часам мы з мамай ужо нічога не чакалі адно ад аднаго, як, зрэшты, і ні ад каго наогул, і таму мы хутка прызвычаіліся да новых абставін у нашым жыцці. Тады старшыня сказаў, што болей не хоча паглыбляцца ў гэтыя акалічнасці, і спытаў у пракурора, ці мае ён задаць якія іншыя пытанні.

Той павярнуўся да мяне амаль што спінай і, нават не зірнуўшы на мяне, заявіў, што з дазволу пана старшыні яму цікава было б даведацца, ці меў я намер забіць араба, калі адзін вярнуўся да крыніцы. Я сказаў:

— Не.

— Тады чаму ж ён узяў рэвальвер і навошта пайшоў менавіта на гэтае месца?

Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовіў:

— Пакуль што ў мяне ўсё.

Далей усё пайшло крыху бязладна — прынамсі, мне так здалося. Але нарэшце, параіўшыся са сваімі памочнікамі, старшыня абвясціў, што слуханне справы перапыняецца і допыт сведак пераносіцца на другую палову дня.

Я не паспеў яшчэ нічога ўразумець, як мяне вывелі з залы, пасадзілі ў машыну і завезлі ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час — якраз калі я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькі стаміўся, — па мяне прыйшлі, і ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымі самымі тварамі. Але цяпер задуха была яшчэ большая, і ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката і некаторых журналістаў нібы цудам таксама ўзніклі саламяныя вееры. Малады журналіст і жанчына-аўтамат сядзелі на ранейшых месцах. Яны не абмахваліся і толькі моўчкі глядзелі на мяне.

Я абцёр пот, які заліваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсці ў сябе і крыху агледзецца толькі тады, калі ў залу выклікалі дырэктара прытулку. У яго спыталі, ці былі ў мамы якія скаргі на мяне, і ён адказаў — былі, але ва ўсіх прытулкоўцаў гэта амаль што манія — скардзіцца на сваіх крэўных. Старшыня папрасіў удакладніць, ці папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, і дырэктар зноў сказаў, што — было. Але гэтым разам нічога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаванні яго больш за ўсё здзівіў мой спакой. Яго папрасілі растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зірнуў на свае чаравікі і сказаў, што ў той дзень я не выявіў жадання паглядзець на маму і ні разу не заплакаў, а потым — з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магілы. І яшчэ яго ўразіла, што — як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро — я нават не ведаў, колькі маме гадоў. На нейкі момант у зале запанавала цішыня, і старшыня папрасіў дырэктара пацвердзіць, што ўсё сказанае ім тычыцца менавіта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, і старшыня быў вымушаны растлумачыць:

— Гэтага патрабуе закон.

Потым старшыня запытаўся ў пракурора, ці будуць у яго якія пытанні да сведкі, але пракурор усклікнуў:

— О не! Гэтага дастаткова.

Яго твар свяціўся ад радасці, і ён кінуў на мяне такі пераможны позірк, што — упершыню за апошнія гады — у мяне ўзнікла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькі мяне ненавідзяць усе гэтыя людзі.

Старшыня папытаўся ў прысяжных і адваката, ці, можа, у іх ёсць якія пытанні да дырэктара, і потым загадаў выклікаць брамніка. З ім, як і з усімі, паўтарылася тая ж цырымонія. Брамнік увайшоў, хутка зірнуў на мяне і, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытанні. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я паліў, спаў, што я піў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацілася быццам нейкая хваля, і першы раз усвядоміў, што я — вінаваты. Брамніка папрасілі яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком і цыгарэты. Пракурор пазіраў на мяне з іранічным бляскам у вачах. Але ў гэту хвіліну адвакат запытаўся ў брамніка, ці не паліў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў і катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання:

— Нарэшце, хто тут злачынца, і што гэта за метады, якія імкнуцца адно зняславіць сведкаў абвінавачвання і прынізіць іх сведчанні, якія ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя!

Нягледзячы на гэта, старшыня папрасіў брамніка адказаць на пытанне. Стары сумеўся і прабалбатаў:

— Я разумею, што не меў рацыі. Але калі пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмеліўся яму адмовіць.

Нарэшце ў мяне спыталі, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў:

— Нічога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я.

Брамнік зірнуў на мяне крыху здзіўлена і з нейкай удзячнасцю. І пасля невялікага вагання заявіў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў і пераможна абвясціў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвіўся таксама і з гнеўным абурэннем сказаў:

— Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. І яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусіў адмовіцца ад яе перад целам той, хто спарадзіў яго на свет.

Брамнік вярнуўся на сваё месца ў зале.

Калі настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымліваць, каб падвесці да перагародкі перад суддзямі. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькі маю маці, а мяне бачыў толькі раз, у дзень пахавання. У яго запыталіся, што я рабіў у той дзень,і ён адказаў:

— Разумееце, мне ў той дзень было вельмі цяжка. І я нічога не бачыў. Я не мог нічога ўбачыць праз вялікае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялікае гора. Аднойчы я нават страціў прытомнасць. І таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана.

Тады пракурор спытаўся, ці бачыў ён, прынамсі, каб я плакаў. І Перэс адказаў — не. Пракурор павярнуўся да мяне і заявіў:

— Панове прысяжныя ацэняць гэта.

Але мой адвакат незалюбіў. Ён устаў і, як мне здалося, перабольшана абыходлівым голасам запытаўся ў Перэса, «ці бачыў ён, што я не плакаў». І Перэс сказаў:

— Не.

У зале пачуўся смяшок. І адвакат, закасаўшы адзін рукаў, катэгарычна заявіў:

— Вось вам аблічча гэтага працэсу. Усё тут праўда — і нічога не праўда!

Пракурор сядзеў пануры і моўчкі тыкаў алоўкам у вокладку на дасье.

Пасля пяціхвіліннага перапынку, за час якога адвакат паспеў мне паведаміць, што ўсё пакуль ідзе як найлепш, у залу выклікалі Селеста. Ён выступаў з боку абароны, гэта значыць — за мяне. Час ад часу ён кідаў на мяне позіркі і камячыў у руках панаму. Ён быў у сваім новым гарнітуры, які часам надзяваў у нядзелю, калі мы разам хадзілі на скачкі. Але сёння, па-мойму, ён не надзеў крухмальнага каўняра, бо пінжак, каб схаваць кашулю, быў зашпілены зверху на медны гузік. У яго папыталіся, ці быў я яго кліентам, і ён адказаў:

— Так, але, апроч таго, ён быў маім сябрам.

Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я — сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Ці заўважыў ён, што я — чалавек негаваркі? Ён толькі можа прызнаць, што я ніколі не гаварыў, каб проста мянціць языком. Пракурор запытаўся, ці спраўна я плаціў па рахунках. Селест засмяяўся і сказаў:

— Гэтыя дробязі датычацца толькі нас.

Потым у яго папыталіся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамі за перагародку, і ўсе адразу зразумелі, што ён нешта падрыхтаваў.

— Па-мойму, — сказаў ён, — гэта няшчасце. Гэта няшчасце, і ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нікому. Дык вось, па-мойму, — гэта проста няшчасце!

Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў і сказаў, што ён можа ісці. Селест крыху сумеўся і ўсё ж заявіў, што мае сказаць яшчэ некалькі слоў. Яго папрасілі быць сціслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, — гэта проста няшчасце. Старшыня перапыніў яго:

— Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы і сабраліся тут, каб разбіраць падобнага роду няшчасці. Вельмі вам удзячны.

Селест, відаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, і мне здалося, што вочы ў яго наліліся слязьмі, яго вусны дрыжалі. Усім выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыцці, калі мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся і сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схіліўшыся наперад, і, абапіраючыся локцямі на калені, камячыў у руках панаму і слухаў прамовы астатніх. Увайшла Мары. На ёй быў капялюшык, які вельмі ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калі валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккі выгін яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую ніжнюю губку. Было відаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталі, калі яна са мной пазнаёмілася. І яна назвала той час, калі працавала ў канторы. Старшыня пацікавіўся, у якіх яна са мною адносінах. І Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збіралася выйсці за мяне замуж. І тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калі пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. І пракурор нібы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамінага пахавання. Пасля, з лёгкай іроніяй, ён заявіў, што не хацеў бы настойваць на такіх далікатных абставінах і добра разумее няёмкасць, якую, відаць, адчувае Мары, але (і тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасці. Ён папрасіў, каб Мары сцісла распавяла, як прайшоў той дзень, калі я яе спазнаў. Мары не хацела нічога гаварыць, але ўсё ж саступіла настойлівасці пракурора і расказала, што спачатку мы былі на пляжы, потым хадзілі ў кіно, а пасля — пайшлі да мяне. Пракурор заявіў, што пасля паказанняў, якія Мары дала на следстве, ён пацікавіўся, што ішло ў кінатэатрах у той дзень. І дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалі. І яна, нейкім амаль зусім згаслым голасам, сказала, што гэта быў фільм з Фернандэлем. Калі яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цішыня. Пракурор вельмі велічна ўстаў і, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовіў, паказваючы на мяне пальцам:

— Вось, панове прысяжныя, чалавек, які назаўтра пасля пахавання сваёй маці ідзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь і забаўляецца, гледзячы камедыйны фільм. Больш мне няма чаго дадаць.

Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цішыня. І тут, раптам, Мары не стрымалася і зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусім не так, яе прымушалі казаць зусім не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, і я ніколі не рабіў нічога благога. Але па знаку старшыні судовы выканаўца вывеў яе з залы, і слуханне справы пайшло далей.

Наступных сведкаў амаль ніхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, які заявіў, што я чалавек сумленны, «і ён нават болей скажа — чалавек прыстойны». Так было і з Саламано, які прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, і таму я аддаў яе ў прытулак.

— Гэта ж таксама трэба разумець, — казаў Саламано, — гэта ж таксама трэба разумець.

Але, здаецца, ніхто не разумеў. Яго вывелі.

Потым настала чарга Раймона, ён быў апошні. Раймон зрабіў мне прывітальны жэст і адразу заявіў, што я невінаваты. Але старшыня перапыніў яго і сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкі, а факты. І папрасіў Раймона адказваць толькі на зададзеныя пытанні. Тады ў яго спыталі, якія сувязі ў яго былі з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявіць, што араб ненавідзеў яго — асабліва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, ці не было ў ахвяры прычын ненавідзець таксама і мяне. Раймон заявіў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў — як жа тады адбылося, што ліст, які стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напісаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявіў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гісторыі. Ці выпадкова, што я не ўмяшаўся, калі Раймон даў поўху сваёй каханцы? Ці выпадкова, што я быў яго сведкам у камісарыяце? І ці выпадкова, зноў жа, што сведчанні, як гэта было выяўлена, я даў толькі са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацікавіўся, на якія сродкі Раймон жыве, і калі той адказаў: «Працую кладаўшчыком», — пракурор павярнуўся да прысяжных і абвясціў, што — як гэта вядома ўсім — сведка займаецца сутэнёрствам! А я — яго памагаты і сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нізкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнік у ёй — сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсці ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але іх папрасілі даць пракурору кончыць.

— Мне амаль няма чаго дадаць, — сказаў той і запытаўся ў Раймона: — Ці быў ён вашым сябрам?

— Так, — адказаў ён, — ён быў маім прыяцелем.

Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зірнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.

— Так, — сказаў я.

Пракурор павярнуўся да прысяжных і абвясціў:

— Вось, гэта той самы, які назаўтра пасля пахавання сваёй маці аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забіў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гісторыі, якой нават цяжка знайсці азначэнне.

Ён сеў. Мой адвакат з нецярплівасцю ўскочыў і, узняўшы рукі да неба, так што з-пад рукавоў стала відаць накрухмаленыя манжэты белай кашулі, усклікнуў:

— Нарэшце! У чым вінавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю маці, ці ў тым, што ўчыніў забойства?

У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў і, захінуўшыся ў мантыю, заявіў, што трэба мець вялікую вынаходлівасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная і непарыўная сувязь ляжыць паміж гэтымі на першы погляд рознымі фактамі.

— Але! — голасна ўсклікнуў ён. — Я вінавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю маці з сэрцам злачынцы!

Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалі публіку. Адвакат паціснуў плячыма і выцер з ілба пот. Відаць, ён быў уражаны таксама, і я зразумеў, што справы мае ідуць кепска.

На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесці ў турэмную машыну, я на кароткі час адчуў знаёмы пах і фарбы летняга вечара. І потым, седзячы ў сутонні маёй перасоўнай камеры, я нібы праз млявую смугу пазнаваў гукі некалі блізкага мне горада, які я любіў, — тыя гукі, што заўсёды чуліся ў гэты час, калі мне здаралася быць шчаслівым. Крык прадаўцоў газет у аціхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклічы гандляроў піражкамі, трамвайны енк на крутых паваротах вуліц і шолах неба над портам, што рыхтуецца да блізкай ночы, — гэты добра вядомы мне шлях я рабіў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калі я, ужо вельмі-вельмі даўно, адчуваў сябе шчаслівым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкі сон без ніякіх мрояў. Але цяпер нешта змянілася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнім днём мяне чакала камера. І выходзіла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнім вячэрнім небе, мог весці да турмы, як раней вёў да ціхамірных сноў.

 

IV

 

Нават на лаве падсудных цікава паслухаць, што пра цябе кажуць іншыя. І магу вас запэўніць, што ў пракуроравай і адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала — бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, ці так ужо яны адрозніваліся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускідаў рукі да неба і прызнаваў мяне вінаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукі да публікі і выкрываў маю вінаватасць, але ніякіх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоіла. І нягледзячы на ўсе засцярогі, мне часам дужа карцела ўціснуць сваё слова, але ў такую хвіліну адвакат гаварыў:

— Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.

І справа абмяркоўвалася так, нібы мяне тут і не было. Без ніякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалі, не пытаючыся маёй думкі. Часам мне рупіла спыніць іх і сказаць: «Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч — быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць». Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьці ўвагу трывае не вельмі доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стаміла вельмі хутка. Уразілі і запомніліся толькі асобныя ўрыўкі, жэсты ці напышлівыя фразы, зусім, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.

Сэнс яго думкі, калі я добра зразумеў, зводзіўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсі, ён стараўся гэта давесці. Ён так і казаў:

— Я дакажу вам гэта, панове, і дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў і потым — у змрочным святле псіхалогіі гэтай злачыннай душы.

Ён сцісла яшчэ раз пералічыў усё, што адбылося пасля мамінай смерці. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькі маме гадоў, і што назаўтра хадзіў на пляж з жанчынай, а пасля — у кіно на Фернандэля, і прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра «каханку», а яна для мяне была проста — Мары. Нарэшце ён дайшоў да гісторыі з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважанні не пазбаўлены логікі. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмі верагодна. Па згодзе з Раймонам я напісаў ліст, каб завабіць яго каханку ў пастку і потым аддаць на гвалт чалавеку «сумніцельнай маралі». На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымі ворагамі і, калі той быў паранены, узяў у яго рэвальвер і вярнуўся адзін да крынічкі, каб ім скарыстацца. Там, як было задумана, я забіў араба. Потым счакаў. І «каб упэўніцца, што справа зроблена як мае быць», стрэліў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена і нават, калі так можна сказаць, з развагай.

— Вось, панове, — сказаў пракурор, — я прасачыў перад вамі хаду падзей, якія прывялі гэтага чалавека да забойства — забойства наўмыснага і свядомага. І я настойваю на гэтым. Бо перад намі не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсці нейкія апраўданні. Гэты чалавек, панове, — разумны. Вы чулі, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. І пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнічаў, не разумеючы, што ён робіць.

Я слухаў і, вядома, чуў, што мяне лічаць разумным. Але ніяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасці звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам віны падсуднага. Гэта ўразіла мяне настолькі што я нават перастаў слухаць пракурора і зноў пачуў яго словы толькі тады, калі ён сказаў:

— Але ці раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, ніколі! Ніводнага разу за ўвесь той час, пакуль ішло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабіў жахлівае злачынства.

Ён павярнуўся да мяне і, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабіраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькі ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмі раскайваўся ў сваім учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзіўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул ніколі ні ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькі тое, што яшчэ мусіла здарыцца — сёння ці заўтра. Але, вядома, у тым становішчы, у якое мяне паставілі, я не мог дазволіць сабе размаўляць з кім-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць ці быць добразычлівым. І я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу.

Ён сказаў, што паспрабаваў зазірнуць у яе, але на жаль — панове прысяжныя! — ён яе не знайшоў. У сапраўднасці ў мяне наогул няма душы і нішто чалавечае, ніякія маральныя прынцыпы, якія абараняюць людскія душы ад ліха, мне не даступныя.

— Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта, — дадаў ён. — Калі ў яго няма душы, нам застаецца толькі пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павінен адкінуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставінах, і абярнуць яе ў іншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але і болей высокую — правасуддзе. Тым больш калі пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагібеллю ўсяму чалавецтву.

І тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносіны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апісваў гэта намнога падрабязней і даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць і адчуваў толькі задушлівую ранішнюю спёку. Так было, прынамсі, да той хвіліны, калі пракурор раптам спыніўся і пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо ціхім і пранікнёным голасам:

— Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе разбіраць сама агіднае з усіх злачынстваў — бацьказабойства.

Ён заявіў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такім пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлітасна пакарае злачынцу. Але — ён не баіцца гэтага сказаць — жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, які ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, які маральна забіў сваю маці, настолькі ж чужы грамадству, як той, што ўзнімае руку на свайго бацьку. Ва ўсякім выпадку, першы прадвызначыў учынкі другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднікам і ўзаконіў яго злачынства.

— Я ўпэўнены, панове, — дадаў ён, павысіўшы голас, — вы не палічыце маю думку занадта смелай, калі я скажу, што гэты чалавек, які сядзіць перад намі, вінаваты і ў тым забойстве, якое мы будзем судзіць заўтра. І таму ён мусіць быць пакараны.

Тут пракурор выцер твар, які ўжо ўвесь блішчаў ад поту. І нарэшце прамовіў: які б ні быў цяжкі яго абавязак, ён выканае яго цвёрда і без ваганняў. Ён заявіў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я ігнарую, і я не маю права чакаць літасці ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскія пачуцці.

— Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, — заявіў ён, — і раблю гэта з лёгкім сэрцам. Бо нават калі мне за ўвесь той доўгі час, што я служыў правасуддзю, і даводзілася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ ніколі я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкі абавязак абумоўлены, падмацаваны і асвечаны непазбежнаю і ўладнай неабходнасцю і тым жахам, які выклікае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.

Калі пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цішыня. Мае думкі зблыталіся ад спёкі і здзіўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся і ціха спытаўся, ці ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, і я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву, — я зусім не хацеў забіваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сістэму, але цяпер будзе рады, калі я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якія прычыны прывялі мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах і разумеючы, наколькі ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачуліся смяшкі. Мой адвакат паціснуў плячыма, але яму якраз далі слова. Ён заявіў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькі гадзін, і таму ён просіць перанесці паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзіўся.

Пасля абедзеннага перапынку вялізныя вентылятары па-ранейшаму мясілі густое паветра ў зале і зноў, як заведзеныя, варушыліся ў руках у прысяжных маленькія шматкаляровыя веярочкі, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, ніколі не кончыцца. Але ў нейкі момант я напружыў слых, бо ён сказаў:

— Напраўду, я забіў.

І далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў «я». Мяне гэта здзівіла. Я нахіліўся да жандара і спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:

— Адвакаты заўсёды так робяць.

І мне падумалася, што гэта — зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддаліць мяне ад справы, зусім ператварыць у нішто і нават, у пэўным сэнсе, замяніць мяне іншым. Зрэшты, я быў і так ужо вельмі далёка ад гэтае залы. І мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмі хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэліў у араба, каб абараніцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля — вельмі доўга таксама гаварыў пра маю душу. І мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.

— Я таксама зазірнуў у гэту душу, — сказаў ён, — але насуперак шаноўнаму прадстаўніку пракуратуры, я многа знайшоў там і магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнізе.

Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны і адданы сваёй фірме працаўнік, чалавек усімі паважаны, які са спагадаю ставіцца да няшчасця іншых. На яго думку, я быў узорны сын, які ўтрымліваў сваю маці, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якім мне дазвалялі акружыць яе мае невялікія сродкі.

— Мяне здзіўляе, панове, — сказаў ён, — што вакол гэтага прытулку падняўся такі шум. Бо калі трэба знайсці нейкі доказ у неабходнасці падобных устаноў і ў іх высокім прызначэнні, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на іх выдаткуе сама дзяржава.

Аднак ён нічога не сказаў пра пахаванне, і я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсіх гэтых доўгіх фраз, бясконцых дзён і незлічоных гадзін, калі ўсе гаварылі пра маю душу, у мяне ўжо круцілася ў галаве, нібы я глядзеў у глыбокі вір з каламутнай вадой.

Памятаю толькі, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены і дзверы, праз усе пакоі і залы да мяне даляцеў гук дудкі, якой вулічны гандляр марожаным зазываў пакупнікоў. І раптам мяне апанавалі ўспаміны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзіў сама простыя і сама незабыўныя свае радасці: летнія пахі, мой любімы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкі і сукенкі Мары. Уся бязглуздзіца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкаціла да горла, і я захацеў толькі аднаго — каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасці на ложак і заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерці сумленнага працаўніка, які загубіў сябе ў хвіліну раптоўнага зацьмення, і папрасіў прыняць пад увагу змякчальныя акалічнасці, бо я ўжо ўсвядоміў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцілі перапынак, і адвакат упаў на крэсла, нібы ў яго зусім ужо не ставала сілы. З усіх бакоў да яго падбеглі калегі, кожны імкнуўся паціснуць руку. Я пачуў: «Цудоўна, мой дарагі, проста цудоўна!» Адзін нават узяў мяне ў сведкі: «Выдатная прамова, га?» Я кіўнуў, але ў маім ухваленні не было шчырасці, проста я вельмі стаміўся.

Між тым на дварэ пачынала шарэць, і спёка ўжо меншала. Па гуках, якія даляталі з вуліцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалі. Але тое, чаго чакалі мы ўсе, датычылася толькі мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як і ў першы дзень. Я сустрэўся позіркам з маладым журналістам у шэрым пінжаку і з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. І тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьці ні разу не пастараўся знайсці ў зале Мары. Я зусім забыўся пра яе, але ж я быў такі заняты. Я адшукаў яе паміж Селестам і Раймонам. І яна адразу кіўнула, нібыта кажучы: «Нарэшце!» Я ўбачыў яе крыху трывожны твар і ўсмешку. Але ў сэрцы маім усё было сцята, і я нават не здолеў усміхнуцца ў адказ.

Вярнуліся суддзі. Вельмі хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: «вінаваты ў забойстве...», «наўмысна...», «змякчальныя акалічнасці». Потым прысяжныя выйшлі, і мяне завялі ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмі гаваркі і размаўляў са мною даверліва і нават сардэчна, чаго раней ад яго я ніколі не чуў. Ён меркаваў, што ўсё ідзе добра, і я, відаць, абыдуся некалькімі гадамі турмы або катаргі. Я запытаўся, ці можна падаць на касацыю, калі прыгавор будзе нешчаслівы. Але ён сказаў — не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць ніякіх пэўных прапаноў і тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такіх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкіх дробязяў гэтага рабіць не стануць. Я палічыў, што гэта натуральна, і цалкам пагадзіўся з яго думкаю. Бо калі на справу зірнуць цвяроза, іначай і быць не павінна. Гэта колькі б звялі паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд.

— Ва ўсякім выпадку, — сказаў адвакат, — можна падаць просьбу на памілаванне. Але я ўпэўнены, што ўсё для вас скончыцца шчасліва.

Чакалі мы доўга, хвілін, мусіць, сорак пяць. Але нарэшце пачуўся званок. Перад тым, як пакінуць мяне, адвакат сказаў:

— Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькі, каб абвясціць прысуд.

З усіх бакоў заляскалі дзверы. Людзі пабеглі па лесвіцах, было незразумела — ці то далёка, ці блізка? Потым з залы даляцеў глухі голас, які нешта чытаў. І калі зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчыніліся і мяне ўразіла цішыня, што панавала ў зале, цішыня і гэтае дзіўнае пачуццё, якое ўзнікла адразу, як я заўважыў, што малады журналіст адвёў вочы ўбок. Я не зірнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкіх дзіўных выразах абвясціў, што ад імя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публічна, на гарадской плошчы. І тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбіта на ўсіх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагі. Жандары сталі са мной вельмі абыходлівыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. І ўсе думкі вылецелі з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, ці ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. І сказаў:

— Не.

І тады мяне вывелі з залы.

 

V

 

Я трэці раз адмовіўся прыняць свяшчэнніка. Мне няма чаго яму сказаць, і наогул — не хочацца гаварыць, бо я і так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цікавіць іншае — ці можна вырвацца з гэтай машыны, ці ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становішча. Мяне перавялі ў іншую камеру. І цяпер, калі я ляжу на ложку, я бачу неба, толькі неба. І цэлымі днямі гляджу ў яго твар і назіраю за зменаю фарбаў, якія вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукі, і чакаю. Не ведаю, колькі разоў я задаваў сабе пытанне, ці былі выпадкі, каб асуджаны на смерць здолеў унікнуць гэтай бязлітаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь паліцэйскія заслоны. І я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагі на тыя апавяданні, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такімі пытаннямі заўсёды трэба цікавіцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыцці. Вядома, як і ўсе, я чытаў у газетах судовую кроніку. Але ж ёсць, безумоўна, і спецыяльныя выданні, пацікавіцца якімі я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апісанне ўцёкаў. І напэўна б, даведаўся, што хоць адзін раз, ды быў такі выпадак, каб у гільяціне нешта заклінавала, што хоць адзін раз шанц і выпадак усё ж здолелі нешта змяніць у гэтым няўхільным і наканаваным руху. Хоць адзін раз! Па-мойму, мне і гэтага было б досыць. Рэшту зрабілі б маё ўяўленне і сэрца. У газетах часта пісалі пра нейкі доўг, які злачынца нібыта вінен грамадству. І на іх думку, яго трэба было плаціць. Але што гэта дае ўяўленню? Іншая рэч — магчымасць уцячы, унікнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду і бегчы, бегчы без памяці насустрач надзеі і ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея — на ўсім бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вуліцы. Аднак, калі добра падумаць, нішто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне.

Каб я нават вельмі захацеў, я не мог пагадзіцца з такою наглаю непазбежнасцю. Бо паміж прысудам, які яе заснаваў, і тым спакоем, з якім разгортваліся падзеі пасля яго вынясення, існавала да смешнага недарэчная неадпаведнасць. Тое, што прыгавор быў прачытаны а восьмай, а не, скажам, а пятай гадзіне, тое, што ён мог быць зусім іншы, што прынялі яго людзі, у якіх сем пятніц на тыдні, што да яго прычапілі чамусьці такое расплывістае паняцце, як французскі народ (хоць з такім самым поспехам тут можна было гаварыць і пра народ нямецкі або кітайскі), — усё гэта, па-мойму, у значнай ступені пазбаўляла сур'ёзнасці падобнае рашэнне. Аднак я мусіў прызнаць, што з той секунды, калі яно было прынята, яго вынікі рабіліся настолькі ж безумоўнымі і адчувальнымі, як наяўнасць гэтай сцяны, да якой я цяпер прыціскаўся спінаю.

У гэтыя хвіліны я прыгадваў гісторыю пра майго бацьку, якую расказвала мне мама. Сам я ніколі не бачыў яго. І ўсё, што больш-менш дакладна ведаў пра гэтага чалавека, было тое, што мне расказвала тады мама: аднойчы ён хадзіў глядзець на пакаранне нейкага забойцы. Яму рабілася млосна ад адной думкі, што ён пойдзе туды. І ўсё ж ён пайшоў, а калі вярнуўся дахаты — ванітаваў амаль усю раніцу. Тады мне было крыху прыкра за такога бацьку. Але цяпер я разумеў яго — гэта ж было так натуральна. Як жа я мог не бачыць, што няма нічога больш важнага за смяротную кару і што, увогуле, гэта адзінае, на што чалавеку сапраўды цікава паглядзець! Калі мне пашчасціць выйсці з гэтай турмы, я буду хадзіць на ўсе публічныя пакаранні. Але мне, вядома ж, не варта было думаць пра такую магчымасць. Бо тады, ад адной толькі думкі, што я, вольны, буду стаяць на світанку за паліцэйскім заслонам — па іншы бок, калі так можна сказаць, — і глядзець на ўсё як просты глядач, які пасля мае права званітаваць ад убачанага, — ад адной такой думкі радасць горкаю хваляй залівала мне сэрца. А гэта было неразумна. Мне не варта было паддавацца такім летуценням, бо ўжо праз хвіліну мне рабілася настолькі холадна, што я ўвесь скурчваўся пад коўдрай. І кляцаў зубамі, не маючы сілы стрымацца.

Але ж вядома, што быць заўсёды разумным немагчыма. Вось і я — пачынаў часам складаць свае праекты законаў. Рэфармаваў крымінальны статут. Я раней яшчэ заўважыў, што сама галоўнае тут — пакінуць асуджанаму хоць адзін шанц на ратунак. Адзін з тысячы, яго было б дастаткова, каб уладкаваць вельмі многае. Напрыклад, можна было б знайсці такое хімічнае спалучэнне, якое забівала б пацыента (гэта я так казаў у думках: «пацыента») у дзевяці выпадках з дзесяці. І пацыент бы пра гэта ведаў — такая была б умова. Бо калі добра ўсё ўзважыць і зірнуць на справу спакойна, дык сама галоўная загана гільяніцы якраз у тым, што яна не пакідае ніякага шанцу, абсалютна ніякага. Карацей кажучы, яна гарантуе смерць пацыенту на ўсе сто адсоткаў. Справа тут вырашаная, ніякіх варыянтаў быць не можа, і ўсё адладжана настолькі, што ўжо і думаць няма пра што. І нават калі першы раз нейкім цудам штосьці выйдзе няўдала — нічога, паўтораць. Адсюль, як гэта ні сумна, вынікае, што асуджаны сам павінен спадзявацца на добрае функцыянаванне машыны. І гэта, як я ўжо казаў, — галоўная яе загана. Але так яно справядліва толькі з аднаго боку. Бо з іншага, мушу прызнаць, якраз тут і тоіцца сакрэт добрай арганізацыі пакарання. Асуджаны сам сваімі паводзінамі мусіць садзейнічаць яго дакладнаму выкананню. Бо менавіта ён зацікаўлены больш за ўсіх, каб справа была зроблена, як той казаў, без задзірынкі.

Апроч таго, я мусіў прызнаць, што меў даволі памылковыя ўяўленні пра тое, што звязана з пакараннем. Я доўга меркаваў — ужо сам не ведаю чаму, — што калі ідзеш на гільяніцу, трэба ўзыходзіць на эшафот, падымацца па прыступках. Відаць, гэта было пад уплывам рэвалюцыі 1789 года — я маю на ўвазе, пад уплывам таго, што нам пра яе расказвалі і паказвалі на карцінках. Але аднойчы ўранку я прыгадаў фатаграфію, якую бачыў у газетах, калі паўсюль пісалася пра адно вельмі нашумелае забойства і пакаранне злачынцы. Дык вось — гільяціна стаяла проста на зямлі (прасцей, сапраўды, бадай што не прыдумаеш) і была намнога меншая, чым я сабе ўяўляў. Дзіўна, чаму я не прыгадваў пра гэта раней. Бо тады, памятаю, мяне вельмі ўразіў яе выгляд — такі дасканалы, закончаны, нічога лішняга. Звычайна, калі чаго-небудзь не ведаеш, у думках заўсёды пачынаеш перабольшваць. А на справе ўсё наадварот выходзіць вельмі проста, так і тут: прылада ставілася якраз на адным узроўні з чалавекам. І ён падыходзіў да яе, ну, зусім так, нібы ішоў насустрач знаёмаму. Па-мойму, гэта было надта ўжо сумна. Іншая справа, калі ўзыходзіш на эшафот, уздымаешся ў неба, — тут ёсць за што ўчапіцца ўяўленню. А ў нашым выпадку адладжаная механіка ўсё толькі псавала: вас забівалі неяк вельмі ўжо сціпла, нават крыху сарамліва, але затое з вялікай дакладнасцю.

Было яшчэ дзве рэчы, пра якія я ўвесь час думаў: гэта — світанак і просьба пра памілаванне. Я, праўда, стараўся быць болей разумным і не думаць пра гэта. Выпростваўся на ложку, глядзеў на неба, прымушаў сябе назіраць за яго фарбамі. Але вось яно зелянела, і наставаў вечар. Мне зноў даводзілася рабіць над сабой намаганне, каб збіць хаду думак. Я прыслухоўваўся да пульсавання сэрца. Немажліва было ўявіць, што гэты гук, які так доўга суправаджаў маё быццё, раптам можа спыніцца. Але ў мяне ніколі не было сапраўднага ўяўлення. Колькі я ні стараўся ўбачыць у думках тую секунду, калі ўдар сэрца ўжо не азавецца ў маёй галаве, — усё было дарэмна. Я не мог пазбавіцца ад думкі пра світанак і пра памілаванне. І нарэшце вырашыў, што разумней за ўсё будзе сябе не прымушаць.

Звычайна яны прыходзяць на світанні, я гэта ведаў. І кожную ноч, увогуле, толькі тым і займаўся, што чакаў гэтага світання. Бо я ніколі не любіў, каб мяне заставалі знянацку. Калі ўжо нешта павінна адбыцца, дык лепей, па-мойму, быць да яго заўсёды гатовым. Нарэшце, я амаль перастаў спаць, драмаў хіба што крыху ўдзень, а ўсе ночы напралёт цярпліва чакаў, калі ў небе за кратамі пачне займацца на дзень. Сама цяжкае было перажыць той трывожны час, калі яны звычайна рабілі сваю справу. Ужо ад паўночы я пачынаў прыслухоўвацца і чакаў. Ніколі яшчэ мой слых не ўчуваў столькіх размаітых гукаў, столькіх ледзь прыкметных шолахаў. Зрэшты, мне, у пэўным сэнсе, шанцавала, бо за ўвесь гэты час я ні разу не пачуў чыіх-небудзь крокаў. Мама часта казала, што чалавек ніколі не бывае безвыходна няшчасны. І я знаходзіў гэтаму доказ у турме, калі неба пачынала святлець і першыя промні праціскаліся ў камеру. Бо ўсё магло быць іначай — я мог бы пачуць грукат крокаў, і маё сэрца раздзерлася б на кавалкі. Але нават тады, калі сама нязначны шоргат прымушаў мяне кідацца да дзвярэй, калі я стаяў, прыпаўшы да іх шчакой, і з жахам прыслухоўваўся, пакуль не адчуваў ужо нічога, апроч уласнага дыхання, якое палохала мяне сваёй сіпатой, падобнай да сабачага скавытання, нават тады — маё сэрца ўсё ж не раздзіралася і я выйграваў яшчэ дваццаць чатыры гадзіны на жыццё.

Цэлы дзень мае думкі круціліся вакол просьбы пра памілаванне. Але, па-мойму, яны прыносілі мне якраз найбольшую карысць. Я прыкідаў, якімі могуць быць вынікі, і ў сваіх разважаннях знаходзіў найбольшае суцяшэнне. Спачатку я дапускаў сама горшае: просьба адхілена. «Што ж, значыць, я памру». Раней за іншых, што само сабой зразумела. Але ні для каго не сакрэт, што жыццё зусім не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасці, вялікай розніцы няма, калі ты памрэш — у трыццаць гадоў ці ў семдзесят, — усё роўна пасля цябе застануцца жыць іншыя людзі, бо так яно заўсёды было і будзе яшчэ не адну тысячу год. Тут, увогуле, усё ясна. І калі б ты ні памёр, цяпер ці праз дваццаць гадоў, паміраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага ніхто не зробіць. Адзінае, што мяне яшчэ крыху бянтэжыла ў маіх разважаннях — гэта нейкі незразумелы штуршок, які я адчуваў у сэрцы ад адной толькі думкі пра магчымасць пражыць яшчэ дваццаць гадоў. Такое пачуццё трэба было неяк заглушаць, і тады я казаў сабе, што яшчэ невядома, якія ў мяне будуць думкі праз тыя дваццаць гадоў, калі ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да гэтага самага пытання. А калі паміраць усё роўна прыйдзецца, дык як і калі гэта здарыцца — не мае, што само сабой зразумела, ніякага значэння. А значыць (і сама цяжкае было не забыцца, адкуль гэтае «значыць» вынікае), значыць, я павінен пагадзіцца з тым, што маю просьбу пра памілаванне адхіляць.

І вось цяпер — і толькі цяпер — я, калі так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусціць другую гіпотэзу: мяне памілавалі. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, які бударажыў мне кроў, працінаў усё цела, засцілаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцішыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гіпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо іначай было б незразумела маё пакорлівае прыняцце першай. І калі гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзіну спакою. Гэта, між іншым, таксама нешта значыла.

Якраз у адзін такі момант я чарговы раз адмовіўся прыняць свяшчэнніка. Я ляжаў на ложку і па бляклай сіні ў небе здагадваўся, што за акном настае летні вечар. Толькі што я ў думках адхіліў сваю просьбу і цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маіх жылах кроў. У мяне зусім не было патрэбы бачыць свяшчэнніка.

Упершыню за многія апошнія дні я ўспомніў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пісала. І ў той вечар я падумаў і сказаў сабе, што яна, відаць, стамілася быць каханкай асуджанага на смерць. Мне падумалася таксама, што яна магла захварэць ці памерці. Гэта ж было верагодна. І я не мог бы даведацца пра гэта, бо па-за абалонкаю нашых разлучаных цел нас цяпер не звязвала нічога, нішто не нагадвала нам пра існаванне кожнага з нас. Зрэшты, калі б Мары памерла, успамін пра яе не ўзбудзіў бы ўва мне ніякіх пачуццяў. Мёртвая, яна мяне не цікавіла. Я лічыў гэта нармальным, як і цудоўна разумеў, што пасля маёй смерці на мяне ўсе забудуцца таксама. Нікому да мяне ўжо не будзе ніякай справы. І я не магу нават сказаць, каб гэтая думка была мне цяжкая.

Якраз у гэты момант зайшоў свяшчэннік. Я крыху ўздрыгнуў, калі ўбачыў яго. І ён, заўважыўшы гэта, папрасіў мяне не палохацца. Я сказаў, што звычайна ён прыходзіў у іншы час. Ён адказаў, што зайшоў да мяне проста так, па-сяброўску, і гэта зусім не звязана з маёю просьбаю пра памілаванне, бо пра яе пакуль што яму нічога не вядома. Ён усеўся на маім ложку і запрасіў мяне сесці побач. Я адмовіўся. Але выгляд у яго быў, па-мойму, вельмі лагодны.

Нейкі час ён сядзеў, абапершыся локцямі на калені, і, панурыўшы галаву, глядзеў на свае рукі. Яны былі вузкія і моцныя і нагадвалі мне двух спрытных звяркоў. Ён паволі пацёр іх адну аб адну і зноў знерухомеў. Ён так доўга сядзеў у гэтай паставе, што я, па-мойму, на нейкую хвіліну нават забыўся пра яго.

Але раптам ён ускінуў галаву і зірнуў мне ў твар.

— Чаму вы адмаўляецеся ад сустрэчы са мною? — сказаў ён.

Я адказаў, што не веру ў Бога. І тады ён пацікавіўся, ці цвёрда я ў гэтым упэўнены. Я адказаў, што лічу залішнім задаваць сабе такое пытанне — па-мойму, яно не мае ніякага значэння. Ён адкінуўся назад і, абапершыся спінаю аб сцяну, паклаў рукі на сцёгны. Потым, быццам звяртаючыся не да мяне, ён сказаў, што людзі часта мяркуюць, нібы яны ўпэўнены ў нечым, а на справе ўсё аказваецца іначай. Я маўчаў. Ён зірнуў на мяне і спытаўся:

— Што вы думаеце пра гэта?

Я адказаў, што, можа, яно і так. Ва ўсякім выпадку я не заўсёды магу з упэўненасцю сказаць, што менавіта мяне цікавіць, але ў тым, што мяне не цікавіць, я ўпэўнены абсалютна. Дык вось — тое, пра што ён кажа, мяне зусім не цікавіць.

Ён адвёў вочы і, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, ці не кажу я так ад вялікай роспачы. Я растлумачыў, што ніякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, і гэта ў маім становішчы абсалютна натуральна.

— Бог дапаможа вам, — азваўся ён. — Я ведаю, усе, хто быў у вашым становішчы, вярталіся да яго.

Я пагадзіўся — гэта было іх права. Ці, можа, у іх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалі, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цікавіцца тым, што мяне не цікавіць.

Яго рукі нервова варухнуліся, але ён выпрастаўся і пачаў распраўляць на сутане складкі. Потым загаварыў і назваў мяне чамусьці «мой дружа»: ён гаворыць са мною пра Бога зусім не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапыніў, я сказаў, што гэта зусім не адно і тое ж, і ва ўсякім выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем.

— Вядома, — пагадзіўся ён. — Але нават калі вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерці — пазней. І тады зноў перад вамі паўстане тое ж пытанне. З якімі пачуццямі вы сустрэнеце тады гэты пачварны іспыт?

Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такімі ж пачуццямі, з якімі сустракаю цяпер.

Пачуўшы гэта, ён устаў і зірнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзілася забаўляцца ёю з Эманюэлем і Селестам, і звычайна яны першыя адводзілі вочы. Але свяшчэннік быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не міргалі. І голас не задрыжаў, калі ён прамовіў:

— Няўжо ў вас няма ніякай надзеі, і вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь?

— Так, — сказаў я.

Ён зноў панурыў галаву і сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся і падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, і не вельмі прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён ізноў пачаў задаваць мне нейкія пытанні. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, і пачаў слухаць уважлівей.

Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, і я мушу пазбавіцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд — нішто, а суд божы — усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннік адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькі давялі, што я вінаваты. Я вінаваты, і я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нічога. Тут ён зноў устаў, і мне падумалася, што камера, відаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькі сесці ці ўстаць.

Я стаяў, утаропіўшы вочы ў падлогу. Ён ступіў да мяне адзін крок і спыніўся, нібы не адважваўся падысці бліжэй. Ён пазіраў на неба за кратамі.

— Вы памыляецеся, сыне мой, — сказаў ён. — Ад вас маглі б патрабаваць і большага. І можа быць, яшчэ запатрабуюць.

— Цікава, чаго ж гэта?

— Ад вас маглі б патрабаваць, каб вы ўбачылі.

— Убачыў? Што?

Свяшчэннік азірнуўся вакол і адказаў з нейкаю нечаканай і вялікаю стомай:

— Я ведаю, гэтыя муры сплываюць болем. І я ніколі не мог глядзець на іх без пакутлівай скрухі. Але я знаю, я адчуваю ўсім сэрцам, што нават сама нікчэмныя сярод вас бачылі, як з глыбіні гэтага сутоння на іх пазіраў божы твар. І ад вас патрабуюць гэтага, вы павінны ўбачыць гэты твар.

Гэта мяне крыху ажывіла. Я сказаў, што ўжо многія месяцы гляджу на гэтыя камяні. Ва ўсім свеце няма нічога і нікога мне болей вядомага. І, мабыць, колісь, вельмі даўно, я сапраўды шукаў тут нечый твар. Але то быў твар, поўны сонечнага ззяння і палымянага жадання — то быў твар Мары. Я марна шукаў яго. Цяпер з гэтым кончана. Але што б там ні было, чым бы ні сплывалі гэтыя камяні, я ніколі не бачыў, каб з іх нешта ўзнікала.

Свяшчэннік зірнуў на мяне з нейкім смуткам. Я стаяў, ужо цалкам прытуліўшыся спінаю да сцяны, і святло мне лілося на лоб. Свяшчэннік прамовіў некалькі слоў, але я не пачуў, і потым, вельмі хутка, ён запытаўся, ці можна яму мяне абняць. Я адказаў:

— Не.

Ён адвярнуўся, падышоў да сцяны і паволі правёў па ёй рукою.

— Няўжо вы так любіце гэту зямлю? — амаль шэптам сказаў ён.

Я не адказаў.

Даволі доўга ён стаяў, павярнуўшыся да мяне спінай. Мне было цяжка адчуваць яго прысутнасць, яна раздражняла мяне. Я ўжо збіраўся сказаць, каб ён пакінуў мяне, каб ён куды-небудзь пайшоў, калі ён раптам павярнуўся і амаль з надрывам ускрыкнуў:

— Не, я не магу даць вам веры! Я ўпэўнены, што вам даводзілася хацець, каб існавала нейкае другое, іншае жыццё.

Я адказаў, што гэта натуральнае жаданне, але ў ім не болей сэнсу як у марах, напрыклад, нечакана ўзбагаціцца, ці навучыцца вельмі хутка плаваць, ці раптам займець болей прыгожы рот. Усё гэта летуценні аднолькавага парадку. Але ён перапыніў мяне і папытаўся, якім жа я ўяўляю сабе гэтае іншае жыццё. Тут я ўжо закрычаў:

— Я ўяўляю яго такім, каб у ім можна было ўспамінаць пра жыццё цяперашняе!

І потым я сказаў, што з мяне досыць, мне абрыдлі ўсе гэтыя размовы. Ён захацеў зноў загаварыць са мною пра Бога, але я рушыў да яго і апошні раз пастараўся растлумачыць, што ў мяне застаецца занадта мала часу і я не хачу траціць яго на нейкага бога. Ён паспрабаваў перамяніць тэму і запытаўся, чаму я называю яго «пане», а не «айцец мой». Гэта мяне вывела з сябе, я сказаў, што ён мне ніякі не айцец і не бацька, і што ён наогул з іншага лагера, а не са мной.

— Не, сыне мой, — сказаў ён і паклаў мне руку на плячо, — я з вамі. Але вы не бачыце гэтага, бо ў вас сляпое сэрца. Я буду маліцца за вас.

І тады, сам не ведаю чаму, нешта абарвалося ўва мне. Я закрычаў на ўсё горла, я пачаў яго абражаць, я патрабаваў, каб ён не смеў за мяне маліцца. Я ўхапіў яго за каўнер доўгай папоўскай сутаны і з нейкім блытаным пачуццём радасці і гневу пачаў выліваць на яго ўсё, што назбіралася ў маёй душы. У яго такі ўпэўнены выгляд! Ён такі ўпэўнены ў тым, пра што кажа! Але нішто, нішто з таго, у чым ён гэтак упэўнены, не варта адзінага жаночага воласа. Ды ён не можа нават пераканана сказаць, што тое, як ён жыве, ёсць жыццё, бо ён жыве як мярцвяк, як труп. Вось у мяне, здаецца, нічога няма за душой. Але я ўпэўнены ў сабе, упэўнены ва ўсім, упэўнены больш за яго, я ўпэўнены ў сваім жыцці і ў сваёй смерці, якая ўжо хутка прыйдзе па мяне. Так, апроч гэтага, у мяне больш нічога няма. Але я, прынамсі, усведамляю гэтую ісціну і не ўнікаю яе. І я меў рацыю, і цяпер маю рацыю, і праўда заўсёды са мной. Я жыў так, а не іначай, хоць мог бы жыць і іначай. І рабіў тое, і не рабіў гэтага. І рабіў так, але не рабіў гэтак. Ну і што з таго? Я нібы ўвесь час чакаў гэтай хвіліны і гэтага золкага ранку, калі майму жыццю нарэшце знойдзецца апраўданне. Нішто, нішто не мае значэння, і мне добра вядома чаму. І яму гэта таксама добра вядома. Скрозь усё маё бязглуздае жыццё, праз бясконцую чараду яшчэ не пражытых дзён да мяне з непраглядных глыбінь маёй будучыні падымаўся няясны і цьмяны подых, гэты подых усё раўнаваў на сваім шляху, ён пазбаўляў сэнсу ўсё, наканаванае мне праз гады, такія ж нерэальныя, як і тыя, што я пражыў. Што мне да смерці іншых, што мне да матчынай любові, да ягонага бога, да жыцця і лёсу, які людзі нібыта самі сабе выбіраюць, калі ёсць толькі адзін лёс, адзін, і ён сам абірае мяне і, разам са мною, мільярды іншых выбраннікаў, якія называюць сябе, як і ён, маімі братамі. Ці разумее ён гэта нарэшце? Усе вакол — выбраннікі. Няма нікога, каго б не абраў гэты лёс. І ўсіх аднойчы чакае прысуд. Усіх! І яго таксама чакае. Якая розніца, што яго будуць судзіць за забойства, а пакараюць за тое, што ён не плакаў на матчыным пахаванні? Ці ж мае гэта значэнне? Старому Саламано сабака быў не менш дарагі, чым жонка. І тая жанчына, што сядзела ў зале як аўтамат, была настолькі ж ва ўсім вінаватая, як і парыжанка, з якой ажаніўся Масон, ці як Мары, якая хацела, каб з ёй ажаніўся я. Ці ж мае значэнне, што Раймон такі самы мой прыяцель, як Селест, хоць Селест сто разоў лепшы за яго? Ці мае значэнне, што сёння Мары падстаўляе свой рот нейкаму новаму Мёрсо? Ці разумее нарэшце ён, гэты асуджаны, што з непраглядных глыбінь маёй будучыні... Я задыхаўся ад крыку. Але наглядчыкі ўжо вырывалі свяшчэнніка з маіх рук і прыстрашалі мяне. Свяшчэннік, аднак, супакоіў іх. Нейкую хвіліну ён моўчкі глядзеў на мяне. Яго вочы былі поўныя слёз. Ён адвярнуўся і выйшаў.

Калі ён знік, да мяне зноў вярнуўся спакой. У страшэннай знямозе я паваліўся на ложак. Па-мойму, я заснуў, бо, калі ачуўся, у твар мне глядзелі зоры. Да мяне даляталі ціхія вясковыя гукі. Пахі зямлі, солі і ночы асвяжалі мне скроні. Цудоўны спакой закалыханага летняга змроку хваляю, нібы прыліў, напаўняў мае грудзі. І ў гэту хвіліну з начнога прадоння над портам завылі сірэны. Яны абвяшчалі, што караблі адплываюць у далёкі свет, які цяпер назаўжды ўжо страціў для мяне значэнне. Упершыню за многія дні я падумаў пра маму. Мне здалося, што я разумею, чаму перад смерцю яна гуляла, нібы зноў пачынае жыццё, і чаму завяла «жаніха». Бо і там, у гэтым прытулку, дзе згасае жыццё, вечар нагадвае кароткі і сумны спачын. У самым канцы жыцця мама мусіла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго і гатоваю перажыць усё зноў. Ніхто, ніхто не меў права плакаць над ёю. І цяпер я таксама, як і яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нібы гэты нядаўні гнеў ачысціў мяне ад злосці і пазбавіў астатніх надзей, я зірнуў у начное неба, усеянае зорнымі знакамі, і першы раз расчыніў душу насустрач пяшчотнай абыякавасці свету. І адчуўшы, наколькі ён падобны да мяне, наколькі ён мне па-брацку блізкі нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчаслівы і застаюся шчаслівы цяпер. І каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакарання было шмат гледачоў і каб яны сустрэлі мяне ровам нянавісці.

 

Канец


Пераклад: Зьміцер Колас