epub
 
падключыць
слоўнікі

Алег Лойка

Радзіме

Усім карэннем — у табе,

Адной галінкай — над табою...

Чым заслужыў, калі паспеў,

Што ты мяне з крыніцаў поіш?..

 

А чым табе даўгі сплаціць,

Якіх, чым больш жыву, не меней?..

Як зорны, хлеб мой зіхаціць:

Скарынка —

        у духмяным кмене.

 

А я — галіначка адна

Між вечных зор і тых, якія

З крыніц мігочуць давідна,

Упаўшы ў нетры іх жывыя.

 

I сэрца, як лісток, трымціць,

Што супакоіць немагчыма:

«А чым даўгі табе сплаціць,

Мая Радзіма?!.»

 

Хай не глынуць мне даўкі ком,

Хай шчодрасць мне твая дакорам,—

Не сорамна быць даўжніком,

Забыцца,

        што даўжнік ты,

                сорам.

 

Не сорамна любіць да слёз,

Лічыць твой боль і ўзлёт сваімі

I дзякаваць вялікі лёс,

Што даў спазнаць цябе, Радзіма.

 

Аглухну — не ад зім і лет,

Аслепну — не ад скрух і плачу,—

Ад прагі чуць твой кожны шэпт

I ўсю тваю бясконцасць бачыць,

Мая Радзіма!..

 


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Лазарук, М.А.  Родная літаратура :  Падручнік-хрэстаматыя для 6 кл.агульнаадукац.шк.з бел.і рус.мовамі навучання. -  Мн. :  Нар.асвета, 2001. -  271с.
Крыніца: скан