epub
 
падключыць
слоўнікі

Альбэр Камю

Ёна, або Мастак за працай

Кіньце мяне ў мора... бо я ведаю, што праз

мяне спасцігла вас гэта вялікая ветраніца.

Ёна, 1, 12.

 

Мастак Жыльбэр Ёна верыў у сваю зорку. Зрэшты, апроч яе, ён больш не верыў ні ў што, хоць і ставіўся з павагай і нават некаторым пакланеннем да вераванняў іншых. Аднак і яго вера была не без добрага зерня, бо дапускала невыразную здагадку, што ўсё, чым надзяляе яго лёс, даецца яму без ніякай заслугі. І таму, калі ва ўзросце амаль трыццаці пяці гадоў ён заўважыў, што за гонар быць першым, хто выявіў яго талент, раптам пачаў спрачацца добры дзесятак крытыкаў, гэта яго зусім не здзівіла. Такі спакой некаторыя прыпісвалі яго самадзейнасці, а ён — наадварот, тлумачыўся даверлівай сціпласцю і прастатой. Ёна шанаваў сваю зорку больш, як свае заслугі.

Крыху большым было яго здзіўленне, калі нейкі гандляр карцінамі прапанаваў яму сталы месячны заробак, які вызваляў бы мастака ад усіх клопатаў. Дарма архітэктар Рато, які яшчэ з ліцэйскіх гадоў быў прыхільнікам Ёнавай зоркі, даводзіў, што гэты заробак наўрад ці дазволіць яму жыць па-людску — гандляр тут нічога не траціць... «І ўсё ж», — адказваў Ёна. Рато, які дабіваўся ўсяго, чаго хацеў, толькі сваім мазалём, ушчуваў сябра: «Што — і ўсё ж? Трэба ж спрачацца!» Але нічога не выйшла. У думках Ёна дзякаваў свайму лёсу. «Хай будзе па-вашаму», — сказаў ён гандляру. І пакінуў працу ў бацькавай друкарні, каб цалкам аддацца жывапісу. «Мне проста шанцуе», — казаў ён.

І ён сапраўды думаў: «Мне шанцуе ва ўсім». Скрозь усё жыццё, якое толькі ён мог узнавіць у памяці, ён паўсюль заўважаў, як спрыяў яму лёс. Ён адчуваў цёплую ўдзячнасць сваім бацькам — перш за ўсё таму, што яны не вельмі зважалі на яго выхаванне і гэта пакідала яму шмат вольнага часу на летуценні; і па-другое — таму, што яны разышліся з прычыны здрады. Прынамсі, такую падставу ў гэтым бачыў Ёнаў бацька. Ён, праўда, забыўся ўдакладніць, што здрада гэтая была даволі незвычайная: ён проста не пераносіў дабрачыннасці сваёй жонкі, якая, як сапраўдная святая ва плоці, прыносіла сваё цела ў дар пакутнаму чалавецтву і не бачыла ў гэтым заганы. Але муж лічыў сябе адзіным гаспадаром жончыных вартасцей. «Мне ўжо абрыдла бачыць, як жабракі настаўляюць мне рогі!» — крычаў гэты сучасны Атэла.

Такое непаразуменне паміж бацькамі аказалася выгадным Ёну. Яго маці і бацька, відаць, недзе прачытаўшы ці проста пачуўшы, што існуе мноства прыкладаў, калі ў разведзеных сем'ях вырастаюць забойцы або садысты, пачалі наўзахапкі песціць сваё дзіця, каб у зародку вынішчыць усялякую магчымасць такога жахлівага выніку. Чым менш выяўляліся скуткі ўзрушэння, якое, на іх думку, мусіла адчуць пасля разводу дзіця, тым больш яны пачыналі хвалявацца: нябачныя раны — асабліва глыбокія! І кожны раз, калі Ёна быў задаволены сабою ці добра праведзеным днём, звычайнае хваляванне бацькоў даходзіла да шалёнай разгубленасці. Знакі ўвагі падвойваліся, і ўсе дзіцячыя жаданні выконваліся раней, чым хлопчык паспяваў іх выказаць.

Нарэшце, гэтая ўяўная бяда падаравала Ёну і адданага брата ў асобе яго сябра Рато. Ратовы бацькі часта запрашалі ў госці маленькага ліцэйскага прыяцеля свайго сына, бо спачувалі хлопчыку ў няшчасці. Іх жаласлівыя прамовы абудзілі ў сыне, здаравяку атлетычнага складу, жаданне ўзяць пад апеку гэтага хлапчука, лёгкія поспехі якога ўжо тады захаплялі Рато. Захапленне і паблажлівасць вельмі добра спалучаліся ў іх сяброўстве, якое Ёна, як і ўсё астатняе, прымаў з падбадзёрліваю прастатой.

Калі Ёна без асаблівых намаганняў скончыў вучобу, яму зноў пашанцавала. Ён паступіў на працу ў бацькаву друкарню, дзе заняў неблагое становішча, а ўскосна — здабыў і прызванне мастака. Ёнаў бацька, найбуйнейшы выдавец у Францыі, меркаваў, што менавіта цяпер, падчас культурнага крызісу, будучыня больш як ніколі належыць кнізе. «Гісторыя паказвае, — казаў ён, — што чым менш люд чытае, тым больш ён купляе кніг». Зыходзячы з гэтага, рукапісы, якія яму прыносілі, ён чытаў рэдка, а друкаваць іх ці не вырашаў, кіруючыся асобаю аўтара ці надзённасцю тэмы (і таму, што з гэтага пункту погляду адзінай заўсёды надзённай тэмай быў секс, выдавец нарэшце спецыялізаваўся). Клапаціўся ж ён толькі пра тое, каб аздабленне кнігі было больш арыгінальнае, а рэклама — больш танная. Такім чынам, адначасова з працай у аддзеле, які займаўся чытаннем і рэцэнзаваннем рукапісаў, Ёна атрымаў шмат вольнага часу, якому трэба было знайсці нейкі ўжытак. Так ён і сустрэўся з жывапісам.

Упершыню Ёна заўважыў у сабе такі нечаканы, але і неаслабны запал і неўзабаве ўжо цэлымі днямі аддаваўся маляванню. Хутка ён дасягнуў у сваім новым занятку вялікіх поспехаў, якія даліся яму па-ранейшаму без намаганняў. Здавалася, нішто іншае не цікавіла яго, і Ёна ледзьве паспеў ажаніцца ў належным узросце: маляванне захапляла яго цалкам. Да людзей і абставін, з якімі яму даводзілася сутыкацца ў будзённым жыцці, ён ставіўся заўсёды з зычлівай усмешкай, і гэта вызваляла яго ад непатрэбнага клопату. Спатрэбіўся няшчасны выпадак, калі матацыкл, якім занадта хвацка кіраваў Рато, везучы на заднім сядзенні свайго сябра, перакуліўся, і рука ў Ёны аказалася ў гіпсе, каб паранены небарака ад нуды і бяздзейнасці зацікавіўся нарэшце каханнем. І ў гэтым здарэнні Ёну бачыўся дабратворны ўплыў яго зоркі. Каб не аварыя, ён не выбраў бы часу разгледзець Луізу Пулен так, як яна таго заслугоўвала.

Зрэшты, па думцы Рато, Луіза ўвогуле не была вартая ўвагі. Сам кароткі і каржакаваты, ён любіў жанчын высокіх і дзябёлых. «Не ведаю, што ты знайшоў у гэтай казурцы», — казаў ён. Луіза сапраўды была маленькая, смуглявая, чарнавокая і чорнавалосая, але затое ў яе былі вельмі зграбная постаць і прыгожы твар. Рослага, мажнага Ёну замілоўваў выгляд гэтай малышкі, тым больш што яна была дзяўчына ўвішная. Дзейнасць — вось што было прызваннем Луізы. І гэта прызванне вельмі ўдала стасавалася з густам Ёны да інертнасці і ўсіх выгод, якія з яе вынікаюць. Спачатку — прынамсі, пакуль яна лічыла, што Ёну цікавіць выдавецкая справа, — Луіза занурылася ў літаратуру. Яна чытала ўсё запар, без разбору і ўжо праз некалькі тыдняў магла на ўсё выказаць сваё меркаванне. Ёна быў у захапленні, цяпер, на яго думку, ён мог зусім нічога не чытаць — Луіза і так давала яму дастатковыя звесткі і паведамляла пра ўсе найбольш важныя падзеі ў літаратуры. «Цяпер, — запэўнівала Луіза, — не варта казаць, што той або той паганы ці брыдкі, але — што ён сам хоча быць паганым і брыдкім». Адценне гэта было немалаважнае, бо пагражала, як зазначыў Рато, прывесці да асуджэння ўсяго чалавечага роду. Але Луіза аўтарытэтна заявіла, што гэтую ісціну падтрымліваюць адначасова і бульварная прэса і часопісы філасофскага кірунку, і таму яна ёсць усеагульная і бясспрэчная. «Хай будзе па-вашаму», — сказаў Ёна і адразу забыўся на гэта бязлітаснае адкрыццё, каб зноў паглыбіцца ў мары пра сваю зорку.

Калі ж Луіза зразумела, што Ёна цікавіцца толькі жывапісам, яна адразу пакінула літаратуру і захапілася выяўленчым мастацтвам. Яна пачала бегаць па музеях і выставах і паўсюль цягала за сабой Ёну, які кепска разумеў тое, што малявалі яго сучаснікі, і адчуваў некаторую сарамлівасць за прастату сваіх мастацкіх прыёмаў. Аднак яму падабалася атрымліваць такую багатую інфармацыю пра ўсё, што тычылася яго рамяства. Праўда, ужо назаўтра ён забываў нават імя мастака, творы якога бачыў напярэдадні. Але Луіза мела рацыю, калі безапеляцыйна нагадвала яму адну з тых ісцін, якія засвоіла падчас свайго захаплення літаратурай: у сапраўднасці мы ніколі ні пра што не забываемся. Зорка яўна спрыяла Ёну, які мог такім чынам спалучаць у сабе без ліхога намеру вартасці добрай памяці з выгодамі няпамятлівасці.

