epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Адам Глёбус як індыкатар літаратуры і грамадзтва

Колькі разоў чуў меркаваньне, прычым ад людзей з розных літаратурных «тусовак» і пакаленьняў, што сёньня Адама Глёбуса зашмат. Маецца на ўвазе, што пра Глёбуса шмат пішуць як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных літаратурных выданьнях, актыўна выходзяць ягоныя кнігі, пэрыядычна зьяўляецца ягоны голас на «замежных» беларускіх радыёстанцыях.

Аднак, трэба прызнаць, эфэкту Адама Глёбуса пакуль не назіраецца. Глёбус ня стаў ня толькі культавым беларускім пісьменьнікам, але й проста вядомым.

На тоё ёсьць некалькі прычынаў.

Па-першае, беларуская культура перажывае сёньня ня лепшыя свае часы. Ці не ў найгоршым стане апынулася літаратура. Увага грамадзтва да яе нізкая, адпаведна і агучваемасьць літаратурных твораў і імёнаў пісьменьнікаў вельмі слабая. Цяжка прыгадаць, калі апошні раз які-кольвечы літаратурны твор беларускага майстра слова выклікаў розгалас у беларускім грамадзтве ці хаця б у беларускіх інтэлектуальных колах. (Перш чым таму розгаласу нарадзіцца, трэба, каб літаратурны твор дайшоў да чытачоў; каналы, па якіх творы перадаюцца-цыркулююць, робяцца ўсё больш плыткімі і менш разгалінаванымі; а Інтэрнэт для сярэднестатыстычнага беларускага літаратара па-ранейшаму застаецца недаступным цудам тэхнікі, беларускага літаратурнага Інтэрнэту практычна не існуе).

Па-другое... без дзяржаўнага ўшанаваньня (уганараваньня) вельмі складана стварыць «поўнафарматнага», прызнанага беларускага пісьменьніка. У Беларусі амаль усе сферы, звязаныя з жыцьцёвай дзейнасьцю чалавека, вельмі істотна кантралююцца ўладай. Пад кантролем нават такія рэчы, як грамадзкае прызнаньне. Літаратура - досыць дарагі від мастацтва, асабліва беларуская літаратура, якая патрабуе сур'ёзных дзяржаўных датацыяў. Вядома, тэатар або кінаматограф значна даражэйшыя, таму ў нас няма айчыннага кінаматографу, а тэатар ледзь ліпіць. Літаратура, дзякуй Богу, ёсьць. Але яна ператварылася ў вельмі элітарны занятак. Адам Глёбус можа сабе яго дазволіць, аднак наўрад ці ў бліжэйшай пэрспэктыве яго чакаюць дзяржаўныя ляўры або хаця б мэдаль Францішка Скарыны. А без «дзяржінаўгурацыі» Адам Глёбус ня можа адбыцца як масавы беларускі пісьменьнік. Улада будзе яго ігнараваць не таму, што Глёбус якісьці апазыцыйны або крамольны. Ён проста нязручны (непатрэбны). Яго нельга скарыстаць ні ў ідэалягічных, ні ў палітычных мэтах...

Па-трэцяе, асоба Адама Глёбуса вельмі размаітая. Ён і літаратар, і выдавец, і фундатар, і мастак, і аглядальнік, і бізнэсоўца. Але што з гэтага пераліку галоўнае? Сам Адам Глёбус, відавочна, назаве - літаратар. Але ў вачах людзей ён найперш выдавец-бізнэсоўца, бо посьпех у сёньняшнім сьвеце вымяраецца заробленымі грашыма. Свой посьпех (адпаведна і грошы) Глёбус зарабіў у выдавецкім бізнэсе, таму для беларусаў (абазнаных беларусаў, а неабазнаныя ўвогуле пра яго ня чулі) Глёбус - бізнэсоўца. Аляксандар Патупа або Алесь Усеня таксама літаратары, прынамсі, былі, але іхняя літаратурная дзейнасьць сёньня нідзе ня згадваецца. Гэтыя людзі набылі прызнаньне ў іншых сфэрах. У адрозьненьне ад іх, Глёбус працягвае вельмі актыўна займацца літаратурай і мае вялікія амбіцыі, вось толькі пераўзысьці свой посьпех у бізнэсе літаратурным наробкам наўрад ці ён здолее. Бо сёньня прыкладаў беларускага літаратурнага посьпеху папросту не існуе.

Што з усяго сказанага вынікае? Тое: што і наша краіна, і яе грамадзтва знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы. Беларусь не будуе свайго культурнага прасьцягу, таго «азонавага» слоя, які мусіць абараняць краіну ад дэструктыўнага вонкавага ўплыву і ў той самы час яднаць грамадзтва. Гэта настолькі комплексная і маштабная праблема, што выранэньне толькі нейкай часткі яе, напрыклад, павелічэньне колькасьці выдаваемых кніг, не прынясе нам прыкметных станоўчых зрухаў.

Праблемы Адама Глёбуса не павінны радаваць яго нядобразычліўцаў (якіх насамрэч нямала). Бо гэта ня толькі датычыцца Глёбуса, але і ўсіх нас. Няцяжка ўявіць, якога посьпеху можа дамагчыся, напрыклад, цікавы празаік з Мастоў Язэп Палубятка або паэтка зь Веткі Ларыса Раманава. Адсутнасьць прыкладу беларускага літаратурнага посьпеху робіць беларускую літаратуру беспэрспэктыўнай.

Дык няхай будзе хоць Адам Глёбус!

 

2001 г.

 


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае