epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Яму канцы

Мікола на мейсца сустрэчы прыйшоў раней, дамаўляліся а пятай, аднак бяз чвэрці пяць ён ужо быў каля «Хвілінкі». Міколу хацелася піць. Ён узяў пляшку «фанты» і ўладкаваўся за плястмасавым столікам на ходніку. Па яго твары было відаць, што з хлопцам здарылася нешта сур'ёзнае. Моцная ўсхваляванасьць трымала дзябёлае міколава цела ў відочнай напружанасьці. Нягледзячы на летняю сьпёку, ён адчуваў нэрвовыя дрыжыкі. Усё ляцела ў тартарары - пляны, мары, жыцьцё. Аб гэтым ён даведаўся ўчора. Навіна была настолькі нечаканай і жудаснай, што хлопец разгубіўся. Гэтым жа днём увечары затэлефанаваў свайму лепшаму школьнаму сябру Ігару і дамовіўся аб сустрэчы. Ён хацеў параіцца. Але ніякая парада ўжо не магла яму дапамагчы. Фартуна разьвіталася зь ім. Хлопец ня ведаў, да каго яшчэ можна зьвярнуцца, каму прызнацца. Здаецца, усяму сьвету было да «фені» што зь ім. І толькі Ігар... Два гады таму, пасьля сканчэньня школы, яны разам паступалі на «мікраэлектроніку». Ігар паступіў, Мікола не. Тады таксама была трагедыя. Аднак хлопец хутка ачуняў. Пра нейкую працу не было й размовы - добрыя мейсцы разьмяркоўваліся «гаспадарамі жыцьця», а за капейкі працаваць не было сэнсу. Мікола ўцягнуўся ў чаўноцтва. Расея, Польшча, Турцыя, Вугоршчына. Праз год ён ужо меў «відэа» і старэнькі «Фольксваген». Ён нават пачаў жартаваць з Ігара, маўляў, скончыш інстытут і пойдзеш да мяне ў падручныя. І вось гэтая жахлівая навіна. Безумоўна, ён сам ва ўсім вінны. Ён апошні крэтын і асёл! Яго панесла, як брудны ручай нясе кансэроўку ў яму-сьметніцу! Ён пагнаўся за асалодамі жыцьця, а апынуўся на памыйніцы!

Ігар падыйшоў да мейсца спадканьня пэдантычна а 17-ай гадзіне. Мікола ведаў, што ў сябра няма багата часу. Сэсія. Таму вырашыў не цягнуць ката за хвост і адразу на Ігарава пытаньне «Ну дык што здарылася?» адказаў: - Хачу разьвітацца зь лепшым сябрам. - Сказаў ён гэта з нейкай фальшывай інтанацыя, як быццам, Мікола баяўся, што аднакашнік можа адчуць ягоны спалох.

- Што ты за лухту вярзеш! - абурыўся сябар, так звычайна абураюцца, калі да занятага чалавека зьвяртаюцца зь якой-небудзь дуратой.

- Каму лухта, а каму й не, - загадкава працягваў Мікола. Ён піў «фанту» адразу з пляшкі невялічкімі глыткамі і не глядзеў на сябра.

- Ну, дык што здарылася? - перапытаў Ігар. Ягоная раздражнёнасьць пачала зьнікаць, хлопец адчуў, што гэтая сустрэча прызначалася не ад няма чаго рабіць.

- Сёньня, каля прэзыдэнт-хола, зноў бойка будзе, - нечакана Мікола зьмяніў тэму гаворкі. - Зьберуцца патрабаваць вызваліць арыштаваных, а іх саміх пахапаюць. - У вапошнюю хвіліну ён спужаўся сказаць усю праўду. - Што з гэтага зьменіцца, калі пра маё няшчасьце даведаецца Ігар, - падумаў з нечаканай цьвярозасьцю. - Навошта на студэнцкую сябрукоўскую галаву вешаць свае праблемы?

- Як ты лічыш, будзе бойка, ці не? - спытаў Мікола празь хвіліну маўчаньня зусім іншым роўным голасам.

- І ты дзеля гэтага мяне паклікаў? Паслухаць мае палітычныя прагнозы?! - раздражнёнасьць ізноў адчулася ў словах Ігара.

- Як ты лічыш, навошта чалавек жыве? - зусім нечакана яшчэ раз зьмяніў тэму Мікола.

- А табе што, надакучыла жыць? - пытаньнем на пытаньне адказаў сябар.

- Жыць не надакучыла, але з жыцьцём трэба разьвітвацца.

- Няўжо некуды ўліп?! - Ігар здаецца зразумеў прычыну іхняй сустрэчы.

- Уліп, але не туды, куды ты думаеш. - Ён яшчэ раз глытнуў аранжавы трунак і паставіў пустую пляшку на стол. Затым паглядзеў на сябра і сказаў: - Памятаеш, у Багдановіча «Пралятайце вы, дні, залатымі агнямі. Скончу век малады, - аблятайце цьвятамі...»

- Ты ад сваіх паездак звар'яцеў. - Ігар ня ведаў, як патлумачыць паводзіны свайго сябра, ён упершыню яго бачыў такім. - Табе трэба адпачыць. Усю Эўропу ўсё адно не перавязеш.

- Эўропа... што табе гэта Эўропа, - нэрвова перабіў сябра Мікола. - Вунь наша Эўропа, - ён паказаў на грамаду дэманстрантаў, якая сунулася ў іхні бок у канвоі міліцыянтаў. - Зараз будзе ім Эўропа!

Ігар сядзеў сьпінай да станцыі мэтро «Цэнтральная», таму ня мог першым заўважыць яшчэ кволыя прыкметы бел-чырвона-белых хваляў. Ён павярнуўся і з трывогай паглядзеў назад. Ужо было чутна, што дэманстранты нешта скандыруюць.

- Напэўна, пара вызваляць праезджую частку, - пажартаваў Ігар і паставіў на стол недапітую пляшку «фанты».

- А можа й мы пройдземся за кампанію? - прапанаваў Мікола. - Што скажаш, студэнт?

Ігар узьняў вочы на сябра і ўважліва паглядзеў яму ў твар.

- Увогуле я люблю шпацыраваць на адзіноце дзе-небудзь па парку, але калі ў цябе ёсьць такое жаданьне, дык давай пройдземся.

Мікола ўзяў у руку сваю пустую пляшку й гэтым незразумелым рухам напужаў Ігара. Аднак сябар зрабіў выгляд, што памыліўся - нібыта хацеў дапіць яе зьмесьціва, а пляшка насамрэч пустая.

- Дапі маю, я не хачу, - прапанаваў Ігар нейкім сьцішаным голасам. Мікола дзіўна замахаў рукамі й разоў пяць паўтарыў: «Не». Затым даланёю абцёр рыльца сваёй пустой пляшкі і паставіў яе на стол...

 

Мікола і не заўважыў, як пачалася бойка. Спэцназаўцы дубасілі ўсіх налева і направа. Пранізьліва завішчэлі жанчыны і дзяўчаты. Дэманстранты пачалі рассыпацца па вуліцы, але шляхі да адступленьня перарэзалі шэрагі ў камуфляжы. Мікола колькі хвілінаў стаяў як укопаны і нічога не разумеў. У вачах мільгацелі людзі, стаяў нейкі жудасны гул, які аб'ядноўваў крыкі ахвяраў і ахвярадаўцаў, удары аб плястыкавыя спэцназаўскія шчыты, грукат сотні чаравікоў і нешта яшчэ незразумелае й агіднае. Ігар пацягнуў Міколу за рукаво кашулі. Мікола пачаў падпарадкоўвацца сябру і яны ўдвох пабеглі ў бок галоўпаштамта. Аднак хлопцы не пасьпелі зрабіць і дзесяці крокаў, як і на іх наваліліся плямістыя дубаломы. Чамусьці амаль уся група спэцназаўцаў, якая нагнала ўцекачоў, прынялася дубасіць меншага па росту і камплекцыі Ігара. Ён закрываўся ад гумовых палак рукамі і няўдала спрабаваў выкручвацца ад удараў і гарачых учэпістых абдымкаў. Яго схапілі, заламалі рукі і некуды пацягнулі. Мікола пабег услед, дагнаў спэцназаўскую гурму і ўдарыў нагой у сьпіну аднаму зь іх. Удар атрымаўся моцны й вайсковец, выпусьціўшы сваю ахвяру, паляцеў на асфальт. Другі спэцназавец атрымаў удар кулаком і таксама выпусьціў Ігара, хлопец імкліва ўсхапіўся й пабег. Яго ня сталі перасьледаваць, бо ўся гурма накінулася на Міколу. Адзін з удараў гумовай палкі прышоўся па твары і хлопец адчуў у роце салёны смак крыві. Ён скіраваў свой позірк на таго вайскоўца, які зрабіў ўдар і пасунуўся да яго. Калі заставаўся ўсяго якісьці крок, ён плюнуў крывёю яму наўпрост ў вочы. Спэцназавец пачаў размазваць зыркую чырвань па сваім твары і зрабіўся падобным да вампіра. У гэты час Мікола адчуў моцны ўдар ззаду і ў вачах усё згасла...

Расплюшчыў вочы Мікола ў бальнічным пакоі. Хлопец доўга ня мог зразумець, дзе ён і што зь ім здарылася. Пакой быў вялікі - на дванаццаць ложкаў. Але ўсё адно не было чым дыхаць - у палаце стаяў бальнічны сьпёкавы смурод. Усё цела пранізвала ныючая боль, але асабліва мулілі галава й сьпіна. Адразу яму чамусьці ўзгадаўся твар таго спэцназаўца, якому ён плюнуў у вочы. Гэта быў зусім малады хлопец, магчыма маладзешы ад яго. Ён нечым нагадваў Сяргея Лявонава, зь якім час ад часу выпадала езьдзіць у Нямеччыну па машыны. Затым ён узгадаў увесь учорашні дзень. Нейкая фантасмагорыя, галівудзкі «ужасьцік». І раптам ён зноў падумаў пра таго спэцназаўца. «Яму канцы», - сказаў ён у голас. І яшчэ раз паўтарыў: «Яму канцы».

Было недзе пяць гадзінаў раніцы. Усе ў палаце спалі - пасапваючы і пахрапваючы. Мікола ляжаў ля двярэй. Нечакана падхапіўся мужчына ля дальняга вакна - ён заенчыў і затым сутаргава захрыпеў. «Дапамажыце, хто тут ёсьць, дапамажыце!» - закрычаў Мікола і загрукаў рукою ў дзьверы. Калі ў пакой прыбегла медсястра, мужчына ўжо суцішыўся і неміргаючы глядзеў у столь пустымі вачыма. Медсястры засталося толькі канстатаваць сьмерць. Яна накрыла нябожчыка з галавой прасьціною й выйшла. Палата ўспаролася. Хтосьці бясконца прычытаў: «Васіліч, Васіліч!!!» Мікола абхапіў галаву рукамі і ўткнуўся тварам у падушку. Вочы напоўніліся сьлязьмі і ўсё цела калацілі здрадлівыя дрыжыкі. Чужая сьмерць падалася яму жахлівай. А як зьмірыцца са сваёй?

На мінулым тыдні ананімны аналіз паказаў, што Мікола быў хворы на AIDS.

 

Чэрвень, 1996, Наваполацак


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае