epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Адамовіч

Класік беларускай прозы

 

Чалавек — гэта цэлы свет. ...вялікімі і малымі рэчамі заклапочаны людзі, сталымі і смешнымі — кожны па-свойму, але ў кожнага душа запоўнена.

К. Чорны

 

 

Калі дваццацітрохгадовы светлавалосы юнак з добрымі і сур’ёзнымі блакітнымі вачамі пачаў у 1923 г. падпісвацца сакавітым і тлустым, як сама зямля Случчыны, псеўданімам «Кузьма Чорны», проза беларуская яшчэ не каласілася шырокім ураджайным масівам.

Мікалай Карлавіч Раманоўскі (Кузьма Чорны) быў адным з першых, хто прозу асобных апавяданняў, блізкіх да народнага анекдота, прозу бытавых ці лірычных замалёвак паступова пераўтваралі і пераўтварылі ў беларускую прозу высокаразвітую, шматжанравую, шматстылёвую, сучасную. Гэтую справу ён прарабіў побач з Я. Коласам, М. Гарэцкім, З. Бядулем, Ц. Гартным і разам з маладымі ў той час празаікамі М. Зарэцкім, К. Крапівой, М. Лыньковым, П. Галавачом і інш.

Само жыццё, узнятае магутнымі лемяшамі рэвалюцыі, чакала новых пасеваў. Літаратура была толькі часткай гэтай незвычайнай па маштабах і энтузіязму справы. Усё: грамадскія дачыненні і чалавечыя страсці, палітыка і мараль, быт і мастацтва — абяцала быць нябачана новым. І рабілася такім. Вось чаму і вясковы хлапец, малады празаік Кузьма Чорны — патомак слуцкіх ткачоў і парабкаў,— робячы свой першы крок у літаратуры, адчуваў сябе на самым стрыжні жыцця, вялікай справы абнаўлення зямлі і «чалавека на ёй».

«Жалезны крык», «Новыя людзі», «Радасць жанчыны», «Андрэй Клыга», «Бяздонне», «Будзем жыць», «На дарозе», «Максімка», «Быльнікавы межы» і др.— усе першыя апавяданні К. Чорнага народжаны гэтым абнаўленчым пафасам і нясуць яго ў сабе, у самім стылі.

У апавяданнях гэтых жыццё імкліва рвецца наперад, абнадзейваючы «жалезным крыкам» чыгункі, горада, новабудоўляў ціхмяных жыхароў саламяных вёсак, «палявых людзей», так блізкіх сэрцу пісьменніка, абуджаючы ў іх, «на мяжы думак і пачуццяў», незразумелую ім самім «радасць жыцця».

У самім стылі такіх апавяданняў, з аднаго боку — паэтычная ўзнёсласць, «маладнякоўскае» захапленне жыццём, яго «новай музыкай», дынамікай, а з другога — статыка «спрадвечных чалавечых устанаўленняў», вясковага побыту, падсвечанага такім традыцыйным для літаратуры Багушэвіча, Коласа, Бядулі гумарам, дзе добрым, гаркаватым, а дзе з’едлівым.

К. Чорны прыйшоў у літаратуру «з самога дна беларускага жыцця-быцця». Нарадзіўся ён 24 чэрвеня 1900 г. у маёнтку Боркі на Случчыне, у сям'і панскага парабка. Калі дзеці падраслі, сям’я Раманоўскіх пераехала ў Цімкавічы. Тут будучы пісьменнік скончыў пачатковае вучылішча. Некалькі год працаваў дома, а ў 1916 г. паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. «Гэта была,— пісаў К. Чорны,— найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за навуку, а лепшым вучням давалі стыпендыю»1

Пасля вызвалення Беларусі ад белапалякаў Мікалай Карлавіч працаваў у розных савецкіх установах: сакратаром валаснога рэўкома, справаводам павятовага ваеннага камісарыята, выкладчыкам Цімкавіцкай сямігодкі. Адначасова спрабаваў пісаць. Першыя яго апавяданні і вершы пачалі друкавацца ў дзіцячым часопісе «Зоркі» ў 1921 г.

У 1923 г. К. Чорны паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт і пачаў стала займацца літаратурнай дзейнасцю. З друку выходзяць адзін за адным зборнікі яго апавяданняў: «Апавяданні» (1925), «Срэбра жыцця» (1925), «Хвоі гавораць» (1926), «Пачуцці» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932).

Разам са многімі пачынаючымі пісьменнікамі К. Чорны спачатку ўваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а ў 1926 г. з’явіўся адным з арганізатараў новага згуртавання — «Узвышша».

Малады празаік хутка адчуў, зразумеў, зрабіў кіруючай для сябе тую задачу, якую беларускай літаратуры дыктавалі рэвалюцыйная эпоха, гістарычны лёс беларускага народа. Цэлыя вякі народ гэты быў пазбаўлены магчымасці свабодна ўдзельнічаць сваім словам у мастацкім развіцці чалавецтва. І толькі ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя, асабліва ў паэзіі Купалы, Коласа, Багдановіча, ён зноў, выдатна і нанава, заявіў аб сабе.

Цяпер чарга беларускай прозы, вялікай прозы — вось пафас многіх выступленняў, артыкулаў К. Чорнага. Было б здзекам, гаварыў і пісаў ён, калі б мы вызваленаму нарэшце, прагнаму да багаццяў культуры народу замест сапраўднага, вялікага мастацтва «падсунулі сурагат». Гістарычнае спазненне — аб’ектыўная ўмова, але гэта тым больш абавязвае беларускіх празаікаў да вышэйшага пачуцця адказнасці за сваю справу, абавязвае іх імкнуцца да «сапраўднай культуры творчасці».

З такім пачуццём пісьменніцкай і грамадзянскай адказнасці К. Чорны пачынаў свой шлях беларускага празаіка, з тым жа страсным разуменнем сваёй задачы і адказнасці ён прайшоў яго да самага канца. Таму ён і змог так многа, і таму беларуская проза пасля раманаў К. Чорнага перастала быць толькі дадаткам да нашай паэзіі, а стала нароўні з ёю. І не толькі з ёю.

Калі трэба назваць празаіка найбольш беларускага па мове, быту, створаных характарах, хіба не К. Чорнага мы ўспамінаем перш за ўсё?

І ў той жа час паспрабуйце знайсці другога, хто з такой настойлівасцю і пераконанасцю падкрэсліваў бы, сцвярджаў самой творчасцю сваёй, што здабыткі сусветнай і перш за ўсё рускай класікі павінны стаць нашым уласным багаццем, нашай «нацыянальнай памяццю», стымулятарам нашага літаратурнага развіцця.

Здабыткі нацыянальнай культуры і агульначалавечыя для К. Чорнага аднолькава ўваходзяць у разуменне «культуры творчасці». Шлях да сапраўднай культуры творчасці — гэта рух пісьменніка да найглыбейшых дум і пачуццяў свайго народа. Але як знайсці тую глыбіню, як дасягнуць яе, не ўзброіўшы свой талент, свой розум лепшым, што накоплена чалавецтвам у сусветным мастацтве? Без другога немагчыма першае, як немагчыма прабіць глыбокую буравую шчыліну, не маючы вышкі.

Каб ісці ў глыбіню свайго, нацыянальнага, патрэбна вышка агульначалавечага, інтэрнацыянальнага.

Калі мы сёння гаворым і паўтараем, што К. Чорны надаў новую маштабнасць беларускай прозе, пад гэтым разумеецца не толькі па-бальзакаўску смелы і грандыёзны размах замыслаў і здзяйсненняў К. Чорнага, які імкнуўся «даць карціну развіцця чалавечага грамадства за час ад паншчыны да бяскласавага грамадства» («Пра сваю п’есу»).

Маштабнасць твораў К. Чорнага не толькі ў іх гістарызме, філасафічнасці, эпічнасці, а яшчэ і ў тым новым пачуцці, з якім беларуская літаратура пачынала ўсё больш смела весці размову «з цэлым светам».

Права на слова аб усім чалавецтве ёсць у кожнага народа. Патрэба ж яго выказаць узнікае, калі народ актыўна і свядома ўключаецца ў гістарычнае дзеянне, што закранае многія народы ці наогул лёс усіх.

Кастрычніцкая рэвалюцыя была такім гістарычным дзеяннем і беларускага народа таксама. Гэта і надавала новую маштабнасць беларускаму мастацкаму слову. Я. Купала, Я. Колас, гаворачы аб Беларусі, аб беларусах, казалі сваё, беларускае слова і аб самім чалавецтве.

К. Чорны ясна ўсведамляў, што толькі з размовы з цэлым светам аб тым, што свету цікава будзе пасля Шэкспіра і Талстога, Дастаеўскага і Бальзака, толькі з такой размовы, маштабнай і сур’ёзнай, вырастае вялікая літаратура.

Каб зразумець, адчуць, што ж можна сказаць не толькі пра сябе, свой край, але і пра чалавецтва, чалавека на планеце Зямля пасля ўсёй сусветнай літаратуры, беларускі празаік пачынае ўважліва вывучаць класіку. Сваё значэнне ў гэтым сэнсе мелі пераклады на беларускую мову твораў А. С. Пушкіна, А. М. Астроўскага, М. В. Гогаля, М. Горкага, зробленыя К. Чорным. Было і больш творчае, актыўнае вывучэнне, якое часам нагадвае саперніцтва. Толькі не самаўпэўненае «маладнякоўскае» саперніцтва, а сур’ёзнае, удумлівае, з поўным разуменнем складанасці задачы. За апавяданнем К. Чорнага «Буланы» стаіць «Халстамер» Л. Талстога, за «Парфірам Кіяцкім» — горкаўскае апавяданне «Туга». Можна бачыць у такім прамым наследаванні і пачцівую залежнасць ад класікаў — палемічную ў адрас тых, хто класіку ігнараваў. Але не паўтараць вялікіх імкнуўся К. Чорны, а з іх дапамогай рабіць сваё. І таму не толькі пачцівае наследаванне Талстому і Горкаму мы заўважаем у «Буланым» і «Кіяцкім», але і саперніцтва: бо «сіла па жылах пераліваецца», і хочацца яе праверыць і такім вось чынам.

Але не толькі такім.

Перад маладым празаікам увесь час стаіць і патрабуе практычнага адказу пытанне: што трэба, каб беларуская літаратура, беларуская проза была цікавая, патрэбная і для іншых?

Трэба, каб яна была беларуская, але каб «беларуская» не азначала «этнаграфічная», «бытапісальніцкая». Апавядаючы аб сваім, яна павінна гаварыць і аб усеагульным, беручы чалавека як мага глыбей: не толькі яго паводзіны, думкі, пачуцці, але і тое, што «на грані думак і пачуццяў», што на мяжы паміж горам і радасцю, сумам і бяздумнай весялосцю...

Псіхалагізм, паглыблены, напружаны, аналітычны — вось шлях, які ў другой палове 20-х гг. абраў для сябе малады К. Чорны, перакананы, што толькі выпрацаваўшы свае «празаічныя», «эпічныя», «апалітычныя» сродкі, беларуская проза ўзнімецца да ўзроўню паэтычных вяршынь купалаўскай, коласаўскай класікі.

Выпрацаваць, і па магчымасці паскорана, сваю сталую празаічную традыцыю можна, лічыў К. Чорны, калі прама ўключыць беларускую прозу ў «сілавое поле» рускай і сусветнай літаратурнай традыцыі.

Вельмі важным этапам на шляху да гэтага з’явіліся першыя раманы К. Чорнага «Сястра» і «Зямля», напісаныя ў 1926 г. (дапрацоўваліся ў 1927 г.).

«Сястра» — першы і вельмі «суб’ектыўны», публіцыстычны раман К. Чорнага.

Як і «На ростанях» Я. Коласа — гэта твор аб інтэлігенцыі, аб яе месцы ў жыцці народа, аб адказнасці яе перад народам. І гэта найбольш «гарадскі» па тэме, матэрыялу раман К. Чорнага, пафасам сваім накіраваны супраць мяшчанства.

Вострая рэфлектыўнасць Ваці Браніслаўца — галоўнага героя «Сястры» — нечым нагадвае лабановічаўскую, тую, што афарбоўвае і коласаўскую трылогію.

Аднак ёсць тут і адрозненне, і вельмі істотнае. Для Лабановіча ўсё намнога прасцей: выспявае народная рэвалюцыя, і трэба самога сябе не растраціць на дробязі, на «казённыя інтарэсы», а падрыхтаваць і аддаць народнай справе.

Для Ваці Браніслаўца вёска, народнае асяроддзе і сама рэвалюцыя — у мінулым, ужо ўспамін, але такі ўспамін, які для яго важней, чым сама рэальная сучаснасць. Ён увесь час шукае, на што абаперціся, але так, каб не спыніцца на дробязі, на выпадковым, не аддаць сябе мёртваму штылю казёншчыны, як гэта здарылася з многімі яго былымі сябрамі. Ваця Браніславец увесь у руху, ён — сама няўрымслівасць чалавечай натуры, само імкненне да ўсяго новага, дзейснага ў жыцці, да «жывога жыцця».

Ды толькі няма ў яго цвёрдых арыенціраў — не ва ўспамінах, а ў самой рэчаіснасці,— і таму бунт Ваці Браніслаўца супраць чалавека-«шурупчыка» канчаецца, уласна кажучы, нічым, а дакладней — бегствам назад у вёску.

Трэба ўлічваць завостраную палемічнасць рамана, як грамадзянскую, так і мастацкую. Невыпадкова столькі месца ў ім адведзена сцэнам, дыялогам, характарам, амаль гратэскным, літаратурнага і калялітаратурнага жыцця, дзе чыноўнік аб чынах і званнях размаўляе, «як паэт», а ў вершах паэта «бурапеніць» не што іншае, як цыркуляр.

Як і ў многіх сваіх апавяданнях другой паловы 20-х гг., у рамане «Сястра» К. Чорны захоплены мастацкай задачай перадаць усю «кардыяграму» найтанчэйшых перажыванняў і адчуванняў чалавечых. Адсюль запаволенасць, часам празмерная, аўтарскага апавядання, якая, праўда, удала разбіваецца вельмі вострым і яркім дыялогам.

Ідэйна-мастацкае развіццё К. Чорнага — працэс надзвычай бурны і ў той жа час неперарыўны: кожны твор яго — ступенька да наступнага. Нават больш: здаецца, што ўсё жыццё чалавек ішоў да галоўнага свайго твора і ўсё, што напісана ім,— толькі «матэрыял» да яго. Кожны раман як бы «пераліваецца» ў наступны, а той новы — таксама ў наступны...

Такая «неканчатковасць» кожнага з твораў пісьменніка выглядае і недахопам. Але нездарма кажуць, што вартасці часта з’яўляюцца працягам недахопаў...

Кожны буйны твор К. Чорнага — гэта адначасова частка большай, грандыёзнай па замыслу мастацкай будыніны — раманнага цыкла, у якім гісторыя беларускага народа ад часоў паншчыны да эпохі сацыялістычных пераўтварэнняў павінна стаць матэрыялам для мастацкай размовы аб чалавеку і чалавецтве.

«Цыкл гэтых твораў,— чытаем у артыкуле К. Чорнага «Пра сваю п’есу», — будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасова і па лініі ідэёвых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д.».

Калі гаварыць вельмі агульна, дык можна вылучыць такія праблемы ў гэтым цыкле раманаў і аповесцей:

«Сястра» — інтэлігенцыя і народ;

«Зямля» — «улада зямлі» і ўлада пад зямлёй, паэзія чалавечага існавання, быцця па зямлі;

«Лявон Бушмар» — антыгуманная, разбуральная сіла ўласніцтва;

«Бацькаўшчына» — працоўны чалавек і бацькаўшчына;

«Трыццаць год» — праблема сапраўднага гуманізму;

«Трэцяе пакаленне» — дзеці і гісторыя, пакутлівая дарога чалавецтва да разумнага жыцця, міру, шчасця;

«Люба Лук’янская» — сваяцтва і ўласнасць, чалавечая блізкасць і ўласніцкая нялюдскасць.

Буйныя творы К. Чорнага ваеннага часу развівалі, узбагачалі гэты шырокі замысел цыкла раманаў, але былі адначасова і пераглядам, пераацэнкай, бо другая сусветная вайна надзвычай завастрыла многія праблемы чалавецтва.

У раманах «Пошукі будучыні», «Вялікі дзень», «Млечны Шлях» усе «ідэёвыя катэгорыі» («бацькаўшчына», «уласнасць», «гуманізм» і г. д.) правяраюцца перад тварам смяртэльнай небяспекі, якая навісла над самім жыццём нашага народа, над чалавечай культурай, будучыняй чалавецтва.

Мы называем творы, якія К. Чорны паспеў напісаць, хоць і не ўсе яны скончаны, завершаны. Некаторыя ж замыслы і творы так і загінулі для нас («Судны дзень», «Вялікае выгнанне» і інш.).

Пакуль выспяваў, складваўся смелы замысел раманнага цыкла, К. Чорны ад твора да твора рос як мастак-псіхолаг, як майстар буйнай празаічнай формы. Першыя яго буйныя творы «ўвабралі» многае з апавяданняў, навел 1923—1925 гг. Існавала нават пагроза, якая часта сустракае першыя раманы навелістаў: «Зямля», напрыклад, магла б распасціся на асобныя навелкі, сцэны з жыцця вёскі... Магла б, калі б не тое надзвычай моцнае адзінае пачуццё («нравственное», называў яго Л. Талстой), што пранізвае ўвесь твор, прасвечвае кожную, самую бытавую, сцэнку. Гэта найбольш лірычны з раманаў К. Чорнага.

Паэтычны, лірычны погляд на свет, на людзей, на жыццё ў рамане «Зямля» не сабраны, як у «фокусе», у адным вобразе, хоць бы сабе і аўтарскім. Пісьменнік пакідае нас адных, «з вока на вока» з беларускім вясковым людам; мы ходзім сярод сялян, шчырых і хітранькіх, смешна трапяткіх і ўдумлівых, назіраем іх зусім не паэтычнае, а, наадварот, вельмі ж нялёгкае, невясёлае жыццё, і толькі ўвесь час, як у той беларускай легендзе, чуем незразумелую музыку. Пакуль не вырвецца і ў нас:

— Братцы, ды тут сама зямля грае!

Музыка гэтая нараджаецца ў саміх людзях, але пачуць яе нам дае аўтар — сілай сваёй любві, свайго замілавання да роднай зямлі, да працоўнага вясковага люду.

Уводзячы сваіх «цімкавічоўцаў» у кола літаратурных герояў, К. Чорны свядома супастаўляе іх з сусветнай літаратурнай традыцыяй. Аб гэтым сведчыць нават сама назва рамана («Сокі зямлі» Кнута Гамсуна і «Зямля» Эміля Заля былі ў той час ужо перакладзены, вельмі чыталіся). Была ў гэтым супастаўленні і палеміка. Палеміка саміх эпох: на змену «ўладзе зямлі» прыходзіць «улада над зямлёй». Была тут і творчая палеміка: поўнае адмаўленне ад усякай «экзотыкі» ў паказе селяніна, вёскі. Не збоку, а знутры, вачамі самога селяніна, бачыць жыццё вёскі К. Чорны.

Раман «Зямля», таксама як і апавяданні «Буланы», «Вечар», «Вераснёвыя ночы»,— гэта бытавая штодзённасць, але пранізаная надзвычай моцным адчуваннем «вастрыні» жыцця. Моцны «настой» з фарбаў, пахаў, тонкіх, але таксама вострых пачуццяў прысутнічае ў кожным з твораў К. Чорнага 20-х гг., ён быццам п’яніць трохі і саміх герояў, і чытача — п’яніць радасцю быць чалавекам, «радасцю жыцця».

Тое, што Агата («Вераснёвыя ночы») пабегла ад гасцей, ад жаніха да Асташонка — да свайго ненадзейнага, але жаданага шчасця, многім у вёсцы магло здацца нечаканасцю. Бо хіба ведалі яны, як пахлі для Агаты ў тую восень бэры і вінёўкі, як «нехаця жаўцеў» сад, як «дзіцячая ўсмешка кволага сонца цалавала зямлю», як пападалі між пальцаў босых ног «жоўтыя кветкі на высокіх сцяблах», «пакідалі там на нагах галоўкі свае», як уздыхаў верасень «радасным шэптам кустоў»? Хто мог бачыць, якая бура радасці і суму кіпіць у гэтай дзяўчыне?

Усё неяк злучылася, склалася ў адно, і чалавек рашыўся.

Пісьменнік умее перадаць вастрыню адчуванняў чалавека, і што яшчэ важней — захапіць і чытача патрэбным настроем. А калі чытач захоплены ім, думка аўтарская моцна ўвойдзе ў яго душу, як частка самога настрою. Іменна ў гэтым сіла сапраўднага мастацтва.

Мы гаворым аб «настраёвасці» твораў К. Чорнага 20-х гг. Але ж гэта ўласціва і прозе Я. Коласа і З. Бядулі. Што ж можна лічыць адметна «чорнаўскім»?

Якуб Колас імкнецца да класічнай, да «пушкінскай» закончанасці і яснасці псіхалагічных характарыстык. Яснасць класічная ўключае ў сябе паняцце і складанасці. Незвычайнае ўменне гаварыць ясна, проста аб няпростым, няясным — іменна ў гэтым пушкінская непаўторнасць.

За такой традыцыяй пераважна і ішоў Якуб Колас. Асабліва ў пазнейшых сваіх творах.

У Кузьмы Чорнага былі другія настаўнікі — Талстой, Дастаеўскі, Горкі...

Для Чорнага галоўнае — любой цаной перадаць не толькі думкі чалавека, яго перажыванні, пачуцці, але і сам працэс іх нараджэння, руху, іх незакончанасць, «цякучасць», пераходнасць, няўлоўнасць. Мы падкрэсліваем, што любой цаной, бо яснасць, празрыстасць стылю (пры ўсёй незвычайнай патрабавальнасці да сваёй мовы) для Чорнага 20-х гг. усё ж не тое, дзеля чаго можна паступіцца хоць бы адным, самым нязначным, адценнем чалавечага перажывання.

Якуб Колас у трылогіі «На ростанях» імкнецца і ўмее перадаць таксама працэс параджэння ў чалавеку думкі, перажывання, іх складаны ход. Але для яго, бадай, важней вынік, чым сам працэс. Ён зусім не імкнецца да «чысціні эксперыменту», не баіцца спыніць працэс, перарваць, умяшацца ў яго, падаць голас, усклікнуць ці засмяяцца. Ён увесь час прысутнічае каля Лабановіча і Ядвісі, і не проста як назіральнік ці даследчык, а як добры іх знаёмы, які трохі загадзя ведае і іх думкі, і адчуванні.

Ёсць у коласаўскай манеры апавядання тая добрая, класічная свабода, раскованасць у адносінах як да герояў, так і да чытача, якая так захапляе пры чытанні Пушкіна, Лермантава, Гогаля.

К. Чорны ідзе за перажываннямі чалавека ўшчыльную, фіксуе, перадае іх з дакладнасцю і строгасцю даследчыка, расказвае не тое, што яму аб чалавеку вядома загадзя, а што толькі вось зараз як бы праяснілася, выступіла з самай глыбіні. І добра адчуваецца, што гэта не проста прыём, што сапраўды хвіліну назад — пакуль сам аўтар не адкрыў для самога сябе — ён яшчэ не ведаў, як, чым, якім душэўным рухам героі яму адкрыюцца.

Кузьма Чорны не здольны так хутка і лёгка, як Колас, мяняць танальнасць, настраёвасць свайго твора, пераключацца ад радасці да суму, ад лірычнага пафасу да спакойнага роздуму.

У свеце «мікрапачуццяў», які асабліва цікавіць К. Чорнага (іменна на гэтай глыбіні, па яго перакананню, вытокі чалавечых паводзін), аўтар не можа і на момант адключацца ад працэсу, ад асноўнага настрою, бо, згубіўшы настрой, ён перастае бачыць патрэбную глыбіню.

Адсюль асаблівая напружанасць псіхалагічнага аналізу ў творах К. Чорнага 20-х гг., часамі нават цяжкая для чытання, бо гэта напружанасць даследавання.

Зменлівасць, «цякучасць» настрою характэрна для герояў К. Чорнага, і ўстойлівае адзінства настрою — для самога твора і самога аўтара. Бо ўсё, што адбываецца ў чалавеку, любая вастрыня і складанасць думак, пачуццяў, паводзін чалавека азначае, у канчатковым сэнсе, адно — чалавек жыве. А жыццё — самая вялікая паэзія і загадка для К. Чорнага 20-х гг., і ён імкнецца выявіць, раскрыць гэтую паэзію і гэтую складанасць, каб сцвердзіць ці адмовіць нешта ў чалавеку, у жыцці.

Адным словам, любы настрой у кожным апавяданні, рамане К. Чорнага афарбаваны роздумам, напружаннем аналізу. Нават усмешка, нават гумар — усё праз «светафільтр» напружанага роздуму, даследавання. Таму так хутка — толькі выблісне — гасне ўсмешка ў ранніх творах гэтага апавядальніка. Яе тут жа гасіць роздум.

Праўда, часам замілаванне робіцца галоўным пачуццём, і тады добрая, ласкавая ўсмешка можа пратрымацца доўга — калі, напрыклад, аўтар апавядае пра дзяцей ці пра тое, як трапяткі, нясмелы, асцярожлівы селянін узыходзіць на дарогі, што паклала перад ім новае жыццё («Максімка»). Але і гэта больш датычыцца саміх маналогаў ці дыялогаў сялянскіх (у рамане «Зямля», напрыклад), аўтарскае ж апавяданне найчасцей напружана-сур’ёзнае.

Расказаць аб жыцці, аб чалавеку для Чорнага — абавязкова і самому зразумець больш, чым разумеў да пачатку апавядання. Не проста: «Я вось ведаю і раскажу», а хутчэй: «Расказваю, бо хачу сам больш даведацца аб гэтым чалавеку, аб гэтай з’яве, убачыць, што хаваецца за такім фактам, за такім адчуваннем».

* * *

 

Павевы гісторыі павінны быць у літаратуры... Без філасофскага асмыслення падзей будзе толькі механічнае злучэнне фактаў.

К. Чорны

 

Ужо гаварылася, што малады К. Чорны, асабліва ў 1925— 1927 гг., быў захоплены мастацкай задачай раскрыць усю складанасць, супярэчлівасць людскіх адчуванняў, паводзін. Але ж пры ўсёй «цякучасці» і супярэчлівасці чалавечых пачуццяў існуе ў жыцці такая пэўнасць, як характар, індывідуальнасць. Устойлівасць рыс, якасцей псіхалагічнага жыцця — таксама праўда, і не менш важная, чым праўда няўлоўных і зменлівых адценняў яго. Без гэтай праўды немагчыма ў літаратуры такая з’ява, як мастацкі тып.

Уменне ствараць тыпы — наймацнейшая якасць той літаратуры, якую мы называем класічнай. Гэта заўсёды цікавіла і захапляла К. Чорнага ў творах Талстога, Дастаеўскага, Горкага, Бальзака, Заля, раманы якіх прыцягваюць яго ў 20-я гг.

Ёсць у К. Чорнага 20-х гг. твор, у якім асабліва выразна і паспяхова праявілася імкненне беларускага празаіка стварыць буйны характар, тып. Мы маем на ўвазе аповесць «Лявон Бушмар» (1929 г.) — твор, з якога і пачынаецца галерэя «чорнаўскіх» характараў-тыпаў.

Лявон Бушмар — гэта ўсё той жа персанаж К. Чорнага 20-х гг., у душы якога «кіпяць пачуцці».

Успомнім, як гэты пануры і, здавалася б, зусім бяздушны чалавек дзіка раўнуе Амілю, а потым і другую жонку, Галену, да ўсяго свету. Як ён «раённага начальніка», што «нешта прыглядацца пачаў на Галену», схапіў за пояс, «перамчаў упоперак цераз двор і кінуў на той бок плота».

Дзікі і бездапаможны, Бушмар безаглядна кідаецца за першым адчуваннем, якое ў ім абуджае чалавек або нейкая падзея. «Як бура»,— кажа пра яго пісьменнік. Усякае пачуццё, думка ў гэтым, на знешні погляд, застыла-замкнутым чалавеку можа быць штуршком да самага нечаканага ўчынку.

Вастрыня адчуванняў, супярэчлівасць, цякучасць, зменлівасць настрояў у чалавеку па-ранейшаму цікавяць К. Чорнага.

Але для яго цяпер асабліва важна ўбачыць і паказаць, як гэта «збіраецца» ў характар, у індывідуальнасць, у чалавечы тып; як гэтае «кіпенне пачуццяў» выяўляецца ў паводзінах; як яно звязана са светапоглядам і з месцам чалавека ў жыцці, сярод іншых людзей.

Было гэта, у той ці іншай ступені, і ў ранейшых творах.

Але тут — свядомая мастацкая і адкрыта даследчая задача: малюючы пэўны чалавечы характар, убачыць і паказаць, адкуль ён, на чым вырастае, куды развіваецца ў тых абставінах, якія склаліся ў канцы 20-х гг.

Раней К. Чорнага амаль цалкам захапляла мастацкая задача: прачытаць кардыяграму найскладанейшых чалавечых настрояў і адчуванняў.

Цяпер з такой жа страснасцю даследчыка ён імкнецца ўстанавіць сувязь паміж гэтай «кардыяграмай» і «знешнім асяроддзем», зразумець, як фарміруецца чалавечая натура — яе ўстойлівасць, пэўнасць яе галоўных рыс.

К. Чорны, пішучы аповесць, настолькі быў захоплены прыкладам класічнай літаратуры, якая «думае тыпамі», што з некаторай нават паспешнасцю сам ператварае прозвішча Бушмара ў агульнае імя, гаворыць ужо аб «бушмараўшчыне».

«Само слова «Бушмар» было ўжо словам незвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра звярыную нялюдскасць, пра здзек над усім, што не ён сам і не яго. Пра тое, што не можа навокал яго, пакуль ён пануе, абысціся так, каб не было пакрыўджаных, каб не было слёз людскіх».

Так, гэта было б нават трохі паспешлівым — самому называць свайго героя ўжо «тыпам», калі б К. Чорнаму не ўдалося стварыць на самай справе буйны мастацкі тып і калі б у чытачоўскай свядомасці ён не станавіўся сапраўды побач з «галаўлёўшчынай», «артамонаўшчынай», «габсекаўшчынай».

Пасля «Лявона Бушмара» К. Чорны-мастак мысліць ужо тыпамі, гісторыяй, раманам і нават цыклам раманаў. Пісьменнік настойліва шукае тое, што павінна сцэментаваць асобныя раманы ў «цыкл». У «Ругон-Макарах» Заля гэтаму служыць над усім пануючая «тэорыя спадчыннасці», у «Чалавечай камедыі» Бальзака — задача даць «гісторыю нораваў». Раманам (няскончаным) «Ідзі, ідзі» (1930 г.) К. Чорны адмаўляе «біялагічны прынцып» Заля, сцвярджаючы сацыяльную, класавую прыроду таксама і «сваяцкіх» пачуццяў.

Але не мог трымацца цэлы цыкл раманаў на палеміцы з Заля ці з кім іншым. Трэба было шукаць і знайсці тую шырокую пазітыўную ідэю, якая б цэментавала ўвесь мастацкі будынак. У раманах і аповесцях «Бацькаўшчына» (1931 г.), а потым — «Трыццаць год» (1934 г.), «Трэцяе пакаленне» (1935 г.), «Люба Лук’янская» (1936) абагульняючы прынцып, «агульная ідэя» цыкла будуць знойдзены і выяўлены праз вобразы і карціны гістарычнага жыцця беларускага народа. Сфармуляваць гэтую агульную ідэю, «філасофію» цыкла раманаў К. Чорнага можна так: гістарычны рух чалавецтва, беларускага народа, чалавека ад таго стану, калі чалавек бачыць у чалавеку воўка, да новых шляхоў і гарызонтаў, калі знішчаецца і павінен знішчыцца «назаўсёды той жах чалавечага жыцця, які панаваў на працягу ўсёй папярэдняй чалавечай гісторыі» (з артыкула «Пісьменнікі адказваюць камсамольцам-«камунараўцам»).

Пачынаючы з «Бацькаўшчыны», гісторыя ўладарна ўваходзіць у раманы К. Чорнага (імперыялістычная і грамадзянская вайна, рэвалюцыя і г. д.), але, як ужо адзначалася, не сама гісторыя, а яе «філасофія» звязвае раманы К. Чорнага ў «цыкл».

Ва ўсіх буйных творах К. Чорнага 30-х гг. ёсць абавязковая сцэна, калі амаль усе героі збіраюцца ў адно месца як бы для таго, каб прысутнічаць (разам з чытачом) пры ўрачыстым моманце, калі нараджаецца новая, больш чалавечная, хвіліна гісторыі. Такая «гістарычная ўрачыстасць» выразна афарбоўвае сцэну, калі чалавек прыносіць золата, рассыпае яго перад вачамі іншых людзей, а ў іх на тварах — ні сквапнасці, ні зайздрасці, а толькі здзіўленне.

Гэта ў «Трэцім пакаленні», дзе Міхал Тварыцкі «дорыць» жонцы, дачцэ скуратовічаўскі скарб у прысутнасці краўца, Ірынкі Назарэўскай і іншых.

Ці тая сцэна ў «Любе Лук’янскай», калі ўсе нечакана сабраліся на кватэры Любы якраз у тую хвіліну, калі яна і бацька яе знайшлі адзін аднаго. Тут і стары Ян Стафанковіч, і важны чынуша Сашка Стафанковіч, які адцураўся бацькі, як калісьці (з дапамогай таго ж Яна Стафанковіча) адцураўся Любы і сына свайго.

«Стафанковіч стаяў, як распяты на сцяне... Твар яго завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Трэба думаць, што на яго вачах прайшла ўся сцэна спаткання Лук’янскага з дачкой з самага пачатку. І, можа быць, у гэтыя моманты перад яго вачыма раскрыўся вялікі сэнс усяго таго, у чым ён за ўсё жыццё не бачыў ніякага сэнсу».

Старая сям’я, уласніцкая, прысутнічае на свяце новай, сапраўды чалавечай сям’і. І зноў як бы ўздрыгнула і перайшла на новае «дзяленне» стрэлка самой гісторыі, тая, што фіксуе рух чалавека да ўсё большага «ачалавечання».

Амаль усе раманы і аповесці К. Чорнага 30-х гг. — гэта разгорнуты, эпічны подступ да сучаснасці, уважлівае вывучэнне мінулага герояў з тым, каб разам з героямі, «напоўненымі да краёў» вострай памяццю аб мінулым, разам з самой гісторыяй пераступіць парог сучаснасці, дзе павінны атрымаць завяршэнне і вырашэнне жыццёвыя канфлікты і эвалюцыя характараў.

Больш таго, іменна год напісання (ці друкавання) твора і з’яўляецца найчасцей той кропкай часу, куды павінны сцягвацца ўсе сюжэтна-гістарычныя і псіхалагічныя ніці.

«Больш ён яго ніколі не бачыў аж да тысяча дзевяцьсот трыццаць чацвёртага года»,— гаворыцца ў адным месцы няскончанага рамана «Трыццаць год». Такія ж прывязкі да самай што ні ёсць сучаснасці вы знойдзеце і ў «Трэцім пакаленні», і ў «Любе Лук’янскай», і ў некаторых апавяданнях («Семнаццаць год»).

Развязка ў гэтых творах адбываецца ці павінна адбывацца якраз у той час, калі яны пішуцца.

К. Чорнага факты жывой рэальнасці цікавяць не як летапісца, а як філосафа, гэтыя факты праходзяць праз пісьменніцкую думку, праз сумленне яго, як метэор праходзіць праз атмасферны слуп — успыхваючы яркім святлом. Самы дробязны, здавалася б, бытавы факт, дзякуючы таленту мастака, раптам успыхвае ў мітусенні штодзённага жыцця, асвятляючы наваколле і нават далёкую дарогу чалавека.

Такое філасофскае і абвострана-гуманістычнае ўзбуйненне самых простых, паўсядзённых фактаў, здарэнняў вельмі прыцягвала К. Чорнага. Яго героі жывуць, думаюць, трапечуцца, шукаюць свой лёс на хвалях гісторыі ў зусім канкрэтных умовах Беларусі і рэвалюцыі. І разам з тым, малюючы сваіх Лявонаў, Міхалаў, беларускі раманіст памятаў, што мучыла і хвалявала герояў Шэкспіра і Бальзака, Дастаеўскага і Талстога, Чэхава і Горкага.

Ёсць і ў літаратуры свой «табель аб рангах», ёсць там і свае «маршалы» — мастацкія тыпы сусветнага гучання. Цяжка сказаць, ці многа сярод іх беларусаў. К. Чорны ва ўсякім разе стараўся, каб яны былі. І стараўся знаходзіць гэтыя тыпы ў гістарычным жыцці свайго народа.

Побач з раманамі і апавяданнямі ў 30-я гг. К. Чорны стварае і драматургічныя творы: «Бацькаўшчыну», «Ірынку»; ён — адзін з асновапаложнікаў беларускай савецкай драматургіі. І таксама, як у раманах, у п’есах К. Чорнага лёс чалавека раскрываецца на хвалях гісторыі — як частка і праяўленне лёсу беларускага народа.

* * *

 

Бо прыйшла пара самага важнага, сапраўды цяпер адзінага, ад чаго залежыць усё іншае.

К. Чорны

 

 

Вялікая Айчынная вайна прымушала і літаратуру мераць сябе, сваю справу самым важным, самым галоўным. Таму зусім заканамерна, што творчасць К. Чорнага 40-х гг. убірала ў сябе самую глыбіню, самую чысціню ўсяго, накопленага ў 20-я і 30-я гг. Ідзе напружаны адбор толькі галоўнага, толькі сапраўднага, самацэннага, што магло вытрымаць тое бязлітаснае, трагічнае святло праўды, якое кінула на чалавечую гісторыю самая жорсткая і цяжкая з усіх войнаў.

Для Чорнага наогул характэрна гэта — зноў і зноў вяртацца да зробленага, перапрацоўваць, пераасэнсоўваць ранейшыя вобразы (ці дакладней — прататыпы), матывы, нават дэталі.

Але вайна і тут зрабіла сваю папраўку, новы акцэнт. Для пісьменніка, фізічна адарванага ад шматпакутнай і гераічнай Беларусі, быццам сцёрліся межы, грані паміж рэальнымі людзьмі і героямі яго даваенных твораў. Героі гэтыя быццам таксама засталіся там, бо там жывуць і змагаюцца самі «прататыпы» — увесь беларускі народ.

І калі Чорны зноў кліча іх на старонкі новых сваіх твораў, ён сустракае іх з такім пачуццём пісьменніцкай замілаванасці, якая мяжуе з пачуццём віны, інакш і не назавеш. Быццам недадаў ён ім нечага калісьці, недалюбіў некага, празмерна лёгка выносіў мастацкі прысуд. Мы ведаем, што гэта не так, ведаем высокую меру пісьменніцкай справядлівасці і чуласці, уласцівую ўсёй творчасці К. Чорнага. Але ў чалавека, які любіць так, як Чорны любіў свой народ, свая мера патрабавальнасці да самога сябе.

І вось праз ваенныя апавяданні і раманы К. Чорнага праходзяць перад намі людзі, што нечым нагадваюць — хто краўца з «Трэцяга пакалення» (гаваркі фельчар у «Пошуках будучыні»), хто Гушку з «Бацькаўшчыны» (Нявада ў «Пошуках будучыні»), хто Міхалку Тварыцкага (Кастусь у «Пошуках будучыні»), а хто Скуратовіча з «Трэцяга пакалення» (Ксавэр Блецька ў «Вялікім дні») і г. д.

Людзі, якіх К. Чорны ў своіі час нават і справядліва папракаў за дробязнасць інтарэсаў і спраў, раптам сталі па-другому бачны яму. Бо ў гадзіну цяжкіх выпрабаванняў чалавек можа раскрыцца нечакана, як той суровы селянін партызан, аб якім раней, да вайны, толькі і вядома было, што ён п’яны пабіўся з пеўнем («Вялікае сэрца»).

Усё ў гэтых творах асветлена замілаваннем да родных людзей, балючай памяццю аб родных мясцінах, залітых крывёю і агнём. І таму само гучанне знаёмых з дзяцінства імёнаў, назваў для К. Чорнага цяпер — вялікая радасць. Ніколі ён так падрабязна не перабіраў усю геаграфію Беларусі. Назвы вёсак, гарадоў для яго гучаць, як музыка.

Розныя жанры, якія выкарыстоўвае К. Чорны ў часе вайны (памфлет, апавяданне, раман) — як бы розныя калібры зброі. І параўнанне гэта не такое ўжо ўмоўнае, бо мы выразна адчуваем, як па-салдацку бачыць пісьменнік ворага — фашызм, як імкнецца абстрэльваць, граміць яго «на ўсю глыбіню». Ён не толькі нянавісцю ўзбройвае чытача, не толькі гнеўнымі эмоцыямі, малюючы зверствы фашыстаў і пакуты, помсту нашых людзей, але разуменнем самой прыроды фашызму, яго вытокаў і карэнняў.

У змаганні з фашызмам, што імкнуўся, каб пракласці шлях у душы людзей, разбурыць усякую веру ў самацэннасць чалавечай асобы, веру ў чалавечую дабрату, сумленне і г. д., савецкая літаратура, і ў прыватнасці К. Чорны, абапіралася на вялікага саюзніка — сусветную класіку, векавую гуманістычную традыцыю. Велізарную культуру чалавеказнаўства і чалавекалюбства, сабраную ў класічнай літаратуры — гэтую гуманістычную памяць чалавецтва аб самім сабе, — бярэ К. Чорны ў саюзнікі супраць фашысцкага адзічэння і азвярэння.

Чалавечая культура, гуманістычная спадчына заўсёды была першым ворагам і першай ахвярай фашызму. Агонь у фашысцкіх крэматорыях распальваецца ад кастроў з кніг.

Памяць Беларусі аб мінулай вайне надзвычай вострая. Беларусь — краіна, дзе фашысты знішчалі мірнае насельніцтва ў нябачаных маштабах.

Разам з тым Беларусь — краіна класічнага партызанскага руху. Цэнтральны напрамак савецкага партызанскага фронту — гэтага пастаяннага «другога фронту» ў Еўропе — быў тут.

Быць на ўзроўні такой трагедыі і такога гераізму — не просты і не лёгкі абавязак беларускай літаратуры.

Але гэта і яе вялікая права — права сведчыць супраць фашызму перад усім светам. Бо далёка не ўсе нават у Еўропе бачылі, ад іх да часу схаванае, сапраўднае аблічча гітлерызму.

Кузьма Чорны пакінуў нам выдатную традыцыю маштабнай размовы з цэлым светам.

Але сама гэтая традыцыя складвалася, як ужо гаварылася, на аснове вопыту не толькі беларускай літаратуры. І раманы К. Чорнага, асабліва ваеннага часу, нельга прачытаць колькі-небудзь глыбока, не ўлічваючы гэтага.

Так жанр, а таму і змест, напрыклад, рамана «Млечны Шлях» адкрываецца нам толькі тады, калі мы ўлічваем традыцыю сучаснага філасофскага рамана, якая склалася пад вельмі моцным уплывам класічнай рускай літаратуры.

Сучасны раман і драма наогул робяцца ўсё больш філасофскімі. Як чалавецтву рухацца наперад, не ставячы пад пагрозу ўласнае існаванне і не пакідаючы ззаду самога чалавека,— гэтая трывожная думка жыве ў сучаснай сусветнай літаратуры як нявер'е ці ўпэўненасць, як адчай ці надзея, як апатыя ці парыў. Па-рознаму жыве ў розных літаратурах і ў творах розных пісьменнікаў.

Розны, супрацьлеглы адказ на праклятыя пытанні ХХ стагоддзя даюць пісьменнікі, якія вераць у чалавека, яго розум, у сілы сацыяльнага прагрэсу, і тыя, што адкрыта служаць рэакцыі ці паддаліся адчаю.

Сярод раманаў, у якіх любоў да чалавека, вера ў чалавека і ў заўтрашні дзень планеты перамагае боль сумненняў і вастрыню пагрозы, стаіць і раман К. Чорнага «Млечны Шлях».

Пад тым небам, што над усімі людзьмі, дзяржавамі, франтамі, на беларускай зямлі, спаленай фашыстамі, сустрэліся некалькі чалавек, якіх фашызм, вайна, нясцерпны голад, адзінокае палахлівае бадзянне, здавалася, пазбавілі чалавечага аблічча. І хоць недзе па-ранейшаму існуе вялікі свет людзей, недзе ёсць гарады і вёскі, мільёны людзей, але ўся атмасфера ў рамане такая, быццам толькі гэтыя некалькі чалавек і засталіся на ўсёй планеце, каб судзіць і быць падсуднымі — перад вокам дзіцяці, вечнасці, гісторыі і ўласнай памяці. Сабраліся, каб абвінавачваць і апраўдвацца. Здаецца, што ад таго, апраўдаюцца ці не гэтыя некалькі чалавек, альбо хоць некаторыя з іх, апраўдаюць ці не сваё права называцца людзьмі, залежыць: «узнікнуць» нанова іншыя людзі, «свет людзей», «ажывуць» ці застануцца ў небыцці, а гэтыя некалькі так і будуць адзінокімі і апошнімі чалавечымі істотамі...

Пры ўсёй індывідуалізацыі характараў у рамане «Млечны Шлях» К. Чорнага асабліва цікавіць якраз тое чалавечае, што ёсць ці пагрозліва страцілася ў людзях, аб якіх ён апавядае. Бо гэта ж «эксперымент» (сацыяльна-філасофскі, філасофска-псіхалагічны), ён і вызначае стыль і жанр твора.

У рамане «Млечны Шлях» людзі пастаўлены вайной, фашызмам у абставіны такія, што «чалавечая прырода» і сацыяльная сутнасць кожнага, на думку аўтара, павінны раскрыцца глыбока, востра.

Вось людзі ва ўмовах ХХ стагоддзя, якое, аднак, прапануе нам па сумнай іроніі гісторыі сітуацыю амаль што дагістарычную. Амаль што бязлюдная зямля, некалькі чалавек сярод здзічэлай прыроды і бык («мамант») перад галоднымі людзьмі. Як яны будуць паводзіць сябе, гэтыя людзі?

Для пісьменніка, які так балюча і так гнеўна ўспрыняў «фашызацыю» паловы кантынента, які лічыць сваім абавязкам гуманіста і патрыёта сведчыць у карысць чалавека і які гэтым раманам як бы ставіць «эксперымент на чалавечнасць»,— для такога пісьменніка і для такога рамана асабліва важна вывучаць чалавека да канца, каб ні адна крупіца чалавечнасці не засталася незаўважанай.

Вось зварылі яны мяса забітага быка, «тоўсты» паставіў на лаву чыгуны. У тым жа пакоі, дзе ляжыць мёртвая дзяўчынка, з якой навекі развітваюцца бацька і сястра.

Аўтар фіксуе вельмі чалавечны рух, якому штуршок дае былы чырвонаармеец (паступова чытач заўважае, што іменна ад гэтага чалавека ідуць такія імпульсы).

«— Есці ў сенцах! — сказаў самы малады.

