Алена Брава

Тапіць дзяўчатак тут дазволена

Труцяць, труцяць - а якая карысць? І - ледзь не наступіла на кучку запэцканых інсектыцыдам напаўжывых членістаногіх: спаўзліся да ўмывальніка, бач ты, а яна прыняла іх за разадраную на драбнюткія шматкі бакавіну пачка ад запалак; трымаючыся за сцены ў брудна-шэрых падцёках, пацягнулася ў свой пакой, сама нібыта недатручаны прусак: зранку ў страўніку бурболіць, бы ў слоіку з заплеснелым марынадам, а боль які, Госпадзі, проста схваткі - так, пэўна, пакутуюць жанчыны ў радзільні, ну а ёй, ёй дык адкуль ведаць, як яны пакутуюць? Уляглася на тахту - спружыны нават не ўсхліпнулі - схуднела яна апошнім часам. («Неўрастэнія, - лаканічна прыпячатаў участковы тэрапеўт, бегла зірнуўшы на яе картку, - ну, так-так, выкладчык педтэхнікума, з ёю ім, эскулапам, заўсёды ўсё «ясна», вось і гэтаму таксама - накрэмзаў пазногцем на яе голым жываце нейкую сетку, якая праз тры хвіліны зрабілася ярка-чырвонай, і параіў: - Нервы лячыце».)

Нервы ў яе сапраўды не ў парадку, тут і да бабкі хадзіць не трэба, толькі вось праца зусім ні пры чым. Студэнты яе любяць: «Аэліта Андрэеўна, вы расказваеце пра падзеі 1812 года так, быццам самі бачылі вогнішчы егераў на Батарэях». А яна і бачыла. Альбо - дырэктар тэхнікума: «Вось вы паўтараеце ўслед за сярэдневяковымі шарлатанамі, што вірусы быццам бы слугі, хм, нябачнага дэмана, але ж Парацэльс ваш, мілачка мая, быў усяго толькі невук, га? - Прыгразіць, бывала, тлустым пальцам: - Гісторыя любіць дакладнасць. Прыпадзі, як сказана, і папі... Вось так». А яна і прыпадала, і піла набгом, у дзяцінстве ёй здавалася, што з той ракі ўсе могуць піць, і крыўдзілася, калі дарослыя смяяліся з яе расказаў пра сем покрываў («Марыя Сямёнаўна, вы надзвычай удала выбралі імя дачцэ - Аэліта! З галіны фантастыкі, хі-хі!»), а потым, калі яна вызначыла ў суседкі цёткі Доры язву страўніка, якую пацвердзіў японскі зонд, ужо не смяяліся, а асцярожна раілі паступаць у медыцынскі: «Грошы заграбаць будзеш!» Але яна насуперак усім выбрала гістарычны: не хацела яна таго страшнага дару! Вось і Чорны Лама туды ж, соваў ёй кніжкі па раджа-ёзе: «З тваімі дадзенымі можна лёгка навучыцца пакідаць цела!» А навошта ёй гэта - пакідаць цела? Ёй і ў сваім целе вельмі нават няблага, - зразумела, не цяпер, калі нутро выварочвае. І сноў тых, яркіх, нібыта ўсходні базар, і куды больш жывых, чым так званая рэчаіснасць, - і сноў тых яна не хацела: была нават задаволена, калі пасля таблетак, што давала ёй маці, гэтыя незвычайныя сны надоўга пераставалі сніцца. І ў «ашрам», як прэтэнцыёзна называў свой гурток Чорны Лама (у «свецкім» жыцці - Лёха Вош, ён блазнюком вечна з піянерлагера з-за завашыўленасці вылятаў), - у гурток гэты яна для таго толькі падалася, каб адшукаць у сабе крыніцу таго пакутлівага незвычайнага зроку і, калі ўдасца, выключыць яго, як выключаюць фары аўтамабіля.

Вось калі ляжаць, падцягнуўшы калені да жывата, дык, здаецца, і не баліць. Хутчэй бы Кудзін прыйшоў. Насценны гадзіннік з надтрэснутым шклом, галінастыя аленевыя рогі расколін аблыталі цыферблат дробнаячэістай сеткай, быццам бы разарванай і спехам звязанай вузламі, і скрозь гэтую нераўнамерную сетку яна, Аля, сама, нібыта рыбіна якая-небудзь, злоўленая будучым, што яшчэ не надышло («Сонейка, а вось і я!» - зноў Кудзін, гэты гора-рыбак, свае словы-кручкі закідваць будзе, вось дурненькі, яна даўно злоўлена адзінотай і страхам, якія мацней за каханне - якое там каханне! - яе да яго прывязалі), - скрозь лоўчую снасць часу яна назірае за рухам стрэлак. Геаметрыя чакання прадстаўлена, па сутнасці, нязменнымі велічынямі: піэрквадрат круга, заселенага стрэлкамі ды дурной бясконцасцю Аліных хаатычных перамяшчэнняў па пакоі інтэрната: паправіць штору, уткнуць свежы ліст пятрушкі замест ссохлага ў паштэт, пераставіць вазон з лімонным дрэўцам далей ад талеркі Кудзіна.

Ад аднаго выгляду зацягнутай мутнай плеўкай салаты зноў адчула ком у горле, закружылася галава... Хрась! Гэта зламаўся ў яе пальцах колкі ствол лімона, за які ўхапілася, страціўшы раўнавагу. Вось і барвовая кропля набрыняла побач з гарошынай працоўнага настаўніцкага мазаля на сярэднім пальцы правай рукі... Аблізала палец... Лімоннае дрэўца! Яна яго зламала! Цяпер яе Адзіны, яе Нябесны Хлопчык - якія там яшчэ імёны яна яму прыдумвала? - больш сюды не прыйдзе!

Яе пакутліва званітавала ў металічны тазік. Абцерла рот ручніком. Лягла на бок, падцягнуўшы да жывата калені. Палягчэла... Не, нервы тут хутчэй за ўсё ні пры чым. Яна, пэўна, атруцілася парашком для прусакоў, які па ўсёй кухні насыпаны. З іншага боку, дрэнна ёй ужо не першы месяц. Але ж і паскудства тое на калідорах не пераводзіцца, насякомым хоць бы хны, а людзі пакутуюць.

...А ўласна кажучы, на чым заснавана яе ўпэўненасць у тым, што Ён калі-небудзь сюды вернецца? Ды на глупстве ж, смешна сказаць: на лімоннай костачцы! Ён піў чай з лімонам дробнымі меланхалічнымі глыткамі, а яна, упершыню за сем гадоў іх блізкасці свабодная ад страху страціць Яго, самім гэтым страхам і даведзеная да той мяжы адчаю, за якой узнікае свабода і асуджаны на пакаранне сам пачынае маліць кбта: хутчэй бы ўжо, раз усё роўна - канец! - яна, упершыню за сем гадоў маўклівага трывання, спяшалася выказаць яму ўсё: што не можа больш чакаць, разгойдваючыся, бы на арэлях, ад надзеі да адчаю, што абяцанні, надакучлівыя Яго абяцанні парваць з сям'ёй, спачатку з першай, потым з другой, - так-так, я і гэта сцярпела! ну ўспомні, колькі разоў ты амаль «сыходзіў» адтуль, ага, і ўвесь час штосьці стрымлівала, а тая актывістачка, з якой ты ездзіў у круіз па Міжземным моры на гаркомаўскія грошы, камсамол тады яшчэ не разваліўся, памятаеш? - я і гэта даравала, таму што кахала цябе, ка-ха-ла! І потым, калі ты на хвалі «дзермакратыі» ўлез у каманду таго палітыка, Шуевіча, і, атрымаўшы права распараджацца грашыма на яго перадвыбарную кампанію, абрабаваў небараку дачыста, так, дачыста, - шаноўны прафесар дагэтуль здзіўляецца, як табе тое ўдалося, - але мне тыя грошы не патрэбныя, мне толькі ты быў патрэбны! О, яе маналог прымусіў бы зарыдаць ад жалю нават глухога да праяваў «сансары» містыка сваёй гадоўлі Чорнага Ламу, не кажучы ўжо пра чуллівага Кудзіна з яго тварыкам-з-кулачок, як у Бураціна, і жаўтазубай усмешкай ад вуха да вуха, што нагадвае шырынку з маланкай, якая раз'ехалася, - але не Яго, не, не Яго! Ён толькі здзіўлена ўзняў брыво, аднак чай дапіў (любіў чай з лімонам), адвёў убок вочы і, нічога не сказаўшы, зачыніў за сабой дзверы. У яшчэ цёплым Ягоным кубку плавала слізкая дробязь: цэдра, лімонная костачка... Менавіта гэтую костачку яна механічна ўціснула ў рыхлую зямлю кветкавага вазона, быццам бы кропку ставіла ў безнадзейных узаемаадносінах.

Тры гады мінула з таго дня... Навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Забараніла ж сабе ўспамінаць, вырашыўшы пачаць жыццё спачатку - без Яго! Выцягнула цыгарэту. Кінула позірк на гадзіннік. Стрэлкі па-здрадніцку капіравалі зламанае дрэўца: ствол паказваў на шэсць, вяршыня - на дзесяць. Кудзін чамусьці спазняецца... Ёй раптам стала холадна. Як была, у старанна адпрасаванай сукні, забралася пад тонкую казённую коўдру. Вось не магла за столькі гадоў набыць хоць бы ватовую - гэтым, дарэчы, Ён яе таксама папракаў. Ды пляваць ёй было і на коўдру, і на тэлевізар, на фіг патрэбны быў ёй той тэлевізар - сем гадоў яе каханне праецыравала на экран (а што ёсць свет, як не пусты экран, які адлюстроўвае нашы думкі і ўяўленні аб саміх сабе?), - праецыравала мары і сны, і Аля была адзіным гледачом гэтага захапляльнага фільма! А яшчэ кахаць - гэта як песню складаць, казаў Айк, бард з іхняга гуртка шукальнікаў «мокшы»: быццам бы па вяроўцы на дыбачках ідзеш, трымаешся толькі за сярэбраны дрот голасу, туга нацягнуты над галавой, - і рукі да крыві рэжа, і адпусціць няма як: разаб'ешся насмерць. Яна тады расціснула пальцы і аказалася ў пустаце без апоры. Жыццё стала бяссэнсавым. Не, не атрымалася адразу паставіць гэтую самую «кропку»...

«Плюнь і разатры», - раіла ёй сяброўка Натэла, вось яна дык не цярпела любоўных пакут і рамантычнага пафасу. Толькі Аля, дурнічка сентыментальная, усё чаравала над кветкавым вазонам. Загадала: прарасце зярнятка - быць яшчэ адной сустрэчы з каханым... Вось табе і «кропка». Як высвятляецца, сімвалічны жэст «пахавання» лімоннай костачкі трэба было інтэрпрэтаваць зусім інакш: як хітрыкі памяці-марадзёркі, якая імкнецца любым шляхам раздабыць трафей, накшталт мундзіраў напалеонаўскай арміі, што пыляцца ў краязнаўчым музеі іх гарадка, - Аля кожны год водзіць туды студэнтаў, воляй-няволяй вымушаная ўнікаць у падрабязнасці мясцовай гісторыі, хоць, далібог, яе амбіцыёзная эпоха Банапарта не так ужо і цікавіць, яна больш любіць змрочную магію старажытнасці, асабліва ж - таямнічы Тыбет. Па вераваннях Тыбета яна напісала ў свой час дыпломную работу, абарона якой, помніцца, прыцягнула ў канферэнц-залу зачараваных «перабежчыкаў» з іншых кафедр.

За тры гады вунь як вымахаў яе трафей... Трафей? Не, пэўна, не зусім так. Над трафеямі не твораць абрадаў, іх кладуць пад музейнае шкло і забываюць. А яна кволы расток выняньчвала, ледзь не слязьмі, як казачная Настачка пунсовую кветачку, палівала, перастаўляла ўслед за сонцам па падаконніку і ўсё шаптала над кожным лісточкам, прыгаворвала: «Ён вернецца, вернецца...» І дрэўца чула яе - яна можа ў тым пабажыцца! - убірала яе пачуцці і думкі, як тэрафім* - заклінанні тыбецкага шамана... Прыпаліла цыгарэту ад недакурка. Ну вось і ўсё. Да ночы лімон завяне. Што ж, у каханага ёсць яшчэ час, каб прыйсці... Хацела засмяяцца з жарту, а не атрымалася. Дурніцай, якой яна была дурніцай...

* Тэрафім - прадмет, на які з пэўнай мэтай наслойваецца псіхічная энергія.

Боль у страўніку крыху сцішыўся, затое ўзмацніліся дрыжыкі. Накінула паўзверх коўдры старое футра. Рыхтуючыся сёння да сустрэчы з Кудзіным, без асаблівага, урэшце, імпэту, як Фама нявернік да тайнай вячэры, яна не ўлічыла аднаго: што давядзецца вось так, гадзіну за гадзінай доўгайгральнага выхаднога дня, сядзець у напружаным чаканні ля накрытага стала - зусім як тады... Жаласную ўсмешку ўсё ж выціснула. Вось зараз зламаная напалам вертыкаль у кветкавым вазоне паказвае пятнаццаць хвілін на сёмую, а нядбайны вучань трымціць ад прымхлівага жаху на парозе склепа, дзе чакаў знайсці адно пахавальныя пакрывалы былой жарсці, але магільня аказалася пустая і камень адвалены...

... Ля вялізнага каменя, пастаўленага на Батарэях у памяць аб рассеяных па гэтых месцах расейскіх і французскіх костачках, усё і адбылося. У тое лета ліхтары на правым беразе Бярэзіны былі як застылы позірк, быццам бы ў зрэнках маладога горада адлюстроўвалася свечка, запаленая недзе ў левабярэжных нетрах горада старажытнага, - у тое незабыўнае лета ваенна-гістарычныя клубы з усяго «адзінага і магутнага», якія на працягу месяца пераследавалі прывід Напалеона ад Масквы да Смаленска, завяршалі тут, на месцы разгрому вялікай арміі, свой вясёлы паход. Прабіраючыся праз натоўп пераапранутых у гарадскім парку, Аля то апыналася сярод казакаў атамана Платава, то трапляла ў бівак гусараў графа Палена, якія мірна пацягвалі піва з гвардзейцамі маршала Нея, а то раптам яе клікалі ў цень ліп вясёлыя апалчэнцы Сяславіна. На дашчанай сцэне ўдваіх з Айкам спявалі пад Аліну гітару, і ім шалёна апладзіравалі падпітыя воіны абедзвюх армій. Песня, якую склаў Айк, прысвячалася бою на Батарэях - так называлі мясцовыя жыхары земляныя ўмацаванні, зладжаныя іх міралюбівымі продкамі перад мостам каля Маскоўскага тракта. У тым баі палягло шмат расейскіх салдат, яшчэ больш - французаў. Аля дакранулася да ордэна святога Ўладзіміра на грудзях у генерала Ламберта, які вадзіў салдат у штыкавую атаку на рэдуты. Ордэн быў падробкай, як, дарэчы, і сам генерал, музейны работнік. Ёй раптам стала сумна слухаць малодшага навуковага супрацоўніка з Масквы, апранутага ў форму камандзіра ўланаў, - помніцца, ён абяцаў са сваім «эскадронам» учыніць перапалох у горадзе, калі яна, Аля, не прыйдзе вечарам да ракі, дзе будзе гулянне; яна якраз спрабавала вызваліць руку з потнай далоні фальшывага ўлана, калі ўбачыла Яго.

Ён ляцеў праз натоўп драгунаў і кірасіраў - загарэлы, белазубы, з правільнымі рысамі падкрэслена мужнага твару, у светлым касцюме і белай сарочцы з расхінутым каўняром, бы толькі што сышоў з нейкага савецкага плаката. Цяпер яна сказала б - з рэкламы цыгарэт «Marlboro», так-так: тая ж прыкрая прыгажосць абавязковай ямачкі на падбароддзі, шырокія плечы. Мы ўспрымаем свет праз набор сімвалаў, і нават нашая сексуальнасць, як той сабака акадэміка Паўлава, безадмоўна рэагуе на пэўныя «званочкі». Сімвалы апелююць да цёмнай сферы інстынктаў, абмінаючы розум і логіку. Мы беспадстаўна надаём той ці іншай асаблівасці чалавечага аблічча нейкія значэнні, а потым скардзімся на падман. Як, да прыкладу, захаплялі Алю Ягоныя моцныя плечы! Яна бачыла ў іх не проста плечы статнага мужчыны, а сімвал надзейнасці! І памылілася, як высветлілася. Дык каго ж ёй у тым абвінавачваць, акрамя сябе? І з якой такой дзяржаўнай мэтай камсамольскія сакратары падбіраліся з рэкламнай знешнасцю секс-сімвалаў - хіба задавала яна тады сабе гэтае пытанне?

Жывот апякло, быццам бы ўлан на скаку ботам засандаліў, яна нават застагнала ціхенька. Так, толькі коні ў іх і былі сапраўдныя... Усё ж такі атрута для прусакоў тут, напэўна, ні пры чым. Інакш адкуль гэты металічны прысмак у роце? Мае рацыю лекар-стаматолаг, што жыве на другім паверсе іхняй «абшчагі»: у яе хранічнае атручванне малымі дозамі ртуці і свінцу, якія, на яго думку, уваходзяць у склад тых шыкоўных пломбаў з амальгамы, што паставілі ёй у прыватнай лякарні пяць гадоў таму. Пастараліся камерсанты: калі яна ўсміхаецца, металічных нашлёпак на зубах не відаць ну вось ані трошачкі. А ўсмешка ў яе... «духоотворенная» (замест «одухотворенная») - ну і выдумаў той масквіч слоўка! Тады ноччу на Бярэзіне, убачыўшы ля вогнішча Яго, выцягнула Натэлу з нечыіх п'яных абдымкаў, папрасіла пазнаёміць. На заходнім рэдуце, які быў узведзены дзеля прыкрыцця расейскай арміі, але ні разу свайму прызначэнню не паслужыў, затое аказаўся ідэальным для іншага «прыкрыцця» (слава генію Барклая дэ Толі!), - там, на смарагдавай мураве, усё і адбылося. Куды падзеўся шляхецкі гонар «недатыкі» курса? Растварыўся ў шалясценні трафейных сцягоў і залатых галуноў, у шуме батарэйных соснаў, што сыходзяць бурштынавай смалой-жывіцай, у якую ператварылася з цягам часу кроў пахаваных пад курганамі герояў - расейскіх, французскіх. Шум крыві ўзнімаў яе туды, дзе зіхацелі сем покрываў, і свяшчэнныя знакі на іх былі ў тую ноч ёю разгаданыя...

О сыны Агню, і вы, асуры - змрочны падземны народ, і вы, вешчыя камяні-менгіры на горных хрыбтах Тыбета, што служаць пустэльнікам для медытацый, і ты, Змей у бясконцых кольцах, валадар найніжэйшай тантры чараўніцтва і некрамантыі, што спрадвеку круціш млынавае кола Задыяка, - весяліцеся і бласлаўляйце цудоўныя покрывы, што ўзнеслі Алю на найвышэйшае, сёмае неба! Высветлілася: зусім не трэба было сядзець, скрыжаваўшы ногі, і да атупення паўтараць услед за Чорным Ламам «Ом, Ом, Ом», і паліць араматычныя палачкі, і паглыбляцца ў медытацыю пры дрыготкім святле чырвонага ліхтара; у тую ноч усе стыхіі - Зямля, Вада, Агонь і Паветра - былі заадно, як некалі, яшчэ да пачатку зямных часоў; і ажывала пад курганамі старажытная, загавораная на крыві зброя, і ціхуткім звонам адказвалі скарбы, пакінутыя імператарам на дне Бярозы-ракі, і чорная палоска неба над імі была нібыта павязка на старым, мудрым, абветраным твары Кутузава...

Яна кінула позірк на столь, дзе ніколі не высыхала цёмная паласа сырой тынкоўкі, і ўсміхнулася. Якой жа рамантычнай дурніцай яна была тады! Сем гадоў Ён прыходзіў - калі «быў час» - у гэты пакой, перадусім соваў пад нос вахцёрцы, былой падпольшчыцы бабе Любе, сваю «ксіву», пранікнёна вешаў старой на вушы локшыну наконт важнасці ідэйнай работы з моладдзю «на месцах» (ага, не адыходзячы ад ложка); грозная «наглядчыца» Яго абагаўляла і прапускала бесперашкодна, а потым, калі камсамол разваліўся ўжо канчаткова, Ён, скарыстаўшы ўсё тую ж сваю здольнасць мянціць языком, пад шумок зарэгістраваў свой ФАМ - Фонд абароны моладзі (як жа, «абароны»!), дзе, дарэчы, «вынырнулі» гаркомаўскія аўто, што згінулі былі без весткі, і іншая маёмасць, - Ён, забяспечыўшы сабе раскошнае месцейка пад камерцыйным сонцам, працягваў зрэдку з'яўляцца ў Алі, і чым Ён узяў вахцёрку маладзейшую (баба Люба не перажыла забароны «кіруючай і накіроўчай») - толькі д'ябал, пэўна, і ведае. Ну а яе, Алю, чым Ён зачараваў? Не толькі ж шырокімі плячамі і ўсмешкай каўбоя? Бо яна ж не дурніца якая-небудзь, усё-ўсё пра Яго зразумела - не адразу, канечне, - дык што ж гэта за насланнё такое, «влеченье - род недуга»?

Сорак тысяч гадоў існуе на Зямлі разумная раса, і ўсяго толькі дзве тысячы з іх людзі пакланяюцца міласэрнаму, «духоотворенному» богачалавеку! А астатнія трыццаць восем тысяч гадоў у цэнтры магічнага мастацтва і рэлігіі стаялі жывёлы альбо напаўлюдзі-напаўзвяры, прычым не толькі таямнічы Сфінкс і Гор-Сокал, крылатае сонца, але і крыважэрны кракадзіл Себек, і чорны шакал Анубіс! А скокі Дургі* на чалавечых целах! А каралі з чарапоў на шыі чорнай Калі**! Чалавека спрадвеку прыцягвала зло: ад гэтага ёй, гісторыку, было нікуды не дзецца. Гартаючы маляўнічыя альбомы па старажытным мастацтве, якія ў вялікай колькасці з'явіліся ў крамах, Аля гадзінамі разглядвала жахлівых дэманаў на фрэсках Арканья і на карцінах Босха, страшэнныя выскалы пачвар, - а ім жа пакланяліся, як багам, прыносілі ў ахвяру найпрыгажэйшых дзяўчат! Але ўся «фішка» была ў тым, што асобныя з гэтых антыгон самі жадалі быць прынесенымі ў ахвяру і паміралі ў экстазе! А яна хіба далёка адышла ад іх? Па сутнасці, яе разумная свядомасць была толькі кропкай, вяршыняй піраміды, і толькі гэтая маленькая кропка ў ёй была адчынена ўзвышанаму і духоўнаму, - асновай піраміды былі трыццаць восем тысяч гадоў язычніцтва, і ці варта было здзіўляцца, што каханы, якога яна абагаўляла, быў - з папраўкай на дробязнасць эпохі - няхай сабе не міфічным злодзеем, але, несумненна, з пароды каварных ракшазаў***? Так званыя «станоўчыя мужчыны» не закраналі Аліна сэрца ані трохі: побач з імі не чулася таго самага «званочка», які прымушаў усю яе істоту ажно трымцець ад прадчування трагедыі. І чым лепей яна гэта разумела, тым больш бяссільнымі былі яе спробы пранікнуць у цёмнае дно піраміды з дапамогай логікі - кволы прамень розуму, тонкі, быццам клінапісныя знакі шумераў, бясследна раставаў у змроку. Толькі з дапамогай сноў яна здолела б рассеяць гэты змрок, але якраз сны і палохалі яе - у адрозненне ад прыцярушанай пылам паўсядзённасці яны былі перапоўнены такім моцным і пранізлівым святлом, што яна асцерагалася, усведамляючы: канчаткова стаць відушчай там - значыць аслепнуць тут.

* Дурга - «жахлівая», жонка Шывы ў яе крыважэрнай іпастасі.

** Калі - «чорная» багіня, у індуісцкай тантры ёй прыносіліся крывавыя ахвяры.

*** Ракшазы - у вераваннях тыбетцаў дэманы-пярэваратні, здольныя прымаць любое аблічча.

Аднойчы яна заснула вось так, апранутая, і раптам апынулася ў нейкім скамечаным і ліпкім, бы цукерачны фанцік, сне, дзе ўвесь іхні гурток - Чорны Лама, Айк, Натэлка, мясцовая паэтка Зінка і яна, Аля, - сядзелі, як звычайна, на падлозе ў аднапакаёвай «хрушчобе» Чорнага Ламы і займаліся медытацыяй, а потым раптоўна, як гэта здараецца ў снах, адбылася змена абстаноўкі: замест сцен у пузырыстых аранжавых шпалерах яна ўбачыла вакол сябе велічэзную каменную пляцоўку: на такіх пляцоўках у Тыбеце забіваюць ахвярных жывёл. Сярод манахаў «чорнай веры» і шаманаў існуе звычай качацца голымі па рэштках трупаў, імітуючы злучку звяроў. І яе неадольна цягне паспытаць гэтага кашчунства - рытуалу, які дазваляе атрымаць дар яснабачання і чараўніцтва. Дарэмна яе юны брат, складальнік гімнаў Вялікай Маці, просіць адмовіцца ад гэтага рашэння, - яна няўмольная! Вось ужо дудзяць у трубу з чалавечых касцей, да яе набліжаюцца жрацы, каб сарваць з яе адзенне і кінуць на акрываўленыя камяні, - бывай, мілы брат! Але ён, бязвусы юнак, амаль хлопчык, ламае свой сітар*, - што ж, ад гэтага часу і ён будзе пакланяцца лютай Дурзе, толькі б не развітвацца са сваёй любай сястрой у будучых жыццях... Яна глядзіць на сваё цела: яно вымазана крывёю... узнімае вочы: замест сонца ў небе вісіць барвовая пульсуючая сфера ў кароткіх нарастах-шчупальцах. Якраз такія ўсеяныя шыпамі панцыры Аля бачыла на палотнах Босха. Дэман выпраменьваў вібрацыі смерці; яна тое выдатна зразумела, калі прачнулася, як апрытомнела, - ад жаху сэрца выскоквала з грудзей. Можа, і на самай справе душа яе пакідала цела? Вось жа і кватэру Чорнага Ламы яна бачыла, быццам бы толькі што была там, і нават краёк шпалераў, які адклеіўся, быў на сваім месцы, нібыта распячатаны канверт адтуль.

* Сітар - струнны музычны інструмент у Тыбеце.

Першы такі «канверт» Аля атрымала ў чатырнаццаць гадоў - менавіта столькі ёй было, калі маці адцягала яе за валасы, аблаяўшы шлюхай: дачка, бач ты, груба адказала яе сужыцелю, - а Аля не была шлюхай, яна была выдатніцай і членам камсамольскага пражэктара, - ад крыўды дзяўчынка тады ўцякла з дому і села ў траву пад высакавольтнай лініяй, спадзеючыся, што провад абарвецца і заб'е яе (яна чула пра такі выпадак). Пачалася навальніца; яна ўпарта сядзела, прыціскаючыся бокам да жалезнага рабра апорнай вышкі. І дачакалася: зверху пачаў спускацца асляпляльны шар. Быццам зачараваная, яна не магла адвесці погляду ад вогненнай кропкі; у рэшце рэшт усё затапіў прамяністы акіян святла. Потым - бы павярнулі трубку калейдаскопа - з вогненнага кіпеню саткаліся ўзорыстыя покрывы, Аля налічыла іх сем; яны зіхацелі і хваляваліся, бы паверхня вады ці агню. Выявы звяроў і птушак на покрывах рухаліся, быццам жывыя: Аля ўбачыла, як распускае хвост фанабэрлівы паўлін, як мядзведзь у жамчужным тумане прабіраецца па вяршыні скалы. На той цудоўны «экран» можна было ўздзейнічаць: любая Аліна думка ці адчуванне вокамгненна на ім адбіваліся. Так, пяшчота мела серабрыста-блакітны колер, страх - брудна-барвовы з цёмнымі сполахамі. Аля паспрабавала ўявіць сабе маці з айчымам; яны тут жа з'явіліся на «экране» ў клубах жоўта-зялёнага атрутнага дыму. Потым постаць айчыма пачала змяншацца, ператварылася ў чорную кропку і наогул знікла. Пасля гэтага Алін зрок зноў надоўга зацягнула асляпляльным святлом. Павольна, вельмі павольна з малочнага туману сталі ўзнікаць асобныя постаці. «Анёлы», - здагадалася яна. «Упершыню сустракаюся з такім выпадкам: шаравая маланка наблізілася да дзяўчынкі ўсутыч - і ніводнага апёку», - вымавіў адзін з анёлаў. «Сапраўды, дзіўна, - адказаў другі. - Але мазгавыя парушэнні яўна маюць месца». З тыдзень Аля правалялася ў лякарні, хоць адчувала сябе выдатна. Сужыцеля маці неўзабаве пасадзілі. А ёй з таго часу пачалі сніцца дзіўныя сны...

Божачка, навошта яна ўсё гэта ўспомніла? І што такое тыя яе сны на самай справе: трызненне, спароджанае яе хворым мозгам, прадукт залішняга захаплення «чарналамаўскім будызмам» альбо містычнае адкрыццё, - урэшце, ці не ўсё роўна ёй цяпер? Хутчэй, хутчэй прыходзь, Кудзін! «Дзе ты ходзіш, дурань-воўк, шэры воўк, страшны воўк?» - гэта яны ў дзіцячым садку вершык такі развучвалі. Кудзін, вядома, не воўк; ён хутчэй нагадвае дварняка. Проста хатняя жывёліна, не тое што, прыкладам, трансцэндэнтальны асёл Чорны Лама з яго мантрамі і монда, - Чорнаму Ламе не патрэбны ўвогуле ніхто, ён прытрымліваецца «непрыхільнасці да аб'ектаў пачуццяў», ён і яе, Алю, спрабаваў «прасунуць» да ступені архата, гэта значыць будыйскага святога, але ёй заўсёды хацелася менавіта прыхільнасці, а не «прасвятлення на працягу адной інкарнацыі». Не, Кудзін якраз тое, што трэба. Што ж, гэты дык нікуды ад яе не дзенецца; ён куды больш надзейны, чым іншыя «старацелі», што расхіствалі дрымучыя нетры Алінай тахты пасля таго, як Ён сышоў...

- Аэліта Андрэеўна, вас да тэлефона!

Скінула коўдру. Ад рэзкага руху сэрца закалацілася недзе ля горла. Са слухаўкі, бы вёрткая змейка, выпаўзаў галасок Кудзіна:

- Алечка, сонейка, прабач... я не здолеў прызнацца жонцы... усё-ткі дваццаць тры гады разам...

Не слухаючы далей, паклала трубку. Пацерла вуха, у якім яшчэ гучаў агідны голас. За вухам намацала гарошыну ўспухлага лімфавузла. І такую ж - на шыі... Ах, вунь яно што! Прасквазіла яе. Травеньскае цяпло такое падманлівае. А можа... а можа... кроў кінулася ў твар, аглушальна ўдарыла ў скроні - можа, яна зацяжарала? Таксікоз? Прагна выпіла яшчэ шклянку віна. Лягла. У страўніку разлілася прыемная цеплыня. Ну што ж, яна народзіць. Пакойчык у яе ёсць. Дрэнна, вядома, што дзіця ад Кудзіна, бесхрыбетнага плюгаўца. Як хацела яна калісьці дзіця ад Яго - мужчыны-пераможцы з мяккай хадою драпежніка, самаўпэўненасцю Напалеона! Апошнім часам ёй усё часцей хацелася, каб хоць нехта быў побач, і зусім неабавязкова - герой і пераможца. Перагортваючы старонкі чарговай манаграфіі пра пераправу пад Студзёнкай, прызнавалася сабе ў тым, што і яе масты гараць, салдаты з крыкамі «Здрада!» мітусяцца ў дыме паміж перадавымі атрадамі Вітгенштэйна на беразе і полымем, якое адразае шлях да ўцёкаў. І выйсце ў яе, як і ў іх, адно: скачок у ледзяную ваду разам з канём і зброяй. Як спяваў тады ў гарадскім парку Айк: «Смяротны скачок уратуе наш гонар...» Ён і выбраў смяротны скачок. Хапіла сіл адважыцца. І імя гэта дзіўнае - Айк, не то мянушка, не то псеўданім, не слова, а ўсплёск каменя, што падае ў глыбіню, - і яго ён, атрымоўваецца, невыпадкова абраў сабе яшчэ ў дзяцінстве, - расказваў, што «зайкай-айкай» звала яго бабуля за вечнае пахмурнае айканне на просьбы не прапускаць школу, а ён проста адсек у слова кароткі «заечы» хвосцік. А ў яе хопіць сіл адважыцца на скачок? Не, ёй нельга. У яе дзіця будзе. Бедны «зайка-айка». Яму ўвесь час не шанцавала: Натэлка яго кінула, бацькі-алкашы ўсё цягнулі з дому, нават гітару сынаву прапілі. Ён часцяком пазычаў гітару ў Алі. У іх гуртку «прасветленых» ён быў маладзейшым. І самым блізкім ёй па духу. Брат... Высокі, хударлявы, з завушніцай у мочцы вуха і кароткім, «заечым», хвосцікам валасоў, перацягнутым гумкай, ён аднойчы прышкандыбаў да яе ў «абшчагу» ўвесь збіты - нарваўся на п'яных адмарозкаў у позняй электрычцы, - і яна пакінула яго начаваць; нованароджаны кветнік пачуццёвасці, які мог бы ўзняцца з насення іх нясмелых дотыкаў адно да аднаго, быў падсечаны ў самай сцябліне дзіўным прадчуваннем інцэсту, якое адначасова агарнула абаіх. Яны былі занадта аднолькавыя для таго, каб прагучаў той «званочак», што абуджае сексуальнасць: рамантычна-экзальтаваныя, схільныя да самакатавання. Таму яна адчувала да яго толькі невыразную пяшчоту, як да сына ці брата. Так і заснулі тады, не распранаючыся і не размыкаючы цнатлівых абдымкаў, на яе рыпучай тахце. Перадусім ён чытаў ёй вершы, там нешта было пра «натхнёны шэпт трызнення», «вуснаў малітоўны экстаз», пра «ландышы імгненняў», што маюць цудоўны водар. Гэта ён Натэлцы прысвяціў. Госпадзі, ну чаму так: чым святлейшы чалавек, тым да больш цёмнай «палавінкі» яго цягне прыляпіцца? А як ён спяваў! Так звініць у музеі старажытная бронза. Калі яна народзіць хлопчыка, дык няхай ён будзе падобны да Айка. Не да Кудзіна, не да Чорнага Ламы і... не да Яго, не! Да Айка.

Бо менавіта Айка напомніў ёй у даўнім сне юны складальнік гімнаў Вялікай Маці. Яна гэта ў той вечар зразумела, калі яны ўсе пяцёра апошні раз сядзелі разам на падлозе «хрушчобы» Чорнага Ламы, дзе не было ніводнага крэсла і наогул ніякай мэблі, акрамя матраца з выпнутымі спружынамі, таму што мэблю як элемент майі Чорны Лама яшчэ раней выкінуў на сметнік, да вялікай радасці бамжоў, а ўсе рэчы, якія не звезла ў Калінінград Рытка, раздаў жабракам і цыганам: «Я вызвалены ад матэрыяльнага!» Вось таму і сядзелі на голай падлозе, скрыжаваўшы ногі па-будыйску, і Айк усё спяваў, спяваў, перабіраючы струны Алінай гітары... У той вечар яго голас як ніколі кранаў душу. Чорны Лама нерваваўся: ён, з яго комплексам Нарцыса, і тут хацеў быць першы (ага, будыст храновы), ён таксама спрабаваў складаць нейкія духоўныя гімны, толькі хіба ж гэта былі гімны: «Я іконы спалю, попел вецер усходні развее...»? Гэта ён у тым сэнсе, што не пакланяецца бачным выявам Бога, толькі Вялікаму Даа. Ёй, Алі, усё гэта здавалася глупствам і кашчунствам. Уявіўшы сабе ўскалмачаны вожык Чорнага Ламы, падобны да густа змазанай гуталінам шчоткі, яго пакамечаныя нагавіцы і сарочку, яна ўспомніла гісторыю, якую ёй некалі расказаў калега-гісторык. Аднаму яго сябру, які лічыў сябе рэрыхаўцам, пашчасціла апынуцца ў Кітаі. Ён тут жа кінуўся вывучаць храмавыя надпісы і выявы бостваў - патаемныя веды шукаць. У маляўнічым месцы, на беразе ракі, на напаўразбуранай сцяне ён убачыў старажытны надпіс і, канечне ж, захацеў яго прачытаць. Запрасіў перакладчыка. А там вось што аказалася напісана: «Тапіць дзяўчатак тут дазволена». Так-так, вось тут - калі ласка, колькі заўгодна, а ўніз па рацэ - там чамусьці нельга. «Азіятчына, дзікунства», - абураўся «рэрыхавец». Справа ж у тым, што душа Ўсходу закрытая для няўдалых «шукальнікаў». Нездарма тамтэйшая мудрасць кажа: толькі калі вучань падрыхтаваны, прыходзіць настаўнік. Вось так і з Чорным Ламай: колькі б ён ні карпеў над Ведамі ды Ўпанішадамі, знойдзе там толькі брутальны надпіс на разбуранай сцяне. Нават тыя штукі, дзэн-монда, нават іх Айк складаў лепш за Чорнага Ламу, далібог, лепш! Вось яна зараз паспрабуе ўспомніць апошняе дзэн-монда Айка - у той вечар яны яго і пачулі, больш ён ужо нічога не напісаў, таму што ў дваццаць тры трыццаць (так «менты» потым сказалі - пра час, а яна і без іх здагадалася, зверыла па календары: Айк дачакаўся захаду сонца, бо вычытаў у «Бхагаватгіце», што той, хто пакідае гэты свет пры святле дня, абавязкова вернецца сюды ў новым целе), - роўна ў дваццаць тры трыццаць ён кінуўся з даху дзевяціпавярхоўкі, - дык яно ж пра гэта, апошняе яго дзэн-монда:

 

Іскра не гарыць па-за вогнішчам,

Воблаку не захаваць адну і тую ж форму,

Кропля высыхае па-за акіянам -

Так частка памірае без Цэлага.

Вогнішча зліваецца з прагнай іскрай,

Неба перацякае ў распасцёртае воблака,

І ў кроплю ўпадае акіян:

Так частка вяртаецца ў Цэлае.

 

Вось ён і распасцёрся на асфальце, як воблака, адлюстраванае ў калюжыне, каб вялізнае неба перацякло ў яго...

Чаму, чаму яна ўспомніла ўсё гэта?

Няўжо толькі з-за зламанага лімона?

Пасля гібелі Айка яна не хадзіла больш у аднапакаёўку без мэблі, аклееную аранжавымі шпалерамі. Усе яны - шызоідны гаспадар кватэры, шалапутная Натэлка, тоўстая Зінка - нагадвалі ёй таго «рэрыхаўца». Урэшце, былі ў Алі і іншыя прычыны не жадаць сустрэчы з Чорным Ламай...

Раптам яна штосьці ўспомніла, кінулася шукаць у тумбачцы, выцягнула нарэшце кішэнны каляндарык. Так яно і ёсць... Не можа яна быць цяжарнай. Што ж тады з ёю? Што? Сэрца паляцела ўніз, быццам француз пад лёд Бярэзіны...

У дзверы нясмела пастукалі. Кудзін адважыўся! Адважыўся... І - адхіснулася: на парозе стаяў Чорны Лама ў жоўтай бруднай балонневай куртачцы, вязанай шапачцы, няголены, падобны да бамжа, з нейкім новым, зацкаваным позіркам. Два гады таму, у час іх апошняй сустрэчы, ён глядзеў зусім інакш: ганарліва, самаўпэўнена. Госць марудзіў. Відавочна, таксама ўражаны зменамі, якія з ёю адбыліся, здагадалася Аля.

- Можна ўвайсці?

Яна моўчкі саступіла ўбок. Мужчына прайшоў у пакой і сеў на адзіную табурэтку, ля стала.

- Навіна ёсць. Дрэнная. Ты справішся, Алька?

Выліў у шклянку рэшткі віна з бутэлькі. Рука яго дрыжэла... Ды ён жа п'яны! Напіўся і строіць з сябе містыка, які ўбачыў самога Ўсявышняга!

- Ну, і што там табе «адкрылася»?

- Я ВІЧ-інфіцыраваны.

- Спачуванні.

- Ты не разумееш... я ўжо быў ВІЧ-інфіцыраваны, калі мы з табой... на Новы год... якраз перад тым мая ранейшая, Рытка, прыязджала скасаванне шлюбу афармляць, ёй карцела выскачыць за свайго марачка... Ну вось, цяпер яны абое ў лякарні. Калінінград - партовы горад. Сніданосцы там - звычайная справа...

Ён яшчэ працягваў гаварыць, але ў Алі раптам моцна заламіла ў скронях і нібыта вяроўкай зашмаргнула горла. Нейкая сіла пацягнула яе са страшэннай хуткасцю праз бетонныя сцены і зямлю, поўную веснавых сокаў, - толькі косці хрусцелі... Вось яна зноў - у цэнтры каменнай пляцоўкі... яе цела вымазана крывёю... вакол яе - рэшткі гнілых трупаў... пах страху і смерці... пульсуючая сфера барвовага колеру з кароткімі шчупальцамі...

Калі яна ўжо бачыла гэта?

Апрытомнела на тахце. Чорны Лама сядзеў тут жа, на кукішках, вочы яго ліхаманкава блішчэлі.

- Гэта ўсё Рытка, Рытка...

Бачыла ў сне, некалькі гадоў таму!

Бачыла днямі, гартаючы медыцынскі часопіс, дзе намаляваны вірус СНІДу!

- Ты з ёй быў, так?!

Недарэчнае пытанне чалавеку, у кватэры якога ўсяго адно «спальнае месца» - матрац на падлозе. Чалавеку, які лічыў сабе настолькі «вызваленым» ад прыхільнасці да каго б там ні было, што калі яна, Аля, два гады таму прыбегла ў яго кватэру на досвітку, з першым снегам трэцяга тысячагоддзя на вейках, узрушаная тым, што не адчувае аніякай віны перад тым, іншым, сваім Нябесным Хлопчыкам, пасля бурнай навагодняй ночы з Чорным Ламай (а высвятляецца - і яна можа быць па-будыйску «непрыхільнай» і «адвязанай» - як паветраны шарык, адпусці нітачку - і паляціць!), дык вось, калі яна ціхенька, з намерам пабудзіць яго пацалункам, дурніца, увайшла ў кватэру (ключ быў ува ўсіх пяцярых), тыя двое на матрацы не паспелі нічым прыкрыць голыя целы...

- А Зінка? - бо гэта Зінчына грудастая постаць кінулася ёй тады ў вочы.

- Цяжарная. Яна ўжо ведае. Вырашыла захаваць дзіця.

- А Натэлка? З ёю ты таксама быў, так?! - раптам здагадалася яна.

- Сучка яна, Натэлка... - Мужчына выцер твар бруднай шапачкай. - Сучка, сучка... сама лезла... я не хацеў з-за Айка, ён жа так яе кахаў...

- Ты - поскудзь, - заўважыла амаль спакойна, бо раптам зразумела ўсё, усё. Айк першы даведаўся, ён рэгулярна здаваў кроў, збіраў грошы на новую гітару. Там яму і паведамілі. Ён не мог думаць на Натэлку, якую абагаўляў. Пэўна, вырашыў, што заразіўся пры здачы крыві.

- Я толькі прытрымліваўся нашай філасофіі, ты ж памятаеш: будзь непрыхільны ні да кога і ні да чога! У кнігах я знайшоў, што секс і медытацыя аднолькава спрыяюць прасвятленню! Я дасягнуў ужо поўнай свабоды ад усіх кайданоў: сям'і, абавязку, Бога... «Сустрэў Буду - забі Буду!» Дык за што?..

- За што? - перапыніла Аля.

І пачала смяяцца, разгойдваючыся на крайку тахты, бы на арэлях.

Спачатку ціха, потым усё мацней. Нейкі калючы рогат ірваўся з яе перасохлага горла, балюча драпаючы яго, быццам праз яе рагатала нешта іншае, невядомае і страшнае. Дык вось яны, сем покрываў, - па адным на кожнага з іх! Барвовага, з цёмнымі сполахамі, колеру... У нейкім дзікім захапленні яна пачала загінаць пальцы. Так, Кудзін - шосты, а яго фрыгіднай жонцы пашанцавала... Тады хто ж сёмы? Абавязкова павінен быць сёмы! Яна не адразу заўважыла, што Чорнага Ламы ў пакоі няма, а ў расчыненыя дзверы заглядвае здзіўлены твар дзяжурнай.

- Вас да тэлефона.

Узяла слухаўку.

- Прывітанне, Літа.

Так называе яе толькі адзін чалавек у свеце! Знаёмы да дрыжыкаў голас ляніва пацікавіўся - быццам бы і не было трохгадовага маўчання! - ці не пачастуе яго Аля чаем з лімонам?

- Я заскочу на паўгадзіны... Урэшце, калі ты занятая...

- Я свабодная! Чакаю! - адказала Аля, стараючыся ўкласці ў чужы калючы голас усю сваю ранейшую пяшчоту.

У пакоі яна ўдзячна пагладзіла паніклае лімоннае дрэўца.

Ён прыйдзе! Яе Нябёсны Хлопчык! Яе Адзіны! Прыйдзе! Ад гэтага часу Ён будзе належаць толькі ёй, і яны больш ніколі не развітаюцца. Так, ніколі. Яна будзе кахаць яго цярпліва і горача, як ні разу ніхто за апошнія сорак тысяч гадоў.

 

Травень 2002




Беларуская Палічка: http://knihi.com