epub
 
падключыць
слоўнікі

Альбэр Камю

Нямкі

Была сярэдзіна зімы, але над горадам, які ўжо прачнуўся і рупіўся тысячай спраў, падымалася цёплае прамяністае сонца. За дамбай просінь мора гублялася ў бліскучым блакіце неба. Але Івар не бачыў гэтага. Ён цяжка каціў па бульвары, які ішоў над портам. Яго пакалечаная нага нерухома ляжала на адмысловай педалі, якую ён прырабіў да ровара, а другая працавала за дваіх, перамагаючы каменны брук, вільготны яшчэ ад начной расы. Ён ехаў не падымаючы галавы, увесь скурчыўшыся на сядле, і стараўся трымацца далей ад рэек, па якіх некалі хадзіў трамвай. Часам ён рэзка паварочваў руль, збочваў, каб прапусціць машыны, што абганялі яго, і раз-пораз локцем адкідаў за спіну торбу, у якую Фернанда паклала яму сняданак. У гэты момант ён з горыччу думаў пра тое, што ляжала ў гэтай торбе. Замест яго любімага амлета па-гішпанску ці смажанага на алеі біфштэкса, між дзвюх скібак хлеба там быў усяго толькі скрылік сыру.

Дарога да майстэрні яшчэ ніколі не здавалася яму такой доўгай. Ну але, ён таксама старэў. Хоць у свае сорак год ён па-ранейшаму быў сухарлявы і гнуткі, бы вінаградная лаза, але мускулы саграваліся ўжо не так хутка. Часам, чытаючы спартыўныя навіны, дзе трыццацігадовага спартсмена называлі ветэранам, ён паціскаў плячыма. «Калі гэта ветэран, — казаў ён Фернандзе, — дык мне ўжо, відаць, пара ў шпіталь на ложак». Але ён ведаў, што журналіст у пэўным сэнсе мае рацыю. У трыццаць год сіла пачынае ўжо непрыкметна слабець. А ў сорак, хоць на спачынак яшчэ не пара, не, але спакваля, загадзя да яго пачынаеш рыхтавацца. Ці не таму ён даўно перастаў глядзець на мора, калі ехаў праз увесь горад у бандарню? Калі яму было дваццаць, ён не мог на яго наглядзецца, мора прадказвала яму прыемны адпачынак на пляжы ў канцы працоўнага тыдня. Нягледзячы на кульгавасць, а можа, менавіта праз яе ён заўсёды любіў плаваць. Потым прайшлі гады, ён ажаніўся з Фернандай, нарадзіўся сын; каб зарабіць на хлеб, яму давялося па суботах дадаткова працаваць у бандарні, а ў нядзелю браць заказы ў прыватнікаў. Патроху ён адвыкся ад гэтых бурных дзён, што напаўнялі яго маладое цела жыватворным сокам. Глыбокая, чыстая плынь, спякотнае сонца, дзяўчаты, вольнае цела — у гэтым краі не было іншага шчасця. І яно адыходзіла разам з маладосцю. Івар па-ранейшаму любіў мора, але цяпер мог глядзець на яго толькі ўвечары, калі блакіт бухты ўжо крыху згасаў. Гэта быў прыемны час, калі ён пасля працы сядаў на тэрасе свайго дома, трымаючы ў руцэ запацелую шклянку ганушоўкі. Хораша было адчуваць на сабе чыстую кашулю, так умела адпрасаваную Фернандай. Апускаўся вечар, неба ахіналася ў мяккую вынегу, і суседзі, якія вялі з Іварам нейкую гамонку, раптам паніжалі голас. Ён не ведаў тады — ці ён шчаслівы, ці — наадварот — яму хочацца плакаць. Прынамсі, у такія хвіліны ён заміраў у нейкім супакаенні, і яму заставалася толькі адно — чакаць, хоць ён і сам не ведаў чаго.

Але раніцай, калі ён ехаў на працу, глядзець на мора ён цяпер не любіў. Яно, як і раней, заўжды выбягала яму насустрач, але іх спатканне пераносілася толькі на самы вечар. Гэтым ранкам ён ехаў, панурыўшы галаву, і кожны метр дарогі даваўся яму цяжэй, чым звычайна, бо на душы ў яго таксама ляжаў цяжар. Калі ўчора ён вярнуўся ўвечары са сходу і сказаў, што заўтра яны зноў выходзяць на працу, Фернанда ўзрадавалася. «Што, — сказала яна, — значыць, гаспадар дае вам прыбаўку?» Але ніякай прыбаўкі гаспадар не даваў, забастоўка правалілася. Яны дзейнічалі дрэнна, гэта трэба было прызнаць. Прычынай забастоўкі была злосць, і тое, што прафсаюз паставіўся да яе без асаблівага энтузіязму, было слушна. Дый нарэшце, паўтара дзесятка рабочых — не бог ведае што, прафсаюз прымаў ва ўлік іншыя бандарні, а тыя не падтрымалі. І крыўдаваць на іх за гэта не даводзілася. Бандарная справа, якой пагражала будаванне наліўных суднаў і аўтацыстэран, была зусім не на ўздыме. Барылаў і бочак рабілі ўсё менш і менш, і ў асноўным займаліся рэпарацыяй старых вінных чопаў. Вядома, уладальнікі бандарань бачылі, што справы ў іх ідуць на глум, але прыбытак свой усё ж імкнуліся захаваць, і сама простым для гэтага ім здавалася замарозіць заробак рабочых, не гледзячы на рост цэн. А што рабіць бондару, калі бандарства знікае? Рамяство не памяняеш, калі палажыў столькі працы, каб яму навучыцца. А бандарства было рамяство цяжкае і патрабавала доўгай вывучкі. Рэдка знойдзецца такі бондар, які здолее прыгнаць пукатыя клёпкі, амаль герметычна змацаваўшы іх на агні і сціснуўшы абручом, без дапамогі пакулля ці іншай ушчыльнёўкі. Івар гэта ўмеў і ганарыўся гэтым. Памяняць рамяство — яшчэ нічога, але адмовіцца ад таго, што ведаеш, ад свайго ўласнага майстэрства — нялёгка. Прафесія добрая, а працы няма, нідзе не дзенешся — трэба прымірыцца. Але і прымірыцца таксама нялёгка. Няпроста трымаць язык за зубамі, не мець магчымасці шчыра выказаць свае думкі і вось так, кожную раніцу ездзіць на працу, згінаючыся ад стомы, якая павялічваецца кожны раз усё больш і больш, каб у канцы тыдня атрымаць тое, што табе зробяць ласку падаць — нейкія мізэрныя грашы, жыць на якія ўсё цяжэй і цяжэй.

І тады іх апанавала злосць. Двое ці трое спачатку яшчэ вагаліся, але пасля першых размоў з уладальнікам бандарні раззлаваліся і яны. Уладальнік заявіў, што таргавацца з імі не збіраецца — хто працаваць не хоча, можа ісці. З людзьмі так не размаўляюць. «Ён што думае, — сказаў тады Эспазіта, — што мы спусцім перад ім штаны?» Зрэшты, уладальнік быў неблагі хлопец. Майстэрня перайшла яму ў спадчыну ад бацькі, ён у ёй вырас і з маленства ведаў амаль усіх рабочых. Часам ён запрашаў іх закусіць — проста тут, у бандарні; яны смажылі сардзіны ці крывяную каўбасу, падкідаючы ў агонь габлюшкі, і пагутарыць з ім вось так, за кілішкам віна, было сапраўды прыемна. На Новы год ён заўсёды даваў кожнаму па пяць бутэлек добрага сухога віна, а калі нехта хварэў ці проста выпадала нейкая прычына — вяселле або хрэсьбіны, — рабіў і грашовыя падарункі. Калі ў яго нарадзілася дачка, усім былі паднесены цукеркі. Двойчы ці тройчы ён запрашаў Івара на паляванне ў свой маёнтак на ўзбярэжжы. Ён любіў сваіх рабочых і часта прыгадваў, што ягоны бацька таксама пачынаў як звычайны чаляднік. Але ён ніколі не заходзіў да іх дамоў, ён не ўяўляў сабе, што гэта такое. Ён думаў толькі пра сябе, бо ведаў толькі тое, што робіцца ў яго доме. І вось цяпер заявіў, што таргавацца з імі не збіраецца. Іначай кажучы, ён таксама занаравіўся. Але ж ён мог сабе гэта дазволіць.

Яны дамагліся згоды прафсаюза, і майстэрня спыніла працу. «Можаце не клапаціцца, каб выстаўляць свае пікеты, — сказаў уладальнік. — Калі майстэрня не працуе, я толькі выйграю». Гэта была няпраўда. Але і яна не ўладкавала справы, бо гэтым ён казаў ім у твар, нібы дае працу дзеля міласці. Эспазіта ашалеў ад гневу і сказаў гаспадару, што ён не чалавек. Тады той таксама закіпеў, наліўся крывёй, і іх давялося разнімаць. Але рашучасць гаспадара ўсё ж уразіла рабочых. І вось дваццаць дзён забастоўкі, дома — сумныя твары жанок, двое ці трое хлопцаў ужо пачалі траціць надзею, і нарэшце прафсаюз параіў саступіць, паабяцаўшы быць пасрэднікам і дамовіцца аб аплаце дзён забастоўкі за кошт дадатковых гадзін. Яны вырашылі аднавіць працу. Вядома, зроблена гэта было не без пыхлівасці — маўляў, нічога яшчэ не скончана, яшчэ ўбачым, хто каго. Але гэтым ранкам стома нагадвала пра цяжар паражэння, а ў торбе замест мяса ляжаў сыр. Будаваць нейкія ілюзіі ўжо было немагчыма. Івар круціў адзіны педаль ровара, і яму здавалася, што з кожным паваротам кола ён старэе яшчэ больш. Калі ён думаў пра хуткую сустрэчу з таварышамі, майстэрняй, з яе ўладальнікам, на сэрцы ў яго цяжэла. І Фернанда непакоілася: «Што ж вы яму скажаце?» — «Нічога», — Івар перакінуў нагу цераз сядло, абжэргаў ровар, ківаючы галавой. Ён сціснуў зубы, і яго невялічкі загарэлы твар, пакрыты дробнымі зморшчынкамі, спахмурнеў. — «Будзем працаваць. Гэтага досыць». Цяпер ён ехаў, гэтак жа сцяўшы зубы, апанаваны глухой, высушальнаю злосцю, ад якой, здавалася, цямнела само неба.

Бульвар і мора ён пакінуў ззаду і пакаціў па сырых вуліцах старога гішпанскага квартала. За імі пачынаўся абшар, забудаваны складамі нейкага жалеззя, вазоўнямі, гаражамі, сярод якіх месцілася і майстэрня — нешта накшталт вялікага хлява, да паловы мураванага, а вышэй — зашклёнага шыбамі пад самы дах з гафраванага жалеза. Побач з ім была старая бандарня — двор з паветкамі ўздоўж сцен, які быў пакінуты, калі прадпрыемства разраслося, і цяпер служыў звычайным складам для зношаных механізмаў і струхлелых вінных бочак. За дваром, аддзелены ад яго нечым накшталт прахода, крытага старой гонтай, пачынаўся гаспадарскі сад, у глыбіні якога ўзвышаўся будынак. Вялікі і нязграбны, ён меў, аднак, прываблівы выгляд дзякуючы дзікаму вінаграду і тонкаму бружмелю, што абвівалі пярэдні ганак з лесвіцай на другі паверх.

Івар адразу ўбачыў, што дзверы ў майстэрню зачыненыя. Побач моўчкі стаяла кучка рабочых. Упершыню за ўвесь час, як ён працаваў тут, прыехаўшы на працу, ён бачыў, што дзверы зачыненыя. Гаспадар, відаць, хацеў гэтым падкрэсліць сваю перамогу. Івар пад'ехаў да паветкі злева ад бандарні, паставіў ровар і рушыў да дзвярэй. Яшчэ здалёк ён пазнаў Эспазіта, рослага зухаватага хлопца, смуглявага ад загару і густых валасоў, якія пакрывалі ўсё яго цела; яны працавалі побач. Далей стаялі Марку, прадстаўнік прафсаюза з летуценным тварам тэнара, і Саід, адзіны араб у бандарні. Нарэшце Івар разгледзеў і іншых, усе яны моўчкі чакалі яго. Але перш чым ён паспеў падысці, усе раптам павярнуліся да дзвярэй, якія ціха зарыпелі. У праёме ўзнік Балестэр, майстар. Павярнуўшыся спінаю да рабочых, ён марудна штурхаў адну з цяжкіх дзвярных фортак, пасоўваючы яе па чыгуннай рэйцы.

Балестэр, старэйшы ў бандарні, выступаў супраць забастоўкі. Аднак, калі Эспазіта заявіў, што гэтым ён служыць на карысць гаспадару, ён змоўк. Цяпер майстар стаяў каля адчыненых дзвярэй, каржакаваты і прысадзісты, апрануты ў свой вязаны нацельнік колеру марской хвалі і ўжо разуты (толькі ён ды Саід у майстэрні працавалі босыя), ён глядзеў на іх сваімі светлымі вачыма, светлымі да таго, што яны здаваліся бясколернымі на яго старым абсівераным твары з маркотным ротам пад густымі абвіслымі вусамі. Уваходзячы, рабочыя маўчалі, прыніжаныя сваёй капітуляцыяй і злыя на сваё маўчанне, але тым менш здольныя парушыць яго, чым болей яно цягнулася. Яны праходзілі, не гледзячы на Балестэра, бо ведалі, што ён толькі выконвае загад, прапускаючы іх вось так, па адным, і яго сумны, пануры выгляд ясна паказваў, што ён сам пра гэта думае. Толькі Івар зірнуў на яго. Балестэр, які любіў Івара, моўчкі трасянуў галавой.

Цяпер усе яны стаялі ў раздзявальні, што была справа ад увахода. Нібы стайня, яна падзялялася светлымі дашчанымі перагародкамі на вузкія станкі без дзвярэй, у кожным стаяла невялікая шафка. Апошняя ад увахода кабінка, у куце, была прыстасавана пад душавую, дзе проста ва ўтрамбаванай зямлі быў пракапаны рышток. Пасярод майстэрні, побач з кожным працоўным месцам валяліся сабраныя, з яшчэ не дапушчанымі абручамі бочкі, якія чакалі сваёй падгонкі на агні; стаялі масіўныя лавы з прарэзанай па цэнтры доўгай шчылінай, з якой часам тырчала недагабляванае фуганкам днішча; далей чарнелі закураныя горны. Злева ад увахода ўздоўж сцяны стаялі варштаты. Перад імі кучамі грувасціліся неабструганыя клёпкі. Каля правай сцяны, непадалёк ад раздзявальні, моўчкі блішчалі дзве вялікія, магутныя, шчодра падмазаныя механічныя пілы.

Хлеў ужо даўно стаў занадта вялікі для той жменькі людзей, якія яго займалі. У спёку гэта было выгодай, але ўзімку прыносіла вялікія пакуты. Сёння ж тут было асабліва няўтульна: рабочыя прылады былі параскіданы абы-дзе, па кутах валяліся бракаваныя бочкі, іх клёпкі, змацаваныя ўнізе адным абручом, распадаліся нібы пялёсткі груба вычасаных драўляных кветак, на лавах, скрынях з начыннем, варштатах ляжаў апіловачны пыл — усё гэта надавала майстэрні занядбаны выгляд. Ужо пераапранутыя ў старыя нацельнікі і палінялыя, залапленыя штаны, рабочыя нерашуча пазіралі вакол. Балестэр глядзеў на іх. «Ну што, — нарэшце сказаў ён, — пачнём?» Адзін за адным яны моўчкі разышліся на свае месцы. Пераходзячы ад аднаго да другога, Балестэр сцісла нагадваў кожнаму, што ён мусіць рабіць ці закончыць. Ніхто яму не адказваў. Неўзабаве грукнуў па зубіле першы малаток, насоўваючы абруч на пукаты бок бочкі; зарыпеў, наскокваючы на сучкі, фуганак; пакрыўджана загула, завішчала пушчаная Эспазітам электрапіла. Каму было трэба, Саід падносіў клёпкі ці запальваў вогнішча, над якім трымалі бочкі, пакуль яны не набухалі ў сваім жалезным гарсэце. А калі яго ніхто не клікаў, з усяго размаху кляпаў на варштаце вялізныя ржавыя абручы. Хлеў пачынаў поўніцца пахам палёных габлюшак. Івар, які габляваў і падганяў клёпкі, нарэзаныя Эспазітам, учуў гэты стары, знаёмы водар, і на душы ў яго крыху палегчала. Усе працавалі моўчкі, але паціху ў майстэрні пачынала цяплець, вярталася жыццё. Яркае святло, пранікаючы праз высокія шыбы пад столлю, залівала ўвесь хлеў. У залачоным паветры падымаліся сінія дымкі. Івар нават пачуў, як побач прагудзеў нейкі жук ці то муха.

У гэту хвіліну заднія дзверы ў старую бандарню адчыніліся, і на парозе ўзнік гаспадар, пан Ласаль. Гэта быў хударлявы брунет, якому ледзь перайшло за трыццаць. Ён быў у бежавым габардзінавым гарнітуры і белай кашулі і, мяркуючы па ўсім, адчуваў сябе ўпэўнена ў сваім целе. Нягледзячы на вузкі, кашчавы, з рэзкімі рысамі твар, ён звычайна выклікаў сімпатыю, як і большасць людзей, якія дзякуючы спорту трымаюцца вольна і натуральна. Праўда, гэты раз, адчыніўшы дзверы, ён выглядаў трошкі збянтэжана, і яго прывітанне прагучала не так зычна, як заўсёды. Ніхто ва ўсякім выпадку не адказаў. Адно дробат малаткоў збіўся, разладзіўся на нейкі момант, але адразу загрукатаў зноў, з новай сілай. Ласаль нерашуча ступіў некалькі крокаў наперад, спыніўся і потым рушыў да Валеры, хлапчука, які працаваў з імі ўсяго толькі год. Стоячы за некалькі крокаў ад Івара, Валеры ўстаўляў у бочку днішча. Гаспадар спыніўся побач і пачаў назіраць. Хлопец моўчкі працаваў. «Ну што, сынку, — сказаў Ласаль, — усё ў парадку?» Рухі юнака раптам страцілі спрыт. Ён скоса зірнуў на Эспазіта, які непадалёк збіраў вялізнае бярэмя клёпак, каб занесці іх Івару. Не спыняючы работы, Эспазіта таксама глянуў на Валеры, і той зноў уткнуў нос у бочку, нічога не адказаўшы гаспадару. Крыху азадачаны, Ласаль яшчэ нейкі час стаяў каля юнака, потым паціснуў плячыма і павярнуўся да Марку, які, седзячы верхам на лаве, павольнымі і трапнымі рухамі вычосваў край днішча. «Дзень добры, Марку», — сказаў Ласаль ужо больш сухім тонам. Марку не адказаў, засяродзіўшы ўсю ўвагу на тым, каб здымаць як мага танчэйшыя стружкі. «Ды што гэта на вас найшло? — голасна сказаў Ласаль, звяртаючыся ўжо да ўсіх рабочых. — Ну, праўда, ну, не выйшла ў нас дамовіцца. Дык што, цяпер і працаваць разам немагчыма? Навошта ўсё гэта?» Марку ўстаў, выцягнуў днішча са шчыліны, правёў па беразе далонню і з задавальненнем прыжмурыў млявыя вочы. Потым маўкліва павярнуўся і пайшоў да другога рабочага, які збіраў бочку. Ва ўсёй майстэрні было чуваць адно грукат малаткоў ды віск механічнай пілы. «Добра, — сказаў Ласаль. — Калі ў вас гэта пройдзе, скажаце мне. Хай Балестэр прыйдзе». І ён спакойна выйшаў з майстэрні.

Амаль адразу пасля гэтата гармідар бандарні прарэзалі два званкі. Балестэр, які прысеў быў скруціць цыгарку, цяжка падняўся і рушыў да задніх дзвярэй. Калі ён выйшаў, грукат малаткоў пацішэў, а нейкі адзін рабочы нават спыніўся. Але Балестэр хутка вярнуўся назад. Проста ад дзвярэй ён сказаў: «Марку, Івар, вас кліча гаспадар». Першым рухам у Івара было пайсці памыць рукі, але па дарозе да мыйніцы Марку схапіў яго за рукаў, і ён, кульгаючы, падыбаў за ім.

Знадворку сонца было такое зыркае і густое, што Івар адчуваў, як яго промні ліюцца па ягоным твары і голых руках. Яны падняліся па лесвіцы, абвітай бружмелем, на якім дзе-нідзе ўжо распусціліся кветкі. Калі яны ўвайшлі ў абвешаны дыпломамі калідор, да іх данесліся дзіцячы плач і голас Ласаля, які казаў жонцы: «Пасля снедання пакладзеш яе ў ложак. Калі нічога не зменіцца, паклічам доктара». Потым гаспадар выйшаў у калідор і запрасіў іх у невялічкі, ужо знаёмы ім кабінет, абстаўлены пад просты вясковы пакой, сцены якога былі ўпрыгожаны спартыўнымі трафеямі. «Сядайце», — сказаў Ласаль, займаючы месца за пісьмовым сталом. Яны засталіся стаяць. «Я вас паклікаў таму, што вы, Марку, — прадстаўнік прафсаюза, а ты, Івар, мой сама стары рабочы пасля Балестэра. Я не хачу зноў пачынаць спрэчку, якая ўжо скончана. Я не магу, проста не магу даць вам тое, чаго вы просіце. Справа вырашана, мы прыйшлі да высновы, што трэба зноў брацца за работу. Я бачу, што вы на мяне крыўдзіцеся, і скажу па ўсёй шчырасці, мне цяжка адчуваць гэта. Я толькі вось што хачу яшчэ сказаць: тое, чаго я не магу зрабіць сёння, мабыць, стане магчыма тады, калі справы пойдуць лепей. І калі такая магчымасць будзе, я зраблю гэта раней, чым вы ў мяне папросіце. А пакуль што, давайце паспрабуем працаваць у згодзе». Ён змоўк і, здавалася, задумаўся, потым зноў падняў на іх вочы і спытаў: «Ну што?» Марку глядзеў праз акно. Івар стаяў, сціснуўшы зубы. Ён хацеў нешта сказаць, але не мог. «Слухайце, — сказаў Ласаль, — вы ўсе проста ўпяліся рогам, і ўсё. Але ў вас гэта пройдзе. Дык вось, калі вы зноў будзеце здольныя разважаць цвяроза, не забудзьцеся на тое, што я вам цяпер сказаў». Ён устаў, падышоў да Марку і, працягнуўшы яму руку, кінуў: «Чао!» Марку раптам увесь збялеў, і ў адно імгненне яго летуценны твар зрабіўся чэрствы і злы. Ён рэзка крутануўся на абцасах і пайшоў. Ласаль, таксама збялелы, глянуў на Івара і, не працягваючы яму рукі, крыкнуў: «Ну дык і ідзіце вы на...!»

Калі яны вярнуліся ў майстэрню, рабочыя снедалі. Балестэр некуды выйшаў. Марку выціснуў адно: «Лухта», — і пайшоў да свайго працоўнага месца. Эспазіта перастаў жаваць хлеб і запытаўся, што яны адказалі. Івар сказаў, што яны не адказалі нічога. Потым пайшоў па торбу, вярнуўся і сеў на лаву, побач з якой працаваў. Ён пачаў быў есці, калі раптам заўважыў, што Саід ляжыць на спіне на кучы габлёвак, утаропіўшы позірк на вялізныя шыбы, за якімі сінела цяпер ужо не такое прамяністае неба. Івар запытаўся ў яго, ці ён снедаў? Саід сказаў, што ўжо з'еў свае смоквы. Івар перастаў есці. Пакутлівае пачуццё, якое безупынна кроіла яму душу пасля гутаркі з Ласалем, раптам знікла і саступіла месца цёплае спагадзе. Ён устаў, разламаў хлеб на два кавалкі і падаў адзін Саіду. Той хацеў адмовіцца, але Івар запэўніў яго, што праз тыдзень усё будзе лепей, і сказаў: «Тады і ты мяне пачастуеш». Саід усміхнуўся. Потым узяў кавалак Іваравага бутэрброда і пачаў есці — павольна, не спяшаючыся, нібыта быў зусім не галодны.

Эспазіта ўзяў стары рондаль, згроб трэскі, габлюшкі, запаліў вогнішча і паставіў на ім грэцца каву, якую прынёс з сабой у бутэльцы. Ён паведаміў, што гэта падарунак крамніка з суседняй бакалейні, які даў яму кавы на ўсю майстэрню, калі даведаўся, што іх забастоўка правалілася. Пілі са слоічка з-пад гарчыцы, чаргою перадаючы яго адзін аднаму. Эспазіта падліваў кожнаму гарачую, ужо падсалоджаную каву. Саід выпіў яе з куды большай ахвотай, чым еў. Рэшту Эспазіта, прыцмокваючы, выпіў проста з распаленага рондаля і ўвесь час лаяўся, апякаючы сабе вусны. У гэты час вярнуўся Балестэр і сказаў, што пара зноў брацца за работу.

Усе падняліся і пачалі збіраць у торбы паперу і посуд. Балестэр стаў пасярод майстэрні і раптам сказаў, што хоць гэта і цяжкі ўдар для іх, і для яго таксама, але ніякай рацыі паводзіць сябе гэтак, па-дзіцячы, няма — тапырся тут ці не, справе гэтым усё роўна не дапаможаш. Эспазіта з рондалем у руцэ павярнуўся да Балестэра, і яго доўгі, мясісты твар разам пачырванеў. Івар ведаў, што ён зараз скажа, усе яны думалі тое самае: яны не тапырыліся, ім проста заткнулі рот — маўляў, каму не падабаецца, можа ісці, — а гнеў і бяссілле выклікаюць часам такі боль, што немагчыма нават крычаць. Яны былі людзі, вось і ўсё. І яны не маглі раптам пачаць усміхацца і выціскаць з сябе прыязныя міны. Але Эспазіта нічога гэтага не сказаў, яго твар урэшце праяснеў, і ён толькі мякка палопаў Балестэра ла плячы. Усе тым часам ужо прымаліся за працу. Зноў загрукаталі малаткі, хлеў напоўніўся знаёмым гармідарам, запахла габлёўкамі і старым прапацелым адзеннем. Вішчала вялізная піла, грызучы свежую дошку, якую Эспазіта паволі пасоўваў наперад. Вільготнае пілавінне, якое вылятала з-пад яе зубцоў, нібы хлебным крошывам пакрывала дужыя валасатыя рукі, што моцна сціскалі дошку абапал порсткага ляза. Калі адлятала новая адпілаваная клёпка, віск сціхаў, і было чуваць адно бурчанне матора.

Івар габляваў не разгінаючыся і ўжо пачынаў адчуваць ламоту ў спіне. Звычайна стома прыходзіла пазней. Гэта натуральна — за тыя тры тыдні, што яны баставалі, ён страціў звычку. Але прычынай, відаць, быў і ўзрост — з цягам часу ручная праца, што патрабуе не толькі дакладнасці, робіцца ўсё цяжэй. Навярэджаная спіна нагадвала яму пра старасць. Там, дзе галоўнае — мышцы, праца ўрэшце ператвараецца ў пекла, а за ёй стаіць смерць; нездарма пасля цяжкага працоўнага дня падаеш і спіш, нібы мёртвы. Яго сын хацеў быць настаўнікам, і ён меў рацыю: тыя, хто шмат агітуе за фізічную працу, не ведаюць, пра што кажуць.

Калі Івар выпрастаўся, каб перавесці дых і заадно скінуць дурныя думкі, зноў пачуўся званок. Ён гучаў настойліва, уладна, нервова зрываючыся — і гэта было да таго дзіўна, што рабочыя нават спыніліся. Балестэр спачатку таксама застыў і здзіўлена слухаў, але потым схамянуўся і не спяшаючыся рушыў да дзвярэй. Праз некалькі секунд пасля таго, як ён выйшаў, званок нарэшце змоўк. Усе ўзяліся за працу. Але дзверы зноў рэзка адчыніліся, і да раздзявальні хутка прабег Балестэр. Амаль адразу ён адтуль выйшаў ужо абуты і, на хаду нацягваючы куртку, кінуў Івару: «У малой прыступ. Я пабег па Жэрмэна». І ён знік за дзвярыма. Жэрмэн быў доктар, які абслугоўваў майстэрню; ён жыў у гэтым самым прадмесці. Івар перадаў навіну без усялякіх каментарыяў. Рабочыя скупіліся вакол і збянтэжана глядзелі адзін на аднаго. Было чуваць, як ціха буркоча матор механічнай пілы. «А можа, усё гэта — так, нічога сур'ёзнага», — сказаў нехта з іх. Усе разышліся, і майстэрню зноў напоўніў грук малаткоў. Але працавалі цяпер не спяшаючыся, нібы нечага чакалі.

Праз чвэртку гадзіны Балестэр вярнуўся, зняў куртку і моўчкі выйшаў праз заднія дзверы. Святло за шыбамі пачынала згасаць. Трошкі пазней, калі піла дагрызала чарговую клёпку, пачулася сірэна «хуткай дапамогі», спачатку здалёк, потым бліжэй, і вось — падкошаная. «Вось табе маеш!» — прамовіў Марку. Балестэр увайшоў у майстэрню, усе рушылі да яго. Эспазіта выключыў матор. Балестэр паведаміў, што распранаючыся ў спальні, дзяўчынка раптам упала, нібы падкошаная. «Вось табе маеш»! — прамовіў Марку. Балестэр паківаў галавой і зрабіў нейкі невыразны рух, відаць, запрашаючы ўсіх працаваць, але выгляд у яго быў узрушаны. Зноў загула сірэна санітарнай машыны. Зацярушаныя пілавіннем, у старых, зашмальцаваных штанах, яны стаялі з бяздзейна апушчанымі загрубелымі рукамі пасярод аціхлай майстэрні пад плынню жоўтага святла, што лілося праз вялікія шыбы вокнаў.

