epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Ён яшчэ вернецца

У сярэдзіне 1980-х я меў тры любімыя беларускія кнігі: «Вандроўнік» Леаніда Дранько-Майсюка, «Сурма» Алега Мінкіна і «Добры дзень, мая шыпшына» Уладзіміра Арлова. У той час я быў студэнтам наргасу і рабіў першыя крокі ў літаратуры. Са свайго чытацкага захапленьня я не зьбіраўся ствараць таямніцы і паўсюль прапагандаваў любімыя кнігі і іх аўтараў. Прапаганду зьдзяйсьняў трыма мэтадамі: 1) наладжваньнем калектыўных чытаньняў у студэнцкім інтэрнаце; 2) арганізацыяй сустрэчаў з маладымі пісьменьнікамі; 3) напісаньнем рэцэнзій на любімыя кнігі для інстытуцкай газэты «Экономист». Рабіць гэта было складана і няўдзячна. Усе мае «прамацыйныя» спробы не дасягалі патрэбнага выніку. На сустрэчы прыходзілі ня больш за 10-15 студэнтаў, пераважна дзяўчаты з маёй групы, а на калектыўных чытаньнях той-сёй засынаў на другой-трэцяй старонцы. Да таго ж, праводзячы сваю прапагандысцкую кампанію і друкуючы свае вершы ў інстытуцкай газэце, я набыў сур'ёзных ідэалягічных апанэнтаў - каманду КВЗ з фінансавага факультэту, якую ўзначальваў Жэня Краўцоў (будучы кіраўнік «Мінсккомплексбанку» і стваральнік тэлеперадачы «Банка комиксов»). «Краўцоўцы» абралі мяне мішэньню для сваіх «кавээнаўскіх» жартаў, нават стварылі адмысловы вусны часопіс «Антикозик» (на той час Алеся Аркуша яшчэ не існавала). «Краўцовец» Андрэй Важнік праз знаёмых на перадапошнім курсе перадаў мне на памяць свой верш пад назваю «Александру Козику (карандашный вариант)». Зьдзівілі такія радкі:

 

Прости за то, что был я грешен,

Прости за едкость и за злость,

Прости за то, что так небрежно

Кусал твои усищи строк.

 

Было гэта прабачэньнем ці чарговым жартам - засталося для мяне невядомым. Успамінаю гэтыя студэнцкія гісторыі, каб нагадаць (ці не сабе самому?) той час, акунуцца ў яго.

На сустрэчу з чытачамі ў наргас прыходзілі Леанід Дранько-Майсюк (дарэчы, ён пакінуў тады на «Вандроўніку» наступны аўтограф: «Дарагі Саша! Мне здаецца, што народная гаспадарка - гэта таксама паэзія»), Адам Глёбус, Анатоль Сыс, Уладзімір Сіўчыкаў. Запрасіць Уладзіміра Арлова не выпадала. Той жыў у далёкім паўночным Наваполацку. Таму я сам быў вымушаны па заканчэньні ВНУ браць разьмеркаваньне ў Наваполацак і ехаць да Арлова на дзьвінскія берагі. Жарт, вядома. Але ў кожным жарце ёсьць каліва праўды.

У Наваполацку я засьпеў апошнія «зорныя» гады літаб'яднаньня «Крыніцы», якое пад кіраўніцтвам Уладзіміра Арлова працавала пры гарадзкой газэце «Химик». Падчас навучаньня ў Менску я наведваў розныя літаратурныя хаўрусы, таму магу праўдзіва засьведчыць - лепшага літаб'яданьня ў сталіцы не было. Арлоў, на пасадзе «адміністратара» наваполацкага літаратурнага жыцьця, дэманстраваў неверагодныя здольнасьці. Кожнае мерапрыемства, што ладзілася пад шыльдаю «Крыніцаў», ператваралася ў нешта значнае, важкае, аўтарытэтнае - ці то выступ перад навучэнцамі ПТУ, ці то ўдзел у археалягічных раскопах у Полацку, ці то звычайнае пасяджэньне «крынічанаў». Бадай, на кожнае пасяджэньне прыяжджаў іншагародні госьць, віталі і прымалі ўсіх - ад клясыкаў беларускай літаратуры (Янка Брыль, Рыгор Барадулін) да «зялёных» пачаткоўцаў з усіх куткоў Беларусі. Прыяжджалі таксама мастакі, рэжысэры тэатру, акторы, навукоўцы, гісторыкі і г.д. Карацей, культурнае жыцьцё ў горадзе бруіла шчодрай, нястомнай крыніцай. Пашчасьціла мне і з часам. У Наваполацак я патрапіў у самы вясёлы, аптымістычны і спрыяльны для творчасьці пэрыяд - пачатак перабудовы, калі кантроль з боку КДБ за нацыянальна-культурным жыцьцём у рэспубліцы пачаў слабець. Сяржук Сокалаў-Воюш вольна сьпяваў свае касінерскія песьні па школах і працоўных калектывах. На галоўнай плошчы горада наладжваліся шматлюдныя палітычныя і экалягічныя мітынгі. А створаны ў Наваполацку перадвыбарчы блёк «Дэмакратычны форум» атрымліваў перамогу за перамогай («крынічанін» Лявон Баршчэўскі нават выйграў парлямэнцкія выбары). Уладзімір Арлоў пасьпяваў паўсюль і ўсё больш ператвараўся ў грамадзкага дзеяча. Памятаю, як у лістападзе 1988 году ў наваполацкай краме «Дом кнігі» была наладжана прэзэнтацыя другога зборніку прозы Арлова «Дзень, калі ўпала страла». Вёў прэзэнтацыю Навум Гальпяровіч. Як прынята на такіх мерапрыемствах, вядучы прадставіў аўтара, некалькі слоў сказаў пра новую кнігу і даў слова герою сустрэчы. Нечакана для вядучага (зразумела, і для слухачоў) Арлоў у сваім эмацыянальным выступленьні амаль не крануў тэму літаратуры - пісьменьнік пачаў распавядаць пра ўтварэньне ў Менску «Мартыралёгу Беларусі» і заснаваньне Народнага фронту... Ня ведаю, ці паўстаў пасьля той прэзэнтацыі які-небудзь скандал, але розгалас у горадзе стаяў. Сваю другую кнігу Арлоў мне падпісаў наступным чынам: «Тацяне, Алесю і Антону ў трывожную восень 1988 г. з вераю і надзеяй, што Беларусь будзе жыць». Майму Антосю на той час было ўсяго 10 дзён.

