epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Катрынка

Пяць мелодый катрынка спявае,

Толькі ведай - круці рукавятку.

Люд у скрыню да старца кідае

Неўміручага жыта зярняткі.

Грай, катрынка,

Спявай безупынку.

Лес прачнуўся, дзе зараз палі -

Гонкіх дрэў загулі вершаліны.

Пераспелі на сонцы маліны,

А ў цямрэчы яшчэ не цвілі.

Грай, катрынка,

Спявай безупынку.

Як дакладна чаргуюцца гукі -

Металёвая нудзіцца скрынка,

Спрацаваныя, ссохлыя рукі

Круцяць жыцці ў тужлівай катрынцы.

Грай, катрынка,

Спявай безупынку.

Гук мелодый, як позірк забыты,

Як вада з ледзяшамі ў палонцы.

Люд кідае апошняе жыта,

А у скрыні ўсё роўна на донцы...

Грай, катрынка...


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Аркуш А. Выбранае: Вершы. - Полацак-Горадня: Полацкае ляда, 1999