Рэшта дня цягнулася марудна. Івар ужо адчуваў толькі стому і цяжар, які па-ранейшаму сціскаў яму сэрца. Ён бы вельмі хацеў пагутарыць. Але яму не было чаго сказаць, і іншым таксама. На іх змрочных тварах чыталіся толькі скруха і нейкая ўпартасць. Часам недзе ў ім пачуццё пачынала складацца ў слова «няшчасце», але, ледзь народжанае, распадалася зноў, як бурбалка, што лопаецца, не паспеўшы ўзнікнуць. Яму хацелася вярнуцца дадому, да Фернанды, да хлопчыка, на сваю ціхую тэрасу. І вось Балестэр абвясціў канец работы. Механізмы спыніліся. Не спяшаючыся рабочыя пачалі прыбіраць працоўныя месцы, гасілі горны, потым адзін за адным пацягнуліся да раздзявальні. Апошні застаўся Саід, ён мусіў усё падмесці і спырснуць пыльную земляную падлогу вадой. Калі Івар зайшоў у раздзявальню, Эспазіта, вялізны і валасаты, ужо стаяў пад душам і, павярнуўшыся да ўсіх спінаю, шумна намыльваўся. Звычайна рабочыя кпілі з яго сарамлівасці, бо гэты мядзведзь заўсёды ўпарта хаваў свае вартасці. Але сёння ніхто, здаецца, не звярнуў на гэта ўвагі. Эспазіта задам выйшаў з душа і аперазаўся ручніком накшталт набедранай павязкі. За ім па чарзе пачалі мыцца іншыя. Калі Марку з асалодай пляскаў сябе па голых баках, вялікія дзверы зарыпелі і паволі адкаціліся на чыгунным колцы. Увайшоў Ласаль.

Ён быў апрануты, як і першы раз, адно валасы былі трошкі раскудлачаныя. Ён спыніўся на парозе, азірнуў прасторную, апусцелую майстэрню, ступіў некалькі крокаў, зноў спыніўся і глянуў у бок раздзявальні. Эспазіта, па-ранейшаму аперазаны сваёй набедранай павязкай, стаяў, пераступаючы з нагі на нагу, і збянтэжана глядзеў на гаспадара. Івар падумаў, што Марку, напэўна, павінен нешта сказаць. Але Марку адхінуўся заслонай дажджу і яго не было відаць. Эспазіта схамянуўся, схапіў кашулю і спрытна яе нацягнуў. Тады, крыху прыглушаным голасам, Ласаль сказаў: «Усяго добрага», — і пайшоў да задніх дзвярэй. Калі Івар падумаў, што яго трэба паклікаць, дзверы ўжо зачыніліся.

Не чакаючы сваёй чаргі, каб памыцца, Івар апрануўся і ад шчырага сэрца развітаўся таксама. Усе адказалі яму з аднолькавай цеплынёй. Ён хутка выйшаў, сеў на ровар і зноў адчуў ламоту ў спіне. Набліжаўся вечар, горад быў поўны людзьмі і машынамі. Івар ехаў шпарка, бо хацеў хутчэй апынуцца дома, на тэрасе. Спачатку ён памыецца ў пральні, а пасля сядзе і будзе глядзець на мора, якое — вунь ужо выбегла па-за парапетам бульвара, хай цяпер і не такое блакітнае, як уранку. Але думка пра дзяўчо ніяк не пакідала яго, і ён не мог, як ні стараўся, пазбавіцца ад яе.

Дома хлопчык ужо вярнуўся са школы і цяпер чытаў часопісы з малюнкамі. Фернанда запыталася, як усё прайшло. Але Івар не адказаў і пайшоў мыцца ў пральню. Потым вярнуўся, выйшаў на тэрасу і сеў на лаву, абапершыся спінаю аб сцяну. Над галавой у яго сушыліся гірлянды цыраванай і пазалапленай бялізны. Неба пачынала яснець, а мора цяпер, увечары, рабілася мяккім і ціхім. Фернанда прынесла ганушоўку, дзве шклянкі, глячок з халоднай вадой. Потым села побач з мужам, і ён, трымаючы яе за руку, як было некалі, першы час пасля вяселля, расказаў ёй усё. Ён скончыў і гэтак жа нерухома глядзеў на мора, з-за якога хутка набягаў змрок, з краю ў край захінаючы далягляд. Івар уздыхнуў: «Ён сам вінаваты». Як бы ён хацеў зноў стаць маладым, і каб Фернанда таксама была маладая, і яны паплылі б туды, далёка, за мора — да іншых берагоў.



Пераклад: Зьміцер Колас