Мне цяжка дакладна вызначыць, якім чынам адбівалася грамадзкая дзейнасьць Арлова на яго творчасьці. Але, відавочна, уплыў быў моцны. Нехта сьцвярджае (напрыклад, Глёбус), што грамадзка-палітычнае адбілася на творчасьці празаіка адмоўна. Іншыя кажуць адваротнае: маўляў, грамадзкае сталася для пісьменьніка творчым палівам, своеасаблівым каталізатарам. Пакінем гэтае пытаньне літаратуразнаўцам.

Напрыканцы 1980-х Арлоў канчаткова вырашыў перабрацца ў эпіцэнтар культурнага і палітычнага жыцьця Беларусі - у Менск. Спачатку ён зьехаў адзін, а калі вырашылася пытаньне з жытлом, забраў сям'ю. 8 лютага 1990 году ў наваполацкай кватэры пісьменьніка адбыўся вечар-праводзіны Арловых у сталіцу. Сабраўся ўвесь прыдзьвінскі бамонд. З гэтага ад'езду й пачаўся працэс культурнага заняпаду Наваполацку. Хутка стала відавочным, што менавіта Арлоў быў той восьсю, вакол якой круцілася тутэйшае літаратурна-мастацкае жыцьцё. Замены яму не знайшлося. Неўзабаве наваполацкія пісьменьнікі пачалі раз'яжджацца па ўсім сьвеце. З творчых людзей, якія прысутнічалі на згаданых праводзінах сям'і Арловых, засталіся на Полаччыне толькі я, мастачка Тацяна Козік, журналістка Ларыса Малашэня і пісьменьніца Ірына Жарнасек. Вінцэсь Мудроў на той час знаходзіўся на расейскай Поўначы, куды зьехаў па ўласным жаданьні разам з Алегам Мінкіным у заробкі.

У Менску Арлоў тварыў гэтак жа апантана й працавіта і пасьпяваў паўсюль. Таму сталася нечаканасьцю, калі праз пару гадоў пісьменьнік імкліва адышоў ад актыўных заняткаў палітыкай. Сваё рашэньне ён патлумачыў наступным чынам: прыйшоў час выбіраць - або палітыка, або літаратура. Літаратура перамагла. Але ненадоўга. Неўзабаве ўмяшалася муза Кліо. Ад гістарычнай белетрыстыкі пісьменьнік пераходзіць да асьветніцкіх артыкулаў. Арлоў робіцца галоўным папулярызатарам айчыннай гісторыі.

Апошні зборнік прозы Арлова «Рэквіем для бензапілы» пабачыў сьвет у 1998 годзе. Пасьля яго выходзілі выключна кнігі па гісторыі. Мне, прынамсі, тое ня вельмі падабаецца. Добрых гісторыкаў у Беларусі, дзякуй Богу, цяпер хапае. Горш з пісьменьнікамі. Камусьці ў наргасе зноў цяжка прапагандаваць беларускую літаратуру.

А мне па-ранейшаму падабаецца першы, як аўтар яго называе, вучнёўскі зборнік «Добры дзень, мая шыпшына». Або я непапраўны рамантык, або застаўся ў тым часе, калі ў інтэрнацкім стэдэнцкім пакоі натхнёна чытаў аднакурсьнікам шчымлівае арлоўскае апавяданьне «Трое над Атлантыдай».

 

2001 г.


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае