Альбэр Камю

Міф пра Сізіфа

Багі асудзілі Сізіфа вечна каціць вялізны камень да вяршыні гары, адкуль ён зрываўся пад цяжарам сваёй вагі. Багі небеспадстаўна меркавалі, што няма пакарання жахлівей за бясконцую працу, якая не дае ні карысці, ні спадзявання.

Калі верыць Гамеру, Сізіф быў наймудрэйшы і найасцеражнейшы з смяротных. Паводле ж іншых паданняў, у яго была схільнасць да разбойніцкага рамяства. І я не бачу ў гэтым супярэчнасці. Погляды розняцца адносна прычын, з якіх ён апынуўся марным працаўніком апраметнай. Збольшага Сізіфа вінавацяць у крыху легкадумным стаўленні да багоў. Ён выдаваў іх сакрэты. Эгіна, дачка Асопа, была ўкрадзена Юпітэрам. Бацька, знянацку заспеты яе знікненнем, расказаў пра сваё гора Сізіфу. І той, ведаючы пра выкраданне, абяцаў Асопу раскрыць таямніцу, калі стары бацька пусціць ваду ў крэпасць Карынф. Замест грому і маланак нябесных Сізіф абраў блаславенне вадой. За гэта ён быў пакараны ў апраметнай. Гамер распавядае нам таксама, што Сізіф закаваў ланцугамі Смерць. Плутон не здолеў вытрываць відовішча свайго пустэльнага і маўклівага царства. Ён паслаў бога вайны, і той вызваліў Смерць з-пад улады яе пераможцы.

Распавядаюць яшчэ, што на апошнім крэсе жыцця Сізіф неасцярожна захацеў выпрабаваць каханне сваёй жонкі. Ён загадаў ёй не хаваць свайго цела, а кінуць яго пасярод гарадской плошчы. Неўзабаве ён апынуўся ў царстве ценяў. І там, угняўлёны яе паслушэнствам, настолькі супярэчлівым чалавечаму каханню, ён атрымаў дазвол Плутона вярнуцца на зямлю, каб пакараць сваю жонку. Але калі ён зноў убачыў дзённае святло, зноў зазнаў смак вады і сонца, цеплыню камення і прахалоду мора, ён не захацеў вяртацца ў змрок апраметнай. Напаміны, гнеў, пагрозы — усё было дарэмна. Яшчэ доўгія гады Сізіф жыў на беразе бліскучага марскога заліва, сярод усмешак зямных даброт. Спатрэбілася пастанова багоў, і вось Меркурый явіўся, каб схапіць свавольнага неслуха за каўнер і, адарваўшы ад жыццёвых уцех, сілаю звесці ў апраметную, дзе яго ўжо чакаў абломак скалы.

З гэтага ўжо зразумела, што Сізіф — абсурдны герой. Ён абсурдны сваімі пачуццямі, як і сваімі пакутамі. Пагарда да багоў, нянавісць да смерці, прага жыцця каштавалі яму жахлівай кары, калі ўсё існаванне зводзіцца да марнага занятку, якому няма канца. Такою цаной даводзіцца плаціць за зямныя пачуцці. Апавяданні нічога не кажуць нам пра Сізіфа ў апраметнай. Але міфы і зроблены дзеля таго, каб наша ўяўленне ажыўляла іх. Што ж датычыцца гэтага міфа, дык тут можна ўявіць сабе толькі вялікае напружанне мышцаў, намаганне ўзняць агромністы камень, пакаціць яго ўверх па адхоне і караскацца следам, сто разоў паўтараючы ўсё гэта зноў; можна ўявіць сабе сутаргава напяты твар, шчаку, прыціснутую да каменя, плячо, што падпірае пакрытую глеем камлыгу, нагу, падаткнутую пад яе, як клін, далоні, што перахопліваюць пакутлівы цяжар, і ўласцівую адно чалавеку ўпэўненасць дзвюх запэцканых глебаю рук. І вось, у самым канцы гэтага доўгага намагання, што вымяраецца прасторай без неба і часам без глыбіні, мэта дасягнута. І тады Сізіф бачыць, як камень кратаецца і за некалькі імгненняў злятае на самы ніз, адкуль яго зноў трэба ўздымаць да вяршыні. Сізіф спускаецца ў даліну.

Менавіта падчас гэтага спуску, гэтай разрыўкі мяне і цікавіць Сізіф. Бо твар, які напінаецца побач з каменем, — сам ужо камень! Я бачу, як гэты чалавек цяжкай, але роўнай хадою спускаецца насустрач пакутам, якім не будзе канца. Гэты час, калі можна вольна ўздыхнуць і які паўтараецца гэтак жа немінуча, як і самыя пакуты, гэты час і ёсць час прасвятлення розуму. У кожнае з тых імгненняў, калі Сізіф пакідае вяршыню і павольна спускаецца да паселішча багоў, ён узвышаецца над сваім лёсам. Ён мацнейшы за абломак скалы, які мусіць уздымаць.

Калі гэты міф і трагічны, дык толькі таму, што герой усведамляе сваё становішча. Сапраўды, ці такім бы быў яго цяжар, каб на кожным кроку яго падтрымлівала надзея перамагчы? Сучасны рабочы працуе штодня, усё жыццё — з той жа мэтай, і яго лёс не меней абсурдны. Але трагічны ён робіцца адно ў тыя рэдкія хвіліны, калі яго асвятляе свядомасць. Сізіф, пралетар багоў, бяссільны і ўзбунтаваны, разумее ўсю глыбіню свайго мізэрнага існавання: менавіта пра гэта ён думае, калі спускаецца ў даліну. Яснасць розуму, якая б мелася стаць яго пакутай, вянчае яго перамогу. І няма лёсу, над якім было б немагчыма ўзвысіцца сваёю пагардай.

 

Калі ж іншы раз спуску спадарожнічае пакута, яму можа спадарожнічаць і радасць. І ў гэтым слове няма перабольшвання. Я зноў уяўляю Сізіфа, калі ён вяртаецца да абломка скалы. Спачатку была пакута. Калі выявы зямнога жыцця яшчэ надта свежыя ў памяці, калі покліч шчасця занадта магутны, здараецца, што туга агортвае душу чалавека: і гэта — перамога каменя, тады сам чалавек — камень. Роспач настолькі вялікая, што вытрываць яе вельмі цяжка. У кожнага з нас была свая Гефсіманская ноч. Але прыгнятальныя ісціны развейваюцца, калі іх усведамляеш ясна і цалкам. Так, Эдып спачатку падпарадкоўваецца лёсу, таго не ведаючы сам. І толькі з той хвіліны, калі ён раптам усё ўсведамляе, пачынаецца яго трагедыя. Але ў той жа час, сляпы і прыведзены ў роспач, Эдып разумее, што адзіная нітка, якая злучае яго з гэтым светам, — гэта кволая ручка дачкі. І тады ён прамаўляе ні з чым не параўнальныя словы: «Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія давялося мне зведаць, мая старасць і веліч маёй душы дазваляюць мне меркаваць, што ўсё — добра». Сафоклаў Эдып, як і Кірылаў Дастаеўскага, вызначае такім чынам формулу абсурднай перамогі. Антычная мудрасць злучаецца з сучасным гераізмам.

Адкрыць абсурд можна адно адчуўшы спакусу напісаць падручнік шчасця. «Як! Прабачце — такімі вузкімі пуцявінамі?..» Але ж свет — адзін. І абсурд і шчасце — дзеці адной зямлі. Яны неразлучныя. Было б памылкай сказаць, што шчасце вынікае з адкрыцця абсурду. Але здараецца так, што пачуццё абсурду нараджаецца ад вялікага шчасця. «Я мяркую, што ўсё — добра», — кажа Эдып, і гэта святыя словы. Яны адбіваюцца рэхам у суровым і цесным чалавечым сусвеце. Яны вучаць, што не ўсё яшчэ было і ёсць вычарпана. Яны выганяюць з гэтага свету бога, які ўвайшоў сюды разам з незадаволенасцю і густам да марных пакут. Яны робяць лёс справай самога чалавека, справай, якую людзі павінны вырашаць самі і паміж сабой.

У гэтым і тоіцца маўклівая радасць Сізіфа. Яго лёс належыць яму. І абломак скалы — ягоная справа. Вось так, сузіраючы свае пакуты, абсурдны чалавек прымушае змоўкнуць усіх ідалаў. І тады ў раптоўна аціхлым сусвеце зноў пачынаюць гучаць тысячы тонкіх зачараваных зямных галасоў. Невыразныя і таемныя клічы, прывітанні, якімі вабіць кожны твар, — гэта і ёсць тое, што нясе з сабой перамога, гэта і ёсць узнагарода за яе. Няма сонца без ценю, і ноч таксама трэба зазнаць. Абсурдны чалавек кажа «так», і цяпер яго намаганням не будзе канца. Калі ж і ёсць свой лёс аднаго, дык нейкага вярхоўнага лёсу не існуе наогул ці існуе, прынамсі, толькі адзін — той, які абсурдны чалавек лічыць няўхільным і вартым пагарды. У астатнім ён адчувае сябе гаспадаром сваіх дзён. У тое мімалётнае імгненне, калі чалавек азіраецца і акідвае вокам сваё жыццё, Сізіф, вяртаючыся да камлыгі, сузірае чараду бязладных рухаў, якія складаюць яго лёс, створаны ім самім, злучаны непарушна яго памяццю і гэтак хутка змацаваны пячаткаю смерці. І так, упэўнены ў выключна чалавечым паходжанні ўсяго чалавечага, падобны да сляпога, які прагне ўбачыць і ведае, што ночы не будзе канца, Сізіф ніколі не спыняе свой крок. Яго камень коціцца і цяпер.

Я пакідаю Сізіфа каля падножжа гары! Свайго цяжару не пазбыцца ніколі. Але Сізіф вучыць найвышэйшай адданасці, якая адмаўляе багоў і ўздымае абломкі скал. Ён таксама мяркуе, што ўсё — добра. І цяпер гэты сусвет, дзе няма гаспадара, не здаецца яму ні бясплодным, ні нікчэмным. Кожны драбок гэтага каменя, кожны водбліск руды, затоенай у гэтай змрочнай гары, самі ўтвараюць сабой цэлы свет. І адной барацьбы за ўзыход да вяршыні ўжо досыць, каб напоўніць чалавечае сэрца. Сізіфа трэба ўяўляць шчаслівым.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com