Але найбольш яркім агнём перлы Луізінай адданасці зіхацелі ў будзённым жыцці Ёны. Гэты добры анёл пазбаўляў яго ад неабходнасці самому купляць сабе абутак, вопратку, бялізну — ад усяго таго, што кожнаму нармальнаму чалавеку пакарочвае дні і без таго нядоўгага жыцця. Яна самаахвярна прымала на сябе цяжар тысячы ўсялякіх хітрасцяў, якія ўтварае машына для марнавання часу — пачынаючы з незразумелых квіткоў службы сацыяльнага страхавання і канчаючы вечна новымі пастановамі падатковай сістэмы. «Безумоўна, — казаў Рато, — усё гэта добра. Але ж не можа яна пайсці замест цябе да дантыста». Яна і не хадзіла, але тэлефанавала і дамаўлялася аб прыёме ў найбольш зручны час; яна займалася запраўкай Ёнавай малалітражкі, здымала месцы ў гатэлях падчас адпачынку, дамаўлялася наконт вугалю, каб Ёну было чым паліць у сваім хатнім камінку, сама купляла падарункі, якія ён хацеў паднесці, выбірала і пасылала замест яго кветкі, а часам, калі яго не было дома, паспявала забегчы да яго на кватэру і заслаць ложак, каб перад сном Ёну не было пра што клапаціцца.

З такім жа імпэтам яна заняла ў гэтым ложку сваё месца, потым уладкавала ўсе фармальнасці з мэрыяй, завяла туды Ёну (гэта здарылася за два гады да таго, як быў прызнаны яго талент) і наладзіла вясельнае падарожжа такім чынам, каб можна было наведаць усе вартыя таго музеі. Між іншым яна загадзя паклапацілася знайсці — у самы разгар жыллёвага крызісу — трохпакаёвую кватэру, у якой па прыездзе яны і асталяваліся. Потым, амаль адно за адным, яна нарадзіла двое дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку, што было згодна з яе планам, які прадугледжваў і трэцяе і быў неўзабаве выкананы — пасля таго, як Ёна пакінуў выдавецтва, каб цалкам прысвяціць сябе жывапісу.

Зрэшты, абрадзіўшыся, Луіза ўвесь свой клопат аддавала ўжо толькі свайму, а пасля — сваім дзецям. Яна часам яшчэ старалася дапамагаць і мужу, але часу ёй бракавала ўсё больш. І хоць яна шкадавала, што не можа дагледзець Ёну, як раней, рашучы характар не дазваляў ёй занадта зважаць на гэту прыкрую акалічнасць. «Тым горай, — казала яна, — кожнаму свой варштат». Гэты выраз зачароўваў Ёну, бо, як і ўсе сучасныя яму мастакі, ён таксама хацеў лічыцца за рамесніка. Дык вось, рамеснік аказаўся крыху занядбаны і вымушаны быў сам купляць сабе чаравікі. Рэч гэта звычайная, але і ў ёй Ёна імкнуўся бачыць толькі прыемны бок. Вядома, каб хадзіць па крамах, яму трэба было рабіць пэўнае намаганне, але аддзякай гэтаму была адна з тых гадзін адзіноты, якая дазваляе па-сапраўднаму ацаніць сямейнае шчасце.

Аднак найбольш вострай з усіх праблем маладой пары была праблема жыццёвай прасторы, бо прастора, як і час, звужаліся вакол іх з аднолькавай хуткасцю. Нараджэнне дзяцей, новы занятак Ёны, цеснае памяшканне і сціплы заробак, які не дазваляў наняць большай кватэры, пакідалі вельмі абмежаваную плошчу пад дзейнасць Луізы і Ёны. Іх кватэра была на другім паверсе колішняга асабняка ХVІІІ стагоддзя, у старым квартале сталіцы. У гэтым раёне жыло шмат мастакоў, верных таму прынцыпу, што ў мастацтве пошук новага павінен праходзіць у межах старажытных традыцый. Ёну, які падзяляў гэтае перакананне, жыць у такім квартале вельмі падабалася.

Да старажытнасці ва ўсякім выпадку яго кватэра мела сама непасрэднае дачыненне. Праўда, некаторыя занадта сучасныя перабудовы надалі ёй даволі арыгінальны выгляд, які заключаўся ў тым, што кватэра давала сваім гаспадарам вялікі аб'ём паветра, займаючы адначасова маленькую плошчу. Пакоі з надзвычай высокімі столямі і раскошнымі рамамі вокнаў, несумненна, некалі прызначаліся, мяркуючы па іх велічных памерах, пад урачыстыя прыёмы і святочныя балі. Але гарадская цесната і прыбытковасць нерухомай маёмасці прымусілі новых домаўладальнікаў падзяліць гэтыя занадта шырокія пакоі перагародкамі і такім чынам павялічыць колькасць стайняў, якія яны за вельмі кругленькую цану аддавалі ў наймы статку сваіх кватэранаймальнікаў. І тут яны не забываліся падкрэсліць тое, што па-іхняму называлася «значная кубатура паветра». Гэтую перавагу адмаўляць было нельга. Проста яе трэба было тлумачыць тым, што домаўладальнікі сутыкнуліся з немагчымасцю перагарадзіць пакоі яшчэ і ўвышыню. Каб такое было магчыма, яны б без ваганняў пайшлі на ўсе неабходныя ахвяры, каб даць некалькі дадатковых прытулкаў вельмі ахвочаму на шлюб і плоднаму ў той час маладому пакаленню. Кубатура паветра давала, зрэшты, не толькі перавагі. Яна мела ў сабе і тую загану, што ўзімку нагрэць пакоі было цяжка, а гэта, на няшчасце, вымагала ад уладальнікаў павелічэння платы за апал. Улетку ж, праз вялізныя памеры вокнаў, кватэра літаральна нясілела ад спякотнага сонца: жалюзі не было. Уладальнікі не парупіліся іх усталяваць, збянтэжаныя, відаць, вышынёй вокнаў і коштам сталярных работ. Зрэшты, тую ж ролю маглі выконваць і тоўстыя шторы, кошт якіх ніякім чынам не ўплываў на прыбытковасць, бо набываць і падвешваць іх мусілі самі кватаранты. Трэба, аднак, зазначыць, што домаўладальнікі не адмаўляліся дапамагаць ім у гэтым і прадавалі па нечуваных цэнах шторы з уласных крам. Чалавекалюбства, якое яны выяўлялі праз такое сваё стаўленне да нерухомай маёмасці, было іх сапраўднаю слабай стрункай. У будзённым жыцці гэтыя сучасныя князькі гандлявалі паркалём і аксамітам.

Ёна быў зачараваны ўсімі выгодамі кватэры і без нараканняў пагаджаўся з яе заганамі. «Хай будзе па-вашаму», — адказаў ён домаўладальніку, калі той абвясціў, якой будзе плата за апал. Што ж да штораў, дык тут Ёна цалкам падтрымліваў Луізу, на думку якой вокны даволі было завесіць толькі ў спальні, а ў астатніх пакоях можна пакінуць і голыя. «Нам няма чаго хаваць», — казала гэта бязвінная душа. Асабліва вабіў Ёну сама вялікі пакой, столь у якім была такая высокая, што не магло быць і гаворкі, каб прыстасаваць да яго нейкую годную сістэму асвятлення. Дзверы з лесвіцы вялі непасрэдна ў гэты пакой, а ўжо з яго па вузенькім калідорчыку можна было трапіць у астатнія два, значна меншыя і сумежныя. У глыбіні кватэры побач з кухняй месціліся прыбіральня і невялічкая каморка, якая насіла гучнае імя душавой. Яна і сапраўды магла б замяніць сабой душавую, каб толькі паставіць у ёй душ, усталяваць яго вертыкальна і згадзіцца прымаць дабратворны струмень без ніводнага руху.

Надзвычай высокія столі і цесныя пакоі надавалі гэтай кватэры выгляд дзіўнага набору амаль цалкам шкляных паралелепіпедаў, якія з усіх бакоў складаліся толькі з вокнаў і дзвярэй, так што мэблі не было куды прыткнуцца, а людзі, якія траплялі туды, адразу губляліся ў пранізлівым яркім святле і, нібыта ў доследным растворы, плавалі ў гэтым пастаўленым на бок акварыуме. Апроч таго, усе вокны выходзілі на двор, ці, дакладней, упіраліся на невялікай адлегласці ў вокны абсалютна такога ж суседняга будынка, за якімі амаль адразу бачыўся яшчэ адзін двор. «Гэта наш люстраны кабінет», — узрадавана казаў Ёна. Паводле парады Рато спальню было вырашана размясціць у адным з маленькіх пакояў, а другі павінен быў прызначацца дзецям, якія неўзабаве ўжо меліся нарадзіцца. Вялікая зала ўдзень служыла Ёну майстэрняй, а ўвечары і калі сям'я ела — ператваралася ў агульны пакой. Зрэшты, есці можна было і ў кухні, адно каб нехта — Луіза ці Ёна — згадзіўся рабіць гэта стоячы. Каб дапамагчы сябрам, Рато панавыдумляў мноства розных мудрагелістых прыстасаванняў. Дзякуючы рассоўным дзвярам, адкідным столікам і раскладным крэслам яму ўдалося кампенсаваць нястачу мэблі і, адначасова, яшчэ больш павялічыць дзіўны выгляд гэтай і без таго арыгінальнай кватэры, ператварыўшы яе ў сапраўдны куфэрак сюрпрызаў.

Але хутка пакоі напоўніліся карцінамі і дзецьмі, і перад бацькамі паўстала пільная патрэба падумаць пра новую перастаноўку. Да нараджэння трэцяга дзіцяці Ёна працаваў у зале, Луіза вязала ў спальні, а двое малых займалі апошні, трэці пакой, пераварочвалі там усё дагары нагамі і потым, як апантаныя, насіліся па ўсёй кватэры. Цяпер жа, калі нарадзіўся трэці, яму было вырашана аддаць адзін закутак у майстэрні, які Ёна адгарадзіў палотнамі, утварыўшы нешта накшталт шырмы. Гэта дазваляла своечасова пачуць, калі дзіця пачынае галасіць, і адразу адгукнуцца на яго покліч. Зрэшты, Ёну праз гэта турбавацца ніколі не прыходзілася — першая каля калыскі заўсёды была Луіза. Яна не чакала, пакуль дзіця пачне крычаць, і заходзіла ў майстэрню загадзя, прычым рабіла гэта вельмі асцярожна і абавязкова на дыбачках. Ёну замілоўвала такая далікатнасць, але аднойчы ён паспрабаваў пераканаць жонку, што ён зусім не такі ўжо чуллівы і выдатна можа працаваць, нават калі яна будзе хадзіць нармальна і трошкі шумець. Луіза на гэта адказала, што, апроч усяго іншага, яе хвалюе і сон малога. Ёна быў зачараваны дабрынёю матчынага сэрца, што адкрылася яму так нечакана, і ад душы пасмяяўся са сваёй прамашкі. Ён не адважыўся прызнацца, што сваімі засцярогамі Луіза перашкаджае яму больш, як тады, калі заходзіць не хаваючыся. Па-першае, такія наведванні цягнуцца даўжэй, а па-другое — Луізіны рухі (а яна з'яўлялася шырока расставіўшы рукі, крыху адкінуўшы ўсё цела назад і высока паднімаючы перад сабою ногі) усё роўна не могуць быць непрыкмечанымі. Такія захады нават супярэчаць яе намерам, бо кожны момант яна рызыкуе зачапіцца за якое-небудзь палатно, якімі пазастаўляна майстэрня. Дарэчы, гэта здаралася. Тады грук будзіў дзіця, і яно, як магло, выказвала сваю незадаволенасць, што атрымлівалася ў яго, паміж іншым, даволі пераканаўча. Бацька, зачараваны магутнасцю лёгкіх свайго сына, бег яго цешыць, і неўзабаве эстафету за ім пераймала жонка. Тады Ёна ішоў падымаць палотны, а пасля, з пэндзлем у руцэ, з захапленнем слухаў уладны і настойлівы голас сына.

У той жа час, дзякуючы поспеху Ёны, у яго з'явілася процьма сяброў. Гэтыя сябры нагадвалі пра сябе па тэлефоне ці неспадзявана завітваючы ў госці. Тэлефон, які, усё загадзя ўзважыўшы, паставілі ў майстэрні, званіў часта і зноў жа на шкоду дзіцю, крыкі якога мяшаліся з назойлівымі званкамі апарата. Калі ж Луіза ў такі момант выпадкова займалася іншымі дзецьмі, яна разам з імі кідалася ў майстэрню, дзе найчасцей ужо знаходзіла Ёну за тым, што ён, трымаючы ў адной руцэ дзіця, а ў другой — пэндзлі і тэлефонную трубку, прымаў мілае запрашэнне на снеданне ў кампаніі новых сяброў. Ёна быў у захапленні ад таго, што з ім, чалавекам, які можа весці хіба што банальную гаворку, нехта хоча разам паснедаць; але выходзіць з дому ён лічыў за лепшае ўвечары, бо не хацеў разбіваць свайго працоўнага дня. Але найчасцей, на жаль, у сябра выдаваўся вольны толькі сняданак, прычым менавіта гэты, і ён абавязкова хацеў правесці яго ў кампаніі дарагога Ёны. Дарагі Ёна згаджаўся: «Хай будзе па-вашаму!», вешаў трубку, прамаўляў: «Які ўсё ж прыязны чалавек!» — і аддаваў дзіця Луізе. Потым ён вяртаўся да працы, якая хутка перапынялася снеданнем ці абедам. Трэба было прыбіраць палотны, рассоўваць мудрагелісты стол і сядаць за яго разам з дзецьмі. За ежай Ёна ўвесь час паглядаў на распачатую карціну, і калі-нікалі яму пачынала здавацца, што дзеці жуюць і глытаюць крыху марудна і праз гэта працэдура кожны раз цягнецца занадта ўжо доўга. Але неяк ён прачытаў у газеце, што, каб добра засвойваць харч, есці трэба не спяшаючыся, і пасля гэтага заўсёды меў падставу парадавацца, калі доўга сядзеў за сталом.

Часам да Ёны сярод дня завітвалі яго новыя сябры. Рато прыходзіў толькі ўвечары. Удзень ён быў на службе, дый, апроч таго, выдатна ведаў, што мастакі працуюць пры дзённым святле. Але новыя сябры ў Ёны амаль усе самі былі мастакі або крытыкі. Адны малявалі некалі раней, другія яшчэ толькі збіраліся маляваць, і, нарэшце, трэція пісалі пра тое, што намалёвана ўжо было ці яшчэ будзе. Усе яны, вядома, вельмі высока ставілі творчую працу і скардзіліся на сучасны грамадскі лад, які так замінае яе нармальнай плыні і не дае мастаку патрэбнага часу на роздум. Яны скардзіліся на ўсё гэта, седзячы ў Ёны да позняга вечара, і малілі яго не спыняць працы, не звяртаць на іх ніякай увагі і асабліва не далікатнічаць — яны ж не мяшчане і ведаюць, які дарагі ў мастака час. Ёна радаваўся, што сябры дазваляюць яму працаваць пры іх, вяртаўся да карціны, але і тады мусіў без перапынку адказваць на бясконцыя пытанні ці смяяцца з пачутых жартаў.

Дзякуючы такой натуральнасці ў паводзінах Ёны, сябры з кожным разам адчувалі сябе ўсё вальней. І неўзабаве былі ўжо ў такім выдатным гуморы, што забываліся нават, што гаспадарам няблага б і паабедаць. У дзяцей, праўда, памяць была лепшая. Яны прыбягалі ў майстэрню, насіліся між гасцей, крычалі, скакалі на калені то да аднаго, то да другога. Нарэшце святло ў чатырохкутніку неба над дваром пачынала згасаць, і Ёна адкладаў пэндзлі. Заставалася адно: запрасіць сяброў пакаштаваць таго, што паслаў лёс, і зноў, да позняй ночы, гутарыць пра мастацтва і асабліва пра мастакоў без таленту, пра плагіятараў і карысліўцаў, якіх сярод прысутных, вядома ж, не было. Ёна любіў уставаць рана, каб не ўпусціць першых промняў ранішняга сонца. Ён ведаў, што зрабіць гэта будзе цяжка, што сняданак у час гатовы не будзе дый сам ён яшчэ не паспее адпачыць. Але яму падабалася і тое, што вось так, за адзін вечар, ён можа спазнаць столькі новага, якое, няхай нават і непрыкметна, але ўсё ж прыдасца яму ў яго рамястве. «У мастацтве, як і ў прыродзе, — казаў ён, — нішто не праходзіць дарма. Зноў мне спрыяе зорка».

Часам з сябрамі прыходзілі вучні: цяпер Ёна меў сваю школу. Спачатку гэта яго здзіўляла, ён не бачыў, чаму можна ад яго навучыцца, калі ён сам яшчэ павінен усё для сябе адкрыць. Як мастак, ён сам яшчэ рухаецца ў змроку — дык як жа ён можа паставіць вучня на правільны шлях? Але даволі хутка ён зразумеў, што вучань — гэта не заўсёды той, хто імкнецца нечаму навучыцца. Наадварот, вучнямі найчасцей рабіліся тыя, хто меў бескарыслівае жаданне навучаць свайго настаўніка. Цяпер Ёна мог пакорліва прымаць гэты вялікі гонар. Вучні доўга тлумачылі яму, што і чаму імі намалявана. Такім чынам і ў сваіх творах Ёна пачаў прыкмячаць мноства задум, якія яго крыху здзіўлялі, і бездань рэчаў, якія ўніклі ад яго пэндзля. Ён лічыў сваю творчасць беднай, але дзякуючы вучням яна аказалася раптам багатай. І часам ад такога, дагэтуль не вядомага яму багацця ў ім нараджалася нешта накшталт гордасці. «І праўда, — казаў ён сабе. — Вось гэты твар на заднім плане, усю ўвагу ён засяроджвае на сабе. Я не зусім разумею, што яны маюць на ўвазе, калі гавораць пра ўскосную гуманізацыю. Але ў гэтым напрамку я, сапраўды, няблага пасунуўся наперад». Аднак даволі хутка ён забываў гэту няёмкую думку і тлумачыў свой поспех спрыяннем шчаслівае зоркі. «Гэта мая зорка ляціць наперад, — казаў ён. — А я застаюся тут, побач з Луізай і дзецьмі».

Зрэшты, у вучняў была і іншая станоўчая рыса: яны прымушалі Ёну быць болей патрабавальным да сябе. У сваіх прамовах яны так высока ўзносілі яго вартасці, асабліва дабрасумленнасць і працавітасць, што пасля гэтага ён не мог дазволіць сабе ніякай палёгкі. Менавіта таму ён і кінуў былую звычку згрызаць драбок цукру або шакаладу пасля заканчэння цяжкага месца ў карціне. На адзіноце ён бы ўсё роўна ўпотай паддаўся гэтай слабасці. Але ў яго духоўным дасягненні яму дапамагала амаль заўсёдная прысутнасць вучняў і сяброў, перад якімі было неяк няёмка грызці шакалад, дый наогул — ён не мог дазволіць сабе дзеля такой нікчэмнай прыхамаці перапыняць цікавую размову.

Апроч таго, вучні патрабавалі, каб Ёна заставаўся верны сваім эстэтычным прынцыпам. Але Ёну даводзілася доўга працаваць, раней чым яго азарала хуткая і няўлоўная бліскавіца, у святле якой рэчаіснасць на імгненне паўставала перад яго вачыма ў сваім некранутым выглядзе, і таму ўяўленне пра свае эстэтычныя прынцыпы ён меў даволі цьмянае. Затое ў вучняў наконт гэтага была безліч сама супярэчлівых і катэгарычных думак, і жартаў тут яны не прызнавалі. Часам Ёну, можа, і хацелася б дазволіць сабе нейкі капрыз, які заўсёды быў сціплым сябрам мастака. Але насупленыя бровы вучняў перад некаторымі палотнамі, якія разыходзіліся з іх уяўленнем пра прыгожае, прымушалі яго крыху больш разважаць над сваім мастацтвам, і гэта прыносіла толькі карысць.

Нарэшце, вучні дапамагалі Ёну і іншым чынам — яны прасілі яго даваць ацэнку іх творам. Сапраўды, не было дня, каб яму не прыносілі палатна з ледзь пачатым эскізам. Каб забяспечыць свайму эцюду найлепшае асвятленне, аўтар ставіў яго паміж Ёнам і мастаковай карцінай. Трэба было выказваць сваю думку. Яшчэ да нядаўняга часу Ёна адчуваў таемны сорам за сваю абсалютную няздольнасць даць ацэнку мастацкаму твору. За выключэннем некалькіх карцін, якія выклікалі ў яго поўнае захапленне, і яўна пустой мазаніны, усё астатняе здавалася яму аднолькава цікавым і не вартым увагі. Цяпер жа ён мусіў стварыць сабе цэлы набор разнастайных меркаванняў, тым больш што яго вучні, як і ўсе сталічныя мастакі, увогуле мелі пэўны талент, і таму, калі яны прыходзілі, Ёну трэба было ўмець вызначыць даволі размаітыя адценні, каб кожнага ўлагодзіць. Гэты прыемны абавязак прымусіў яго назапасіць даволі багаты арсенал слоў і выразаў і акрэсліць свае погляды на мастацтва. Зрэшты, такія клопаты не падрывалі яго прыроднай прыязнасці. Ёна хутка зразумеў, што вучні чакаюць ад яго не крытычных заўваг, з якімі яны не ведалі, што рабіць, а падтрымкі і, калі магчыма, ухвал. Праўда, ухваляць кожнага трэба было па-рознаму. І тут адной звычайнай зычлівасці Ёну магло не хапіць. Таму да зычлівасці ён пачаў далучаць і сваю вынаходлівасць.

Так праходзіў Ёнаў час. Ён маляваў сярод сваіх сяброў і вучняў, якія сядзелі вакол мальберта ўжо ў некалькі радоў. Часам да іх далучаліся і суседзі, якія выглядвалі з сваіх вокнаў. Ёна размаўляў, абменьваўся думкамі, разглядаў прынесеныя яму палотны, мімаходзь усміхаўся Луізе, супакойваў дзяцей і з імпэтам адказваў на тэлефонныя званкі, ні на хвіліну не пакідаючы пэндзляў, якімі час ад часу наносіў чарговы мазок на распачатую карціну. З аднаго боку, жыццё ў яго было поўнае, кожная гадзіна занятая, і ён шанаваў свой лёс, які аберагаў яго ад самоты. Але з другога боку, каб скончыць карціну, мазкоў трэба было зрабіць шмат, і часам Ёну думалася, што і ў самоце таксама ёсць нешта добрае, бо ўрэшце яе можна перамагчы настойліваю і карпатліваю працай. Між тым, чым цікавей было Ёну з сябрамі, тым марудней яму працавалася. Нават у тыя рэдкія гадзіны, калі ён заставаўся зусім адзін, ён адчуваў сябе такім стомленым, што ўжо не мог працаваць з падвойнаю сілай. У такія гадзіны ён мог толькі аддавацца марам пра новы лад жыцця, які спалучаў бы ўцехі сяброўства з выгодамі самоты.

Ёна адкрыў свае думкі Луізе, але і ў яе былі свае клопаты — двое старэйшыя хутка раслі, і дзіцячы пакой ім рабіўся ўжо цесны. Яна прапанавала перавесці дзяцей у вялікую залу, а іх ложкі адсланіць шырмай. Малодшага тады можна будзе размясціць у маленькім пакоі. Тэлефон там будзіць яго не будзе, дый месца малы ніякага не зойме, так што Ёна можа зрабіць сабе ў гэтым пакоі майстэрню. А зала ўдзень будзе служыць пад прыёмы гасцей. Ёна зможа выходзіць да іх на час, а пасля вяртацца да працы. І нараканняў гэта сустрэць не павінна — сябры ж разумеюць, як патрэбна яму адзінота. Апроч таго, неабходнасць трошкі раней класці старэйшых дзяцей спаць пакароціць вячэрнія візіты. «Выдатна», — пасля некаторага разважання ўхваліў Ёна. «І ўрэшце, — сказала Луіза, — калі твае сябры будуць адыходзіць раней, у нас будзе трошкі больш часу, каб пабыць сам-насам». Ёна раптам зірнуў на жонку. Цень смутку прамільгнуў па Луізіным твары. Усхваляваны, ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў і пяшчотна сціснуў у абдымках. Луіза прытулілася да мужа, і яны зноў адчулі сябе такімі ж шчаслівымі, якімі былі на пачатку свайго сямейнага жыцця. Але Луіза схамянулася: мабыць, гэты пакой будзе Ёну занадта маленькі? Яна схапіла складаны метр, і неўзабаве яны выявілі, што з прычыны вечнага нагрувашчвання Ёнавых карцін і вучнёўскіх палотнаў (якіх, дарэчы, заўсёды было намнога больш) прастора, на якой яму звычайна даводзілася працаваць, не намнога перавышала тую, што адводзілася яму цяпер. Ёна без адкладу ўзяўся за перасяленне.

На шчасце, яго вядомасць узрастала тым больш, чым менш ён працаваў. Кожнай яго выставы чакалі, і ўслаўлялі яе ўжо загадзя. Праўда, некаторыя нешматлікія крытыкі, сярод якіх былі і два частыя наведнікі Ёнавай майстэрні, прыцішалі гарачую зачараванасць сваіх справаздач рэдкімі заўвагамі. Але абурэнне вучняў з лішкам кампенсоўвала гэту маленькую непрыемнасць. Вядома, безапеляцыйна сцвярджалі яны, гэтыя крытыкі вышэй за ўсё ставяць палотны вашага першага перыяду, але цяперашні пошук рыхтуе сапраўдную рэвалюцыю. Ёну было трошкі непрыемна, калі нехта пачынаў залішне хваліць яго раннія творы, але ён хутка адганяў гэтае прыкрае пачуццё і заўсёды захоўваў сардэчную ўдзячнасць. Рато ж толькі бурчаў: «Дзіўныя тыпы... Яны хочуць, каб ты быў нерухомы, як статуй. На іх думку жыць табе, значыцца, ужо нельга!» Але Ёна абараняў вучняў. «Ты не здольны гэтага зразумець, — казаў ён Рато. — Табе падабаецца ўсё, што я малюю». Рато жартаваў: «Вось д'ябал! Ды мне ж не карціны твае падабаюцца, а твой жывапіс».

Як бы там ні было, карціны па-ранейшаму падабаліся публіцы, і пасля чарговай паспяховай выставы гандляр сам прапанаваў Ёну павялічыць заробак. Ёна згадзіўся і шчыра яму падзякаваў. «Паслухаеш вас, — сказаў гандляр, — дык можна падумаць, што вы сапраўды яшчэ надаяце нейкае значэнне грошам». Такая прастадушнасць пакарыла Ёнава сэрца. Аднак калі ён папрасіў дазволу выставіць дзеля дабрачыннасці адно палатно на аукцыёне, гандляр занепакоена запытаўся, ці не ідзе тут гаворка пра дабрачыннасць, «якая дае прыбытак». Гэтага Ёна не ведаў. Тады гандляр прапанаваў сумленна прытрымлівацца кантрактных умоў, якія пакідалі яму выключнае права на продаж. «Кантракт ёсць кантракт», — сказаў ён. У іх кантракце дабрачыннасці не прадугледжвалася. «Хай будзе па-вашаму», — згадзіўся мастак.

Перастаноўка ў кватэры прынесла Ёну толькі задавальненне. Цяпер ён сапраўды мог даволі часта адасабляцца, каб адказваць на тыя шматлікія лісты, што яму слалі. Праз сваю далікатнасць ён быў проста няздольны пакінуць іх без адказу. У адных лістах гаворка ішла пра Ёнаву творчасць, у другіх — і такіх было больш — пра асобу аўтара, які або хацеў, каб яго падтрымалі ў яго мастацкім пачынанні, або проста звяртаўся па параду ці фінансавую дапамогу. Ёнава імя пачало часта мільгаць на старонках газет, і з гэтай прычыны ён, як і ўсе ў падобных выпадках, адчуў, што павінен таксама выступаць у друку з абвяржэннямі некаторых абуральных выпадаў. Ён адказваў на лісты, пісаў артыкулы пра мастацтва, дзякаваў, даваў парады, адмаўляў сабе ў новым гальштуку, каб паслаць камусьці невялікую грашовую дапамогу, нарэшце — падпісваў справядлівыя пратэсты грамадскасці, якія яму таксама прыносілі даволі часта. «Ты што ж, — казаў Рато, — ужо заняўся палітыкай? Пакінь гэту справу пісьменнікам і брыдкім дзеўкам». Але не, не — Ёна падпісваў толькі тыя адозвы, у якіх не было ніякага духу партыйнасці. Праўда, усе яны з выгляду маглі б пахваліцца такой беззаганнаю незалежнасцю. Штодня кішэні ў Ёнавых штанах тапырыліся ад напханых у іх пісьмаў, якія заставаліся непрачытанымі і хутка замяняліся новымі. Ёна адказваў толькі на сама тэрміновыя — тыя, што прыходзілі ад незнаёмых; а лісты сяброў, якія патрабавалі больш грунтоўных разваг, адкладаліся да лепшага часу. Як бы там ні было, такая безліч абавязкаў не дазваляла яму жыць бесклапотна і аддавацца гультаяванню. І нават калі ён працаваў, што з ім яшчэ зрэдку здаралася, яго пастаянна прыгнятала думка, што ён перад кімсьці вінаваты і некуды вечна спяшаецца.

У Луізы ўсё больш часу забіралі дзеці, яна збівалася з ног, але па-ранейшаму намагалася зрабіць у хаце ўсё тое, што ў іншых абставінах мог бы зрабіць і сам Ёна. І гэта кроіла яму сэрца. Бо ўрэшце ён працаваў дзеля свайго задавальнення, а на долю жонкі выпадала сама горшае. Ёна выдатна заўважаў гэта, калі Луіза адлучалася ў краму. «Тэлефон!» — крычаў старэйшы. Ёна кідаў карціну і хутка вяртаўся, ашчасліўлены новым запрашэннем. «Я наконт газавай пліты!» — крычаў манцёр, якому адчыняў нехта з дзяцей. «Хвілінку, хвілінку!» Але толькі Ёна адыходзіў ад тэлефона ці ад дзвярэй, як сябар альбо вучань, ці абодва разам, ужо ішлі за ім да майстэрні, каб па дарозе скончыць пачатую гутарку. Паціху-патроху ўсе прызвычаіліся стаяць у калідоры, таўкліся там, гаманілі, заклікалі ў сведкі Ёну, а часам і самі ненадоўга заходзілі да яго ў пакой. «Прынамсі, тут з вамі можна трошкі пабачыцца, каб ніхто не замінаў», — казалі тыя, хто заходзіў. «Ваша праўда, — расчулена пагаджаўся Ёна, — апошнім часам мы з вамі амаль зусім не бачымся». Ён адчуваў, што такое становішча расчароўвае сяброў, і гэта яго засмучала. Бо нярэдка між імі былі і тыя, з кім сустракацца яму было б прыемна. Але яму бракавала часу, ён не мог дазволіць сабе ўсяго, чаго хацеў. І гэта адбівалася на яго рэпутацыі. Пра яго пачалі казаць: «Спазнаўшы поспех, ён заганарыўся. Ён ужо нікога не заўважае». Альбо: «Ён любіць толькі сябе». Не — ён любіў жывапіс, любіў Луізу, сваіх дзяцей, Рато, яшчэ некаторых сяброў, ён наогул да ўсіх ставіўся спагадна. Але жыццё такое кароткае, час бяжыць хутка, а сілы ў чалавека не бязмежныя. Маляваць гэты свет, маляваць людзей і жыць з імі — справа цяжкая. З іншага боку, ён не мог ні паскардзіцца, ні растлумачыць, што яму нешта замінае. Бо тады яго проста лопалі па плячы: «Жартуеш, шчаслівец! Гэта плата за славу!»

Лісты ўсё прыбывалі, вучні не давалі ніякага продыху, да Ёны пачынаў сцякацца свецкі люд, і мастак паважаў гэтых людзей за іх захапленне жывапісам, бо ўрэшце яны, як і ўсе, маглі б цікавіцца англійскай каралеўскай сям'ёй ці спаборніцтвамі ў абжорстве. У асноўным, праўда, прыходзілі толькі свецкія пані, але іх манеры вызначаліся надзвычайнаю прастатой. Самі карцін яны не куплялі — яны прыводзілі з сабой прыяцеляў, спадзеючыся, відаць, што тыя купяць нешта замест іх. На жаль, вельмі часта такія надзеі заставаліся марнымі. Затое пані дапамагалі Луізе, асабліва калі гасцям трэба было згатаваць гарбаты. Шклянкі перадаваліся з рук у рукі, плылі з кухні па калідоры ў вялікі пакой, пасля вярталіся і нарэшце траплялі ў майстэрню, дзе ў асяроддзі сяброў і наведнікаў, якія якраз запаўнялі сабой увесь пакойчык, маляваў Ёна; мастак мусіў адкладаць пэндзлі і прымаў шклянку, налітую спецыяльна яму чароўнай асобай.

Ёна піў гарбату, разглядаў эцюд, які ўжо паспяваў паставіць на яго мальберце руплівы вучань, жартаваў з сябрамі, раптам прыгадаўшы, ласкава прасіў аднаго занесці на пошту стос напісаных уночы лістоў, падымаў малога, які зачапіўся за яго нагу, пазіраваў для фотаздымка, потым, пачуўшы: «Ёна! На дрот!» — лавіраваў са шклянкай і з прабачэннямі праз натоўп, які загачваў увесь калідор, вяртаўся, падмалёўваў куток у карціны, спыняўся, каб адказаць чароўнай асобе, што ён, вядома ж, намалюе яе партрэт, і зноў паварочваўся да мальберта. Нейкі час ён працаваў. Але чулася зноў: «Ёна, тут па твой подпіс!» — «Што там? — пытаўся Ёна. — Паштальён?» — «Не, кашмірскія вязні». — «Хвілінку, хвілінку!» І Ёна бег да дзвярэй сустракаць маладога барацьбіта за людскія правы з яго пратэстам, заклапочана пытаўся, ці не тычыцца справа палітыкі, атрымаўшы запэўненне, што тут ён можа быць абсалютна спакойны, ставіў свой подпіс, але адначасова мусіў выслухаць папрокі, у якіх яму нагадвалася пра абавязкі, што вынікаюць з яго прывілеяванага становішча, як мастака, і нарэшце вяртаўся ў пакой, дзе яго ўжо знаёмілі з новаспечаным чэмпіёнам па боксе і драматургам нейкай замежнай дзяржавы, хоць ён так і не мог уцяміць, каторага як завуць. Пяць хвілін драматург марна намагаўся ўсхваляванымі позіркамі выказаць тое, што больш выразна яму не дазваляла зрабіць няведанне французскай мовы, а Ёна толькі ківаў галавой у знак сардэчнай сімпатыі. На шчасце, гэта безвыходнае становішча прыходзіла да развязкі дзякуючы знакамітаму празарліўцу, які таксама хацеў пазнаёміцца з вялікім мастаком. Зачараваны, Ёна прызнаваўся яму ў сваіх шчырых пачуццях, мацаў пачак лістоў у кішэні, хапаўся за пэндзлі, наважваўся ўжо зноў узяцца за працу, але спачатку яшчэ мусіў падзякаваць за парачку толькі што падораных сетэраў, вёў іх у спальню, прымаў ад дарыльніцы запрашэнне на сняданак, але, пачуўшы Луізіны крыкі, зноў бег у спальню, каб на свае вочы пераканацца, што сетэры не былі навучаныя жыць у кватэры, і цягнуў іх у душавую, дзе яны вылі і не сунімаліся ні на хвіліну. Зрэдку, цераз галовы гасцей, Ёна лавіў Луізін позірк, і яму здавалася, што яе вочы поўныя смутку. Нарэшце дзень абарочваўся прыцемкам, некаторыя наведвальнікі развітваліся, іншыя яшчэ затрымліваліся ў вялікім пакоі і замілавана глядзелі, як Луіза кладзе дзяцей спаць, у чым ёй ласкава дапамагала элегантная паненка ў капялюшыку, якая вельмі журылася з тае прычыны, што цяпер ёй зноў трэба вяртацца ў свой двухпавярховы маёнтак, дзе жыццё здаецца зусім не такім утульным і цёплым, як тут.

Аднойчы ў суботу, у другой палове дня Рато прынёс Луізе мудрагелістую сушылку бялізны, якую можна было б усталяваць на кухні пад столлю. Кватэра была ўжо бітком напакавана гасцьмі, у маленькім пакойчыку ў цесным гурце сапраўдных знаўцаў Ёна рабіў партрэт той, што падаравала яму сабак, а побач нейкі іншы мастак маляваў самога Ёну. Як сказала Луіза, гэта быў дзяржаўны заказ. «Карціна будзе называцца "Мастак за працай"». Рато адышоўся ў кут і пачаў назіраць за сябрам, які, відаць, вельмі занурыўся ў работу. Адзін знаўца, які Рато раней ніколі не бачыў, нахіліўся да яго і шапнуў: «Гляньце, які ў яго выгляд, га!» Рато нічога не адказаў. Але той не сунімаўся: «Вы мастак, я таксама. Дык вось, верце мне, ён здае». — «Ужо?» — сказаў Рато. — «Але. Гэта ўсё поспех. Поспеху не вытрымлівае ніхто. Як мастак, ён ужо прапаў». — «Дык ён здае ці ўжо прапаў?» — «Калі мастак здае, ён прапаў. Гляньце — яму няма чаго маляваць. Цяпер малююць яго самога — а потым павесяць на цвік».

Многа пазней, калі было ўжо за поўнач, Луіза, Рато і Ёна сабраліся ў спальні. Ёна стаяў, Луіза і Рато сядзелі на ложку, усе маўчалі. Дзеці спалі, сабакі былі ў вёсцы, куды іх удалося звезці за невялікую плату, толькі што Луіза перамыла гару пасуды, Ёна з Рато яе перацерлі, усе былі вельмі стомленыя. Калі яны былі ў кухні, Рато, гледзячы на стос талерак, прапанаваў: «Вазьміце сабе пакаёўку». Але Луіза маркотна адказала: «Ды дзе ж яна тут прыткнецца?» Цяпер яны маўчалі. «Ты задаволены?» — раптам запытаўся Рато. Ёна ўсміхнуўся, хоць выгляд у яго быў змораны. «Але. Усе са мною вельмі прыязныя». — «Не, — сказаў Рато. — Пасцеражыся. Не ўсе яны такія добрыя». — «Ты пра каго?» — «Пра тваіх сяброў-мастакоў, напрыклад». — «Я ведаю, — сказаў Ёна. — Але амаль усе мастакі такія. Ніхто з іх не ўпэўнены, што існуе, як мастак. Вось, каб знайсці такую ўпэўненасць, яны і пачынаюць шукаць розныя доказы, крытыкуюць, ганяць. Гэта дае ім сілу, гэта азначае ў іх пачатак існавання. Усе яны вельмі самотныя!» Рато адно ківаў галавой. «Дай мне веры, — сказаў Ёна, — я іх ведаю. Іх трэба любіць». — «Ну а ты, — сказаў Рато, — ты, значыцца, існуеш? Ты ж ніколі ні пра каго не кажаш, што ён дрэнны». Ёна засмяяўся: «О, я часта думаю пра іх дрэнна. Але я не злапомны». Потым ён пасур'ёзнеў: «Не, я не ўпэўнены, што існую. Але ў тым, што буду існаваць, — перакананы».

Рато спытаўся ў Луізы, што думае пра ўсё гэта яна. Луіза схамянулася, скінула з сябе стому — Ёна мае рацыю: тое, што думаюць госці, не так ужо важна. Важна толькі тое, што робіць Ёна. І яна добра бачыць, як замінае яму ў працы дзіця. А яно ж расце, і хутка трэба будзе купіць канапу, якая таксама зойме месца. Што зробіш, пакуль яны не знайшлі большай кватэры! Ёна азіраў спальню. Вядома, гэта не ідэал, ложак тут занадта шырокі. Затое ўвесь дзень гэты пакой пусты. Ёна параіўся з Луізай, тая задумалася. Прынамсі, тут ужо Ёну турбаваць не будуць — не адважацца ж госці забірацца на іхні ложак. «А што думаеце вы?» — у сваю чаргу запыталася Луіза ў Рато. Той зірнуў на Ёну. Ёна глядзеў на вокны суседняга дома. Потым падняў вочы да бяззорнага неба, падышоў да акна і завесіў шторы. Вярнуўшыся, ён усміхнуўся Рато і моўчкі сеў побач. Луіза, у якой быў зусім змардаваны выгляд, сказала, што ідзе ў душ. Сябры засталіся адны, і Ёна адчуў, як Рато падсунуўся бліжэй і ткнуўся яму ў бок плячом. Ёна не павярнуўся і толькі сказаў: «Я люблю маляваць. І хацеў бы маляваць усё жыццё, і ўночы, і ўдзень. Ці ж гэта не шчасце?» Рато пяшчотна глядзеў на сябра. «Але, — сказаў ён, — гэта шчасце».

Дзеці раслі, і Ёна радаваўся іх весялосці і здароўю. Яны хадзілі ў школу і а чацвёртай гадзіне вярталіся дамоў. Апроч таго, Ёна мог бачыцца з імі ў суботу, калі яны прыходзілі апоўдні, у чацвер і цэлымі днямі на працягу частых і доўгіх канікул. Дзеці былі яшчэ не настолькі дарослыя, каб гуляць ціха і спакойна, але досыць жвавыя, каб у гульнях спрачацца, крычаць і смяяцца на ўсю хату. Іх даводзілася супакойваць, ушчуваць, а часам дзеля выгляду даваць і пару плескачоў. Апроч таго, трэба было мыць іх бялізну, ушываць гузікі, і Луізінага часу на гэта ўжо не ставала. Праз вялікую цеснату бацькі не маглі наняць пакаёўкі, нават такой, якая прыходзіла б толькі на дзень. І таму Ёна прапанаваў запрасіць на дапамогу Луізіну сястру Розу, якая засталася ўдавой і жыла цяпер адна з дарослаю дачкою. «І праўда, — сказала Луіза, — з Розай клопату ў нас не будзе. Калі захочам, мы заўсёды зможам яе турнуць». Ёна быў рады, што праблема нарэшце вырашылася, бо гэта абяцала палёгку не толькі Луізе, але і яго сумленню, якое не давала спакою мастаку, калі ён бачыў змэнчаную вечнымі клопатамі жонку. А палёгка сапраўды аказалася вялікая, бо часта Роза прыводзіла з сабой і дачку. У абедзвюх было найдабрэйшае сэрца, ва ўсім свеце няможна было б знайсці людзей такіх бескарыслівых і зычлівых. Яны адразу кінуліся дапамагаць маладой сям'і і, не шкадуючы часу, рабілі, здаецца, нават немагчымае. На гэта жанчын натхняла нуда іх самотнага жыцця і тая прыемная натуральнасць, з якой іх сустрэлі ў Луізы. Сапраўды, як і прадугледжвалася, ніхто са сваячкамі асабліва не цырымоніўся, і з першага ж дня яны адчулі сябе тут як дома. Вялікая зала ператварылася ў гасціную і адначасова служыла сталовай, кладоўкаю пад бялізну і пакоем пад дзіцячыя гульні. У маленькім пакоі, дзе спаў малодшы, трымалі палотны і часам, калі Роза прыходзіла адна, ставілі ёй раскладны ложак.

Ёна займаў спальню і працаваў там на маленькім пятачку паміж ложкам і акном. Раніцай яму даводзілася трошкі пачакаць, пакуль следам за дзіцячым прыбяруць і гэты пакой. Затое пасля ўжо ніхто яго не турбаваў; хіба што заходзілі ўзяць што-небудзь з бялізны, але што зробіш — адзіная ў хаце шафа стаяла тут. Праўда, і госці, хай цяпер і не такія шматлікія, хутка прызвычаіліся да новага становішча. Насуперак спадзяванням Луізы, яны без асаблівых ваганняў узлягаліся на сямейным ложку, каб выгодней гаманіць з Ёнам. Часам даць тату буські забягалі і дзеці. «Дай зірнуць на малюнак». Ёна паказваў малюнак, над якім працаваў, пяшчотна цалаваў малых і, адсылаючы іх, адчуваў, як непадзельна і поўна пануюць яны ў яго сэрцы. Каб іх не стала, вакол яго засталіся б толькі самота і пустата. Ёна любіў іх, любіў гэтак жа моцна, як і свой жывапіс, бо ва ўсім свеце толькі ў іх было столькі ж жыцця.

Аднак Ёна працаваў менш, хоць і сам не мог уцяміць — чаму. Ён па-ранейшаму быў старанны, але цяпер беручы ў рукі пэндзаль, адчуваў нейкі цяжар, нават калі заставаўся адзін. У такія хвіліны ён стаяў ля акна і пазіраў на неба. Ён і раней быў няўважлівы, заўжды паглыблены ў свае думкі, цяпер ён стаў летуценны. Замест таго каб маляваць, ён думаў пра жывапіс, пра сваё прызначэнне. «Я люблю маляваць», — яшчэ казаў ён сабе, а пэндзаль звісаў у яго руцэ ўздоўж цела, і ён прыслухоўваўся да гукаў далёкага радыё.

У гэты час яго рэпутацыя пачала падаць. Водгукі на яго працу, што з'яўляліся ў друку, усё часцей рабіліся стрыманымі ці нават благімі, а некаторыя былі такія злыя, што ў Ёны сціскалася сэрца. Але ён казаў сабе, што і з гэтых нападак можна атрымаць карысць — яны прымусяць яго працаваць лепей. Тыя, хто яшчэ завітваў да Ёны, абыходзіліся з ім ужо без былой павагі, як са старым сябрам, з якім няма чаго цырымоніцца. Калі Ёна хацеў вярнуцца да карціны, яму казалі: «Ды ну! Паспееш яшчэ!» І Ёна адчуваў, што гэтыя няўдальцы пачынаюць ужо лічыць яго за свайго сабрата па няшчасці. Але з другога боку, у новых адносінах было нешта прыемнае. Рато паціскаў плячыма: «Ты проста дурань. Яны зусім не любяць цябе». — «Цяпер трошкі любяць, — адказваў Ёна. — А трошкі любові — гэта ўжо вельмі многа. Ці ёсць розніца, чым ты яе заслужыў!» І ён па-ранейшаму гаманіў з гасцьмі, адказваў на лісты і сяк-так, калі мог, маляваў. Зрэдку ён браўся за пэндзаль па-сапраўднаму, гэта здаралася асабліва ў нядзелю, калі дзеці з Луізай і Розай ішлі пасля абеду на шпацыр. І ён радаваўся, калі пад вечар праца над карцінай трошкі пасоўвалася наперад. У тыя дні ён маляваў неба.

Аднойчы гандляр паведаміў Ёну, што попыт на яго палотны значна панізіўся, і таму, на жаль, ён вымушаны паменшыць заробак; Ёна згадзіўся, але Луізу гэта занепакоіла. Быў верасень, дзецям да новага навучальнага года трэба было купляць адзенне. І Луіза са звычайнаю мужнасцю ўзялася за гэта сама. Праўда, надоўга сілы ў яе не хапіла. Роза магла нешта зацыраваць, ушыць гузік, але шыць яна не ўмела. Затое стрыечная сястра ў яе мужа была швачка; яна і падрадзілася дапамагчы Луізе. Час ад часу яна прыходзіла ў пакой, дзе працаваў Ёна, і сядала на крэсле ў самым куце. Зрэшты, гэта негаваркая асоба паводзіла сябе заўсёды вельмі спакойна. Настолькі спакойна, што Луіза параіла Ёну намаляваць «Краўчыху». «Добрая думка», — сказаў Ёна. Ён паспрабаваў, сапсаваў два палатны і зноў узяўся за сваё неба. На другі дзень, замест таго каб маляваць, ён доўга хадзіў па кватэры і разважаў. Раптам прыбег распалены вучань, сунуў яму нейкі доўгі артыкул, які б у іншым выпадку Ёна нават не прачытаў. У артыкуле пісалася, што яго жывапіс адначасова прэтэнцыёзны і старамодны. Тут якраз пазваніў гандляр і зноў выказаў занепакоенасць зніжэннем попыту на палотны. Але Ёна па-ранейшаму летуценіў і разважаў. Вучню ён сказаў, што ў артыкуле ёсць доля праўды, але наперадзе ў яго яшчэ шмат часу, і ён ускладае на яго пэўныя надзеі. А гандляру адказаў, што разумее яго заклапочанасць, але не падзяляе яе. У яго ёсць задума стварыць нешта вялікае і сапраўды новае; так што ўсё зноў пойдзе добра. Гаворачы гэта, Ёна адчуў, што кажа праўду, што зорка зноў спрыяе яму. Досыць толькі наладзіць усё як след.

Назаўтра ён паспрабаваў працаваць у калідоры, паслязаўтра — у душы, пад электрычным святлом, яшчэ праз дзень — на кухні. Але ўпершыню яму пачалі замінаць людзі, якіх ён сустракаў паўсюль; яму заміналі ўсе — і тыя, каго ён амаль не ведаў, і тыя, хто быў яму блізкі і каго ён любіў. На пэўны час ён спыніў працу і задумаўся. Каб дазваляла надвор'е, ён мог бы намаляваць што-небудзь на натуры. Але, на жаль, набліжалася зіма, і цяпер маляваць краявіды было немагчыма, трэба было чакаць вясны. Ён усё ж паспрабаваў, але хутка адмовіўся: холад прабіраў наскрозь. Некалькі дзён ён правёў побач з палотнамі, але часцей проста сядзеў каля іх ці стаяў ля акна; ён ужо нічога не маляваў. Тады ён зранку пачаў хадзіць у горад. Ён ставіў сабе мэту — накідаць нейкую дэталь, дрэва, скасабочаную хату, профіль выпадковага прахожага. Але пад канец дня ў яго так нічога і не было. Наадварот, кожная сама малая спакуса — газета, спатканне са знаёмым, вітрына ці цеплыня ў кавярні — усё затрымлівала яго. Кожны вечар ён знаходзіў апраўданне свайму нячыстаму сумленню, якое мучыла яго ўвесь час. Ён будзе маляваць, вядома, будзе, і нават лепш, як раней, вось толькі міне гэты час уяўнай, вонкавай спустошанасці. Цяпер ён працуе ўсярэдзіне, у думках, вось і ўсё, а потым — потым яго шчаслівая зорка ўзыдзе зноў і зазіхаціць новым і чыстым бляскам. Тым часам ён ужо амаль не пакідаў кавярань. Ён заўважыў, што алкаголь выклікае ў яго такі самы душэўны ўздым, які ён адчуваў у дні сваёй плённай працы, у тыя дні, калі ён думаў над сваімі карцінамі з вялікаю цеплынёй і замілаваннем, параўнальным адно з яго любоўю да дзяцей. Пасля другой чаркі каньяку да яго вярталася гэта праніклівае хваляванне, і ён адчуваў сябе адначасова гаспадаром сусвету і яго слугой. На жаль, ён цешыўся гэтым пачуццём, склаўшы рукі, яно праходзіла марна, не ўвасабляючыся ў мастацкі твор. Але менавіта яно больш за ўсё набліжалася да творчай радасці, якая складала ўвесь сэнс яго жыцця, і цяпер ён доўгімі гадзінамі сядзеў у пракураных дымам і шумных закутках і аддаваўся марам.

Але ён цураўся тых кварталаў і кавярань, дзе можна было напаткаць мастакоў. Калі ж ён сустракаў знаёмага, які пачынаў з ім гутарыць пра яго жывапіс, яго брала паніка. Яму хацелася ўцячы, знаёмы заўважаў гэта, і тады Ёна ўцякаў. Ён ведаў, што за спінаю ў яго кажуць: «Ён лічыць сябе за Рэмбрандта», і гэта яшчэ больш прыгнятала яго. Так ці інакш, на яго твары ўжо не было ўсмешкі, і яго былыя сябры зрабілі з гэтага дзіўную, але непазбежную выснову: «Калі ён не ўсміхаецца, значыць, ён задаволены сабой». Ведаючы гэта, Ёна ўсё больш адасабляўся, пачаў скрытнічаць. Калі ён уваходзіў у кавярню, яму досыць было адчуць, што нехта з прысутных яго пазнаў, як усярэдзіне ў яго ўсё халадзела. Нейкую секунду ён стаяў у поўнай бяссільнасці, ахоплены нейкім незразумелым сумам, і намагаўся не выдаць свайго замяшання. Але раптам у ім абуджалася неадольная патрэба ў сяброўскай падтрымцы. Ён прыгадваў добрыя вочы Рато, рэзка паварочваўся і знікаў. Неяк, у адзін такі момант, ён пачуў, як нехта сказаў у яго за спінай: «Ты бачыў? Ну і пыса!»

Ён хадзіў ужо толькі ў кварталы на самай ускраіне, дзе яго ніхто не ведаў. Там ён мог гаманіць і ўсміхацца, да яго вярталася зычлівасць, ніхто яго не распытваў. Ён завёў некалькі малапатрабавальных прыяцеляў. І асабліва любіў кампанію аднаго, што працаваў гарсонам у прывакзальным буфеце, дзе Ёна часта бываў. Аднойчы той запытаўся: «А чым вы наогул займаецеся?» — «Малюю». — «Што, маляр? Ці, можа, мастак?» — «Мастак». — «Вунь як! Няпростая справа», — адказаў гарсон. Болей яны не гаманілі пра гэта. Але, думаў Ёна, справа няпростая, ды ён выкруціцца, вось толькі знойдзе, як уладзіць жыццё.

Дзень за днём, чарка за чаркай, ён знаёміўся з новымі людзымі, на дапамогу прыйшлі жанчыны. З імі ён умеў шчыра пагутарыць, перад ці пасля ложка, а галоўнае — крыху пахваліцца. Яны разумелі яго, нават калі і не надта давалі веры. Часам яму здавалася, што былая моц зноў вяртаецца да яго. І аднойчы, падбадзёраны адной такою сяброўкай, ён вырашыў пачаць усё спачатку. Ён вярнуўся дадому і зноў паспрабаваў працаваць у спальні, балазе краўчыхі тады не было. Але ўжо праз гадзіну адклаў палатно, усміхнуўся Луізе, гледзячы на яе пустымі вачыма, і выйшаў. Увесь дзень ён піў, а ноч правёў у сваёй сяброўкі, хоць быў, зрэшты, няздольны яе пажадаць. Раніцай Луіза сустрэла яго ў смутку, яе твар увасабляў сабой жывы боль. Яна хацела ведаць, ці спаў ён з гэтай жанчынай. Ёна адказаў, што з гэтай — не, бо быў п'яны, але раней спаў з іншымі. І ўпершыню, з адчаем у сэрцы, ён убачыў такі твар у Луізы, твар тапеліцы, на якім адбіліся здзіўленне і вялікая пакута. Тады ён раптам уразумеў, што за ўвесь гэты час нават не думаў пра яе, і яму зрабілася сорамна. Ён папрасіў прабачэння, цяпер з гэтым кончана, заўтра ўсё будзе зноў як раней. Луіза была няздольная штосьці сказаць і адвярнулася, каб схаваць свае слёзы.

На другі дзень Ёна выйшаў з дому вельмі рана. Ішоў дождж. Ён вярнуўся прамоклы да касцей, цягнучы на сабе нейкія дошкі. У вялікім пакоі за кавай сядзелі два старыя сябры, якія прыйшлі яго наведаць. «Ёна мяняе дэкарацыі. Цяпер ён будзе маляваць на дрэве!» — сказалі яны. Ёна ўсміхнуўся: «Зусім не. Але я сапраўды пачынаю нешта новае». Ён прайшоў у маленькі калідор, куды выходзілі душавы пакой, прыбіральня і кухня. Там, дзе калідор паварочваў, ён спыніўся і доўга разглядаў высокія сцены, што ўздымаліся пад змрочную столь. Спатрэбіліся лескі, і ён спусціўся па іх да кансьержа.

Калі ён вярнуўся, у кватэры было яшчэ некалькі знаёмых, і яму давялося адбівацца ад іх захопленых воклічаў і пытанняў дзяцей, каб нарэшце дабрацца да канца калідора. Жонка ў гэту хвіліну якраз выходзіла з кухні. Ёна паставіў лескі і моцна прыгарнуў яе да сябе. Луіза зірнула яму ў вочы. «Прашу цябе, — сказала яна, — не трэба пачынаць усё зноў». — «Не, не, — адказаў Ёна. — Я буду маляваць, я павінен маляваць». Але здавалася, ён казаў гэта самому сабе, яго позірк быў недзе вельмі далёка. Ён пачаў працаваць. Пасярэдзіне вышыні сцен ён збудаваў памост, і ў яго атрымалася нешта накшталт вузкіх, але глыбокіх і высокіх антрэсоляў. Адвячоркам усё было скончана. Тады Ёна стаў на лескі, ухапіўся рукамі за край памоста і некалькі разоў падцягнуўся, каб выпрабаваць трываласць сваёй канструкцыі. Потым ён далучыўся да тых, хто чакаў яго ў зале, і ўсе былі радыя зноў бачыць яго такім сардэчным і ветлівым, які ён быў раней. Увечары, калі хата ўжо амаль апусцела, Ёна ўзяў газніцу, крэсла, зэдлік, падрамнік і пад цікаўнымі позіркамі дзяцей і трох жанчын падняў усё гэта на антрэсолі. «Ну вось, — прамовіў ён з вышыні свайго седала. — Цяпер я буду працаваць тут і нікому не перашкоджу». Луіза запыталася, ці ўпэўнены ён, што зможа там нешта зрабіць. «Вядома, — адказаў Ёна. — Многа месца не трэба. Мне тут будзе вальней. Сярод вялікіх мастакоў былі і такія, што малявалі са свечкай, але...» — «Дошкі хаця трывалыя?» Дошкі былі трывалыя. «Супакойся, — сказаў Ёна, — гэта ж выдатнае выйсце». І ён спусціўся ўніз.

Назаўтра, з самага ранку, ён узлез на антрэсолі, сеў, паставіў перад сабой на зэдліку падрамнік, абапершы яго аб сцяну, і, не запальваючы газніцы, пачаў чакаць. Выразна да яго даходзілі толькі гукі з кухні ды прыбіральні. Усё астатняе — галасы гасцей, дзвярныя і тэлефонныя званкі, шарканне ног, размовы — здавалася вельмі далёкім і глухім, нібы адбывалася недзе на вуліцы ці ў суседнім двары. І ў той час, калі ўся кватэра патанала ў бязлітасным яркім святле, тут панаваў заспакойвальны цень. Час ад часу пад антрэсолямі ўзнікаў які-небудзь Ёнаў сябар. «Ты што там, Ёна?» — пытаўся ён. «Працую». — «Без святла?» — «Так, пакуль што без». Ёна не маляваў, ён разважаў. Седзячы ў змроку і амаль што ў поўнай цішы, якая параўнанні з ранейшым вэрхалам здавалася спакоем магілы ці пустэльні, ён прыслухоўваўся да свайго сэрца. Гукі, якія даходзілі да памоста, цяпер ужо быццам не тычыліся яго, нават калі да яго нехта звяртаўся. Так бывае, калі самотнік, заснуўшы ў сваім сіратлівым ложку, памірае сярод ночы, а ўранку ў пустым доме пачынае назойліва званіць тэлефон, дарэмна раздзіраючы паветра над глухім нерухомым целам. Але Ёна жыў, ён слухаў цішыню, што панавала ў ім, і чакаў. Ёна чакаў сваю шчаслівую зорку, якая, яшчэ недзе схаваная, была ўжо гатовая ўзысці зноў, узнікнуць раптам ва ўсім сваім непарушным харастве і зазіхацець над марнасцю пражытых дзён. «Свяці, свяці, — казаў ён, — не пазбаўляй мяне свайго святла». Яна заззяе зноў, ён быў упэўнены ў гэтым. Але раней — трэба было яшчэ доўга і шмат разважаць: на шчасце, цяпер ён мог быць адзін, не адасабляючыся ад блізкіх. Яму трэба было нарэшце ўразумець тое, чаго ён ясна яшчэ не ўсведамляў, хоць заўжды адчуваў і заўжды маляваў так, нібы яно было яму добра вядома. Ён павінен быў нарэшце авалодаць гэтаю таямніцай, бо яна, Ёна ведаў гэта, тычылася не толькі мастацтва. І таму ён не запальваў газніцы.

Цяпер кожны дзень Ёна залазіў на антрэсолі. Госці пачалі прыходзіць радзей, бо Луіза была заўсёды занятая і не магла шмат часу траціць на размовы. А Ёна спускаўся толькі паесці і потым зноў лез на сваё седала. Увесь дзень ён нерухома сядзеў у прыцемку. І толькі ўначы, калі жонка ўжо была ў ложку, таксама прыходзіў спаць. Праз некалькі дзён ён папрасіў Луізу падаць яму сняданак наверх, і яна зрабіла гэта так клапатліва, што Ёна нават расчуліўся. На ўсякі выпадак, каб болей не турбаваць жонкі, ён параіў ёй нарыхтаваць сёе-тое з ежы — няхай яно ляжыць тут, на антрэсолях. Паціху-патроху ён увогуле перастаў спускацца ўдзень, але і есці амаль што не еў. Неяк увечары ён паклікаў Луізу і папрасіў дзве коўдры: «Я пераначую тут». Луіза зірнула на яго, адкінуўшы голаў назад, хацела была нешта сказаць, але змаўчала. Яна толькі ўважліва глядзела на яго заклапочанымі і сумнымі вачыма. І раптам Ёна заўважыў, як яна пастарэла, які глыбокі след у яе душы пакінула іх нялёгкае жыццё. Ён падумаў тады, што ніколі па-сапраўднаму не дапамагаў ёй. Але раней, чым паспеў нешта сказаць, Луіза ўсміхнулася — так пяшчотна, што ў Ёны зашчымела ў сэрцы. «Як хочаш, любы», — сказала яна.

З гэтага часу Ёна спаў на антрэсолях і амаль не спускаўся. Госці ў доме адразу зніклі, бо ўбачыцца з Ёнам было немагчыма ні ўдзень, ні ўвечары. Адным казалі, што ён з'ехаў у вёску, іншым — калі лгаць ужо надакучвала, — што знайшоў сабе недзе майстэрню. Адзін Рато быў верны сабе і прыходзіў штодня. Ён узбіраўся на лескі, і яго буйны голаў узнікаў над памостам. «Ну як ты там?» — казаў ён. «Лепш за ўсіх». — «Працуеш?» — «А як жа». — «Але ж у цябе няма палатна!» — «Ну дык што, усё роўна працую». Падтрымліваць такі дыялог паміж лескамі і памостам было цяжка. Рато ківаў галавой, спускаўся і ішоў дапамагаць Луізе адрамантаваць электрычныя пробкі або замок. Потым, не ўзлазячы на лескі, развітваўся з Ёнам, і той азываўся са змроку: «Бывай, стары браце». Аднойчы да свайго развітання Ёна дадаў яшчэ: «Дзякуй». — «За што дзякуй?» — «За тое, што любіш мяне». — «Вось дык навіна!» — сказаў Рато і пайшоў.

Іншы раз, таксама ўвечары, Ёна клікнуў Рато. Той падбег. Наверсе ўпершыню свяціла запаленая газніца. Ёна звесіўся з памоста. Твар у яго быў заклапочаны і ўсхваляваны. «Падай палатно», — сказаў ён. «Што гэта з табой? Схуднеў увесь, і выгляд у цябе, нібы ў нейкага прывіда». — «Я апошнімі днямі амаль што не еў. Але ўсё гэта лухта, трэба працаваць». — «Паеш спачатку». — «Не, не хачу». Рато прынёс палатно. Раней як знікнуць на антрэсолях, Ёна запытаўся: «Як яны там?» — «Хто?» — «Ну, Луіза, дзеці». — «У парадку. Але каб ты быў побач, ім было б лепей». — «Я з імі. Ты абавязкова скажы ім, што я заўсёды з імі». І ён знік. Рато падзяліўся сваім клопатам з Луізай. Тая сказала, што і сама ўжо непакоіцца некалькі дзён. «Што ж рабіць?.. Ах, каб я магла працаваць замест яго!» Яна засмучана зірнула на Рато. «Я не магу жыць без яго», — сказала яна. У яе зноў быў твар той маладой дзяўчыны, якую Рато ведаў шмат гадоў назад. Ён здзівіўся такой перамене. І раптам заўважыў, што Луіза пачырванела.

Газніца гарэла ўсю ноч і назаўтра ўсю раніцу. Усім, хто б ні падыходзіў, Рато ці Луізе, Ёна адказваў адно: «Не чапай мяне, я працую». Апоўдні ён папрасіў газы. Газніца, якая ўжо пачынала курэць, ізноў загарэлася яркім полымем і свяціла да самага вечара. Рато застаўся абедаць з Луізай і дзецьмі. Была поўнач, калі ён пайшоў развітвацца з Ёнам. Ён падышоў да асветленых антрэсоляў, пастаяў нейкі час, але, так нічога і не сказаўшы, пайшоў. Раніцай наступнага дня, калі Луіза ўстала, газніца яшчэ гарэла.

Пачынаўся прыемны пагодны дзень, але Ёна не заўважаў гэтага. Знямоглы, абапёршыся рукамі на калені, ён сядзеў насупраць палатна, павернутага да сцяны, і чакаў. Ён казаў сабе, што цяпер ужо ніколі не будзе працаваць, ён быў шчаслівы. Ён чуў далёкае мармытанне дзяцей, шум вады, бразгат посуду. Нешта гаварыла Луіза. У вокнах брынькалі вялікія шыбы, калі па бульвары праязджаў грузавік. Жыццё па-ранейшаму цякло вакол, такое маладое і чароўнае: Ёна прыслухоўваўся да гэтай мілай людской мітусні. Гэтак, здалёк, яна не перашкаджала той вялікай радасці, якая напаўняла яго, яна не замінала яго мастацтву, думкам, якія ён быў няздольны выказаць і якім, відаць, было наканавана назаўжды застацца нявыказанымі. Але яны, гэтыя думкі, падымалі яго на недасягальную вышыню, дзе дыхаецца так лёгка і так вольна. Дзеці бегалі па пакоях, смяялася дзяўчо, вось і Луіза — таксама. Ён так даўно не чуў яе смеху. Ён любіў іх! Як ён любіў іх! Ён пагасіў газніцу, і ў апалым змроку, там — ці гэта не зорка зноў ззяла яму? Гэта была яна, ён пазнаў яе, яго сэрца поўнілася ўдзячнасцю, ён глядзеў на яе, глядзеў і раптам, бясшумна, упаў.

«Нічога страшнага, — трошкі пазней тлумачыў доктар, якога выклікалі да Ёны. — Ён занадта многа працуе. Праз тыдзень ён ужо будзе на нагах». — «Ён ачуняе, доктар, вы ўпэўнены?» — запыталася збялелая Луіза. «Ачуняе». У суседнім пакоі Рато разглядаў палатно. Яно было ўсё белае, і толькі ў самым цэнтры Ёна вывеў нешта вельмі маленькімі літарамі, так што цяжка было разабраць — ці то АДЗІНСТВА, ці то АДЗІНОТА.



Пераклад: Зьміцер Колас