З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позірк. Ён хапіў чыгун і памчаў у сенцы».

Задушаны самы першы крык голаду, і людзі ідуць капаць яму для мёртвай. На планеце людзей пад вечным Млечным Шляхам адбываецца вось што: не ведаючы адзін аднаго, у невядомым ім месцы людзі капаюць магілу невядомаму чалавеку. Здаецца, гэтым выражана ўся, якая толькі магчыма, беспрытульнасць герояў рамана. Спрадвечная і агульная справа — хаваць мёртвых — на нейкі час абуджае ў людзях імкненне быць як мага бліжэй да жывых.

Перад дзіцем ды яшчэ перад вечнасцю Млечнага Шляху нават у такіх розных па лёсу, імкненнях людзей, як тыя, што сабраліся разам у рамане К. Чорнага, абуджаецца час ад часу нешта агульнае.

Вядома, калі б гэта быў не філасофскі раман з адразу заяўленай умоўнасцю сітуацыі, узнікла б нямала пытанняў: аб матывізаванасці паводзін, адносін гэтых людзей, аб верагоднасці абставін і г. д. Але рамап так пабудаваны, так пачынаецца і так разгортваецца, што якраз у той момант, калі такія пытанні маглі б узнікнуць (мы раптам даведваемся, што ў гэтай дзіўнай кампаніі і немцы хаваюцца), чытач ужо і не падумае задаваць пытанні: ён ужо прыняў «правілы гульні», умовы жанру, прапанаваныя аўтарам, ён пад уладай не сюжэта, а думкі аўтарскай і іменна за ёй сочыць. І толькі калі думку, аналіз нечакана адцясняе сюжэт (хату-«каўчэг» раптам акружаюць узброеныя немцы, гаспадары хаты па-партызанску распраўляюцца з імі) — вось тут судзіць твор чытач ужо пачынае па законах «звычайнага» рамана. Паяўленне новых немцаў патрэбна ў рамане, каб людзі ў «каўчэгу» маглі раскрыцца да канца, каб іх нядаўнія перажыванні і споведзі перад дзяўчынкай Ганусяй можна было праверыць. Адным словам, для завяршэння «эксперыменту» гэта патрэбна аўтару.

З’явіліся ўзброеныя акупанты, і адразу стала бачна, што немец-афіцэр застаўся фашыстам, а салдат-аўтамат усё тым жа аўтаматам, які зноў па загаду пойдзе паліць і забіваць такіх, як Гануся, перад якой ён нядаўна спавядаўся («Калубка!..»), якую хацеў бачыць «сястрой» сваёй Гертрудзе.

«...перамагаючы боль дзесьці ў целе, стаў роўна, па-салдацку. З ім у адзін момант адбылася вялікая змена. Твар яго паспакайнеў. Калі ён нядаўна спавядаўся перад Ганусяй, ён увесь быў напоўнен прагай да ратунку. Страшная пячаць гэтай прагі была тады на яго твары. Цяпер можна было падумаць, што свой ратунак ён ужо знайшоў».

Дык што, «эксперымент» засведчыў супраць чалавека? Не, толькі супраць фашыста і супраць «чалавека-аўтамата». Так, час, грамадскія ўмовы робяць і такое з чалавекам, і гэта страшна, крыўдна, балюча. Але будучыня ўсё роўна за чалавекам.

«Жалезны звер», які праносіцца над лёсам працоўнага чалавека ў раманах К. Чорнага 40-х гг., ломячы, крышачы шчасце і будучыню дзяцей і бацькоў,— гэта звер уласніцтва і вайны, што знайшоў сваё найбольш жорсткае выражэнне ў нямецкім фашызме.

К. Чорны, яго раманы «дастаюць» не толькі непасрэдных забойцаў-акупантаў, але і «галоўнага забойцу» — саму фашысцкую тэорыю і тых «тэарэтыкаў» нябачанага генацыду, якія потым, калі прыйшоў час расплаты, на Нюрнбергскім працэсе будуць фальшыва здзіўляцца, што існавалі майданакі і бухенвальды. Яны ж, маўляў, толькі прамовы гаварылі і брашуркі пісалі, самі яны не забівалі.

Такога «забойцу-тэарэтыка» і малюе К. Чорны ў рамане «Вялікі дзень» у вобразе Тоўхарта. У яго праграме вельмі многа тыповага для фашысцкіх тэарэтыкаў ваяўнічага антыгуманізму.

Перад спустошаным і няздатным да жыцця, выгнаным рускай рэвалюцыяй Гальвасам выкладвае Тоўхарт свой «сімвал веры», «праграму дзеяння», ад якой нават абыякаваму да ўсяго Гальвасу не па сабе.

І зноў мы бачым у рамане К. Чорнага высокую культуру думкі, за яго вобразамі і тыпамі — вопыт сусветнай класікі, а таму К. Чорны, апавядаючы аб Беларусі, мае што сказаць і аб чалавецтве ў цэлым, аб ХХ веку.

Тоўхарт — гэта ідэйна-мастацкае адкрыццё К. Чорнага, з’ява жыцця ХХ стагоддзя. Але ў гэтым вобразе ёсць «пласты», якія бачны, «прачытваюцца», толькі калі глядзець на яго скрозь прызму рускай і сусветнай класікі. Тоўхарт — лагічнае развіццё і ў пэўным сэнсе завяршэнне ў ХХ стагоддзі буржуазнага індывідуалізму, аб якім столькі апавядала сусветная літаратура, пачынаючы ад Стэндаля і Дастаеўскага і канчаючы Горкім. Толькі там індывідуалізм быў яшчэ ў пэўным сэнсе бунтам супраць «сістэмы». Фашызм жа ўключыў яго ў «сістэму», зрабіў «шурупчыкам», слугою самой «сістэмы».

«Забойца па тэорыі» — вобраз добра знаёмы нам па рускай класічнай літаратуры. Але там ён страшэнна пакутуе ў выніку ўсяго, гэты індывідуаліст-«тэарэтык».

«Забойца па тэорыі», але пазбаўлены ўсякіх пакут сумлення — гэта ўжо прадукт буржуазнага грамадства ХХ стагоддзя. І гэта ўбачыў, гэта паказаў К. Чорны.

Тоўхарт у Чорнага — гэта не прымітыўны салдафон, што чытаў толькі «Майн кампф». Тоўхарт чытаў і Дарвіна, і Гётэ, і Дастаеўскага. Ён вывучаў гуманістычную спадчыну чалавецтва, але так, як вывучаюць абарону, зброю свайго ворага. Бо тоўхарты добра разумеюць, што і хто іх вораг.

Тоўхарт ведае, што галоўны тэзіс гуманізму — гэта прызнанне другога чалавека роўным табе, гэта ўсведамленне, што кожны чалавек так пакутуе і так радуецца, як і ты, «па-чалавечы». Атака на рабства заўсёды пачыналася са сцверджання: «І мужык — чалавек! І негр — чалавек!»

Каб прымусіць немцаў зрабіцца палачамі іншых народаў, трэба пераканаць іх, што іншыя — «ніжэйшыя», «недачалавекі», — гэта і прапаведуюць тоўхарты. «І мы хочам не ратунку, а панавання. А панаваць можна толькі над тым, каго ненавідзіш. Таму вы сваім нацыянальным пачуццём павінны зрабіць нянавісць да ўсяго, што не наша, і нам павінна быць усё роўна, што пра нас думаюць. Бязлітаснасць павінна стаць нашым сцягам... Не замілаванне, а нянавісць будзем прапаведаваць мы. Мы зробім гэта нашым евангеліем...»

Тоўхарты вельмі нізка ставяць чалавека, яго здольнасць супрацьстаяць цынізму і лганню тых, што рвуцца да ўлады над людзьмі.

Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў-«інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на трусасці людзей. Тоўхарт — не з ліку вельмі буйных. Але ў тым і трагедыя ХХ стагоддзя, што якраз дробныя куміры нацыяналістычнага мяшчанства, агідныя камедыянты накшталт Гітлера ці Мусаліні здольны былі заліць морам крыві рэальную сцэну сучаснай гісторыі.

Блізкасць вялікай літаратуры мінулага да самай сучаснай сучаснасці добра адчуў і выдатна выкарыстаў К. Чорны, калі кінуў на свайго Тоўхарта злавесны цень Вялікага Інквізітара. «Цень» гэты адчуваецца ў самой інтанацыі — злавесна-ўрачыстай, з якой прарочыць Тоўхарт перад Гальвасам. «І ён будзе,— пераканана кажа «новы інквізітар», фашыст Тоўхарт,— той ніжэйшы, пераможаны мной, верыць мне. Ён будзе ведаць, што я лгу. Але я буду глядзець яму ў вочы, наставіўшы на яго зброю, і ён будзе ў знак згоды ківаць галавою, што я не лгу. Каб дагадзіць мне, ён будзе ісці сам супраць свае душы. А калі я назаўсёды павешу над яго галавой зброю, ён глыбока ўверуе, што я не лгу і што я самая святая праўда. Так прыйдзе новы свет, і так усталюецца новы прынцып і новая мера дабра і зла, справядлівасці і шальмоўства...»

«Цень» Вялікага Інквізітара дапамагае К. Чорнаму падкрэсліць, наколькі здрабнеў яго «спадчыннік», яго фашысцкая копія. Тоўхарт у адрозненне ад Вялікага Інквізітара ніяк не здатны да трагедыі, бо ў яго і намёка на чалавечае сумленне не засталося. Ён злавесны — вельмі злавесны — але толькі аўтамат і ніколькі не індывідуальнасць, не асоба. Ён усяго толькі «шурупчык» у бязлітаснай машыне, што штампуе бяздушных «надчалавекаў». Індывідуаліст без індывідуальнасці.

І зноў — падкрэсліваем! — вобраз, тып, адкрыты К. Чорным у самім жыцці, уключаны, свядома, падкрэслена, у сістэму тыпаў, раней адкрытых вялікімі мастакамі слова. Але робіць гэта К. Чорны так, што ніколькі не «залітаратурвае» свой персанаж. Толькі яму патрэбна, яму проста неабходна, каб вялікія мастакі былі побач, калі настала гадзіна бараніць самыя асноўныя чалавечыя каштоўнасці.

К. Чорны — адзін з пісьменнікаў, якія добра разумелі імкненне фашызму заразіць увесь свет, усё чалавецтва бацыламі антыгуманізму. Таму так горача і настойліва, побач з нянавісцю да акупанта, ён сцвярджае непераходзячую любоў да чалавека як галоўнай каштоўнасці на зямлі.

К. Чорны ведае і выдатна ўмее паказаць, які ён, чалавек, калі яго не сапсавалі ўласнасцю, калі не атручаны ён золатам. Калі не загналі яго ў цёмны вугал чэрствасці і жорсткасці. Калі не вытруцілі з яго тую высокую сумленнасць, працавітасць, дабрату, чалавечую шчырасць, якія народ умее праносіць скрозь самыя ліхалецці. Хто не сапсаваў, не атруціў, не загнаў? Рэальныя ўмовы жыцця. І тыя, каму гэта патрэбна — ад рабаўладальніка, імператара, багдыхана, жорсткага ўласніка да чарговага дэмагогафюрэра ХХ стагоддзя.

І калі, нягледзячы на тое, што «ні ў маладосці, ні ў старасці няма ад іх ратунку» (як скардзіцца герой К. Чорнага ў «Пошуках будучыні»), чалавек, працоўны чалавек, усё ж застаецца такім, якім К. Чорны яго малюе, значыцца, у ім заключана найвялікшая сіла супраціўлення злу.

Можа ні ў адным сваім творы К. Чорны не змог так апаэтызаваць само званне чалавека, як гэта ён зрабіў праз вобразы «маленькай Волечкі» і Кастуся ў рамане «Пошукі будучыні». Што б ні адбывалася ў свеце, дзе яшчэ хапае і бруду, і жорсткасці, і сквапнасці, заўсёды існуе мера вышэйшай чалавечнасці, і яна для К. Чорнага — у людзях працы і ў дзецях.

Праз дзяцей К. Чорны ідзе да чалавека, да сапраўднага чалавека. І праз той куток зямлі, куды рвуцца яго ўсе думкі і пачуцці, дзе «паблізу чутны ў гаворцы гарады Нясвіж і Слуцак».

Бо адтуль, дзе засталіся радзіма і яго дзяцінства, К. Чорнаму чалавек бачыцца асабліва вялікім і чыстым.

Каб любіць усю зямлю, трэба любіць нейкі куток яе ўсёй сваёй памяццю. Каб любіць людзей, чалавека, трэба некага рэальнага, жывога пасяліць у сваім сэрцы.

Людзі, якіх асабліва памятае, любіць К. Чорны і праз якіх ён бачыць і ацэньвае чалавека, гэта простыя і шчырыя людзі працы, аб якіх К. Чорны пісаў усё жыццё і якіх адкрыта паэтызуе ў рамане «Пошукі будучыні».

Героі гэтага рамана — дзеці Волечка і Кастусь, а таксама сяляне, сярод якіх яны жывуць,— працавітыя, добрыя, наіўныя і шчырыя жыхары беларускай вёскі Сумлічы. За аўтарскім пачуццём, за яго тонкай і мудрай усмешкай мы ўвесь час адчуваем глыбокі і напружаны роздум над лёсам чалавека і чалавецтва на зямлі.

Усмешка, якой асветлены лепшыя старонкі рамана (уся першая палова) — гэта ўсмешка ціхай чалавечай радасці за чалавека. Нясцерпны боль, пакута ад усяго, што робіцца на захопленай фашыстамі роднай зямлі, але побач, у тым жа рамане — такая вось ціхая ўсмешка. Бо было, бо застанецца насуперак усяму на зямлі вось гэта: чысціня і праўдзівасць дзяцінства — невычэрпная крыніца чалавечай шчырасці і чысціні.

Бо так усё проста, так усё зразумела кожнаму і вечна тое, што дзеецца ў душах Волечкі, Кастуся, іх аднавяскоўцаў-сумлічан, іх бацькоў.

«Так усё і дапытвалі мяне — а ці не маю я намераў пусціць на паветра цэлую дзяржаву!..— гаворыць селянін Нявада — бацька Волечкі.— Бойцеся, кажу, бога! Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона — я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць».

Зробленае К. Чорным у часе вайны — сапраўдны подзвіг пісьмепніка-салдата. Столькі напісаць і так напісаць, будучы смяртэльна хворым ужо з 1942 г., амаль страціўшы зрок,— інакш чым подзвігам салдата, што да апошняй хвіліны не пакінуў свой акоп, гэта назваць немагчыма!

* * *

У дзённікавых запісах К. Чорнага ад 10 верасня 1944 г. ёсць здзеклівая заўвага пра некаторых літаратараў, якія скардзяцца, што «няма пра што пісаць», і якім толькі і застаецца смакаваць свае прэсныя «літаратурныя знаходкі».

І гэта ў той час, калі перад кожным — рэальнае жыццё яго народа, яго час!

Трэба толькі ўмець гэта бачыць. Бо для некаторых, кажа Чорны, «калгаснік — гэта той самы мужык, які толькі згаліў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць і знойдзе і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага...»

Глядзець на сваё скрозь павелічальнае шкло сусветнай культуры чалавеказнаўства — вось што патрэбна літаратару. Тады толькі і ўзнікае тое, што мы называем літаратурнымі тыпамі, а тым больш — тыпамі сусветнага гучання.

Такі погляд К. Чорнаму быў арганічна ўласцівы. Гэта вельмі важны «ўрок», які дае нам спадчына класіка беларускай прозы. Ён асабліва своечасовы сёння, калі беларуская літаратура абавязана перад цэлым светам казаць сваё слова ад імя народа, якому ёсць што паведаміць чалавецтву не толькі пра сябе, але і пра самое чалавецтва.

Алесь Адамовіч

1 К. Чорны. Аўтабіяграфія. У кн.: «Пяцьдзесят чатыры дарогі». Мінск, «Беларусь», 1963, стар. 525.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан